Бацькі і дзеці (1937)
Бацькі і дзеці Раман Аўтар: Іван Тургенеў 1937 год Арыгінальная назва: Отцы и дети (1862) |
І. С. ТУРГЕНЕЎ
БАЦЬКІ
І
ДЗЕЦІ
ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ МЕНСК ★ 1937 |
І. С. ТУРГЕНЕЎ
БАЦЬКІ І ДЗЕЦІ
РАМАН У XXVIII РАЗДЗЕЛАХ
Пераклад з рускай мовы
ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ
МЕНСК — МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА — 1937
Ив. Тургенев
— Што, Пётр? Не відаць яшчэ? — пытаўся 20-га мая 1859 года, выходзячы без шапкі на нізкі ганачак пастаялага двара на *** шасе, пан гадоў сорак з нечым, у запыленым паліце і нагавіцах у клетачкі, у свайго слугі, маладога мардатага дзецюка з белаватым пухам на падбародку і маленькімі цмянымі вочкамі.
Слуга, ў якім усё: і бірузовая завушніца ў вуху, і напамаджаныя стрыкатыя валасы, і далікатныя рухі цела, словам, усё паказвала ў ім чалавека навейшага, удасканаленага пакалення, паглядзеў лагодна ўдоўж дарогі і адказаў: «Ніяк не, не відаць».
— Не відаць? — паўтарыў пан.
— Не відаць, — другі раз адказаў слуга.
Пан уздыхнуў і прысеў на лавачку. Пазнаёмім з ім чытача, пакуль ён сядзіць, падагнуўшы пад сябе ножкі і задуменна паглядаючы навокал.
Завуць яго Нікалаем Пятровічам Кірсанавым. У яго за пятнаццаць верст ад пастаялага двара добры маёнтак у дзвесце душ, альбо, як ён кажа, з той пары як размежаваўся з сялянамі і завёў «ферму», — у дзве тысячы дзесяцін зямлі. Бацька яго, баявы генерал 1812 года, малапісьменны, грубы, але нязлы рускі чалавек, усё жыццё сваёцягнуў лямку; камандаваў спярша брыгадай, потым дывізіяй, і заўсёды жыў у правінцыі, дзе па свайму чыну граў даволі значную ролю. Нікалай Пятровіч нарадзіўся на поўдні Расіі, так як і старэйшы яго брат Павел, пра якога гутарка наперадзе, і выхоўваўся да чатырнаццацігадовага ўзросту дома, абкружаны таннымі гувернёрамі, развязнымі, але ліслівымі ад’ютантамі і іншымі палкавымі і штабнымі асобамі. Радзіцелька яго з сям’і Калязіных, у дзеўках Agathe[1], а ў генеральшах Агафаклея Кузьмінішна Кірсанава, належала да ліку «матухнаў-камандзірш», насіла пышныя чапцы і шумныя шаўковыя плацці, у царкве падходзіла першая да крыжа, гаварыла голасна і шмат, дапускала дзяцей раніцою да ручкі, нанач іх бласлаўляла, — словам, жыла як мае быць. У якасці генеральскага сына, Нікалай Пятровіч — хоць не толькі не адзначаўся храбрасцю, але нават заслужыў мянушку баязліўца — павінен быў, як і брат Павел, паступіць на ваенную службу; але ён пераламаў сабе нагу ў самы той дзень, калі ўжо прышло паведамленне аб яго прызначэнні, і, праляжаўшы два месяцы ў пасцелі, на ўсё жыццё застаўся «кульгавенькім». Бацька махнуў на яго рукой і пусціў яго па цывільнай. Ён павёз яго ў Пецербург, як толькі яму мінуў восемнаццаты год, і памясціў яго ў універсітэце. Дарэчы брат яго ў той час вышаў афіцэрам у гвардзейскі полк. Маладыя людзі жылі ўдвух, на адной кватэры, пад далёкім наглядам стрыечнага дзядзькі з матчынага боку, Ільі Калязіна, важнага чыноўніка. Бацька іх вярнуўся да сваёй дывізіі і да сваёй жонкі, і толькі зрэдку прысылаў сынам вялікія чацвяртушкі шэрай паперы, спярэшчаныя размашлівым пісарскім почыркам. На канцы гэтых чацвяртушак красаваліся старанна абкружаныя «выкрунтасамі» словы: «Піотр Кірсанаў, генерал-маёр». У 1835 годзе Нікалай Пятровіч вышаў з універсітэта кандыдатам, і ў тым-жа годзе генерал Кірсанаў, звольнены ў адстаўку за няўдачны агляд, прыехаў у Пецербург з жонкаю на жыццё. Ён наняў быў дом каля Таўрычаскага саду і запісаўся ў ангельскі клуб, але раптоўна памёр ад удару. Агафаклея Кузьмінішна хутка пайшла за ім: яна не магла прывыкнуць да глухога сталічнага жыцця; туга адстаўнога існавання яе загрызла. Між тым, Нікалай Пятровіч паспеў, яшчэ пры жыцці бацькоў і на нямалую іх прыкрасць, закахацца ў дачку чыноўніка Прэпалавенскага, былога гаспадара яго кватэры, прывабную і, як гаворыцца, развітную дзяўчыну: яна ў часопісах чытала сур’ёзныя артыкулы ў аддзеле «Навук». Ён ажаніўся з ёю, як толькі мінуў тэрмін жалобы і, пакінуўшы міністэрства ўдзелаў, куды па пратэкцыі бацька яго запісаў, цешыўся шчасцем з сваёю Машай спярша на дачы каля Ляснога інстытута, потым у горадзе, у маленькай і харошанькай кватэры з чыстаю лесніцаю і халаднаватаю гасцінай, нарэшце — у вёсцы, дзе ён пасяліўся канчаткова, і дзе ў яго ў хуткім часе нарадзіўся сын, Аркадзій. Муж і жонка жылі вельмі добра і ціха: яны амаль ніколі не расставаліся, чыталі разам, ігралі ў чатыры рукі на фартэпіяна, пелі дуэты; яна саджала кветкі і наглядала за птушыным дваром, ён зрэдку ездзіў на паляванне і займаўся гаспадаркаю, а Аркадзій рос ды рос — таксама добра і ціха. Дзесяць гадоў прайшло, як сон. У 47-м годзе жонка Кірсанава сканала. Ён ледзь знёс гэта гора, пасівеў за некалькі тыдняў; сабраўся быў за мяжу, каб хоць трохі развеяцца... але тут надышоў 48-ы год. Ён супроць волі вярнуўся ў вёску і пасля даволі доўгай бяздзейнасці заняўся гаспадарчымі рэформамі. У 55-м годзе ён павёз сына ў універсітэт; пражыў з ім тры зімы ў Пецербургу, амаль нікуды не выходзячы і стараючыся заводзіць знаёмствы з маладымі таварышамі Аркадзія. На апошнюю зіму ён прыехаць не мог, — і вось мы бачым яго ў маі месяцы 1859 года, ужо зусім сівога, пухленькага і крыху згорбленага: ён чакае сына, які атрымаў, як некалі ён сам, годнасць кандыдата.
Слуга з пачуцця далікатнасці, а можа быць і не жадаючы быць пад панскім вокам, зайшоў пад звароты і закурыў люльку. Нікалай Пятровіч панік галавой і пачаў глядзець на старэнькія ўсходкі ганка: вялікае, пярэстае кураня паважна пахаджала па ім, моцна стукаючы сваімі вялікімі жоўтымі нагамі; запэцканая кошка непрыязна паглядала на яго, манерна прыкархнуўшы на парэнчах. Сонца пякло; з поўцёмных сяней пастаялага дварка тхнула пахам цёплага аржанога хлеба. Замарыўся наш Нікалай Пятровіч. «Сын... кандыдат... Аркаша...» безупынна вярцелася ў яго галаве; ён спрабаваў думаць аб чым-небудзь другім, і зноў варочаліся тыя-ж думкі. Успомнілася яму нябожчыца-жонка... «Не дачакалася!» — шапнуў ён нявесела... Тоўсты шызы голуб прыляцеў на дарогу і спешна накіраваўся піць у лужынку каля студні. Нікалай Пятровіч пачаў глядзець на яго, а вуха яго ўжо лавіла стук колаў, якія набліжаліся...
— Здаецца, яны едуць-с, — далажыў слуга, вынырнуўшы з-пад варот.
Нікалай Пятровіч усхапіўся і ўтаропіў вочы ўдоўж дарогі. Паказаўся тарантас, запрэжаны тройкаю фурманскіх коней; у тарантасе мільгнуў аколыш студэнцкай шапкі, знаёмы абрыс дарагога твара...
— Аркаша! Аркаша! — закрычаў Кірсанаў, і пабег, і замахаў рукамі... Праз некалькі імгненняў потым яго губы прыпалі ўжо да безбародай, запыленай і загарэлай шчакі маладога кандыдата.
— Дай-жа атрэсціся, папаша, — гаварыў крыху сіплым ад дарогі, але звонкім юнацкім голасам Аркадзій, весела адказваючы на бацькаўскія ласкі, — я цябе ўсяго запэцкаю.
— Нічога, нічога, — казаў усё, расчулена ўсміхаючыся, Нікалай Пятровіч, і разы два ўдарыў рукою па каўняры сыноўняга шыняля і па ўласным паліце. — Пакажы сябе, пакажы, дадаў ён, адсоўваючыся, і зараз-жа пайшоў хапатлівымі крокамі да пастаялага двара, прыгаварваючы: «Вось сюды, сюды, ды коней хутчэй».
Нікалай Пятровіч здаваўся куды ўстрывожаней за свайго сына; ён нібы разгубіўся крыху, нібы адчуваў нясмеласць. Аркадзій спыніў яго.
— Папаша, — сказаў ён, — дазволь пазнаёміць цябе з маім добрым прыяцелем, Базаравым, пра якога я табе так часта пісаў. Ён такі ласкавы, што згадзіўся пагасціць у нас.
Нікалай Пятровіч шпарка павярнуўся і, падышоўшы да чалавека высокага росту ў доўгім балахоне з кутасамі, толькі што вылезшага з тарантаса, моцна сціснуў яму аголеную чырвоную руку, якую той не адразу яму падаў.
— Ад душы рад, — пачаў ён, — і ўдзячны за добры намер наведаць нас; спадзяюся... дазвольце даведацца, як ваша імя і па бацьку?
— Еўгеній Васільеў, — адказаў Базараў леным, але мужным голасам і, адвярнуўшы каўнер балахона, паказаў Нікалаю Пятровічу ўвесь свой твар. Даўгі і худы, з шырокім лобам, угору плюскатым, данізу завостраным носам, вялікімі зеленаватымі вачыма і вісячымі бакенбардамі пясочнага колеру, ён ажыўляўся спакойнай усмешкай і выражаў самаўпэўненасць і розум.
— Спадзяюся, ласкавейшы Еўгеній Васільевіч, што вы не занудзіцеся ў нас, — казаў далей Нікалай Пятровіч.
Тонкія губы Базарава ледзь варухнуліся; але ён нічога не адказваў і толькі прыпадняў шапку. Яго цёмнабялявыя валасы, даўгія і густыя, не закрывалі круглых пукатасцей вялікага чэрапа.
— Дык як-жа, Аркадзій, — загаварыў ізноў Нікалай Пятровіч, паварочваючыся да сына, — зараз запрагаць коней, ці што? Альбо вы адпачыць хочаце?
— Дома адпачнем, папаша; загадвай запрагаць.
— Зараз, зараз, — падхапіў бацька. — Гэй, Пётр, чуеш? Распарадзіся, брат, як найхутчэй.
Петр, які ў якасці ўдасканаленага слугі не падышоў да ручкі барына, а толькі здалёк пакланіўся яму, зноў знік пад варотамі.
— Я тут-в каляскаю, але і для твайго тарантаса ёсць тройка, — клапатліва гаварыў Нікалай Пятровіч, між тым як Аркадзій піў ваду з жалезнага коўшыка, прынесенага гаспадыняй пастаялага двара, а Базараў закурыў люльку і падышоў да фурмана, які адпрагаў коней: — толькі каляска двухмесная, і вось я не ведаю, як твой прыяцель...
— Ён у тарантасе паедзе, — перапыніў упоўголас Аркадзій. — Ты з ім, калі ласка, не цырамонься. Ён дзіўны хлапчына, такі просты — ты ўбачыш.
Фурман Нікалая Пятровіча вывеў коней.
— Ну, паварочвайся, тоўстабароды! — звярнуўся Базараў да фурмана.
— Чуеш, Міцюха, — падхапіў другі, які тут-жа стаяў, фурман з рукамі, засунутымі ў заднія прарэхі кажуха, — барын гэта як цябе празваў? Тоўстабароды і ёсць.
Міцюха толькі шапкаю трасянуў і пацягнуў лейцы з потнага караніка.
— Хутчэй, хутчэй, хлопцы, падсабляйце, — ускрыкнуў Нікалай Пятровіч, — на гарэлку будзе!
За некалькі хвілін коні былі запрэжаны; бацька з сынам уселіся ў калясцы; Пётр узлез на козлы; Базараў ускочыў у тарантас, уткнуўся галавою ў скураную падушку, — і абодва экіпажы пакацілі.
— Дык вось як, — нарэшце ты кандыдат і дамоў прыехаў, — гаварыў Нікалай Пятровіч, пахлопваючы Аркадзія то па плячы, то па калене. — Нарэшце!
— А што дзядзька? здаровы? — спытаўся Аркадзій, якому, не гледзячы на шчырую, амаль дзіцячую радасць, якая яго напаўняла, хацелася хутчэй перавесці гутарку з настрою ўсхвалёванага на звычайны.
— Здаровы. Ён хацеў быў выехаць са мною да цябе насустрач, ды нешта раздумаў.
— А ты доўга мяне чакаў? — спытаўся Аркадзій.
— Ды гадзін каля пяці.
— Добры папаша!
Аркадзій жвава павярнуўся да бацькі і звонка пацалаваў сяго ў шчаку. Нікалай Пятровіч ціхенька засмяяўся.
— Якога я табе слаўнага каня прырыхтаваў! — пачаў ён: — ты ўбачыш. І пакой твой абклеены абоямі.
— А дая Базарава пакой ёсць?
— Знойдзецца і для яго.
— Калі ласка, папаша, прыласкай яго. Я не магу табе выказаць, да якой ступені я даражу яго дружбаю.
— Ты нядаўна з ім пазнаёміўся?
— Нядаўна.
— То-ж бо мінулай зімой я яго не бачыў. Ён чым займаецца?
— Галоўны прадмет яго — прыродазнаўчыя навукі. Ды ён усё ведае. Ён у наступным годзе хоча трымаць на доктара.
— А! ён па медыцынскаму факультэту, — заўважыў Нікалай Пятровіч і памаўчаў. — Пётр, — дадаў ён і працягнуў руку, — гэта, здаецца, нашы мужыкі едуць?
Пётр глянуў убок, куды паказваў барын. Некалькі калёс, запрэжаных раскілзанымі конямі, шпарка каціліся па вузкім прасёлку. У кожных калёсах сядзела па адным, многа па два, мужыкі ў кажухах наросхрыст.
— Точна так-с, — прамовіў Пётр.
— Куды-ж яны едуць, у горад, ці што?
— Думаць трэба, што ў горад. У шынок, — дадаў ён пагардліва і злёгку нахіліўся да фурмана, як-бы спасылаючыся на яго. Але той нават не варухнуўся: гэта быў чалавек старога закалу, які не падзяляў найноўшых поглядаў.
— Клапоты ў мяне вялікія з мужыкамі сяголета, — казаў далей Нікалай Пятровіч, звяртаючыся да сына. — Не плоцяць аброку. Што ты будзеш рабіць?
— А сваімі наёмнымі работнікамі ты здаволены?
— Але, — працадзіў скрозь зубы Нікалай Пятровіч. — Падбіваюць іх, вось што бяда; ну і сапраўднай старэннасці ўсё яшчэ няма. Збрую псуюць. Аралі, аднак, нічога. Перамелецца — мука будзе. Ды хіба цябе цяпер гаспадарка займае?
— Ценю няма ў вас, вось што гора, — заўважыў Аркадзій, не адказваючы на апошняе пытанне.
— Я з паўночнага боку над балконам вялікую маркізу прырабіў, — прамовіў Нікалай Пятровіч: — цяпер і абедаць можна на паветры.
— Нешта на дачу больш падобна будзе... а ўрэшце, гэта ўсё драбніцы. Якое затое тут паветра! Як слаўна пахне! Сапраўды, мне здаецца, нідзе ў свеце так не пахне, як у тутэйшых краях! Ды і неба тут...
Аркадзій раптам спыніўся, кінуў ускосны погляд назад і змоўк.
— Канешне, — заўважыў Нікалай Пятровіч, — ты тут радзіўся, табе ўсё павінна здавацца тут нечым асаблівым...
— Ну, папаша, гэта усёроўна, дзе-б чалавек ні радзіўся.
— Аднак...
— Не, гэта зусім усёроўна.
Нікалай Пятровіч паглядзеў збоку на сына, і каляска праехала з поўвярсты, раней чым гутарка аднавілася між імі.
— Не помню, ці пісаў я табе, — пачаў Нікалай Пятровіч, — твая былая нянька, Егораўна, памерла.
— Няўжо? Бедная старая! А Пракоф’іч жыве?
— Жыве і ніколькі не змяніўся. Усё гэтак-жа бурчыць. Наогул ты вялікіх перамен у Мар’іне не знойдзеш.
— Прыказчык у цябе ўсё той-жа?
— Вось хіба што прыказчыка я змяніў. Я вырашыў не трымаць болей у сябе вольнаадпушчаных, былых дваровых, альбо, прынамсі, не даручаць ім ніякіх пасад, дзё ёсць адказнасць (Аркадзій паказаў вачыма на Пятра.) Il est libre, en effet[2], — заўважыў упоўголас Нікалай Пятровіч, — але-ж ён — камердынер. Цяпер у мяне прыказчык з мяшчан: здаецца, путны хлопец. Я яму прызначыў дзвесце пяцьдзесят рублёў у год. Урэшце, — дадаў Нікалай Пятровіч, паціраючы лоб і бровы рукою, што ў яго заўсёды было адзнакаю ўнутранога замяшання, — я табе зараз сказаў, што ты не знойдзеш змен у Мар’іне... Гэта не зусім правільна. Я лічу сваім абавязкам папярэдзіць цябе, хоць...
Ён запнуўся на момант і казаў ужо далей па-французску.
— Строгі мараліст палічыць маю адкрытасць не да месца, але, па-першае, гэта схаваць нельга, а па-другое, табе вядома, у мяне заўсёды былі асаблівыя прычыны наконт адносінаў бацькі да сына. Урэшце, ты, канешне, будзеш мець права асудзіць мяне. У мае гады... Словам, гэта... гэта дзяўчына, пра якую ты, напэўна, ужо чуў...
— Фенічка? — развязна спытаўся Аркадзій.
Нікалай Пятровіч пачырванеў. — Не называй яе, калі ласка, уголас... Ну, але... яна цяпер жыве ў мяне. Я яе памясціў у доме... там былі два невялікія пакоікі. Урэшце, гэта ўсё можна змяніць.
— Будзь ласкаў, папаша, нашто?
— Твой прыяцель у нас гасціць будзе... няёмка...
— Наконт Базарава ты, калі ласка, не турбуйся. Ён вышэй ад усяго гэтага.
— Ну, ты, нарэшце, — прамовіў Нікалай Пятровіч. — Флігельчык дрэнны — вось бяда.
— Будзь ласкаў, папаша, — падхапіў Аркадзій, — ты як быццам прабачэння просіш; як табе не сорамна!
— Канешне, мне павінна быць сорамна, — адказаў Ніка-лай Пятровіч, усё больш і больш чырванеючы.
— Годзе, папаша, годзе, зрабі ласку! — Аркадзій ласкава ўсміхнуўся. «У чым прабачэння просіць!» — падумаў ён сам сабе, і пачуццё спагадлівай пяшчотнасці да добрага і мяккага бацькі, змешанае з адчуваннем нейкай потайнай перавагі, напоўніла яго душу. — Кінь, калі ласка, — паўтарыў ён яшчэ раз, мімаволі цешачыся свядомасцю ўласнай развітасці і волі.
Нікалай Пятровіч глянуў на яго з-над пальцаў рукі, якою ён ўсё цёр сабе лоб, і нешта кальнула яго ў сэрца... Але ён тут-жа абвінаваціў сябе.
— Вось гэта ўжо наші палі пайшлі, — прагаварыў ён пасля доўгага маўчання.
— А гэта ўперадзе, здаецца, наш лес? — спытаўся Аркадзій.
— Але, наш. Толькі я яго прадаў. Сяголета яго звозіць будуць.
— Нашто ты яго прадаў?
— Грошы былі патрэбны; прытым-жа гэтая зямля адходзіць да мужыкоў.
— Якія табе аброку не плоцяць?
— Гэта ўжо іх справа; а, урэшце, — будуць-жа яны калі-небудзь плаціць.
— Шкода лесу, — заўважыў Аркадзій і пачаў глядзець навокал.
Месцы, па якіх яны праязджалі, не маглі назвацца маляўнічымі. Палі, усё палі, цягнуліся аж да самага небасхілу, то злёгку ўзнімаючыся, то апускаючыся зноў; там-сям відаць былі невялікія лясы, і, усеяныя рэдкім і нізкім хмызняком, віліся яры, нагадваючы воку іх уласны адбітак на старадаўніх планах Екацерынінскага часу. Трапляліся і рэчкі з парытымі берагамі, і драбнюткія сажалкі з дрэннымі гацямі, і вёсачкі з нізкімі хацінкамі пад цёмнымі, часта да паловы раскіданымі стрэхамі, і пакрыўленыя малатарныя хляўкі з плеценымі з хворасту сценамі і разяўленымі варотамі каля апусцелых гумнаў, і цэрквы, то цагляныя з аблупленым там-сям тынкам, то драўляныя з нахіленымі крыжамі і разбуранымі могілкамі. Сэрца Аркадзія патроху сціскалася. Як наўмысля, мужычкі сустракаліся ўсё абшарпаныя, на дрэнных клячках; як жабракі ў лахманах, стаялі прыдарожныя ракіты з абдзёртаю карою і абломленым голлем; схудзелыя, каструбаватыя і нібы абгрызеныя, каровы прагавіта скублі траву па канавах. Здавалася, яны толькі што вырваліся з нечых грозных, смертаносных кіпцяў — і, выкліканая мізэрным выглядам жывёл сярод вясенняга прыгожага дня, уставала белая здань бязрадаснай, бясконцай зімы з яе завеямі, маразамі і снягамі... «Не, падумаў Аркадзій, небагаты край гэты, не дзівіць ён ні выгодаю, ні працавітасцю; нельга яму так застацца, ператварэнні неабходны... але як іх выканаць, як распачаць?..»
Так раздумваў Аркадзій... а пакуль ён раздумваў, вясна, брала сваё. Усё навокал залаціста зелянела, усё шырока і мякка хвалявалася і адблісквала пад ціхім дыханнем цёплага ветрыка, — усё — дрэвы, кусты і травы; усюды бясконцымі, звонкімі струменьчыкамі заходзіліся жаўранкі; кнігаўкі то крычалі, віючыся над нізіннымі лугамі, то моўчкі перабягалі па куп’і; прыгожа чарнеючы ў пяшчотнай зелені яшчэ нізкага яравога збожжа, гулялі гракі; яны знікалі ў жыце, ужо злёгку пабялелым, толькі зрэдку паказваліся іх галовы ў дымчастых яго хвалях. Аркадзій глядзеў, глядзеў, і, патроху слабеючы, знікала яго раздум’е... Ён скінуў з сябе шынель, і так весела, такім маладзенькім хлопчыкам паглядзеў на бацьку, што той ізноў яго абняў.
— Цяпер ўжо недалёка, — заўважыў Нікалай Пятровіч: — вось варта толькі на гэту горку падняцца, і дом будзе відаць. Мы зажывем з табой на славу, Аркаша; ты мне дапамагаць будзеш па гаспадарцы, калі толькі гэта табе не надакучыць. Нам патрэбна цяпер цесна сыйсціся адзін з адным, уведаць адзін аднаго добра, праўда?
— Канешне, — прамовіў Аркадзій: — але што за дзівосны дзень сягоння!
— Для твайго прыезду, душа мая. Але, вясна ў поўным бляску. А ўрэшце, я згодзен з Пушкіным — помніш, у «Еўгеніі Онегіне»:
Как грустно мне твое явленье, |
— Аркадзій! — пачуўся з тарантаса голас Базарава: — прышлі мне запалку, няма чым люльку раскурыць.
Нікалай Пятровіч замоўк, а Аркадзій, які пачаў быў слухаць яго не без некаторага здзіўлення, але і не без спачування, паспяшаўся дастаць з кішэні срэбны карабочак з запалкамі і паслаў яго Базараву з Пятром.
— Хочаш сігарку? — закрычаў ізноў Базараў.
— Давай, — адказаў Аркадзій.
Пётр вярнуўся да каляскі і падаў яму разам з карабочкам тоўстую, чорную сігарку, якую Аркадзій зараз-жа закурыў, разводзячы вакол сябе такі моцны і кіслы пах застарэлага табаку, што Нікалай Пятровіч, які зроду не курыў, мімаволі, хоць непрыкметна, каб не пакрыўдзіць сына, адварочваў нос.
Праз чвэртку гадзіны абодва экіпажы спыніліся перад ганкам новага драўлянага дома, афарбаванага ў шэрую фарбу і крытага жалезным чырвоным дахам. Гэта і было Мар’іна, Новая-Слабодка тое-ж, альбо, па сялянскаму найменаванню, Бабыльскі Хутар.
Натоўп дваровых не высыпаў на ганак сустракаць паноў: паказалася ўсяго адна дзеўчынка гадоў дванаццаць, а ўслед за ёю вышаў з дому малады хлопец, дужа падобны да Пятра, апрануты ў шэрую ліўрэйную куртку з белымі гербовымі гузікамі, слуга Паўла Пятровіча Кірсанава. Ён моўчкі адчыніў дзверку каляскі і адшпіліў фартух тарантаса. Нікалай Пятровіч з сынам і з Базаравым накіраваліся праз цёмную і амаль пустую залу, з-за дзвярэй якой мільгануў малады жаночы твар, у гасціную, прыбраную ўжо ў навейшым гусце.
— Вось мы і дома, — прамовіў Нікалай Пятровіч, — здымаючы шапку і ўстросваючы валасамі. — Галоўнае, трэба цяпер павячэраць і адпачыць.
— Паесці, сапраўды, нядрэнна, — заўважыў пацягваючыся Базараў і апусціўся на канапу.
— Але, але, вячэраць давайце, вячэраць хутчэй. — Нікалай Пятровіч без усякай асаблівай прычыны патупаў нагамі. — Вось дарэчы і Пракоф’іч.
Увайшоў чалавек гадоў шэсцьдзесят, белавалосы, худы і смуглы, у цынамонавым фраку з мядзянымі гузікамі і ў ружовай хусцінцы на шыі. Ён ашчэрыўся, падышоў да ручкі да Аркадзія, і, пакланіўшыся госцю, адступіў да дзвярэй і паклаў рукі за спіну.
— Вось ён, Пракоф’іч, — пачаў Нікалай Пятровіч, — прыехаў да нас нарэшце... Што? Як ён табе падабаецца?
— Лепей не трэба-с, — праказаў стары і ашчэрыўся ізноў, але зараз-жа нахмурыў свае густыя бровы. — На стол накрываць загадаеце? — прагаварыў ён паважна.
— Але, але, калі ласка. Толькі ці не пройдзеце вы спярша ў ваш пакой, Еўгеній Васільевіч?
— Не, дзякую, няма чаго. Загадайце толькі чамаданчык мой туды зацягнуць, ды вось гэту адзежу, — дадаў ён, здымаючы з сябе свой балахон.
— Вельмі добра. Пракоф’іч, вазьмі-ж іхны шынель. (Пракоф’іч, як-бы з здзіўленнем, узяў абодвума рукамі базараўскую «адзежу» і, высока падняўшы яе над галавою, вышаў на цыпках.) А ты, Аркадзій, пойдзеш да сябе на хвілінку?
— Але, трэба пачысціцца, — адказаў Аркадзій і накіраваўся быў да дзвярэй, але ў гэты момант увайшоў у гасціную чалавек сярэдняга росту, апрануты ў цёмны ангельскі с’ют, модны нізенькі гальштук і лайкавыя поўбоцікі, Павел Пятровіч Кірсанаў. На выгляд яму было гадоў сорак пяць; яго коратка абстрыжаныя валасы адблісквалі цёмным бляскам, як новае срэбра; твар яго, жоўчны, але без маршчын, надзвычайна правільны і чысты, нібы выведзены тонкім і лёгкім разцом, меў сляды прыгожасці надзвычайнай; асабліва харошыя былі светлыя, чорныя, прадоўжныя вочы. Усё аблічча аркадзіевага дзядзькі, прыгожае і пародзістае, захавала юнацкую стройнасць і тое імкненне ўгору, прэч ад зямлі, якое большай часткаю знікае пасля дваццатых гадоў.
Павел Пятровіч выняў з кішэні нагавіц сваю прыгожую руку з даўгімі ружовымі пазногцямі, руку, якая здавалася яшчэ прыгажэй ад снежнай белаты рукаўчыка, зашпіленага адзінокім, буйным апалам, і падаў яе пляменніку. Зрабіўшы спачатку еўрапейскае «shake hands»[3], ён тры разы, па-руску, пацалаваўся з ім, гэта значыць, тры разы дакрануўся сваімі пахучымі вусамі да яго шчок, і праказаў: «З шчаслівым прыездам».
Нікалай Пятровіч пазнаёміў яго з Базаравым; Павел Пятровіч злёгку нахіліў свой гібкі стан і злёгку ўсміхнуўся, але рукі не падаў і нават паклаў яе ізноў у кішэню.
— Я ўжо думаў, што вы не прыедзеце сягоння, — загаварыў ён прыемным голасам, далікатна пахістваючыся, паторгваючы плячыма і паказваючы прыгожыя белыя зубы. — Хіба што на дарозе здарылася?
— Нічога не здарылася, — адказаў Аркадзій, — так, замарудзілі трохі. Затое мы цяпер галодныя, як ваўкі. Падгані Пракоф’іча, папаша, а я зараз вярнуся.
— Пачакай, я з табой пайду, — ускрыкнуў Базараў, раптоўна ўсхопліваючыся з канапы. Абодва маладыя чалавекі вышлі.
— Хто гэта? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Прыяцель Аркашы, вельмі, паводле яго, слоў, разумны чалавек.
— Ён у нас гасціць будзе?
— Але.
— Гэты валасаты?
— Ну, але.
Павел Пятровіч пастукаў пазногцямі па стале. — Я лічу, што Аркадзій s’est dèg urdi[4], — заўважыў ён. — Я рад, што ён вярнуўся.
За вячэраю гутарылі мала. Асабліва Базараў амаль нічога не гаварыў, але еў шмат. Нікалай Пятровіч расказваў розныя выпадкі з свайго, як ён казаў, фермерскага жыцця, гаманіў пра ўрадавыя меры, якія маюцца быць, пра камітэты, пра дэпутатаў, пра неабходнасць заводзіць машыны і т. д. Павел Пятровіч павольна пахаджаў узад і ўперад па сталовай (ён ніколі не вячэраў), зрэдку адсёрбваючы з чаркі, напоўненай чырвоным віном, і яшчэ радзей падаючы якую-небудзь заўвагу альбо хутчэй выгук, накшталт «а! эгэ! гм!». Аркадзій паведаміў некалькі пецербургскіх навін, але ён адчуваў невялікую няёмкасць, тую няёмкасць, якая звычайна авалодвае маладым чалавекам, калі ён толькі што перастаў быць дзіцём і вярнуўся ў месца, дзе прывыклі бачыць і лічыць яго дзіцём. Ён без патрэбы расцягваў сваю гутарку, ухіляўся слова «папаша» і нават раз замяніў яго словам «бацька», вымаўленым, праўда, праз зубы, з залішняю развязнасцю наліў сабе ў шклянку куды больш віна, як самому хацелася, і выпіў усё віно. Пракоф’іч не спускаў з яго вачэй і толькі губамі пажоўваў. Пасля вячэры ўсе зараз-жа разышліся.
— А дзівакаваты ў цябе дзядзька, — казаў Аркадзію Базараў, седзячы ў халаце каля яго пасцелі і насмоктваючы кароткую люлечку. — Шчогальства якое ў вёсцы, падумаеш! Пазногці дык пазногці, хоць на выстаўку пасылай!
— Ды ты-ж не ведаеш, — адказаў Аркадзій, — ён-жа львом быў у свой час. Я калі-небудзь раскажу табе яго гісторыю. Ён-жа красаўцам быў, галаву кружыў жанчынам!
— Так, вось што! Па старой, значыць, памяці. Захапляць вось тут, шкада, няма каго. Я ўсё глядзеў: гэтакія ў яго дзівосныя каўнерыкі, быццам каменныя, і падбародак так акуратна выбрыты. Аркадзій Нікалаевіч, гэта-ж смешна?
— Бадай; толькі ён, сапраўды, — добры чалавек.
— Архаічная з’ява! А бацька ў цябе слаўны хлопец. Вершы ён дарэмна чытае, і ў гаспадарцы наўрад ці кеміць, але ён дабрак.
— Бацька ў мяне залаты чалавек.
— Ці заўважыў ты, што ён адчувае сябе нясмела?
Аркадзій хіснуў галавою, як быццам ён сам адчуваў сябе іначай.
— Дзіўная справа, — казаў далей Базараў, — гэтыя старэнькія рамантыкі! Разаўюць у сёбе нервовую сістэму да раздражнення... Ну, роўнавага і парушана. Аднак, бывай! У маім пакоі ангельскі рукамыйнік, а дзверы не запіраюцца. Усё-такі гэта падтрымліваць трэба — ангельскія рукамыйнікі, гэта значыць, прагрэс!
Базараў пайшоў, а Аркадзія запанавала радаснае пачуццё. Соладка засынаць у родным доме, на знаёмай пасцелі, пад коўдраю, над якою працавалі любімыя рукі, быць можа, рукі нянькі, тыя ласкавыя, добрыя і нястомныя рукі. Аркадзій успомніў Егораўну, і ўздыхнуў, і пажадаў ёй царства нябеснага... Аб сабе ён не маліўся.
І ён, і Базараў заснулі хутка, але другія асобы ў доме доўга яшчэ не спалі. Зварот сына ўсхваляваў Нікалая Пятровіча. Ён лёг у пасцель, але не патушыў свечкі, і, падпёршы рукою галаву, думаў доўгія думы. Брат яго сядзеў далёка за поўнач у сваім габінеце, на шырокім гамбсавым крэсле, перад камінам, у якім слаба тлеў каменны вугаль. Павел Пятровіч не раздзеўся, толькі кітайскія чырвоныя туфлі без заднікаў змянілі на яго нагах лайкавыя поўбоцікі. Ён трымаў у руках апошні нумар Qalignani[5], але ён не чытаў; ён глядзеў пільна ў камін, дзе, то заміраючы, то ўзгараючыся, уздрыгвала блакітнаватае полымя... Бог ведае, дзе блукалі яго думкі, але не ў адным толькі мінулым блукалі яны: выраз яго твара быў сабраны і пахмуры, чаго не бывае, калі чалавек заняты аднымі ўспамінамі. А ў маленькім заднім пакоі, на вялікім сундуку, сядзела, у блакітнай душагрэйцы і з накінутай белай хусткаю на цёмных валасах, маладая жанчына, Фенічка, і то прыслухоўвалася, то драмала, то паглядала на расчыненыя дзверы, з-за якіх быў відаць дзіцячы ложачак, і было чутно роўнае дыханне спячага дзіцяці.
На другую раніцу Базараў раней: за ўсіх прачнуўся і вышаў з дому. «Эге!» — падумаў ён, паглядзеўшы навокал. — «А мясцінка непрыглядная». Калі Нікалай Пятровіч размежаваўся з сваімі сялянамі, яму прышлося адвесці пад новую сядзібу дзесяціны чатыры зусім роўнага і голага поля. Ён пабудаваў дом, службу і ферму, насадзіў сад, выкапаў сажалку і дзве студні; але маладыя дрэўцы дрэнна прымаліся, у сажалцы вады набралася вельмі мала, і студні аказаліся саланаватыя на смак. Адна толькі альтанка з бэзу і акацый парадкам разраслася; у ёй часам пілі чай і абедалі. Базараў за некалькі хвілін абег усе дарожкі саду, зайшоў на скацінны двор, на стайню, адшукаў двух дваровых хлапчукоў, з якімі зараз-жа завёў знаёмства, і адправіўся з імі ў невялікае балотца, з вярсту ад маёнтка, па жаб.
— На што табе жабы, барын? — спытаўся ў яго адзін з хлопчыкаў.
— А вось на што, — адказаў яму Базараў, які меў асаблівую здатнасць узнімаць да сябе даверлівасць у людзях нізшых, хоць ён ніколі не патураў ім і абыходзіўся з імі нядбайна: — я жабу распляжу, ды пагляджу, што ў яе там у сярэдзіне робіцца; а таму, што мы з табой тыя-ж жабы, толькі што на нагах ходзім, я і буду ведаць, што і ў нас у сярэдзіне робіцца.
— Ды на што табе гэта?
— А каб не памыліцца, калі ты занядужаеш, і мне цябе лячыць прыдзецца.
— Хіба ты дохтур?
— Але.
— Васька, чуеш, барын кажа, што мы з табой тыя-ж жабы. Дзіўна!
— Я іх баюся, жаб гэтых, — заўважыў Васька, хлопчык гадоў сем, з белаю, як лён, галавою, у шэрым казакіне з стаячым каўняром, і босы.
— Чаго баяцца? Хіба яны кусаюцца?
— Ну, лезьце ў ваду, філосафы, — прамовіў Базараў.
Між тым, Нікалай Пятровіч таксама прачнуўся і адправіўся да Аркадзія, якога застаў адзетым. Бацька і сын вышлі на тэрасу, пад страху маркізы; каля парэнчаў, на стале, паміж вялікімі букетамі бэзу, ужо кіпеў самавар. З’явілася дзеўчынка, тая самая, якая напярэдадні першая сустрэла прыезджых на ганку, і тонкім голасам праказала:
— Фядос’я Нікалаеўна не зусім здаровы, прыйсці не могуць; загадалі ў вас запытацца, самі вы будзеце мець ласку разліць чай, альбо прыслаць Дуняшу?
— Я сам разлію, сам, — спешна падхапіў Нікалай Пятровіч. — Ты, Аркадзій, з чым п’еш чай, — са сліўкамі ці з лімонам?
— Са сліўкамі, — адказаў Аркадзій, і, памаўчаўшы крыху, дапытліва вымавіў: — папаша?
Нікалай Пятровіч з замяшаннем паглядзеў на сына. — Што? — прамовіў ён.
Аркадзій апусціў вочы.
— Прабач, папаша, калі маё запытанне табе здасца не да месца, — пачаў ён, — але ты сам, учарашняю сваёю шчырасцю, мяне выклікаеш на шчырасць... Ты не зазлуеш?..
— Кажы.
— Ты мне даеш смеласць спытацца ў цябе... Ці не таму, Фен... Ці не з таго яна не прыходзіць сюды чай разліваць, што я тут?
Нікалай Пятровіч злёгку адвярнуўся.
— Можа быць, — прагаварыў ён нарэшце, — яна думае... яна сароміцца...
Аркадзій шпарка ўскінуў вачыма на бацьку.
— Дарэмна-ж яна сароміцца. Па-першае, табе вядомы мой лад думак (Аркадзію вельмі было прыемна вымавіць гэтыя словы), а па-другое — ці захачу я хоць на волас замінаць у тваім жыцці, ў тваіх прывычках? Прытым я ўпэўнены, ты не мог зрабіць дрэнны выбар; калі ты дазволіў ёй жыць з табой пад адной страхою, значыцца, яна гэта заслугоўвае; ва ўсякім выпадку, сын бацьку не суддзя, і ў асаблівасці я, і ў асаблівасці такому бацьку, які, як ты, ніколі і ні ў чым не ўціскаў маёй волі.
Голас Аркадзія дрыжэў спачатку: ён адчуваў сябе вялікадушным, аднак у той-жа час разумеў, што бярэцца як-бы навучаць бацьку; але гук уласнай гамонкі моцна дзейнічае на чалавека, і Аркадзій вымавіў апошнія словы цвёрда, нават з эфектам.
— Дзякуй, Аркаша, — глуха загаварыў Нікалай Пятровіч, і пальцы яго зноў захадзілі па брывах і па лобе. — Твае меркаванні сапраўды правільныя. Канешне, каб дзяўчына не варта была... Гэта не лёгкадумная жадлівасць. Мне нялёгка гаварыць з табой пра гэта; але ты разумееш, што ёй цяжка было ўвайсці сюды, пры табе, асабліва ў першы дзень твайго прыезду.
— У такім выпадку я сам пайду да яе, — ускрыкнуў Аркадзій з новым прытокам вялікадушных пачуццяў і ўсхапіўся з крэсла. — Я ёй растлумачу, што ёй няма чаго мяне сароміцца.
Нікалай Пятровіч таксама ўстаў:
— Аркадзій, — пачаў ён, — зрабі ласку... як-жа можна... там... Я цябе не папярэдзіў...
Але Аркадзій ужо не чуў яго і пабег з тэрасы. Нікалай Пятровіч паглядзеў яму ўслед і ў збянтэжанні апусціўся на крэсла. Сэрца яго забілася... Ці ўявілася яму ў гэты момант няўхільная дзівачнасць будучых адносінаў паміж ім і сынам, ці ўсведамляў ён, што бадай ці не больш уважыў-бы яго Аркадзій, калі-б ён зусім не кранаўся гэтае справы, ці папракаў ён самога сябе ў слабасці — сказаць цяжка; усе гэтыя пачуцці былі ў ім, але ў выглядзе адчунанняў — і то цмяных; а з твара не сыходзіла чырвань, і сэрца білася.
Пачуліся шпаркія крокі, і Аркадзій увайшоў на тэрасу. — Мы пазнаёміліся, бацька! — ускрыкнуў ён з выразам нейкай ласкавай і добрай урачыстасці на твары. — Фядос’я Нікалаеўна, сапраўды, сягоння не зусім здарова і прыдзе пазней. Але як-жа ты не сказаў мне, што ў мяне ёсць брат? Я-б ужо ўчора вечарам яго расцалаваў, як я зараз расцалаваў яго.
Нікалай Пятровіч хацеў нешта вымавіць, хацеў падняцца і абняць сына... Аркадзій кінуўся яму на шыю.
— Што гэта? Ізноў абнімаецеся? — пачуўся ззаду іх голас Паўла Пятровіча.
Бацька і сын аднолькава ўзрадаваліся прыходу яго ў гэту хвіліну; бываюць становішчы чуллівыя, з якіх усё-такі хочацца хутчэй выйсці.
— Чага-ж ты дзівішся? — весела загаварыў Нікалай Пятровіч. — Праз такі час дачакаўся я Аркашы... Я з учарашняга дня і наглядзецца на яго не паспеў.
— Я зусім не дзіўлюся, — заўважыў Павел Пятровіч: — я нават сам не ад таго, каб з ім абняцца.
Аркадзій падышоў да дзядзькі і зноў адчуў на шчоках сваіх датыкненне яго пахучых вусоў. Павел Пятровіч прысеў да стала. На ім быў прыгожы ранішні, у англійскім гусце, гарнітур; на галаве красавалася маленькая феска. Гэта феска і нядбайна павязаны гальштучак намякалі на вольнасць вясковага жыцця; але тугія каўнерчыкі кашулі, праўда не белай, а пярэсценькай, як яно і трэба для ранішняга туалета, з звычайнаю няўмальнасцю ўпіраліся ў выбрыты падбародак.
— Дзе-ж новы твой прыяцель? — спытаўся ён у Аркадзія.
— Яго дома няма; ён звычайна ўстае рана і адпраўляецца куды-небудзь. Галаўнае — не трэба звяртаць на яго з ўвагу: ён цырамоній не любіць.
— Але, гэта відаць. — Павел Пятровіч пачаў, не спяшаючыся, намазваць масла на хлеб. — Доўга ён у нас прагосціць?
— Як давядзецца. Ён заехаў сюды па дарозе да бацькі.
— А бацька яго дзе жыве?
— У нашай-жа губерні, вёрст восемдзесят адсюль. У яго там невялічкі маёнтачак. Ён быў раней палкавым доктарам.
— Тэ, тэ, тэ, тэ... То-ж бо я ў сябе пытаўся: дзе чуў я гэта прозвішча: Базараў?.. Нікалай, помніцца, у бацюхнавай дывізіі быў лекар Базараў?
— Здаецца, быў.
— Праўда, праўда. Дык гэты лекар яго бацька. Гм! — Павел Пятровіч павёў вусамі. — Ну, а сам пан Базараў, уласна, што такое? — спытаўся ён з расстаноўкаю.
— Што такое Базараў? — Аркадзій усміхнуўся. — Хочаце, дзядзечка, я вам скажу, што ён, уласна, такое?
— Зрабі ласку, пляменнічак.
— Ён — нігіліст.
— Як? — спытаўся Нікалай Пятровіч, а Павел Пятровіч падняў на паветра нож з кавалкам масла на канцы ляза, і застаўся нерухомым.
— Ён — нігіліст, — паўтарыў Аркадзій.
— Нігіліст, — прагаварыў Нікалай Пятровіч. — Гэта ад лацінскага nihil, нічога, наколькі я магу меркаваць; значыцца, гэта слова азначае чалавека, які... які нічога не прызнае?
— Скажы: які нічога не паважае, — падхапіў Павел Пятровіч і зноў узяўся за масла.
— Які да ўсяго ставіцца з крытычнага пункту гледжання, — заўважыў Аркадзій.
— А гэта не ўсёроўна? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Не, не ўсёроўна. Нігіліст, гэта чалавек, які не схіляецца ні перад якімі аўтарытэтамі, які не прымае ніводнага прынцыпа на веру, як-бы ні паважалі гэты прынцып.
— І што-ж гэта добра? — перапыніў Павел Пятровіч.
— Гледзячы як каму, дзядзечка. іншаму ад гэтага добра, а іншаму вельмі дрэнна.
— Вось як. Ну, гэта, я бачу, не па нашай часці. Мы, людзі старога века, мы думаем, што без прынсіпаў (Павел Пятровіч вымаўляў гэта слова мякка, на французскі манер, Аркадзій, наадварот, вымаўляў «прынцып», налягаючы на першы склад.), без прынсіпаў, прынятых, як ты кажаш, на веру, кроку ступіць, дыхнуць нельга. Vous avez chargé tout cela[6], дай вам бог здароўя і генеральскі чын, а мы толькі любавацца будзем, панове... як гэта?
— Нігілісты, — выразна прагаварыў Аркадзій.
— Але. Раней былі гегелісты, а цяпер нігілісты. Паглядзім, як вы будзеце існаваць у пустаце, у беспаветранай прасторы; а цяпер пазвані, калі ласка, брат, Нікалай Пятровіч, мне пара піць маю какаву.
Нікалай Пятровіч пазваніў, і закрычаў: «Дуняша!» Але заместа Дуняшы на тэрасу вышла сама Фенічка. Гэта была маладая жанчына гадоў дваццаць тры, уся беленькая і мяккая, з цёмнымі валасамі і вачыма, з чырвонымі, па-дзіцячаму пухлявымі губкамі і далікатнымі ручкамі. На ёй было ахайнае паркалёвае плацце; блакітная новая намітка лёгка ляжала на яе круглых плячах. Яна несла вялікі кубак какавы і, паставіўшы яго перад Паўлам Пятровічам, уся засаромілася: гарачая кроў разлілася чырвонаю хваляй пад тонкаю скуркаю яе прывабнага твара. Яна апусціла вочы і спынілася каля стала, злёгку апіраючыся на самыя кончыкі пальцаў. Здавалася, ёй сорамна было, што яна прышла, і ў той-жа час яна як быццам адчувала, што мела права прыйсці.
Павел Пятровіч строга нахмурыў бровы, а Нікалай Пятровіч збянтэжыўся.
— Добры дзень, Фенічка, — прагаварыў ён праз зубы.
— Добры дзень-с, — адказала яна ціхім, але гучным голасам, і, глянуўшы скоса на Аркадзія, які прыязна ёй усміхнуўся, ціхенька вышла. Яна хадзіла крышку ўразвалку, але і гэта да яе ішло...
На тэрасе на працягу некалькіх момантаў панавала маўчанне. Павел Пятровіч пасёрбаў сваю какаву і раптам падняў галаву.
— Вось і пан нігіліст да нас ідзе, — заўважыў ён упоўголас.
Сапраўды, па садзе, ступаючы праз клумбы, ішоў Базараў. Яго палатнянае паліто і нагавіцы былі запэцканы ў гразі; учэпістая балотная расліна абвівала верх яго старога, круглага капелюша; у правай руцэ ён трымаў невялікі мяшок; у мяшку варушылася нешта жывое. Ён шпарка наблізіўся да тэрасы і, хіснуўшы галавою, прамовіў:
— Добры дзень, панове; прабачце, што спазніўся на чай; зараз вярнуся; трэба вось гэтых палонніц да месца прыладзіць.
— Што гэта ў вас, п’яўкі? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Не, жабы.
— Вы іх ясцё — альбо разводзіце?
— Для вопытаў, — роўнадушна прагаварыў Базараў і пайшоў у дом.
— Гэта ён іх рэзаць будзе, — заўважыў Павел Пятровіч. — У прынсіпы не верыць, а ў лягушак верыць.
Аркадзій з жалем паглядзеў на дзядзьку; Нікалай Пятровіч крадком паціснуў плячом. Сам Павел Пятровіч адчуў, што пакпіў няўдала, і загаварыў пра гаспадарку і пра новага кіраўнічага, які напярэдадні прыходзіў да яго скардзіцца, што работнік Фама «дэбашырнічае» і ад рук адбіўся. «Такі ўжо ён Езоп», сказаў ён, між іншым: «усюды паказаў сябе дрэнным чалавекам; пажыве, і з дурным розумам адыйдзе».
Базараў вярнуўся, сеў за стол і пачаў торапка піць чай. Абодва браты моўчкі глядзелі на яго, а Аркадзій крадком паглядаў то на бацьку, то на дзядзьку.
— Вы далёка адсюль хадзілі? — спытаўся, нарэшце, Нікалай Пятровіч.
— Тут у вас балотца ёсць, каля асінавага ляска. Я ўзагнаў штук пяць бекасаў; ты можаш забіць іх, Аркадзій.
— А вы не паляўнічы?
— Не.
— Вы ўласна фізікай займаецеся? — спытаўся ў сваю чаргу Павел Пятровіч.
— Фізікай, але; наогул прыродазнаўчымі навукамі.
— Кажуць, германцы, у апошні час, дужа пасунуліся па гэтай часці.
— Так, немцы. у гэтым нашы настаўнікі, — нядбайна адказаў Базараў.
Слова: германцы, замест немцы, Павел Пятровіч ужыў дзеля іроніі, якой аднак ніхто не заўважыў.
— Вы гэткай высокай думкі пра немцаў? — прагаварыў з вычварнай учцівасцю Павел Пятровіч.
Ён пачынаў адчуваць тайнае раздражненне. Яго арыстакратычную натуру абурала поўная развязнасць Базарава. Гэты лекарскі сын не толькі не адчуваў нясмеласці, але нават адказваў адрывіста і неахвотна, і ў гуку яго голаса было нешта грубае, амаль дзёрзкаснае.
— Тамашнія вучоныя путны народ.
— Так, так. Ну, а пра рускіх вучоных вы, напэўна, не трымаецеся гэткага прыязнага погляду?
— Бадай, што так.
— Гэта вельмі пахвальная самаахвярнасць, — вымавіў Павел Пятровіч, выпростваючы стан і закідваючы галаву назад. — Але як-жа нам Аркадзій Нікалаевіч зараз казаў, што вы не прызнаеце ніякіх аўтарытэтаў? Не верыце ім?
— Ды нашто я стану іх прызнаваць? І чаму я буду верыць? Мне скажуць дарэчы, я згаджуся, вось і ўсё.
— А немцы ўсё дарэчы кажуць? — прамовіў Павел Пятровіч, і твар яго набыў такі безуважны, далёкі выраз, нібы ён увесь адышоў у нейкую пазавоблачную вышыню.
— Не ўсе, — адказаў з кароткім пазяханнем Базараў, якому яўна не хацелася весці спрэчку.
Павел Пятровіч глянуў на Аркадзія, як-бы хочучы сказаць яму: «далікатны твой друг, няма чаго сказаць».
— Што да мяне, — загаварыў ён ізноў, не без некаторай натугі, — я немцаў, грэшны чалавек, не паважаю. Пра рускіх немцаў я ўжо не кажу: вядома, што гэта за птушкі. Але і нямецкія немцы мне не па нутры. Яшчэ ранейшыя туды-сюды; тады ў іх былі — ну, там Шылер, ці што, Гётэ... Брат вось ім асабліва спрыяе... А цяпер пайшлі ўсё нейкія хімікі ды матэрыялісты...
— Добры хімік у дваццаць разоў карысней за ўсякага паэта, — перапыніў Базараў.
— Вось як, — прамовіў Павел Пятровіч і, нібы засыпаючы, ледзь-ледзь прыпадняў бровы. — Вы, значыцца, мастацтва не прызнаеце.
— Мастацтва нажываць грошы, альбо няма больш гемароя! — ускрыкнуў Базараў з пагардлівай усмешкаю.
— Так-с, так-с. Вось як вы жартуеце. Гэта вы ўсё, — значыцца, — адкідаеце? Дапусцім. Значыць, вы верыце ў адну навуку?
— Я ўжо далажыў вам, што ні ў што не веру; і што такое навука — навука наогул? Ёсць навукі, як ёсць рамествы, веды; а навука наогул не існуе зусім.
— Вельмі добра. Ну, а наконт другіх, у людскім быце прынятых пастаноў, вы прытрымліваецеся гэткага-ж адмоўнага кірунку?
— Што гэта, допыт? — спытаўся Базараў.
Павел Пятровіч злёгку збялеў... Нікалай Пятровіч палічыў павінным умяшацца ў гутарку.
— Мы калі-небудзь падрабязней пагутарым аб гэтым прадмеце з вамі, ласкавы Еўгеній Васільевіч; і пра вашу думку даведаемся, і сваю выкажам. З свайго боку я вельмі рад, што вы займаецеся прыродазнаўчымі навукамі. Я чуў, што Лібіх зрабіў надзвычайную вынаходку наконт угнаення палёў. Вы можаце мне дапамагчы ў маіх агранамічных работах: вы можаце даць мне якую-небудзь карысную параду.
— Я да вашых паслуг, Нікалай Пятровіч; але куды нам да Лібіха! Спярша трэба азбуку вывучыць і потым ужо ўзяцца за кнігу, а мы яшчэ літары ў вочы не бачылі.
«Ну, ты, я бачу, сапраўды нігіліст», падумаў Нікалай Пятровіч. — Усё-такі дазвольце звярнуцца да вас пры выпадку, — дадаў ён уголас. — А цяпер нам, я думаю, брат, пара пайсці пагаманіць з прыказчыкам.
Павел Пятровіч падняўся з крэсла.
— Але, — прагаварыў ён, ні на кога не гледзячы, — бяда пажыць гэтак гадкоў пяць у вёсцы, далёка ад вялікіх розумаў! Якраз дурань-дурнем робішся. Ты стараешся не забыцца таго, чаму цябе вучылі, а там — хап! — выходзіць, што ўсё гэта лухта, і табе кажуць, што путныя людзі гэтакім глупствам больш не займаюцца, і што ты, моў, адсталы целяпень. Што рабіць! Відаць, моладзь... сапраўды, разумней за нас.
Павел Пятровіч павольна навярнуўся на каблуках і павольна вышаў; Нікалай Пятровіч адправіўся ўслед за ім.
— Што, ён заўсёды ў вас такі? — з халодным спакоем спытаўся Базараў у Аркадзія, як толькі дзверы зачыніліся за абодвума братамі.
— Паслухай, Еўгеній, ты ўжо зандта рэзка з ім абышоўся, — заўважыў Аркадзій. — Ты яго абразіў.
— Але, стану я ім патворыць — гэтым павятовым арыстакратам! Гэта-ж усё ганарыстасць, львіныя прывычкі, фатаўство. Ну, ішоў-бы сваім, шляхам у Пецербургу, калі ўжо такі ў яго склад... А, урэшце, бог з ім зусім! Я знайшоў даволі рэдкі экземпляр вадзянога жука, Dutiscus marginatus ведаеш? Я табе яго пакажу.
— Я табе абяцаўся расказаць яго гісторыю, — пачаў Аркадзій.
— Гісторыю жука?
— Ну, годзе, Еўгеній. Гісторыю майго дзядзькі. Ты ўбачыш, што ён не такі чалавек, якім ты яго ўяўляеш. Яго хутчэй шкадаваць трэба, чым насміхацца.
— Я не спрачаюся; ды што ён табе так даўся?
— Трэба быць справядлівым, Еўгеній.
— Гэта з чаго выходзіць?
— Не, слухай...
І Аркадзій расказаў яму гісторыю свайго дзядзькі. Чытач знойдзе яе ў наступным раздзеле.
Павел Пятровіч Кірсанаў выхоўваўся спярша дома гэтак-жа, як і малодшы брат яго, Нікалай, потым у пажаскім корпусе. Ён з дзяцінства адзначаўся надзвычайнай прыгажосцю; да таго-ж ён быў самаўпэўнены, крыху кплівы і неяк забаўна жоўчны — ён не мог не падабацца. Ён пачаў з’яўляцца ўсюды, як толькі вышаў у афіцэры. Яго насілі на руках, і ён сам сябе балаваў, нават дурэў, нават манежыўся; але і гэта да яго ішло. Жанчыны ад яго вар’яцелі, мужчыны называлі яго фатам і ўпотай зайздросцілі яму. Ён жыў, як ужо сказана, на адной кватэры з братам, якога любіў шчыра, хоць ніколькі на яго не быў падобны. Нікалай Пятровіч пакульгваў, рысы меў маленькія, непрыемныя, але крыху смутлівыя, невялікія чорныя вочы і мяккія рэдкія валасы; ён ахвотна гультаяваў, але і чытаў ахвотна, і баяўся кампаніі. Павел Пятровіч ніводнага вечара не праводзіў дома, вызначаўся смеласцю і спрытам (ён увёў быў гімнастыку ў моду паміж свецкаю моладдзю) і прачытаў усяго пяць-шэсць французскіх кніг. На дваццаць восьмым годзе ад нараджэння ён ужо быў капітанам; бліскучая кар’ера чакала яго. Раптам усё змянілася.
