Барацьба беларусаў з Расеяй

Барацьба беларусаў з Расеяй
Артыкул
Аўтар: Ян Пазняк
1939 год
Крыніца: «Хрысціянская думка», 1939, № 25

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Некаторыя расейскія гісторыкі намагаюцца сведчыць аб «общерусском» паходжанні велікарусаў, беларусаў і ўкраінцаў. Гэтак цвердзілі расейскія «вучоныя» царскіх часоў, гэтак цвердзяць і «вучоныя» бальшавіцкія. Бальшавіцкі гісторык прафесар Шастакоў дык нават намагаецца ўгаварыць беларусам, што яны толькі тады былі шчаслівыя, калі жылі ў лучнасці з «вялікім рускім народам». Але беларусы самі ведаюць сваю мінуўшчыну, якая замест таго «шчасця ў сужыцці з рускім народам» прыпамінае сучаснаму пакаленню зусім адваротнае, і нават крывавую барацьбу беларусаў з Расеяй. Не сягаючы далей у глыб гісторыі, даволі прыпомніць ахвярнасць у барацьбе беларусаў з Расеяй слаўнага нашага паўстанца Каліноўскага, барацьбіта за волю Грынявіцкага і многіх іншых сучаснікаў, каб запярэчыць угаворванню нам бальшавіцкімі «вучонымі» тую «шчаслівасць беларусаў у сужыцці з рускім народам». Ды не толькі тады беларусы змагаліся з царскай Расеяй. Гэтая барацьба не спыняецца і ў нашым часе. Пасля ўпадку расейскага царызму беларусы безупынна змагаюцца з новай, бальшавіцкай Расеяй. Барацьба гэта адбываецца не дзеля спорту, а за волю беларускага народа — за незалежнасць Беларусі ад Расеі.

Ад самага пачатку, калі бальшавіцкая Расея нанова зачапіла ўжо фармальна вольную і незалежную Беларусь, абвешчаную такой актам 25.ІІІ.1918 г., барацьба беларусаў з бальшавіцкай Расеяй пачалася таксама нанава не толькі з формай яе ўнутранага ладу, але галоўнае — за ўнезалежненне Беларусі ад Расеі. За гэты вялікі і агульнанародны ідэал беларусаў змагаюцца ўсе ідэёвыя беларускія групаванні — правыя і левыя, ідэалісты і матэрыялісты, а нават і больш рассудныя камуністы.

Словам, не мае бальшавіцкая Расея супакою ў Беларусі, таксама як не мела і тая «шчаслівая» для беларусаў пара, калі яны жылі ў лучнасці з рускім народам пад уладай царскай Расеі. Не спыняецца ссылка беларускай інтэлігенцыі за Волгу і ў Сібір. Адна за другой адбываюцца «чысткі» камуністычнай партыі, адкуль старанна «вычышчаюць» прыхільнікаў беларускай «нацдэмаўшчыны». Масава вывозяць з роднага краю беларускіх сялян і старанна абсаджваюць адносныя становішчы небеларускім элементам, каб у Беларусі «делать русский вид». Аднак усцяж вырастае ўсё новая беларуская «нацдэмаўская» апазіцыя адносна расійскага бальшавізму і далей праводзіцца распачатая барацьба з Расеяй за вызваленне беларускага народа — за незалежнасць Беларусі.

Праўда, вялікая і адпорная сіла беларускага народа, але трэба сцвердзіць, што і наступ на яго вялікі, небывалы нават у нашай вельмі цяжкай мінуўшчыне.

Што пераможа ў гэтай гістарычнай барацьбе — Беларусь ці Расея?.. Мы, беручы пад увагу шырокую нацыянальную свядомасць і вялікую адпорнасць беларускага народа, — верым, што ў гэтай барацьбе з Расеяй беларусы вайну выйграюць, верым, што ў канцы канцоў турма народаў на еўрапейскім усходзе разваліцца і тады Беларусь будзе мець магчымасць быць вольнай і незалежнай.