Што за злая наша доля, —
Кожны дзень сюды вядзе?
Хоць мы дзеці ніў і поля,
Хоць радзілісь мы ў нудзе,
Хоць з маленства цяжкай працай
Загартованы ў руках, —
Толькі-ж робім на палацы;
Вось як горка гэта — страх!
Не абмераць постаць жніва,
Не прайсьці яе за дзень;
Пышны ўзрост на ўсёй на ніве:
Тут вось жыта, там — ячмень.
Як сьцяна ўсё — ня зьдзівіцца;
Пасьпяшай толькі рабіць;
А мы робім, каб дабіцца
На фунт хлеба — толькі-б жыць!
І так б‘ешся і клапочаш,
Ва ўсім бачыш недахват;
З гора выбіцца ўсё хочаш, —
К яму-ж прыдзеш акурат.
А бач, шчасьце-ж маюць людзі —
І ня сеюць і ня жнуць, —
Ім ўсё сьвята, хоць і будзень,
А нам некалі ўздыхнуць.
Вось віднее дом, садочак,
Рэчка, возера блішчыць,
Там ёсьць цень і халадочак,
Хоць гадзінку-бы спачыць.
Гэта поле аж за рэчку,
Гэты двор і сад-гушчар
Прыналежаць чалавеку, —
Ён адзін тут гаспадар.
Хоць дзесятую-б нам долю
На дванаццаць чалавек, —
Хлеба елі-бы даволі
Мы і дзеткі нашы век!
1911 г.
|