У той час, у пецербургскім свеце, зрэдку з’яўлялася жанчына, якую не запамятавалі да гэтай пары, княгіня Р. У яе быў адукаваны і прыстойны, але дурнаваты муж, і не было дзяцей. Яна раптам ад’язджала за мяжу, раптоўна варочалася ў Расію, наогул вяла дзівачнае жыццё. Яна была вядомая за лёгкадумную какетку, з захапленнем аддавалася ўсякага роду пацехам, танцавала да ўпаду, рагатала і жартавала з маладымі людзьмі, якіх прымала перад абедам ў поўзмроку гасцінай, а начамі плакала і малілася, не знаходзіла нідзе спакою, і часта да самай раніцы кідалася па пакоі, тужліва ломячы рукі, альбо сядзела, уся бледная і халодная, над псалтырам. Дзень надыходзіў, і яна зноў ператваралася ў свецкую даму, зноў выязджала, смяялася, лапатала, і нібы кідалася насустрач усяму, што магло даць ёй самую малую забаўку. Яна была надзвычайна складзена; яе каса залатога колеру і цяжкая, як золата, падала ніжэй каленяў, але красуняй яе ніхто-б не назваў; ва ўсім яе твары толькі і было прывабнага што вочы, і нават не самыя вочы — яны былі невялікія і шэрыя — але погляд іх,
шпаркі і глыбокі, бесклапотны да зухвальства і задуменны да суму, — загадкавы погляд. Нешта незвычайнае свецілася ў ім нават тады, калі язык яе лапатаў самыя пустыя словы. Апраналася яна элегантна. Павел Пятровіч спаткаў яе на адным балі, пратанцаваў з ёю мазурку, на працягу якой яна не сказала ніводнага путнага слова, і ўкахаўся ў яе палка. Прывыкшы да перамог, ён і тут хутка дасягнуў сваёй мэты; але лёгкасць поспеху не ахаладзіла яго. Наадварот, ён яшчэ балесней, яшчэ мацней прыліп да гэтай жанчыны, у якой нават тады, калі яна аддавалася дазвання, ўсё яшчэ як быццам заставалася нешта запаветнае і недаступнае, куды ніхто не мог пранікнуць. Што гнездзілася ў гэтай душы, — бог ведае! Здавалася, яна знаходзілася пад уладаю нейкіх патаемных, для яе самой невядомых сіл; яны круцілі ёю, як хацелі; яе невялікі розум не мог зладзіць з іх капрызамі... Усё яе паводжанне ўяўляла шэраг недарэчнасцей; адзіныя лісты, якія маглі-б узняць справядлівыя падазрэнні яе мужа, яна напісала да чалавека, амаль ёй чужога, а ў каханні яе адчуваўся смутак: яна ўжо не смяялася і не жартавала з тым, каго выбрала, і слухала яго і глядзела на яго з неўразуменнем. Часам, большаю часткаю раптоўна, гэта неўразуменне пераходзіла ў халодную жахлівасць; твар яе набываў выраз змярцвелы і дзікі; яна запіралася ў сябе ў спальні, і пакаёўка яе магла чуць, прыпаўшы вухам да замка, яе глухія рыданні. Не раз, варочаючыся да сябе дамоў пасля пяшчотнага спаткання, Кірсанаў адчуваў на сэрцы тую нясцерпную і горкую прыкрасць, якая ўзнімаецца ў сэрцы пасля канчатковай няўдачы. «Чаго-ж я хачу яшчэ?» пытаўся ён у сябе, а сэрца ўсё ныла. Ён аднойчы падарыў ёй пярсцёнак з выразаным на камні сфінксам.
— Што гэта? — спыталася яна: — сфінкс?
— Але, — адказаў ён, — і гэты сфінкс — вы.
— Я? — спыталася яна і павольна ўзняла на яго свой загадкавы погляд. — А ці ведаеце, што гэта вельмі мне падушы? — дадала яна з нязначнаю ўсмешкай, а вочы глядзелі ўсё гэтак-жа дзіўна.
Цяжка было Паўлу Пятровічу нават тады, калі княгіня Р. яго любіла, але калі яна ахаладзела да яго, а гэта здарылася даволі хутка, ён ледзь не звар’яцеў. Ён мучыўся і рэўнаваў, не даваў ёй спакою, цягаўся за ёю ўсюды; ёй абрыдзела яго неадчэпнае ўбяганне, і яна паехала за мяжу. Ён вышаў у адстаўку, не гледзячы на просьбы прыяцеляў, на ўшчункі начальнікаў, і адправіўся следам за княгіняй; гады чатыры правёў ён у чужых краях, то ганяючыся за ёю, то з намерам губляючы яе з вачэй; ён сароміўся самога сябе, ён абураўся на сваю маладушнасць... але нішто не дапамагала. Яе вобраз, гэты незразумелы, амаль бязглузды, але прынадны вобраз занадта глыбока ўвайшоў у яго душу. У Бадэне ён неяк ізноў сышоўся з ёю па-ранейшаму; здавалася, ніколі яшчэ яна так палка яго не кахала... але праз месяц усё ўжо было скончана: агонь узгарэўся ў апошні раз — і патух назаўсёды. Прадчуваючы няўхільную разлуку, ён хацеў прынамсі застацца яе другам, як быццам дружба з такой жанчынай была магчыма... Яна ціхенька выехала з Бадэна, і з той пары заўсёды ўхілялася ад Кірсанава. Ён вярнуўся ў Расію, паспрабаваў зажыць старым жыццём, але ўжо не мог трапіць у ранейшую каляіну. Як атручаны, блукаў ён з месца на месца; ён яшчэ выязджаў, ён захаваў усе прывычкі свецкага чалавека; ён мог пахваліцца двума, трыма новымі перамогамі; але ўжо не чакаў нічога асаблівага ні ад сябе, ні ад другіх, і ні за што не браўся. Ён пастарэў, пасівеў; сядзець вечарамі ў клубе, зласліва нудзіцца, роўнадушна паспрачацца ў халастой кампаніі зрабілася для яго патрэбаю, — знак, як вядома, дрэнны. Аб жаніцьбе ён, зразумела, і не думаў. Дзесяць год прайшло такім чынам, цмяна, бясплодна і шпарка, страшэнна шпарка. Нідзе час так не бяжыць, як у Расіі, у астрозе, кажуць, ён бяжыць яшчэ хутчэй. Аднойчы, у часе абеду, у клубе, Павел Пятровіч даведаўся пра смерць княгіні Р. Яна сканала ў Парыжы, у стане блізкім да вар’яцтва. Ён устаў з-за стала і доўга хадзіў па пакоях клуба, спыняючыся, як укопаны, каля картачных ігракоў, але не вярнуўся дамоў раней звычайнага. Праз некалькі часу ён атрымаў пакет, адрасаваны на яго імя: у ім знаходзіўся дадзены ім княгіні пярсцёнак. Яна правяла па сфінксу крыж-на-крыж рысу і загадала яму сказаць, што крыж — вось разгадка.
Гэта здарылася ў пачатку 48-га года, у той самы час, калі Нікалай Пятровіч, пахаваўшы жонку, прыязджаў у Пецербург. Павел Пятровіч амаль не бачыўся з братам з той пары, як той пасяліўся ў вёсцы; вяселле Нікалая Пятровіча супала з самымі першымі днямі знаёмства Паўла Пятровіча з княгіняю. Вярнуўшыся з-за мяжы, ён адправіўся да яго з намерам пагасціць у яго месяцы два, палюбавацца на яго шчасце, але выжыў у яго адзін толькі тыдзень. Розніца ў становішчы абодвух братоў была надта вялікая. У 48-м годзе гэта розніца зменшылася: Павел Пятровіч страціў свае ўспаміны; пасля смерці княгіні ён стараўся не думаць пра яе. Але ў Нікалая заставалася пачуццё правільна праведзенага жыцця, сын вырастаў на яго вачах; Павел, наадварот, адзінокі халасцяк, уступаў у той неспакойны, змрочлівы час, час шкадаванняў, падобных на надзеі, надзей, падобных на шкадаванні, калі маладосць прайшла, а старасць яшчэ не прыспела.
Гэты час быў цяжэй для Паўла Пятровіча, як для ўсякага другога: страціўшы сваё мінулае, ён усё страціў.
— Я не заву цяпер цябе ў Мар’іна, — сказаў яму аднойчы Нікалай Пятровіч (ён назваў сваю вёску гэтым імем у гонар жонкі), — ты і пры нябожчыцы там занудзіўся, а цяпер ты, я думаю, там з тугі загінеш.
— Я быў яшчэ дурны і смутлівы тады, — адказаў Павел Пятровіч: — з той пары я ўгамаваўся, калі не паразумнеў. Цяпер, наадварот, калі ты дазволіш, я гатоў назаўсёды і ў цябе пасяліцца.
Замест адказу, Нікалай Пятровіч абняў яго але паўтара гады прайшло пасля гэтай гутаркі, раней чым Павед Пятровіч адважыўся здзейсніць свой намер. Затое, пасяліўшыся аднойчы ў вёсцы, ён ўжо не пакідаў яе, нават і ў тыя тры зімы, якія Нікалай Пятровіч правёў у Пецербургу з сынам. Ён пачаў чытаць, усё болей па-ангельску; ён наогул усё жыццё сваё пабудаваў на ангельскі густ, рэдка бачыўся з суседзямі і выязджаў толькі на выбары, дзе ён большаю часткаю памоўкваў, толькі зрэдку дражнячы і палохаючы памешчыкаў старога складу ліберальнымі выбрыкамі і не збліжаючыся з прадстаўнікамі новага пакалення. І тыя, і другія лічылі яго гардуном і тыя, і другія яго паважалі за яго надзвычайныя арыстакратычныя манеры, за чуткі пра яго перамогі; за тое, што ён вельмі добра апранаўся і заўсёды спыняўся ў лепшым нумары лепшай гасцініцы; за тое, што ён наогул добра абедаў, аднойчы нават паабедаў з Велінгтонам ў Людовіка-Філіпа; за тое, што ён усюды вазіў з сабою сапраўдны срэбны несесер і паходную ванну; за тое, што ад яго пахла нейкімі незвычайнымі, надзіва «шляхетнымі духамі»; за тое, што ён па-майстэрску гуляў у віст і заўсёды праіграваў; нарэшце, яго паважалі за яго беззаганную сумленнасць. Дамы лічылі яго чароўным меланхолікам, але ён не знаўся з дамамі...
— Вось бачыш, Еўгеній, — прамовіў Аркадзій, канчаючы свой расказ, — як няправільна ты глядзіш на дзядзьку! Я ўжо не гавару пра тое, што ён не раз выручаў бацьку з бяды, аддаваў яму ўсе свае грошы, — маёнтак, ты, можа быць, не ведаеш, у іх не падзелены, — але ён усякаму рад дапамагчы і, між іншым, заўсёды заступаецца за сялян, праўда, гаворачы з імі, ён моршчыцца і нюхае адэкалон...
— Вядомая справа: нервы, — перапыніў Базараў.
— Можа быць, толькі ў яго сэрца надзвычай добрае. І ён далёка не дурны. Якія ён мне даваў карысныя парады... асабліва... асабліва наконт адносінаў да жанчын.
— Ага! На сваім малаку апёкся, на чужую ваду дзьме. Ведаем мы гэта!
— Ну, словам, — казаў далей Аркадзій: — ён глыбока нешчаслівы, павер мне, пагарджаць ім — грэшна.
— Ды хто ім пагарджае? — запярэчыў Базараў. — А я ўсё-такі скажу, што чалавек, які ўсё сваё жыццё паставіў на карту жаночага кахання, і калі яму гэту карту забілі, раскіс і апусціўся да таго, што ні на што не стаў здатны, гэтакі чалавек — не мужчына, але самец. Ты кажаш, што ён нешчаслівы, табе лепей ведаць; але дурасць з яго не ўся вышла. Я ўпэўнены, што ён не жартуючы ўяўляе сябе путным чалавекам, таму што чытае Галін’яшку і раз у месяц вызваліць мужыка ад экзекуцыі.
— Ды ўспомні яго выхаванне, час, у якім ён жыў, — заўважыў Аркадзій.
— Выхаванне? — падхапіў Базараў. — Кожны чалавек сам сябе выхаваць павінен, — ну, хоць як я, напрыклад... А што да часу, з чаго я ад яго залежаць буду? Няхай-жа лепш ён залежыць ад мяне. Не, брат, усё гэта распушчанасць, пустата! І што за таямнічыя адносіны паміж мужчынам і жанчынай? Мы, фізіёлагі, ведаем, якія гэта адносіны. Ты праштудзіруй вось анатомію вока: адкуль тут узяцца, як ты кажаш, загадкаваму погляду? Гэта ўсё рамантызм, глупства, гніль, мастацтва. Пойдзем лепш глядзець жука.
І абодва прыяцелі накіраваліся ў пакой Базарава, у якім паспеў ужо астояцца нейкі медыцынска-хірургічны пах, змешаны з пахам таннага табаку.
Павел Пятровіч нядоўга прысутнічаў пры гутарцы брата з кіраўнічым, высокім і худым чалавекам з салодкім, сухотным голасам і шальмоўскімі вачыма, які на ўсе заўвагі Нікалая Пятровіча адказваў: «злітуйцеся, вядомая справа-с», і стараўся падаць мужыкоў п’яніцамі і зладзеямі. Нядаўна заведзеная на новы лад гаспадарка скрыпела, як нямазанае кола, трашчэла, як самаробная мэбля з сырога дрэва. Нікалай Пятровіч не ўпадаў у роспач, але часценька ўздыхаў і задумваўся: ён адчуваў, што без грошай справа не пойдзе, а грошы ў яго амаль усе перавяліся. Аркадзій сказаў праўду: Павел Пятровіч не раз дапамагаў свайму брату; не раз, бачачы, сяк ён біўся і ламаў сабе галаву, прыдумваючы як-бы вывернуцца, Павел Пятровіч павольна падыходзіў да акна і, засунуўшы рукі ў кішэні, мармытаў праз зубы: «mais je plus vous donner de l’argent»[7] і даваў яму грошай; але ў гэты дзень у яго самога нічога не было, і ён палічыў за лепшае адыйсці. Гаспадарчыя клопаты наводзілі на яго тугу; пры тым яму заўсёды здавалася, што Нікалай Пятровіч, не гледзячы на ўсю сваю стараннасць і працавітасць, не так бярэцца за справу, як-бы трэба было; хоць паказаць, ў чым ўласна памыляецца Нікалай Пятровіч, ён не здолеў-бы, «Брат не досыць практычны», — разважаў ён сам з сабою, — «яго ашукваюць». Нікалай Пятровіч, наадварот, быў высокай думкі аб практычнасці Паўла Пятровіча, і заўсёды пытаўся ў яго парады. «Я чалавек мяккі, слабы, век свой правёў у глушы», казаў ён: — «а ты не дарэмна так шмат жыў з людзьмі, ты іх добра ведаеш: у цябе арліны позірк». Павел Пятровіч ў адказ на гэтыя словы толькі адварочваўся, але не разупэўняў брата.
Пакінуўшы Нікалая Пятровіча ў габінеце, ён накіраваўся па калідоры, што аддзяляў пярэднюю частку дома ад задняй, і, параўняўшыся з нізенькімі дзвярыма, спыніўся ў раздум’і, пасморгаў сабе вусы і пастукаўся.
— Хто там? Уваходзьце, — пачуўся голас Фенічкі.
— Гэта я, — прагаварыў Павел Пятровіч — і адчыніў дзверы.
Фенічка ўсхапілася з крэсла, на якім яна ўселася з сваім дзіцем і, перадаўшы яго на рукі дзяўчыне, якая зараз-жа вынесла яго вон з пакоя, хапатліва паправіла сваю намітку.
— Прабачце, калі я перашкодзіў, — пачаў Павёл Пятровіч, не гледзячы на яе: — мне хацелася толькі папрасіць вас... сягоння, здаецца, у горад пасылаюць... Загадайце купіць мне зялёнага чаю.
— Слухаю-с, — адказала Фенічка, — колькі загадаеце купіць?
— Ды поўфунта даволі будзе, я думаю. А ў вас тут, я бачу, перамена, — дадаў ён, кінуўшы навокал шпаркі погляд, які слізгануў і па твары Фенічкі. — Фіранкі вось, — прамовіў ён, бачачы, што, яна яго не разумее.
— Так-с, фіранкі; Ніколай Пятровіч нам іх падарыў; ды ўжо яны даўно павешаны.
— Ды і я ў вас даўно не быў. Цяпер у вас тут вельмі добра.
— Па міласці Нікалая Пятровіча, — шапнула Фенічка.
— Вам тут лепш, як у ранейшым флігельчыку? — спытаўся Павел Пятровіч далікатна, але без ніякай усмешкі.
— Канешне, лепей-с.
— Каго цяпер на ваша месца памясцілі?
— Цяпер там прачкі.
— А!
Павел Пятровіч змоўк. «Цяпер пойдзе», — думала Фенічка; але ён не адыходзіў, і яна стаяла перад ім, як ўкопаная, квола перабіраючы пальцамі.
— Чаму вы загадалі вашага маленькага вынесці? — загаварыў, нарэшце, Павел Пятровіч. — Я люблю дзяцей: пакажыце мне яго.
Фенічка ўся пачырванела ад замяшання і ад радасці. Яна баялася Паўла Пятровіча: ён амаль ніколі не гаварыў з ёй.
— Дуняша, — гукнула яна: — прынясіце Міцю (Фенічка ўсім у доме гаварыла вы). А не дык пачакайце, трэба яму плацейка надзець. — Фенічка накіравалася да дзвярэй.
— Ды ўсёроўна, — заўважыў Павел Пятровіч.
— Я зараз, — адказала Фенічка і жвава вышла.
Павел Пятровіч застаўся адзін, і на гэты раз з асабліваю ўвагаю аглянуўся вакол. Невялічкі, нізенькі пакойчык, у якім ён знаходзіўся, быў вельмі чысты і ўтульны. У ім пахла нядаўна пафарбаванаю падлогай, рамонкамі і мялісай. Удоўж сцяны стаялі крэслы з задкамі ў выглядзе лір; яны былі куплены яшчэ нябожчыкам-генералам у Польшчы, у часе паходу; у адным кутку ўзвышаўся ложачак пад мусліновым полагам, побач з кутым сундуком з круглым векам. У супроцьлеглым кутку гарэла лампадка перад вялікім цёмным абразом Нікалая Цудатворца: невялічкае фарфоравае яечка на чырвонай істужцы вісела на грудзях святога, прычэпленае да ззяння; на вокнах банкі з леташнім варэннем, старанна завязаныя, прасвечвалі зялёным святлом; на папяровых іх пакрыўках сама Фенічка напісала буйнымі літарамі: «кружоўнік»; Нікалай Пятровіч любіў асабліва гэта варэнне. Пад столлю, на другой аборынцы, вісела клетка з кароткахвостым чыжом; ён безупынна чырыкаў і скакаў, і клетка безупынна хісталася і дрыжэла: канаплянае зерне, з лёгкім стукам, падала на падлогу. У міжаконні, над невялікім камодам, віселі даволі дрэнныя фатаграфічныя партрэты Нікалая Пятровіча ў розных позах, зробленыя заезджым мастаком; тут-жа вісела фатаграфія самой Фенічкі, зусім няўдалая: нейкі бязвокі твар напружана ўсміхаўся ў цёмнай рамачцы, — больш нічога нельга было разабраць; а над Фенічкай — Ермолаў, у бурцы, грозна хмурыўся на далёкія Каўказскія горы, з-пад шаўковага башмачка для булавак, які спадаў яму на самы лоб.
Прайшло хвілін пяць; у суседнім пакоі чуваць быў шэлест і шопат. Павел Пятровіч узяў з камода замусоленую кнігу, разрознены том Стральцоў Масальскага, перагарнуў некалькі старонак... Дзверы адчыніліся, і ўвайшла Фенічка з Міцем на руках. Яна надзела на яго чырвоную кашульку з кутасом на каўняры, прычасала яго валаскі і выцерла твар: ён дыхаў цяжка, парываўся ўсім целам і паторгваў ручкамі, як гэта робяць усе здаровыя дзеці; але шчогальская кашулька відаць на яго падзейнічала; здаволенасць была на ўсёй яго пухлай фігурцы. Фенічка і свае валасы ўпарадкавала, і намітку надзела лепшую; але яна магла-б застацца, як была. І сапраўды, ці ёсць на свеце што-небудзь чароўней за маладую, прыгожую маці з здаровым дзіцем на руках?
— Які карантыш, — ласкава прагаварыў Павел Пятровіч і паказытаў падвойны падбародак Міці канцом доўгага пазногця на паказальным пальцы; дзіця ўставілася на чыжа і засмяялася.
— Гэта дзядзька, — прамовіла Фенічка, схіляючы да яго свой твар і злёгку яго ўстрасаючы, між тым як Дуняша ціхенька ставіла на акно запаленую курыльную свечку, падклаўшы пад яе грош.
— Колькі гэта яму месяцаў? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Шэсць месяцаў; хутка вось сёмы пойдзе, адзінаццатага чысла.
— Ці не восьмы, Фядос’я Нікалаеўна? — не без боязкасці ўмяшалася Дуняша.
— Не, сёмы, як можна! — Дзіця ізноў засмяялася, уставілася на сундук і раптам схапіла сваю маці ўсёй пяцярнёю за нос і за губы. — Балаўнік, — праказала Фенічка, не аднімаючы твара ад яго пальцаў.
— Ён падобен на брата, — заўважыў Павел Пятровіч.
«На каго-ж яму і быць падобным?» — падумала Фенічка.
— Але, — казаў, як-бы гаворачы з самім сабой, Павел Пятровіч, — бясспрэчнае падабенства. — Ён уважна, амаль смутліва паглядзеў на Фенічку.
— Гэта дзядзька, — паўтарыла яна, ужо шэптам.
— А! Павел! вось дзе ты! — пачуўся раптам голас Нікалая Пятровіча.
Павел Пятровіч хапатліва павярнуўся і нахмурыўся; але брат яго так радасна, з такой удзячнасцю глядзеў на яго, што ён не мог не адказаць яму усмешкай.
— Слаўны ў цябе хлапчына, — прамовіў ён і паглядзеў на гадзіннік; — а я завітаў сюды наконт чаю...
І зрабіўшы роўнадушны выгдяд, Павел Пятровіч зараз-жа вышаў вон з пакоя.
— Сам сабою зайшоў? — спытаўся ў Фенічкі Нікалай Пятровіч.
— Самі-с; пастукаліся і ўвайшлі.
— Ну, а Аркаша болей у цябе не быў?
— Не быў. Ці не перайсці мне ў флігель, Нікалай Пятровіч?
— Гэта чаму?
— Я думаю, ці не лепей будзе на першы час.
— Н... не, — вымавіў з запінкаю Нікалай Пятровіч і пацёр сабе лоб. — Трэба было раней... — Здароў, пузыр, — прагаварыў ён з раптоўным ажыўленнем і, падышоўшы да дзіцяці, пацалаваў яго ў шчаку; потым ён нагнуўся крыху і прыклаў губы да Фенічкінай рукі, якая бялела, як малако, на чырвонай кашульцы Міці.
— Нікалай Пятровіч! што вы гэта? — пралепятала яна і апусціла вочы, потым ціхенька падняла іх... Чароўны быў выраз яе вачэй, калі яна глядзела як-бы спадлоба, ды пасмейвалася ласкава і крышку недарэчна.
Нікалай Пятровіч пазнаёміўся з Фенічкай наступным чынам. Аднойчы, гады тры таму назад, яму давялося начаваць на пастаялым дварэ ў далёкім павятовым горадзе. Яго прыемна здзівіла чыстата адведзенага яму пакоя, свежасць пасцельнай бялізны: ужо ці не немка тут гаспадыня? прышло яму на думку; але гаспадыня аказалася руская, жанчына гадоў пяцідзесяці, ахайна адзетая, з прыстойным разумным тварам і паважнаю гаворкаю, Ён разгаварыўся з ёю за чаем; вельмі яна яму спадабалася. Ніколай Пятровіч у той час толькі што перасяліўся ў новы свой маёнтак і, не жадаючы трымаць пры сабе прыгонных людзей, шукаў наёмных; гаспадыня, з свайго боку, скардзілася на малы лік праязджаючых у горадзе, на цяжкія часы; ён прапанаваў ёй паступіць да яго ў дом у якасці эканомкі; яна згадзілася. Муж у яе даўно памёр, пакінуў ёй адну толькі дачку, Фенічку. Тыдні праз два Арына Савішна (так звалі новую эканомку) з’явілася разам з дачкою ў Мар’іна і пасялілася ў флігелі. Выбар Нікалая Пятровіча аказаўся ўдалым. Арына завяла парадак у доме. Пра Фенічку, якой тады мінуў семнаццаты год, ніхто не гаварыў, і рэдка хто яе бачыў: яна жыла ціхенька, скромненька, і толькі па нядзелях Нікалай Пятровіч заўважаў у прыходскай царкве, дзе-небудзь у бачку, тонкі профіль яе беленькага твара. Так прайшло больш года.
Адною раніцаю Арына з’явілася да яго ў габінет і, як зазвычай, нізка пакланіўшыся, спыталася ў яго, ці не можа ён дапамагчы яе дачцы, якой іскра з печкі трапіла ў вока. Нікалай Пятровіч, як усе дамаседы, займаўся лячэннем і нават выпісаў гомеапатычную аптэчку. Ён зараз-жа загадаў Арыне прывесці хворую. Даведаўшыся, што пан яе кліча, Фенічка вельмі перапалохалася, аднак пайшла за маткаю. Нікалай Пятровіч падвёў яе да акна і ўзяў яе абодвума рукамі за галаву. Разгледзеўшы добра яе пачырванелае і ўспухлае вока, ён прапісаў ёй прымочку, якую тут-жа сам зрабіў і, раздзёршы на часткі сваю хустку, паказаў ёй, як трэба прымочваць. Фенічка выслухала яго і хацела выйсці. «Пацалуй-жа ручку ў барына, дурненькая»; — сказала ёй Арына. Нікалай Пятровіч не даў ёй сваёй рукі і, збянтэжыўшыся, сам пацалаваў яе ў нахіленую галаву, у прабор. Фенічкіна вока хутка загаілася, але ўражанне, зробленае ёю на Нікалая Пятровіча, прайшло не хутка. Яму ўсё вёрзся гэты чысты, пяшчотны, баязліва прыўзняты твар; ён адчуваў пад далонямі рук сваіх гэтыя мяккія валасы, бачыў яе чыстыя, злёгку раскрытыя вусны, з-за якіх вільготна блішчэлі на сонцы жамчужныя зубкі. Ён пачаў з большаю ўвагаю глядзець на яе ў царкве, стараўся загаварваць з ёю. Спачатку яна яго дзічылася, і ад- нойчы, перад вечарам, сустрэўшы яго на вузкай сцежцы, пракладзенай пешаходамі праз жытняе поле, зайшла ў высокае, густое жыта, парослае палыном і васількамі, каб толькі не трапіцца яму на вочы. Ён убачыў яе галоўку праз залатую сетку каласоў, адкуль яна выглядала, як звераня, і ласкава крыкнуў ёй:
— Добры дзень, Фенічка! Я не кусаюся.
— Дзень добры, — прашаптала яна, не выходзячы з сваёй засады.
Патроху яна стала прывыкаць да яго, але ўсё яшчэ адчувала нясмеласць у яго прысутнасці, як раптам яе маці Арына памерла ад халеры. Дзе было дзецца Фенічцы? Яна пераняла ад сваёй маткі любоў да парадку, разважлівасць і сталасць; але яна была такая маладая, такая адзінокая; Нікалай Пятровіч быў сам гэткі добры і сціплы... Астатняе даводзіць няма чаго...
— Так-такі брат да цябе і ўвайшоў? — пытаўся ў яе Нікалай Пятровіч. — Пастукаў і ўвайшоў?
— Так-с.
— Ну, гэта добра. Дай мне пагушкаць Міцю.
І Нікалай Пятровіч пачаў яго падкідаць амаль пад самую столь, на вялікую прыемнасць малюткі і на нямалую трывогу маткі, якая, пры кожным яго ўзлёце, працягвала рукі да аголеных яго ножак.
А Павел Пятровіч вярнуўся ў свой прыгожы габінет, абклеены па сценах прыгожымі абоямі дзікага колеру, з развешанай зброяй на пярэстым персідскім дыване, з арэхавай мэбляю, абабітай цёмназялёным трыпам, з бібліятэкай renaissance[8] з чорнага дуба, з бронзавымі статуэткамі на раскошным пісьмовым стале, з камінам... Ён кінуўся на канапу, заклаў рукі за галаву і застаўся нерухомы, амаль з роспаччу гледзячы ў столь. Ці захацеў ён стаіць ад самых сцен, што ў яго адбывалася на твары, ці па другой якой прычыне, толькі ён устаў, адсмаргнуў цяжкія фіранкі акон і зноў кінуўся на канапу.
У той-жа дзень і Базараў пазнаёміўся з Фенічкай. Ён разам з Аркадзіем хадзіў па садзе і тлумачыў яму, чаму некаторыя дрэўцы, асабліва дубкі, не прыняліся.
— Трэба серабрыстых топаляў паболей тут саджаць ды ёлак, ды бадай ліпак, падбавіўшы чарназёму. Вунь альтанка прынялася добра, дадаў ён: — таму, што акацыя ды бэз — хлопцы добрыя, догляду не патрабуюць. Ба! ды тут нехта ёсць.
У альтанцы сядзела Фенічка з Дуняшай і Міцем. Базараў спыніўся, а Аркадзій кіўнуў галавою Фенічцы, як стары знаёмы.
— Хто гэта? — спытаўся ў яго Базараў, як толькі яны прайшлі міма. — Якая харошанькая!
— Ды ты пра каго гаворыш?
— Вядома пра каго: адна толькі харошанькая.
Аркадзій, не без замяшання, растлумачыў яму ў кароткіх словах, хто была Фенічка.
— Ага! — прамовіў Базараў: — у твайго бацькі відаць густ ёсць. А ён мне падабаецца твой бацька, да душы! Ён малайчына. Аднак трэба пазнаёміцца, — дадаў ён і накіраваўся назад да альтанкі.
— Еўгеній! — з спалохам крыкнуў яму ўслед Аркадзій: — асцярожна, богам прашу.
— Не хвалюйся, — прагаварыў Базараў: — народ мы цёрты, у гарадах жывалі.
Падышоўшы да Фенічкі, ён скінуў шапку.
— Дазвольце пазнаёміцца, — пачаў ён з далікатным паклонам: — Аркадзію Нікалаевічу прыяцель і чалавек смірны.
Фенічка прыпаднялася з лаўкі і глядзела на яго моўчкі.
— Якое дзіця дзівоснае! — казаў далей Базараў. — Не бойцеся, я яшчэ нікога не ўрачыў. Што гэта ў яго шчочкі такія чырвоныя? Зубкі, ці што праразаюцца.
— Так-с, — прамовіла Фенічка: — чатыры зубочкі ў яго прарэзаліся ўжо, а цяпер вось дзясны ізноў прыпухлі.
— Пакажыце... ды вы не бойцеся, я доктар.
Базараў узяў на рукі дзіця, якое, на дзіва і Фенічкі і Дуняшы, не супрацівілася і не спалохалася.
— Бачу, бачу... Нічога, усё ў парадку: зубасты будзе. Калі што здарыцца, скажыце мне. А самі вы здаровы?
— Здарова, дзякуй богу.
— Дзякуй богу, — лепш за ўсё. А вы? — дадаў Базараў, звяртаючыся да Дуняшы.
Дуняша, дзяўчына вельмі строгая ў харомах і рагатуха за варатамі, толькі фыркнула яму ў адказ.
— Ну і добра. Вось вам ваш багатыр.
Фенічка прыняла дзіця да сябе на рукі.
— Як ён у вас ціха сядзеў, — прамовіла яна ўпоўголас.
— У мяне ўсе дзеці ціха сядзяць, — адказаў Базараў, — я такую штуку ведаю.
— Дзеці адчуваюць, хто іх любіць, — заўважыла Дуняша.
— Гэта праўда, — пацвердзіла Фенічка. — Вось і Міця — да другога ні за што на рукі не пойдзе.
— А да мяне пойдзе? — спытаўся Аркадзій, які, пастаяўшы некаторы час воддаль, падышоў да альтанкі.
Ён паманіў да сябе Міцю, але Міця адкінуў галаву назад і запішчэў, што вельмі збянтэжыла Фенічку.
— У другі раз, — калі прывыкнуць паспее, — выбачна прамовіў Аркадзій, і абодва прыяцелі адышлі.
— Як гэта яе завуць? — спытаўся Базараў.
— Фенічкай... Фядос’яй, — адказаў Аркадзій.
— А па бацьку? Гэта таксама трэба ведаць.
— Нікалаеўнай.
— Bene[9]. Мне падабаецца ў ёй тое, што яна не надта сароміцца. Другі, бадай, гэта і зганьбіў-бы ў ёй. Што за лухта? чаго сароміцца? Яна маці — ну і мае рацыю.
— Яна мае рацыю, — заўважыў Аркадзій, — але вось бацька мой...
— І ён тое-ж самае, — перапыніў Базараў.
— Ну, не, я не лічу.
— Відаць лішні наследнічак нам не па душы!
— Як табе не сорамна падазраваць ва мне такія думкі! — з запалам падхапіў Аркадзій. — Я не з гэтага пункту гледжання лічу бацьку няправым, я думаю, што ён павінен-бы жаніцца з ёю.
— Эге-ге! — спакойна прагаварыў Базараў, — вось мы якія вялікадушныя! Ты надаеш яшчэ значэнне шлюбу; я гэтага ад цябе не чакаў.
Прыяцелі зрабілі некалькі крокаў ў маўчанні.
— Бачыў я ўсе завядзенні твайго бацькі, — пачаў ізноў Базараў. — Скаціна дрэнная, і коні падбітыя. Будовы таксама падгулялі, і работнікі глядзяць заўзятымі гультаямі; а кіраўнічы альбо дурань, альбо шальмец, — я яшчэ не разабраў добра.
— Строгі-ж ты сягоння, Еўгеній Васільевіч.
— І добрыя мужычкі ашукаюць твайго бацыку напэўна. Ведаеш прымаўку: «рускі мужык бога злопае».
— Я пачынаю згаджацца з дзядзькам, — заўважыў Аркадзій, — ты пэўна дрэннай думкі пра рускіх.
— Якая важнасць! Рускі чалавек толькі тым і дабёр, што ён сам аб сабе найдрэннай думкі. Важна тое, што двойчы два чатыры, а астатняе ўсё драбніцы.
— І прырода драбніцы? — прагаварыў Аркадзій, задуменна гледзячы ўдаль на пярэстыя палі, прыгожа і мякка асветленыя ўжо невысокім сонцам.
— І прырода драбніцы, у тым значэнні, як ты яе разумееш. Прырода не храм, а майстэрня, і чалавек у ёй работнік.
Павольныя гукі віяланчэлі даляцелі да іх з дому ў гэты самы момант. Нехта іграў з пачуццём, хоць і неспрактыкаванаю рукою, «Чаканне» Шуберта, і мёдам разлівалася па паветры салодкая мелодыя.
— Гэта што? — вымавіў з здзіўленнем Базараў.
— Гэта бацька.
— Твой бацька іграе на віяланчэлі?
— Але.
— Ды колькі твайму бацьку гадоў?
— Сорак чатыры.
Базараў раптам разрагатаўся.
— З чаго ты смяешся?
— Злітуйся! У сорак чатыры гады чалавек, pater familias[10] у .....м павеце — іграе на віяланчэлі!
Базараў усё рагатаў; але Аркадзій, як не паважаў свайго настаўніка, на гэты раз нават не ўсміхнуўся.
Прайшло каля двух тыдняў. Жыццё ў Мар’іне ішло сваім парадкам: Аркадзій сібарытстваваў, Базараў працаваў. Усе ў доме прывыклі да яго, да яго нядбайных манер, да яго не вельмі складаных і ўрыўкавых гаворак. Фенічка, асабліва, да таго з ім асвойталася, што аднойчы ўночы загадала разбудзіць яго: з Міцем зрабіліся сударгі; і ён прышоў, як зазвычай поўжартуючы, поўпазяхаючы, прасядзеў у яе гадзіны дзве і дапамог дзіцяці. Затое Павел Пятровіч усімі сіламі душы сваёй узненавідзеў Базарава: ён лічыў яго гордым, нахабным, цынікам, плябеем; ён падазраваў, што Базараў не паважае яго, што ён бадай ці не пагарджае ім, — ім, Паўлам Кірсанавым! Нікалай Пятровіч пабойваўся маладога «нігіліста» і сумняваўся ў карысці яго ўплыву на Аркадзія; але ён ахвотна яго слухаў, ахвотна прысутнічаў пры яго фізічных і хімічных практыкаваннях. Базараў прывёз з сабой мікраскоп і цэлымі гадзінамі з ім вазіўся. Слугі таксама прывыклі да яго, хоць ён з іх і падсміхаўся: яны адчувалі, што ён усё-такі свой брат, не пан. Дуняша ахвотна з ім хіхікала і скоса, значна паглядала на яго, прабягаючы міма «перапёлачкай»; Пётр, чалавек да крайнасці ганарлівы і дурны, вечна з напружанымі маршчынамі на лобе, чалавек, якога ўся годнасць складалася з таго, што глядзеў учціва, чытаў па складах і часта чысціў шчоткай свой сурдут — і той ухмыляўся і святлеў, як толькі Базараў звяртаў на яго ўвагу; дваровыя хлапчукі бегалі за «дохтурам», як сабачаняты. Адзін стары Пракоф’іч не любіў яго, з панурым выглядам падаваў яму за сталом яду, называў яго «жывадзёрам» і «прайдзісветам» і ўпэўняў, што ён з сваімі бакенбардамі — сапраўдная свіння ў кусце. Пракоф’іч, па-свойму, быў арыстакрат не горш за Паўла Пятровіча.
Надышлі лепшыя дні ў годзе — першыя дні чэрвеня. Пагода стаяла надзвычайная, праўда, здалёк, пагражала ізноў халера, але жыхары ...ай губерні паспелі прывыкнуць ужо да яе наведванняў. Базараў уставаў вельмі рана і адпраўляўся вярсты за дзве, за тры, не гуляць — ён прагулак без мэты цярпець не мог, — а збіраць травы, казюлек. Часам ён браў з сабою Аркадзія. Па дарозе назад у іх заводзілася спрэчка, і Аркадзій звычайна заставаўся пераможаным, хоць гаварыў больш за свайго таварыша.
Аднойчы яны неяк доўга забавіліся; Нікалай Пятровіч вышаў да іх насустрач у сад і, падышоўшы пад альтанку, раптам пачуў шпаркія крокі і галасы абодвух маладых людзей. Яны ішлі з таго боку альтанкі і не маглі яго бачыць.
— Ты бацьку не зусім ведаеш, — казаў Аркадзій.
Нікалай Пятровіч прытаіўся.
— Твой бацька, — добры хлапчына, — прамовіў Базараў, — але ён чалавёк адстаўны, яго песенька спета.
Нікалай Пятровіч прыпаў вухам... Аркадзій нічога не адказваў.
«Адстаўны чалавек» пастаяў хвіліны дзве нерухома і павольна паплёўся дамоў.
— Тры дні таму назад, я гляджу, ён Пушкіна чытае, — казаў між тым Базараў далей. — Растумач яму, калі ласка, што гэта нікуды не варта. Ён-жа не хлопчык: пара кінуць гэтае глупства. І ахвота-ж быць рамантыкам у цяперашні час! Дай яму што-небудзь путнае пачытаць.
— Што-б яму даць? — спытаўся Аркадзій.
— Ды я думаю Бюхнерава Stoff und Kraft[11] на першы выпадак.
— Я сам так думаю, — заўважыў згаджаючыся Аркадзій. — Stoff und Kraft напісана папулярнаю моваю…
— Вось як мы з табой; — казаў у той-жа дзень пасля абеду Нікалай Пятровіч свайму брату, седзячы ў яго ў габінеце: — у адстаўныя людзі трапілі, песенька наша спета. Што-ж? Можа быць, Базараў і мае рацыю; але мне, прызнаюся, адно балюча: я спадзяваўся іменна цяпер цесна і па-сяброўску сыйсціся з Аркадзіем, а выходзіць, што я застаўся пазадзе, ён адышоў наперад, і зразумець мы адзін аднаго не можам.
— Ды чаму ён адышоў наперад? І чым ад нас так ужо вельмі адзначаецца? — з нецярплівасцю ўскрыкнуў Павел Пятровіч. — Гэта ўсё яму ў галаву сін’ёр гэты ўбіў, нігіліст гэты. Ненавіджу я гэтага лекарчыка; па-мойму ён, проста, шалахвост; я ўпэўнены, што з усімі сваімі жабамі ён і ў фізіцы недалёка зайшоў.
— Не, брат, ты гэтага не кажы: Базараў разумны і ведае.
— І ганарлівасць якая праціўная, — перапыніў ізноў Павел Пятровіч.
— Але, — заўважыў Нікалай Пятровіч: — ён ганарлівы. Але без гэтага, відаць, нельга; толькі вось чаго я зразумець не магу. Здаецца, я ўсё раблю, каб не адстаць ад века: сялян уладзіў, ферму завёў, так што нават мяне па ўсёй губерні чырвоным завуць; чытаю, вучуся, наогул стараюся стаць на ўзровень з сучаснымі патрабаваннямі, — а яны кажуць, што песенька мая спета. Ды што, брат, я сам пачынаю думаць, што яна сапраўды спета.
— Гэта чаму?
— А вось чаму. Сягоння я сяджу ды чытаю Пушкіна… Помніцца, Цыгане мне трапілася… Раптам Аркадзій падходзіць да мяне і, моўчкі, з гэтакім ласкавым шкадаваннем на твары, ціхенька, як у дзіцяці, забраў у мяне кнігу і паклаў перада мною другую, нямецкую… усміхнуўся і пайшоў, і Пушкіна панёс.
— Вось як! Якую-ж ён кнігу табе даў?
— Вось гэту.
І Нікалай Пятровіч выняў з задняй кішэні сурдута добра вядомую брашуру Бюхнера дзевятага выдання.
Павел Пятровіч пакруціў яе ў руках.
— Гм! — прамычэў ён. — Аркадзій Нікалаевіч клапоціцца аб тваім выхаванні. Што-ж, ты спрабаваў чытаць?
— Спрабаваў.
— Ну і што-ж?
— Ці я дурны, ці гэта ўсё — лухта. — Напэўна, я дурны.
— Ды ты па-нямецку не забыўся? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Я па-нямецку разумею.
Павел Пятровіч ізноў пакруціў кнігу ў руках і спадлоба глянуў на брата. Абодва памаўчалі.
— Ага, дарэчы, — пачаў Нікалай Пятровіч, відаць хочучы змяніць гутарку. — Я атрымаў ліст ад Калязіна.
— Ад Мацвея Ільіча?
— Ад яго. Ён прыехаў у *** рэвізаваць губерню. Ён цяпер у тузы вышаў і піша мне, што хоча па-сваяцку пабачыцца з намі і запрашае нас з табой і з Аркадзіем ў горад.
— Ты паедзеш? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Не, а ты?
— І я не паеду. Вельмі патрэбна цягнуцца за пяцьдзесят вёрст кісель есці. Mathieu[12] хоча паказацца нам ва ўсёй сваёй славе; чорт з ім! хопіць з яго губерскага фіміяму, абыйдзецца без нашага. І вялікая важнасць, тайны саветнік! Калі-б я служыў, цягнуў гэту бязглуздую лямку, я-б цяпер быў генерал-ад’ютант. Пры тым-жа мы з табой адстаўныя людзі.
— Але, брат; відаць пара труну заказваць і ручкі складваць крыжам на грудзях, — заўважыў з уздыхам Нікалай Пятровіч.
— Ну, я так хутка не здамся, — прамармытаў яго брат. — У нас яшчэ будзе сутычка з гэтым лекарам, я гэта прадчуваю.
Сутычка адбылася ў той-жа дзень за вячэрнім чаем. Павел Пятровіч сышоў у гасціную ўжо гатовы да бою, расцвелены і рашучы. Ён чакаў толькі поваду, каб накінуцца на ворага, але доўга ўсё не выпадала. Базараў наогул гаварыў мала ў прысутнасці «старычкоў Кірсанавых» (так ён называў абодвух братоў), а ў той вечар ён адчуваў сябе не ў настроі і моўчкі выпіваў кубак за кубкам. Павел Пятровіч увесь гарэў нецярплівасцю; яго жаданні збыліся нарэшце.
Гутарка зайшла пра аднаго з суседніх памешчыкаў.
— Дрэнь, арыстакратык, — роўнадушна заўважыў Базараў, які сустракаўся з ім у Пецербургу.
— Дазвольце ў вас запытацца, — пачаў Павел Пятровіч, і губы яго задрыжэлі: — па вашых паглядах слова: «дрэнь» і «арыстакрат» адно і тое-ж азначаюць?
— Я сказаў «арыстакратык», — прагаварыў Базараў, лена адсёрбваючы глыток чаю.
— Зусім правільна-с; але я думаю, што вы гэтакай-жа думкі аб арыстакратах, як і аб арыстакратыках. Я лічу за абавязак абвясціць вам, што я гэтай думкі не падзяляю. Смею сказаць, мяне ўсе ведаюць за чалавека ліберальнага і які любіць прагрэс; але іменна таму я паважаю арыстакратаў — сапраўдных. Прыгадайце, міласлівы гасудар (пры гэтых словах Базараў узняў вочы на Паўла Пятровіча), прыгадайце, міласлівы гасудар, — паўтарыў ён з разлютаванасцю, — ангельскіх арыстакратаў. Яны не ўступаюць ёты ад правоў сваіх, і таму яны паважаюць правы другіх; яны патрабуюць выканання абавязкаў у дачыненні да іх, і таму яны самі выконваюць свае абавязкі. Арыстакратыя дала волю Англіі і падтрымлівае яе.
— Чулі мы гэту песню шмат разоў, — сказаў на гэта Базараў: — але што вы хочаце гэтым давесці?
— Я эфцім хачу давесці, міласлівы гасудар (Павел Пятровіч, калі злаваў, наўмысля казаў: «эфцім» і «эфто», хоць вельмі добра ведаў, што падобных слоў граматыка не дапускае. У гэтай вычудзе былі рэшткі Александраўскага часу. Тагочасныя тузы, у рэдкіх выпадках, калі гаварылі на роднай мове, ужывалі адны — эфто, другія — эхто: мы, моў, карэнныя русакі, і ў той-жа час мы вяльможы, якім дазваляецца грэбаваць школьныя правілы), я эфцім хачу давесці, што без пачуцця ўласнай вартасці, без павагі да самога сябе — а ў арыстакрату гэтыя пачуцці развіты, — няма ніякай асновы грамадскаму... bien public...[13] грамадскаму будынку. Асоба, міласлівы гасудар, — вось галоўнае; чалавечая асоба павінна быць моцная, як скала, бо на ёй усё будуецца. Я вельмі добра ведаю, напрыклад, што вы маеце ласку лічыць смешнымі мае прывычкі, мой туалет, маю ахайнасць нарэшце, але гэта ўсё выходзіць з пачуцця самапавагі, з пачуцця абавязку, так-с, так-с, абавязку. Я жыву ў вёсцы, у глушы, але я не губляю сябе, я паважаю ў сабе чалавека.
— Дазвольце, Павел Пятровіч, — прамовіў Базараў: — вы вось паважаеце сябе і сядзіце склаўшы рукі; якая-ж ад гэтага карысць для bien public? Вы-б не паважалі сябе і тое-ж бы рабілі.
Павел Пятровіч збялеў.
— Гэта зусім другое пытанне. Мне зусім не прыходзіцца растлумачваць вам цяпер, чаму я сяджу склаўшы рукі, як вы маеце ласку гаварыць. Я хачу толькі сказаць, што арыстакратызм — прынсіп, а без прынсіпаў жыць у наш час могуць адны распусныя і пустыя людзі. Я казаў гэта Аркадзію на другі дзень яго прыезду і паўтараю цяпер вам. Гэтак, Нікалай?
Нікалай Пятровіч кіўнуў галавой.
— Арыстакратызм, лібералізм, прагрэс, прынцыпы, — гаварыў між тым Базараў: — падумаеш, колькі замежных... і бескарысных слоў! Рускаму чалавеку яны задарма не патрэбны.
— Што-ж яму патрэбна па-вашаму! Паслухаць вас, дык мы знаходзімся па-за чалавецтвам, па-за яго законамі. Злітуйцеся, — логіка гісторыі патрабуе...
— Ды на што нам гэта логіка? Мы і без яе абыходзімся.
— Як так?
— Ды гэтак-жа. Вам, я спадзяюся, не патрэбна логіка для таго, каб пакласці сабе кавалак хлеба ў рот, калі вы галодныя. Куды нам да гэтых абстракцый!
Павел Пятровіч узмахнуў рукамі. — Я вас не разумею пасля гэтага. Вы абражаеце рускі народ. Я не разумею, як можна не прызнаваць прынсіпаў, правілаў? У сілу чаго-ж вы дзейнічаеце?
— Я ўжо казаў вам, дзядзечка, што мы не прызнаем аўтарытэтаў, — умяшаўся Аркадзій.
— Мы дзейнічаем у сілу таго, што мы прызнаем карысным, — прамовіў Базараў. — У цяперашні час карысней за ўсё адмаўленне — мы адмаўляем.
— Усё?
— Усё.
— Як? не толькі мастацтва, паэзію... але і... жах вымавіць...
— Усё, — з невымоўным спакоем паўтарыў Базараў.
Павел Пятровіч уставіўся на яго. Ён гэтага не чакаў, а Аркадзій нават пачырванеў ад задавальнення.
— Аднак дазвольце, загаварыў Нікалай Пятровіч. — Вы ўсё адмаўляеце, альбо, кажучы дакладней, вы ўсё разбураеце... Але патрэбна-ж і будаваць.
— Гэта ўжо не наша справа... Спярша трэба месца расчысціць.
— Сучаснае становішча народу гэтага патрабуе, — з важнасцю дадаў Аркадзій: — мы павінны выконваць гэтыя патрабаванні, мы не маем права аддавацца задавальненню асабістага эгаізма.
Гэта апошняя фраза, відаць, не спадабалася Базараву, ад яе тхнула філасофіяй, гэта значыць рамантызмам, бо Базараў і філасофію называў рамантызмам, але ён не палічыў патрэбным пярэчыць свайму маладому вучню.
— Не, не! — ускрыкнуў з раптоўным імпэтам Павел Пятровіч: — я не хачу верыць, што вы, панове, спараўды ведаеце рускі народ, што вы прадстаўнікі яго патрэб, яго імкненняў! Не, рускі народ не гэтакі, якім вы яго ўяўляеце. Ён свята шануе паданні, ён — патрыярхальны, ён не можа жыць без веры...
— Я не стану супроць гэтага спрачацца, — перапыніў Базараў: — я нават гатоў згадзіцца, што ў гэтым ваша праўда.
— А калі мая праўда...
— І ўсё-такі гэта нічога не даводзіць.
— Іменна нічога не даводзіць, — паўтарыў Аркадзій з упэўненасцю спрактыкаванага шахматнага іграка, які прадбачыў выспрабаваны, відаць, ход супраціўніка і таму ані не збянтэжыўся.
— Як нічога не даводзіць? — прамармытаў здзіўлены Павел Пятровіч. — Значыцца, вы ідзеце супроць свайго народу?
— А хоць-бы і так? — выгукнуў Базараў. — Народ думае, што калі гром грыміць, гэта Ілья-прарок у калясніцы па небе раз’язджае. Што-ж? мне згаджацца з ім? Ды прытым — ён рускі, а хіба я сам не рускі?
— Не, вы не рускі пасля ўсяго, што вы зараз сказалі. Я вас за рускага прызнаць не магу.
— Мой дзед зямлю араў, — з напышліваю гордасцю адказаў Базараў. — Спытайцеся ў любога з вашых-жа мужыкоў, у кім з нас, — у вас або ва мне, — ён хутчэй прызнае земляка. Вы і гаварыць з ім не ўмееце.
— А вы гаворыце з ім і пагарджаеце ім у той-жа час.
— Што-ж, калі ён заслугоўвае пагарды? Вы ганіце мой кірунак, а хто вам сказаў, што ён ва мне выпадковы, што ён не выкліканы тым самым народным духам, у імя якога вы так паўстаіце?
— Як-жа! Вельмі патрэбны нігілісты!
— Патрэбны яны, ці не — не нам вырашаць. І вы-ж лічыце сябе не бескарысным.
— Панове, панове, калі ласка без асоб! — ускрыкнуў Нікалай Пятровіч і прыпадняўся.
Павел Пятровіч усміхнуўся і, паклаўшы руку на плячо брату, прымусіў яго ізноў сесці. — Не бойся, — прамовіў ён. — Я не забудуся, іменна ў выніку таго пачуцця годнасці, з якога так жорстка кпіць пан... пан доктар. Дазвольце, — казаў ён далей, звяртаючыся зноў да Базарава, — вы, можа быць, думаеце, што ваша вучэнне навіна? Дарэмна вы гэта ўяўляеце. Матэрыялізм, які вы прапаведваеце, быў ужо не раз у хаду і заўсёды з’яўляўся безгрунтоўным...
— Ізноў замежнае слова! — перапыніў Базараў. Ён пачынаў злаваць, і твар яго набыў мядзяны і грубы колер. — Па-першае, мы нічога не прапаведваем; гэта не ў нашых прывычках...
— Што-ж вы робіце?
— А вось шта мы робім. Раней, у нядаўні яшчэ час мы гаварылі, што чыноўнікі нашы бяруць хабары, што ў нас няма ні дарог, ні гандлю, ні правільнага суда...
— Ну, але, але, вы выкрывальнікі — так, здаецца, гэта называецца. З шмат якімі з вашых выкрыванняў і я згаджаюся, але.
— А потым мы здаўмеліся, што гаварыць, усё толькі гаварыць аб нашых язвах не варта працы, што гэта вядзе толькі да брыдасці і дактрынёрства; мы ўбачылі, што і разумнікі нашы, так званыя перадавыя людзі і выкрывальнікі, нікуды не варты, што мы займаемся лухтою, разважаем аб нейкім мастацтве, несвядомай творчасці, аб парламентарызме, аб адвакатуры і чорт ведае аб чым, калі справа ідзе аб надзённым хлебе, калі самыя грубыя прымхі нас душаць, калі ўсе нашы акцыянерныя таварыствы лопаюцца толькі ад таго, што аказваецца недахоп у сумленных людзях, калі самая воля, аб якой клапоціцца ўрад, бадай ці пойдзе нам на карысць, таму што мужык наш рад самога сябе абакрасці, каб толькі напіцца дурману ў шынку.
— Так, — перапыніў Павел Пятровіч, — так: вы ва ўсім гэтым пераканаліся і вырашылі самі ні за што сур’ёзна не брацца.
— І вырашылі ні за што не брацца, — панура паўтарыў Базараў. Яму раптам стала прыкра на самога сябе, чаго ён так разышоўся перад гэтым барынам.
— А толькі лаяцца?
— І лаяцца.
— І гэта называецца нігілізмам?
— І гэта называецца нігілізмам, — паўтарыў ізноў Базараў, на гэты раз з асаблівай дзёрзкасцю.
Павел Пятровіч злёгку прыжмурыўся.
— Дык вось як! — прамовіў ён дзіўна спакойным голасам. — Нігілізм усяму гору дапамагчы павінен, і вы, вы нашы збавіцелі і героі. Але за што-ж вы другіх, хоць-бы тых-жа выкрывальнікаў, шальмуеце? Ці не гэтак-жа вы балбочаце, як і ўсе?
— Чым другім, а гэтым грахом не грашны, — вымавіў праз зубы Базараў.
— Дык што-ж? вы дзейнічаеце, ці што? Збіраецеся дзейнічаць?
Базараў нічога не адказаў. Павел Пятровіч так і дрогнуў, але зараз-жа авалодаў сабою.
— Гм!.. Дзейнічаць, ламаць... — казаў ён далей. Але як-жа гэта ламаць, не ведаючы нават, нашто?
— Мы ломім, таму што мы сіла, — заўважыў Аркадзій.
Павел Пятровіч паглядзеў на свайго пляменніка і ўсміхнуўся.
— Але, сіла — дык і не думаем аб гэтым, — прагаварыў Аркадзій і выпрастаўся.
— Няшчасны! — залемантаваў Павел Пятровіч; ён зусім ужо не мог далей трываць: — хоць-бы ты падумаў, што ты ў Расіі падтрымліваеш сваёю брыдознаю сентэнцыяй! Не, гэта можа анёла з цярпення вывесці! Сіла! І ў дзікім калмыку, і ў манголе ёсць сіла — ды на што нам яна? — Нам дорага цывілізацыя, так-с, так-с, міласлівы гасудар; нам дораг яе плён. І не кажыце мне, што гэты плён мізэрны: апошні пэцкаль, un barbouilleur[14], тапёр, якому даюць пяць капеек за вечар, і тыя карысней за вас, таму што яны прадстаўнікі цывілізацыі, а не грубай мангольскай сілы! Вы ўяўляеце сябе перадавымі людзьмі, а вам толькі ў калмыцскай кібітцы сядзець! Сіла! Ды ўспомніце нарэшце, паны вялікія, што вас усяго чатыры чалавекі з паловаю, а тых — мільёны, якія не дазволяць вам таптаць нагамі свае найсвяшчэнныя вераванні, якія раздушаць вас!
— Калі раздушаць, туды і дарога, — прамовіў Базараў. — Толькі бабка яшчэ надвое сказала. Нас не так мала, як вы думаеце.
— Як? Вы не жартуючы думаеце зладзіць, зладзіць з цэлым народам?
— Ад капеечнай свечкі, вы ведаеце, Масква згарэла, — адказаў Базараў.
— Так, так. Спярша гордасць амаль шатанская, потым здзек, Вось, вось чым захапляецца моладзь, вось перад чым скараюцца неспрактыкаваныя сэрцы блазнаў! Вось, паглядзіце, адзін з іх побач з вамі сядзіць, — ён-жа ледзь не моліцца на вас, палюбуйцеся. (Аркадзій адвярнуўся і нахмурыўся). І гэта зараз ўжо далёка распаўсюдзілася. Мне казалі, што ў Рыме нашы мастакі ў Ватыкан ні нагой. Рафаэля лічаць ледзь не за дурня, таму што гэта, моў, аўтарытэт; а самі бяссільныя і бясплодныя да брыдасці, а ў саміх фантазія далей «Дзяўчыны каля фантана» не дастае, хоць ты што! І напісана дзяўчына няма горай. Па-вашаму яны малайцы, праўда?
— Па-мойму, — сказаў на гэта Базараў:- Рафаэль меднага гроша не варты; ды і яны не лепш за яго.
— Брава! брава! Слухай, Аркадзій... вось як павінны сучасныя маладыя людзі гаварыць! І як, падумаеш, ім не ісці за вамі! Раней маладым людзям даводзілася вучыцца; не хацелася ім сыйсці за невукаў, дык яны, хочаш-не-хочаш, працавалі. А цяпер ім варта сказаць: усё на свеце лухта! — і справа зроблена. Маладыя людзі ўзрадаваліся. І сапраўды, раней яны проста былі балваны, а цяпер яны раптам сталі нігілісты.
— Вось і здрадзіла вам хвалёнае пачуццё ўласнае вартасці, — флегматычна заўважыў Базараў, між тым як Аркадзій увесь узгарэўся і забліскаў вачыма. — Спрэчка наша зайшла надта далёка... Здаецца, лепш яе спыніць. А я тады буду гатоў згадзіцца з вамі, — дадаў ён, устаючы, — калі вы выставіце мне хоць адну пастанову ў сучасным нашым быце у сямейным альбо грамадскім, якая-б не выклікала поўнага і бязлітаснага адмаўлення.
— Я вам мільёны такіх пастаноў выстаўлю, — ускрыкнуў Павел Пятровіч: — мільёны! Ды вось, хоць абшчына, напрыклад.
Халодная ўсмешка скрывіла губы Базарава. — Ну, наконт абшчыны, — прамовіў ён, — пагаварыце лепш з вашым братам. Ён цяпер, здаецца, зазнаў на справе, што такое абшчына; кругавая парука, цвярозасць і да таго падобныя штучкі.
