Барвенак (1924)/Гоман мора/Шторм

Вечар на моры Шторм
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1924 год
Плыць хачу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шторм (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТОРМ.

Марскія далі цьмой пакрыты…
Шугае вецер, як буян які,
Злуецца, сьвішча ён сярдзіта,
І патанулі ў цемры маякі…

Яшчэ нядаўна сонца тут зіяла,
Іграла з хвалямі нябеснае сьвятло —
І ў міг адзін быц‘ ноч запанавала;
І цемраю густой прастор завалакло…

Схавалісь чайкі дзесь ў прасторы,
Заціх назольны іхні крык ўдалі, —
Нямілы ён ў час гэты мору…
Бясьсільны сталі чоўны, караблі…

Прад гэтай грознаю стыхіяй
Нікчэмнай стала моц руля…
Нясуць караб валы ліхія…
Куды, зачым — ня знаю я…

І б‘юцца хвалі ў борт, рвуць снасьці,
І голыя гудуць вінты,
І ўсё чакае тут напасьці…
Вось рвуцца радыё драты…

Трашчаць і мачты ад напору,
Машыны душыць ўжо цяжар…
Цяпер усё, ўсё ў волі мора,
Яно цяпер над ўсім ўладар…

Гарніст на мосьціку сыгналам б‘е трывогу,
Вачыма зморана даль рэжа капітан,
А муравейнік ўвесь ахоплены зьнямогай:
Злуецца дужа хтось, хтось моліціца, хтось п‘ян

Ад гэтай пошасьці, ад гэтае хваробы,
Як трупы, людзі тут цянямі паляглі;
Дарэмна тут усё: і спосабы і спробы, —
Вада і вецер тут усё перамаглі…

Між помсты зла тут ёсьць ахова:
Тут розум вечнасьці жыве!
І гэты моцны дух, здаровы
Любіць, надзеяцца заве…

Эзэль, 1916 г.