Безнадзейнасць (Жылка)
Безнадзейнасць Верш Аўтар: Уладзімір Жылка |
Ноч стушыла агні, пад акно
Падступіла й цікуе жахліва.
Што пачну выглядаць? Не відно,
Не відно — за акнамі маўкліва.
Без зары, без агню немага,
Немага, калі ноч — як магіла.
І чаго спадзявацца ільга,
Калі змроку крыло атуліла?
На душы пустата, немата,
Не ўзрушае ні песня, ні дзейнасць.
Толькі сум, як увосень слата,
І спакой, і спакой — безнадзейнасць.
(?)