— Сям’я, нарэшце, сям’я, так як яна існуе ў нашых сялян! — закрычаў Павел Пятровіч.
— І гэта пытанне, я думаю, лепш для вас-жа саміх не разбіраць падрабязна. Вы, спадзяюся, чулі пра снахачоў? Паслухайце мяне, Павел Пятровіч, дайце сабе дзянькі два тэрміну, адразу вы бадай ці што-небудзь знойдзеце. Перабярыце ўсе нашы саслоўі, ды падумайце добра над кожным, а мы пакуль з Аркадзіем будзем...
— З усяго здзеквацца, — падхапіў Павел Пятровіч.
— Не, жаб рэзаць. Пойдзем, Аркадзій; да спаткання, панове!
Абодва прыяцелі вышлі. Браты засталіся адны і спярша толькі паглядалі адзін на аднаго.
— Вось, — пачаў нарэшце Павел Пятровіч: — вось вам цяперашняя моладзь! Вось яны — нашы наследнікі!
— Наследнікі, — паўтарыў з сумным уздыхам Нікалай Пятровіч. Ён на працягу ўсяе спрэчкі сядзеў, як на вугаллі, і толькі крадком, балесна кідаў погляды на Аркадзія. — Ведаеш, што я ўспомніў, брат? Аднойчы я з нябожчыцай-матушкай пасварыўся: яна крычала, не хацела мяне слухаць... Я, нарэшце, сказаў ёй, што вы, моў, мяне зразумець не можаце: мы, моў, належым да двух розных пакаленняў. Яна страшэнна пакрыўдзілася, а я падумаў: што рабіць? Пілюля горкая — а праглынуть яе трэба. Вось цяпер надышла наша чарга, і нашы наследнікі могуць сказаць нам; вы, моў, не нашага пакалення, глытайце пілюлю.
— Ты ўжо праз меру добрасэрды і сціплы, — сказаў на гэта Павел Пятровіч: — я, наадварот, упэўнены, што ў нас з табой куды больш праўды, як у гэтых панкоў, хоць выказваемся, можа быць, крыху застарэлай мовай, vieilli[15], і не маем той дзёрзкаснай саманадзейнасці... І такая надзьмутая гэта цяперашняя моладзь! Спытаемся ў каторага, якога віна вы хочаце, чырвонага ці белага? «Я не маю прывычку аддаваць перавагу чырвонаму!» адказвае ён басам і з такім важным тварам, як быццам уся сусветная глядзіць на яго ў гэты момант...
— Вы больш чаю не хочаце? — прамовіла Фенічка, прасунуўшы галаву ў дзверы: яна не адважылася ўвайсці ў гасціную, пакуль у ёй чуліся галасы спрэчак.
— Не, ты можаш загадаць прыняць самавар, — адказаў Нікалай Пятровіч і падняўся да яе насустрач. Павел Пятровіч адрывіста сказаў яму: bon soir[16] і пайшоў да сябе ў габінет.
Праз поўгадзіны Нікалай Пятровіч адправіўся ў сад у сваю любімую альтанку. На яго найшлі смутныя думы. Упершыню ён ясна ўсведамляў сваё разыходжанне з сынам; ён прадчуваў, што з кожным днём яно будзе рабіцца ўсё больш і больш. Значыцца, дарэмна ён, бывала, зімою ў Пецербургу цэлымі днямі праседжваў над навейшымі творамі; дарэмна прыслухоўваўся да гутарак маладых людзей, дарэмна радаваўся, калі яму ўдавалася ўставіць і сваё слова ў іх кіпучыя прамовы. «Брат кажа, што наша праўда, — думаў ён, — і адкінуўшы ўсякую ганарлівасць убок, мне самому здаецца, што яны далей ад ісціны, чым мы, а ў той-жа час я адчуваю, што за імі ёсць нешта, чаго мы не маем, нейкая перавага над намі... Маладосць? Не: не адна толькі маладосць. Ці не ў тым гэта і перавага, што ў іх менш слядоў панства, як у нас?»
Нікалай Пятровіч панурыў галаву і правёў рукою па твары.
«Але адмаўляць паэзію? — падумаў ён ізноў; — не спрыяць мастацтву, прыродзе...»
І ён паглядзеў навокал, як-бы хочучы зразумець, як можна не спрыяць прыродзе. Ужо вечарэла; сонца схавалася за ненялічкі асіннік, які быў за поўвярсты ад саду: цень ад яго без канца цягнуўся праз нерухомыя палі. Мужычок ехаў трушком на белым коніку па цёмнай, вузкай дарожцы ўдоўж самога асінніка: ён увесь быў ясна відзён, увесь, да латкі на плячы, дарма што ехаў у цяні; прыемна-выразіста мільгалі ногі коніка. Сонечныя праменні з свайго боку забіраліся ў асіннік і, прабіваючыся праз гушчэчу, аблівалі ствалы асін такім цёплым святлом, што яны рабіліся падобныя на ствалы сосен, а лісце іх амаль сінела, і над ім узнімалася бледна-блакітнае неба, ледзь абрумяненае зарою. Ластаўкі лёталі высока; вецер зусім замёр; запозненыя пчолы лена і санліва гулі ў кветках бэзу; мошкі таўкліся слупам над адзінокаю, далёка прасцертаю галінаю. «Як добра, божа мой!» падумаў Нікалай Пятровіч, і любімыя вершы прышлі былі яму на вусны: ён успомніў Аркадзія, Stoff und Kraft — і змоўк, але ўсё сядзеў, ўсё аддаваўся гораснай і прыемнай гульні адзінокіх дум. Ён любіў памарыць; вясковае жыццё развіло ў ім гэту здатнасць. Ці даўно ён гэтак-жа марыў, чакаючы сына на пастаялым дварку, а з той пары ўжо адбылася змена, ужо вызначаліся, тады яшчэ няясныя, адносіны... і як! Паўстала перад ім ізноў нябожчыца-жонка, але не такою, якою ён яе ведаў на працягу шмат гадоў, не дамавітаю, добраю гаспадыняй, а маладою дзяўчынай з тонкім станам, нявінна-дапытлівым поглядам і туга закручанаю касою над дзіцячай шыйкаю. Успомніў ён, як убачыў яе першы раз. Ён быў тады яшчэ студэнтам. Ён сустрэў яе на лесніцы кватэры, у якой ён жыў, і, знячэўку таўхнуўшы яе, павярнуўся, хацеў папрасіць прабачэння і толькі мог прамармытаць: «pardon, monsieur»[17], а яна нахіліла галаву, усміхнулася, і раптам як быццам спалохалася і пабегла, а на павароце лесніцы шпарка глянула на яго, зрабіла сур’ёзны выгляд і пачырванела. А потым першыя нясмелыя наведванні, поўсловы, поўсмешкі, і неўразуменне, і журба, і парыванні, і нарэшце гэта заходлівая радасць... Куды гэта ўсё адляцела? Яна стала яго жонкаю, ён быў шчаслівы, як мала хто на зямлі... «Але, — думаў ён: — тыя слодычныя, першыя моманты, чаму-б не жыць ім вечным, неўмірушчым жыццём?»
Ён не стараўся асвятліць самому сабе сваю думку, але ён адчуваў, што яму хацелася ўтрымаць той шчаслівы час чым-небудзь больш магутным, як памяць — яму хацелася зноў чуць блізка сваю Марыю, адчуць яе цеплыню і дыханне, і яму ўжо трызнілася, як быццам над ім...
— Нікалай Пятровіч, — пачуўся блізка каля яго голас Фенічкі, — дзе вы?
Ён здрыгануўся. Яму не зрабілася ні балюча, ні сорамна... Ён не дапускаў нават магчымасці параўнання паміж жонкаю і Фенічкаю, але ён пашкадаваў аб тым, што яна ўздумала яго шукаць. Яе голас адразу напомніў яму, яго сівыя валасы, яго старасць, яго цяперашняе...
Чароўны свет, у які ён ужо ўваходзіў, які паўставаў ужо з туманных хваляў мінулага, варухнуўся і знік.
— Я тут, — адказаў ён: — я прыду, ідзі. «Вось яны, сляды панства», мільганула ў яго ў галаве. Фенічка моўчкі глянула да яго ў альтанку і знікла; а ён з здзіўленнем заўважыў, што ноч паспела надыйсці з той пары, як ён замарыўся. Усё пацямнела і заціхла навакол, і твар Фенічкі слізнуў перад ім такі бледны і маленькі. Ён прыпадняўся і хацеў вярнуцца дамоў; але размякчанае сэрца не магло супакоіцца ў яго грудзях, і ён пачаў павольна хадзіць па садзе, то задуменна гледзячы сабе пад ногі, то ўзнімаючы вочы ў неба, дзе ўжо роіліся і пераміргваліся зоры. Ён хадзіў шмат, амаль да стомленасці, а трывога ў ім, нейкая шукаючая, няпэўная, сумная трывога, усё не ўнімалася. О, як Базараў пасмяяўся-б з яго, калі-б ён даведаўся, што ў ім тады адбывалася! Сам Аркадзій асудзіў-бы яго. У яго, у саракачатырохгадовага чалавека, агранома і гаспадара, находзілі слёзы, беспрычынныя слёзы; гэта было ў сто разоў горш за віяланчэль.
Нікалай Пятровіч усё хадзіў і не мог адважыцца ўвайсці ў дом, у гэта мірнае і ўтульнае гняздо, якое так прыветна глядзела на яго ўсімі сваімі асветленымі вокнамі, ён не меў сілы расстацца з цемраддзю, з садам, з адчуваннем свежага паветра на твары, і з гэтаю журбою, з гэтаю трывогаю...
На павароце дарожкі сустрэўся яму Павел Пятровіч.
— Што з табою? — пытаўся ён у Нікалая Пятровіча: — ты бледны, як прывід; ты нездаровы; чаму ты не кладзешся?
Нікалай Пятровіч растлумачыў яму ў кароткіх словах свой душэўны стан і пайшоў. Павел Пятровіч дайшоў да канца саду, і таксама задумаўся, і таксама ўзняў вочы ў неба. Але ў яго прыгожых цёмных вачах не адлюстравалася нічога, акрамя святла зор. Ён не быў народжаны рамантыкам, і не ўмела марыць яго шчогальска-сухая і палкая, на французскі лад мізантрапічная душа...
— Ці ведаеш што? — гаварыў у тую-ж ноч Базараў Аркадзію. — Мне ў галаву прышла надзвычайная думка. Твой бацька гаварыў сягоння, што ён атрымаў запрашэнне ад гэтага вашага знатнага сваяка. Твой бацька не паедзе; махнём мы з табой у ***; гэты-ж пан і цябе кліча. Бачыш, якое зрабілася тут надвор’е; а мы праедземся, горад паглядзім. Пабавімся дзён пяць-шэсць, і годзе!
— А адтуль ты вернешся сюды?
— Не, трэба да бацькі праехаць. Ты ведаеш, ён ад *** за трыццаць вёрст. Я яго даўно не бачыў, і матку таксама; трэба старых парадаваць. Яны ў мяне людзі добрыя, асабліва бацька: вельмі пацешны. Я-ж у іх адзін.
— І доўга ты ў іх прабудзеш?
— Не думаю. Бадай, нудна будзе.
— А да нас назад па дарозе заедзеш?
— Не ведаю... пагляджу. Ну, так, ці што? Мы рушым!
— Бадай, — лена заўважыў Аркадзій.
Ён у душы вельмі ўзрадаваўся прапанове свайго прыяцеля, але палічыў за абавязак стаіць сваё пачуццё. Недарма-ж ён быў нігіліст.
На другі дзень ён паехаў з Базаравым у ***. Моладзь у Мар’іне пашкадавала аб іх ад’ездзе; Дуняша нават трохі заплакала... але старычкам уздыхнулася лёгка.
Горад ***, куды накіраваліся нашы прыяцелі, знаходзіўся пад ведамам губернатара з маладых, прагрэсіста і дэспата, як гэта скрозь бывае на Русі. Ён на працягу першага года свайго кіравання паспеў перасварыцца не толькі з губерскім прэдвадзіцелем, адстаўным гвардыі штабс-ротмістрам, конным заводчыкам і хлебасолам, але і з уласнымі чыноўнікамі. Нязгода, якая ўзнялася з гэтага поваду, набыла нарэшце такія памеры, што міністэрства ў Пецербургу палічыла неабходным паслаць давераную асобу з даручэннем разабраць усё на месцы. Выбар начальства паў на Мацвея Ільіча Калязіна, сына таго Калязіна, пад апекаю якога знаходзіліся некалі браты Кірсанавы. Ён быў таксама з «маладых», гэта значыць, яму нядаўна мінула сорак год, але ён ужо меціў у дзяржаўныя людзі і на кожным баку грудзей насіў па звяздзе. Адна, праўда, была замежная, з дрэнненькіх. Як губернатар, якога ён прыехаў судзіць, ён лічыўся прагрэсістам і, будучы ўжо тузом, не быў падобен на большасць тузоў. Ён быў аб сабе самай высокай думкі; фанабэрыстасць яго не ведала межаў, але ён трымаўся проста, глядзеў ухвальна, слухаў выбачліва і так добрадушна смяяўся, што першыя часы мог нават сыйсці за «дзіўнага хлопца». У важных выпадках ён умеў, аднак, як гаворыцца, задаць пылу. «Энергія неабходна», казаў ёй тады «l'énergie est la première qualité d'un homme d'état»[18]; а з усім тым ён звычайна заставаўся ў дурнях, і кожны трохі спрактыкаваны чыноўнік садзіўся на яго верхам. Мацвей Ільіч гаварыў з вялікай павагаю пра Гізо і стараўся намовіць усім і кожнаму, што ён не належыць да ліку рутынёраў і адсталых бюракратаў, што ён не пакідае без увагі ніводнай важнай праявы грамадскага жыцця... Усе падобныя словы былі яму добра вядомы. Ён нават сачыў, праўда, з нядбайнаю веліччу, за развіццём сучаснай літаратуры; так дарослы чалавек, сустрэўшы на вуліцы працэсію хлапчукоў, часам далучаецца да яе. Па сутнасці, Мацвей Ільіч недалёка адышоў ад тых дзяржаўных мужоў Александраўскага часу, якія, рыхтуючыся ісці на вечар да пані Свечынай, што жыла тады ў Пецербургу, прачытвалі раніцою старонку з Кандыльяка; толькі прыёмы ў яго былі другія, больш сучасныя. Ён быў спрытны прыдворны, вялікі хітрун і больш нічога; у справах толку не ведаў, розуму не меў, а ўмеў весці свае ўласныя справы; тут ужо ніхто не мог яго асядлаць, а гэта-ж — галоўнае.
Мацвей Ільіч прыняў Аркадзія з уласцівай асвечанаму саноўніку добрадушнасцю, скажам больш, — з гуллівасцю. Ён аднак здзівіўся, калі даведаўся, што запрошаныя ім сваякі асталіся ў вёсцы. «Дзівак быў твой папа заўсёды», заўважыў ён, падкідаючы кутасы свайго пышнага аксамітнага шлафрока, і раптам, звярнуўшыся да маладога чыноўніка ў зашпіленым з дбайнай прыстойнасцю віц-мундзіры, выгукнуў з заклапочаным выглядам: «чаго?» Малады чалавек, у якога ад доўгага маўчання зліпліся губы, прыпадняўся і, не разумеючы, паглядзеў на свайго начальніка. Але, збіўшы з панталыку падначаленага, Мацвей Ільіч ужо не звяртаў на яго ўвагі. Саноўнікі нашы наогул любяць збіваць з панталыку падначаленых; спосабы, да якіх яны зварачаюцца для дасягнення гэтай мэты, даволі рознастайныя. Наступны спосаб, між іншым, вельмі ўжываецца, «is quite a favorite»[19], як кажуць ангельцы: саноўнік раптам перастае разумець самыя простыя словы, глухату на сябе напускае. Ён спытаецца, напрыклад: які сягоння дзень?
Яму найпачцівей дакладваюць: «пятніца сягоння, ваша с… с… с…ства».
— А? што? Што такое? Што вы кажаце? — напружана паўтарае саноўнік.
— Сягоння пятніца, ваша с… с…ства.
— Як? Што? Што такое пятніца? Якая пятніца?
— Пятніца, ваша с… ссс… ссс…ства, дзень у тыдні.
— Ну-у, ты вучыць мяне ўздумаў?
Мацвей Ільіч усё-такі быў саноўнік, хоць і лічыўся лібералам.
— Я раю табе, друг мой, з’ездзіць з візітам да губернатара, — сказаў ён Аркадзію: — ты разумееш, я табе гэта раю не таму, каб я прытрымліваўся старасвецкіх поглядаў аб неабходнасці ездзіць да людзей улады на паклон, а проста таму, што губернатар — прыстойны чалавек; пры тым-жа ты, напэўна, маеш жаданне пазнаёміцца з тутэйшым кругам... Ты-ж не мядзведзь, спадзяюся? А ён паслязаўтра дае вялікі баль.
— Вы будзеце на гэтым балі? — спытаўся Аркадзій.
— Ён для мяне яго наладжвае, — прагаварыў Мацвей Ільіч амаль з шкадаваннем. — Ты танцуеш?
— Танцую, толькі дрэнна.
— Гэта дарэмна. Тут ёсць харошанькія, ды і маладому чалавеку сорамна не танцаваць. Ізноў-такі я гэта кажу не з старасвецкіх поглядаў; я зусім не думаю, што розум павінен знаходзіцца ў нагах, але байранізм смешны, il a fait son temps[20].
— Ды я, дзядзечка, зусім не з байранізма, не...
— Я пазнаёмлю цябе з тутэйшымі панямі, я бяру цябе пад сваё крылка, — перапыніў Мацвей Ільіч і самаздаволена засмяяўся. — Табе цёпла будзе, га?
Слуга ўвайшоў і далажыў аб прыездзе старшыні казённай палаты, салодкавокага старыка з зморшчанымі губамі, які надзвычай любіў прыроду, асабліва ў летні дзень, калі, паводле яго слоў: «кожная пчолка з кожнай кветачкі бярэ ўзятачку..» Аркадзій вышаў.
Ён застаў Базарава ў карчме, дзе яны спыніліся, і доўга яго ўпрашаў пайсці да губернатара. «Няма чаго рабіць! — сказаў нарэшце Базараў, — узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Прыехалі глядзець памешчыкаў, давай іх глядзець!» Губернатар прыняў маладых людзей прыветна, але не пасадзіў іх і сам не сеў. Ён вечна мітусіўся і спяшаўся; з раніцы апранаў цесны віц-мундзір і надзвычай тугі гальштук, не даядаў і не дапіваў, усё распараджаўся. Яго ў губерні празвалі Бурдалу, намякаючы тым не на вядомага французскага прапаведніка, а на бурду. Ён запрасіў Кірсанава і Базарава да сябе на баль і праз дзве хвіліны запрасіў іх другі раз, лічачы іх ужо братамі і называючы іх Кайсаравымі.
Яны ішлі да сябе дамоў ад губернатара, як раптам, з праязджаючых міма дрожак, выскачыў чалавек невялікага росту, у славянафільскай венгерцы, і з крыкам: «Еўгеній Васільевіч!» кінуўся да Базарава.
— А! гэта вы, гер Сітнікаў, — прагаварыў Базараў, не спыняючыся ісці па тратуары: — якім чынам?
— Уявіце, зусім выпадкова, — адказаў той, і, павярнуўшыся да дрожак, махнуў разоў пяць рукой і закрычаў: — ідзі за намі, ідзі! — У майго бацькі туту справа, — казаў ён далей, пераскокваючы праз канаўку: — ну, дык ён мяне прасіў... Я сягоння даведаўся аб вашым прыездзе і ўжо быў у вас... (Сапраўды, прыяцелі, вярнуўшыся да сябе ў нумар, знайшлі там картачку з загнутымі рагамі і з імем Сітнікава на адным баку па-французску, на другім — славянскай вяззю). Я спадзяюся, вы не ад губернатара?
— Не спадзявайцеся, мы проста ад яго.
— А ў такім выпадку і я да яго пайду... Еўгеній Васільевіч, пазнаёмце мяне з вашым... з імі...
— Сітнікаў, Кірсанаў, прабурчэў, не спыняючыся, Базараў.
— Мне вельмі прыемна, — пачаў Сітнікаў, выступаючы бокам, ухмыляючыся і спешна сцягваючы свае ўжо праз меру элегантныя пальчаткі. Я вельмі шмат чуў... Я даўні знаёмы Еўгенія Васільевіча і магу сказаць — яго вучань. Я яму абавязаны маім перараджэннем.
Аркадзій паглядзеў на базараўскага вучня. Трывожны і бязглузды выраз быў у маленькіх, аднак, прыемных рысах яго прылізанага твара; невялікія, нібы ўціснутыя вочы глядзелі пільна і непакойна, і смяяўся ён непакойна: нейкім кароткім, драўляным смехам.
— Ці паверыце, — казаў ён: — што калі пры мне Еўгеній Васільевіч першы раз сказаў, што не трэба прызнаваць аўтарытэтаў, я адчуў такую радасць... нібы ўбачыў свет! Вось, падумаў я, нарэшце знайшоўся чалавек! Дарэчы, Еўгеній Васільевіч, вам абавязкова патрэбна схадзіць да адной тутэйшай дамы, якая зусім можа зразумець вас, і для якой ваша завітанне будзе цэлым святам; вы, я думаю, чулі пра яе?
— Хто такая? — вымавіў знехаця Базараў.
— Кукшына, Eudoxie[21], Еўдаксія Кукшына, Гэта — выдатная натура, emancipee[22] ў сапраўдным сэнсе слова, перадавая жанчына. Знаеце што? Пойдземце цяпер да яе ўсе разам. Яна жыве адсюль за два крокі. Мы там паснедаем. Вы-ж яшчэ не снедалі?
— Не яшчэ.
— Ну, і вельмі добра. Яна, вы разумееце, раз’ехалася з мужам, ні ад каго не залежыць.
— Харошанькая яна? — перапыніў Базараў.
— Н... не, гэтага нельга сказаць.
— Дык для якога-ж д’ябла вы нас да яе клічаце?
— Ну, жартаўнік, жартаўнік... яна нам бутэльку шампанскага паставіць.
— Вось як! Зараз відаць практычны чалавек. Дарэчы, ваш бацюхна ўсё па адкупах?
— Па адкупах, — хапатліва прагаварыў Сітнікаў і вераскліва засмяяўся. — Што-ж? згода?
— Не ведаю, сапраўды.
— Ты хацеў людзей глядзець, ідзі, — заўважыў у поўголас Аркадзій.
— А вы што-ж, пан Кірсанаў, — падхапіў Сітнікаў. — Калі ласка і вы, без вас нельга.
— Ды як-жа гэта мы ўсе разам навалімся?
— Нічога, Кукшына — чалавек дзівосны.
— Бутэлька шампанскага будзе? — спытаў Базараў.
— Тры! — ускрыкнуў Сітнікаў. — За гэта я ручаюся.
— Чым?
— Уласнай галавою.
— Лепш-бы машною бацюхны. А, урэшце, пойдзем.
Невялікі дваранскі дамок на маскоўскі манер, у якім пражывала Аўдоц’я Нікіцішна, альбо Еўдаксія Кукшына, знаходзіўся на адной з нова-выгараўшых вуліц горада ***; вядома, што нашы губерскія гарады гараць праз кожныя пяць гадоў. Каля дзвярэй, над крыва прыбітаю візітнаю карткаю, віднелася ручка званка, і ў пярэдняй сустрэла прышоўшых ні то служанка, ні то кампан’ёнка ў чапцы, — яўныя адзнакі прагрэсіўных імкненняў гаспадыні. Сітнікаў спытаўся, ці дома Аўдоц’я Нікіцішна.
— Гэта вы, Victor[23]? — пачуўся тонкі голас з суседняга пакоя. — Уваходзьце.
Жанчына ў чапцы зараз-жа знікла.
— Я не адзін, — прамовіў Сітнікаў, зухліва скідаючы сваю венгерку, пад якою аказалася нешта накшталт паддзёўкі альбо паліто-сака, і кідаючы спрытны позірк Аркадзію і Базараву.
— Усёроўна, — адказаў голас. — Entrez[24].
Маладыя людзі ўвайшлі. Пакой, у якім яны апынуліся, быў падобен хутчэй на рабочы габінет, чым на гасціную. Паперы, лісты, тоўстыя нумары рускіх часопісаў, у большасці неразрэзаныя, валяліся па запыленых сталах; усюды бялелі раскіданыя недакуркі папярос. На скураной канапе ляжала дама, яшчэ маладая, бялявая, крыху растропаная, у шаўковым, не зусім ахайным, плацці, з буйнымі бранзалетамі на кароценькіх руках і мярэжнаю наміткаю на галаве. Яна ўстала з канапы і, нядбайна нацягваючы сабе на плечы аксамітную шубку на пажаўцелым гарнастаі, лена прамовіла: — Добры дзень, Victor, — і паціснула Сітнікаву руку.
— Базараў, Кірсанаў, — прагаварыў ён адрывіста, пераймаючы Базарава.
— Міласці просім, — адказала Кукшына і, уставіўшы на Базарава свае круглыя вочы, паміж якімі сіратліва чырванеў драбнюткі ўзняты носік, дадала: — я вас ведаю, — і паціснула яму руку таксама.
Базараў паморшчыўся, У маленькай і непрыгляднай фігурцы эманцыпіраванай жанчыны не было нічога брыдкага; але выраз яе твара непрыемна дзейнічаў на гледача. Мімаволі хацелася спытацца ў яе: «Што ты, галодная? Альбо нудзішся? Альбо палохаешся? Чаго ты пружышся?» І ў яе, як у Сітнікава, вечна скрэбла на душы. Яна гаварыла і рухалася вельмі развязна і ў той-жа час няёмка: яна, напэўна, сама сябе лічыла за добрадушную і простую істоту, і між тым, што-б яна ні рабіла, вам заўсёды здавалася, што яна іменна гэта вось і не хацела зрабіць; усё ў яе выходзіла, як дзеці кажуць, — наўмысля, гэта значыць няпроста, ненатуральна.
— Але, але, я ведаю вас, Базараў, — паўтарыла яна. (За ёй вадзілася прывычка, уласцівая шмат каму з правінцыяльных і маскоўскіх дам, — з першага дня знаёмства зваць мужчын па прозвішчу). — Хочаце сігару?
— Сігарку сігаркай, — падхапіў Сітнікаў, які паспеў разваліцца ў крэсле і задраць нагу ўгору: — а дайце нам паснедаць. Мы страшэнна галодныя; ды загадайце нам паднесці бутэлечку шампанскага.
— Сібарыт, — прамовіла Еўдаксія і засмяялася. (Калі яна смяялася, яе верхняя дзясна агалялася над зубамі). Праўда, Базараў, ён сібарыт?
— Я люблю камфорт жыцця, — сказаў з важнасцю Сітнікаў. — Гэта не перашкаджае мне быць лібералам.
— Не, гэта перашкаджае, перашкаджае! — ускрыкнула Еўдаксія і загадала аднак сваёй прыслужніцы распарадзіцца і наконт снедання, і наконт шампанскага. — Як вы пра гэта думаеце? — дадала яна, звяртаючыся да Базарава. — Я ўпэўнена, вы падзяляеце маю думку.
— Ну, не, — запярэчыў Базараў: — кавалак мяса лепш за кавалак хлеба, нават з хімічнага пункту гледжання.
— А вы займаецеся хіміяй? Гэта мая страсць. Я нават сама выдумала адну масціку.
— Масціку? вы?
— Але, я. А ці ведаеце, — з якою мэтаю? Лялькі рабіць, галоўкі, каб не ламаліся. Я-ж таксама практычная. Але ўсё яшчэ не гатова. Трэба яшчэ Лібіха[25] пачытаць. Дарэчы, чыталі вы артыкул Кіслякова аб жаночай працы ў Маскоўскіх Ведамасцях? Прачытайце, калі ласка. Вас-жа цікавіць жаночае пытанне? І школы таксама? Чым ваш прыяцель займаецца? Як завуць?
Пані Кукшына кідала свае пытанні адно за другім з распешчанай нядбайнасцю, не чакаючы адказаў; збалованыя дзеці так гавораць з сваімі нянькамі.
— Мяне завуць Аркадзій Нікалаевіч Кірсанаў, — прагаварыў Аркадзій: — і я нічым не займаюся.
Еўдаксія зарагатала. — Вось гэта міла! Што, вы не курыце? Віктар, вы ведаеце, я на вас сярдзітая.
— За што?
— Вы, кажуць, ізноў пачалі хваліць Жорж Санда. Адсталая жанчына — і больш нічога! Як можна параўнаць яе з Эмерсонам[26]! Яна ніякіх ідэй не мае ні аб выхаванні, ні аб фізіялогіі, ні аб чым. Яна, я ўпэўнена, і не чула аб эмбрыялогіі, а ў наш час як вы хочаце без гэтага? (Еўдаксія нават рукі расставіла). Ах, які дзіўны артыкул з гэтага поваду напісаў Елісевіч! Гэта геніяльны пан! (Еўдаксія заўсёды ўжывала слова «пан» заместа «чалавек»). Базараў, сядзьце каля мяне на канапу. Вы, можа быць, не ведаеце, я страшэнна вас баюся.
— Гэта чаму? Дазвольце пацікавіцца.
— Вы небяспечны пан; вы такі крытык. Ах, божа мой! — мне смешна, я гавару, як якая-небудзь стэпавая памешчыца. Урэшце, я сапраўды памешчыца. Я сама маёнткам кірую, і, уявіце, у мяне стараста Ерафей — дзіўны тып, быццам Патфайндэр Купера[27], нешта такое ў ім непасрэднае. Я зусім асела тут; брыдкі горад, праўда? Але што рабіць?
— Горад як горад, — з халодным спакоем заўважыў Базараў.
— Усё такія дробныя інтарэсы, — вось што жудасна! Раней я зімамі жыла ў Маскве... але цяпер там знаходзіцца мой добрадзейны муж, мас’ё Кукшын. Ды і Масква цяпер... ужо я не ведаю — таксама ўжо не тое. Я думаю з’ездзіць за мяжу; я ў мінулым годзе ўжо зусім была сабралася.
— У Парыж, зразумела? — спытаўся Базараў.
— У Парыж і ў Гейдэльберг.
— Чаму ў Гейдэльберг?
— Злітуйцеся, там Бунзен!
На гэта Базараў нічога не знайшоў адказаць.
— Pierre[28] Сапожнікаў... вы яго ведаеце?
— Не, не ведаю.
— Злітуйцеся, Pierre Сапожнікаў... ён яшчэ заўсёды ў Лідзіі Хастатавай бывае.
— Я і яе не ведаю.
— Ну вось, ён узяўся мяне праважаць... Дзякуй богу, я свабодная, у мяне няма дзяцей... Што гэта я сказала: дзякуй богу! Урэшце, гэта ўсёроўна.
Еўдаксія скруціла папяросу сваімі пабурэлымі ад табаку пальцамі, правяла па ёй языком, пасмактала яе і закурыла. Увайшла прыслужніца з падносам.
— А, вось і снеданне! Хочаце закусіць? Віктар, адкаркуйце бутэльку; гэта па вашай часці.
— Па маёй, па маёй, — прамармытаў Сітнікаў і зноў вераскліва засмяяўся.
— Тут ёсць харошанькія жанчыны? — спытаўся Базараў, дапіваючы трэцюю чарку.
— Ёсць, — адказала Еўдаксія: — ды ўсе яны такія пустыя. Напрыклад mon ami[29] Одзінцова — нябрыдкая. Шкада, што рэпутацыя ў яе нейкая... Урэшце, гэта-б нічога, але ніякай вольнасці поглядаў, ніякай шырыні, нічога... гэтага. Усю сістэму выхавання патрэбна змяніць. Я пра гэта ўжо думала; нашы жанчыны вельмі дрэнна выхаваны.
— Нічога вы з імі не зробіце, — падхапіў Сітнікаў. — Імі варта пагарджаць, і я імі пагарджаю, цалкам і поўнасцю! (Магчымасць пагарджаць і выказваць сваю пагарду было самым прыемным адчуваннем для Сітнікава; ён асабліва нападаў на жанчын, не падазраючы таго, што яму мелася некалькі месяцаў потым поўзаць перад сваёй жонкай, таму толькі, што яна была ўраджоная князёўна Дурдалесава.) Ні адна з іх не змагла-б зразумець нашу гутарку; ні адна з іх не варта таго, каб мы, сур’ёзныя мужчыны, гаварылі пра яе.
— Ды ім зусім не трэба разумець нашу гутарку, — прамовіў Базараў.
— Пра каго вы гаворыце? — умяшалася Еўдаксія.
— Пра харошанькіх жанчын.
— Як? Вы, значыцца, падзяляеце думку Прудона!
Базараў напышліва выпрастаўся. — Я нічыіх думак не падзяляю: я маю свае.
— Далоў аўтарытэты! — закрычаў Сітнікаў, узрадаваўшыся выпадку рэзка выразіцца ў прысутнасці чалавека, перад якім упадаў.
— Але сам Макалей, — пачала было Кукшына.
— Далоў Макалея! — загрымеў Сітнікаў. — Вы заступаецеся за гэтых бабёнак?
— Не за бабёнак, а за правы жанчын, якія я паклялася абараняць да апошняй кроплі крыві.
— Далоў! — Але тут Сітнікаў спыніўся. — Ды я іх не адмаўляю, — прамовіў ён.
— Не, я бачу, вы славянафіл!
— Не, я не славянафіл, хоць канешне...
— Не, не, не! Вы славянафіл. Вы паслядоўца Дамастроя. Вам-бы плётку ў рукі!
— Плётка — справа добрая, — заўважыў Базараў: — толькі ў мы вось дабраліся да апошняй кроплі...
— Чаго? — перапыніла Еўдаксія.
— Шампанскага, шаноўнейшая Аўдоц’я Нікіцішна, — шампанскага, не вашай крыві.
— Я не магу чуць роўнадушна, калі нападаюць на жанчын, — казала далей Еўдаксія. — Гэта жудасна, жудасна. Заместа таго, каб нападаць на іх, прачытайце лепш кнігу Мішле: De l'amour[30]. Гэта дзівоснасць! Панове, будземце гаварыць пра каханне, — дадала Еўдаксія, млосна ўпусціўшы руку на змятую падушку канапы.
Настала раптоўна маўчанне.
— Не, нашто гаварыць пра каханне, — прамовіў Базараў: — а вось вы спамянулі пра Одзінцову... Гэтак, здаецца, вы яе назвалі? Хто гэта пані?
— Любата, любата! — запішчэў Сітнікаў. — Я вас пазнаёмлю. Разумніца, багачка, удава. На жаль, яна яшчэ не даволі развітая: ёй-бы трэба з нашаю Еўдаксіяю бліжэй пазнаёміцца. П’ю за ваша здароўе, Eudoxie! Чокнемся! «Et toc, et toc, et tin-tin-tin! Et toc, et toc, et tin-tin-tin!![31]»
— Victor, вы балаўнік.
Снеданне цягнулася доўга. За першай бутэлькай шампанскага пайшла другая, трэцяя і нават чацвертая... Еўдакія лапатала без сціхання; Сітнікаў ёй дапамагаў. Шмат гаварылі яны пра тое, што такое шлюб — прыхамаць ці злачынства, — і якія родзяцца людзі — аднолькавыя ці не? і ў чым, уласна, індывідуальнасць? Справа дайшла, нарэшце, да таго, што Еўдаксія, уся чырвоная ад выпітага віна і стукаючы плюскатымі пазногцямі па клавішах расстроенага фартэпіяна, пачала пець сіплым голасам спярша цыганскія песні, потым раманс Сеймур-Шыфа: «Дрэмле сонная Гранада», а Сітнікаў павязаў галаву шарфам і ўдаваў заміраўшага любоўніка, пры словах:
И уста твои с моими |
Аркадзій не вытрымаў нарэшце. «Панове, ужо гэта нешта на Бедлам[32] падобна стала», заўважыў ён уголас. Базараў, які толькі зрэдку ўстаўляў у гутарку кплівае слова — ён займаўся больш шампанскім — моцна пазяхнуў, устаў і, не развітваючыся з гаспадыняй, вышаў вон разам з Аркадзіем. Сітнікаў усхапіўся ўслед за імі.
— Ну што, ну што? — пытаўся ён, лісліва забягаючы то справа, то злева. — Я-ж казаў вам: выдатная асоба! Вось якіх-бы нам жанчын паболей! Яна ў сваім родзе — высока маральная з’ява.
— А гэта зявядзенне твайго бацькі — таксама маральная з’ява? — прамовіў Базараў, ткнуўшы пальцам на шынок, міма якога яны ў гэты момант праходзілі.
Сітнікаў зноў засмяяўся з віскам. Ён вельмі сароміўся свайго паходжання, і не ведаў, ці адчуваць яму сябе пайльшчоным ці пакрыўджаным ад нечаканага тыкання Базарава.
Праз некалькі дзён адбыўся баль у губернатара. Мацвей Ільіч быў сапраўдным «героем свята», губерскі прэдвадзіцель абвясціў усім і кожнаму, што ён прыехаў уласна з павагі да яго, а губернатар нават і на балі, нават застаючыся нерухомым, усё «распараджаўся». Мяккасць у абыходжанні Мацвея Ільіча магла раўняцца толькі з яго велічнасцю. Ён прыласкоўваў усіх — адных з адценнем гідлівасці, другіх з адценнем павагі; рассыпаўся «en vrai chevalier français[33]» перад дамамі і безупынна смяяўся буйным, гучным і адзінокім смехам, як яно і трэба саноўніку. Ён паляскаў па спіне Аркадзія і голасна назваў яго «пляменнічкам», падарыў Базарава, апранутага ў старамодны фрак, раскідлівым, але выбачным позіркам мімаходзь, праз шчаку, і няясным, але прыветным мычэннем, у якім толькі і можна было разабраць, што «я...» да «ссьма»; падаў палец Сітнікаву і ўсміхнуўся яму, але ўжо адвярнуў галаву: нават самой Кукшынай, якая з’явілася на баль без усякай крыналіны і ў брудных пальчатках, але з райскаю птушкаю ў валасах, нават Кукшынай ён сказаў «enchanté[34]». Народу было гібель, і ў кавалерах не было недахопу; цывільныя больш ціснуліся ўдоўж сцен, але ваенныя танцавалі старанна, асабліва адзін з іх, які пражыў тыдняў шэсць у Парыжы, дзе ён вывучыўся розным зухаўскім выгукам накшталт: «zut», «Ah fichtrrre», «pst, pst, mon bibi»[35] і т. д. Ён вымаўляў іх дасканала, з сапраўдным парыжскім шыкам і ў той-жа час гаварыў «si j‘aurais», замест «si j‘avais» «absolument»[36] у сэнсе: «абавязкова», словам гаварыў тым велікаруска-французскім вымаўленнем, з якога так смяюцца французы, калі яны не маюць патрэбы запэўняць нашу брацію, што мы гаворым на іх мове як анёлы ,«comme des anges»[37].
Аркадзій танцаваў дрэнна, як мы ўжо ведаем, а Базараў зусім не танцаваў: яны абодва памясціліся ў куточку; да іх далучыўся Сітнікаў. Зрабіўшы на твары сваім пагардлівую насмешку і адпускаючы зласлівыя заўвагі, ён дзёрзкасна паглядзеў вакол і, здавалася, адчуваў сапраўдную асалоду. Раптам твар яго змяніўся і, павярнуўшыся да Аркадзія, ён, як-бы з замяшаннем, прагаварыў: «Одзінцова прыехала».
Аркадзій аглянуўся — і ўбачыў жанчыну высокага росту ў чорным плацці, якая спынілася ў дзвярах залы. Яна яго паважнасцю сваёй паставы. Аголеныя рукі яе прыгожа ляжалі ўдоўж стройнага стана; прыгожа падалі з надзвычайных валос на пакатыя плечы лёгкія галінкі фуксіі; спакойна і разумна, іменна спакойна, а не задуменна, глядзелі светлыя вочы з-пад крыху навіслага, белага ілба, губы ўсміхаліся ледзь прыкметнаю ўсмешкаю. Нейкаю ласкавай і мяккай сілай веяла ад яе твара.
— Вы з ёй знаёмы? — спытаўся Аркадзій у Сітнікава.
— Коратка. Хочаце я вас пазнаёмлю.
— Бадай... пасля гэтай кадрылі.
Базараў таксама зацікавіўся Одзінцовай.
— Гэта што за фігура? — праказаў ён. — На астатніх баб не падобна.
Дачакаўшыся канца кадрылі, Сітнікаў правёў Аркадзія да Одзінцовай; алё бадай ці ён быў коратка з ёй знаёмы: і сам ён заблытаўся у словах сваіх, і яна глядзела на яго з некаторым здзіўленнем. Аднак твар яе зрабіўся прыязным, калі яна пачула прозвішча Аркадзія. Яна спыталася ў яго, ці не сын ён Нікалая Пятровіча?
— Але.
— Я бачыла вашага бацюхну два разы і шмат чула пра яго, — казала яна далей; — я вельмі рада з вамі пазнаёміцца.
У гэты момант падляцеў да яе нейкі ад’ютант і запрасіў яе на кадрыль. Яна згадзілася. .
— Вы хіба танцуеце? — пачціва спытаўся Аркадзій.
— Танцую. А вы чаму думаеце, што я не танцую? Альбо я вам здалася занадта старою?
— Злітуйцеся, як можна... Але ў такім выпадку дазвольце мне запрасіць вас на мазурку.
Одзінцова выбачна ўсміхнулася. — Калі ласка, — сказала яна і паглядзела на Аркадзія не тое каб звысака, а так, як замужнія сёстры глядзяць на вельмі маладзенькіх братоў. Одзінцова была крыху старэйшая за Аркадзія, ёй пайшоў дваццаць дзевяты год, але пры ёй ён адчуваў сябе школьнікам, студэнтыкам, нібы розніца гадоў паміж імі была куды большая. Мацвей Ільіч падышоў да яе з велічным выглядам і ліслівымі словамі. Аркадзій адышоў убок, але не кідаў наглядаць за ёю; ён не спускаў з яе вачэй і ў час кадрылі. Яна гэтак-жа вольна гутарыла з сваім танцорам, як і з саноўнікам; ціха паводзіла галавою і вачыма і разы два ціха засмяялася. Нос у яе быў крыху тоўсты, як амаль ва ўсіх рускіх, і колер скуры не быў зусім чысты; з усім тым Аркадзій вырашыў, што ён яшчэ ніколі не сустракаў такой чароўнай жанчыны. Гук яе голаса не выходзіў у яго з вушэй; самыя складкі плацця, здавалася, клаліся ў яе іначай, як ў другіх, страйней і шырэй, і рухі яе былі асабліва плаўныя і натуральныя ў адзін і той-жа час.
Аркадзій адчуваў на сэрцы некаторую нясмеласць, калі, пры першых гуках мазуркі, ён усаджваўся каля сваёй дамы і, рыхтуючыся пачаць гутарку, толькі праводзіў рукой па валасах і не знаходзіў ніводнага слова. Але ён адчуваў нясмеласць і хваляваўся нядоўга; спакой Одзінцовай перайшоў і да яго: чвэрткі гадзіны не прайшло, як ужо ён вольна расказваў пра свайго бацьку, дзядзьку, пра жыццё ў Пецербургу і ў вёсцы. Одзінцова слухала яго з далікатнай спагадаю, злёгку раскрываючы і закрываючы веер; лапатанне яго перапынялася, калі яе выбіралі кавалеры; Сітнікаў, між іншым, запрасіў яе два разы. Яна вярталася, садзілася зноў, брала веер, і нават грудзі яе не дыхалі шпарчэй, а Аркадзій ізноў прымаўся лапатаць, увесь поўны шчасцем, што знаходзіцца блізка каля яе, гаворыць з ёю, гледзячы ў яе вочы, у яе прыгожы лоб, на ўвесь яе любы, важны і разумны твар. Сама яна гаварыла мала, але веданне жыцця адчувалася ў яе словах; па некаторых яе заўвагах Аркадзій заключыў, што ўжо гэта маладая жанчына паспела пераадчуць і перадумаць шмат.
— З кім вы гэта стаялі? — спыталася яна ў яго, — калі пан Сітнікаў падвёў вас да мяне?
— А вы яго заўважылі? — спытаўся ў сваю чаргу Аркадзій. — Праўда, які ў яго слаўны твар? Гэта нехта Базараў, мой прыяцель.
Аркадзій узяўся гаварыць пра «свайго прыяцеля».
Ён гаварыў пра яго гэтак падрабязна і з такім захапленнем, што Одзінцова павярнулася да яго і ўважна на яго паглядзела. Між тым мазурка падыходзіла к канцу. Аркадзію стала шкода расставацца з сваёй дамай; ён так добра правёў з ёю каля гадзіны! Праўда, ён на працягу ўсяго гэтага часу заўсёды адчуваў, як быццам яна яму робіць нейкую ласку, як быццам яму трэба было быць ёй удзячным... але маладыя сэрцы не абцяжае гэта пачуццё.
Музыка змоўкла. — Merci[38], — прамовіла Одзінцова, устаючы. — Вы абяцалі мне наведаць мяне, прывязіце-ж з сабой і вашага прыяцеля. Мне будзе вельмі цікаўна бачыць чалавека, які мае смеласць ні ў што не верыць.
Губернатар падышоў да Одзінцовай, абвясціў, што вячэра гатова, і з заклапочаным тварам падаў ёй руку. Адыходзячы, яна павярнулася, каб апошні раз усміхнуцца і кіўнуць Аркадзію. Ён нізка пакланіўся, паглядзеў ёй услед (які стройны здаўся яму яе стан, абліты шэраватым бляскам чорнага шоўку!) і, падумаўшы: «у гэты момант яна ўжо забылася на маё існаванне», — адчуў на душы нейкую прыгожую пакорлівасць...
— Ну, што? — спытаўся Базараў у Аркадзія, як толькі той вярнуўся да яго ў куток. — Замеў асалоду? Мне зараз казаў адзін барын, што гэтая пані — ой, ой, ой; ды барын гэты, здаецца, дурань. Ну, і па-твойму, што яна, праўда — ой, ой, ой?
— Я гэта вызначэнне не зусім разумею, — адказаў Аркадзій.
— Вось яшчэ! Які святы!
— У такім выпадку я не разумею твайго барына, Одзінцова вельмі любая — бясспрэчна, але яна так холадна і строга сябе трымае, што...
— У ціхім балоце... ты ведаеш! — падхапіў Базараў. — Ты кажаш, яна холадна трымаецца. У гэтым самы смак і ёсць. Ты-ж любіш марожанае?
— Можа быць, — прамармытаў Аркадзій, — я аб гэтым судзіць не магу. Яна хоча з табой пазнаёміцца і прасіла мяне, каб я прывёз цябе да яе.
— Уяўляю, як ты мяне распісваў! Урэшце, ты зрабіў добра. Вязі мяне. Хто-б яна ні была — ці проста губерская ільвіца, ці «эманцыпе» накшталт Кукшынай — толькі ў яе такія плечы, якіх я не бачыў даўно.
Аркадзія скрывіла ад цынізма Базарава, але — як гэта часта здараецца — ён папракнуў свайго прыяцеля не за тое іменна, што яму ў ім не спадабалася.
— Чаму ты не хочаш дапусціць свабоду думкі ў жанчынах? — праказаў ён упоўголас.
— Таму, браток, што, як я заўважаю, свабодна мысляць паміж жанчынамі толькі вырадкі.
Гутарка на гэтым спынілася. Абодва маладыя чалавекі паехалі зараз-жа пасля вячэры. Кукшына злосна-нервова, але не без нясмеласці, засмяялася ім услед: яе ганарлівасць была глыбока ўражана тым, што ні той, ні другі не звярнуў на яе ўвагі. Яна заставалася пазней за ўсіх на балі і пад чацвертую гадзіну пратанцавала польку-мазурку з Сітнікавым на парыжскі манер. Гэтым навучальным відовішчам і закончылася губернатарскае свята.
— Паглядзім, да якога разраду жывёл належыць гэта асоба, — казаў на наступны дзень Аркадзію Базараў, узнімаючыся разам з ім па лесніцы гасцініцы, у якой спынілася Одзінцова. — Чуе мой нос, што тут нешта нядобра.
— Я з цябе дзіўлюся! — ускрыкнуў Аркадзій. — Як? Ты, ты, Базараў, прытрымліваешся той вузкай маралі, якую...
— Які ты дзівак! — нядбайна перапыніў Базараў. — Хіба ты не ведаеш, што на нашай мове і для нашага брата «нядобра» значыць «добра»? Пажыва ёсць, значыць. Ці не сам ты сягоння казаў, што яна дзівачна вышла замуж, хоць, на думку маю, выйсці за багатага старыка — справа ані не дзівачная, а, наадварот, разумная. Я гарадскім пагалоскам неверу; але люблю думаць, як кажа наш адукаваны губернатар, што яны праўдзівыя.
Аркадзій нічога не адказаў і пастукаўся ў дзверы нумара. Малады слуга ў ліўрэі ўвёў абодвух прыяцеляў у вялікі пакой, мэбляваны дрэнна, як усе пакоі рускіх гасцініц, але ўстаўлены кветкамі. Хутка з’явілася сама Одзінцова ў простым ранішнім адзенні. Яна здавалася яшчэ маладзейшаю пры святле вясенняга сонца, Аркадзій пазнаёміў яе з Базаравым і з тайным здзіўленнем заўважыў, што ён як быццам замяшаўся, між тым, як Одзінцова заставалася зусім спакойнаю, як учора. Базараў сам адчуў, што ён замяшаўся, і яму зрабілася прыкра. «Вось табе раз! — бабы спалохаўся!» падумаў ён, і, разваліўшыся ў крэсле, не горш за Сітнікава, загаварыў пераўвялічана развязна, а Одзінцова не спускала з яго сваіх ясных вачэй.
Анна Сяргееўна Одзінцова нарадзілася ад Сяргея Нікалаевіча Локцева, вядомага красаўца, аферыста і іграка, які, пратрымаўшыся і прашумеўшы гадоў пятнаццаць у Пецербургу і Маскве, скончыў тым, што прайграўся ўшчэнт і прымушаны быў пасяліцца ў вёсцы, дзе, урэшце, хутка памёр, пакінуўшы невялічкую маёмасць двум сваім дачкам: Анне — дваццаці і Кацярыне дванаццаці год. Маці іх, з абяднелага роду князёў Х..., сканала ў Пецербургу, калі муж яе знаходзіўся яшчэ ў поўнай сіле. Становішча Анны, пасля смерці бацькі, было вельмі цяжкое. Бліскучае выхаванне, атрыманае ёю ў Пецербургу, не падрыхтавала яе да перанясення клопатаў па гаспадарцы і па дому, — да глухога вясковага жыцця. Яна не ведала нікога зусім ў цэлым наваколлі, і параіцца ёй не было з кім. Бацька яе стараўся, каб не сутыкацца з суседзямі; ён імі пагарджаў, і яны ім пагарджалі, кожны па-свойму. Яна аднак не губляла галавы і зараз-жа выпісала да сябе сястру сваёй маткі, князёўну Аўдоц’ю Сцяпанаўну Х...ю, злую і фанабэрыстую старую, якая, пасяліўшыся ў пляменніцы ў доме, забрала сабе ўсе лепшыя пакоі, румзала з раніцы да вечара і нават па садзе гуляла не іначай, як у суправаджэнні адзінага свайго прыгоннага чалавека, панурага лёкая ў зношанай гарохавай ліўрэі з блякітным галуном і ў трохраговым капелюшы. Анна цярпліва зносіла ўсе вычуды цёткі, памалу займалася выхаваннем сястры і, здавалася, прымірылася ўжо з думкаю завянуць у глушы... Але лёс рыхтаваў ёй другое. Яе выпадкова ўбачыў нехта Одзінцоў, вельмі багаты чалавек, гадоў сарака шасці, дзівак, іпахондрык, пухлы, цяжкі і кіслы, аднак, недурны і нязлы; укахаўся ў яе — і зрабіў прапанову. Яна згадзілася быць яго жонкай, — а ён пажыў з ёю гадоў шэсць і, паміраючы, замацаваў за ёю ўсё сваё багацце. Анна Сяргееўна каля года пасля яго смерці не выязджала з вёскі; потым адправілася разам з сястрою за мяжу, але пабывала толькі ў Германіі; занудзілася і вярнулася, жыць у сваё любае Нікольскае, якое знаходзілася вёрст за сорак ад горада ***. Там у яе быў раскошны, вельмі добра абсталяваны дом, прыгожы сад з аранжарэямі: нябожчык Одзінцоў ні ў чым сабе не адмаўляў. У горад Анна Сяргееўна з’яўлялася вельмі рэдка, большай часткаю па справах, і то не надоўга. Яе не любілі ў губерні, страшэнна крычалі з поваду яе шлюбу з Одзінцовым, расказвалі пра яе розныя небыліцы, ўпэўнялі, што яна дапамагала бацьку ў яго шулерскіх штуках, што і за мяжу яна ездзіла недарма, а каб схаваць няшчасныя вынікі... «Вы разумееце — што?» дагаварвалі з абурэннем расказнікі. — «Прайшла праз агонь і ваду», гаварылі пра яе; а вядомы губерскі дасціпнік звычайна дадаваў: «і праз медныя трубы». Усе гэтыя погаласкі даходзілі да яе; але яна прапускала іх міма вушэй: характар у яе быў вольны і даволі рашучы.
Одзінцова сядзела, прытуліўшыся да спінкі крэсла, і, паклаўшы руку на руку, слухала Базарава. Ён гаварыў, супроць звычайнага, даволі шмат і яўна стараўся забавіць сваю субяседніцу, што зноў здзівіла Аркадзія. Ён не мог вырашыць, ці дасягаў Базараў сваёй мэты. Па твары Анны Сяргееўны цяжка было здагадацца, якое на яе гэта рабіла ўражанне: ён захоўваў адзін і той-жа свой выраз, прыветны, тонкі; яе прыгожыя вочы свіціліся ўвагаю, але ўвагаю супакойнай. Ламанне Базарава, у першыя хвіліны прыходу, непрыемна падзейнічала на яе, як дрэнны пах альбо рэзкі гук; алё яна зараз-жа зразумела, што ён адчуваў замяшанне, і гэта ёй нават пайльсціла. Адно брыдотнае яе адштурхоўвала, а ў брыдотным ніхто-б не папракнуў Базарава. Аркадзію прышлося ў той дзень не пераставаць дзівіцца. Ён чакаў, што Базараў загаворыць з Одзінцовай, як жанчынаю разумнай, пра свае пераконанні і погляды: яна-ж сама выказала жаданне паслухаць чалавека, «які мае смеласць нічаму не верыць», але заместа таго Базараў гутарыў пра медыцыну, пра гомеапатыю, пра батаніку. Аказалася, што Одзінцова не марнавала часу на самоце: яна прачытала некалькі добрых кніг і гаварыла правільнай рускаю моваю. Яна навяла гутарку на музыку, але, заўважыўшы, што Базараў, не прызнае мастацтва, паціхоньку вярнулася да батанікі, хоць Аркадзій і пусціўся быў гаварыць пра значэнне народных мелодый. Одзінцова не кідала абыходзіцца з ім, як з малодшым братам: здавалася, яна цаніла ў ім дабрату і простадушнасць маладосці — і толькі. Гадзіны тры з нечым цягнулася гутарка павольная, рознастайная і жывая.
Прыяцелі, нарэшце, падняліся і сталі развітвацца. Анна Сяргееўна ласкава паглядзела на іх, падала абодвум сваю прыгожую белую руку і, падумаўшы крыху, з нерашучасцю, але добраю ўсмешкаю прагаварыла: — Калі вы, панове, не баіцеся нуды, прыязджайце да мяне ў Нікольскае.
— Злітуйцеся, Анна Сяргееўна, — ускрыкнуў Аркадзій, — я за асаблівае шчасце палічу...
— А вы, мс’е Базараў?
Базараў толькі пакланіўся, — і Аркадзію ў апошні раз прышлося здзівіцца: ён заўважыў, што прыяцель яго пачырванеў.
— Ну? — казаў ён яму на вуліцы. — Ты ўсё той-жа думкі, што яна — ой, ой, ой?
— А хто яе ведае! Бач, як яна сябе замарозіла! — сказаў на гэта Базараў і, памаўчаўшы крыху, дадаў: — герцагіня, уладарная асоба. Ёй-бы толькі шлейф ззаду насіць, ды карону на галаве.
— Нашы герцагіні так па-руску не гавораць, — заўважыў Аркадзій.
— У пераробцы была, брат ты мой, нашага хлеба паела.
— А ўсё-такі яна любата, — прамовіў Аркадзій.
— Гэткае багатае цела! — казаў далей Базараў: — хоць зараз у анатамічны тэатр.
— Кінь, богам прашу, Еўгеній! Гэта нікуды не варта.
— Ну, не злуй, далікатун. Сказана — першы сорт. Трэба будзе паехаць да яе.
— Калі?
— Ды хоць паслязаўтра. Што нам тут рабіць. Шампанскае з Кукшынай піць? Сваяка твайго, ліберальнага саноўніка, слухаць?.. Паслязаўтра-ж і махнем. Дарэчы — і майго бацькі сядзіба адтуль недалёка. Гэта-ж Нікольскае па *** дарозе.
— Але.
— Optime[39]. Няма чаго марудзіць; марудзяць адны дурні — ды разумнікі.
Праз тры дні абодва прыяцелі кацілі па дарозе ў Нікольскае. Дзень стаяў светлы і не надта гарачы, і фурманскія сытыя конікі дружна беглі, злёгку памахваючы сваімі закручанымі і заплеценымі хвастамі. Аркадзій глядзеў на дарогу і ўсміхаўся, сам не ведаючы чаго.
— Павіншуй мяне, — ускрыкнуў Базараў, — сягоння 22-е чэрвеня, дзень майго анёла. Паглядзім, як гэта ён пра мяне клапоціцца. Сягоння мяне дома чакаюць, — дадаў ён, панізіўшы голас... — Ну, пачакаюць, што тут такога!
Маёнтак, у якім жыла Анна Сяргееўна, быў на адхонным, адкрытым узгорку, у невялікай адлегласці ад жоўтай каменнай царквы з зялёнаю страхою, белымі калонамі і жывапіссю al fresco[40] над галоўным уваходам, якая уяўляла «ўваскрасенне хрыстова» ў італьянскім гусце. Асабліва вызначаўся сваімі акругленымі контурамі распасцёрты на першым плане смуглы воін у шышаку. За царквою цягнулася ў два рады даўгое сяло з там-сям мільгаючымі комінамі над саламянымі стрэхамі. Панскі дом быў пабудаваны ў адным стылі з царквою, у тым стылі, які вядомы ў нас пад імем Аляксандраўскага; дом гэты быў таксама пафарбаваны жоўтаю фарбаю і дах меў зялёны, і белыя калоны, і франтон з гербам. Губерскі архітэктар узвёў абодва будынкі з адабрэння нябожчыка Одзінцова, які не цярпеў ніякіх пустых і свавольных, як ён казаў, новаўвядзенняў. К дому з абодвух бакоў прылягалі цёмныя дрэвы старадаўняга саду, алея стрыжаных ёлак вяла пад пад’езд.
