— Мамка, мамка, нам сягоньня
Гаманілі ў школе
Аб якойсьці Беларусі,
Што жыве на волі.
Хоць я слухаў вельмі шчыра
(Ня люблю іначай),
Ды ніяк ня мог уцяміць,
Што ўсё гэта знача.
— А вось тое, мае дзеткі,
Глянь-зірні наўкола:
Бачыш гэтыя сялібы,
Хаткі нашых сёлаў;
Гэта поле—шнур ля шнура—
Ўзгоркі і лагчынкі,
На узьмежку грушку-дзічку,
Крыж каля пуцінкі?
Бачыш логі, сенажаці,
А на іх—крыніцы,
Далей—бор зялёны, гонкі,
Што у высь глядзіцца?
А там далей, дзе ўжо вока
Дасягнуць ня можа,
Тое самае пабачыш,
А ўсё так прыгожа!
Сотні вёсак і мястэчак,
Гарадоў нямала,
Рэк бурлівых, пушч гамонкіх
З неапетай хвалай.
Там плывуць Дняпро і Сожа
Ды Дзьвіна і Нёман,
Белавежы, Налібокаў
Там чуваці гоман.
Гарады там Менск і Вільня,
Магілёў, Гародня
І Смаленск з сьцяной цаглянай
Разьляглі выгодне.
Аб вялікай нашай славе
Сьведчаць на сьвет цэлы,
Як жылі мы, панавалі
Ў родным краі сьмела.
Во ўсё гэта, мае дзеткі,
Ад межаў да межаў
Беларусяю завецца
Й да цябе належа.
— А! Ўжо сьцяміў! Дык багат я,
Меўшы столькі цудаў:
Гэткім чынам я ніколі
Служкаю ня буду.
Ну, а йшчэ скажы мне, мамка,
Бо я не разважыў:
Што такое беларусы,
Як настаўнік кажа?
— Ах, які ты йшчэ дурненькі,
Каб ня скеміць гэта!
Ну, паслухай: усе людзі,
Што ад лета ў лета,
Ад пакон вякоў жылі тут
І жывуць сягоньня,
Носяць сьвіткі, носяць лапці
Ды былі ў прыгоне,
Ўсе—і ты, і я, суседзі,
Хто, патвойму, прусы?
Дык-жа ўцям: на Беларусі
Жывуць беларусы!
Ды яшчэ, каб лепей ведаў,
Мушу табе ўспомніць:
Беларусы беларускай
Гутаркай гамоняць.
— Вось яно што! Праўда, мамка,
Ўжо сабе ўтлумачыў:
Беларус я! Ох, дам пытлю,
Хто скажа іначай.
Ну, але яшчэ ня ўсё тут
Ясным мне здаецца:
Што такое беларускай
Гутаркай завецца?
— Ой, дурненькая варона,
Што з табой чыніці!
Як-жа йначай беларусы
Могуць гаманіці?
Як-жа мы з табой гуторым
Вось у гэту хвілю?
Як-жа я пяю над зыбкай
Для малой Марылі?
Ды паслухай, як на вёсцы
Кажа дзядзька, цётка;
Як пяюць улетку жнеі
За сваёй работкай;
Як бабуля баіць казкі
Аб нядолі-долі;
Як начлежнікі сьпяваюць
На начлезе ў полі?!
— Ну, ўжо знаю, знаю, мамка!
Як у люстры бачу.
Пакажу я ўсяму сьвету,
Хто я ды й што значу!
Менск, 2|VI—21 г.
|