Барвенак (1924)/Гоман мора/Над морам

На моры Над морам
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
Вечар на моры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над морам (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД МОРАМ.

Ўюцца чайкі, ўюцца белы,
Над марскою глыбінёй
З крыкам гордым, з крыкам сьмелым
Паасобку, чарадой;

То апусьцяцца на хвалі,
Прыскі прыснуць, як крыштал,
І нясе іх быстра ў далі
І калыша моцны вал.

Неспакойна вечна мора
І прастор яго вялік, —
А ці знаюць чайкі гора,
Чым зычыць іх моцны крык?

Іх ня сочыць злое вока —
Коршак тут ня можа быць,
Каб украдкаю звысоку
Кіпці вострыя ўсадзіць…

Плешча мора вечнай воляй…
Чайка вольнай узрасла;
Як накружыцца даволі —
Адпачыць прыме скала.

І так вечна неразлучны
Мора, чайка і скала…
А крылом сваім магутным
Воля трох іх абняла…

Кранштадт, 1914 г.