Прыяцеляў нашых сустрэлі ў пярэдняй дна рослыя лёкаі ў ліўрэі: адзін з іх зараз-жа пабег да дварацкага. Дварэцкі, тоўсты чалавек у чорным фраку, зараз-жа з’явіўся і накіраваў гасцей па ўсланай дыванамі лесніцы ў асобны пакой, дзе ўжо стаялі два ложкі з усімі прыладамі туалета. У доме, відаць, панаваў парадак, усё было чыста, усюды пахла нейкім прыстойным пахам, нібы ў міністэрскіх прыёмных.
— Анна Сяргееўна просяць вас прыйсці да іх праз поўгадзіны, — далажыў дварэцкі: — ці не будзе ад вас, пакуль, якіх загадаў?
— Ніякіх загадаў не будзе, шаноўнейшы, — адказаў Базараў: — хіба чарку гарэлачкі будзьце ласкавы паднесці.
— Слухаю-с, — прамовіў дварэцкі не без здзіўлення і вышаў, паскрыпваючы ботамі.
— Які гранжанр! — заўважыў Базараў: — здаецца, гэта так па-вашаму называецца? Герцагіня, ды і ўсё тут.
— Добрая герцагіня, — сказаў на гэта Аркадзій, — з першага разу запрасіла да сябе такіх магутных арыстакратаў, якія мы з табой.
— Асабліва я, будучы лекар, і лекарскі сын, і дзячкоўскі ўнук... Ты-ж ведаеш, што я ўнук дзячка?..
— Як Сперанскі, — дадаў Базараў пасля невялікага маўчання і скрывіўшы губы. — А ўсё-такі збалавала яна сябе; ох, як збалавала сябе гэта пані! Ужо ці не фракі нам надзець?
Аркадзій толькі плячом паціснуў... але і ён адчуваў невялікае замяшанне.
Праз поўгадзіны Базараў з Аркадзіем сышлі ў гасціную. Гэта быў прасторны высокі пакой, прыбраны даволі багата, але без асаблівага густу. Цяжкая дарагая мэбля стаяла ў звычайным напышлівым парадку ўдоўж сцен, абабітых цынамонавымі абоямі з залатымі разводамі; нябожчык Одзінцоў выпісаў яе з Масквы праз свайго прыяцеля і камісіянера, віннага гандляра. Над сярэдняй канапаю вісеў партрэт азызлага бялявага мужчыны — і, здавалася, непрыязна глядзеў на гасцей. «Напэўна, сам», шапнуў Базараў Аркадзію і, зморшчыўшы нос, дадаў: «а мо’ ўцячы?» Але ў гэты момант увайшла гаспадыня. На ёй было лёгкае барэжавае плацце; гладка зачосаныя за вушы валасы надавалі дзявоцкі выраз яе чыстаму і свежаму твару.
— Дзякую, што стрымалі слова, — пачала яна: — пагасцюйце ў мяне: тут, сапраўды, нядрэнна. Я вас пазнаёмлю з маёю сястрою, яна добра іграе на фартэпіяна. Вам, мс’е Базараў, гэта ўсёроўна; але вы, мс’е Кірсанаў, здаецца, любіце музыку; акрамя сястры, ў мяне жыве старая цётка, ды сусед адзін наязджае ў карты гуляць: — вось і ўся наша кампанія. А цяпер сядзем.
Одзінцова вымавіла ўвесь гэты маленькі спіч з асабліваю выразлівасцю, нібы яна напамяць яго вывучыла; потым яна звярнулася да Аркадзія. Аказалася, што маці яе ведала Аркадзіеву маці і была нават паверанаю яе кахання да Нікалая Пятровіча. Аркадзій з запалам загаварыў пра нябожчыцу; а Базараў між тым узяўся разглядаць альбомы. «Які я смірненькі зрабіўся», думаў ён сам сабе.
Прыгожы хорт з блакітным ашыйнікам убег у гасціную, стукаючы кіпцямі па падлозе, а ўслед за ім увайшла дзяўчына гадоў восемнаццаць, чорнавалосая і смуглая, з крыху круглым, але прыемным тварам, з невялікімі цёмнымі вачыма. Яна трымала ў руках карзіну, напоўненую кветкамі. — «Вось вам і мая Каця», прагаварыла Одзінцова, паказаўшы на яе рухам галавы.
Каця злёгку прысела, умясцілася каля сястры і пачала разбіраць кветкі. Хорт, імя якога было Фіфі, падышоў, махаючы хвастом, пачародна да абодвух гасцей і ткнуў кожнаму з іх сваім халодным носам у руку.
— Гэта ты ўсё сама нарвала? — спыталася Одзінцова.
— Сама, — адказала Каця.
— А цётка прыдзе к чаю?
— Прыдзе.
Калі Каця гаварыла, яна вельмі міла ўсміхалася, сарамяжна і адкрыта, і глядзела, неяк забаўна-сурова, знізу ўверх. Усё ў ёй было яшчэ молада-зелена: і голас, і пушок на ўсім твары, і ружовыя рукі з белаватымі кружкамі на далонях, і ледзь-ледзь сціснутыя плечы... Яна безупынна чырванела і шпарка перадыхвалася.
Одзінцова звярнулася да Базарава. — Вы з далікатнасці разглядаеце карцінкі, Еўгеній Васільіч, — пачала яна. — Вас гэта не цікавіць. Падсуньцеся лепей да нас і давайце паспрачаемся аб чым-небудзь.
Базараў падышоў. — Аб чым загадаеце-с? — прамовіў ён.
— Аб чым хочаце. Папярэджваю вас, што я страшэнная спрэчніца.
— Вы?
— Я. Вас гэта як быццам здзіўляе. Чаму?
— Таму што, паколькі я магу меркаваць, у вас нораў спакойны і халодны, а для спрэчкі патрэбна захапленне.
— Як гэта вы паспелі мяне ўведаць так хутка? Я, па-першае, нецярплівая і ўпартая, спытайцеся лепш у Каці; а па-другое, я вельмі лёгка захапляюся.
Базараў паглядзеў на Анну Сяргееўну. — Можа быць, вам лепш ведаць. Значыцца, вам хочацца спрачацца, — калі ласка. Я разглядаў віды Саксонскай Швейцарыі ў вашым альбоме, а вы мне заўважылі, што гэта мяне зацікавіць не можа. Вы гэта сказалі таму, што не дапускаеце ва мне мастацкага сэнсу, — але, ва мне сапраўды яго няма; але гэтыя віды маглі мяне зацікавіць з пункту гледжання геалагічнага, з пункту гледжання фармацыі гор, напрыклад.
— Прабачце, як геолаг, вы хутчэй да кнігі звернецеся, да спецыяльнага твору, а не да малюнка.
— Малюнак наглядна дасць уявіць мне тое, што пададзена ў кнізе на цэлых дзесяці старонках.
Анна Сяргееўна памаўчала.
— І так-такі ў вас ні кропелькі мастацкага сэнсу, няма? — прамовіла яна, аблакаціўшыся на стол і гэтым самым рухам наблізіўшы свой твар да Базарава. — Як-жа вы гэта без яго абыходзіцеся?
— А на што ён патрэбен, дазвольце запытацца.
— Ды хоць на тое, каб умець пазнаваць і вывучаць людзей.
Базараў усміхнуўся. — Па-першае, на гэта існуе жыццёвая практыка; а, па-другое, далажу вам, вывучаць паасобных людзей не варта працы. Усе людзі адзін да аднаго падобны, як целам, так і душою; у кожнага з нас мазгі, селязёнка, сэрца, лёгкія аднолькава пабудаваны; і так званыя маральныя якасці адны і тыя-ж ва ўсіх: нёвялікія відазмяненні нічога не значаць. Даволі аднаго чалавечага экземпляра, каб меркаваць аб усіх другіх. Людзі, як дрэвы ў лесе; ніводзін батанік не стане займацца кожнай бярозаю паасобку.
Каця, якая, не спяшаючыся, падбірала кветку да кветкі, з здзіўленнем узняла вочы на Базарава, — і, сустрэўшы яго шпаркі і нядбайны позірк, узгарэлася ўся да вушэй. Анна Сяргееўна пахістала галавой.
— Дрэвы ў лесе, — паўтарыла яна. — Значыцца, па-вашаму няма розніцы паміж дурным і разумным чалавекам, паміж добрым і злым.
— Не, ёсць: як паміж хворым і здаровым. Лёгкія ў сухотнага не ў тым стане, як у нас з вамі, хоць пабудаваны аднолькава. Мы прыблізна ведаем, з чаго бывае цялесная немач; а маральныя хваробы бываюць ад дрэннага выхавання, ад усякіх драбніц, якімі змалку набіваюць людскія галовы, ад немагчымага стану грамадства, адным словам, выпраўце грамадства і хвароб не будзе...
Базараў гаварыў усё гэта з такім выглядам, як быццам у той-жа час думаў сам сабе: «вер мне, альбо не вер, гэта мне ўсё-адно!» Ён павольна праводзіў сваімі даўгімі пальцамі па бакенбардах, а вочы яго бегалі па кутках.
— І вы думаеце, — прамовіла Анна Сяргееўна, — што, калі грамадства выправіцца, ужо не будзе ні дурных, ні злых людзей?
— Прынамсі, пры правільнай пабудове грамадства, зусім будзе ўсёроўна, ці дурны чалавек, ці разумны, злы ці добры.
— Так, разумею; ва ўсіх будзе адна і тая-ж селязёнка.
— Іменна так-с, васпані.
Одзінцова звярнулася да Аркадзія. — А ваша якая думка, Аркадзій Нікалаевіч?
— Я згедзей з Еўгеніем, — адказаў ён.
Каця паглядзела на яго спадлоба.
— Вы мяне дзівіце, панове, — прамовіла Одзінцова; — але мы яшчэ з вамі пагутарым. А цяпер, я чую, цётка ідзе чай піць, мы павінны пашкадаваць яе вушы...
Цётка Анны Сяргееўны, княжна Х...ая, худзенькая і маленькая жанчына з сціснутым у кулачок тварам і нерухомымі злымі вачыма пад сівою накладкаю, увайшла і, ледзьве пакланіўшыся гасцям, апусцілася ў шырокае машастовае крэсла, на якое ніхто, акрамя яе, не меў права садзіцца. Каця паставіла ёй услон пад ногі; старая не падзяквала ёй, нават не глянула на яе, толькі паварушыла рукамі пад жоўтаю шаллю, якая пакрывала амаль усё яе шчуплае цела. Князёўна любіла жоўты колер: у яе і на чапцы былі ярка-жоўтыя істужкі.
— Як вы спачывалі, цётухна? — спыталася Одзінцова, панізіўшы голас.
— Ізноў гэты сабака тут, — прабурчэла ў адказ старая, і, заўважыўшы, што Фіфі зрабіў два нерашучыя крокі ў кірунку да яе, ускрыкнула: — брысь, брысь!
Каця пазвала Фіфі і адчыніла дзверы.
Фіфі радасна кінуўся вон, у надзеі, што яго павядуць гуляць, але, застаўшыся адзін за дзвярыма, пачаў скрэбсціся і вішчэць. Князёўна нахмурылася, Каця хацела было выйсці...
— Я думаю, чай гатовы? — прамовіла Одзінцова. — Панове, пойдземце; цётухна, проша чай піць.
Князёўна моўчкі ўстала з крэсла і першая вышла з гасцінай. Усе накіраваліся следам за ёю ў сталовую. Казачок у ліўрэі з шумам адсунуў ад стала абкладзенае падушкамі, таксама запаветнае, крэсла, у якое апусцілася князёўна; Каця, якая разлівала чай, першай ёй падала кубак з размалёваным гербам. Старая паклала сабе мёду ў кубак (яна лічыла, што чай піць з цукрам і грэшна, і дорага, хоць сама не траціла ні капейкі ні на што) і раптам спыталася хрыплым голасам:
— А што піша кнесь Іван?
Ёй ніхто не адказаў. Базараў і Аркадзій хутка здагадаліся, што на яе не звярталі ўвагі, хоць абыходзіліся з ёю пачціва. «Для пыхі трымаюць, таму што княжаскае ўроддзе», падумаў Базараў... Пасля чаю Анна Сяргееўна запрапанавала пайсці гуляць, але пачаў накрапваць дожджык, і ўся кампанія, за выключэннем князёўны, вярнулася ў гасціную. Прыехаў сусед, аматар картачнай гульні, па імені Парфірый Платоныч, тоўсценькі, сівенькі чалавек з кароценькімі, нібы вытачанымі ножкамі, вельмі далікатны і смяшлівы. Анна Сяргееўна, якая гаманіла ўсё больш з Базаравым, спыталася ў яго — ці не хоча ён згуляць з імі па-старамоднаму ў прэферанс. Базараў згадзіўся, кажучы, што яму трэба загадзя падрыхтавацца да пасады павятовага лекара, якая яго чакае, наперадзе.
— Беражыцеся, — заўважыла Анна Сяргееўна, — мы з Парфірыем Платонычам вас разаб’ем. А ты, Каця, — дадала яна, — сыграй што-небудзь Аркадзію Нікалаевічу; ён любіць музыку, мы дарэчы паслухаем.
Каця неахвотна падышла да фартэпіяна, і Аркадзій, хоць сапраўды любіў музыку, неахвотна пайшоў за ёю: яму здавалася, што Одзінцова яго адсылае, — а ў яго на сэрцы, як ва ўсякага маладога чалавека ў яго гады, ужо накіпела нейкая цмянае і млоснае адчуванне, падобнае на прадчуванне кахання. Каця падняла вечка фартэпіяна і, не гледзячы на Аркадзія, прамовіла ўпоўголас:
— Што-ж вам сыграць?
— Што хочаце, — роўнадушна адказаў Аркадзій.
— Вы якую музыку больш любіце? — паўтарыла Каця, не мяняючы позы.
— Класічную, — тым-жа голасам адказаў Аркадзій.
— Мацарта любіце?
— Мацарта люблю.
Каця дастала цэ-мольную санату-фантазію Мацарта. Яна іграла вельмі добра, хоць крыху строга і суха. Не адводзячы вачэй ад нотаў і моцна сціснуўшы губы, сядзела яна нерухома і роўна, і толькі пад канец санаты твар яе разгарэўся, і маленькая пасма развітых валос упала на цёмнае брыво.
Аркадзія асабліва зацікавіла апошняя частка санаты, тая частка, у якой пасярод чароўнай весялосці бесклапотнага напеву раптоўна ўзнікаюць парыванні такога гораснага, амаль трагічнага смутку... Але думкі, узрушаныя ў ім гукамі Мацарта, былі не да Каці. Гледзячы на яе, ён толькі падумаў: «А няблага-ж іграе гэта паненка, і сама неблагая».
Скончыўшы санату, Каця, не прымаючы рук з клавішаў, спыталася: «даволі?» Аркадзій сказаў, што не смее ўтрудняць яе больш, і загаварыў з ёю пра Мацарта; спытаўся ў яе — сама яна выбрала гэту санату, ці хто ёй яе адрэкамендаваў? Але Каця адказала яму аднаскладова: яна схавалася, увайшла ў сябе. Калі гэта з ёй здаралася, яна не хутка выходзіла наповерх; самы твар яе набываў тады выраз упарты, амаль тупы. Яна была не тое што нясмелая, а недаверлівая і крыху запуджана сястрой, якая яе выхавала, чаго, зразумела, тая і не падазравала. Аркадзій скончыў тым, што, падазваўшы Фіфі, які вярнуўся, пачаў для кантэнансу, з ласкавай усмешкаю, гладзіць яго па галаве. Каця ізноў узялася за свае кветкі.
А Базараў, між тым, рэмізіўся ды рэмізіўся. Анна Сяргееўна гуляла па-майстэрску ў карты, Парфірый Платоныч таксама мог пастаяць за сябе. Базараў застаўся ў пройгрышы, хоць нязначным, але ўсё-такі не зусім для яго прыемным. За вячэраю Анна Сяргееўна зноў завяла гутарку пра батаніку.
— Пойдземце гуляць заўтра з раніцы, — сказала яна яму, — я хачу даведацца ад вас пра лацінскія назвы палявых раслін і іх уласцівасці.
— На што вам лацінскія назвы? — спытаўся Базараў.
— Ва ўсім патрэбен парадак, — адказала яна.
— Што за цудоўная жанчына Анна Сяргееўна, — ускрыкнуў Аркадзій, застаўшыся адзін з сваім другам у адведзеным ім пакоі.
— Але, — адказаў Базараў, — баба з мазгамі. Ну, і бачыла-ж яна віды.
— У якім сэнсе ты гэта гаворыш, Еўгеній Васільіч?
— У добрым сэнсе, у добрым, бацюхна вы мой Аркадзій Нікалаіч! Я ўпэўнены, што яна і сваім маёнткам добра кіруе. Але цуд — не яна, а яе сястра.
— Як? гэта смугленькая?
— Але, гэта смугленькая. Гэта вось свежа, і не кранута, і пужліва, і маўкліва, і ўсё, што хочаш. Вось кім можна заняцца. З гэтай яшчэ, што ўздумаеш, тое і зробіш, а тая — цёрты калач.
Аркадзій нічога не адказаў Базараву, і кожны з іх лёг спаць з асаблівымі думкамі ў галаве.
І Анна Сяргееўна ў той вечар думала пра сваіх гасцей. Базараў ёй спадабаўся — адсутнасцю какецтва і самаю рэзкасцю думак. Яна бачыла ў ім нешта новае, з чым ёй не здаралася сустрэцца, а яна была цікаўная.
Анна Сяргееўна была даволі дзіўная істота. Вольная ад усякай прыхамаці, не маючы нават ніякіх моцных вераванняў, яна ні перад чым не ўступала і нікуды не ішла. Яна шмат ясна бачыла, шмат што яе цікавіла, і нішто не задавальняла яе поўнасцю; ды яна бадай ці і жадала поўнага задавальнення. Яе розум быў дапытлівы і роўнадушны ў адзін і той-жа час; яе сумненні не сціхалі ніколі да забыўчасці, і ніколі не дарасталі да трывогі. Не будзь яна багатаю і незалежнаю, яна, быць можа, кінулася-б у бітву, знайшла-б запал... Але ёй жылося лёгка, хоць яна і нудзілася падчас, і яна праводзіла дзень за днём, не спяшаючыся і толькі зрэдку хвалюючыся. Вясёлкавыя фарбы загараліся часам і ў яе перад вачыма, але яна адпачывала, калі яны згасалі, і не шкадавала аб іх. Уяўленне яе ляцела нават за межы таго, што паводле законаў звычайнай маралі лічыцца дазволеным; але і тады кроў яе па-ранейшаму ціха струменіла ў яе прывабна-стройным целе. Бывала, вышаўшы з водарнай ванны, уся цёплая і распешчаная, яна замарыцца аб нікчэмнасці жыцця, аб яго горы, працы і зле... Душа яе напаўняецца раптоўнаю смеласцю, закіпіць высокім імкненнем; але падзьме падвей з поўзачыненага акна, і Анна Сяргееўна ўся сціснецца, і скардзіцца, і амаль злуецца, і толькі адно ёй патрэбна ў гэты момант: каб не дзьмуў на яе гэты паганы вецер.
Як усе жанчыны, якім не ўдалося пакахаць, яна хацела нечага, сама не ведаючы, чаго іменна. Уласна ёй нічога не хацелася, хоць ёй здавалася, што ёй хацелася ўсяго. Нябожчыка Одзінцова яна ледзьве трывала (яна вышла за яго з-за выгоды, хоць яна, напэўна, не згадзілася-б зрабіцца яго жонкаю, калі-б яна не лічыла яго за добрага чалавека) і атрымала тайную гідлівасць да ўсіх мужчын, якіх уяўляла сабе не іначай, як неахайнымі, цяжкімі і вялымі, бяссільна дакучнымі істотамі. Раз яна недзе за мяжою сустрэла маладога прыгожага шведа з рыцарскім выразам твара, з шчырымі блакітнымі вачыма пад адкрытым лобам; ён зрабіў на яе моцнае ўражанне, але гэта не перашкаджала ёй вярнуцца ў Расію.
«Дзіўны чалавек гэты лекар!» думала яна, лежачы ў сваёй раскошнай пасцелі, на мярэжных падушках, пад лёгкаю шаўковаю коўдраю... Анна Сяргееўна пераняла ад бацькі часцінку яго нахілу да раскошы. Яна вельмі любіла свайго грэшнага, але добрага бацьку, а ён абажаў яе, па-сяброўску жартаваў з ёю, як з роўнаю, і давяраў ёй цалкам, раіўся з ёю. Маці сваю ледзьве помніла.
«Дзіўны гэты лекар!» паўтарыла яна сама сабе. Яна пацягнулася, усміхнулася, закінула рукі за галаву, потым прабегла вачыма старонкі дзве бязглуздага французскага рамана, упусціла кніжку — і заснула, уся чыстая і халодная, у чыстай і пахучай бялізне.
Наступным раннем Анна Сяргееўна, зараз-жа пасля снедання, адправілася батанізіраваць з Базаравым і вярнулася перад самым абедам; Аркадзій нікуды не адыходзіў і правёў каля гадзіны з Кацяю. Яму не было нудна з ёю, яна сама напрасілася паўтарыць яму ўчарашнюю санату; але калі Одзінцова вярнулася нарэшце, калі ён убачыў яе — сэрца ў ім раптоўна сціснулася... Яна ішла па садзе крыху стомленай паходкаю; шчокі яе чырванелі, і вочы свіціліся ярчэй як зазвычай пад саламяным круглым капелюшом. Яна круціла ў пальцах тонкую сцяблінку палявой кветкі, лёгкая мантылля спусцілася ёй на локці, і шырокія шэрыя істужкі капелюша прыпалі да яе грудзей. Базараў ішоў ззаду яе, самаўпэўнена і нядбайна, як заўсёды, але выраз яго твара, хоць вясёлы і нават ласкавы, не спадабаўся Аркадзію. Прамармытаўшы праз зубы: «здароў!» — Базараў. накіраваўся да сябе ў пакой, а Одзінцова рассеяна паціснула Аркадзію руку і таксама прайшла міма.
«Здароў», падумаў Аркадзій... «Хіба мы не бачыліся сягоння?»
Час (справа вядомая) ляціць калі птушкай, калі паўзе чарвяком; але чалавеку бывае асабліва добра тады, калі ён нават не заўважае — ці хутка, ці паволі ён праходзіць. Аркадзій і Базараў іменна такім чынам правялі дзён пятнаццаць у Одзінцовай. Гэтаму крыху спрыяў парадак, які яна завяла ў сябе ў доме і ў жыцці. Яна строга яго прытрымлівалася і прымушала другіх яму пакарацца. Усё на працягу дня адбывалася ў пэўную пару. Раніцою, роўна а восьмай гадзіне, уся кампанія збіралася на чай; ад чаю да снедання кожны рабіў, што хацеў, сама гаспадыня займалася з прыказчыкам (маёнтак быў на аброку), з дварэцкімі, з галоўнай ключніцаю. Перад абедам кампанія зноў сыходзілася для гутаркі і для чытання; вечар прысвячаўся прагулцы, картам, музыцы; а палове адзінаццатай Анна Сяргееўна адыходзіла да сябе ў пакой, аддавала загады на наступны дзень і клалася спаць. Базараву не падабалася гэта размераная, крыху ўрачыстая правільнасць штодзённага жыцця: «як па рэйках коцішся», упэўняў ён: ліўрэйныя лёкаі, падцягнутыя дварэцкія абражалі яго дэмакратычнае пачуццё. Ён лічыў, што ўжо калі на тое пайшло, дык абедаць трэба па-ангельску, у фраках і ў белых гальштуках. Ён аднойчы гаварыў аб гэтым з Аннай Сяргееўнай. Яна так сябе трымала, што кожны чалавек, проста, выказваў перад ёю свае думкі. Яна выслухала яго і прамовіла: «з вашага пункту гледжання вы маеце рацыю — і, можа быць, у гэтым выпадку, я — пані; але ў вёсцы нельга жыць бязладна, нуда апануе», — і далей рабіла па-свойму. Базараў бурчэў, але і яму і Аркадзію таму і жылося так лёгка ў Одзінцовай, што ўсё ў яе доме «кацілася як па рэйках». З усім тым, у абодвух маладых людзях, з першых-жа дзён іх жыцця ў Нікольскім адбылася перамена. У Базараве, да якога Анна Сяргееўна відавочна адчувала прыхільнасць, хоць рэдка з ім згаджалася, пачала праяўляцца небывалая раней трывога: ён лёгка абураўся, гаварыў знехаця, глядзеў сярдзіта і не мог уседзець на месцы, нібы што яго падмывала; а Аркадзій, які канчаткова сам з сабой вырашыў, што закаханы ў Одзінцову, пачаў аддавацца ціхаму смутку. Урэшце, гэты смутак не перашкаджаў яму зблізіцца з Кацяю; ён нават дапамог яму ўвайсці з ёю ў ласкавыя, прыязныя адносіны. «Мяне яна не цэніць! Хай!.. А вось добрая істота мяне не адкідае», думаў ён, і сэрца яго зноў акуналася ў слодыч вялікадушных адчуванняў. Каця цмяна разумела, што ён шукаў нейкай уцехі ў кампаніі з ёю, і не адмаўляла ні яму, ні сабе ў чыстай прыемнасці, поўсарамлівай, поўдаверлівай дружбы. У прысутнасці Анны Сяргееўны яны не гаварылі паміж сабою. Каця заўсёды сціскалася пад пільным поглядам сястры, а Аркадзій, як яно і трэба закаханаму чалавеку, блізка каля свайго прадмета ўжо не мог звяртаць увагу ні на што іншае; але добра было з адной Кацяю. Ён адчуваў, што не мае сілы зацікавіць Одзінцову; ён адчуваў нясмеласць і губляўся, калі заставаўся з ёю адзін-на-адзін; і яна не ведала, што яму сказаць, ён быў занадта для яе малады. Наадварот, з Кацяю Аркадзій быў як дома; ён абыходзіўся з ёю выбачліва, не перашкаджаў ёй выказваць уражанні, узнятыя ў ёй музыкаю, чытаннем аповесцей, вершаў і іншымі драбніцамі, сам не заўважаючы альбо не ўсведамляючы, што гэтыя дробязі і яго займалі. З свайго боку, Каця не перашкаджала яму сумаваць. Аркадзію было добра з Кацяю, Одзінцовай — з Базаравым, а таму звычайна здаралася так: абедзве парачкі, пабыўшы трохі разам, разыходзіліся кожная ў свой бок, асабліва ў час прагулак. Каця абажала прыроду, і Аркадзій яе любіў, хоць і не адважваўся прызнацца ў гэтым; Одзінцова была да яе даволі роўнадушная, гэтак-жа, як і Базараў. Амаль заўсёднае раз’яднанне нашых прыяцеляў не засталося без вынікаў, адносіны між імі пачалі мяняцца. Базараў перастаў гаварыць з Аркадзіем пра Одзінцову, перастаў нават лаяць яе «арыстакратычныя замашкі», праўда, Кацю ён хваліў па-ранейшаму і толькі раіў сцішаць у ёй сантыментальныя нахілы, але пахвальба яго была таропкая, парады сухія, і наогул ён з Аркадзіем гутарыў куды менш, як раней... ён як быццам ухіляўся, як, быццам сароміўся яго...
Аркадзій усё гэта заўважаў, але таіў у сабе свае заўвагі.
Сапраўднаю прычынай усёй гэтай «навізны» было пачуццё, узнятае ў Базараве Одзінцовай, пачуццё, якое яго мучыла і бясіла і ад якога ён зараз-жа адмовіўся-б з пагардлівым рогатам і цынічнаю лаянкай, калі-б хто-небудзь хоць далёка, намякнуў яму на магчымасць таго, што ў ім адбывалася. Базараў быў вялікі ахвотнік да жанчын і да жаночай прыгожасці, але каханне ў сэнсе ідэальным альбо, як ён гаварыў, рамантычным, называў лухтою, невыбачнай дурносцю, лічыў рыцарскія пачуцці нечым накшталт выродлівасці альбо хваробы і не аднойчы выказваў сваё здзіўленне, чаму не пасадзілі ў жоўты дом Тогенбурга з усімі мінезінгерамі і трубадурамі? — «Падабаецца табе жанчына», казаў ён, «старайся дабіцца толку; а нельга — ну, не трэба, адвярніся — зямля не клінам сышлася». Одзінцова яму падабалася, распаўсюджаныя чуткі пра яе, вольнасць і незалежнасць яе думак, яе бясспрэчная прыхільнасць да яго — усё, здавалася, гаварыла ў яго карысць; але ён хутка зразумеў, што з ёю «не даб’ешся толку», а адвярнуцца ад яе ён, на сваё дзіва, не меў сілы. Кроў яго загаралася, як толькі ён успамінаў пра яе; ён лёгка зладзіў-бы з сваёю крывёю, але нешта другое ў яго ўсялілася, чаго ён ніяк не дапускаў, з чаго заўсёды кпіў, што абурала ўсю яго гордасць. У гутарках з Аннай Сяргееўнай ён яшчэ больш, як раней, выказваў сваю роўнадушную пагарду да ўсяго рамантычнага; а застаўшыся адзін-на-адзін, ён з абурэннем адчуваў рамантыка ў самім сабе. Тады ён ішоў у лес і хадзіў па ім вялікімі крокамі, ломячы натрапленае голле і лаячы ўпоўголас яе, і сябе; альбо забіраўся на сена, у адрыну, і, упарта заплюшчваючы вочы, прымушаў сябе спаць, што яму, зразумела, не заўсёды ўдавалася. Раптам яму ўявіцца, што гэтыя цнатлівыя рукі калі-небудзь абвіюцца вакол яго шыі, што гэтыя гордыя вусны адкажуць на яго пацалункі, што гэтыя разумныя вочы з пяшчотнасцю — але, з пяшчотнасцю, — спыняцца на яго вачах, і галава яго закружыцца, і ён забудзецца на момант, пакуль ізноў не ўзгарыцца ў ім абурэнне. Ён лавіў самога сябе на розных «ганебных» думках, нібы чорт яго дражніў. Яму здавалася часам, што і ў Одзінцовай адбываецца перамена, што ў выразе яе твара ўзнімалася нешта асаблівае, што, можа быць... Але тут ён звычайна тупаў нагою альбо скрыгаў зубамі і пагражаў сабе кулаком.
А між тым Базараў не зусім памыляўся. Ён крануў душу Одзінцовай; ён цікавіў яе, яна шмат аб ім думала. У яго адсутнасці яна не нудзілася, не чакала яго, але яго з’яўленне зараз-жа яе ажыўляла; яна ахвотна заставалася з ім адзін-на-адзін і ахвотна з ім гутарыла, нават тады, калі ён яе злаваў альбо абражаў яе густ, яе прыгожыя звычкі. Яна як быццам хацела і яго выспрабаваць, і сябе выведаць.
Аднойчы ён, гуляючы з ёю па садзе, раптоўна прамовіў панурым голасам, што мае намер хутка паехаць у вёску да бацькі... Яна пабялела, нібы яе што ў сэрца кальнула, ды так кальнула, што яна здзівілася і доўга потым раздумоўвала аб тым, што гэта значыла. Базараў абвясціў ёй пра свой ад’езд не з думкаю выспрабаваць яе, паглядзець, што з гэтага выйдзе: ён ніколі не «сачыняў». Раніцою таго дня ён бачыўся з бацькаўскім прыказчыкам, былым сваім дзядзькам, Цімафеічам. Гэты Цімафеіч, бывалы і рухавы дзядок, з выцвілымі жоўтымі валасамі, выветраным чырвоным тварам і драбнюткімі слязінкамі ў зморшчаных вачах, нечакана з’явіўся перад Базаравым у сваёй кароценькай чуйцы з тоўстага шэра-сіняватага сукна, падперазаны раменным абрывачкам і ў дзягцярных ботах.
— А, дзедка, здароў! — ускрыкнуў Базараў.
— Добрага здаровейка, бацюхна Еўгеній Васільіч, — пачаў дзядок і радасна ўсміхнуўся, ад чаго ўвесь твар яго раптам пакрыўся маршчынамі.
— Чаго завітаў? Па мяне, ці што, прыслалі?
— Злітуйцеся, бацюхна, як можна! — залепятаў Цімафеіч (ён успомніў строгі наказ, атрыманы ад барына пры ад’ездзе). — У горад па панскіх справах ехалі, ды пра вашу міласць прачулі, дык вось і завінулі па дарозе, гэта значыць — паглядзець на вашу міласць... а то як-жа можна турбаваць.
— Ну, не мані, — перапыніў яго Базараў. — У горад табе хіба тут дарога? — Цімафеіч памяўся і нічога не адказаў. — Бацька здароў?
— Дзякуй богу-с.
— І маці?
— І Арына Влас’еўна, дзякуй табе, божухна.
— Чакаюць мяне бадай!
Дзядок схіліў набок сваю драбнюткую галоўку. — Ах, Еўгеній Васільіч, як не чакаць! Ці верыце богу, сэрца зныдзела на бацькоў на вашых глядзючы.
— Ну, добра, добра! не распісвай. Скажы ім, што хутка буду.
— Слухаю-с, — з уздыхам адказаў Цімафеіч.
Вышаўшы з дому, ён абодвума рукамі насунуў сабе шапку на галаву, узлез на ўбогія бегавыя дрожкі, якія ён пакінуў каля варот, і паплёўся трушком, толькі не ў кірунку да горада.
Увечары таго-ж дня Одзінцова сядзела ў сябе ў пакоі з Базаравым, а Аркадзій пахаджваў па зале і слухаў ігру Каці. Князёўна пайшла да сябе наверх; яна наогул трываць не магла гасцей, і асабліва гэтых «новых ачмурэлых», як яна іх называла. У парадных пакоях яна толькі надзімалася; затое, у сябе, перад сваёю пакаёўкай, яна заходзілася часам такою лаянкай, што чапец скакаў у яе на галаве разам з накладкаю. Одзінцова ўсё гэта ведала.
— Як-жа гэта вы ехаць збіраецеся, — пачала яна, — а абяцанне ваша?
Базараў страпянуўся. — Якое-с?
— Вы забыліся? Вы хацелі даць мне некалькі лекцый па хіміі.
— Што рабіць! Бацька мяне чакае, нельга мне болей бавіцца. Урэшце, вы можаце прачытаць. — Pelouse et Frémy, Notions générales de Chimie[41]; кніга добрая і напісана ясна. Вы ў ёй знойдзеце ўсё, што трэба.
— А памятаеце, вы мяне запэўнялі, што кніга не можа замяніць... я забылася; як вы сказалі, але вы ведаеце, што я хачу сказаць... памятаеце?
— Што рабіць! — паўтарыў Базараў.
— Нашто ехаць? — праказала Одзінцова, знізіўшы голас.
Ён глянуў на яе. Яна закінула галаву на спінку крэсла і склала накрыж на грудзях рукі, аголеныя да локцяў. Яна здавалася блядней пры святле адзінокай лямпы, завешанай выразною папяроваю сеткай. Шырокае белае плацце пакрывала яе ўсю сваімі мяккімі складкамі: ледзьве відаць былі кончыкі яе ног, таксама складзеных накрыж.
— А чаго заставацца? — адказаў Базараў.
Одзінцова злёгку павярнула галаву.
— Як чаго? Хіба вам у мяне нявесела? Альбо вы думаеце, што аб вас тут шкадаваць не будуць?
— Я ў гэтым пераконаны.
Одзінцова памаўчала.
— Дарэмна вы гэта думаеце. Урэшце, я вам не веру. Вы не маглі сказаць гэта сур’ёзна.
Базараў усё сядзеў нерухома.
— Еўгеній Васільевіч, што-ж вы маўчыце?
— Ды што мне сказаць вам? Аб людзях наогул шкадаваць не варта, а пра мяне і падаўна.
— Гэта чаму?
— Я чалавек просты, нецікавы. Гаварыць не ўмею.
— Вы напрошваецеся на камплімент, Еўгеній Васільевіч.
— Гэта не ў маіх прывычках. Хіба вы не ведаеце самі, што прыгожы бок жыцця мне недаступны, той бок, які вы так шануеце?
Одзінцова пакусала ражок насоўкі.
— Думайце, што хочаце, але мне будзе нудна, калі вы паедзеце.
Одзінцова злёгку паціснула плячом.
— Мне будзе нудна, — паўтарыла яна.
— Сапраўды? Ва ўсякім выпадку, доўга вы нудзіцца не будзеце.
— Чаму вы так думаеце?
— Таму, што вы самі мне сказалі, што нудзіцеся толькі тады, калі ваш парадак парушаецца. Вы так беззаганна-правільна наладзілі ваша жыццё, што ў ім не можа быць месца ні нудзе, ні тузе... ніякім цяжкім пачуццям.
— І вы лічыце, што я беззаганная... што я так правільна наладзіла сваё жыццё?
— Чаму не! Ды вось, напрыклад: праз некалькі хвілін праб’е дзесяць гадзін, і я ўжо наперад ведаю, што вы прагоніце мяне.
— Не, не праганю, Еўгеній Васільевіч. Вы можаце застацца. Адчыніце гэта акно... мне нешта душна.
Базараў устаў і піхнуў акно. Яно адразу з стукам расчынілася... Ён не чакаў, што яно так лёгка адчынялася; прытым яго рукі дрыжэлі. Цёмная, мяккая ноч глянула ў пакой з сваім амаль чорным небам, паціху шумеўшымі дрэвамі і свежым пахам вольнага чыстага паветра.
— Спусціце штору і сядзьце, — прамовіла Одзінцова, — мне хочацца пагутарыць з вамі перад вашым ад’ездам. Раскажыце мне што-небудзь пра самога сябе; вы ніколі пра сябе не гаворыце.
— Я стараюся гутарыць з вамі пра рэчы сур’ёзныя, Анна Сяргееўна.
— Вы вельмі сціплы... Але мне хацелася-б даведацца аб чым-небудзь пра вас, пра вашу сям’ю, пра вашага бацьку, для якога вы нас пакідаеце.
«Нашто яна гаворыць такія словы?» падумаў Базараў.
— Усё гэта ані нецікава, — прамовіў ён уголас: — асабліва для вас; мы людзі цёмныя...
— А я, па-вашаму, арыстакратка?
Базараў узняў вочы на Одзінцову. — Але, — праказаў ён пераўвялічана рэзка.
Яна ўсміхнулася.
— Я бачу, вы мяне ведаеце мала, хоць вы і ўпэўняеце, што ўсе людзі адзін на аднаго падобны, і што іх вывучаць не варта. Я вам калі-небудзь раскажу сваё жыццё... але вы мне раней раскажыце сваё.
— Я вас ведаю мала, — паўтарыў Базараў. — Можа быць, вы маеце рацыю; можа быць, сапраўды, кожны чалавек загадка. Ды хоць вы, напрыклад, вы цураецеся людзей, яны вам-у прыкрасць, — і запрасілі да сябе жыць двух студэнтаў. Чаму вы, з вашым розумам, з вашай прыгажосцю, жывеце ў вёсцы?
— Як? Як вы гэта сказалі? — з жвавасцю падхапіла Одзінцова. — З маёй... прыгажосцю?
Базараў нахмурыўся.
— Гэта ўсёроўна, — прамармытаў ён, — я хацеў сказаць, што не разумею добра, чаму вы пасяліліся ў вёсцы?
— Вы гэтага не разумееце... Аднак, вы тлумачыце гэта сабе як-небудзь?
— Так... я думаю, што вы заўсёды застаецеся на адным месцы таму, што вы сябе збалавалі, таму што вы вельмі любіце камфорт, выгоды, а да ўсяго астатняга вельмі роўнадушныя.
Одзінцова ізноў усміхнулася.
— Вы рашуча не хочаце верыць, што я здольна захапляцца?
Базараў спадлоба глянуў на яе.
— Цікаўнасцю — бадай: але не іначай.
— Сапраўды? Ну, цяпер я разумею, чаму мы сышліся з вамі; і вы-ж гэткі-ж, як я.
— Мы сышліся... — глуха прамовіў Базараў.
— Але!.. Я-ж забылася, што вы хочаце паехаць.
Базараў устаў. Лямпа цмяна гарэла пасярод пацямнелага, водарнага, самотнага пакоя; праз зрэдка ўскалыхваную штору ўлівалася раздражняючая свежасць ночы, быў чуцен яе таемны шэпт. Одзінцова не варушылася ніводным членам, але тайнае хваляванне ахапляла яе патроху... Яно перадалося Базараву. Ён раптам адчуў сябе адзін-на-адзін з маладою, прыгожаю жанчынай...
— Куды вы? — павольна прагаварыла яна.
Ён нічога не адказаў і апусціўся на крэсла.
— Значыцца, вы лічыце мяне спакойнай, спешчанай, збалованай істотай, — казала яна тым-жа голасам, не зводзячы вачэй з акна. — А я дык ведаю пра сябе, што я нешчаслівая.
— Вы нешчаслівыя! З чаго? Няўжо вы можаце надаваць якое-небудзь значэнне паганым плёткам?
Одзінцова нахмурылася. Ёй зрабілася прыкра, што ён так яе зразумеў.
— Мяне гэтыя плёткі нават не смяшаць, Еўгеній Васільевіч, і я занадта гордая, каб дазволіць ім мяне непакоіць. Я нешчаслівая з таго... што няма ва мне жадання, ахвоты жыць. Вы недаверліва на мяне глядзіце, вы думаеце: гэта гаворыць «арыстакратка», якая ўся ў мярэжах і сядзіць на машастовым крэсле. Я і не таюся: я люблю тое, што вы называеце камфортам, і ў той-жа час я мала жадаю жыць. Прыміце гэту супярэчнасць, як ведаеце. Урэшце, гэта ўсё ў вашых вачах рамантызм.
Базараў пахістаў галавою.
— Вы здаровыя, незалежныя, багатыя; чаго-ж яшчэ? Чаго вы хочаце?
— Чаго я хачу, — паўтарыла Одзінцова, і ўздыхнула. — Я вельмі стамілася, я старая, мне здаецца, я вельмі даўно жыву. Але, я старая, — дадала яна, ціхенька нацягваючы канцы мантыллі на свае аголеныя рукі. Яе вочы сустрэліся з вачыма Базарава, і яна ледзь-ледзь пачырванела. — За мною ўжо так шмат успамінаў: жыццё ў Пецербургу, багацце, потым беднасць, потым смерць бацькі, замужаства, потым замежная паездка, як належыць... Успамінаў шмат, а ўспамінаць няма чаго, і наперадзе, перада мною, — даўгая дарога, а мэты няма... Мне і не хочацца ісці.
— Вы так расчараваны? — спытаўся Базараў.
— Не, — прамовіла з расстаноўкаю Одзінцова, — але я не маю задавальнення. Здаецца, калі-б я магла моцна адчуць прыхільнасць да чаго-небудзь...
— Вам хочацца пакахаць, — перапыніў яе Базараў, — а пакахаць вы не можаце: вось у чым ваша няшчасце.
Одзінцова ўзялася разглядаць рукавы сваёй мантыллі.
— Хіба я не магу пакахаць? — прамовіла яна.
— Бадай — не! Толькі я дарэмна назваў гэта няшчасцем. Наадварот, таго хутчэй трэба шкадаваць, з кім гэта штука здараецца.
— Здараецца, што?
— Пакахаць.
— А вы адкуль гэта ведаеце?
— Па чутках, — сярдзіта адказаў Базараў.
«Ты какетнічаеш», падумаў ён, — «ты нудзішся і дражніш мяне ад няма чаго рабіць, а мне...» Сэрца ў яго, сапраўды, так і рвалася.
— Пры тым вы, можа быць, занадта вымагальныя, — прамовіў ён, нахіліўшыся ўсім целам наперад і іграючы махрамі крэсла.
— Можа быць. Па-мойму, альбо ўсё, альбо нічога. Жыццё за жыццё. Узяў маё, аддай сваё, — і тады ўжо без шкадавання і без звароту. А то лепш і не трэба.
— Што-ж? — заўважыў Базараў: — гэта ўмова справядлівая, і я дзіўлюся, як вы да гэтай пары... не знайшлі, чаго жадалі.
— А вы думаеце, лёгка аддацца цалкам чаму-б ні было?
— Нялёгка, калі станем раздумваць ды вычакоўваць, ды самому сабе надаваць цану, даражыць сабою, значыць: а не раздумваючы, аддацца вельмі лёгка.
— Як-жа сабою не даражыць? Калі я не маю ніякай цаны, каму-ж патрэбна мая адданасць!
— Гэта ўжо не мая справа; гэта справа другога разбіраць, якая мая цана. Галоўнае, трэба ўмець аддацца.
Одзінцова падалася ад спінкі крэсла.
— Вы гаворыце так, — пачала яна, — як быццам усё гэта зазналі.
— Да слова прышлося, Анна Сяргееўна: гэта ўсё, вы ведаеце, не па маёй часці.
— Але вы-б здолелі аддацца?
— Не ведаю, хваліцца не хачу.
Одзінцова нічога не сказала, і Базараў змоўк. Гукі фартэпіяна даляталі да іх з гасцінай.
— Што гэта Каця так позна іграе, — заўважыла Одзінцова.
Базараў падняўся.
— Ды цяпер сапраўды позна, вам пара спачываць.
— Пачакайце, куды-ж вы спяшаецеся... мне трэба сказаць вам адно слова.
— Якое?
— Пачакайце, — шапнула Одзінцова. Яе вочы спыніліся на Базараве, здавалася, яна ўважліва яго разглядала.
Ён прайшоўся па пакоі, потым раптам наблізіўся да яе, хапатліва сказаў «бывайце», сціснуў ёй руку так, што яна ледзь не ўскрыкнула, і вышаў вон. Яна паднесла свае пазліпаныя пальцы да вуснаў, падзьмула на іх, і раптоўна парыўча ўзнялася з крэсла, накіравалася шпаркімі крокамі да дзвярэй, як-бы хочучы вярнуць Базарава... Пакаёўка ўвайшла ў пакой з графінам на срэбным падносе. Одзінцова, спынілася, загадала ёй выйсці і села зноў, і зноў задумалася. Каса яе развілася і цёмнай змяёю ўпала ёй на плячо. Лямпа яшчэ доўга гарэла ў пакоі Анны Сяргееўны, і доўга яна была ўсё нерухомаю, толькі зрэдку праводзячы пальцамі па сваіх руках, якія злёгку пакусваў ночны холад.
А Базараў, праз гадзіны дзве потым, вярнуўся да сябе ў спальню з мокрымі ад расы батамі, ускудлачаны і пануры. Ён застаў Аркадзія за пісьмовым сталом, з кнігаю ў руках, у зашпіленым даверху сурдуце.
— Ты яшчэ не клаўся? — прагаварыў ён як-бы з прыкрасцю.
— Ты доўга сядзеў сягоння з Аннай Сяргееўнай, — прамовіў Аркадзій, не адказваючы на яго запытанне.
— Але, я з ёю сядзеў увесь час, пакуль вы з Кацярынай Сяргееўнай ігралі на фартэпіяна.
— Я не іграў... — пачаў быў Аркадзій і змоўк. Ён адчуваў, што слёзы падыходзілі да яго вачэй, а яму не хацелася заплакаць перад сваім насмешлівым другам.
Наступным днём, калі Одзінцова з’явілася к чаю, Базараў доўга сядзеў, нагнуўшыся над сваім кубкам, і раптам глянуў на яе... Яна павярнулася да яго, як быццам ён яе штурхнуў, і яму здалося, што твар яе злёгку пабляднеў за ноч. Яна хутка пайшла да сябе ў пакой і з’явілася толькі к снеданню. З раніцы надвор’е было дажджлівае, не было як гуляць. Уся кампанія сабралася ў гасціную. Аркадзій дастаў апошні нумар часопіса і пачаў чытаць. Князёўна, як зазвычай, спярша зрабіла здзіўлены твар, нібы ён браўся рабіць нешта непрыстойнае, потым злосна ўставілася на яго; але ён не звярнуў на яе ўвагі.
— Еўгеній Васільевіч, — прагаварыла Анна Сяргееўна, — пойдземце да мяне... Я хачу ў вас запытацца... Вы назвалі ўчора адзін дапаможнік...
Яна ўстала і накіравалася да дзвярэй. Князёўна паглядзела вакол з такім выразам, як-бы хацела сказаць: «паглядзіце, паглядзіце, як я здзіўляюся», і зноў уставілася на Аркадзія, але ён узвысіў голас, і, пераглянуўшыся з Кацяю, каля якой сядзеў, чытаў далей.
Одзінцова хуткімі крокамі дайшла да свайго габінета. Базараў рухава ішоў следам за ёю, не ўзнімаючы вачэй і толькі ловячы вухам тонкі свіст і шэлест шаўковага плацця, якое слізгацела перад ім. Одзінцова апусцілася на тое-ж самае крэсла, на якім сядзела напярэдадні, і Базараў заняў учарашняе месца.
— Дык як-жа называецца гэта кніга? — пачала яна пасля невялікага маўчання.
— Pelouse et Frémy, Notions générales... — адказаў Базараў. — Урэшце, можна вам таксама парэкамендаваць — Ganot, Traité élémentaire de physique expérimentale[42]. У гэтым творы малюнкі выразней, і наогул гэты падручнік...
Одзінцова ўзняла руку. — Еўгеній Васільевіч, прабачце мне, але я паклікала вас сюды не з тым, каб разражаць пра падручнікі. Мне хацелася аднавіць нашу ўчарашнюю гутарку. Вы пайшлі гэтак раптоўна... Вам не будзе нудна?
— Я да вашых паслуг, Анна Сяргееўна. Але пра што гэта гутарылі мы ўчора з вамі.
Одзінцова кінула ўскосны погляд на Базарава. — Мы гутарылі з вамі, здаецца, пра шчасце. Я вам расказвала пра самую сябе. Дарэчы вось, я спамянула слова «шчасце». Скажыце, чаму, нават калі нас цешыць, напрыклад, музыка, добры вечар, гутарка з сімпатычнымі людзьмі, чаму ўсё гэта здаецца хутчэй намёкам на нейкае бязмернае, якое недзе існуе, шчасце, чым сапраўдным шчасцем, гэта значыць такім, якое мы самі маем? Чаму гэта? Альбо вы, можа быць, нічога падобнага не адчуваеце?
— Вы ведаеце прымаўку: «там добра, дзе нас няма», — сказаў на гэта Базараў; — пры тым-жа вы самі сказалі ўчора, што вы незадаволены. А мне ў галаву, праўда, такія думкі не прыходзяць.
— Можа быць, яны здаюцца вам смешнымі?
— Не, але яны мне не прыходзяць у галаву.
— Сапраўды? Ведаеце, я-б вельмі хацела ведаць, аб чым вы думаеце?
— Як? Я вас не разумею.
— Паслухайце, я даўно хацела перагаварыць з вамі. Вам няма чаго казаць, — вам гэта самім вядома, што вы чалавек не з ліку звычайных: — вы яшчэ малады — усё жыццё перад вамі. Да чаго вы сябе рыхтуеце? Якая будучыня чакае вас? Я хачу сказаць — якой мэты вы хочаце дасягнуць, куды вы ідзеце, што ў вас на душы? Словам, хто вы? Што вы?
— Вы мяне дзівіце, Анна Сяргееўна. Вам вядома, што я займаюся прыродазнаўчымі навукамі, а хто я...
— Але, хто вы?
— Я ўжо гаварыў вам, што я будучы павятовы лекар.
Анна Сяргееўна зрабіла нецярплівы рух. — Чаму вы гэта гаворыце? Вы гэтаму самі не верыце. Аркадзій мог-бы мне адказваць гэтак, а не вы.
— Ды чым-жа Аркадзій...
— Кіньце! Ці магчыма, каб вы задавольваліся такою скромнаю дзейнасцю, і ці не самі вы заўсёды сцвярджаеце, што для вас медыцына не існуе. Вы — з вашай ганарлівасцю — павятовы лекар! Вы мне адказваеце так, каб зрабіць адчэпнае, таму што вы не маеце ніякай даверлівасці да мяне. А ці ведаеце, Еўгеній Васільевіч, што я ўмела-б зразумець вас: я сама была бедная і ганарлівая, як вы; я прайшла, можа быць, праз гэткія-ж пакуты, як і вы.
— Усё гэта вельмі добра, Анна Сяргееўна, але вы мне прабачце... Я наогул не прывык выказвацца; і паміж вамі і мной такая адлегласць...
— Якая адлегласць? — Вы зноў мне скажаце, што я арыстакратка. Годзе, Еўгеній Васільіч; я вам, здаецца, даказала.
— Ды і акрамя таго, — перапыніў Базараў, — што за ахвота гаварыць і думаць пра будучае, якое ў большасці не ад нас залежыць? Выйдзе выпадак што-небудзь зрабіць — вельмі добра, а не выйдзе — прынамсі тым будзь здаволены, што загадзя дарэмна не балбатаў.
— Вы называеце сяброўскую гутарку балбатнёй... Альбо, можа быць, вы мяне, як жанчыну, не лічыце вартай вашай даверлівасці? — Вы-ж намі ўсімі пагарджаеце.
— Вамі я не пагарджаю, Анна Сяргееўна, вы гэта ведаеце.
— Не, я нічога не ведаю... але дапусцім: я разумею ваша нежаданне гаварыць пра будучую вашу дзейнасць; але тое, што ў вас цяпер адбываецца...
— Адбываецца! — паўтарыў Базараў: — нібы я дзяржава якая, альбо грамадства! Ва ўсякім выпадку, гэта зусім нецікава; і пры тым хіба чалавек заўсёды можа ўголас сказаць усё, што ў ім «адбываецца»?
— А я не бачу, чаму нельга выказаць усё, што маеш на душы.
— Вы можаце? — спытаўся Базараў.
— Магу, — адказала Анна Сяргееўна пасля невялікага хістання.
Базараў нахіліў галаву. — Вы шчаслівейшая за мяне.
Анна Сяргееўна дапытліва паглядзела на яго. — Як хочаце, — казала яна далей, — а мне ўсё-такі нешта кажа, што мы сышліся недарэмна, што мы будзем добрымі сябрамі. Я ўпэўнена, што ваша гэта, як-бы сказаць, ваша напружанасць, стрыманасць знікне нарэшце.
— А вы заўважылі ва мне стрыманасць... як вы яшчэ сказалі... напружанасць?
— Але.
Базараў устаў і падышоў да акна. — І вы хацелі-б ведаць прычыну гэтай стрыманасці, вы жадалі-б ведаць, што ва мне адбываецца?
— Але, — паўтарыла Одзінцова, з нейкім, ёй яшчэ незразумелым спалохам.
— І вы не рассердзіцеся.
— Не.
— Не? — Базараў стаяў да яе спіною. — Дык ведайце-ж, што я люблю вас неразумна, шалёна... Вось чаго вы дамагліся.
Одзінцова прасцерла наперад абедзве рукі, а Базараў упёрся лобам у шыбу. Ён задыхаўся; усё цела яго відаць трапятала. Але гэта было не трапятанне юнацкай нясмеласці, не салодкі жах першага прызнання апанаваў яго; гэта пал у ім бушаваў, моцны і цяжкі — пал, падобны на злосць і, быць можа, родны ёй... Одзінцовай зрабілася страшна і шкода яго.
— Еўгеній Васільевіч, — прагаварыла яна, і мімавольная пяшчотнасць зазвінела ў яе голасе.
Ён шпарка павярнуўся да яе, кінуў на яе прагавіты погляд, — і, схапіўшы яе абедзве рукі, раптоўна прыгарнуў яе да сябе на грудзі.
Яна не адразу вызвалілася з яго абыймаў; але... праз момант, яна ўжо стаяла далёка ў кутку і глядзела адтуль на Базарава. Ён рвануўся да яе...
— Вы мяне не зразумелі, — прашаптала яна з пахаплівым торапам. Здавалася, ступі ён яшчэ крок, яна-б ускрыкнула... Базараў закусіў губы і вышаў.
Праз поўгадзіны пасля служанка падала Анне Сяргееўне запіску ад Базарава; яна складалася з аднаго толькі радка: «павінен я сягоння паехаць — ці магу застацца да заўтрага?» — «Чаго ад’язджаць? Я вас не разумела — вы мяне не зразумелі», адказала яму Анна Сяргееўна, а сама падумала: «я і сябе не разумела».
Яна да абеда не паказалася і ўсё хадзіла ўзад і ўперад па сваім пакоі, заклаўшы рукі назад, зрэдку спыняючыся то перад акном, то перад люстрам, і павольна праводзіла хусткаю па шыі, на якой ёй усё здавалася гарачая пляма. Яна пыталася ў сябе, што прымушала яе «дамагацца», як казаў Базараў, яго адкрытнасці, і ці не падазравала яна чаго-небудзь... «Я вінавата», прамовіла яна ўголас, «але я гэта не магла прадбачыць». Яна задумвалася і чырванела, успамінаючы амаль звярыны твар Базарава, калі ён кінуўся да яе...
«Альбо?» праказала яна раптам, і спынілася, і страсянула кудрамі... Яна ўбачыла сябе ў люстэрку; яе назад закінутая галава з таямнічаю ўсмешкай на поўзакрытых, поўраскрытых вачах і вуснах, здавалася, казала ёй у гэты момант нешта такое, ад чаго яна сама замяшалася...
«Не», вырашыла яна нарэшце, «бог ведае, куды-б гэта павяло, гэтым нельга жартаваць, спакой усё-такі лепш за ўсё на свеце».
Яе спакой не быў узрушаны; але яна засмуцілася і нават трохі заплакала раз, сама не ведаючы чаго, толькі не ад атрыманай абразы. Яна не адчувала сябе абражанаю: яна хутчэй адчувала сябе вінаватаю. Пад уплывам розных цмяных пачуццяў, усведамлення адыходзячага жыцця, жадання новага, яна прымусіла сябе дайсці да пэўнай рысы, прымусіла сябе глянуць за яе — і ўбачыла за ёю нават не бяздонне, а пустату... альбо брыдасць.
Як ні валодала сабою Одзінцова, як ні стаяла вышэй ад усякай прыхамаці, але ёй было няёмка, калі яна з’явілася ў сталовую к абеду. Урэшце, ён прайшоў даволі шчасліва. Парфірый Платоныч прыехаў, расказваў розныя анекдоты; ён толькі што вярнуўся з горада. Між іншым, ён паведаміў, што губернатар Бурдалу загадаў сваім чыноўнікам па асобных даручэннях насіць шпоры, на выпадак, калі ён пашле іх куды-небудзь, для хуткасці, конна. Аркадзій упоўголас гаманіў з Кацяй і дыпламатычна прыслужваўся да князёўны. Базараў упарта і панура маўчаў. Одзінцова разы два — проста, не крадком паглядзела на яго твар, строгі і злосны, з апушчанымі вачыма, з адбіткам пагардлівай рашучасці ў кожнай рысе, і падумала: «не... не... не...» Пасля абеда яна з усёй кампаніяй адправілася ў сад, і, бачачы, што Базараў хоча загаварыць з ёю, зрабіла некалькі крокаў убок і спынілася. Ён падышоў да яе, але і тут не ўзняў вачэй і глуха прамовіў:
— Я павінен прасіць прабачэння у вас, Анна Сяргееўна. Вы не можаце не гневацца на мяне.
— НМе, я на вас не сярдую, Еўгеній Васільевіч, — адказала Одзінцова: — але я засмучана.
— Тым горш. Ва ўсякім выпадку, я даволі пакараны. Маё становішча, з гэтым, вы напэўна, згодзіцеся, самае недарэчнае. Вы мне напісалі: чаго ад’язджаць? А я не магу і не хачу застацца. Заўтра мяне тут не будзе.
— Еўгеній Васільевіч, чаго вы?..
— Чаго я ад’язджаю?
— Не, я не тое хацела сказаць.
— Мінулага не вернеш, Анна Сяргееўна... а рана ці позна гэта павінна было здарыцца. Значыцца, мне патрэбна паехаць адсюль. Я разумею толькі адну ўмову, пры якой я мог-бы застацца; але гэтай умове не бываць ніколі. Вы-ж, прабачце маю дзёрзкасць, не любіце мяне, і не палюбіце ніколі?
Вочы Базарава бліснулі на момант з-пад цёмных яго брывей.
Анна Сяргееўна не адказала яму. «Я баюся гэтага чалавека», мільганула ў яе галаве.
— Бывайце, — прагаварыў Базараў, як-бы ўгадаўшы яе думку і накіраваўся пад дом.
Анна Сяргееўна ціхенька пайшла следам за ім, і, падазваўшы Кацю, узяла яе пад руку. Яна не разлучалася з ёю да самага вечара. У карты яна гуляць не стала, і ўсё болей пасмейвалася, што зусім не ішло да яе збялелага і збянтэжанага твара. Аркадзій дзівіўся і наглядаў за ёю, як маладыя людзі наглядаюць, гэта значыць увесь час пытаўся ў самога сябе: што, моў, гэта значыць? Базараў запёрся ў сябе ў пакоі; к чаю ён, аднак, вярнуўся. Анне Сяргееўне хацелася сказаць яму якое-небудзь добрае слова, але яна не ведала, як загаварыць з ім...
Нечаканы выпадак вывеў яе з гэтага становішча: дварэцкі далажыў аб прыездзе Сітнікава.
Цяжка перадаць словамі, якою перапёлкаю ўляцеў у пакой малады прагрэсіст. Адважыўшыся, з уласціваю яму назольнасцю, паехаць у вёску да жанчыны, якую ён ледзьве ведаў, якая ніколі яго не запрашала, але ў якой, па атрыманых вестках, гасцілі такія разумныя і блізкія яму людзі, яго ўсё-такі да касцей скоўвала нясмеласць і заместа таго, каб высыпаць загадзя завучаныя прабачэнні і прывітанні, прамармытаў нейкую дрэнь, што Еўдаксія, моў, Кукшына прыслала яго даведацца пра здароўе Анны Сяргееўны, і што Аркадзій Нікалаевіч, таксама, яму заўсёды адзываўся з найвялікшай пахвальбою... На гэтым слове ён запнуўся і збянтэжыўся да таго, што сеў на ўласны капялюш. Аднак, з таго, што ніхто яго не прагнаў, і Анна Сяргееўна нават пазнаёміла яго з цёткаю і сястрою, ён хутка ачухаўся і затрашчэў на-ўсю. З’яўленне брыдознасці бывае часта карысным у жыцці: яно паслабляе занадта высока настроеныя струны, ацверажае самаўпэўненыя альбо самазабыўчыя пачуцці, нагадваючы ім сваё блізкае сваяцтва з імі. З прыездам Сітнікава ўсё стала неяк тупей — і прасцей; усе нават павячэралі лепей і разышліся спаць на поўгадзіну раней як звычайна.
— Я магу табе цяпер паўтарыць, — казаў, лежачы на пасцелі Аркадзій Базараву, які таксама раздзеўся, — тое, што ты мне сказаў аднойчы: «Чаго ты такі сумны? Пэўна выканаў які-небудзь святы абавязак?» — Паміж абодвума маладымі людзьмі з некаторага часу ўстанавілася нейкае фальшыва развязнае падсміханне, што заўсёды з’яўляецца адзнакаю тайнага незадаволення альбо нявыказаных падозранняў.
— Заўтра да бацькі еду, — прагаварыў Базараў.
Аркадзій прыпадняўся і абапёрся на локаць. Ён і здзівіўся і чамусьці ўзрадаваўся. — А! прамовіў ён. — І ты ад гэтага сумны?
Базараў зяхнуў. — Шмат будзеш ведаць, пастарэеш.
— А як-жа Анна Сяргееўна? — не спыняўся Аркадзій.
— Што такое Анна Сяргееўна?
— Я хачу сказаць: хіба яна цябе адпусціць?
— Я да яе не наймаўся.
Аркадзій задумаўся, а Базараў лёг і павярнуўся тварам да сцяны.
Прайшло некалькі хвілін у маўчанні. — Еўгеній! — ускрыкнуў раптам Аркадзій.
— Ну?
— Я заўтра з табой паеду таксама.
Базараў нічога не адказаў.
— Толькі я дамоў паеду, — казаў Аркадзій. — Мы разам адправімся да Хахлоўскіх выселкаў, а там ты возьмеш у Фядота коней. Я-б з прыемнасцю пазнаёміўся з тваімі, але баюся іх абцяжыць, і цябе. Ты-ж потым ізноў прыедзеш да нас?
— Я ў вас свае рэчы пакінуў, — абазваўся Базараў, не паварочваючыся.
«Што-ж ён у мяне не пытаецца, чаму я еду? І гэтак-жа раптоўна, як і ён?» падумаў Аркадзій. «Сапраўды, чаму я еду, і чаму ён едзе?» не спыняў ён сваё раздум’е. Ён не мог адказаць здавальняюча на ўласнае пытанне, а сэрца яго напаўнялася нечым едкім. Ён адчуваў, што цяжка яму будзе расстацца з гэтым жыццём, да якога ён так прывык; але і заставацца аднаму было неяк дзіўна. «Нешта ў іх вышла», разважаў ён сам з сабою, «чаго-ж я буду тырчэць перад ёю пасля ад’езду? Я ёй зусім збрыдзею; я і апошняе страчу». Ён пачаў уяўляць сабе Анну Сяргееўну, потым другія рысы паволі выступілі скрозь прыгожае аблічча маладой удавы.
«Шкода і Каці!» шаптаў Аркадзій у падушку, на якую ўжо капнула сляза... Ён раптам ускінуў валасамі і голасна прамовіў: — На якога чорта гэты дурань Сітнікаў завітаў?
Базараў спярша паварушыўся на пасцелі, а потым вымавіў наступнае: — Ты, брат, дурны яшчэ, я бачу. Сітнікавы нам неабходны. Мне, зразумей ты гэта — мне патрэбны гэткія вось ёлупы. Не багам-жа, сапраўды, гаршкі апальваць!..
— Эге, ге... — падумаў сам сабе Аркадзій, і тут толькі адкрылася яму на момант уся бяздонная прорва базараўскай ганарлівасці. — Мы, значыцца, з табой багі? правільней будзе — ты бог, а ёлуп ужо ці не я?
— Але, — паўтарыў панура Базараў, — ты яшчэ дурны.
Одзінцова не выказала асаблівага здзіўлення, калі на другі дзень Аркадзій сказаў ёй, што едзе з Базаравым; яна здавалася няўважлівай і стомленай. Каця моўчкі і сур’ёзна паглядзела на яго, князёўна нават перахрысцілася пад сваёю шаллю, так што ён не мог гэтага не заўважыць, затое Сітнікаў зусім перапалохаўся. Ён толькі што сышоў к снеданню ў новым шчогальскім, на гэты раз не славянафільскім, убранні; напярэдадні ён здзівіў прыстаўленага да яго чалавека мноствам навезенай ім бялізны, і раптам яго таварышы яго пакідаюць! — Ён трошкі патрусіў нагамі, пакідаўся ў бакі, як выгнаны заяц на ўзлессі, — і раптоўна, амаль з пярэпалахам, амаль з крыкам абвясціў, што і ён намераны паехаць. Одзінцова не стала яго ўтрымліваць.
— У мяне вельмі ціхая каляска, — дадаў няшчасны малады чалавек, зварачаючыся да Аркадзія, — я магу вас падвезці, а Еўгеній Васільевіч можа ўзяць ваш тарантас, — так яно нават зручней будзе.
— Ды злітуйцеся, вам зусім не па дарозе, і да мяне далёка.
— Гэта нічога, нічога, часу ў мяне шмат, пры тым у мяне на тым баку справы ёсць.
— Па водкупах? — спытаўся Аркадзій, ужо занадта пагардліва.
Але Сітнікаў быў у такім адчаі, што, супроць звычайнага, нават не засмяяўся. — Я вас упэўняю, каляска надзвычайна ціхая, — прамармытаў ён, — і ўсім месца будзе.
— Не, крыўдзьце мс’е Сітнікава, не адмаўляйцеся, — прамовіла Анна Сяргееўна...
Аркадзій глянуў на яе і многазначна нахіліў галаву.
Госці паехалі пасля снедання. Развітваючыся з Базаравым, Одзінцова падала яму руку і сказала: — Мы яшчэ ўбачымся, праўда?
— Як загадаеце, — адказаў Базараў.
— У такім выпадку, мы ўбачымся.
Аркадзій першы вышаў на ганак: ён узлез у сітнікаўскую каляску. Яго пачціва падсаджваў дварэцкі, а ён-бы з прыемнасцю яго пабіў альбо расплакаўся. Базараў усеўся ў тарантасе. — Дабраўшыся да Хахлоўскіх выселкаў, Аркадзій чакаў, пакуль Фядот, гаспадар пастаялага двара, запрог коней, і, падышоўшы пад тарантас, з ранейшай усмешкаю сказаў Базараву:
— Еўгеній, вазьмі мяне з сабою; я хачу да цябе паехаць.
— Садзіся, — вымавіў праз зубы Базараў.
Сітнікаў, які пахаджаў, весела пасвістваючы, вакол свайго экіпажа, толькі рот разявіў, пачуўшы гэтыя словы, а Аркадзій з халодным спакоем выняў свае рэчы з яго каляскі, сеў побач з Базаравым — і, далікатна развітаўшыся з сваім былым спадарожнікам, крыкнуў: «Рушай!» Тарантас пакаціў і хутка знік з вачэй... Сітнікаў, канчаткова збянтэжаны, паглядзеў на свайго фурмана, але той махаў пужкаю над хвастом супражнога каня. Тады Сітнікаў ускочыў у каляску — і, загрымеўшы на двух праходзіўшых мужыкоў: «надзеньце шапкі, дурні!» — пацягнуўся ў горад, куды прыехаў вельмі позна, і дзе, на наступны дзень, у Кукшынай, дужа дасталося двум «агідным гардунам і невукам».
Сядаючы за ў тарантас да Базарава, Аркадзій моцна сціснуў яму руку і доўга нічога не гаварыў. Здавалася, Базараў зразумеў і ацаніў і гэты поціск, і гэта маўчанне. Мінулую ноч ён усю не спаў і не курыў, і амаль нічога не еў ужо некалькі дзён. Пахмура і рэзка выдаваўся яго схудзелы профіль з-пад насунутай шапкі.
— Што, брат, — прагаварыў ён, нарэшце, — дай сігарку... Ды паглядзі, здэцца, жоўты ў мяне язык?
— Жоўты, — адказаў Аркадзій.
— Ну але... вось і сігарка нясмашная. — Расклеілася машына.
— Ты, сапраўды, змяніўся за гэты апошні час, — заўважыў Аркадзій.
— Нічога! Паправімся. Адно нудна, — маці ў мяне такая жаласлівая: калі бруха не адгадаваў, ды не ясі дзесяць разоў у дзень, яна і вар’юецца. Ну, бацька нічога, той сам быў усюды, і ў сіце, і ў рэшаце. Не, нельга курыць, — дадаў ён, і шпурнуў сігарку ў пыл дарогі.
— Да твайго маёнтка дваццаць пяць вёрст? — спытаўся Аркадзій.
— Дваццаць пяць. Ды вось спытайся ў гэтага мудраца. — Ён паказаў на мужыка, Фядотавага работніка, які сядзеў на козлах.
Але мудрэц адказаў, што: «Хтош е ведае — вёрсты тутака не мераныя», і не спыняў упоўголас лаяць карэннага за тое, што ён «галаўнёю брыкае», гэта значыць тузае талавой.
— Але, але, — загаварыў Базараў, — навука вам, юны друг мой, навучальны якійсьці прыклад. Чорт ведае, што за лухта! Кожны чалавек на нітачцы вісіць, бяздонне што хвіліны пад ім расчыніцца можа, а ён яшчэ сам прыдумвае сабе ўсякія непрыемнасці, псуе сваё жыццё.
— Ты на што намякаеш? — спытаўся Аркадзій.
— Я ні на што не намякаю, я проста кажу, што мы абодва з табою вельмі неразумна сябе трымалі. Што тут разважаць! Але я ўжо ў клініцы заўважыў: хто злуе на свой боль — той абавязкова яго пераможа.
— Я цябе не зусім разумею, — прамовіў Аркадзій, — здаецца, табе не было на што паскардзіцца.
— А калі ты не зусім мяне разумееш, дык я табе далажу наступнае: па-мойму — лепш каменне біць на бруку, як дазволіць жанчыне завалодаць хоць-бы кончыкам пальца. Гэта ўсё... — Базараў ледзь быў не вымавіў свайго ўлюбёнага слова «рамантызм» — ды ўтрымаўся і сказаў: лухта. — Ты мне цяпер не паверыш, але я табе кажу: мы вось з табою трапілі ў жаночае кола, і нам было прыемна: але кінуць усё гэта — усёроўна, як у гарачы дзень халоднай вадою абліцца. — Мужчыне некалі займацца гэткімі драбніцамі; мужчына павінен быць люты, кажа вельмі добрая іспанская прымаўка. Вось-жа ты, — дадаў ён, — звяртаючыся да мужыка, што сядзеў на козлах, — ты, разумнік, ёсць ў цябе жонка?
Мужык паказаў абодвум прыяцелям свой плюскаты і падслепаваты твар.
— Жонка? Ёсць. Чаму ёй не быць?
— Ты яе б’еш?
— Жонку? Усяк бывае. Без прычыны не б’ем.
— І вельмі добра. Ну, а яна цябе б’е?
Мужык засморгаў лейцамі. — Якое слова ты сказаў, барын. Табе-б ўсё жартаваць... — Ён відаць пакрыўдзіўся.
— Чуеш, Аркадзій, Нікалаевіч! А нас з вамі прыбілі... Вось яно што значыць быць адукаванымі людзьмі.
Аркадзій змушана засмяяўся, а Базараў адвярнуўся і ўсю дарогу ўжо не разяўляў рота.
Дваццаць пять вёрст здаліся Аркадзію за цэлых пяцьдзесят. Але вось на схіле адхоннага ўзгорка паказалася, нарэшце, невялікая вёсачка, дзе жылі бацькі Базарава. Побач з ёю, у маладым бярозавым гайку, відаць быў дваранскі дамок пад саламянаю страхою. Каля першай хаты стаялі два мужыкі ў шапках і лаяліся. «Вялікая ты свіння», казаў адзін другому, а «горш за малое парасё». — «А твая жонка — ведзьма», казаў на гэта другі.
— Па вольнасці абыходжання, — заўважыў Аркадзію Базараў, — і па гуллівасці зваротаў гутаркі ты можаш меркаваць, што мужыкі ў майго бацькі не надта прыгнечаны. Ды вось і ён сам выходзіць на ганак свайго жытла. Пачуў, мусіць, званок. Ён, ён — пазнаю яго постаць. Эге, ге! як ён, аднак, пасівеў, небарака!
Базараў высунуўся з тарантаса, а Аркадзій выцягнуў галаву з-за спіны свайго таварыша і ўбачыў на ганачку панскага дамка высокага хударлявага чалавека, з ускудлачанымі валасамі і тонкім арліным носам, апранутага ў старасвецкі ваенны сурдут наросхрыст. Ён стаяў, растапырыўшы ногі, курыў доўгую люльку і жмурыўся ад сонца.
Коні спыніліся.
— Нарэшце прыехаў, — прагаварыў бацька Базарава, усё не спыняючы курыць, цыбук так і скакаў у яго паміж пальцаў. — Ну, вылазь, вылазь, пачаломкаемся.
Ён пачаў абнімаць сына... «Енюша, Енюша», пачуўся дрыгатлівы жаночы голас. Дзверы расчыніліся, і на парозе паказалася кругленькая, нізенькая бабка, у белым чапцы і ў кароткай пярэстай кофтачцы. Яна ахнула, пахіснулася і напэўна-б упала, калі-б Базараў не падтрымаў яе. Пухлыя яе ручкі ў момант абвіліся вакол яго шыі, галава прыціснулася да яго грудзей, і ўсё змоўкла. Толькі чуліся яе цяжкія ўсхліпванні.
Стары Базараў глыбока дыхаў і плюшчыўся больш, як раней.
— Ну, годзе, годзе, Арыша, кінь! — загаварыў ён, перакінуўшыся поглядам з Аркадзіем, які стаяў нерухома каля тарантаса, між тым як мужык на козлах нават адвярнуўся: — гэта зусім не патрэбна! Калі ласка, кінь.
— Ах, Васілій Іваныч, — пралепятала старэнькая, — які ўжо час бацюхну майго, галубка, Енюшачку... — і, не разнімаючы рук, яна адвяла свой мокры ад слёз, мяты і расчулены твар, паглядзела на яго нейкімі шчаслівымі і смешнымі вачыма, і зноў да яго прыпала.
— Ну, але, канешне, гэта ўсё ў парадку рэчаў, — прамовіў Васілій Іванавіч, — толькі лепш ужо ў пакой пойдзем. З Еўгеніем вось госць прыехаў. Прабачце, — дадаў ён, звяртаючыся да Аркадзія, і шорхнуў злёгку нагою, — вы разумееце, жаночая слабасць; ну і сэрца матчына...
А ў самога і губы, і бровы торгала, і падбародак тросся... але ён відаць хацеў перамагчы сябе і здавацца ледзь не роўнадушным. Аркадзій зрабіў уклон.
— Пойдземце, матухна, сапраўды, — прамовіў Базараў, — і павёў у дом аслабелую старэнькую. Усадзіўшы яе ў мяккае крэсла, ён яшчэ раз наспех абняўся з бацькам і пазнаёміў яго з Аркадзіем.
— Дадушы рад знаёмству, — прагаварыў Васілій Іванавіч, — толькі ўжо вы выбачайце: у мяне тут усё проста, на ваенную нагу. Арына Влас’ёўна, супакойся, зрабі ласку: што за маладушнасць? Пан госць павінен асудзіць цябе.
— Бацюхна, — праз слёзы прагаварыла старэнькая; як вас зваць не маю гонару ведаць...
— Аркадзій Нікалаевіч, — паважна, упоўголас, падказаў Васілій Іванавіч.
— Прабачце мяне, дурную. — Старая высмаркалася і, нагінаючы галаву то направа, то налева, старанна выцерла адно вока пасля другога. — Прабачце вы мяне. Я-ж так і думала, што памру, не дачакаюся майго га...а...а...лубка.
— А вось і дачакалася, васпані, — падхапіў Васілій Іванавіч. — Танюшка, — звярнуўся ён да басаногай дзяўчыны гадоў трынаццаці, у ярка-чырвоным паркалёвым плацці, якая пужліва выглядала з-за дзвярэй, — прынясі барыні шклянку вады — на падносе, чуеш? — а вас, панове, — дадаў ён з нейкаю старамоднаю гуллівасцю, — дазвольце папрасіць у габінет да адстаўнога ветэрана.
— Хоць яшчэ разочак дай абняць цябе, Енюшачка, — прастагнала Арына Влас’еўна, Базараў нагнуўся да яе. — Ды які-ж ты красаўчык стаў!
— Ну, красаўчык не красаўчык, — заўважыў Васілій Іванавіч, — а мужчына, як кажуць: омфе[43]. А цяпер, я спадзяюся Арына Влас’еўна, што, насыціўшы сваё мацярынскае сэрца, ты паклапоцішся, каб насыціць сваіх дарагіх гасцей, таму што, табе вядома, салаўя байкамі карміць не трэба.
Старэнькая прыўстала з крэсла. — Зараз-жа, Васілій Іваныч, усё будзе на стале, сама ў кухню збегаю і самавар паставіць загадаю, усё будзе, усё. Тры-ж гады яго не бачыла, не карміла, не паіла, ці лёгка-ж?
— Ну, глядзі-ж гаспадынька, клапаціся, не асаромся; а вас, панове, прашу за мною ісці. Вось і Цімафеіч з’явіўся да цябе на паклон, Еўгеній. І ён, бадай, узрадаваўся, стары барбос. Што? узрадаваўся-ж, стары барбос? Міласці просім за мной.
І Васілій Іванавіч мітусліва пайшоў наперад, шорхаючы і пляскаючы стаптанымі туфлямі.
Увесь яго дамок складаўся з шасці драбнюткіх пакояў. Адзін з іх, той, куды ён павёў нашых прыяцеляў, называўся габінетам. Тоўстаногі стол, завалены пачарнелымі ад даўняга пылу, нібы пракопчанымі, паперамі, займаў увесь прамежак паміж двума вокнамі; па сценах віселі турэцкія стрэльбы, бізуны, шаблі, дзве ландкарты, нейкія анатамічныя малюнкі, партрэт Гуфеланда, вензель з валос у чорнай рамцы і дыплом пад шклом; скураная, там-сям праціснутая і раздзёртая, канапа стаяла паміж двума вялікімі шафамі з карэльскай бярозы; на паліцах у бязладдзі стаялі кнігі, каробачкі, птушыныя чучалы, банкі, бутэлечкі; у адным кутку стаяла зламаная электрычная машына.
— Я вас папярэдзіў, любы мой госць, — пачаў Васілій Іванавіч, — што мы жывем тут, так сказаць, на бівуаках...
— Ды, кінь, што ты вінішся? — перапыніў Базараў. — Кірсанаў вельмі добра ведае, што мы з табой не Крэзы, і што ў цябе не палац. Куды мы яго памесцім, вось пытанне?
— Што ты, Еўгеній; там у мяне ў флігельчыку, вельмі добры пакой; ім там дужа добра будзе.
— Дык у цябе і флігельчык завёўся?
— Як-жа; дзе лазня, — умяшаўся Цімафеіч.
— Гэта побач з лазняй, — хапатліва дадаў Васілій Іванавіч. — Цяпер-жа лета... Я зараз збегаю туды, уладжу; а ты-б, Цімафеіч, пакуль іх рэчы ўнёс. Табе Еўгеній, я, зразумела, аддам мой габінет. Suum cuique[44].
— Вось табе на! Вельмі пацешны дзядок і дабрэйшы, — дадаў Базараў, як толькі Васілій Іваныч вышаў. — Гэткі-ж дзівак, як твой, толькі па-другому. Шмат ужо вельмі гаворыць.
— І маці твая, здаецца, надзвычайная жанчына, — заўважыў Аркадзій.
— Але, яна ў мяне без хітрасці. Абед нам, паглядзі, які задасць.
— Сягоння вас не чакалі, бацюхна, ялавічыны не прывезлі, — прамовіў Цімафеіч, які толькі што ўцягнуў базараўскі чамадан.
— І без ялавічынкі абыйдземся, на няма і суда няма. Беднасць, кажуць, не ганьба.
— Колькі ў твайго бацькі душ? — спытаўся раптам Аркадзій.
— Маёнтак не яго, а матчын; душ, помніцца, пятнаццаць.
— І ўсе дваццаць дзве, — з незадаваленнем заўважыў Цімафеіч.
Пачулася лясканне туфель, і зноў з’явіўся Васілій Іванавіч. — Праз некалькі хвілін ваш пакой будзе гатоў прыняць вас, — выгукнуў ён з урачыстасцю, — Аркадзій... Нікалаіч? — гэтак, здаецца, вы маеце ласку велічацца? А вось вам і прыслуга, — дадаў ён, паказваючы на ўвайшоўшага з ім каротка-абстрыжанага хлопчыка ў сінім, на лакцях прадзёртым каптане і ў чужых ботах. — Завуць яго Федзькам. Зноў-такі, паўтараю, хоць сын і забараняе, выбачайце. Урэшце, люльку набіваць ён умее. Вы-ж курыце?
— Я куру больш сігары, — адказаў Аркадзій.
— І вельмі разумна робіце. Я сам аддаю прэферанс сігаркам, але ў нашых самотных краях даставаць іх надзвычай цяжка.
— Ды годзе табе Лазара пець, — перапыніў зноў Базараў. — Сядзь лепш вось тут, на канапу, ды дай на сябе паглядзець.
Васілій Іванавіч засмяяўся і сеў. Ён вельмі быў падобны тварам на сына свайго, толькі лоб у яго быў ніжэйшы і вузейшы, і рот крыху шырэй, і ён безупынна рухаўся, паводзіў плячыма, нібы адзенне яму пад пахамі рэзала, міргаў, пакашліваў і варушыў пальцамі, між тым як сын яго адзначаўся нейкаю нядбайнаю нерухомасцю.
— Лазара пець! — паўтарыў Васілій Іванавіч. — Ты, Еўгеній, не думай, што я хачу, так сказаць, разжаліць госця: вось, моў, мы ў якой глушы жывем. Я, наадварот, тае думкі, што для чалавека, які мысліць, няма глушы. Прынамсі, я стараюся, па магчымасці, не зарасці, як кажуць, мохам, не адставаць ад века.
Васілій Іванавіч выцягнуў з кішэні новы жоўты футляр, які паспеў захапіць, бегаючы ў Аркадзіяў пакой, і гаварыў усё, памахваючы ім у паветры: — я ўжо не кажу пра тое, што я, напрыклад, не без малых для сябе ахвяр, пасадзіў мужыкоў на аброк і аддаў ім сваю зямлю на палавіну. Я лічыў гэта сваім абавязкам, самая разважнасць у гэтым выпадку вядзе на тое, хоць другія ўласнікі нават не думаюць пра гэта: я кажу пра навукі, пра асвету.
— Так; вось я бачу ў цябе — “Друг здравія» на 1855 год, — заўважыў Базараў.
— Мне яго па знаёмству стары таварыш высылае, — спешна прагаварыў Васілій Іванавіч: — але мы, напрыклад, і аб фрэналогіі маем ўяўленне, — дадаў ён, — звяртаючыся аднак больш да Аркадзія і паказваючы на невялікую, якая стаяла на шафе, гіпсавую галаву, разбітую на нумараваныя чатырохкутнікі, — нам і Шэнлейн не застаўся невядомым — і Радэмахер.
— А ў Радэмахера яшчэ вераць у **** — губерні? — спытаўся Базараў.
Васілій Іванавіч закашляў. — У губерні... Канешне, вам, панове, лепей ведаць; дзе-ж нам за вамі паспець? Вы-ж нам на змену прышлі. І ў мой час які-небудзь гумараліст Гофман, які-небудзь Броун з яго віталізмам — здаваліся вельмі смешныя, а таксама-ж грымелі некалі. Хто-небудзь новы замяніў у вас Радэмахера, вы яму пакланяецеся, а праз дваццаць гадоў, бадай, і з таго смяяцца будуць.
— Магу цябе супакоіць, — прамовіў Базараў: — што мы цяпер наогул з медыцыны смяемся і не перад кім не кленчым.
— Як-жа гэта так? Ты-ж доктарам хочаш быць?
— Хачу, ды адно другому не перашкаджае.
Васілій Іванавіч патыкаў трэцім пальцам у люльку, дзе яшчэ заставалася трохі гарачага попелу. — Ну, можа быць, можа быць — спрачацца не стану. Я-ж што? — Адстаўны штаб-лекар, валату[45], цяпер вось у аграномы дапяў. — Я ў вашага дзядулі ў брыгадзе служыў, — звярнуўся ён зноў да Аркадзія, — так-с, так-с; — шмат я на сваім вяку бачыў усяго. І ў якіх толькі колах не быў, з кім не вадзіўся! — Я, той самы я, якога вы маеце ласку бачыць цяпер перад сабою, я ў князя Вітгенштэйна і ў Жукоўскага пульс мацаў! Тых вось, у паўднёвай арміі, па чатырнаццатаму, вы разумееце (і тут Васілій Іванавіч многазначна сціснуў губы), усіх ведаў да аднаго. Ну, ды мая-ж справа — старана; ведай свой ланцэт, і годзе! А дзядуля ваш вельмі шаноўны быў чалавек, сапраўдны ваенны.
— Прызнайся, дубіна была немалая, — лена прамовіў Базараў.
— Ах, Еўгеній, як гэта ты кажаш! што ты. Канечне, генерал Кірсанаў не належаў да ліку...
— Ну, кінь яго, — перапыніў Базараў. — Я, як пад’язджаў сюды, парадаваўся на твой бярозавы гаёк, добра выцягнуўся.
Васілій Іванавіч ажывіўся. — А ты паглядзі, садок у мяне цяпер які! Сам кожнае дрэўца садзіў. І фрукты ёсць, і ягады, і ўсякія медыцынскія травы. Ужо як вы там не хітруйце[46], панове маладыя, а ўсё-такі старык Парацэльскі святую праўду сказаў: in herbis, verbis et lapidibus[47]... Я-ж, ты ведаеш, ад практыкі адмовіўся, а разы два ў тыдзень даводзіцца даўніну ўспамянуць. Ідуць за парадаю — нельга гнаць у шыю. Здараецца, бедныя зварочваюцца за дапамогаю. Ды і дактароў тут зусім няма. Адзін тутэйшы сусед, уяві, адстаўны маёр, таксама лечыць. Я пытаюся пра яго: ці вучыўся ён медыцыне? Кажуць мне: не, ён не вучыўся, ён болей з філантропіі. Ха, ха, з філантропіі! а? Як вам гэта? ха, ха! ха, ха!
— Федзька! набі мне люльку! — сурова прагаварыў Базараў.
— Ато тут другі доктар прыязджае да хворага, — казаў далей з нейкім адчаем Васілій Іванавіч, — а хворы ўжо ad patres[48]; чалавек і не пускае доктара, кажа: цяпер болей не трэба. Той гэтага не чакаў, збянтэжыўся і пытаецца: «што, барын перад смерцю ікаў?» — «Ікалі-с». — «І шмат ікаў?» — «Шмат». — «А, ну — гэта добра» — ды і круць назад. Ха, ха, ха!
Стары адзін засмяяўся; Аркадзій пусціў усмешку на сваім твары, Базараў толькі зацягнуўся. Гутарка цягнулася такім чынам каля гадзіны; Аркадзій паспеў схадзіць у свой пакой, які аказаўся прадбаннікам, але вельмі ўтульным і чыстым. Нарэшце ўвайшла Танюша і далажыла, што абед гатовы.
Васілій Іванавіч першы падняўся. — Пойдземце, панове! Прабачце, калі надакучыў. Можа гаспадыня мая прыме вас весялей, чым я.
Абед, хоць наспех прыгатаваны, вышаў вельмі добры, нават багаты; толькі віно крыху, як кажуць, падгуляла: амаль чорны херэс, куплены Цімафеічам у горадзе ў знаёмага купца, аддаваў ні то меддзю, ні то каніфоллю; і мухі таксама перашкаджалі. У звычайны час дваровы хлопчык адганяў іх вялікай зялёнай галінаю; але на гэты раз Васілій Іванавіч адаслаў яго, баючыся асуджэння з боку юнага пакалення. Арына Влас’еўна паспела прыбрацца; надзела высокі чапец з шаўковымі істужкамі і блакітную шаль з разводамі. Яна ізноў пусціла слязу, як толькі ўбачыла свайго Енюшку, але мужу не прышлося яе супакойваць: яна сама хутчэй выцерла свае слёзы, каб не закапаць шаль. Елі адны маладыя людзі: гаспадары даўно паабедалі. Прыслугоўваў Федзька, якому відаць не пад сілу былі вялікія боты, ды дапамагала яму жанчына з мужным тварам і аднавокая, якую звалі Анфісушкай і якая выконвала абавязак ключніцы, птушніцы і прачкі. Васілій Іванавіч у час абеда пахаджаў па пакоі і з усім шчаслівым і нават святым выглядам гаварыў аб цяжкім непакоі, які ўзнімаецца ў ім напалеонаўскай палітыкай і заблытанасцю італьянскага пытання. Арына Влас’еўна не заўважала Аркадзія, не частавала яго; падпёршы кулачком свой круглы твар, якому пухлыя, вішнёвага колеру, губкі і радзімкі на шчаках і над брывямі надавалі выраз вельмі добрадушны, яна не спускала вачэй з сына і ўсё ўздыхала, ёй страшэнна хацелася даведацца, на які час ён прыехаў, але спытацца яна ў яго баялася. «Ну, як скажа — на два дні», думала яна, і сэрца ў яе замірала. Пасля смажанага Васілій Іванавіч знік на момант і вярнуўся з адкаркованай поўбутэлькай шампанскага. «Вось, — ускрыкнуў ён, — хоць мы і ў глушы жывем, а на ўрачысты выпадак маем чым сябе павесяліць!» — Ён наліў тры бакалы і чарку, агаласіў здароўе «дарагіх гасцей» і адразу, па-ваеннаму, хлопнуў свой бакал. Арыну Влас’еўну прымусіў выпіць чарку да апошняй кропелькі. Калі чарга дайшла да варэння, Аркадзій, які не любіў нічога салодкага, палічыў, аднак, за свой абавязак пакаштаваць ад чатырох розных, толькі што звараных гатункаў, тым больш, што Базараў адмовіўся, як адсек, і зараз-жа закурыў сігару. Потым з’явіўся на сцэну чай са сліўкамі, з маслам і крэндзелямі; потым Васілій Іванавіч павёў усіх у сад, для таго, каб палюбавацца на пекнату вечара. Праходзячы міма лаўкі, ён шапнуў Аркадзію: — На гэтым месцы я люблю філасофстваваць, гледзячы на захад сонца: яно падыходзіць пустэльніку. А там далей я пасадзіў некалькі дрэў, якія любіў Гарацый.
— Што за дрэвы? — спытаўся, услухоўваючыся, Базараў.
— А як-жа... акацыі.
Базараў пачаў зяхаць.
— Я думаю, пара падарожнікам у абыймы да Марфея, — заўважыў Васілій Іванавіч.
— Гэта значыць пара спаць, — падхапіў Базараў. — Гэта думка правільная. Пара, сапраўды.
Развітваючыся з маткаю, ён пацалаваў яе ў лоб, — а яна абняла яго і за спіною, крадком, яго блаславіла тройчы. Васілій Іванавіч правёў Аркадзія ў яго пакой і пажадаў яму «такога жыватворчага адпачынку, які і я зазнаваў у вашы шчаслівыя гады». І сапраўды, Аркадзію добра спалася ў сваім прадбанніку: у ім пахла мятаю і два цвыркуны наперабой усыпляюча цвыркалі за печкай. Васілій Іванавіч пайшоў ад Аркадзія ў свой габінет і, прыпёршыся на канапе, у нагах сына, збіраўся быў пагаварыць з ім, але Базараў зараз-жа яго адаслаў, кажучы, што яму спаць хочацца, а сам не заснуў да раніцы. Шырока раскрыўшы вочы, ён злосна глядзеў у цемрадзь: успаміны дзяцінства не мелі ўлады над ім, ды да таго-ж ён яшчэ не паспеў адкараскацца ад апошніх горкіх уражанняў. Арына Влас’еўна спярша памалілася ўсмак; потым доўга, доўга гутарыла з Анфісушкай, якая, стаўшы як укопаная перад барыняю і ўставіўшы ў яе сваё адзінае вока, перадавала ёй таямнічым шопатам усе свае заўвагі і меркаванні наконт Еўгенія Васільевіча. У старэнькай ад радасці, ад віна, ад сігарачнага дыму зусім закружылася галава; муж загаварыў быў з ёю і махнуў рукой.
Арына Влас’еўна была сапраўдная руская двараначка даўнейшага часу; ёй-бы трэба было жыць гадоў за дзвесце, у старамаскоўскія часы. Яна была вельмі набожная і чуллівая, верыла ў розныя прыкметы, варожбы, загавары, сны; верыла ў юрадзівых, у дамавікоў, у лесуноў, у дрэнныя сустрэчы, у псоту, народныя лякарствы, у чацвярговую соль, у хуткі канец свету; верыла, што калі на вялікдзень на ўсяночнай не патухнуць свечы, то грэчка добра ўродзіць, і што грыб болей не расце, калі яго чалавечае вока ўбачыць; верыла, што чорт любіць быць там, дзе вада, і што ў кожнага жыда на грудзях крывавая плямка; баялася мышэй, вужоў, жаб, вераб’ёў, п’явак, грому, халоднай вады, падвею, коней, казлоў, рыжых людзей і чорных кошак і лічыла цвыркуноў і сабак за нячыстых жывёл; не ела ні цяляціны, ні галубоў, ні ракаў, ні сыру, ні спаржы, ні земляных ігруш, ні зайца, ні кавуноў, таму, што парэзаны кавун нагадвае галаву Іоана Прадцечы; а пра вустрыцы, калі гаварыла, дык не іначай як усю яе трэсла ад гідлівасці; любіла паесці — і строга пасціла; спала дзесяць гадзін у суткі — і не клалася зусім, калі ў Васілія Іванавіча балела галава, не прачытала ніводнай кнігі, акрамя Алексіса, альбо Халупкі ў лесе[49], пісала адзін, многа два лісты ў год, а ў гаспадарцы, сушэнні і варэнні ведала толк, хоць сваімі рукамі ні да чаго не дакраналася і наогул неахвотна рухалася з месца. Арына Влас’еўна была вельмі добрая, і, па-свойму, зусім не дурная. Яна ведала, што ёсць на свеце паны, якія павінны загадваць, і просты народ, які павінен служыць, — а таму не грэбавала ні ліслівасцю, ні земнымі паклонамі; але з падначаленымі абыходзілася ласкава і лагодна, ніводнага жабрака не мінала без падаяння і нікога ніколі не няславіла, хоць і пляткарыла часам. У маладосці яна была вельмі прывабнаю, іграла на клавікордах і гаварыла троху па-французску; але на працягу шматгадовых вандровак з сваім мужам, за якога яна вышла супроць волі, расплылася і забылася на музыку і на французскую мову. Сына свайго яна любіла і баялася страшэнна; кіраванне маёнткам здала на Васілія Іванавіча — і ўжо не мяшалася ні ў што: яна вохала, адмахвалася хусткаю і ад спалоху ўзнімала бровы ўсё вышэй і вышэй, як толькі стары пачынаў гаварыць аб наступных пераўтварэннях у гаспадарцы і аб сваіх планах. Яна была спадумлівая, заўсёды чакала нейкага вялікага няшчасця і зараз-жа плакала, як толькі ўспамінала пра што-небудзь сумнае… Гэткія жанчыны ўжо цяпер пераводзяцца. Бог ведае — ці трэба радавацца гэтаму.
Устаўшы з пасцелі, Аркадзій расчыніў акно, — і, першае, што кінулася яму ў вочы, быў Васілій Іванавіч. У бухарскім шлафроку, падперазаны насоўкаю, стары старанна капаўся ў гародзе. Ён заўважыў свайго маладога гасця і, абапёршыся на рыдлёўку, крыкнуў:
— Здравія жэлаем! Як спачывалі?
— Вельмі добра, — адказаў Аркадзій.
— А я тут, як бачыце, як нейкі Цынцынат[50], градку пад познюю рэпу раблю. Цяпер надышоў такі час, — ды і дзякуй богу! — што кожны павінен уласнымі рукамі хлеб сабе здабываць; на другіх няма чаго спадзявацца, трэба працаваць самому. І выходзіць, што Жан-Жак Русо мае рацыю. Поўгадзіны таму назад, васпан вы мой, вы-б убачылі мяне ў зусім другой пазіцыі. Адной бабе, якая скардзілася на гнётку — гэта па-іхнаму, а па-нашаму — дызентэрыю, — я… як-бы сказаць лепей… я ўліваў опіум; а другой я зуб вырваў. Гэтай я прананаваў эфірызацыю… толькі яна не згадзілася. Усё гэта я раблю gratis[51] анамацёр[52]. Урэшце, мне не ў навіну: я-ж плебей, homo novus — не з стаўбовых[53], не тое, што мая дружына... А ці не хочаце завярнуць сюды ў цень, удыхнуць перад чаем ранішнюю свежасць.
Аркадзій вышаў да яго.
— Добрага здароўя яшчэ раз! — прамовіў Васілій Іванавіч, прыкладаючы па-ваеннаму руку да замусоленай ярмолкі, якая прыкрывала яго галаву. — Вы, я ведаю, прывыклі да раскошы, да асалод, але і вялікія свету гэтага не грэбуюць правесці кароткі час пад страхою халупы.
— Злітуйцеся, — узрушыўся Аркадзій, — які-ж я вялікі свету гэтага? І да раскошы я не прывык.
— Дазвольце, дазвольце, — сказаў на гэта з далікатнай грымасаю Васілій Іванавіч. — Я хоць цяпер здадзены ў архіў, а таксама пацёрся ў свеце — пазнаю птушку па палёту. Я таксама псіхолаг па-свойму і фізіягнаміст. Каб не меў я гэтага, асмелюся сказаць, дара — даўно-б я загінуў; зацерлі-б мяне, маленькага чалавека. Скажу вам без кампліментаў: дружба, якую я заўважаю паміж вамі і маім сынам, мяне шчыра радуе. Я зараз бачыўся з ім; ён, па свайму звычаю, вам, напэўна, вядомаму, усхапіўся вельмі рана і пабег па наваколлю. Дазвольце пацікавіцца, — вы даўно з маім Еўгеніем знаёмы?
— З сёлетняй зімы.
— Так-с. І дазвольце ў вас яшчэ спытацца, — але ці не прысесці нам? — дазвольце ў вас запытацца, як бацьку, з усёю шчырасцю: якой вы думкі пра майго Еўгенія?
— Ваш сын — адзін з самых выдатных людзей, з якімі я калі-небудзь сустракаўся, — з жвавасцю адказаў Аркадзій.
Вочы Васілія Іванавіча раптоўна раскрыліся, і шчокі яго слаба ўзгарэліся. Рыдлёўка вывалілася з яго рук.
— Значыцца, вы думаеце, — пачаў ён...
— Я ўпэўнены, — падхапіў Аркадзій, — што сына вашага чакае вялікая будучыня, што ён уславіць ваша імя. Я пераканаўся ў гэтым з першай нашай стрэчы.
— Як... як гэта было? — ледзьве прагаварыў Васілій Іванавіч. Узнёслая ўсмешка рассунула яго шырокія губы і ўжо не сыходзіла з іх.
— Вы хочаце ведаць, як мы сустрэліся?
— Але... і наогул.
Аркадзій пачаў расказваць і гаварыць пра Базарава яшчэ з большым запалам, з большым захапленнем, як у той вечар, калі ён танцаваў мазурку з Одзінцовай.
Васілій Іванавіч яго слухаў, слухаў, смаркаўся, качаў насоўку у абодвух руках, кашляў, кудлачыў валасы — і нарэшце не сцярпеў: нагнуўся да Аркадзія і пацалаваў яго ў плячо.
— Вы мяне зусім ашчаслівілі, — прамовіў ён, не перастаючы ўсміхацца, — я павінен вам сказаць, што я... дабезвачы шаную майго сына; пра маю старую я ўжо не кажу: вядома — маці! — але я не асмельваюся пры ім выказваць свае пачуцці, таму што ён гэтага не любіць. Ён вораг усяго гэтага; шмат хто яго нават ганіць за такую цвёрдасць яго норава і бачыць у ёй знак гордасці альбо нячуласці; але гэткіх як ён людзей не прыходзіцца мераць звычайным аршынам, праўда? Ды вось, напрыклад, другі на яго месцы цягнуў-бы ды цягнуў з сваіх бацькоў; а ў нас, ці паверыце, ён з роду лішняй капейкі не ўзяў, яй богу!
— Ён бескарыстоўны, сумленны чалавек, — заўважыў Аркадзій.
— Іменна, бескарыстоўны. А я, Аркадзій Нікалаіч, не толькі дабезвачы шаную яго, я гарджуся ім, і ўся мая ганарлівасць у тым, каб з часам у яго біяграфіі стаялі наступныя словы: «сын простага штаб-лекара, аднак, які рана ўмеў разгадаць яго і нічога не шкадаваў для яго выхавання...» Голас старога перарваўся.
Аркадзій сціснуў яму руку.
— Як вы думаеце, — спытаўся Васілій Іванавіч пасля некаторага маўчання, — ён-жа не на шляху медыцынскай дзейнасці дасягне той славы, якую вы яму прарочыце?
— Зразумела, не на шляху медыцынскай дзейнасці, хоць ён і тут будзе з першых вучоных.
— На якім-жа, Аркадзій Нікалаіч?
— Гэта цяжка сказаць цяпер, але ён будзе славуты.
— Ён будзе славуты! — паўтарыў стары і задумаўся.
— Арына Влас’еўна загадалі прасіць чай піць, — прагаварыла Анфісушка, праходзячы міма з вялізным блюдам спелых малін.
Васілій Іванавіч схамянуўся. — А халодныя сліўкі да малін будуць?
— Будуць.
— Ды халодныя, глядзі! Не цырамоньцеся, Аркадзій Нікалаіч, — бярыце болей. Што-ж гэта, Еўгеній не ідзе?
— Я тут, — пачуўся голас Базарава з Аркадзіевага пакоя.
Васілій Іванавіч шпарка павярнуўся. — Ага! ты захацеў наведаць свайго прыяцеля, але ты спазніўся, amice[54], і мы мелі ўжо з ім доўгую гутарку. Цяпер трэба ісці чай піць: маці кліча. Дарэчы, мне трэба з табой пагаварыць.
— Аб чым?
— Тут ёсць мужычок, ён хварэе на іктэр...
— На жаўтуху?
— Але, на хранічны і вельмі ўпарты іктэр. Я прапісваў яму цвінтарэй і святаянскае зелле, моркву прымушаў есці, даваў соду; але гэта ўсё паліятыўныя сродкі; трэба што-небудзь больш рашучае. Ты хоць і смяешся з медыцыны, а я ўпэўнены, можаш зрабіць мне путную параду. Але пра гэта гутарка наперадзе.
А цяпер пойдзем чай піць.
Васілій Іванавіч жвава ўсхапіўся з лаўкі і запеў з Роберта[55]:
Закон, закон, закон себе поставим |
— Надзвычайная жывучасць! — прагаварыў, адходзячы ад акна, Базараў.
Надышоў поўдзень. Сонца пякло з-за тонкай заслоны шчытных белаватых воблакаў. Усё маўчала: адны пеўні заўзята пераклікаліся на вёсцы, наводзячы на кожнага, хто іх чуў, дзіўнае адчуванне дрымоты і нуды; ды недзе высока ў вярхушцы дрэў звінеў плаксівым заклікам несціханны піск маладога каршака. Аркадзій і Базараў ляжалі ў цяні невялікага стога, падаслаўшы, пад сябе ахапкі дзве шумліва-сухой, але яшчэ зялёнай і пахучай травы.
— Тая асіна, — загаварыў Базараў, — нагадвае мне маё дзяцінства; яна расце на краі ямы, што засталася ад цаглянага хлява, і я ў той часбыў упэўнены, што гэта яма і асіна ўладалі асаблівым талісманам: мне ніколі не было каля іх нудна. Я не разумеў тады, што я не нудзіўся, таму што быў дзіцем. Ну, цяпер я дарослы, талісман не мае сілы.
— Колькі ты часу правёў тут усяго? — спытаўся Аркадзій.
— Гады два без перапынку; потым мы наязджалі. Мы вялі вандроўнае жыццё; больш усё па гарадах валэндалі.
— А дом гэты даўно стаіць?
— Даўно. Яго яшчэ дзед пабудаваў, бацька маёй маткі.
— Хто ён быў, твой дзед?
— Чорт яго ведае. Секунд-маёр нейкі. Пры Сувораве служыў і ўсё расказваў пра пераход праз Альпы. Маніў, напэўна.
— Я гляджу, што ў вас у гасцінай партрэт Суворава вісіць, А я люблю такія дамкі, як ваш, старэнькія ды цёпленькія; і пах у іх нейкі асаблівы.
— Лампадным маслам аддае ды доннікам, — вымавіў, зяхаючы, Базараў. — А што мух у гэтых мілых дамках... Фа!
— Скажы, — пачаў Аркадзій пасля невялікага маўчання, — цябе ў дзяцінстве не прыгняталі?
— Ты бачыш, якія ў мяне бацькі. — Народ нястрогі.
— Ты іх любіш, Еўгеній?
— Люблю, Аркадзій!
— Яны цябе гэтак любяць!
Базараў памаўчаў.
— Ведаеш ты, аб чым я думаю? — прамовіў ён, нарэшце, закідаючы рукі за галаву.
— Не ведаю. Аб чым?
— Я думаю: добра маім бацькам жыць на свеце! Бацька ў шэсцьдзесят год рупіцца, разважае аб «паліятыўных» сродках, лечыць людзей, нялікадушнічае з сялянамі, — куціць, адным словам; і матцы маёй добра: дзень яе да таго напіханы ўсякімі клопатамі, ахамі, ды охамі, што ёй і апамятавацца некалі; а я...
— А ты?
— А я думаю: я вось ляжу тут пад стогам... Вузенькая мясцінка, якую я займаю, да таго малая ў параўнанні з усім астатнім прасторам, дзе мяне няма, і дзе справы да мяне няма; і частка часу, якую мне ўдасца пражыць, такая мізэрная перад вечнасцю, дзе мяне не было і не будзе... А ў гэтым атаме, у гэтай матэматычнай кропцы, кроў ходзіць, мазгі працуюць, нешта хоча таксама... Што за лухта! Што за глупства!
— Дазволь табе заўважыць, — тое, што ты гаворыш, дапасоўваецца, наогул да ўсіх людзей...
— Ты маеш рацыю, — падхапіў Базараў. — Я хацеў сказаць, што яны вось, мае бацькі значыць, занятыя і не думаюць аб уласнай мізэрнасці, яна ім не смярдзіць... а я... адчуваю толькі нуду ды злосць.
— Злосць? Чаму-ж злосць?
— Чаму? Як чаму? Ды хіба ты забыўся?
— Я помню ўсё, але ўсё-такі я не прызнаю за табою права злаваць. Ты нешчаслівы, я згодзен, але...
— Э! ды ты, я бачу, Аркадзій Нікалаевіч, разумееш каханне, як усе навейшыя маладыя людзі: ціц, ціп, ціп, курачка, а як толькі курачка пачынае падыходзіць, давай бог ногі! — Я не гэткі. Але даволі пра гэта. Чаму дапамагчы нельга, пра тое і гаварыць сорамна. — Ён павярнуўся на бок. — Эге! вунь малайчына мурашка цягне ледзь жывую муху. Цягні яе, брат, цягні! Не глядзі на тое, што яна ўпіраецца, карыстайся тым, што ты, у якасці жывёлы, маеш права не прызнаваць пачуцця літасці, не тое, што наш брат, самаломаны!
— Не ты-б казаў, Еўгеній! Калі ты сябе ламаў?
Базараў прыпадняў галаву.
— Я толькі гэтым і ганаруся. Сам сябе не зламаў, дык і баба мяне не зломіць. Амін! Скончана! Слова пра гэта больш ад мяне не пачуеш.
Абодва прыяцелі праляжалі некаторы час у маўчанні.
— Але, пачаў Базараў, — дзіўная істота чалавек. Як паглядзіш гэтак збоку ды здалёк на глухое жыцце, якое вядуць тут «бацькі», здаецца: чаго лепей? Еш, пі і ведай, што робіш самым правільным, самым разумным манерам. Аж не; туга апаноўвае, хочацца з людзьмі вазіцца, — хоць лаяць іх, ды вазіцца з імі.
— Трэба-б так пабудаваць жыццё, каб кожны момант у ім быў значны, — вымавіў задуменна Аркадзій.
— Хто гаворыць! Значнае, хоць і фальшывае бывае, ды салодкае, але і з нязначным памірыцца можна... а вось — дробязь усякая, смецце... гэта бяда.
— Увесь гэты бруд не існуе для чалавека, калі ён толькі не захоча яго прызнаць.
— Гм... гэта ты сказаў процілеглае агульнае месца.
— Што? — Што ты называеш гэтым імем?
— А вось што: сказаць, напрыклад, што асвета карысная, гэта агульнае месца; а сказаць, што асвета шкодная, гэта процілеглае агульнае месца. Яно як быццам фігурысцей, а па сутнасці адно і тое-ж.
— Але праўда дзе, на якім баку?
— Дзе? Я табе адкажу, як рэха: дзе?
— Ты ў меланхалічным настроі сягоння, Еўгеній.
— Сапраўды? Сонца мяне, напэўна, распарыла, ды і малін няможна так шмат есці.
— У такім выпадку нядрэнна трохі задрамаць, — заўважыў Аркадзій.
— Бадай; толькі ты не глядзі на мяне: кожнага чалавека твар дурны, калі ён спіць.
— А табе не ўсёроўна, што пра цябе думаюць?
— Не ведаю, што табе сказаць. Сапраўдны чалавек пра гэта не павінен клапаціцца; сапраўдны чалавек той, пра якога думаць няма чаго, а якога трэба слухаць, альбо ненавідзець.
— Дзіўна! я нікога не ненавіджу, — прамовіў, падумаўшы, Аркадзій.
— А я дык шмат каго. Ты далікатная душа, размазня, дзе табе ненавідзець!.. Ты пудлуеш, мала на сябе спадзяешся...
— А ты, — перапыніў Аркадзій, — на сябе спадзяешся? Ты высокай думкі пра самога сябе?
Базараў памаўчаў.
— Калі я сустрэну чалавека, які не спасаваў-бы перада мною, — прагаварыў ён з расстаноўкаю, — тады я змяню сваю думку пра самога сябе. Ненавідзець! Ды вось напрыклад, ты сягоння сказаў, праходзячы міма хаты нашага старасты Філіпа, — яна такая слаўная, белая, — вось, сказаў ты, Расія тады дасягне вышыні, калі ў апошняга мужыка будзе такое-ж памяшканне, і ўсякі з нас павінен гэтаму дапамагаць... А я і ўзненавідзеў гэтага апошняга мужыка, Філіпа альбо Сідара, для якога я павінен са скуры лезці, і які мне нават дзякуй не скажа... ды і на што мне яго дзякуй. Ну, будзе ён жыць у белай хаце, а з мяне лопух расці будзе, — ну, а далей?
— Годзе, Еўгеній... паслухаць цябе сягоння, мімаволі згодзішся з тымі, якія папракаюць нас у адсутнасці прынцыпаў.
— Ты гаворыш, як твой дзядзька. Прынцыпаў наогул няма — ты пра гэта не здагадаўся дагэтуль! А ёсць адчуванні. Усё ад іх залежыць.
— Як так?
— Ды як-жа. Напрыклад, я: я прытрымліваюся адмоўнага кірунку — у сілу адчування. Мне прыемна адмаўляць, мае мазгі так пабудаваны — і ўсё тут! Чаму мне падабаецца хімія? Чаму ты любіш яблыкі? — таксама ў сілу адчування. Гэта ўсё адзінае. Глыбей гэтага людзі ніколі не глянуць. Не ўсякі табе гэта скажа, ды і я ў другі раз табе гэтага не скажу.
— Што-ж? і сумленнасць — адчуванне.
— Канешне!
— Еўгеній! — пачаў сумным голасам Аркадзій...
— А? Што? не па густу? — перапыніў Базараў. — Не, брат! Наважыўся ўсё касіць — валі і сябе па нагах!.. Аднак мы даволі філасофствавалі. «Природа навевает молчание сна», сказаў Пушкін.
— Ніколі ён нічога падобнага не сказаў, — прамовіў Аркадзій.
— Ну, не сказаў, дык мог і павінен быў сказаць, як паэт. Дарэчы, ён, напэўна, на ваеннай службе служыў.
— Пушкін ніколі не быў ваенным!
— Будзь ласкаў, у яго на кожнай старонцы: «На бой, на бой! За гонар Расіі!»
— Што ты гэта за небыліцы выдумляеш! Гэта-ж паклёп, нарэшце.
— Паклёп? Якая бяда! Вось уздумаў якім словам спалохаць! Які паклёп не ўзвядзі на чалавека, ён па сутнасці заслугоўвае ў дваццаць разоў горш за тое.
— Давай лепш спаць! — з прыкрасцю прагаварыў Аркадзій.
— З найвялікшай прыемнасцю, — адказаў Базараў. Але ні таму, ні другому не спалася. Нейкае амаль варожае пачуццё ахапляла сэрцы абодвух маладых людзей. Хвілін праз пяць яны адплюшчылі вочы і пераглянуліся моўчкі.
— Глядзі, — сказаў раптам Аркадзій, — сухі, кляновы лісток адарваўся і падае на зямлю: яго рухі зусім падобны на лёт матыля. Ці не дзіўна? Самае сумнае і мёртвае падобна на самае вясёлае і жывое.
— О, друг мой, Аркадзій Нікалаіч! — ускрыкнуў Базараў: — пра адно прашу цябе: не гавары прыгожа.
— Я гавару, як умею... Ды і нарэшце гэта дэспатызм. Мне прышла думка ў галаву; чаму яе не выказаць?
— Так; але чаму-ж і мне не выказаць сваёй думкі? Я лічу, што гаворыць прыгожа — непрыстойна.
— Што-ж прыстойна? Лаяцца?
— Э, э! ды ты, я бачу, сапраўды хочаш пайсці па слядах дзядзечкі. Як-бы гэты ідыёт парадаваўся, калі-б пачуў цябе!
— Як ты назваў Паўла Пятровіча?
— Я яго назваў, як трэба, — ідыётам.
— Гэта аднак ужо занадта! — ускрыкнуў Аркадзій.
— Ага! крэўнае пачуццё загаварыла, — спакойна прамовіў Базараў. — Я заўважыў: яно вельмі ўпарта трымаецца ў людзях. Ад усяго гатоў адмовіцца чалавек, з усякімі забабонамі развітаецца; але прызнацца, што, напрыклад, брат, які чужыя насоўкі крадзе, злодзей, — гэта яму не пад сілу. Ды і сапраўды: мой брат, мой — і не геній... ці-ж гэта магчыма?
— Ва мне проста пачуццё справядлівасці загаварыла, а зусім не крэўнае, — сказаў на гэта апрыскліва Аркадзій. — Але таму, што ты гэтага пачуцця не разумееш, у цябе няма гэтага адчування, дык ты і не можаш разважаць пра яго.
— Другімі словамі: Аркадзій Кірсанаў занадта вялікі для майго разумення, схіляюся перад ім і змаўкаю.
— Годзе, калі ласка, Еўгеній, мы, нарэшце, пасварымся.
— Ах, Аркадзій! Зрабі ласку, пасварымся раз добра — да апошняга, да знішчэння.
— Але-ж гэтак мы скончым тым...
— Што паб’емся? — падхапіў Базараў. — Што-ж? Тут, на сене, ў такой ідылічнай абстаноўцы, далёка ад свету і людскіх вачэй, — нічога. Але ты са мной не зладзіш… Я цябе зараз за горла…
Базараў растапырыў свае доўгія і жорсткія пальцы… Аркадзій павярнуўся і прырыхтаваўся, як-бы жартуючы, супраціўляцца… Але твар яго друга здаваўся яму такім злавесным, такая нежартаўлівая пагроза здалася яму ў крывой усмешцы яго губ, у запаленых вачах, — што ён адчуў мімавольную палахлівасць…
— А! вось вы куды забраліся! — пачуўся ў гэты момант голас Васілія Іванавіча, і стары штаб-лекар з’явіўся перад маладымі людзьмі, апрануты ў палатняны пінджак хатняй работы і з саламяным, таксама хатняй работы, капелюшом на галаве. — Я вас шукаў, шукаў… Але вы добрае выбралі месца і надзвычайнаму аддаецеся занятку. Лежачы на «зямлі», глядзець у «неба»… Ведаеце, у гэтым ёсць нейкае асаблівае значэнне!
— Я гляджу ў неба толькі тады, калі хачу чыхнуць, — прабурчэў Базараў і, звярнуўшыся да Аркадзія, дадаў упоўголас: — Шкода, што перашкодзіў.
— Ну, годзе, — шапнуў Аркадзій і паціснуў крадком свайму другу руку.
Але ніякая дружба доўга не вытрымае такіх сутычак.
— Гляджу я на вас, мае юныя субяседнікі, — гаварыў між тым Васілій Іванавіч, ківаючы галавой і абапіраючыся складзенымі накрыж рукамі на нейкую хітра перакручаную палку ўласнага вырабу, з фігураю турка заместа балдавешкі, — гляджу, і не магу не любавацца. Колькі ў вас сілы, маладосці самай квітлівай, здольнасцей, талентаў! Проста… Кастор і Палукс[56]!
— Вунь куды — у міфалогію рынуў! — прамовіў Базараў. — Адразу відаць, што ў свой час моцны быў лацініст! Ты-ж, помніцца, срэбны медаль за працу гэтага парадку, — атрымаў, — а?
— Дыёскуры, Дыёскуры! — паўтарыў Васілій Іванавіч.
— Аднак, годзе, бацька, — не ўпадай у расчуленасць.
— За гэткі час разок можна, — прамармытаў стары. — Урэшце, я вас, панове, адшукаў не з тым, каб гаварыць вам кампліменты, але з тым, каб, па-першае, далажыць вам, што мы хутка абедаць будзем, а па-другое — мне хацелася папярэдзіць цябе, Еўгеній… Ты разумны чалавек, ты ведаеш людзей і жанчын ведаеш, і значыцца прабачыш… Твая матухна малебен адслужыць хацела, з прычыны твайго прыезду. Ты не думай, што я клічу цябе прысутнічаць на гэтым малебне; ужо ён скончаны; але айцец Аляксей…
— Поп?
— Ну але, свяшчэннік; ён у нас... есці будзе... Я гэтага не чакаў і нават не раіў... але неяк так вышла... ён мяне не зразумеў... Ну, і Арына Влас’еўна... Прытым-жа, ён у нас вельмі добры і разважлівы чалавек.
— Ён-жа маёй порцыі за абедам не з’есць? — спытаўся Базараў.
Васілій Іванавіч засмяяўся.
— Злітуйся, што ты!
— А больш я нічога не патрабую. Я з усякім чалавекам гатоў за стол сесці.
Васілій Іванавіч паправіў свой капялюш.
— Я быў наперад упэўнены, — прамовіў ён, — што ты вышэй усякай прыхамаці. На што вось я — стары, шэсцьдзесят другі год жыву, — а і я яе не маю. (Васілій Іванавіч не асмеліўся прызнацца, што ён сам захацеў малебна... Набожным ён быў не менш за свою жонку.) А айцу Аляксею вельмі хацелася з табой пазнаёміцца. Ён табе спадабаецца, ты ўбачыш. Ён і ў картачкі не ад таго каб пагуляць, і нават... але гэта між намі... люлечку курыць.
— Што-ж? мы пасля абеда засядзем у ералаш, і я яго абыграю.
— Хе-хе-хе, паглядзім. Бабка надвое гадала.
— А што? Хіба даўніну ўспамянеш? — прамовіў з асаблівым націскам Базараў.
Бронзавыя шчокі Васілія Іванавіча цмяна пачырванелі.
— Як табе не сорам, Еўгёній... Што было, тое прайшло. Ну, ды я гатоў вось перад імі прызнацца, меў гэтую слабасць у маладосці — праўда; ды і адцярпеў-жа я за яе! Аднак, як горача. Дазвольце падсесці да вас. Я-ж не перашкаджаю?
— Ніколькі, — адказаў Аркадзій.
Васілій Іванавіч крэкчучы апусціўся на сена.
— Нагадвае мне ваша цяперашняе логава, гасудары мае, — пачаў ён, — маё ваеннае, бівуачнае жыццё, перавязачныя пункты, таксама дзе-небудзь каля стога гэтак, і то яшчэ дзякуй богу. Ён уздыхнуў. — Шмат, шмат я зазнаў на сваім вяку. Вось, напрыклад, калі дазволіце, я вам раскажу цікаўны эпізод чумы ў Бесарабіі...
— За які ты атрымаў Владзіміра? — падхапіў Базараў. — Ведаем, ведаем... Дарэчы, чаму ты яго не носіш?
— Я-ж табе казаў, што не маю прымхаў, — прамармытаў Васілій Іванавіч (ён толькі напярэдадні загадаў спароць чырвоную істужачку з сурдута) і ўзяўся расказваць эпізод чумы. — А ён-жа заснуў, — шапнуў ён раптам Аркадзію, паказваючы на Базарава і добрадушна падміргнуўшы. — Еўгеній, — дадаў ён голасна. — Пойдзем абедаць...
Айцец Аляксей, мужчына самавіты і поўны, з густымі, старанна расчосанымі валасамі, з вышытым поясам на ліловай шаўковай расе, аказаўся чалавекам вельмі спрытным і дасціпным. Ён першы паспяшаўся паціснуць руку Аркадзію і Базараву, як-бы разумеючы загадзя, што ім непатрэбна яго блаславенне, і наогул трымаў сябе вольна. І сябе ён не выдаў, і другіх не зачапіў; дарэчы пасмяяўся з семінарскай латыні і заступіўся за свайго архірэя; дзве чаркі віна выпіў, а ад трэцяй адмовіўся; прыняў ад Аркадзія сігару, але курыць яе не стаў, кажучы, што павязе яе дамоў. Не зусім прыемна было тое толькі ў ім, што ён раз-по-раз павольна і асцярожна ўзнімаў руку, каб лавіць мух у сябе на твары, і пры гэтым часам душыў іх. Ён сеў за стол з умераным выказваннем задавальнення і скончыў тым, што абыграў Базарава на 2 р. 50 к. асігнацыямі: у доме Арыны Влас’еўны і ўяўлення не мелі аб рахубе на срэбра... Яна па-ранейшаму сядзела каля сына (у карты яна не гуляла), па-ранейшаму падпіраючы шчаку кулачком, і ўставала толькі за тым, каб загадаць падаць якую-небудзь новую яду. Яна баялася лашчыць Базарава, і ён не падбадзёрваў яе, не выклікаў яе на ласкі, пры тым-жа і Васілій Іванавіч параіў ёй не вельмі яго «турбаваць».- «Маладыя людзі да гэтага не ахвотнікі», казаў ён ёй (няма чаго гаварыць, які быў утой дзень абед: Цімафеіч уласнаю персонаю скакаў на цямку яшчэ па нейкую асаблівую чэркаскую ялавічыну; стараста ездзіў у другі бок па мянтузы, яршы і ракі; за адны грыбы бабы атрымалі 42 капейкі меддзю); але вочы Арыны Влас’еўны, неадступна ўтаропленыя на Базарава, выражалі не адну адданасць і пяшчоту: у іхвідаць быць і журба, змешаная з цікаўнасцю і страхам, відаць быў нейкі пакорлівы дакор.
Урэшце, Базараву было не да таго, каб разбірацца, што іменна выражалі вочы яго маткі; ён рэдка зварачаўся да яе, і то з кароценькім запытаннем. Раз ён папрасіў у яе руку «на шчасце»; яна ціхенька паклала сваю мяккую ручку на яго жорсткую і шырокую далонь.
— Што, — спыталася яна, счакаўшы трохі, — не дапамагло?
— Яшчэ горш пайшло, — адказаў ён з нядбайлівай усмешкай.
— Вельмі ўжо яны рызыкуюць, — як-бы з жалем вымавіў айцец Аляксей і пагладзіў сваю прыгожую бародку.
— Напалеонаўскае правіла, бацюшка, напалеонаўскае, — падхапіў Васілій Іванавіч і пайшоў з туза.
— Яно-ж і давяло яго да вострава святыя Елены, — прамовіў айцец Аляксей і пакрыў яго туза козырам.
— Ці не хочаш смародзінавай вады, Енюшачка? — спыталася Арына Влас’еўна.
Базараў толькі плячыма паціснуў.
— Не! — казаў ён на наступны дзень Аркадзію. — Паеду адсюль заўтра. Нудна; працаваць хочацца, а тут нельга. Адпраўляюся ізноў да вас у вёску; я-ж там усе свае прэпараты пакінуў. У вас, прынамсі, заперціся можна. А то тут бацька мне чаўпе: «мой габінет да тваіх паслуг — ніхто табе перашкаджаць не будзе», а сам ад мяне ні на крок. Ды і няёмка неяк ад яго запірацца. Ну і маці таксама. Я чую, як яна ўздыхае за сцяной, а выйдзеш да яе — і сказаць ёй няма чаго.
— Вельмі яна засмуціцца, — прамовіў Аркадзій, — ды і ён таксама.
— Я да іх яшчэ вярнуся.
— Калі?
— Ды вось як у Пецербург паеду.
— Мне тваю маці асабліва шкода.
— Што так? Ягадамі, ці што, яна табе дагадзіла?
Аркадзій апусціў вочы.
— Ты маткі сваёй не ведаеш, Еўгеній. Яна не толькі вельмі добрая жанчына, яна дужа разумная, сапраўды. Сягоння раніцою яна са мною з поўгадзіны гутарыла, і так путна, цікава.
— Напэўна пра мяне ўсё гаварыла?
— Не пра цябе аднаго была гутарка.
— Можа быць: табе з боку лепей відаць. Калі можа жанчына поўгадзіны гутарку падтрымаць, гэта ўжо знак добры. А я усё-такі паеду.
— Табе нялёгка будзе паведаміць ім гэту вестку. Яны ўсё разважаюць пра тое, што мы праз два тыдні рабіць будзем.
— Нялёгка. Чорт мяне штурхнуў сягоння падражніць бацьку: ён гэтымі днямі загадаў высцебаць аднаго свайго аброчнага мужыка — і вельмі добра зрабіў; але, але, не глядзі на мяне з такім жахам, — вельмі добра зрабіў, таму што злодзей і п’яніца ён страшэннейшы; толькі бацька ніяк не чакаў, каб я пра гэта мог даведацца. Ён вельмі збянтэжыўся, а цяпер мне прыдзецца ў дадатак яго засмуціць... Нічога! Да вяселля загоіцца!
Базараў сказаў: «нічога!» але цэлы дзень прайшоў, раней чым ён адважыўся паведаміць Васілія Іванавіча пра свой намер. Нарэшце, ужо развітваючыся з ім у габінеце, ён прагаварыў з вымушаным пазяханнем:
— Ага... ледзь не забыўся табе сказаць... Загадай заўтра нашых коней да Фядота выслаць на падставу.
Васілій Іванавіч здзівіўся.
— Хіба п-н Кірсанаў ад нас едзе?
— Але, і я з ім еду.
Васілій Іванавіч перакруціўся на месцы.
— Ты едзеш?
— Але... мне трэба. Распарадзіся, калі ласка, наконт коней.
— Добра... — загаварыў стары: — на падставу... добра... толькі... толькі... Як-жа гэта?
— Мне трэба з’ездзіць да яго на кароткі час. Я потым ізноў сюды вярнуся.
— Але! На кароткі час... Добра. — Васілій Іванавіч выняў насоўку і, смаркаючыся, нахіліўся ледзь не да зямлі. — Што-ж? гэта... усё будзе. Я быў думаў, што ты ў нас... даўжэй. Тры дні... Гэта, гэта, пасля трох гадоў, малавата; малавата, Еўгеній!
— Ды я-ж табе кажу, што я хутка вярнуся. Мне неабходна.
— Неабходна... Што-ж? Раней за ўсё трэба абавязак выконваць... Дык выслаць коней? Добра. Мы, канешне, з Арынай, гэтага не чакалі. Яна вось кветак выпрасіла ў суседкі, хацела пакой табе прыбраць. (Васілій Іванавіч ужо не спамянуў пра тое, што кожную раніцу, ледзь днела, стоячы на босую нагу ў туфлях, ён раіўся з Цімафеічам і, дастаючы дрыгатлівымі пальцамі адну пашарпаную асігнацыю за другою, даручаў яму розныя закупкі, асабліва налягаючы на харчовыя прыпасы і на чырвонае віно, якое, наколькі можна была заўважыць, вельмі спадабалася маладым людзям.) Галоўнае — воля; — гэта маё правіла... не трэба ўціскаць... не...
Ён раптам змоўк і накіраваўся да дзвярэй.
— Мы хутка ўбачымся, бацька, сапраўды.
Але Васілій Іванавіч, не паварочваючыся, толькі рукой махнуў і вышаў. Вярнуўшыся ў спальню, ён застаў сваю жонку ў пасцелі і пачаў маліцца шопатам, каб яе не разбудзіць. Аднак яна прачнулася.
— Гэта ты, Васілій Іванавіч? — спыталася яна.
— Я, матухна.
— Ты ад Енюшы? Ведаеш, я баюся: ці добра яму спаць на канапе? Я Анфісушцы загадала пакласці яму твой паходны матрасік і новыя падушкі; я-б наш пухавік яму дала, ды ён, помніцца, не любіць мякка спаць.
— Нічога, матухна, не клапаціся, — яму добра. Госпадзі, памілуй нас грэшных, — гаварыў ён далей упоўголаса сваю малітву. Васілій Іванавіч пашкадаваў сваю старэнькую; ён не захацеў сказаць ёй на ноч, якое гора яе чакала.
Базараў з Аркадзіем паехалі на другі дзень. З раніцы ўжо ўсё засмуцілася ў доме; у Анфісушкі пасуда з рук валілася; нават Федзька дзівіўся і скончыў тым, што зняў боты. Васілій Іванавіч мітусіўся больш, як калі-небудзь: ён відаць храбрыўся, голасна гаварыў і стукаў нагамі, але твар яго асунуўся, і вочы заўсёды слізгалі міма сына. Арына Влас’еўна ціха плакала; яна зусім-бы разгубілася і не справілася-б з сабою, калі-б муж з досвітак цэлыя дзве гадзіны яе не ўпрашаў. Калі-ж Базараў пасля неаднаразовых абяцанняў вярнуцца ніяк не пазней месяца, вырваўся нарэшце з утрымліваўшых яго абыймаў і сеў у тарантас, калі коні крануліся, і званок зазвінеў, і колы закруціліся, — і вось ужо глядзець услед было няма чаго, і пыл улёгся, і Цімафеіч, увесь згорблены і, хістаючыся на хаду, паплёўся назад, у сваю каморку, калі сварыя засталіся адны ў сваім, таксама як быццам раптоўна прыгнутым і пастарэлым доме, Васілій Іванавіч, які яшчэ за некалькі момантаў зухавата махаў насоўкаю на ганку, апусціўся на крэсла і схіліў галаву на грудзі. «Кінуў, кінуў нас», загаварыў ён, «кінуў; нудна яму зрабілася з намі. Адзін, як перст, цяпер адзін!» паўтарыў ён некалькі разоў, і кожны раз выносіў сваю руку наперад з аддзеленым паказальным пальцам. Тады Арына Влас’еўна падышла да яго і, прытуліўшы сваю сівую галаву да яго сівой галавы, сказала: «Што рабіць, Вася! Сын — адрэзаны кавалак. Ён, як сокал: захацеў — прыляцеў, захацеў — паляцеў; а мы з табой, як апенькі на пні, — сядзім побач і ні з месца. Толькі я застануся для цябе навекі нязменна, як і ты для мяне».
Васілій Іванавіч адняў ад твара рукі і абняў сваю жонку, сваю сяброўку, так моцна, як і ў маладосці яе не абнімаў: яна суцешыла яго ў яго смутку.
Моўчкі, толькі зрэдку перакідваючыся нязначнымі словамі, даехалі нашы прыяцелі да Фядота. Базараў быў не зусім сабою здаволены. Аркадзій быў нездаволены ім. Да таго-ж ён адчуваў на сэрцы такую беспрычынную журбу, якая знаёма толькі адным вельмі маладым людзям. Фурман перапрог коней і, узлезшы на козлы, спытаўся: направа, альбо налева?
Аркадзій уздрогнуў. Дарога направа вяла ў горад, а адтуль дамоў; дарога налева вяла да Одзінцовай.
Ён глянуў на Базарава.
— Еўгеній, — спытаўся ён, — налева?
Базараў адвярнуўся. — Гэта што за глупства? — прамармытаў ён.
— Я ведаю, што глупства, — адказаў Аркадзій... — Ды што за бяда? Хіба нам першы раз?
Базараў насунуў шапку сабе на лоб. — Як ведаеш, — прагаварыў ён нарэшце.
— Рушай налева, — крыкнуў Аркадзій.
Тарантас пакаціў у кірунку да Нікольскага. Але, адважыўшыся на глупства, прыяцелі яшчэ ўпарцей, як раней, маўчалі і нават здаваліся сярдзітымі.
Потым ужо, як іх сустрэў дварэцкі на ганку одзінцоўскага дома, прыяцелі маглі здагадацца, што яны зрабілі неразумна, паддаўшыся раптоўна прышоўшай ім фантазіі, іх відавочна не чакалі. Яны прасядзелі даволі доўга і з даволі бязглуздымі абліччамі ў гасцінай. Одзінцова вышла да іх нарэшце. Яна вітала іх з звычайнай сваёй далікатнасцю, але здзівілася, што яны так хутка вярнуліся і колькі можна было меркаваць па павольнасці яе рухаў і гутарак, не надта гэтаму ўзрадавалася. Яны паспяшаліся абвясціць, што заехалі толькі па дарозе, і гадзіны праз чатыры накіроўваюцца далей, у горад. Яна абмяжавалася лёгкім усклікам, папрасіла Аркадзія кланяцца бацьку ад яе імя і паслала па сваю цётку. Князёўна з’явілася ўся заспаная, што надавала яшчэ больш злосці яе зморшчанаму, старому твару. Каці нядужылася, яна не выходзіла з свайго пакоя. Аркадзій раптам адчуў, што ён прынамсі столькі-ж хацеў бачыць Кацю, колькі і самую Анну Сяргееўну. Чатыры гадзіны прайшло ў нязначнай гамонцы аб тым, аб сім; Анна Сяргееўна і слухала і гаварыла без усмешкі. Толькі пры самым развітанні ранейшая прыязнасць як быццам варухнулася ў яе душы.
— На мяне цяпер найшла хандра, — сказала яна, — але вы не звяртайце на гэта ўвагі і прыязджайце зноў, я вам гэта абодвум кажу, праз некаторы час.
І Базараў і Аркадзій адказалі ёй маўклівым паклонам, селі ў экіпаж і, ужо нідзе не спыняючыся, накіраваліся дамоў, у Мар’іна, куды і прыехалі шчасліва на наступны дзень увечары. Праз усю дарогу ні той, ні другі не спамянулі нават імені Одзінцовай; Базараў, асабліва, амаль не раскрываў рота і ўсё глядзеў убок, прэч ад дарогі, з нейкім лютым напружаннем.
У Мар’не ім усе надзвычайна ўзрадваліся. Даўгая адсутнасць сына пачынала непакоіць Нікалая Пятровіча, ён ускрыкнуў, заматаў нагамі і падскочыў на канапе, калі Фенічка ўбегла да аго з ззяючымі вачыма і абвясціла, што прыехалі «маладыя паны»; сам Павел Пятровіч адчуў некаторае прыемнае хваляванне і выбачліва ўсміхнуўся, трасучы рукі прыехаўшых назад дамоў вандроўнікаў. Пайшла гамонка, роспыты; гаварыў больш Аркадзій, асабліва за вячэраю, якая цягнулася далёка за поўнач. Нікалай Пятровіч загадаў падаць некалькі бутэлек партэру, толькі што прывезенага з Масквы, і сам раскуціўся да таго, што шчокі ў яго зрабіліся малінавыя, і ён усё смяяўся нейкім ні то дзіцячым, ні то нервічным смехам. Усеагульная ўзнятасць перайшла і на прыслугу. Дуняша бегала ўзад і ўперад, як ачмураная, і раз-по-раз ляпала дзвярыма; а Пётр нават а трэцяй гадзіне ночы ўсё яшчэ пнуўся сыграць на гітары вальс-казак. Струны жаласна і прыемна гучэлі ў непарушным паветры; але, за выключэннем невялікай першай фіярытуры, нічога не выходзіла ў адукаванага камердынера; прырода адмовіла яму ў музычнай здольнасці, як і ва ўсіх другіх.
А між тым жыццё не надта прыгожа складвалася ў Мар’іне, і беднаму Нікалаю Пятровічу даводзілася дрэнна. Клопаты па ферме раслі з кожным днём — клопаты тлумныя і бязрадасныя. Вазня з наёмнымі работнікамі рабілася нясцерпнаю. Адны патрабавалі разліку альбо прыбаўкі, другія адыходзілі, забраўшы задатак; коні хварэлі; збруя гарэла, як на агні; работы выконваліся нядбайна; выпісаная з Масквы малатарная машына аказалася непрыгоднаю па свайму цяжару; другую з першага разу сапсавалі; палова скаціннага двара згарэла з таго, што сляпая баба з дваровых у ветранае надвор’е пайшла з галавешкай абкурваць сваю карову... праўда, як упэўняла тая-ж баба, уся бяда вышла з таго, што барыну ўздумалася заводзіць нейкія нябывалыя сыры і малочныя скопы. Кіраўнічы раптам абгультаіўся і нават пачаў таўсцець, як таўсцее кожны рускі чалавек, які трапіў на «вольныя харчы». Убачыўшы здалёк Нікалая Пятровіча, ён, каб паказаць сваю стараннасць, кідаў трэскай у прабягаўшае міма парася альбо трос кулаком на поўголага хлапчука, а, урэшце, больш усё спаў. Пасаджаныя на аброк мужыкі не ўносілі грошай у тэрмін, кралі лес; амаль кожную ноч вартаўнікі лавілі, а часам з бою забіралі сялянскіх коней на сенажацях «фермы». Нікалай Пятровіч вызначыў быў грашовы штраф за патраву, але справа звычайна канчалася тым, што, пастаяўшы дзень альбо два на панскім карму, коні варочаліся да сваіх уласнікаў. Да ўсяго гэтага, мужыкі пачалі паміж сабою сварыцца: браты патрабавалі раздзелу, жонкі іх не маглі ўжыцца ў адным доме; раптоўна ўзнімалася бойка, і усё раптам уставала на ногі, як па камандзе, усё збягалася пад ганак канторы, лезла да пана, часта з пабітымі мордамі, у п’яным выглядзе і патрабавала суда і расправы; узнімаўся гоман, сквіл, бабскі румзлівы віск уперамежку з мужчынскаю лаянкай. Трэба было разбіраць варожыя бакі, крычаць самому да хрыпаўкі, ведаючы наперад, што да правільнага вырашэння ўсё-такі падыйсці немагчыма. Нехапала рук на жніво; суседні аднадворац, з самым светлым тварам, падрадзіўся даставіць жанцоў па два рублі з дзесяціны і ашукаў самым бессаромным чынам; свае бабы загіналі цэны нечуваныя, а хлеб між тым асыпаўся, а тут з касавіцаю падгадзілі, а тут Апякунскі совет пагражае і патрабуе безадкладнай і безнядоімачнай выплаты процантаў...
— Сіл маіх няма! — не раз з роспаччу гаварыў Нікалай Пятровіч. — Самому біцца немагчыма, а пасылаць за станавым не дазваляюць прынцыпы, а без страху пакарання нічога не паробіш.
— Du calme, du calme[57], — заўважаў на гэта Павел Пятровіч, а сам муркаў, хмурыўся і скуб вусы.
Базараў трымаўся зводдаля ад гэтых усіх «калатнеч», ды яму, як госцю, не даводзілася і ўмешвацца ў гэтыя справы. На другі дзень пасля прыезду ў Мар’іна ён узяўся за сваіх жаб, за інфузорыі, за хімічныя саставы, і ўсё вазіўся з імі. Аркадзій, наадварот, палічыў за свой абавязак калі не дапамагаць бацьку, дык, прынамсі, рабіць выгляд, што ён гатоў яму дапамагчы. Ён цярпліва яго выслухоўваў і аднойчы даў нейкую параду, не для таго, каб яго паслухалі, а каб выказаць сваю спагаду. Гаспадаранне не ўзнімала ў ім гідлівасці: ён нават з прыемнасцю марыў пра агранамічную дзейнасць, але ў яго ў той час другія думкі зараіліся ў галаве. Аркадзій, па ўласнаму здзіўленню, заўсёды думаў пра Нікольскае; раней ён-бы толькі плячыма паціснуў, калі-б хто-небудзь сказаў яму, што ён можа занудзіцца пад адною страхою з Базаравым, і яшчэ пад якою! — пад бацькоўскаю страхою; а яму сапраўды было нудна, і цягнула яго вон. Ён надумаў гуляць да стомы, але і гэта не дапамагло. Гутарачы аднойчы з бацькам, ён даведаўся, што ў Нікалая Пятровіча было некалькі лістоў, даволі цікавых, пісаных некалі маткаю Одзінцовай да нябожчыцы яго жонкі, і не адстаў ад яго да той пары, пакуль не атрымаў гэтых лістоў, з-за якіх Нікалай Пятровіч змушаны быў рыцца ў дваццаці розных скрынках і сундуках. Завалодаўшы гэтымі поўстлелымі паперкамі, Аркадзій як быццам супакоіўся, нібы ён убачыў перад сабою мэту, да якой яму трэба было ісці. «Я вам гэта абодвум кажу», безупынна шаптаў ён, «сама дадала!» «Паеду, паеду, чорт вазьмі!» Але ён успомніў апошняе наведванне, халодны прыём і ранейшую няёмкасць, і нясмеласць апанавала яго. «А можа» маладосць, патайнае жаданне выведаць сваё шчасце, выспрабаваць свае сілы аднаму, без чыйго-б там ні было апекавання — перамаглі нарэшце. Дзесяці дзён не прайшло з часу яго звароту ў Мар’іна, як ужо ён ізноў, як быццам з поваду вывучэння механізма васкрэсных школ, скакаў у горад, а адтуль у Нікольскае. Безупынку падганяючы фурмана, нёсся ён туды, як малады афіцэр на бітву: і страшна яму было, і весела, нецярплівасць яго сціскала. «Галоўнае — не трэба думаць», — гаварыў ён самому сабе. Фурман яму трапіўся зухлівы; ён спыняўся перад кожным шынком, прыгаварваючы: «чкнуць?» альбо: «а мо’ чкнуць», але за тое, чкнуўшы, не шкадаваў коней. Вось, нарэшце, паказалася высокая страха знаёмага дома... «Што я раблю?» мільгнула раптам у галаве Аркадзія. «Ды, не варочацца-ж!» Тройка дружна мчалася, фурман гікаў і свістаў. Вось ужо масток загрымеў пад капытамі і коламі, вось ужо насунуліся прысады стрыжаных ёлак... Ружовае жаночае плацце мільганула ў цёмнай зелені, малады твар выглянуў з-пад лёгкіх махровінак парасончыка... Ён пазнаў Кацю, і яна яго пазнала. Аркадзій загадаў фурману спыніць разгарачаных коней, выскачыў з экіпажа і падышоў да яе. «Гэта вы!» прамовіла яна, і па-ранейшаму ўся пачырванела; «пойдземце да сястры, яна тут у садзе; ёй будзе прыемна вас бачыць».
Каця павяла Аркадзія ў сад. Сустрэча з ёю здалася яму асабліва шчасліваю адзнакаю; ён узрадваўся ёй, як роднай. Усё так добра ўладзілася: ні дварэцкага, ні даклада. На павароце дарожкі ён убачыў Анну Сяргееўну. Яна стаяла да яго спіною. Пачуўшы крокі, яна ціхенька павярнулася.
Аркадзій замяшаўся быў ізноў, але першыя словы, якія яна вымавіла, супакоілі яго зараз-жа. «Добры дзень, бягляк!» прагаварыла яна сваім роўным, ласкавым голасам, і пайшла да яго насустрач, усміхаючыся і хмурачыся ад сонца і ветру: «дзе ты яго знайшла, Каця?»
— Я вам, Анна Сяргееўна, — пачаў ён, — прывёз нешта такое, чаго вы ніяк не чакаеце...
— Вы сябе прывезлі; гэта лепш за ўсё.
Правёўшы Аркадзія з насмешлівым шкадаваннем і даўшы яму зразумець, што ён ані не абмыляецца наконт сапраўднай мэты яго паездкі, Базараў запёрся канчаткова: на яго найшла ліхаманка работы. З Паўлам Пятровічам ён ўжо не спрачаўся, тым больш, што той у яго прысутнасці рабіў занадта арыстакратычны выгляд і выказваў свае погляды больш гукамі, як словамі. Толькі аднойчы Павел Пятровіч пусціўся быў у спаборніцтва з нігілістам з поваду моднага ў той час пытання аб правах остзейскіх дваран, але сам раптам спыніўся, прамовіўшы з халоднай далікатнасцю: — урэшце, мы адзін аднаго разумець не можам; я, прынамсі, не маю гонару вас разумець.
— Канешне! — выгукнуў Базараў. — Чалавек усё можа зразумець — і як дрыжыць эфір, і што на сонцы адбываецца; а як другі чалавек можа іначай смаркацца, як ён сам смаркаецца, гэтага ён зразумець не можа.
— Што, гэта астраумна? — прагаварыў дапытліва Павел Пятровіч і адышоў убок.
Урэшце, ён часам прасіў дазволу прысутнічаць пры доследах Базарава, а раз нават паднёс свой напарфумлены і вымыты добрым зеллем твар пад мікраскоп для таго, каб паглядзець як празрыстая інфузорыя глытала зялёную пылінку і старанна перажоўвала яе нейкімі вельмі рухавымі кулачкамі, якія знаходзіліся ў яе ў горле. Куды часцей за свайго брата наведваў Базарава Нікалай Пятровіч; ён-бы кожны дзень прыходзіў, як ён казаў, «вучыцца», калі-б клопаты па гаспадарцы дазвалялі яму. Ён не замінаў маладому даследчыку прыроды: садзіўся дзе-небудзь у куточак пакоя і глядзеў уважліва, зрэдку дазваляючы сабе асцярожнае пытанне. У час абедаў і вячэр ён стараўся накіроўваць гутарку на фізіку, геалогію альбо хімію, бо ўсе другія прадметы, нават гаспадарчыя, не кажучы ўжо пра палітычныя, маглі павесці калі не да сутычак, дык да ўзаемнага незадавальнення. Нікалай Пятровіч здагадваўся, што нянавісць яго брата да Базарава ніколькі не зменшылася. Дробны выпадак, паміж шмат іншых, пацвердзіў яго здагадкі. Халера пачала з’яўляцца там-сям па наваколлі і нават «вырвала» двух людзей з самага Мар’іна. Уночы з Паўлам Пятровічам здарыўся даволі моцны прыпадак. Ён прамучыўся да раніцы, але не звярнуўся да майстэрства Базарава — і, убачыўшыся з ім на наступны дзень, на яго запытанне: «чаму ён не паслаў па яго?» — адказаў, увесь яшчэ бледны, але ўжо старанна расчосаны і выбрыты:- «вы-ж, помніцца, самі казалі, што не верыце ў медыцыну?» Так праходзілі дні; Базараў працаваў упарта і панура... а між тым у доме Нікалая Пятровіча знаходзілася істота, з якою ён не то каб адводзіў душу, а ахвотна гутарыў... Гэта істота была Фенічка.
Ён сустракаўся з ёю большай часткай раніцамі, у садзе альбо на дварэ; у пакой да яе ён не заходзіў, і яна ўсяго раз падышла да яго дзвярэй, каб запытацца ў яго — купаць ёй Міцю, ці не? Яна не толькі давяралася яму, не толькі яго не баялася, яна пры ім трымалася вальней, як пры самім Нікалаі Пятровічу. Цяжка сказаць, чаму гэтак было; можа быць таму, што яна без усведамлення адчувала ў Базараве адсутнасць усяго дваранскага, усяго таго вышэйшага, што і вабіць і палохае. У яе вачах ён і доктар быў вельмі добры, і чалавек просты. Не саромячыся яго прысутнасці, яна вазілася з сваім дзіцем, і аднойчы, калі ў яе раптам закружылася і забалела галава, з яго рук прыняла лыжку лякарства. Пры Нікалаі Пятровічу яна як быццам чужалася Базарава: яна гэта рабіла не з хітрасці, а з нейкага пачуцця прыстойнасці. Паўла Пятровіча яна баялася больш, як каго-небудзь; ён з некаторага часу пачаў наглядаць за ёю і нечакана з’яўляўся, нібы з зямлі вырастаў, за яе спіною ў сваім с’юце, з нерухомым пільным тварам і рукамі ў кішэнях. — «Так цябе холадам і абдасць», скардзілася Фенічка Дуняшы, а тая ў адказ ёй уздыхала і думала пра другога «нячулага» чалавека. Базараў, сам таго не падазраючы, зрабіўся лютым тыранам яе душы.
Фенічцы падабаўся Базараў; але і яна яму падабалася. Нават твар яго змяняўся, калі ён з ёю гутарыў: ён набываў выгляд ясны, амаль добры, і да звычайнай яго нядбайнасці прымешвалася нейкая жартаўлівая ўважлівасць. Фенічка харашэла з кожным днём. Бывае эпоха ў жыцці маладых жанчын, калі яны раптам пачынаюць расцвітаць і распускацца, як летнія ружы; такая эпоха надышла для Фенічкі. Усё таму спрыяла, нават ліпеньская спёка, якая была тады. Адзетая ў лёгкае, белае плацце, яна сама здавалася бялейшаю і лягчэйшаю: загар не прыставаў да яе, а гарачыня, ад якой яна не магла ўберагчыся, злёгку румяніла ёй шчокі ды вушы, і, уліваючы ціхую ляноту ва ўсё яе цела, адлюстроўвалася дымліваю млявасцю у яе харошанькіх вочках. Яна амаль не магла працаваць; рукі ў яе так і падалі на калені. Яна ледзьве хадзіла і ўсё вохала ды скардзілася з пацешным бяссіллем.
— Ты-б часцей купалася, — казаў ёй Нікалай Пятровіч. Ён збудаваў вялікую, палатном крытую, купальню ў той з сваіх сажалак, якая яшчэ не зусім высмягла.
— Ой, Нікалай Пятровіч! Ды пакуль да вады дойдзеш — памрэш, і назад пойдзеш — памрэш. Ценю-ж у садзе няма.
— Гэта праўда, што ценю няма, — адказваў Нікалай Пятровіч і цёр сабе бровы.
Аднойчы, гадзіне а сёмай, Базараў, варочаючыся з прагулкі, застаў у даўно адцвілай, але яшчэ густой і зялёнай бэзавай альтанцы Фенічку. Яна сядзела на лаўцы, накінуўшы, як зазвычай, белую хустку на галаву; каля яе ляжаў цэлы пук яшчэ мокрых ад расы чырвоных і белых руж. Ён прывітаўся з ёю.
— А! Еўгеній Васільевіч! — прагаварыла яна — і прыпадняла крыху край хусткі, каб глянуць на яго, прычым яе рука агалілася да локця.
— Што вы гэта тут робіце? — прамовіў Базараў, сядаючы каля яе. — Букет вяжаце?
— Але; на стол да снядання. Нікалай Пятровіч гэта любіць.
— Але да снядання яшчэ далёка. Якая гібель кветак!
— Я іх цяпер нарвала, а то стане горача, і выйсці нельга. Толькі цяпер і дыхаеш. Зусім я расслабла ад гэтай гарачыні. Я ўжо баюся, ці не захварэла я?
— Гэта што за фантазія! Дайце ваш пульс памацаць. — Базараў узяў яе руку, адшукаў жыдку, якая роўна білася пад скураю, і нават не стаў лічыць яе ўдараў. — Сто гадоў пражывяце, — прамовіў ён, выпускаючы яе руку.
— Ах, барані божа! — ускрыкнула яна.
— А што? Хіба вам не хочацца доўга пажыць?
— Ды сто-ж гадоў! У нас бабка была восемдзесят пяць гадоў — дык ужо што-ж гэта была за мучаніца! Чорная, глухая, гарбатая, усё кашляла: сабе толькі на гора. Якое ўжо гэта жыццё?
— Дык лепш быць маладою?
— А то як-жа?
— Ды чым-жа яно лепей? Скажыце мне!
— Як чым? Ды вось я цяпер, маладая, усё магу зрабіць, — і пайду, і прыду, і прынясу, і нікога мне прасіць не трэба... чаго лепей?
— А вось мне ўсёроўна: малады я ці стары.
— Як гэта вы кажаце — усёроўна? гэта немагчыма, што вы кажаце.
— Ды вы самі памяркуйце, Фядос’я Нікалаеўна, на што мне мая маладосць? Жыву я адзін, бабылём...
— Гэта ад вас заўсёды залежыць.
— То-ж і яно, што не ад мяне! Хоць-бы хто-небудзь нада мной злітаваўся.
Фенічка збоку паглядзела на Базарава, але нічога не сказала. — Гэта што ў вас за кніга? — спыталася яна, счакаўшы трохі.
— Гэта? Гэта вучоная кніга, хітрая.
— А вы ўсё вучыцеся? І не нудна вам? Вы ўжо і так, я думаю, усё ведаеце.
— Відаць не ўсё. Паспрабуйце вы пачытаць трохі.
— Ды я нічога тут не зразумею. Яна ў вас руская? — спыталася Фенічка, беручы ў абедзве рукі цяжка пераплецены том. — Якая тоўстая.
— Руская.
— Усёроўна, я нічога не зразумею.
— Ды я і не з тым, каб вы зразумелі. Мне хочацца паглядзець на вас, як вы чытаць будзеце. У вас, калі вы чытаеце, кончык носіка вельмі міла рухаецца.
Фенічка, якая пачала было разбіраць упоўголас артыкул «аб крэазоце», які натрапіўся ёй, засмяялася і кінула кнігу... яна спаўзла з лаўкі на зямлю.
— Я люблю таксама, калі вы смеяцеся, — прамовіў Базараў.
— Годзе вам!
— Я люблю, калі вы гаворыце. Нібы ручаёк гурчыць.
Фенічка адвярнула галаву. — Які вы! — прамовіла яна, перабіраючы пальцамі па кветках. — І што вам мяне слухаць? Вы з такімі разумнымі дамамі гутарылі.
— Эх, Фядос’я Нікалаеўна! — паверце мне: усе разумныя дамы на свеце не варты вашага локціка.
— Ну, вось яшчэ што выдумалі! — шапнула Фенічка і падціснула рукі.
Базараў падняў з зямлі кнігу.
— Гэта лекарская кніга, чаму вы яе кідаеце?
— Лекарская? — паўтарыла Фенічка і павярнулася да яго. — А ведаеце што? З той-жа пары, як вы мне тыя кропелькі далі, помніце? ужо як Міця спіць добра! Я ўжо і не прыдумаю, як мне вам дзякаваць; такі вы добры, сапраўды.
— А па-сапраўднаму трэба лекарам плаціць, — заўважыў з усмешкаю Базараў. — Лекары, вы: самі ведаеце, людзі, якія грошы любяць.
Фенічка ўзняла на Базарава свае вочы, якія здаваліся яшчэ цямней ад белаватага водбліску, які падаў на верхнюю частку яе твара. Яна не ведала, жартуе ён, ці не.
— Калі ваша ласка, мы з прыемнасцю... Трэба будзе ў Нікалая Пятровіча спытацца...
— Ды вы думаеце, я грошай хачу? — перапытаў яе Базараў. — Не, мне ад вас не грошы патрэбны.
— Што-ж? — прагаварыла Фенічка.
— Што? — паўтарыў Базараў. — Угадайце.
— Што я за ўгадніца!
— Дык я вам скажу; мне трэба... адну з гэтых руж.
Фенічка ізноў засмяялася і нават рукамі ўспляснула, да таго ёй здалося пацешным жаданне Базарава. Яна смяялася, і ў той-жа час адчувала сябе прыемна ўзрушанай. Базараў пільна глядзеў на яе.
— Калі ласка, калі ласка, — прамовіла яна нарэшце, і, нагнуўшыся да лаўкі, пачала перабіраць ружы. — Якую вам, чырвоную ці белую?
— Чырвоную, і не надта вялікую.
Яна выпрасталася.
— Вось вазьміце, — сказала яна, але зараз-жа адхапіла працягнутую руку і, закусіўшы губы, глянула на ўваход альтанкі, потым прыпала вухам.
— Што такое? — спытаўся Базараў. — Нікалай Пятровіч?
— Не... яны ў поле паехалі... ды я і не баюся іх... а вось Павел Пятровіч... Мне здалося...
— Што?
— Мне здалося, што яны тут ходзяць. Не... нікога няма. Вазьміце.
Фенічка аддала Базараву ружу.
— Чага вы Паўла Пятровіча баіцеся?
— Яны мяне ўсё пужаюць. Гаварыць — не гавораць, а так глядзяць, не разгадаць. Ды і вы-ж яго не любіце. Помніце, раней вы ўсё з ім спрачаліся. Я і не ведаю, пра што ў вас спрэчка ідзе, а бачу, што вы яго і так круціце, і гэтак...
Фенічка паказала рукамі, як, на яе думку, Базараў круціў Паўла Пятровіча.
Базараў усміхнуўся.
— А калі-б ён мяне перамагаць пачаў, — спытаўся ён, — вы-б за мяне заступіліся?
— Дзе-ж мне за вас заступіцца? Ды не, з вамі не зладзіш.
— Вы думаеце? А я ведаю руку, якая, калі захоча, — і пальцам мяне зваліць.
— Якая такая рука?
— А вы не ведаеце? Панюхайце, як добра пахне ружа, што вы мне далі.
Фенічка выцягнула шыйку і наблізіла твар да кветкі... Хустка спала з яе галавы на плечы; паказалася лёгкая маса чорных, бліскучых, злёгку раскудлачаных валос.
— Пачакайце, я хачу панюхаць з вамі, — прамовіў Базараў, нагнуўся і моцна пацалаваў яе ў раскрытыя вусны.
Яна здрыганулася, уперлася абодвума рукамі ў яго грудзі, але ўперлася слаба, і ён мог аднавіць і прадоўжыць свой пацалунак.
Сухі кашаль пачуўся за бэзам. Фенічка ўмомант адсунулася на другі канец лаўкі. Павел Пятровіч паказаўся, злёгку пакланіўся і, прагаварыўшы з нейкай злоснай панурасцю: «вы тут» — пайшоў. Фенічка зараз-жа падабрала ўсе ружы і вышла вон з альтанкі. «Грэх вам, Еўгеній Васільевіч», шапнула яна, адыходзячы. Шчыры папрок чуўся ў яе шопаце.
Базараў успомніў другую нядаўнюю сцэну, і сорамна яму стала, і пагардліва прыкра. Але ён зараз-жа ўстрасянуў галавой, гіранічна павіншаваў сябе «з фармальным паступленнем у селадоны» і накіраваўся да сябе ў пакой.
А Павел Пятровіч вышаў з саду і, павольна ступаючы, дабраўся да лесу. Ён бавіўся там даволі доўга, і калі ён вярнуўся к сняданню, Нікалай Пятровіч клапатліва спытаўся ў яго, ці здароў ён, — да таго твар яго пацямнеў.
— Ты ведаеш, у мяне часам разліваецца жоўць, — спакойна адказаў яму Павел Пятровіч.
Праз гадзіны дзве ён стукаўся ў дзверы да Базарава.
— Я прашу прабачэння, што перашкаджаю вам у вашых вучоных занятках, — пачаў ён, усаджваючыся на крэсле каля акна і абапіраючыся абодвума рукамі на прыгожую палку з балдавешкаю з слановай косці (ён звычайна хадзіў без палкі), — але я прымушаны прасіць вас адпусціць мне пяць хвілін вашага часу... не больш.
— Увесь мой час да вашых паслуг, — адказаў Базараў, у якога нешта прабегла па твары, як толькі Павел Пятровіч пераступіў парог дзвярэй.
— З мяне пяці хвілін даволі. Я прышоў зрабіць вам адно запытанне.
— Запытанне? Аб чым гэта?
— А вось будзьце ласкавы выслухаць. У пачатку вашага прабывання ў доме майго брата, калі я яшчэ не адмаўляў сабе ў прыемнасці гутарыць з вамі, мне здаралася чуць вашы думкі шмат аб чым; але, колькі мне помніцца, ні паміж намі, ні ў маёй прысутнасці, гутарка ніколі не заводзілася ні пра паядынкі, ні пра дуэлі наогул. Дазвольці даведацца, якая ваша думка наконт гатага.
Базараў, які ўстаў быў насустрач Паўлу Пятровічу, прысеў на край стала і склаў накрыж рукі.
— Вось мая думка, — сказаў ён: — з тэарэтычнага пункту гледжання дуэль — недарэчнасць; ну, а з практычнага пункту гледжання — гэта справа другая.
— Значыць, вы хочаце сказаць, калі я толькі вас зразумеў, што які-б не быў ваш тэарэтычны погляд на дуэль, на практыцы вы-б не дазволілі абразіць сябе, не патрабаваўшы задавальнення.
— Вы цалкам адгадалі маю думку.
— Вельмі добра. Мне вельмі прыемна гэта чуць ад вас. Вашы словы выводзяць мяне з невядомасці...
— З перашучасці, хочаце вы сказаць.
— Гэта ўсёроўна; я кажу так, каб мяне зразумелі; я... не семінарскі пацук. Вашы словы вызваляюць мяне ад некаторай сумнай неабходнасці. Я вырашыў біцца з вамі.
Базараў вытарашчыў вочы.
— Са мной?
— Абавязкова з вамі.
— Ды за што? будзьце ласкавы.
— Я-б мог растлумачыць вам прычыну, — пачаў Павел Пятровіч. — Але я лічу лепей маўчаць пра яе. Вы на мой густ тут лішні; я вас цярпець не магу, я пагарджаю вамі, і калі вам гэтага не даволі...
Вочы Паўла Пятровіча заззялі... Яны ўзгарэліся і ў Базарава.
— Вельмі добра, — прагаварыў ён. — Далейшых тлумачэнняў не патрэбна. Вам прышла фантазія выспрабаваць на мне свой рыцарскі дух. Я-б мог адмовіць вам у гэтай прыемнасці, ды ўжо куды ні ішло!
— Вельмі вам удзячны, — сказаў Павел Пятровіч, — і магу цяпер спадзявацца, што вы прымеце мой выклік, не прымусіўшы мяне звярнуцца да гвалтоўных мер.
— Гэта значыць, кажучы без алегорый, да гэтай палкі? — з халодным спакоем заўважыў Базараў. — Гэта зусім правільна. Вам ніколькі не патрэбна абражаць мяне. Яно-ж і не зусім бяспечна. Вы можаце застацца джэнтльменам... Прымаю ваш выклік таксама па-джэнтльменску.
— Вельмі добра, — прамовіў Павел Пятровіч і паставіў палку ў куток. — Мы зараз скажам некалькі слоў аб умовах нашай дуэлі; але я спярша хацеў-бы даведацца, ці лічыце вы патрэбным звярнуцца да фармальнасці невялікай сваркі, якая-б магла быць повадам майму выкліку?
— Не, лепш без фармальнасцей.
— Я сам так думаю. Лічу таксама недарэчным даходзіць сапраўдных прычын нашай сутычкі. Мы адзін аднаго цярпець не можам. Чаго-ж болей?
— Чаго-ж болей? — паўтарыў іранічна Базараў.
— Што-ж да самых умоў паядынку, то з прычыны таго, што ў нас секундантаў не будзе, бо дзе-ж іх узяць?
— Іменна, дзе іх узяць?
— То я маю гонар прапанаваць вам наступнае: біцца заўтра рана, прыкладам, а шостай гадзіне, за гаем, на пісталетах; бар’ер за дзесяць крокаў...
— За дзесяць крокаў? гэта так; мы на гэту адлегласць ненавідзім адзін аднаго.
— Можна і восем, — заўважыў Павел Пятровіч.
— Можна; чаму-ж не!
— Страляць два разы; а на ўсякі выпадак кожнаму пакласці сабе ў кішэню пісямко, у якім ён сам абвінаваціць сябе ў сваёй смерці.
— Вось з гэтым я не зусім згодзен, — прамовіў Базараў. — Трошкі на французскі раман збіваецца, непраўдападобна нешта.
— Быць можа. Аднак згадзіцеся, што непрыемна падпасці пад падазрэнне ў забойстве?
— Згаджаюся. Але ёсць сродак унікнуць гэтага сумнага наракання. Секундантаў у нас не будзе, але можа быць сведка.
— Хто іменна, дазвольце даведацца?
— Ды Пётр.
— Які Пётр?
— Камердынер вашага брата. Ён чалавек, які стаіць на вышыні сучаснай асвечанасці, і выканае сваю ролю з усім неабходным у падобных выпадках камільфо[58].
— Мне здаецца, вы жартуеце, міласлівы гасудар.
— Ніколькі. Абмеркаваўшы маю прапанову, вы пераканаецеся, што яна поўна разумнага сэнсу і прастаты. Шыла ў мяшку не ўтоіш, а Пятра я бяруся падрыхтаваць належным чынам і прывесці на месца пабоішча.
— Вы не спыняеце жартаваць, — вымавіў, устаючы з крэсла, Павел Пятровіч. — Але пасля ласкавай гатоўнасці, дадзенай вамі, я не маю права быць на вас у прэтэнзіі... Значыцца, усё ўладжана... Дарэчы, пісталетаў у вас няма?
— Адкуль будуць у мяне пісталеты, Павел Пятровіч? Я не воін.
— У такім выпадку прапаноўваю вам мае. Вы можаце быць упэўнены, што вось ужо пяць гадоў, як я не страляў з іх.
— Гэта вельмі прыемная вестка.
Павел Пятровіч ўзяў сваю палку... — За гэтым, міласлівы гасудар, мне застаецца толькі дзякаваць вам і вярнуць вас вашым заняткам. Гонар маю кланяцца.
— Да прыемнага спаткання, міласлівы гасудар мой, — прамовіў Базараў, праважаючы гасця.
Павел Пятровіч вышаў, а Базараў пастаяў перад дзвярыма і раптам ускрыкнуў: «Фу ты, чорт! як прыгожа і як бязглузда! Якую мы камедыю адкалолі! Вучоныя сабакі так на задніх лапках танцуюць. А адмовіць было немагчыма; ён-жа мяне, чаго добрага, ударыў-бы, а тады... (Базараў пабляднеў пры адной гэтай думцы; уся яго гордасць так і ўзнялася на дыбы.) Тады прышлося-б задушыць яго, як кацянё». Ён вярнуўся да свайго мікраскопа, але сэрца ў яго разварушылася, і спакой, патрэбны для назіранняў, знік. «Ён нас убачыў сягоння», думаў ён, «але няўжо-ж гэта ён за брата так уступіўся? Ды і што тут важнага, пацалунак? Тут што-небудзь другое ёсць. Ба! ды ці не закаханы ён сам? Канешне, закаханы; гэта ясна, як дзень. Які пераплёт, падумаеш!.. Дрэнна!» вырашыў ён нарэшце: — «дрэнна, з якога боку не паглядзі. Па-першае, трэба будзе падстаўляць лоб, і ва ўсякім выпадку паехаць адсюль; а тут Аркадзій... і гэта божая кароўка, Нікалай Пятровіч. Дрэнна, дрэнна».
Дзень прайшоў неяк асабліва ціха і вяла. Фенічкі нібы на свеце не бывала; яна сядзела ў сваім пакоіку, як мышанё ў норцы. Нікалай Пятровіч меў выгляд заклапочанага. Яму данеслі, што ў яго пшаніцы, на якую ён асабліва спадзяваўся, паказалася галаўня. Павел Пятровіч прыгнятаў усіх, нават Пракоф’іча, сваёй халоднай далікатнасцю. Базараў пачаў-быў ліст да бацькі, ды разарваў яго і кінуў на стол. «Памру», думаў ён, «даведаюцца; ды я не памру. Не, я яшчэ доўга на свеце маячыць буду». Ён загадаў Пятру прыйсці да яго на наступны дзень на досвітку, для важнай справы; Пётр уявіў, што ён хоча ўзяць яго з сабою ў Пецербург. Базараў лёг позна, і ўсю ноч яго мучылі бязладныя сны... Одзінцова кружылася перад ім, яна-ж была яго маці, за ёю хадзіла кошачка з чорнымі вусікамі, і гэта кошачка была Фенічка, а Павел Пятровіч ўяўляўся яму вялікім лесам, з якім ён ўсё-такі павінен быў біцца. Пётр разбудзіў яго а чацвертай гадзіне; ён зараз-жа адзеўся і вышаў з ім.
Раніца была добрая, свежая; маленькія, пярэстыя хмаркі стаялі барашкамі на бледна-яснай блакіці; дробная раса высыпала на лісці і траве, блішчэла срэбрам на павуцінні; вільготная цёмная зямля, здавалася, яшчэ захоўвала румяны след зары; з усяго неба сыпаліся песні жаўранкаў. Базараў дайшоў да гаю, прысеў у цяні на ўзлёску і толькі тады адкрыў Пятру, якой ён чакаў ад яго паслугі. Адукаваны лёкай перапалохаўся насмерць; але Базараў супакоіў яго, запэўняючы, што яму другога не будзе чаго рабіць, як толькі зводдаля ды глядзець, і што ні пад якую адказнасць ён не падпадзе. — «А між тым», дадаў ён, «падумай, якая прыпадае табе важная роля!» Пётр развёў рукамі, панурыўся і, увесь зялёны, прытуліўся да бярозы.
Дарога з Мар’іна агінала лясок, лёгкі пыл ляжаў на ёй, яшчэ не крануты з учарашняга дня ні колам, ні нагою. Базараў мімаволі паглядзеў удоўж той дарогі, рваў і кусаў траву, а сам усё гаварыў сабе. «Якая недарэчнасць!» Ранішні халадок прымусіў яго разы тры здрыгануцца... Пётр панура глянуў на яго, але Базараў толькі ўсміхнуўся: ён не баяўся.
Пачуўся тупат конскіх ног па дарозе... Мужык паказаўся з-за дрэў. Ён гнаў двух спутаных коней перад сабою і, праходзячы міма Базарава, паглядзеў на яго неяк дзіўна, не скідаючы шапкі, што, відаць, збянтэжыла Пятра, як нядобрая адзнака. «Вось гэты таксама рана ўстаў», падумаў Базараў, «ды прынамсі за справаю, а мы?..»
— Здаецца, яны ідуць, — шапнуў раптам Пётр.
Базараў узняў галаву і ўбачыў Паўла Пятровіча. Адзеты ў летні пінджак у клетку і белыя, як снег, нагавіцы, ён шпарка ішоў па дарозе; пад пахаю ён нёс скрынку, загорнутую ў зялёнае сукно.
— Прабачце, я, здаецца, прымусіў вас чакаць, — прамовіў ён, кланяючыся спярша Базараву, потым Пятру, у якім ён ў гэты момант паважаў нешта накшталт секунданта. — Я не хацеў будзіць майго камердынера.
— Нічога, — адказаў Базараў, — мы самі толькі што прышлі.
— А! тым лепей! — Павел Пятровіч аглянуўся кругом. — Нікога не відаць, ніхто не перашкодзіць... Мы можам пачаць?
— Пачнем.
— Новых тлумачэнняў вы, я думаю, не патрабуеце?
— Не патрабую.
— Хочаце вы набіваць? — спытаўся Павел Пятровіч, вымаючы з скрынкі пісталеты.
— Не, набівайце вы, а я крокі адмерваць пачну. Ногі ў мяне даўжэйшыя, — дадаў Базараў з усмешкаю. — Раз, два, тры...
— Еўгеній Васільевіч, ледзь прагаварыў Пётр (ён дрыжэў, як у ліхаманцы), — воля ваша, я адыйду.
— Чатыры... пяць... Адыйдзі, брат, адыйдзі, можаш нават за дрэва стаць і вушы заткнуць, толькі вачэй не закрывай; а паваліцца хто, бяжы падымаць. Шэсць... сем... восем.
Базараў спыніўся. — Даволі? — прамовіў ён, звяртаючыся да Паўла Пятровіча: — альбо яшчэ два крокі накінуць?
— Як хочаце, — прагаварыў той, забіваючы другую кулю.
— Ну, накінем яшчэ два крокі. — Базараў правёў наском бота рысу на зямлі. — Вось і бар’ер. А дарэчы: на колькі крокаў кожнаму з нас ад бар’ера адыйсці? Гэта таксама важнае пытанне. Учора пра гэта не было дыскусіі.
— Я думаю, на дзесяць, — адказаў Павел Пятровіч, падаючы Базараву абодва пісталеты. — Будзьце ласкавы выбраць.
— Калі ласка. А згадзіцеся, Павел Пятровіч, што паядынак наш незвычайны да смешнага. Вы паглядзіце толькі на фізіяномію нашага секунданта.
— Вам ўсё хочацца жартаваць, — адказаў Павел Пятровіч. — Я не адмаўляю дзівачнасці нашага паядынку, але лічу за абавязак папярэдзіць вас, што я намераны біцца сур’ёзна. A bon entendeur, salut[59]!
— О! я не сумняваюся ў тым, што мы наважылі знішчаць адзін аднага; але таму-ж не пасмяяцца і не злучыць utile dulci[60]? Гэтак вось: вы мне па-французску, а я вам па-латыні.
— Я буду біцца сур’ёзна, — паўтарыў Павел Пятровіч і накіраваўся на сваё месца. Базараў з свайго боку адлічыў дзесяць крокаў ад бар’ера і спыніўся.
— Вы гатовы? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Зусім.
— Можам сыходзіцца.
Базараў ціхенька рушыў наперад, і Павел Пятровіч пайшоў на яго, заклаўшы левую руку ў кішэню і паволі паднімаючы дула пісталета... «Ён мне проста ў нос цэліць», падумаў Базараў, «і як жмурыцца старанна, разбойнік! Аднак гэта непрыемнае адчуванне. Пачну глядзець на ланцужок яго гадзінніка...» Нешта рэзка зыкнула каля самага вуха Базарава, і ў той-жа момант пачуўся стрэл. — «Чуў, значыць, нічога», паспела мільгануць у яго галаве. Ён ступіў яшчэ раз і, не цэлячыся, паціснуў пружынку.
Павел Пятровіч дрогнуў злёгку і хапіўся рукой за ляжку. Струменьчык крыві пацёк па яго белых нагавіцах. Базараў кінуў пісталет убок і падышоў да свайго супраціўніка. — Вы ранены? — прамовіў ён.
— Вы мелі права падазваць мяне к бар’еру, — прагаварыў Павел Пятровіч, — а гэта глупства. Па ўмове, кожны мае яшчэ па аднаму стрэлу.
— Ну, прабачце, гэта да другога разу, — адказаў Базараў і абхапіў Паўла Пятровіча, які пачынаў бляднець. — Цяпер я ўжо не дуэліст, а доктар, і раней за ўсё павінен аглядзець вашу рану, — Пётр! хадзі сюды, Пётр! Куды ты схаваўся?
— Усё гэта лухта... Мне не патрэбна нічыя дапамога, — прамовіў з расстаноўкаю Павел Пятровіч, — і... трэба... ізноў... Ён хацеў быў скубянуць сябе за вус, але рука яго аслабла, вочы закаціліся, і ён знепрытомнеў.
— Вось навіна! Самлеў! З чаго-б! — мімаволі ўскрыкнуў Базараў, апускаючы Паўла Пятровіча на траву. — Паглядзім, што за штука? — Ён выняў насоўку, абцёр кроў, памацаў вакол раны... «Косць цэлая», мармытаў ён праз зубы, — «куля прайшла неглыбока наскрозь, адзін мускул vastus externus, крануты. Хоць скачы праз тры тыдні!.. А, самленне! Ох, ужо гэтыя мне нервовыя людзі. Бач, скура якая тонкая».
— Забітыя? — прашамацеў за яго спіной трапяткі голас Пятра.
Базараў аглянуўся. — Ідзі па ваду хутчэй, брат, а ён нас з табою перажыве.
Але ўдасканалены слуга, здавалася, не разумеў яго слоў і не рухаўся з месца. Павел Пятровіч павольна адплюшчыў вочы. «Канчаецца!» — шапнуў Пётр і пачаў хрысціцца.
— Вы маеце рацыю... Якая дурная фізіяномія! — прагаварыў з натужнаю ўсмешкаю ранены джэнтльмен.
— Ды ідзі-ж па ваду, чорт! — крыкнуў Базараў.
— Не трэба... Гэта быў мінутны vertige[61]... Дапамажыце мне сесці... вось так. Гэту драпіну варта толькі чым-небудзь закруціць, і я дайду дамоў пехатою, а не, дык можна дрожкі па мяне прыслаць. Дуэль, калі вы хочаце, не аднаўляецца. Вы зрабілі пачэсна... сягоння, сягоння — заўважце.
— Пра мінулае ўспамінаць няма чаго, — сказаў на гэта Базараў, — а што да будучыні, дык аб ёй таксама не варта галаву ламаць, таму што я маю намер безадкладна змыцца. Дайце, я вам перавяжу цяпер нагу; рана ваша — не небяспечная, а ўсё лепей спыніць кроў. Але спярша неабходна гэтага смяротнага ачуліць.
Базараў страсянуў Пятра за каўнер і паслаў яго па дрожкі.
— Глядзі, брата не напалохай, — сказаў яму Павел Пятровіч, — не ўздумай яму дакладваць.
Пётр памчаўся; а пакуль ён бегаў па дрожкі, абодва супраціўнікі сядзелі на зямлі і маўчалі. Павел Пятровіч стараўся не глядзець на Базарава; памірыцца з ім ён усё-такі не хацеў, ён сароміўся сваёй пышлівасці, сваёй няўдачы, сароміўся ўсёй заведзенай ім справы, хоць і адчуваў, што больш шчасліва яна скончыцца не магла. «Не будзе, прынамсі, тут тырчэць», супакойваў ён сябе: — «і за гэта дзякуй». Маўчанне цягнулася, цяжкае і няёмкае. Абодвум было нядобра. Кожны з іх усведамляў, што другі яго разумее. Сябрам гэта ўсведамленне прыемнае, і вельмі непрыемнае непрыяцелям, асабліва калі нельга ні пагаварыць, ні разыйсціся.
— Не туга я завязаў вам нагу? — спытаўся нарэшце Базараў.
— Не, нічога, вельмі добра, — адказаў Павел Пятровіч і, пачакаўшы крыху, дадаў: — брата не правядзеш, трэба будзе сказаць яму, што мы паспрачаліся з-за палітыкі.
— Вельмі добра, — прамовіў Базараў. — Вы можаце сказаць, што я лаяў усіх англаманаў.
— І добра. Як вы мяркуеце, што думае цяпер пра нас гэты чалавек? — казаў далей Павел Пятровіч, паказваючы на таго самага мужыка, які за некалькі хвілін да дуэлі прагнаў міма Базарава спутаных коней і, вяртаючыся назад па дарозе, «збочыў» і зняў шапку, убачыўшы «паноў».
— Хто-ж яго ведае! — адказаў Базараў: — напэўней за ўсё, што нічога не думае. — Рускі мужык — гэта той самы таемны незнаёмы, пра якога так шмат гаварыла пані Радкліф[62]. Хто яго зразумее. Ён сам сябе не разумее.
— А! вось вы як! — пачаў быў Павел Пятровіч і раптам ускрыкнуў: — паглядзіце, што ваш дурыла Пётр нарабіў! Гэта-ж брат сюды скача!
Базараў павярнуўся і ўбачыў бледны твар Нікалая Пятровіча, які сядзеў на дрожках. Ён саскочыў з іх раней, чым яны спыніліся, і кінуўся да брата. — Што гэта значыць? — прагаварыў ён усхваляваным голасам: — Еўгёній Васільевіч, злітуйцеся, што гэта такое?
— Нічога, — адказаў Павел Пятровіч, — дарэмна цябе патрывожылі. Мы трошкі паспрачаліся з панам Базаравым, і я за гэта трошкі ў непрыемнасці.
— Ды праз што ўсё гэта вышла, богам прашу.
— Як табе сказаць? Пан Базараў пагардліва паставіўся да сэра Роберта Піля[63]. Зараз-жа дадаю, што ва ўсім вінаваты адзін я, а пан Базараў трымаў сябе надзвычай добра. Я яго выклікаў.
— Ды ў цябе кроў, злітуйся!
— А ты думаў, у мяне вада ў жылах? Але мне гэта пусканне крыві нават карысна. Праўда, доктар? Дапамажы мне сесці на дрожкі і не ўпадай у меланхолію. Заўтра я буду здаровы. Вось так; надзвычайна. Рушай, фурман.
Нікалай Пятровіч пайшоў за дрожкамі: Базараў застаўся быў ззаду…
— Я павінен вас прасіць заняцца братам, — сказаў яму Нікалай Пятровіч, — пакуль нам з горада прывязуць другога ўрача.
Базараў моўчкі нахіліў галаву.
Праз гадзіну Павел Пятровіч ужо ляжаў у пасцелі з умела забінтаванаю нагою. Увесь дом перапалохаўся. Фенічцы зрабілася дрэнна. Нікалай Пятровіч цішком ламаў сабе рукі, а Павел Пятровіч смяяўся, жартаваў, асабліва з Базаравым; надзеў тонкую бацістовую кашулю, шчогальскую ранішнюю куртачку і феску, не дазволіў апускаць шторы акон і пацешна скардзіўся на неабходнасць паўстрымацца ад яды.
Пад ноч з ім аднак зрабіўся жар; галава ў яго забалела. З’явіўся доктар з горада. (Нікалай Пятровіч не паслухаўся брата, ды і сам Базараў гэтага не хацеў; ён цэлы дзень сядзеў у сябе ў пакоі, увесь жоўты і злы, і толькі на самы кароткі час забягаў да хворага; разы два яму здаралася сустрэцца з Фенічкай, але яна з жахам ад яго адскоквала.) Новы доктар параіў ахалоджваючае пітво, а, урэшце, пацвердзіў запэўненні Базарава, што небяспекі не прадбачыцца ніякай. Нікалай Пятровіч сказаў яму, што брат сам сябе параніў па неасцярожнасці, на што доктар адказаў «гм»! — але, атрымаўшы тут-жа ў руку 25 рублёў срэбрам, прамовіў: «Скажыце! гэта часта здараецца, праўда».
Ніхто ў доме не клаўся і не раздзяваўся. Нікалай Пятровіч раз-по-раз уваходзіў на цыпках да брата і на цыпках выходзіў ад яго: той забываўся, злёгку вохаў, казаў яму па-французску: «conchez-vous[64]» — і прасіў піць. Нікалай Пятровіч загадаў раз Фенічцы паднесці яму шклянку ліманаду; Павел Пятровіч паглядзеў на яе пільна і выпіў шклянку да дна. Пад раніцу жар трохі павялічыўся, паказаўся лёгкі брэд. Спярша Павел Пятровіч вымаўляў бессувязныя словы; потым ён раптам адплюшчыў вочы і, убачыўшы каля сваёй пасцелі брата, які клапатліва нахіліўся над ім, прамовіў: — А праўда, Нікалай, у Фенічцы ёсць нешта агульнае з Нэлі?
— З якою Нэлі, Паша?
— Як гэта ты пытаешся? З княгіняй Р... асабліва ў верхняй частцы твара. C'est de la même famille[65].
Нікалай Пятровіч нічога не адказаў, а сам сабе падзівіўся з жывучасці старых пачуццяў у чалавеку. «Вось калі ўсплыло», падумаў ён.
— Ах, як я люблю гэту пустую істоту! — прастагнаў Павел Пятровіч, пужліва закідаючы рукі за галаву. — Я не дазволю, каб які-небудзь нахабнік асмеліўся дакрануцца... — гаварыў ён некалькі момантаў потым.
Нікалай Пятровіч толькі ўздыхнуў; ён і не падазраваў, да каго былі гэтыя словы.
Базараў з’явіўся да яго на другі дзень, гадзіне а восьмай. Ён паспеў ужо сабрацца і выпусціць на волю ўсіх сваіх жаб, казюлек і птушак.
— Вы прышлі са мною развітацца? — прагаварыў Нікалай Пятровіч, падымаючыся яму насустрач.
— Точна так.
— Я вас разумею і адабраю вас цалкам. Мой бедны брат, канешне, вінаваты: затое ён і пакараны. Ён мне сам сказаў, што паставіў вас у немагчымасць іначай дзейнічаць. Я веру, што вам нельга было ўхіліцца ад гэтага паядынку, які... які да некаторай ступені тлумачыцца адным толькі заўсёдным антаганізмам вашых узаемных поглядаў. (Нікалай Пятровіч блытаўся ў сваіх словах). Мой брат — чалавек строгага закалу, запальчывы і пануры... Дзякуй богу, што яшчэ так скончылася. Я ўжыў усе патрэбныя захады, каб гэта не пайшло па людзях...
— Я вам пакіну свой адрас на выпадак, калі выйдзе гісторыя, — заўважыў нядбайна Базараў.
— Я спадзяюся, што ніякай гісторыі не выйдзе, Еўгеній Васільевіч... Мне вельмі шкода, што ваша пражыванне ў маім доме атрымала такое... такі канец. Мне гэта тым больш непрыемна, што Аркадзій...
— Я, напэўна, з ім убачуся, — сказаў на гэта Базараў, у якім усякага роду «тлумачэнні» і «выказванні» заўсёды ўзнімалі нецярплівыя пачуцці: — у інакшым выпадку прашу вас пакланіцца яму ад мяне і прыняць маё шчырае шкадаванне.
— І я прашу... — адказаў з паклонам Нікалай Пятровіч. Але Базараў не дачакаўся канца яго фразы і вышаў.
Даведаўшыся пра ад’езд Базарава, Павел Пятровіч пажадаў яго бачыць і паціснуў яму руку. Але Базараў і тут застаўся халодны, як лёд; ён разумеў, што Паўлу Пятровічу хацелася павялікадушнічаць. З Фенічкай яму не ўдалося развітацца: ён толькі пераглянуўся з ёю з акна. Яе твар здаўся яму сумным. «Загіне, бадай», сказаў ён сам сабе... «Ну, выкараскаецца як-небудзь!» — затое Пётр расчуліўся да таго, што плакаў у яго на плячы, пакуль Базараў не ахаладзіў яго пытаннем: «Ці не на мокрым месцы ў яго вочы?» — А Дуняша змушана была збегчы ў гай, каб стаіць сваё хваляванне. Вінавайца ўсяго гэтага гора ўлез на калёсы, закурыў сігару, і калі на чацвертай вярсце, пры павароце дарогі, у апошні раз перад яго вачыма праплыла развінутая ў адну лінію кірсанаўская сядзіба з сваім новым панскім домам, ён толькі сплюнуў і, прамармытаўшы: «панічы праклятыя», лепей закутаўся ў шынель.
Паўлу Пятровічу хутка палягчэла; але ў пасцелі давялося яму праляжаць каля тыдня. Ён зносіў свой, як ён казаў, палон даволі цярпліва, толькі ўжо вельмі вазіўся з туалетам і ўсё загадваў пырскаць адэкалонам. Нікалай Пятровіч чытаў яму часопісі; Фенічка яму прыслугоўвала па-ранейшаму, прыносіла бульён, ліманад, яйкі ўсмятку, чай; але потайны жах апаноўваў яе кожны раз, калі яна ўваходзіла ў яго пакой. Нечаканы ўчынак Паўла Пятровіча запалохаў ўсіх людзей ў доме, а яе больш за ўсіх; адзін Пракоф’іч не збянтэжыўся і гаварыў, што і ў яго час паны дзіравіліся, «толькі шляхетныя паны паміж сабою, і гэтакіх прайдзісветаў яны-б за грубіянства на стайні адлупцаваць загадалі».
Сумленне амаль не папракала Фенічку; але думка аб сапраўднай прычыне сваркі мучыла яе часамі; ды і Павел Пятровіч глядзеў на яе гэтак дзіўна... так, што яна, нават адвярнуўшыся да яго спіною, адчувала на сабе яго вочы. Яна пахудзела ад няспыннай унутраной трывогі і, як водзіцца, стала яшчэ прывабней.
Аднойчы, справа была раніцою, Павел Пятровіч добра сябе адчуваў і перайшоў з пасцелі на канапу, а Нікалай Пятровіч, даведаўшыся аб яго здароўі, пайшоў на гумно. Фенічка прынесла кубачак чаю і, паставіўшы яго на столік, хацела было выйсці. Павел Пятровіч яе ўтрымаў.
— Куды вы так спяшаецеся, Фядос’я Нікалаеўна, — пачаў ён, — хіба ў вас справа ёсць?
— Не... Трэба там чай наліваць.
— Дуняша гэта без вас зробіць; пасядзіце трошкі з хворым чалавекам. Дарэчы, мне трэба пагаварыць з вамі.
Фенічка моўчкі прысела на край крэсла.
— Паслухайце, — прамовіў Павел Пятровіч і пасморгаў свае вусы, — я даўно хацеў у вас запытацца: вы як быццам мяне баіцеся?
— Я-с?..
— Але, вы. Вы на мяне ніколі не глядзіце, нібы ў вас сумленне нячыстае.
Фенічка пачырванела, але глянула на Паўла Пятровіча. Ён здаўся ёй нейкім дзіўным, і сэрца ў яе ціхенька задрыжэла.
— У вас-жа сумленне чыстае? — спытаўся ён у яе.
— Чаму-ж яму не быць чыстым? — шапнула яна.
— Ці мала чаму? Урэшце, перад кім можаце вы быць вінаватаю? Перада мной? Гэта неверагодна. Перад другімі асобамі, што ў доме? Гэта таксама справа нязбытная. Хіба перад братам? Але-ж вы яго любіце?
— Люблю.
— Усёй душою, усім сэрцам?
— Я Нікалая Пятровіча ўсім сэрцам люблю.
— Праўда? Паглядзіце на мяне, Фенічка (ён першы раз так называў яе)... Вы ведаеце — вялікі грэх маніць!
— Я не маню, Павел Пятровіч. Мне Нікалая Пятровіча не любіць, ды пасля гэтага мне і жыць не трэба.
— І ні на кога вы яго не прамяняеце?
— На каго-ж магу я яго прамяняць?
— Ці мала на каго! Ды вось хоць-бы на гэтага пана, што адсюль паехаў.
Фенічка ўстала. — Госпадзі божа мой, Павел Пятровіч, за што вы мяне мучыце? Што я вам зрабіла? Як гэта можна такое гаварыць?..
— Фенічка, — прамовіў маркотным голасам Павел Пятровіч, — я-ж бачыў...
— Што вы бачылі?
— Ды там... у альтанцы.
Фенічка зачырванелася ўся да валос і да вушэй. — А чым-жа я тут вінавата? — ледзьзе вымавіла яна.
Павел Пятровіч прыпадняўся. — Вы не вінаваты? Не? Ніколькі?
— Я Нікалая Пятровіча аднаго на свеце люблю, і век любіць буду! — прагаварыла з раптоўнаю сілай Фенічка, між тым як рыданні так і паднімалі яе горла. — А што вы бачылі, дык я на страшным судзе скажу, што віны маёй у тым няма і не было, і ўжо лепей мне памерці зараз, калі мяне ў такой справе падазраваць могуць, што я перад маім дабрадзеем, Нікалаем Пятровічам...
Але тут голас здрадзіў ёй, і ў той-жа час яна адчула, што Павел Пятровіч ухапіў і сціснуў яе руку... Яна паглядзела на яго і так і акамянела. Ён зрабіўся яшчэ бляднейшым; вочы яго блішчэлі, і, што за ўсё было дзіўней, буйная адзінокая сляза кацілася па яго шчацэ.
— Фенічка! — сказаў ён нейкім дзіўным шопатам. — Любіце, любіце майго брата! Ён гэтакі добры, любы чалавек! Не здраджвайце яму ні для каго на свеце, не слухайце нічыіх гутарак! Падумайце, што можа быць жахлівей, як любіць і не быць любімым! Не пакідайце ніколі майго беднага Нікалая.
Вочы высахлі ў Фенічкі, страх яе прайшоў, — да таго вялікае было яе здзіўленне. Але, што зрабілася з ёю, калі Павел Пятровіч, сам Павел Пятровіч прыціснуў яе руку да сваіх губ, і так і прыпаў да яе, не цалуючы яе і толькі зрэдку сударгава ўздыхаючы...
«Божа», падумала яна, «ужо ці не прыпадак з ім?..»
А ў гэты момант цэлае загінутае жыццё ў ім трапятала.
Лесніца заскрыпела пад шпаркімі крокамі... Ён адпіхнуў яе ад сябе прэч і адкінуўся галавой на падушку. Дзверы расчыніліся, — і вясёлы, свежы, румяны, з’явіўся Нікалай Пятровіч. Міця, гэткі-ж свежы і румяны, як бацька, падскокваў у адной кашульцы на яго грудзях, чапляючыся голымі ножкамі за вялікія гузікі яго вясковага паліта.
Фенічка так і кінулася да яго і, абвіўшы рукамі і яго і сына, прыпала галавой да яго пляча. Нікалай Пятровіч здзівіўся: Фенічка, сарамяжная і сціплая, ніколі не лашчылася да яго ў прысутнасці трэцяй асобы.
— Што з табой? — прамовіў ён і, глянуўшы на брата, перадаў ёй Міцю. — Ты не горш сябе адчуваеш? — спытаў ён, падходзячы да Паўла Пятровіча.
Той уткнуў твар ў бацістовую насоўку. — Не... так... нічога... Наадварот, мне куды лепей.
— Ты дарэмна паспяшаўся перайсці на канапу. Ты куды? — дадаў Нікалай Пятровіч, паварочваючыся да Фенічкі, але тая ўжо ляпнула за сабою дзвярыма. — Я быў прынёс паказаць табе майго багатыра; ён занудзіўся па свайму дзядзьку. Чаго гэта яна панесла яго? Аднак, што з табой? Здарылася ў вас тут што-небудзь, ці што?
— Брат! — урачыста прагаварыў Павел Пятровіч.
Нікалай Пятровіч дрогнуў. Яму зрабілася жудасна, ён сам не разумеў — чаму.
— Брат, — паўтарыў Павел Пятровіч, — дай мне слова выканаць адну маю просьбу.
— Якую просьбу? Кажы.
— Яна вельмі важная; ад яе, на мой погляд, залежыць усё шчасце твайго жыцця. Я ўвесь гэты час шмат думаў пра тое, што я хачу цяпер сказаць табе... Брат, выканай абавязак твой, абавязак сумленнага і пачэснага чалавека, спыні спакусу і дрэнны прыклад, які падаецца табою, лепшым з людзей!
— Што ты хочаш сказаць, Павел?
— Жаніся з Фенічкаю... Яна цябе любіць; яна — маці твайго сына.
Нікалай Пятровіч адступіў на крок і ўсплёснуў рукамі.
— Ты гэта кажаш, Павел? Ты, якога я лічыў заўсёды самым цвёрдым супраціўнікам падобных шлюбаў! Ты гэта кажаш! Але хіба ты не ведаеш, што толькі з павагі да цабе я не выканаў таго, што ты так правільна назваў абавязкам!
— Дарэмна-ж ты паважаў мяне ў гэтым выпадку, — сказаў на гэта з панураю ўсмешкаю Павел Пятровіч. — Я пачынаю думаць, што Базараў меў рацыю, калі папракаў мяне ў арыстакратызме. Не, любы брат, годзе нам крыўляцца і думаць аб свеце: мы людзі ўжо старыя і ціхія; пара нам адкласці ўбок ўсякую сумятню. Іменна, як ты кажаш, пачнем выконваць наш абавязак; і паглядзі, мы яшчэ і шчасце атрымаем ў прыдачу.
Нікалай Пятровіч кінуўся абнімаць свайго брата.
— Ты мне зусім адкрыў вочы! — ускрыкнуў ён. — Я не дарэмна заўсёды сцвярджаў, што ты самы добры і разумны чалавек у свеце; а цяпер я бачу, што ты гэтакі-ж пачэсны, як і вялікадушны.
— Цішэй, цішэй, — перапыніў яго Павел Пятровіч. — Не растрывож нагу твайго разумнага брата, які пад пяцьдзесят гадоў біўся на дуэлі, як прапаршчык. Значыцца гэта справа вырашаная: Фенічка будзе маёю... belle-soeur[66].
— Дарагі мой Павел! Але што скажа Аркадзій?
— Аркадзій? Ён будзе здаволены, будзь ласкаў! Шлюб не ў яго прынцыпах, затое пачуццё роўнасці будзе ў ім на месцы. Ды і сапраўды, што за au dix-neuvième siècle[67]?
— Ах, Павел, Павел! Дай мне яшчэ раз цябе пацалаваць. Не бойся, я асцярожна.
Браты абняліся.
— Як ты лічыш? Ці не абвясціць ёй твой намер зараз-жа? — спытаўся Павел Пятровіч.
— Чаго спяшацца? — сказаў на гэта Нікалай Пятровіч. — Хіба ў вас была гутарка?
— Гутарка у нас? Quelle idée[68]!
— Ну, і добра. Раней за ўсё папраўляйся, а гэта ад нас не ўцячэ, трэба падумаць добра, абмеркаваць...
— Але-ж ты вырашыў?
— Канешне, вырашыў, і дзякую табе ад душы. Я цяпер цябе пакіну, табе трэба адпачыць; усякае хваляванне табе шкодна... Але мы яшчэ пагаворым. Засні, душа мая, і дай бог табе здароўя!
«За што ён мяне так дзякуе?» падумаў Павел Пятровіч, застаўшыся адзін. «Як быццам гэта не ад яго залежала! А я, як толькі ён ажэніцца, паеду куды-небудзь падалей, у Дрэздэн або ў Фларэнцыю, і буду там жыць, пакуль акалею».
Павел Пятровіч памачыў сабе лоб адэкалонам і заплюшчыў вочы. Асветленая яркім дзённым святлом, яго прыгожая, схудзелая галава ляжала на белай падушцы, як галава мерцвяка... Ды ён і быў мярцвяк.
У Нікольскім, у садзе, у цяні высокага ясеня, сядзелі на дзярновым услоне Каця з Аркадзіем; на зямлі каля іх разлёгся Фіфі, надаўшы свайму даўгому целу той прыгожы паварот, які ў паляўнічых завецца «шараковай палежкаю». І Аркадзій, і Каця маўчалі; ён трымаў у руках поўразгорнутую кнігу, а яна выбірала з карзінкі крошкі белага хлеба, што засталіся ў ёй, і кідала іх невялікай сямейцы вераб’ёў, якія, з уласцівай ім баязлівай дзёрзкасцю, скакалі і чырыкалі каля самых яе ног. Слабы вецер, варушачы лісце ясеня, ціхенька рухаў узад і ўперад, і па цёмнай дарожцы, і па жоўтай спіне Фіфі, бледназалатыя плямы святла; роўны цень абліваў Аркадзія і Кацю; толькі зрэдку ў яе валасах узгаралася яркая палоска. Яны маўчалі абое; але іменна ў тым, як яны маўчалі, як яны сядзелі побач, адчувалася даверлівае збліжэнне: кожны з іх як быццам і не думаў пра свайго суседа, а ўпотай радаваўся яго блізкасці. І твары іх змяніліся з той пары, як мы іх бачылі ў апошні раз. Аркадзій здаваўся спакайнейшым. Каця жвавейшаю, смялейшаю.
— Ці не лічыце вы, — пачаў Аркадзій, — што ясень па-руску вельмі добра названы: ні адно дрэва так лёгка і ясна не свіціцца ў паветры, як ён.
Каця ўзняла вочы і прамовіла: «але», а Аркадзій падумаў: «вось гэта не папракае мяне за тое, што я прыгожа гаварыў».
— Я не люблю Гейне, — загаварыла Каця, паказваючы вачыма на кнігу, якую Аркадзій трымаў у руках: — ні калі ён смяецца, ні калі ён плача: я яго люблю, калі ён задуменны і сумуе.
— А мне падабаецца, калі ён смяецца, — заўважыў Аркадзій.
— Гэта ў вас яшчэ старыя сляды вашага сатырычнага кірунку... («Старыя сляды! — падумаў Аркадзій, — калі-б Базараў гэта чуў!») Пачакайце, мы вас пераробім.
— Хто мяне пераробіць? Вы?
— Хто? — сястра; Парфірый Платонавіч, з якім ўжо не сварыцеся; цётка, якую вы тры дні назад праважалі ў царкву.
— Не мог-жа я адмовіцца! А што да Анны Сяргееўны, яна сама, вы помніце, шмат у чым згаджалася з Еўгеніем.
— Сястра знаходзілася тады пад яго ўплывам, — гэтак-жа як і вы.
— Як і я! Хіба вы не заўважаеце, што я ўжо вызваліўся з-пад яго ўплыву?
Каця прамаўчала.
— Я ведаю, — казаў далей Аркадзій, — ён вам ніколі не падабаўся.
— Я не маю нічога сказаць пра яго.
— Ведаеце што, Кацярына Сяргееўна? Кожны раз, калі я чую гэты адказ, я яму не веру... Няма такога чалавека, пра якога кожны з нас не меў-бы што сказаць! Гэта проста адгаворка.
— Ну, дык я вам скажу, што ён... не тое, што мне не падабаецца, а я адчуваю, што і ён мне чужы, і я яму чужая... ды і вы яму чужы.
— Гэта чаму?
— Як вам сказаць... Ён драпежны, а мы з вамі ручныя.
— І я ручны?
Каця кіўнула галавой.
Аркадзій пачасаў у сябе за вухам. — Паслухайце, Кацярына Сяргееўна: гэта-ж па сутнасці крыўдна.
— Хіба вы хацелі-б быць драпежным?
— Драпежным не, але моцным, энергічным.
— Гэтага нельга хацець... Вось ваш прыяцель гэтага і не хоча, а ў ім гэта ёсць.
— Гм! Дык вы лічыце, што ён меў вялікі ўплыў на Анну Сяргееўну?
— Але. Толькі над ёй ніхто надоўга ўзяць верх не можа, — дадала Каця ўпоўголас.
— Чаму вы гэтак думаеце?
— Яна вельмі гордая... я не тое хацела сказаць... яна вельмі шануе сваю незалежнасць.
— Хто-ж яе не шануе? — спытаўся Аркадзій, а ў самога ў галаве мільганула: «на што яна?» «На што яна?» мільганула і ў Каці. Маладым людзям, якія часта і прыязна сустракаюцца, заўсёды прыходзяць адны і тыя-ж думкі.
Аркадзій усміхнуўся і, злёгку прысунуўшыся да Каці, прамовіў шопатам: — Прызнайцеся, што вы трошкі яе баіцеся.
— Каго?
— Яе, — паважна паўтарыў Аркадзій.
— А вы? — у сваю чаргу спыталася Каця.
— І я; заўважце, я сказаў: і я.
Каця пагразіла яму пальцам.
— Гэта мяне дзівіць, — пачала яна, — ніколі сястра так не была прыхільна да вас, як іменна цяпер; куды больш, як у першы ваш прыезд.
— Вось як!
— А вы гэтага не заўважылі? Вас гэта не радуе?
Аркадзій задумаўся.
— Чым я мог заслужыць ласку Анны Сяргееўны? Ужо ці не тым, што прывёз ёй лісты вашай матухны?
— І гэтым, і другія ёсць прычыны, якіх я не скажу.
— Гэта чаму?
— Не скажу.
— О! я ведаю: вы вельмі ўпартыя.
— Упартая.
— І назіральныя.
Каця паглядзела збоку на Аркадзія.
— Можа быць, вас гэта злуе? Пра што вы думаеце?
— Я думаю пра тое, адкуль магла прыйсці гэта назіральнасць, якая сапраўды ёсць у вас. Вы такія пужлівыя, недаверлівыя; усіх чужаецеся...
— Я шмат жыла адна; мімаволі раздумваць пачнеш. Але хіба я ўсіх чужаюся?
Аркадзій кінуў удзячны погляд на Кацю.
— Усё гэта добра, — казаў ён, — але людзі ў вашым становішчы, я хачу сказаць з вашым багаццем, рэдка маюць гэты дар; да іх, як да цароў, сапраўды цяжка дайсці.
— Ды я-ж небагатая.
Аркадзій здзівіўся і не адразу зразумеў Кацю. «І сапраўды, маёнтак увесь сястрын!» прышло яму ў галаву; гэта думка яму не была непрыемнаю.
— Як вы гэта добра сказалі! — прамовіў ён.
— А што?
— Сказалі добра; проста, не саромячыся і не фігуруючы. Дарэчы: я ўяўляю, у пачуцці чалавека, які ведае і кажа, што ён бедны, павінна быць нешта асаблівае, нейкая свайго роду ганарлівасць.
— Я нічога гэтага не зазнала, з ласкі сястры; я спамянула пра сваё багацце толькі таму, што да слова прышлося.
— Так; але прызнайцеся, што і ў вас ёсць часцінка тае ганарлівасці, пра якую я зараз гаварыў.
— Напрыклад?
— Напрыклад, вы-ж — прабачце мае запытанне, — вы-б пайшлі замуж за багатага чалавека?
— Калі-б я яго вельмі любіла... Не, здаецца, і тады-б не пайшла.
— А! Вось бачыце! — ускрыкнуў Аркадзій і, пачакаўшы трохі, дадаў: — а чаму-б вы за яго не пайшлі?
— Таму, што і ў песні пра нераўню пяецца.
— Вы, можа быць, хочаце быць уладаркаю альбо...
— О не! да чаго гэта? Наадварот, я гатова пакарыцца, толькі няроўнасць цяжкая. А паважаць сябе і пакарацца, гэта я разумею; гэта шчасце; але залежнае існаванне... Не, даволі і так.
— Даволі і так, — паўтарыў за Кацяю Аркадзій. — Але, але, — казаў ён, — вы нездарма адной крыві з Аннай Сяргееўнай, вы гэтак-жа самастойныя, як яна; але вы больш скрытыя. Вы, я ўпэўнены, ні за што першая не выкажаце свайго пачуцця, як-бы яно ні было моцнае і святое...
— Ды як-жа іначай? — спыталася Каця.
— Вы аднолькава разумныя; у вас столькі-ж, калі не больш характару, як у яе....
— Не параўноўвайце мяне з сястрой, калі ласка, — таропка перапыніла Каця, — гэта для мяне надта нявыгадна. Вы як быццам забыліся, што сястра і красуня, і разумная, і... вам асабліва, Аркадзій Нікалаевіч, не трэба было гаварыць такія словы, і яшчэ з такім сур’ёзным тварам.
— Што значыць гэта: вам асабліва, — і з чаго вы бераце, што я жартую?
— Канешне, вы жартуеце.
— Вы думаеце? А што, калі я пераконаны ў тым, што кажу? Калі я лічу, што я яшчэ не даволі моцна сказаў?
— Я вас не разумею.
— Сапраўды? Ну цяпер я бачу: я, праўда, занадта ўзносіў вашу назіральнасць.
— Як?
Аркадзій нічога не адказаў і адвярнуўся, а Каця адшукала ў карзінцы яшчэ некалькі крошак і пачала кідаць іх вераб’ям; але ўзмах яе рукі быў занадта моцны, і яны адляталі прэч, не паспеўшы клюнуць.
— Кацярына Сяргееўна! — загаварыў раптам Аркадзій. — Вам гэта, напэўна, усёроўна, але ведаеце, што я вас не толькі на вашу сястру, — але ні на кога ў свеце не прамяняю.
Ён устаў і шпарка пайшоў прэч, як-бы спалохаўшыся слоў, якія зляцелі ў яго з языка.
А Каця ўпусціла абедзве рукі разам з карзінкаю на калені і, нахіліўшы галаву, доўга глядзела ўслед Аркадзію. Патрохі чырвоная фарба ледзь-ледзь выступала на яе шчокі; але губы не ўсміхаліся, і ў цёмных вачах свіцілася здзіўленае неразуменне і нейкае другое, пакуль яшчэ безыменнае пачуццё.
— Ты адна? — пачуўся каля яе голас Анны Сяргееўны. — Здаецца, ты пайшла ў сад з Аркадзіем.
Каця, не спяшаючыся, перавяла свае вочы на сястру (прыгожая, нават з тонкім густам апранутая, яна стаяла на дарожцы і кончыкам раскрытага парасончыка варушыла вушы Фіфі) і не спяшаючыся прамовіла:
— Я адна.
— Я гэта бачу, — адказала тая са смехамі, — ён, значыцца, пайшоў да сябе.
— Але.
— Вы разам чыталі.
— Але.
Анна Сяргееўна ўзяла Кацю за падбародак і прыпадняла яе твар.
— Вы не пасварыліся, спадзяюся?
— Не, — сказала Каця і ціха адвяла сястрыну руку.
— Як ты ўрачыста адказваеш! Я думала знайсці яго тут і прапанаваць яму пайсці гуляць са мною. Ён сам мяне ўсё просіць аб гэтым. Табе з горада прывезлі чаравікі, ідзі прымер іх: я ўжо ўчора заўважыла, што твае ранейшы зусім знасіліся. Наогул, ты не даволі гэтым займаешся, а ў цябе яшчэ такія чароўныя ножкі! І рукі прыгожыя... толькі вялікія; дык трэба ножкамі браць. Але ты ў мяне не какетка.
Анна Сяргееўна накіравалася далей па дарожцы, злёгку шамоцячы сваім прыгожым плаццем; Каця паднялася з услона і, узяўшы з сабою Гейне, пайшла таксама — толькі не прымяраць чаравікі.
«Чароўныя ножкі, — думала яна, павольна і лёгка ўзыходзячы па гарачых ад сонца каменных усходках тэрасы, — чароўныя ножкі, кажаце вы... Ну, ён і будзе ля іх».
Але ёй зараз-жа стала сорамна; і яна спрытна пабегла ўверх.
Аркадзій пайшоў па калідоры да сябе ў пакой; дварэцкі дагнаў яго і далажыў, што ў яго сядзіць пан Базараў.
— Еўгеній! — прамармытаў амаль з спалохам Аркадзій, — ці даўно ён прыехаў?
— Вось толькі мелі ласку з’явіцца і загадалі пра сябе Анне Сяргееўне не дакладваць, а проста да вас сябе загадалі правесці.
«Ужо ці не няшчасце якое ў нас дома», падумаў Аркадзій і, хапатліва ўбегшы па лесніцы, адразу адчыніў дзверы. Выгляд Базарава зараз-жа яго супакоіў, хоць больш спрактыкаванае вока, напэўна, знайшло-б у энергічнай па-ранейшаму, але асунутай постаці нечаканага гасця адзнакі ўнутранага хвалявання. З пыльным шынялём на плячах, з шапкаю на галаве, сядзеў ён на падваконні; ён не падняўся і тады, калі Аркадзій кінуўся з шумнымі ўскрыкамі да яго на шыю.
— Вось нечакана! Як гэта так! — гаварыў усё ён, мітусячыся па пакоі, як чалавек, які і сам уяўляе і хоча паказаць, што радуецца. — У нас-жа ўсё ў доме добра, усе здаровы, праўда?
— Усё ў вас добра, але не ўсе здаровы, — прагаварыў Базараў. — А ты не тарабань, загадай прынесці мне квасу, прысядзь і слухай, што я табе паведамлю ў кароткіх, але, спадзяюся, даволі моцных словах.
Аркадзій прыціх, а Базараў расказаў яму пра сваю дуэль з Паўлам Пятровічам. Аркадзій вельмі здзівіўся і нават засмуціўся, але не палічыў патрэбным гэта выказаць; ён толькі спытаўся, ці сапраўды не небяспечная рана яго дзядзькі? І атрымаўшы адказ, што яна — самая цікавая, толькі не з медыцынскага боку, — змушана ўсміхнуўся, а на сэрцы яму і жудасна зрабілася, і неяк сорамна. Базараў як быццам яго зразумеў.
— Але, брат, — прамовіў ён, — вось што значыць з феадаламі пажыць. Сам у феадалы трапіш і ў рыцарскіх турнірах удзельнічаць будзеш. Ну-с, вось я і накіраваўся да бацькоў, — так заключыў Базараў, — і па дарозе завярнуў сюды... каб усё гэта перадаць, сказаў-бы я, калі-б не лічыў бескарысную ману — глупствам. Не, я завінуў сюды — чорт ведае чаго. Бачыш, чалавеку часам карысна ўзяць сябе за чуб ды высмаргнуць сябе вон, як рэдзьку з грады; гэта я зрабіў гэтымі днямі... Але мне захацелася глянуць яшчэ раз на тое, з чым я разлучыўся, на тую граду, дзе я сядзеў.
— Я спадзяюся, што гэтыя словы не да мяне, — сказаў з хваляваннем Аркадзій, — я спадзяюся, што ты не думаеш разлучацца са мной.
Базараў пільна, амаль прарэзліва глянуў на яго.
— Быццам гэта так засмуціць цябе? Мне здаецца, што ты ўжо разлучыўся са мною. Ты гэткі свежанькі ды чысценькі... напэўна, твае справы з Аннай Сяргееўнай ідуць лепей не трэба.
— Якія мае справы з Аннай Сяргееўнай?
— Ды хіба ты не для яе сюды прыехаў з горада, птушанё? Дарэчы, як там маюцца васкрэсныя школы? Хіба ты не закаханы ў яе? Альбо ўжо табе прышла пара пад сціпласць хавацца.
— Еўгеній, ты ведаеш, я заўсёды быў шчыры з табою; магу цябе ўпэўніць, бажуся табе, што ты памыляешся.
— Гм! Новае слова, — заўважыў упоўголас Базараў. — Але табе няма чаго гарачыцца, — мне-ж гэта зусім усёроўна. Рамантык сказаў-бы: я адчуваю, што нашы дарогі пачынаюць разыходзіцца, а я проста кажу, што мы адзін аднаму прыеліся.
— Еўгеній...
— Душа мая, гэта не бяда; ці тое яшчэ на свеце прыядаецца! А цяпер я думаю, ці не развітацца нам? З той пары, як я тут, я вельмі паскудна сябе адчуваю, — нібы начытаўся лістоў Гогаля да калужскай губернатаршы. Дарэчы-ж, я загадаў не распрагаць коней.
— Злітуйся, гэта немагчыма!
— А чаму?
— Я ўжо не кажу пра сябе; але гэта будзе ў вышэйшай ступені недалікатна перад Аннай Сяргееўнай, якая абавязкова захоча цябе бачыць.
— Ну, у гэтым ты памыляешся.
— А я, наадварот, упэўнены, што я праўду кажу, — сказаў Аркадзій. — І чаго ты прытвараешся? Ужо калі на тое пайшло, хіба ты сам не для яе сюды прыехаў?
— Гэта, можа быць, і правільна, але ты ўсё-такі памыляешся.
Але Аркадзій казаў праўду. Анна Сяргееўна захацела пабачыцца з Базаравым і запрасіла яго да сябе праз дварэцкага. Базараў пераадзеўся, раней чым пайшоў да яе: аказалася, што ён уклаў сваё новае адзенне так, што яно было ў яго пад рукою.
Одзінцова яго прыняла не ў тым пакоі, дзе ён так нечакана прызнаўся ёй у каханні, а ў гасцінай. Яна ласкава працягнула яму кончыкі пальцаў, але на твары яе было мімавольнае напружанне.
— Анна Сяргееўна, — паспяшаўся сказаць Базараў, — раней за ўсё я павінен вас супакоіць. Перад вамі смяротны, які сам даўно апамятаўся, і спадзяецца, што і другія забыліся на яго дурату. Я еду надоўга, і згадзіцеся, хоць я не мяккая істота, але мне было-б нявесела панесці з сабою думку, што вы ўспамінаеце пра мяне з агідаю.
Анна Сяргееўна глыбока ўздыхнула, як чалавек, які толькі што ўзлез на высокую гару, і твар яе ажывіўся ўсмешкаю. Яна другі раз працягнула Базараву руку і адказала на яго поціск.
— Хто старое ўспамяне, таму вока вон, — сказала яна, — тым больш, што, кажучы шчыра, і я саграшыла тады, калі не какецтвам, дык нечым другім. Адно слова: будземце прыяцелямі па-ранейшаму. Гэта быў сон, праўда? А хто сны помніць?
— Хто іх помніць? Ды пры тым каханне... гэта-ж пачуццё напускное.
— Праўда? Мне вельмі прыемна гэта чуць.
Так гаварыла Анна Сяргееўна, і так гаварыў Базараў; абое яны думалі, што казалі праўду. Ці была праўда, поўная праўда, у іх словах? Яны самі гэтага не ведалі, а аўтар і пагатове. Але гутарка ў іх зайшла такая, як быццам яны паверылі адзін аднаму.
Анна Сяргееўна спыталася, паміж іншым, у Базарава, што ён рабіў у Кірсанавых? Ён ледзь быў не расказаў ёй пра сваю дуэль з Паўлам Пятровічам, але ўтрымаўся пры думцы, як-бы яна не падумала, што ён наўмысля выстаўляе сябе з цікавага боку, і адказаў ёй, што ён увесь гэты час працаваў.
— А я, — прамовіла Анна Сяргееўна, — спярша хандрыла, бог ведае чаго, нават за мяжу збіралася, уявіце!.. Потым гэта прайшло, ваш прыяцель, Аркадзій Нікалаевіч, прыехаў, і я зноў трапіла ў сваю каляіну, у сваю сапраўдную ролю.
— У якую гэта ролю, дазвольце даведацца?
— Ролю цёткі, настаўніцы, маткі, як хочаце назавіце. Дарэчы, ведаеце, што я раней добра не разумела вашай шчырай дружбы з Аркадзіем Нікалаічам; я лічыла яго даволі нязначным. Але цяпер я яго лепш уведала і пераканалася, што ён разумны... А галоўнае, ён малады, малады... не тое, што мы з вамі, Еўгеній Васільіч?
— Ён усё гэткі-ж нясмелы пры вас? — спытаўся Базараў.
— А хіба... — пачала было Анна Сяргееўна і, падумаўшы крыху, дадала: — цяпер ён больш даверлівы стаў, гаворыць са мною. Раней ён унікаў мяне. Урэшце, і я не шукала яго кампаніі. Яны вялікія прыяцелі з Кацяю.
Базараву зрабілася прыкра.
«Не можа жанчына не хітраваць!» — падумаў ён.
— Вы кажаце, ён ўнікаў вас, — вымавіў ён з халоднаю ўсмешкаю, — але, напэўна, для вас не засталося тайнаю, што ён быў у вас закаханы?
— Як? і ён? — сарвалася ў Анны Сяргееўны.
— І ён, — паўтарыў Базараў з пакорлівым паклонам. — Няўжо вы гэтага не ведалі, і я вам сказаў навіну?
Анна Сяргееўна апусціла вочы.
— Вы памыляецеся, Еўгеній Васільіч.
— Не думаю. Але, можа быць, мне не трэба было спамінаць пра гэта. «А ты болей не хітры», дадаў ён сам сабе.
— Чаму не спамінаць? Але я лічу, што вы і тут надаеце занадта вялікае значэнне раптоўнаму ўражанню. Я пачынаю падазраваць, што вы маеце нахіл да пераўвелічэння.
— Не будземце лепш гаварыць пра гэта, Анна Сяргееўна.
— Чаму-ж? — запярэчыла яна, а сама перавяла гутарку на другую дарогу. Ёй усё-ткі было няёмка з Базаравым, хоць яна і яму сказала, і сама сябе ўпэўніла, што ўсё пазабыта. Абменьваючыся з ім самымі простымі гутаркамі, нават жартуючы з ім, яна адчувала лёгкае скоўванне страху. Так людзі на параходзе, у моры гутараць і смяюцца бесклапотна, ні даць, ні ўзяць, як на цвёрдай зямлі; але здарыся самая малая супынка, з’явіся самая малая адзнака чаго-небудзь незвычайнага, і зараз-жа на ўсіх тварах выступіць выраз асаблівай трывогі, які сведчыць аб заўсёдным усведамленні заўсёднай небяспекі.
Гутарка Анны Сяргееўны з Базаравым цягнулася нядоўга. Яна пачала задумвацца, адказваць раскідліва і прапанавала яму, нарэшце, перайсці ў залу, дзе яны знайшлі князёўну і Кацю. «А дзе-ж Аркадзій Нікалаіч?», спыталася гаспадыня, і, даведаўшыся, што ён не паказваўся ўжо больш за гадзіну, паслала па яго. Яго не хутка знайшлі: ён забраўся ў самую глуш саду і, абапёршыся падбародкам на складзеныя накрыж рукі, сядзеў акунуты ў думы. Яны былі глыбокія і важныя, гэтыя думы, але нясумныя. Ён ведаў, што Анна Сяргееўна сядзіць адзін-на-адзін з Базаравым, і рэўнасці ён не адчуваў, як бывала; наадварот, твар яго ціха святлеў; здавалася, ён і дзівіўся нечаму, і радаваўся, і адважваўся на нешта.
Нябожчык Одзінцоў не любіў новаўвядзенняў, але дапускаў «некоторую игру облагороженного вкуса», і ў выніку гэтага ўзвёў у сябе ў садзе, паміж цяпліцаю і сажалкаю, будову накшталт грэцкага порціка з рускай цэглы. На задняй, глухой сцяне гэтага порціка, альбо галерэі, былі прыпушчаны шэсць ніш для статуй, якія Одзінцоў збіраўся выпісаць з-за мяжы. Гэтыя статуі павінны былі выяўляць сабою: Самоту, Маўчанне, Раздум’е, Меланхолію, Сарамлівасць і Чуллівасць. Адну з іх, багіню Маўчання, з пальцам на губах, прывезлі былі і паставілі; але ёй у той-жа дзень дваровыя хлапчукі адбілі нос, і хоць суседні тынкар браўся прырабіць ёй нос «удвая лепшы за ранейшы», аднак Одзінцоў загадаў яе прыняць, і яна апынулася ў кутку малатарнага хлява, дзе стаяла доўгія гады, выклікаючы прымхлівы жах баб. Пярэдні бок порціка даўно зарос густым хмызняком; адны капітэлі калон відаць былі над шчытнаю зеленню. У самым порціку, нават у поўдзень, было халаднавата. Анна Сяргееўна не любіла наведваць гэта месца з той пары, як убачыла там вужа, але Каця часта прыходзіла садзіцца на вялікую каменную лаўку, зробленую пад адною з ніш. Атуленая свежасцю і ценем, яна чытала, працавала альбо аддавалася таму адчуванню поўнай цішыні, якое, пэўна, знаёма кожнаму, і пекната якога складаецца ў ледзь свядомым маўклівым падпільноўванні шырокай жыццёвай хвалі, якая бесперапынна коціцца і кругом нас, і ў нас саміх.
На другі дзень пасля прыезду Базарава Каця сядзела на сваёй любімай лаўцы, і побач з ёю сядзеў ізноў Аркадзій. Ён упрасіў яе пайсці з ім у «порцік».
Да снедання заставалася каля гадзіны; росная раніца ўжо змянялася гарачым днём. Твар Аркадзія быў, як учора, Каця мела выгляд заклапочаны. Сястра яе, зараз-жа пасля чаю, паклікала яе да сябе ў габінет і, спачатку прылашчыўшы яе, што заўсёды крыху палохала Кацю, параіла ёй быць асцярожней у сваіх паводзінах з Аркадзіем, а асабліва ўнікаць гутарак з ім адзін-на-адзін, быццам заўважаных і цёткаю, і ўсім домам. Акрамя таго, ўжо напярэдадні ўвечары, Анна Сяргееўна была не ў гуморы; ды і сама Каця адчувала замяшанне, быццам мела віну за сабою. Уступаючы просьбе Аркадзія, яна сабе сказала, што гэта ў апошні раз.
— Кацярына Сяргееўна, — загаварыў ён з нейкаю сарамяжнаю развязнасцю, — з той пары, як я маю шчасце жыць у адным доме з вамі, я пра шмат што з вамі гутарыў, а між тым ёсць адно вельмі важнае для мяне... пытанне, якога я яшчэ не закранаў. Вы заўважылі ўчора, што мяне тут перарабілі, — дадаў ён, і ловячы, і ўхіляючыся ад дапытліва ўтаропленага на яго погляду Каці. — Сапраўды, я шмат у чым змяніўся, і гэта вы ведаеце лепш за ўсякага другога, — вы, якой я, па сутнасці, і абавязаны гэтаю пераменаю.
— Я?.. Мне?.. — прагаварыла Каця.
— Я цяпер ужо не той пышлівы хлопчык, якім я сюды прыехаў, — казаў далей Аркадзій, — не дарма-ж мне і мінуў дваццаць трэці год, я па-ранейшаму хачу быць карысным, хачу прысвяціць усе мае сілы ісціне; але я ўжо не там шукаю свае ідэалы, дзе шукаў іх раней; яны ўяўляюцца мне... куды бліжэй. Дагэтуль я не разумеў сябе, я задаваў сабе задачы, якія мне не пад сілу... Вочы мае нядаўна пачалі бачыць, дзякуючы аднаму пачуццю... Я кажу не зусім ясна, але спадзяюся, вы мяне разумееце...
Каця нічога не адказвала, але перастала глядзець на Аркадзія.
— Я лічу, — загаварыў ён зноў, ужо больш усхваляваным голасам, а зяблік над ім у лісці бярозы бесклапотна распяваў сваю песеньку, — я лічу, што абавязак кожнага сумленнага чалавека быць зусім шчырым з тым... з тымі людзьмі, якія... словам, з блізкімі яму людзьмі, а таму я... я намераны...
Але тут красамоўства здрадзіла Аркадзію, ён збіўся, замяўся і змушаны быў крыху памаўчаць; Каця ўсё не ўзнімала вачэй. Здавалася, яна і не разумела, да чаго ён гэта ўсё вядзе, і чакала нечага.
— Я прадбачу, што здзіўлю вас, — пачаў Аркадзій, ізноў сабраўшы сілы, тым больш, што гэта пачуццё мае дачыненне некаторым чынам... некаторым чынам, заўважце, — да вас. Вы мяне, помніцца, учора папракалі ў недахопе сур’ёзнасці, — казаў усё Аркадзій, з выглядам чалавека, які ўвайшоў у балота, адчувае, што з кожным крокам грузне больш і больш, і ўсё-такі спяшаецца наперад, з надзеяю хутчэй перабрацца: — гэты папрок часта накіроўваецца... падае... на маладых людзей, нават калі яны ўжо яго не заслугоўваюць; і калі-б ва мне было больш самаўпэўненасці... («Ды памажы-ж мне, памажы», з адчаем думаў Аркадзій, але Каця па-ранейшаму не паварочвала галавы), калі-б я мог спадзявацца...
— Калі-б я магла быць упэўнена ў тым, што вы кажаце, — пачуўся ў гэты момант ясны голас Анны Сяргееўны.
Аркадзій зараз-жа змоўк, а Каця пабляднела. Міма самых кустоў, што затулялі порцік, пралягла дарожка. Анна Сергееўна ішла па ёй разам з Базаравым. Каця з Аркадзіем не маглі іх бачыць, але чулі кожнае слова, шэлест плацця, самае дыханне. Яны зрабілі некалькі крокаў і як наўмысля спыніліся проста перад порцікам.
— Вось бачыце, — казала ўсё Анна Сяргееўна, — мы в вамі памыліліся; мы абое ўжо не першай маладосці, асабліва я; мы пажылі, стаміліся; мы абое, чаго цырымоніцца? — разумныя: спачатку мы зацікавілі адзін аднаго, цікаўнасць была ўзнялася... а потым...
— А потым я вытхнуўся, — падхапіў Базараў.
— Вы ведаеце, што не гэта было прычынаю нашага непагаднення. Але як-бы там ні было, мы не адчувалі патрэбы адзін у адным, вось галоўнае, у нас занадта шмат было... як-бы гэта сказаць... аднароднага... Мы гэта не адразу зразумелі. Наадварот, Аркадзій...
— Вы адчуваеце ў ім патрэбу? — спытаўся Базараў.
— Годзе, Ёўгеній Васільевіч. Вы кажаце, што ён няроўнадушны да мяне, і мне самой заўсёды здавалася, што я яму падабаюся. Я ведаю, што падыходжу яму ў цёткі, але я не хачу хаваць ад вас, што я пачала часцей думаць пра яго. У гэтым маладым і свежым пачуцці ёсць нейкая пекната...
— Слова чароўнасць больш ужыткоўнае ў такіх выпадках, — перапыніў Базараў; кіпенне злосці чулася ў яго спакойным, але глухім голасе. — Аркадзій нешта сакрэтнічаў учора са мною, — і не гаварыў ні пра вас, ні пра вашу сястру... Гэта сімптом важны.
— Ён з Кацяю зусім як брат, — прамовіла Анна Сяргееўна, — і гэта мне ў ім падабаецца, хоць, можа быць, мне-б не трэба было дазваляць такую блізкасць паміж імі.
— Гэта ў вас гаворыць... сястра? — вымавіў працягла Базараў.
— Зразумела... але што-ж мы стаім? Пойдземце. Якая дзіўная гутарка ў нас, праўда? І ці магла я чакаць, што буду гаварыць так з вамі? Вы ведаеце, што я вас баюся... і ў той-жа час я вам давяраю, таму што ў сутнасці вы вельмі добры.
— Па-першае, я зусім не добры; а па-другое, я страціў для вас усякае значэнне, і вы мне гаворыце, што я добры... Гэта ўсёроўна, што класці вянок з кветак на галаву мерцвяка.
— Еўгеній Васільіч, мы не ўладныя... — пачала было Анна Сяргееўна; але вецер наляцеў, зашумеў лісцем і панёс яе словы. — Вы-ж свабодныя, — вымавіў, крыху счакаўшы, Базараў. Больш нічога нельга было разабраць, крокі аддаліліся... усё заціхла.
Аркадзій павярнуўся да Каці. Яна сядзела ў той-жа позе, толькі яшчэ ніжэй апусціла галаву.
— Кацярына Сяргееўна, — прагаварыў ён дрыгатлівым голасам і сціснуўшы рукі: — я люблю вас навекі і назаўсёды і нікога не люблю, акрамя вас. Я хацеў вам гэта сказаць, даведацца пра вашу думку і прасіць вашай рукі, таму што я і небагаты, і адчуваю, што гатовы на ўсе ахвяры... Вы не адказваеце? Вы мне не верыце? Вы думаеце, што я гавару лёгкадумна? Але ўспомніце гэтыя апошнія дні! Няўжо вы даўно не пераканаліся, што ўсё другое — зразумейце мяне — усё, усё другое даўно знікла без следу? паглядзіце на мяне, скажыце мне адно слова... Я люблю... я люблю вас... паверце-ж мне!
Каця глянула на Аркадзія важным і светлым позіркам і, пасля доўгага раздум’я, ледзь ўсміхнуўшыся, прамовіла: — Але!
Аркадзій усхапіўся з лаўкі. — Але! Вы сказалі: але. Кацярына Сяргееўна! Што значыць гэта слова? Ці тое, што я вас люблю, што вы мне верыце... Ці.. ці... я не асмельваюся дакончыць...
— Але, — паўтарыла Каця, і гэты раз ён яе зразумеў. Ён схапіў яе вялікія прыгожыя рукі і, задыхаючыся ад шчасця, прыціснуў іх да свайго сэрца. Ён ледзьве стаяў на нагах і толькі ўсё гаварыў: «Каця, Каця»... а яна неяк нявінна заплакала, сама ціха смеючыся з сваіх слёз. Хто не бачыў такіх слёз у вачах любімага стварэння, той яшчэ не зазнаў, да якой ступені, заміраючы ад удзячнасці і ад сораму, можа быць шчаслівы на зямлі чалавек.
На наступны дзень, раніцою, Анна Сяргееўна загадала паклікаць Базарава да сябе ў габінет і з вымушаным смехам падала яму складзены лісток паштовай паперы. Гэта быў ліст ад Аркадзія: ён у ім прасіў рукі яе сястры.
Базараў шпарка прабег ліст і зрабіў патугу над сабою, каб не выказаць злараднага пачуцця, якое раптоўна ўзгарэлася ў яго ў грудзях.
— Вось як, — прагаварыў ён, — а вы, здаецца, не далей як учора, думалі, каб ён любіў Кацярыну Сяргееўну, як брат. Што-ж вы намераны цяпер зрабіць?
— Што вы мне параіце? — спыталася Анна Сяргееўна, усё смеючыся.
— Ды я лічу, — адказаў Базараў таксама са смехам, хоць яму зусім не было весела і ані не хацелася смяяцца, гэтак-жа, як і ёй: — я лічу, трэба блаславіць маладых людзей. Партыя ва ўсіх адносінах добрая; Кірсанаў досыць багаты чалавек, ён адзін сын у бацькі, ды і бацька добры хлапчына, пярэчыць не будзе.
Одзінцова прайшлася па пакоі. Яе твар папераменна чырванеў і бялеў.
— Вы думаеце? — прамовіла яна. — Што-ж? Я не бачу перашкод... Я рада за Кацю... і за Аркадзія Нікалаевіча... Зразумела, я пачакаю адказу бацькі. Я яго сама да яго пашлю. Але вось і выходзіць, што я праўду казала ўчора, калі я гаварыла вам, што мы абое ўжо старыя людзі... Як гэта я нічога не бачыла? Гэта мяне дзівіць!
Анна Сяргееўна ізноў засмяялася — і зараз-жа адвярнулася.
— Цяперашняя моладзь дужа хітрая стала, — заўважыў Базараў і таксама засмяяўся. — Бывайце, — загаварыў ён ізноў, пасля невялікага маўчання. — Жадаю вам скончыць гэту справу самым прыемным чынам; а я здалёк парадуюся.
Одзінцова шпарка павярнулася да яго.
— Хіба вы едзеце? Чаму вам цяпер не застацца? Застаньцеся... з вамі гаварыць весела.. нібы на краі прорвы ходзіш. Спярша баішся, а потым адкуль смеласць возьмецца. Застаньцеся.
— Дзякую за прапанову, Анна Сяргееўна, і за добрую думку пра мае размоўныя таленты. Але я лічу, што я ўжо і так занадта доўга кружыў у чужой для мяне сферы. Лятучыя рыбы некаторы час могуць патрымацца на паветры, але неўзабаве, павінны пляснуцца ў ваду; дазвольце-ж і мне плюхнуцца ў маю стыхію.
Одзінцова паглядзела на Базарава. Горкая ўсмешка паторгвала яго бледны твар, «Гэты мяне любіў!», падумала яна — і шкода ёй стала яго, і з ласкаю працягнула яна яму руку.
Але ён яе зразумеў. — Не! — сказаў ён і адступіў на крок назад. — Чалавек я бедны, але міласціны яшчэ дагэтуль не прымаў. Бывайце, і будзьце здаровы.
— Я пераконана, што мы не апошні раз бачымся, — вымавіла Анна Сяргееўна з мімавольным рухам.
— Чаго на свеце не бывае! — адказаў Базараў, пакланіўся і вышаў.
— Дык ты задумаў гняздо сабе звіць? — казаў ён у той-жа дзень Аркадзію, укладваючы свой чамадан. — Што-ж? справа добрая. Толькі дарэмна ты хітраваў. Я чакаў ад цябе зусім другой дырэкцыі. Альбо, можа быць, гэта цябе самога збянтэжыла?
— Я, праўда, гэтага не чакаў, калі расставаўся з табою, — адказаў Аркадзій; — але чаму ты сам хітруеш і кажаш: «справа добрая», быццам я не ведаю твайго погляду пра шлюб?
— Эх, друг любы, — прагаварыў Базараў: — як ты гаворыш! Бачыш, што я раблю: у чамадане аказалася пустое месца, і я кладу туды сена; гэтак і ў жыццёвым нашым чамадане; чым-бы яго ні напіхалі, абы пустаты не было. Не крыўдуй, калі ласка. Ты-ж, напэўна, помніш, якой я заўсёды быў думкі пра Кацярыну Сяргееўну. Іншая паненка толькі з таго і сыходзіць за разумную, што разумна ўздыхае; а твая за сябе пастаіць, ды і так пастаіць, што і цябе ў рукі забярэ, — ну, дык гэта так і трэба. — Ён зачыніў века і прыпадняўся з падлогі. — А цяпер паўтараю табе на развітанне... таму што маніць сабе няма чаго: — мы развітаемся назаўсёды, і ты сам гэта адчуваеш... ты зрабіў разумна: для нашага горкага, доўгага, бабыльскага жыцця ты не створаны. У цябе няма ні дзёрзкасці, ні злосці, а ёсць маладая смеласць ды малады запал; для нашай справы гэта не прыгодна. Ваш брат, дваранін, далей шляхетнай пакорлівасці альба шляхетнага кіпення дайсці не можа, а гэта глупства. Вы, напрыклад, не б’ецеся — і ўжо ўяўляеце сябе малайцамі, — а мы біцца хочам. Ды што! Наш пыл табе вочы выесць, наша гразь цябе запэцкае, ды ты і не дарос да нас, ты мімавольна любуешся на сябе, табе прыемна самога сябе лаяць; а нам гэта нудна — нам другіх падавай! Нам другіх ламаць трэба! Ты добры хлопец, але ты ўсё-такі мякенькі, ліберальны паніч, — э волату, як кажа мой бацька.
— Ты назаўсёды развітваешся са мною, Еўгеній? — сумна прамовіў Аркадзій: — і ў цябе няма другіх слоў для мяне?
Базараў пачасаў у сябе ў патыліцы. — Ёсць, Аркадзій, ёсць у мяне другія словы, толькі я іх не выкажу, таму што гэта рамантызм — гэта значыць: рассіропіцца. А ты хутчэй жаніся, ды сваім гняздом абзавядзіся, ды нарабі дзяцей паболей. Разумнікі яны будуць ужо таму, што ў час яны родзяцца, — не тое, што мы з табой. Эх! я бачу, коні гатовы. Пара! З усімі я развітаўся... Ну, што-ж? абняцца, ці што?
Аркадзій кінуўся на шыю да свайго былога настаўніка і друга, і слёзы так і пырснулі ў яго з вачэй.
— Што значыць маладосць! — вымавіў спакойна Базараў. — Ды я на Кацярыну Сяргееўну спадзяюся. Паглядзіш, як хутка яна цябе суцешыць!
— Бывай, брат! — сказаў ён Аркадзію, ужо ўзлезшы на калёсы і паказаўшы на пару галак, якія сядзелі побач на страсе стайні, дадаў: — Вось табе! — вывучай!
— Гэта што значыць? — спытаўся Аркадзій.
— Як! Хіба ты так дрэнна ведаеш прыродазнаўства альбо забыўся, што галка самая шаноўная, сямейная птушка? Табе прыклад!.. Бывайце, сін’ёр!
Калёсы забразгацелі і пакаціліся.
Базараў сказаў праўду. Гутарачы ўвечары з Кацяю, Аркадзій зусім забыўся на свайго настаўніка. Ён пачынаў падначальвацца ўжо ёй, і Каця гэта адчувала і не дзівілася. Ён павінен быў назаўтра ехаць у Мар’іна, да Нікалая Пятровіча. Анна Сяргееўна не хацела замінаць маладым людзям, і толькі для прыстойнасці не пакідала іх надта доўга адзін-на-адзін. Яна вялікадушна прыбрала ад іх князёўну, якую вестка пра рыхтаваны шлюб раз’юшыла да слёз. Спачатку Анна Сяргееўна баялася, як-бы не было ёй моташна глядзець на іх шчасце; але вышла зўсім наадварот: гэта яе не толькі не абцяжарыла, яно яе займала, яно яе расчуліла, нарэшце. Анна Сяргееўна гэтаму і ўзрадавалася, і засмуцілася. «Відаць, праўду кажа Базараў», падумала яна: «цікаўнасць, адна цікаўнасць, і любоў да спакою, і эгаізм...»
— Дзеці, — прамовіла яна голасна, — што, каханне пачуццё напускное?
Але ні Каця, ні Аркадзій яе нават не разумелі. Яны яе дзічыліся; мімаволі падслуханая гутарка не выходзіла ў іх з галавы. Урэшце, Анна Сяргееўна хутка супакоіла іх; і гэта было ёй няцяжка: яна супакоілася сама.
Старыя Базаравы тым болыш узрадваліся раптоўнаму прыезду сына, чым менш яны яго чакалі. Арына Влас’еўна да таго ўзрушылася і забегалася па доме, што Васілій параўнаў яе з «курапаціцай»; куцы хвост яе кароценькай кофтачкі сапраўды надаваў ёй нешта птушынае. А сам ён толькі мычэў, ды пакусваў збоку янтарык свайго цыбука, ды, прыхапіўшы шыю пальцамі, круціў галавою, нібы спрабаваў, ці добра яна ў яго прышрубавана, і раптам разяўляў шырокі рот і рагатаў без усякага шуму.
— Я да цябе на цэлых шэсць тыдняў прыехаў, стары, — сказаў яму Базараў: — я працаваць хачу, дык ты ўжо, калі ласка, не перашкаджай мне.
— Аблічча маё забудзеш — вось я як табе перашкаджаць буду! — адказаў Васілій Іванавіч.
Ён стрымаў сваё абяцанне. Памясціўцы сына па-ранейшаму ў габінеце, ён толькі што не хаваўся ад яго і жонку сваю ўтрымліваў ад усякіх лішніх выказванняў пяшчотнасці: «Мы, матухна мая», — казаў ён, — «у першы прыезд Енюшкі яму дадзелі трошкі: цяпер трэба быць разумней». Арына Влас’еўна згаджалася з мужам, але мала ад гэтага выйгравала, таму, што бачыла сына толькі за сталом і канчаткова баялася з ім загаварыць. «Енюшанька!», бывала скажа яна, — а той яшчэ не паспее аглянуцца, як уже яна перабірае шнуркамі рэдзікюля і гаворыць: «нічога, нічога, я так», а потым пойдзе да Васілія Іванавіча і кажа, падпёршы шчаку: «як-бы, галубок, даведацца: чаго Енюша хоча сягоння на абед, капусты, альбо буракоў?» — «Ды што-ж ты ў яго сама не спыталася?» — «А надакучу!» Урэшце, Базараў хутка сам перастаў запірацца: ліхаманка работы з яго саскочыла і замянілася тужліваю нудой і глухім непакоем. Дзіўная стомленасць заўважалася ва ўсіх яго рухах; нават паходка яго, цвёрдая і імкліва смелая, змянілася. Ён перастаў гуляць адзін і пачаў шукаць кампаніі; піў чай у гасцінай, блукаў па гароду з Васіліем Іванавічам і курыў з ім «у маўчанку»; папытаўся аднойчы пра айца Аляксея. Васілій Іванавіч спярша ўзрадваўся гэтай перамене, але радасць яго была нядоўгая. «Енюша мяне трывожыць», скардзіўся ён цішком жонцы: «ён не тое што незадаволены альбо сярдзіты, гэта-б яшчэ нічога, ён засмучаны, ён сумны — вось што жудасна. Усё маўчыць, хоць-бы палаяў нас з табою; худзее, колер твара гэткі нядобры». — «Госпадзі, госпадзі!» — шаптала старэнькая: «надзела-б я яму ладанку на шыю, ды ён-жа не дазволіць». Васілій Іванавіч некалькі разоў спрабаваў самым асцярожным чынам распытаць Базарава пра яго работы, пра яго здароўе, пра Аркадзія... Але Базараў адказваў яму знехаця і нядбайна і, аднойчы, заўважыўшы, што бацька ў гутарцы патрошку пад нешта падбіраецца, з прыкрасцю сказаў яму: «Што ты ўсё каля мяне нібы на цыпках ходзіш? Гэта манера яшчэ горш за ранейшую». — «Ну, ну, ну, я нічога!», таропка адказаў бедны Васілій Іванавіч. Гэткімі-ж бясплоднымі засталіся яго палітычныя намёкі. Загаварыўшы аднойчы, наконт блізкага вызвалення сялян, аб прагрэсе, ён спадзяваўся ўзняць спачуванне свайго сына; але той роўнадушна прамовіў: «Учора я праходзіў міма плота і чую, тутэйшыя сялянскія хлопчыкі, заместа якой-небудзь старой песні, гарланяць: «Время верное приходит, сердце чувствует любовь...» вось табе і прагрэс».
Часам Базараў ішоў на вёску і, падсміхаючыся як зазвычай, пачынаў гутарыць з якім-небудзь мужыком. «Ну», казаў ён яму, «выкладай мне свае погляды на жыццё, брат: у вас-жа, кажуць, уся сіла і будучыня Расіі, ад вас пачынаецца новая эпоха ў гісторыі, — вы нам дасцё і мову сапраўдную, і законы». Мужык або не адказваў нічога, або вымаўляў словы накшталт наступных: «А мы можам... таксама, таму значыць... які паложаны ў нас, прыкладам, прыдзел». — «Ты мне растлумач, што такое ёсць ваш свет? — перапыняў яго Базараў: — і ці той гэта самы свет, што на трох рыбах стаіць?»
— Гэта, бацюхна, зямля стаіць на трох рыбах, — заспакойліва, з патрыярхальна-добрадушнаю пявучасцю тлумачыў мужык, — а супроць нашага, значыць, свету, вядома, панская воля; таму вы нашы айцы. А чым стражэй пан спагоніць, тым мілей мужыку.
Выслухаўшы гэткую гутарку, Базараў аднойчы пагардліва паціснуў плячыма і адвярнуўся, а мужык паплёўся дамоў.
— Пра што гаварыў? — спытаўся ў яго другі мужык сярэдніх гадоў і панурага выгляду, здалёк з парога сваёй хаты, які быў пры гутарцы з Базаравым. — Пра нядоімку, ці што?
— Якое пра нядоімку, браток ты мой! — адказаў першы мужык, і ў голасе яго ўжо не было следу патрыярхальнай пявучасці, а, наадварот, чулася нейкая нядбайная суровасць: — так, балбатаў тое-сёе, язык пачасаць захацелася. Вядома, барын; хіба ён што разумее!
— Дзе зразумець! — адказаў другі мужык і, трасянуўшы шапкамі і абцягнуўшы дзягі, абое яны пачалі разважаць пра свае справы і патрэбы. Авохці! Базараў, які пагардліва паціскаў плячом, умеў гаварыць з мужыкамі (як хваліўся ён у спрэчцы з Паўлам Пятровічам), гэты самаўпэўннены Базараў і не падазраваў, што ён у іх вачах быў усё-такі нечым накшталт блазна гарохавага...
Аднак, ён знайшоў, нарэшце, сабе завятак. Аднойчы пры ім Васілій Іванавіч перавязваў мужыку раненую нагу, але рукі трэсліся ў старога, і ён не мог справіцца з бінтамі; сын яму дапамог і з той пары пачаў удзельнічаць у яго практыцы, не перастаючы ў той-жа час пасмейвацца і з сродкаў, якія сам-жа раіў, і з бацькі, які зараз-жа пускаў іх у ход. Але кпіны Базарава ані не бянтэжылі Васілія Іванавіча; яны нават суцяшалі яго. Прытрымліваючы свой замусолены шлафрок двума пальцамі на жываце і пакурваючы люльку, ён з асалодаю слухаў Базарава, і чым больш злосці было ў яго выбрыках, тым добрадушней рагатаў, паказваючы ўсе свае чорныя зубы да адзінага, яго ашчасліўлены бацька. Ён нават паўтараў гэтыя, часам безгаловыя альбо недарэчныя выбрыкі і, напрыклад, на працягу некалькіх дзён, ні к сялу, ні к гораду, усё чоўп: «ну, гэта справа дзевятая!» таму толькі, што сын яго, даведаўшыся, што ён хадзіў на ютраню, ужыў гэты выраз. «Дзякуй богу! перастаў хандрыць!», шаптаў ён сваёй дружыне: «як даў мне сягоння, дзіва!» Затое думка, што ён мае такога памочніка, захапляла яго, напаўняла яго гордасцю. «Але, але», казаў ён якой-небудзь бабе ў мужчынскай світцы і рагатай кічцы, даючы ёй бутэлечку гулярдавай вады альбо банку дурнап’янавай мазі, «ты, галубка, павінна штохвіліны богу дзякаваць за тое, што сын мой ў мяне госціць: па самай навуковай і найноўшай методзе цябе лечаць цяпер, разумееш ты гэта? Імператар фрацузаў, Напалеон, і той не мае лепшага ўрача». А баба, якая прыходзіла скардзіцца, што яе «на калоцікі падняло» (значэння гэтых слоў яна, урэшце, сама растлумачыць не ўмела), толькі кланялася і лезла за пазуху, дзе ў яе ляжала чатыры яйцы, загорнутыя ў рог рушніка.
Базараў раз нават вырваў зуб у заезджага разносчыка з крамнінаю, і хоць зуб быў самы звычайны, аднак Васілій Іванавіч захаваў яго як рэдкасць і, паказваючы яго айцу Аляксею, бесперастанку паўтараў:
— Вы паглядзіце, што за карэнне! Гэткая сіла ў Еўгенія. Крамнік так на паветра і падняўся... Мне здаецца, дуб і той-бы вылецеў вон!..
— Пахвальна! — прамовіў, нарэшце, айцец Аляксей, не ведаючы, што адказваць і як адчапіцца ад старога, які ўпаў у экстаз.
Аднойчы мужычок суседняй вёскі прывёз да Васілія Іванавіча свайго брата, хворага на тыф. Лежачы ніцма на вязцы саломы, няшчасны паміраў, цёмныя плямы пакрывалі яго цела, ён даўно страціў прытомнасць. Васілій Іванавіч выказаў жаль аб тым, што ніхто раней не ўздумаў звярнуцца за дапамогаю медыцыны, і абвясціў, што ратунку няма. Сапраўды, мужычок не давёз свайго брата да дому: ён так і памёр у калёсах.
Праз дні тры Базараў увайшоў да бацькі ў пакой і спытаўся, ці няма ў яго пякельнага камня?
— Ёсць: на што табе?
— Трэба... ранку прыпячы.
— Каму?
— Сабе.
— Як сабе! На што-ж гэта? Якая гэта рана? Дзе яна?
— Вось тут на пальцы. Я сягоння ездзіў у вёску, ведаеш адтуль тыфознага мужыка прывозілі. Яны чамусьці ўскрываць яго збіраліся, а я даўно ў гэтым не практыкаваўся.
— Ну?
— Ну, вось я і папрасіў павятовага ўрача; ну, і парэзаўся.
Васілій Іванавіч раптам збялеў увесь і, ні слова не кажучы, кінуўся ў габінет, адкуль зараз-жа вярнуўся з кавалачкам пякельнага камня ў руцэ. Базараў хацеў быў узяць яго і пайсці.
— Самім богам прашу, прамовіў Васілій Іванавіч: — дазволь мне зрабіць самому.
Базараў усміхнуўся. — Які ты ахвотнік да практыкі.
— Не жартуй, калі ласка. Пакажы свой палец. Ранка-то невялікая. Не баліць?
— Напірай мацней, не бойся.
Васілій Іванавіч спыніўся. — Як ты мяркуеш, Еўгеній, ці не лепей нам прыпячы жалезам?
— Гэта-б раней трэба было зрабіць, а цяпер, па-сапраўднаму, і пякельны камень не патрэбен. Калі я заразіўся, дык ужо цяпер позна.
— Як, позна... — ледзь мог выгаварыць Васілій Іванавіч.
— Канешне! з таго часу гадзіны чатыры прайшло з гакам.
Васілій Іванавіч яшчэ трохі прыпёк рану. — Ды хіба ў павятовага лекара не было пякельнага камня?
— Не было.
— Як-жа гэта, божа мой! Урач — не мае такой неабходнай рэчы!
— Ты-б паглядзеў на яго ланцэты, — прамовіў Базараў і вышаў вон.
Да самага вечара і на працягу ўсяго наступнага дня Васілій Іванавіч прыдзіраўся да ўсіх магчымымых повадаў, каб уваходзіць у пакой сына, і хоць ён не толькі не спамінаў аб яго ране, але нават стараўся гаварыць пра самыя староннія рэчы, аднак ён так упарта заглядаў яму ў вочы і так трывожна наглядаў за ім, што Базараў страціў цярпенне і пагразіўся паехаць. Васілій Іванавіч даў яму слова не турбавацца, тым больш што і Арына Влас’еўна, ад якой ён, зразумела, усё схаваў, пачынала прыставаць да яго, чаму ён не спіць, і што з ім такое зрабілася? Цэлых два дні ён трымаўся, хоць выгляд сына, на якога ён усё паглядаў крадком, яму вельмі не падабаўся... але на трэці дзень за абедам не вытрымаў. Базараў сядзеў панурыўшыся і не дакрануўся ні да адной стравы.
— Чаму ты не ясі, Еўгеній? — спытаўся ён, надаўшы свайму твару самы бесклапотны выгляд. — Яда, здаецца добра прыгатавана.
— Не хочацца, дык і не ем.
— У цябе апетыту няма? А галава? — дадаў ён нясмелым голасам: — баліць?
— Баліць. Чаму ёй не балець?
Арына Влас’еўна выпрасталася і настаражылася.
— Не рассердзься, калі ласка, Еўгеній, — казаў далей Васілій Іванавіч, — але ці не дазволіш ты мне пульс у цябе памацаць?
Базараў прыпадняўся. — Я, і не мацаючы, скажу табе, што ў мяне жар.
— І трэсла цябе?
— Трэсла. Пайду, прылягу, а вы мне прышліце ліпавага чаю. Прастудзіўся, напэўна.
— То-ж бо я чула, ты сягоння ўночы кашляў, — прамовіла Арына Влас’еўна.
— Прастудзіўся, — паўтарыў Базараў і вышаў.
Арына Влас’еўна занялася прыгатаваннем чаю з ліпавага цвету, а Васілій Іванавіч пайшоў у суседні пакой і моўчкі схапіў сябе за валасы.
Базараў ужо не ўставаў у той дзень і ўсю ноч правёў у цяжкой, поўзабыўчай дрымоце. Гадзіне а першай раніцы ён, з натугаю расплюшчыўшы вочы, ўбачыў над сабою пры святле лампадкі бледны твар бацькі і загадаў яму выйсці; той паслухаўся, але зараз-жа вярнуўся на цыпках і, да палавіны затуліўшыся дзверкамі шафы, неадхільна глядзеў на свайго сына. Арына Влас’еўна таксама не клалася і, ледзь адчыніўшы дзверы габінета, раз-по-раз падыходзіла паслухаць, «як дыхае Енюшка», і паглядзець на Васілія Іванавіча. Яна магла бачыць адну яго нерухомую згорбленую спіну, але і гэта ёй давала некаторую палёгку. Раніцай Базараў паспрабаваў устаць; галава ў яго закружылася, кроў пайшла з носа; ён лёг ізноў. Васілій Іванавіч моўчкі яму прыслугоўваў, Арына Влас’еўна ўвайшла да яго і спыталася ў яго, як ён сябе адчувае. Ён адказаў: «лепей» і павярнуўся да сцяны. Васілій Іванавіч замахаў на жонку абодвума рукамі; яна закусіла губу, каб не заплакаць, і вышла вон. Усё ў доме раптам нібы пацямнела: усе твары выцягнуліся, зрабілася дзіўная цішыня; з двара аднеслі на вёску нейкага гарлатага пеўня, які доўга не мог зразумець, чаму з ім так абыходзяцца. Базараў усё ляжаў, уткнуўшыся ў сцяну. Васілій Іванавіч спрабаваў зварачацца да яго з рознымі пытаннямі, але яны стамлялі Базарава, і стары замёр у сваім крэсле, толькі зрэдку хрумстаючы пальцамі. Ён ішоў на некалькі момантаў у сад, стаяў там, як статуй, нібы скуты невымоўным здзіўленнем (выраз здзіўлення наогул не сходзіў у яго з твара), і варочаўся ізноў да сына, стараючыся ўхіляцца ад роспытаў жонкі. Яна, нарэшце, схапіла яго за руку і сударгава, амаль з пагрозаю прамовіла: «ды што з ім?» Тут ён спахапіўся і прымусіў сябе ўсміхнуцца ёй у адказ: але, на ўласны жах, заместа ўсмешкі, у яго аднекуль узяўся смех. Па доктара ён паслаў з раніцы. Ён палічыў патрэбным папярэдзіць аб гэтым сына, каб той як-небудзь не рассердзіўся.
Базараў раптам павярнуўся на канапе, пільна і тупа паглядзеў на бацьку і папрасіў напіцца.
Васілій Іванавіч падаў яму вады і дарэчы памацаў яго лоб. Ён так і гарэў.
— Стары, — пачаў Базараў сіплым і павольным голасам, — справа мая дрэнная. Я заражаны, і праз некалькі дзён ты мяне хаваць будзеш.
Васілій Іванавіч пахіснуўся, нібы хто па нагах яго ўдарыў.
— Еўгеній! — пралепятаў ён. — Што ты гэта!.. Бог з табою! Ты прастудзіўся...
— Годзе, — не спяшаючыся, перапыніў яго Базараў. — Урачу няможна так гаварыць. Усе адзнакі заражэння, ты сам ведаеш.
— Дзе адзнакі... заражэння, Еўгеній?.. злітуйся!
— А гэта што! — прамовіў Базараў і, прыпадняўшы рукаў кашулі, паказаў бацьку выступіўшыя злавесныя чырвоныя плямы.
Васілій Іванавіч здрыгануўся і пахаладзеў ад страху. — Дапусцім, сказаў ён, нарэшце, — дапусцім... калі... калі нават што-небудзь накшталт... заражэння...
— Піэміі, — падказаў сын.
— Ну але... накшталт... эпідэміі...
— Піэміі, — сурова і выразліва паўтарыў Базараў: — хіба ўжо забыўся на свае сшыткі?
— Ну, але, як табе лепей... А ўсё-такі мы цябе вылечым.
— Ну, гэта дудкі. Але не ў тым справа. Я не чакаў, што так хутка памру; гэта выпадковасць, вельмі, па-праўдзе кажучы, непрыемная. Вы абое з маткаю павінны цяпер скарыстаць тое, што ў вас рэлігія моцная; вось вам выпадак паставіць яе на спробу. — Ён адпіў яшчэ крыху вады: — А я хачу папрасіць у цябе адну рэч... пакуль яшчэ магу галавою валодаць. Заўтра альбо паслязаўтра мазгі мае, ты ведаеш, у адстаўку пойдуць. Я і цяпер не зусім упэўнены, ці ясна я гавару. Пакуль я ляжаў, мне ўсё здавалася, што вакол мяне чырвоныя сабакі бегалі, а ты нада мною стойку рабіў, як над цецеруком. Нібы я п’яны. Ты добра мяне разумееш?
— Злітуйся, Еўгеній, ты кажаш, зусім, як трэба.
— Тым лепш; ты мне сказаў, ты паслаў па доктара... Гэтым ты сябе пацешыў... пацеш і мяне: пашлі ты пасланца...
— Да Аркадзія Нікалаіча, — падхапіў стары.
— Хто такі Аркадзій Нікалаіч? — прагаварыў Базараў, як-бы ў раздум’і... — Ах, праўда! птушанё гэта! Не, ты яго не чапай: ён цяпер у галкі трапіў. Не дзівіся, гэта яшчэ не брэд. А ты пашлі пасланца да Одзінцовай, Анны Сяргееўны, тут ёсць такая памешчыца... Ведаеш? (Васілій Іванавіч кіўнуў галавой). Еўгеній, моў, Базараў, кланяцца загадаў і загадаў сказаць, што памірае. Ты гэта выканаеш?
— Выканаю... Толькі ці магчыма гэта справа, каб ты памёр, ты, Еўгеній... Сам памяркуй! Дзе-ж пасля гэтага будзе праўда?
— Гэтага я не ведаю; а толькі ты пасланца пашлі.
— Зараз-жа пашлю, і сам ліст напішу.
— Не, нашто; скажы, што кланяцца загадаў, больш нічога не трэба. А цяпер я ізноў да маіх сабак. Дзіўна! хачу спыніць думку на смерці, і нічога не выходзіць. Бачу нейкую пляму... і болей нічога.
Ён ізноў цяжка павярнуўся да сцяны; а Васілій Іванавіч вышаў з габінета і, дабраўшыся да жончынай спальні, так і кінуўся на калені перад абразамі.
— Маліся, Арына, маліся! — прастагнаў ён: — наш сын памірае.
Доктар, той самы павятовы лекар, у якога не знайшлося пякельнага камня, прыехаў і, агледзеўшы хворага, параіў трымацца методы вычакальнай і тут-жа сказаў некалькі слоў пра магчымасць выздараўлення.
— А вам здаралася бачыць, што людзі ў маім становішчы не накіроўваюцца ў Елісейскія? — спытаўся Базараў і, раптоўна схапіўшы за ножку цяжкі стол, які стаяў каля канапы, патрос яго і зрушыў з месца.
— Сіла, сіла, — прамовіў ён, — усё яшчэ тут, а трэба паміраць!.. Стары, той, прынамсі, паспеў адвыкнуць ад жыцця, а я... Ды ідзі, паспрабуй адмаўляць смерць. Яна цябе адмаўляе, і годзе! Хто там плача? — дадаў ён, пачакаўшы трохі. — Маці? Бедная! Каго-ж яна будзе карміць цяпер сваімі дзіўнымі буракамі? А ты, Васілій Іванавіч, таксама, здаецца, нюніш? Ну, калі хрысціянства не дапамагае, будзь філосафам, стоікам, ці што! Ты-ж выхваляўся, што ты філосаф?
— Які я філосаф! — залемантаваў Васілій Іванавіч, і слёзы так і закапалі па яго шчоках.
Базараву рабілася горай з кожнай гадзінаю; хвароба пайшла шпарка, што звычайна здараецца пры хірургічных атручаннях. Ён яшчэ не страціў памяці і разумеў, што яму гаварылі; ён яшчэ змагаўся. «Не хачу брэдзіць», — шаптаў ён, сціскаючы кулакі, — «што за лухта!» І тут-жа казаў: «Ну, з васьмі вылічыць дзесяць, колькі выйдзе?» — Васілій Іванавіч хадзіў, як вар’ят, прапаноўваў то адзін сродак, то другі, і толькі і рабіў, што накрываў сыну ногі. «Закруціць у халодныя простыні... на ваніты... гарчычнікі да жывата... пусканне крыві», — гаварыў ён з напружаннем. Доктар, якога ён умаліў застацца, яму падтакваў, паіў хворага ліманадам, а для сябе прасіў то люлечкі, то «ўмацоўваючага-саграваючага», гэта значыць гарэлкі. Арына Влас’еўна сядзела на нізенькай лавачцы каля дзвярэй і толькі часамі сыходзіла маліцца; некалькі дзён таму назад туалетны люстэрачак выслізнуў у яе з рук і разбіўся, а гэта яна заўсёды лічыла дрэнным знакам; сама Анфісушка нічога не магла сказаць ёй. Цімафеіч адправіўся да Одзінцовай.
Ноч была нядобрая для Базарава... Люты жар яго мучыў. Пад раніцу яму палягчэла. Ён папрасіў каб Арына Влас’еўна яго прычасала, пацалаваў ёй руку і выпіў глыткі два чаю. Васілій іванавіч ажывіўся трохі.
— Дзякуй Богу! — казаў усё ён: — надышоў крызіс... прышоў крызіс.
— Вось, падумаеш! — прамовіў Базараў: — слова што значыць! Знайшоў яго, сказаў: «крызіс» — і супакоіўся. Дзіўная справа, як чалавек яшчэ верыць у словы. Скажуць яму, напрыклад, дурня і не прыб’юць, — ён засмуціцца; назавуць яго разумнікам і грошай яму не дадуць, — ён адчуе прыемнасць.
Гэта маленькая прамова Базарава, якая нагадвала яго ранейшыя «выбрыкі», расчуліла Васілія Іванавіча.
— Брава! надзвычай добра сказана, надзвычай! — ускрыкнуў ён, паказваючы выгляд, што б’е ў далоні.
Базараў маркотна ўсміхнуўся.
— Дах як-жа па-твойму, — прамовіў ён, — крызіс прайшоў альбо надышоў?
— Табе лепш, вось што я бачу, вось што мяне радуе, — адказаў Васілій Іванавіч.
— Ну, і добра; радавацца заўсёды нядрэнна. А да тае, помнішь? паслаў?
— Паслаў, як-жа. Перамена на лепшае цягнулася нядоўга. Прыступы хваробы аднавіліся. Васілій Іванавіч сядзеў каля Базарава. Здавалася, нейкая асаблівая пакута разрывала старога. Ён некалькі разоў збіраўся гаварыць — і не мог.
— Ёўгеній! — вымавіў ён, нарэшце: — сын мой, дарагі мой, любы сын.
Гэты незвычайны зварот падзейнічаў на Базарава... Ён павярнуў крыху галаву і, відаць, сілячыся выбіцца з-пад цяжару давіўшага яго забыцця, вымавіў: — Што, мой бацька?
— Еўгеній, — казаў Васілій Іванавіч і апусціўся на калені перад Базаравым, хоць той не расплюшчваў вачэй і не мог яго бачыць. — Еўгеній, табе цяпер лепей; ты, бог дасць, ачуняеш: але скарыстай гэты час, суцеш нас з маткаю, выканай абавязак хрысціяніна! Як мне гэта табе гаварыць, гэта жудасна; але яшчэ больш жудасна... навек-жа, Еўгеній... ты падумай, як...
Голас старога перарываўся, а па твары яго сына, хоць Ён і ляжаў усё з заплюшчанымі вачыма, прапаўзло нешта дзіўнае. — Я не адмаўляюся, калі гэта можа вас суцешыць, — прамовіў ён, нарэшце — але мне здаецца, спяшацца яшчэ няма чаго. Ты сам кажаш, што мне лепей.
— Лепей, Еўгеній, лепей; але хто ведае, гэта-ж ўсё ў руках божых, а выканаўшы абавязак...
— Не, я пачакаю, перапыніў Базараў. — Я згодзен з табою, што надышоў крызіс. А калі мы з табою памыліліся, што-ж і бяспамятных прычашчаюць.
— Злітуйся, Еўгеній...
— Я пачакаю. А цяпер й хачу спаць. Не перашкаджай мне. — І ён паклаў галаву на ранейшае месца.
Стары падняўся, сеў на крэсла і, узяўшыся за падбародак, пачаў кусаць сабе пальцы...
Стук рэсорнага экіпажа, той стук, які так асабліва заўважаецца ў вясковай глушы, раптоўна здзівіў яго. Бліжэй, бліжэй каціліся лёгкія колы; вось пачулася ўжо фырканне коней... Васілій Іванавіч усхапіўся і кінуўся да акна. На дварэ яго дамка, запрэжаная чацвярнёй, уязджала двумесная карэта. Не ведаючы яшчэ, што-б гэта магло значыць, у парыве нейкай бяссэнсавай радасці, ён выбег на ганак... Ліўрэйны лёкай адчыняў дзверкі карэты; дама пад чорным вуалем, у чорнай мантыллі выходзіла з яе...
— Я Одзінцова, — прамовіла яна. — Еўгеній Васільевіч жыў? Вы бацька яго? Я прывезла з сабою доктара.
— Дабрадзейка! — ускрыкнуў Васілій Іванавіч і, схапіўшы яе руку, сударгава прыціснуў яе да сваіх губ, між тым як прывезены Аннай Сяргееўнай доктар, маленькі чалавек у акулярах, з нямецкім абліччам, вылазіў не спяшаючыся з карэты. — Жыў яшчэ, жыў мой Еўгеній, і цяпер будзе выратаваны! Жонка! жонка!.. Да нас анёл з неба...
— Што такое, госпадзі! — пралепятала, выбягаючы з гасцінай, старэнькая і, нічога не разумеючы, тут-жа ў пярэдняй кінулася ў ногі Анны Сяргееўны і пачала, як шалёная, цалаваць яе плацце.
— Што вы! што вы! — гаварыла ўсё Анна Сяргееўна, — але Арына Влас’еўна яе не слухала, а Васілій Іванавіч толькі паўтараў: «анёл! анёл!».
— Wo ist der Kranke[69]? і дзе-ж ёсць пацыент? — прагаварыў, нарэшце, доктар не без некаторага абурэння.
Васілій Іванавіч апамятаўся. — Тут, тут, за мною, вертэстэр гер калега[70], — дадаў ён па старой памяці.
— Э! — вымавіў немец і кісла ашчэрыўся.
Васілій Іванавіч прывёў яго ў габінет.
— Доктар ад Анны Сяргееўны Одзінцовай, — сказаў ён, нахіліўшыся да самага вуха свайго сына, — і яна сама тут.
Базараў раптам расплюшчыў вочы. — Што ты сказаў?
— Я кажу, што Анна Сяргееўна Одзінцова тут і прывезла да цябе гэтага пана доктара.
Базараў павёў вакол сябе вачыма. — Яна тут... я хачу яе бачыць.
— Ты яе ўбачыш, Еўгеній; але спярша трэба пагутарыць з панам доктарам. Я ім раскажу ўсю гісторыю хваробы, бо Сідар Сідаравіч паехаў (так звалі павятовага ўрача), і мы зробім маленькую кансультацыю.
Базараў глянуў на немца. — Ну, гутарце хутчэй, толькі не па-латыні, я-ж разумею, што значыць: jam moritur[71].
— Der Herr scheint des Deutschen mächtig zu sein[72], — пачаў новы выхаванец Эскулапа, звяртаючыся да Васілія Іванавіча.
— Іх... габе... Кажыце ўжо лепш па-руску, — прамовіў стары.
— А, а! — так этто фот как этто... Пошалуй. — І кансультацыя пачалася.
Праз поўгадзіны пасля Анна Сяргееўна, у суправаджэнні Васілія Іванавіча, увайшла ў габінет. Доктар паспеў шапнуць ёй, што няма чаго і думаць пра выздараўленне хворага.
Яна глянула на Базарава... і спынілася каля дзвярэй, — да таго здзівіў яе гэты распалены і ў той-жа час змярцвелы твар з утаропленымі на яе мужнымі вачыма. Яна проста спалохалася нейкім халодным і млосным сполахам; думка, што яна не тое-б адчувала, калі-б сапраўды яго кахала, — у момант бліснула ў яе ў галаве.
— Дзякую, — з патугаю загаварыў ён, — я гэтага не чакаў. Гэта добрая справа. Вось мы яшчэ раз і ўбачыліся, як вы абяцалі.
— Анна Сярггееўна гэткая была добрая, — пачаў Васілій Іванавіч.
— Бацька, пакінь нас, — Анна Сяргееўна, вы дазваляеце? Здаецца, цяпер...
Ён паказаў галавою на сваё распасцёртае бяссільнае цела.
Васілій Іванавіч вышаў.
— Ну, дзякую, — паўтарыў Базараў. — Гэта па-царску. Кажуць, цары таксама наведваюць паміраючых.
— Еўгеній Васільіч, я спадзяюся...
— Эх, Анна Сяргееўна, — пачнемце гаварыць праўду. Са мною скончана. Трапіў пад кола. І выходзіць, што няма чаго было і думаць пра будучае. Старая штука смерць, а кожнаму новая. Да гэтага часу не баюся.. а там прыдзе бяспамяцце і фюіць! (Ён слаба махнуў рукою). Ну, што-ж мне вам сказаць... я кахаў вас! — гэта і раней не мела ніякага сэнсу, а цяпер пагатове. Каханне — форма, а мая ўласная форма псуецца ўжо. Скажу я лепш, што — якая вы слаўная. І цяпер вось вы стаіце такая прыгожая...
Анна Сяргееўна мімаволі здрыганулася.
— Нічога, не трывожцеся... сядзьце там... Не падыходзьце да мяне: мая-ж хвароба заразная.
Анна Сяргееўна шпарка перайшла пакой і села на крэсла каля канапы, на якой ляжаў Базараў.
— Вялікадушная! — шапнуў ён. — Ох, як блізка, і якая малалая, свежая, чыстая... у гэтым гідкім пакоі!.. Ну, бывайце! — жывіце доўга, гэта лепш за ўсё, і карыстайцеся, пакуль час. Вы паглядзіце, што за брыдознае відовішча: чарвяк поўраздушаны, а яшчэ тапырыцца. І таксама-ж думаў: сходаю спраў шмат, не памру, куды! Задача ёсць, я-ж волат! А цяпер уся задача волата — як-бы памерці прыстойна, хоць нікому да гэтага справы няма... Усёроўна: віляць хвастом не стану.
Базараў змоўк і пачаў абмацваць рукой сваю шклянку. Анна Сяргееўна падала яму напіцца, не здымаючы пальчатак і боязна дыхаючы.
— Мяне вы забудзеце, — пачаў ён ізноў, — мёртвы жывому не таварыш. Бацька вам будзе казаць, што вось, моў, якога чалавека Расія губляе... Гэта лухта, але не разупэўняйце старога. Чым-бы дзіця не цешылася... вы ведаеце. І матку прыласкайце. Такіх-жа людзей, як яны, у вашым вялікім свеце днём з агнём не знайсці... Я патрэбен Расіі... Не, відаць не патрэбен. Ды і хто патрэбен? Шавец патрэбен, кравец патрэбен, мяснік... мяса прадае... мяснік... пастойце... я блытаюся... Тут ёсць лес...
Базараў паклаў руку на лоб.
Анна Сяргееўна нахілілася да яго. — Еўгеній Васільіч, я тут.
Ён адразу прыняў руку і прыпадняўся. — Бывайце, — прагаварыў ён з раптоўнай сілай, а вочы яго бліснулі апошнім бляскам. — Бывайце... Паслухайце... я-ж вас не пацалаваў тады... Дзьмухніце на паміраючую лямпу, і хай яна пагасне...
Анна Сяргееўна прыклалася губамі да яго лоба.
— І даволі! — прамовіў ён і апусціўся на падушку. — Цяпер... цемра...
Анна Сяргееўна ціха вышла. — Што? — спытаўся шопатам у яе Васілій Іванавіч.
— Ён заснуў, — адказала яна ледзь чутна.
Базараву ўжо не суджана было прасынацца. Пад вечар ён упаў у поўнае бяспамяцце, а на наступны дзень памёр. Айцец Аляксей адправіў над ім абрады рэлігіі. Калі яму рабілі апошняе памазанне, калі святое міро кранулася яго грудзей, адно вока яго раскрылася, і, здавалася, убачыўшы свяшчэнніка ў аблачэнні, распаленае кадзіла, свечы перад абразом, нешта падобнае на жудасць у момант прайшлося па памярцвелым твары. Калі-ж, нарэшце, ён сканаў і ў доме узняўся агульны плач, Васілія Іванавіча апанавала раптоўнае шаленства. «Я казаў, што буду наракаць на бога», — хрыпла крычаў ён, з палаючым, перакрыўленым тварам, трасучы ў паветры кулаком, як-бы пагражаючы некаму: «і буду наракаць, буду!» Але Арына Влас’еўна, уся ў слязах, павісла ў яго на шыі, і абое разам палі ніц. — «Так», расказвала потым у людской Анфісушка, «побач і панурылі свае галоўкі, нібы авечкі ў поўдзень...»
Але поўдзённая спёка праходзіць, і надыходзіць вечар і ноч, а там і зварот у ціхі прытулак, дзе соладка спіцца змардаваным і стомленым...
Прайшло шэсць месяцаў. Стаяла белая зіма з лютай цішынёй бясхмарных марозаў, шчытным, скрыпучым снегам, ружовым інеем на дрэвах, бледна-смарагдавым небам, шапкамі дыму над комінамі, клубамі пары з раптоўна расчыненых дзвярэй, свежымі, нібы ўкушанымі тварамі людзей і руплівай бягою перамерзлых конікаў. Студзеньскі дзень ужо надыходзіў к канцу; вячэрні холад яшчэ мацней сціскаў нерухомае паветра, і шпарка тухла крывавая зара. У вокнах мар’інскага дома запальваліся агні; Пракоф’іч, у чорным фраку і белых пальчатках, з асабліваю ўрачыстасцю накрываў стол на сем прыбораў. Тыдзень таму назад, у невялікай прыходскай царкве, ціха і амаль без сведак, адбыліся два вяселлі: Аркадзія з Кацяю і Нікалая Пятровіча з Фенічкай; а ў самы той дзень Нікалай Пятровіч даваў развітальны абед свайму брату, які адпраўляўся па справах у Маскву. Анна Сяргееўна паехала туды-ж зараз-жа пасля вяселля, шчодра абдарыўшы маладых.
Роўна а трэцяй гадзіне ўсе сабраліся к сталу. Міцю памясцілі тут-жа; у яго ўжо з’явілася нянька ў глазетавым какошніку. Павел Пятровіч сядзеў паміж Кацяю і Фенічкай: «мужы» прыладзіліся каля сваіх жонак. Знаёмыя нашыя змяніліся за апошні час; усе як быццам папрыгажэлі і пасталелі; адзін Павел Пятровіч пахудзеў, што, аднак, надавала яму больш пекнаты і грансен’ёрства яго выразістым рысам. Ды і Фенічка зрабілася другая. У свежым шаўковым плацці, з шырокаю аксамітнаю наколкаю на валасах, з залатым ланцужком на шыі, яна сядзела пачціва-непарушна; пачціва да самой сябе, да ўсяго, што было навакол яе, і так усміхалася, як быццам хацела сказаць: «Вы мяне прабачце, я не вінавата». І не яна адна — другія ўсе ўсміхаліся, і таксама як быццам прасілі прабачэння, усім было трошкі няёмка, трошкі журботна, і ў сутнасці вельмі добра. Кожны прыслугоўваў другому з пацешнай абыходлівасцю, нібы ўсе ўмовіліся разыграць нейкую простадушную камедыю. Каця была спакайней за ўсіх: яна даверліва паглядала вакол сябе, і можна было заўважыць, што Нікалай Пятровіч паспеў ужо палюбіць яе без памяці. Перад канцом абеда ён устаў і, узяўшы бакал у рукі, звярнуўся да Паўла Пятровіча.
— Ты нас пакідаеш... ты вас пакідаеш, любы брат, — пачаў ён: — канешне не надоўга: але ўсё-ж я не магу не выказаць табе, што я... што мы... як я... як мы... Вось у тым і бяда, што мы не ўмеем гаварыць спічы! Аркадзій, скажы ты.
— Не, папаша, я не рыхтаваўся.
— А я добра падрыхтаваўся! Проста, брат, дазволь цябе абняць, пажадаць табе ўсяго добрага, і вярніся да нас як хутчэй!
Павел Пятровіч пацалаваўся з усімі, не выключаючы, зразумела, Міці; ў Фенічкі ён звыш таго пацалаваў руку, якую тая яшчэ не ўмела падаваць, як трэба, і, выпіваючы другі раз наліты бакал, прамовіў з глыбокім уздыхам: «Будзьце шчаслівы, другі мае! Farewell[73]». — Гэты англійскі хвосцік прайшоў незаўважаным, але ўсе былі расчулены.
«У памяць Базарава», — шапнула Каця на вуха свайму мужу і чокнулася з ім. Аркадзій у адказ паціснуў ёй моцна руку, але не адважыўся ўголас прапанаваць гэты тост.
Здавалася-б, канец? Але, быць можа, хто-небудзь з чытачоў пажадае даведацца, што робіць цяпер, іменна цяпер, кожная з выведзеных намі асоб. Мы гатовы задаволіць яго.
Анна Сяргееўна нядаўна вышла замуж, не па каханню, але па пераконанню, за аднаго з будучых рускіх дзеячоў, чалавека вельмі разумнага, законніка, з моцным практычным розумам, цвёрдай воляй і надзвычайнай красамоўнасцю, — чалавека яшчэ маладога, добрага і халоднага, як лёд. Яны жывуць у вялікім ладзе адзін з адным, і дажывуцца, бадай, да шчасця... бадай, да кахання... Князёўна Х...ая памерла, забытая ў самы дзень смерці. Кірсанавы, бацька з сынам, пасяліліся ў Мар’іне. Справы іх пачынаюць папраўляцца. Аркадзій зрабіўся заўзятым гаспадаром, і «ферма» ўжо, дае даволі значны прыбытак. Нікалай Пятровіч трапіў у міравыя пасярэднікі і працуе з усіх сіл; ён бесперастанку раз’язджае па сваім участку; гаворыць доўгія прамовы (ён прытрымліваецца таго погляду, што мужычкоў трэба «навучаць», гэта значыць частым паўтарэннем адных і тых-жа слоў даводзіць іх да млосці) і ўсё-такі, кажучы праўду, не задавальняе цалкам ні дваран адукаваных, якія гавораць то з шыкам, то з меланхоліяй пра манцыпацыю (вымаўляючы ан у нос), ні неадукаваных дваран, якія на ўсё лаюць «энту мунцыпацыю», і для тых, і для другіх ён занадта мяккі. У Кацярыны Сяргееўны радзіўся сын Коля, а Міця ўжо бегае малайцом і гаворыць добра. Фенічка, Фядос’я я Нікалаеўна, пасля мужа і Міці нікога так не любіць, як сваю нявестку, і калі тая садзіцца за фартэпіяна, рада цэлы дзень не адыходзіць ад яе. Спамянем дарэчы пра Пятра. Ён зусім здубеў ад дураты і паважнасці, вымаўляе ўсё як ю: цюпюр, забюспючун, але таксама ажаніўся, і ўзяў немалое прыданае за сваёй нявестаю, дачкою гарадскога гародніка, якая адмовіла двум добрым жаніхам толькі таму, што ў іх гадзіннікаў не было: а ў Пятра не толькі быў гадзіннік — у яго былі лакавыя поўбоцікі.
У Дрэздене, на Брулеўскай тэрасе, паміж другой і чацвертай гадзінамі, у самы фешэнебельны час для прагулкі, вы можаце сустрэць чалавека гадоў каля пяцідзесяці, ужо зусім сівога і як быццам хворага на падагру, але яшчэ прыгожага з густам апранутага і з тым асаблівым адбіткам, які даецца чалавеку адным толькі доўгім жыццём у вышэйшых колах грамадства. Гэта Павел Пятровіч. Ён паехаў з Масквы за мяжу для папраўкі здароўя і застаўся жыць у Дрэздэне, дзе ведаецца больш з англічанамі і з праезджымі рускімі. З англічанамі ён трымаецца проста, амаль скромна, але не без гонару; яны лічаць яго трохі нудным, але паважаюць у ім поўнага джэнтльмена «a perfect gentleman[74]». З рускімі ён больш развязны, дае волю сваёй злосці, кпіць з самога сябе і з іх; але ўсё гэта выходзіць у яго вельмі міла, — і нядбайна, і прыстойна. Ён прытрымліваецца славянафільскіх поглядаў: вядома, што ў вышэйшым свеце гэта лічыцца «très distingué[75]». Ён нічога рускага не чытае, але на пісьмовым стале ў яго стаіць срэбная попельніца ў выглядзе мужыцкага лапця. Нашы турысты вельмі за ім убягаюць. Мацвей Ільіч Калязін, які знаходзіцца ў часовай апазіцыі, велічава наведаў яго, праязджаючы на багемскія воды; а тубыльцы, з якімі ён, аднак, бачыцца мала; ледзь не моляцца на яго. Атрымаць білет у прыдворную капелу, у тэатр і т. д. ніхто не можа так лёгка і хутка, як der Herr Baron von Kirsanoff[76]. Ён ўсё робіць добра, колькі можа; ён усё яшчэ шуміць патрошку: нездарма-ж, быў ён некалі ільвом, але жыць яму цяжка... цяжэй, як ён сам думае... Варта глянуць на яго ў рускай царкве, калі, прытуліўшыся ў бачку да сцяны, ён задумваецца і доўга не варушыцца, горка сціснуўшы губы, потым раптам апамятаецца і пачне амаль незаметна хрысціцца...
І Кукшына трапіла за мяжу. Яна цяпер у Гейдэльбергу і вывучае ўжо не прыродазнаўчыя навукі, але архітэктуру, у якой, паводле яе слоў, яна адкрыла новыя законы. Яна па-ранейшаму знаецца з студэнтамі, асабліва з маладымі рускімі фізікамі і хімікамі, якімі напоўнены Гейдэльберг, і якія, здзіўляючы першыя часы наіўных нямецкіх прафесароў сваім цвярозым поглядам на рэчы, пазней здзіўляюць тых-жа самых прафесароў сваёй поўнай бяздзейнасцю і абсалютным гультайствам. З такімі вось двума-трыма хімікамі, якія не ўмеюць адрозніць кісларода ад азота, але поўнымі адмаўлення і самапаважання, ды з вялікім Елісевічам, Сітнікаў, які таксама рыхтуецца быць вялікім, таўчэцца ў Пецербургу і, па яго запэўненням, вядзе наперад «справу» Базарава. Кажуць, яго нехта нядаўна пабіў, але ён у даўгу не застаўся: у адным цёмным артыкульчыку, друкаваным у адным цёмным часопіску, ён намякнуў, што той, хто пабіў яго — баязлівец. Ён называе гэта іроніяй. Бацька ім папіхае па-ранейшаму, а жонка лічыць яго дурнем і літаратарам.
Ёсць невялікія сельскія могілкі ў адным з далёкіх куткоў Расіі. Як амаль усе нашы могілкі, яны маюць выгляд маркотны: канавы, што абкружылі іх, даўно зараслі; шэрыя драўляныя крыжы пахіліліся і гніюць пад сваімі некалі фарбаванымі стрэшкамі, каменныя пліты ўсе ссунуты, нібы хто іх падпіхаў знізу; два-тры абскубленых дрэўцы ледзьве даюць убогі цень; авечкі бесперашкодна бродзяць па магілах... Але між імі ёсць адна, да якой не дакранаецца чалавек, якую не топча жывёла: адны птушкі садзяцца на яе і пяюць досвіткам. Жалезная агарожа яе абкружае; дзве маладыя ёлкі пасаджаны з абодвух канцоў: Еўгеній Базараў пахаваны ў гэтай магіле. Да яе, з недалёкай вёсачкі часта прыходзяць двое ўжо зусім старэнькіх — муж з жонкаю. Падтрымліваючы адзін аднаго, ідуць яны цяжкой паходкай; падыйдуць да агарожы, прыпадуць і стануць на калені, і доўга, і горача плачуць, і доўга, і ўважліва глядзяць на нямы камень, пад якім ляжыць іх сын; перакінуцца кароткім словам, пыл змахнуць з камня ды галінку ёлкі паправяць, і зноў моляцца, і не могуць пакінуць гэта месца, адкуль ім як быццам бліжэй да іх сына, да ўспамінаў пра яго... Няўжо іх малітвы, іх слёзы бясплодныя? Няўжо любоў, святая, адданая любоў не ўсемагутная? О, не! Якое-б падкае, грэшнае, бунтаўлівае сэрца ні схавалася ў магіле, кветкі, што растуць на ёй, супакойна глядзяць на нас сваімі чыстымі вачыма: не пра адзін вечны спакой кажуць нам яны, пра той вялікі спакой «роўнадушнай» прыроды; яны кажуць таксама пра вечнае прымірэнне і пра жыццё бясконцае...
- ↑ Агаф’я.
- ↑ Ён, сапраўды, вольны.
- ↑ Поціск рукі.
- ↑ Стаў развязны.
- ↑ „Gallignalis Messenger“, англійскі часопіс, які выдаваўся ў Парыжы.
- ↑ Вы ўсё гэта змянілі.
- ↑ Але я магу вам даць грошай.
- ↑ Стылю Адраджэння.
- ↑ Добра.
- ↑ Бацька сям‘і.
- ↑ „Сіла і матэрыя“, твор нямецкага натураліста Бюхнера, вядомага папулярызатара матэрыялізма.
- ↑ Мацвей.
- ↑ На карысць (дабро) грамадству.
- ↑ Пэцкаль.
- ↑ Застарэла.
- ↑ Добры вечар.
- ↑ Прабачце, васпан!
- ↑ Энергія — першая якасць дзяржаўнага чалавека.
- ↑ Вельмі аблюбёны.
- ↑ Яго час прайшоў.
- ↑ Еўдакія.
- ↑ Эманcіпіраваная, вольная.
- ↑ Віктар.
- ↑ Уваходзьце.
- ↑ Лібіл і спамінаны ніжэй Бунзен — славутыя нямецкія хімікі.
- ↑ Эмерсон Р. В. — амерыканскі пісьменнік.
- ↑ Купер, Фенімор — славуты амерыканскі раманіст. „Патфайндэр“ (Следапыт) — адзін з лепшых яго раманаў.
- ↑ Пётр.
- ↑ Мой друг.
- ↑ Пра каханне.
- ↑ Гукаперайманне.
- ↑ Вядомая больніца для вар‘ятаў у Лондане.
- ↑ Як сапраўдны французскі рыцар.
- ↑ Захоплены.
- ↑ Воклічы, выгукі.
- ↑ Зусім, цалкам.
- ↑ Як анёлы.
- ↑ Дзякую.
- ↑ Дасканала, добра.
- ↑ Насценная жывапісь (фрэскі).
- ↑ Пелюз і Фрамі. Агульнае ўяўленне аб хіміі.
- ↑ Гано. Кароткі нарыс доследаў фізікі.
- ↑ Омфе — homme fait — мужчына ў саку.
- ↑ Кожнаму сваё.
- ↑ Волату — сапсаванне: volla tout вось і ўсё.
- ↑ Парацэльз — славуты швейцарскі урач (XVI в).
- ↑ Травамі, словамі, мінераламі.
- ↑ К праайцам (памёр).
- ↑ Старадаўняя аповесць (Дзюкрэ-Дзюменіля).
- ↑ Рымскі палітычны дзеяч (V в. да хрыст. эры), які любіў сыходзіць у вёску для земляробчай працы.
- ↑ Дармова.
- ↑ Анамацёр — en anamateur — як аматар.
- ↑ Новы чалавек, не радавіты.
- ↑ Друг.
- ↑ „Роберт-д‘ябал“, опера Майербера (1831).
- ↑ Блізняты. Дыёскуры, Кастор і Палукс, паводле старарымскіх вераванняў абаронцы, заступнікі юнацтва.
- ↑ Спакой.
- ↑ Камільфо — comme il faut — як трэба.
- ↑ Хто мае вушы, хай чуе.
- ↑ Прыемнае з карысным.
- ↑ Млоснасць.
- ↑ Радкліф Анна, англійская раманістка, аўтар рамана, „Удольфскія тайны“.
- ↑ Роберт Піль-сын, англійскі палітычны дзеяч, які быў аднойчы ў Расіі.
- ↑ Кладзіцеся вы.
- ↑ Адной сям‘і.
- ↑ Нявестка.
- ↑ у дзевятнаццатым веку.
- ↑ Што за думка.
- ↑ Дзе хворы?
- ↑ Шаноўнейшы калега.
- ↑ Памірае ўжо.
- ↑ Васпан, знаецца, разумее па-нямецку.
- ↑ бывайце!
- ↑ Поўны джэнтльмен.
- ↑ Вельмі шаноўным.
- ↑ Пан барон Кірсанаў.
ПЕРАКЛАД ЗАМЕЖНЫХ СЛОЎ ФРАЗ, ЯКІЯ СУСТРАКАЮЦЦА Ў РАМАНЕ „БАЦЬКІ І ДЗЕЦІ“.
1) Агаф‘я. 2) Ён, сапраўды, вольны. 3) Поціск рукі. 4) Стаў развязны. 5) „Gallignalis Messenger“, англійскі часопіс, які выдаваўся ў Парыжы 6) Вы ўсё гэта змянілі. 7) Але я магу вам даць грошай. 8) Стылю Адраджэння. 9) Добра. 10) Бацька сям‘і. 11) „Сіла і матэрыя“, твор нямецкага натураліста Бюхнера, вядомага папулярызатара матэрыялізма. 12) Мацвей. 13) На карысць (дабро) грамадству. 14) Пэцкаль. 15) Застарэла. 16) Добры вечар. 17) Прабачце, васпан! 18) Энергія — першая якасць дзяржаўнага чалавека. 19) Вельмі аблюбёны. 20) Яго час прайшоў. 21) Еўдакія. 22) Эманcіпіраваная, вольная. 23) Віктар. 24) Уваходзьце. 25) Лібіл і спамінаны ніжэй Бунзен — славутыя нямецкія хімікі. 26) Эмерсон Р. В. — амерыканскі пісьменнік. 27) Купер, Фенімор — славуты амерыканскі раманіст. „Патфайндэр“ (Следапыт) — адзін з лепшых яго раманаў. 28) Пётр. 29) Мой друг. 30) Пра каханне. 31) Гукаперайманне. 32) Вядомая больніца для вар‘ятаў у Лондане. 33) Як сапраўдны французскі рыцар. 34) Захоплены. 35) Воклічы, выгукі. 36) Зусім, цалкам. 37) Як анёлы. 38) Дзякую. 39) Дасканала, добра. 40) Насценная жывапісь (фрэскі). 41) Пелюз і Фрамі. Агульнае ўяўленне аб хіміі. 42) Гано. Кароткі нарыс доследаў фізікі. 43) Омфе — homme fait — мужчына ў саку. 44) Кожнаму сваё. 45) Волату — сапсаванне: volla tout вось і ўсё. 46) Парацэльз — славуты швейцарскі урач (XVI в). 47) Травамі, словамі, мінераламі. 48) К праайцам (памёр). 49) Старадаўняя аповесць (Дзюкрэ-Дзюменіля). 50) Рымскі палітычны дзеяч (V в. да хрыст. эры), які любіў сыходзіць у вёску для земляробчай працы. 51) Дармова. 52) Анамацёр — en anamateur — як аматар. 53) Новы чалавек, не радавіты. 54) Друг. 55) „Роберт-д‘ябал“ опера Майербера (1831). 56) Блізняты. Дыёскуры, Кастор і Палукс, паводле старарымскіх вераванняў абаронцы, заступнікі юнацтва. 57) Спакой. 58) Камільфо — comme il faut — як трэба. 59) Хто мае вушы, хай чуе. 60) Прыемнае з карысным. 61) Млоснасць. 62) Радкліф Анна, англійская раманістка, аўтар рамана, „Удольфскія тайны“. 63) Роберт Піль-сын, англійскі палітычны дзеяч, які быў аднойчы ў Расіі. 64) Кладзіцеся вы. 65) Адной сям‘і. 66) Нявестка. 67) у дзевятнаццатым веку. 68) Што за думка. 69) Дзе хворы? 70) Шаноўнейшы калега. 71) Памірае ўжо. 72) Васпан, знаецца, разумее па-нямецку. 73) бывайце! 74) Поўны джэнтльмен. 75) Вельмі шаноўным. 76) Пан барон Кірсанаў.
|
И. С. Тургенев
Отцы и дети
Государственное Издательство
Белоруссии
Минск — 1937
Арыгінал: | Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |