Мой родны Край! Старонка сумная! —
За што Цябе любіць? — калі б спытаўся хто, —
што адказаць, — ня ведаў сам бы я, —
скуль гэтая любоў? дзеля чаго? за што?
——————————
Каменьне вострае крывава раніць ногі,
дрыжыць ў паветры плач старых бяроз… —
Хаця мне жудасна, ня зыйду я з дарогі,
ня кіну край, гдзе я радзіўся, рос… —
——————————
Старонка родная! на што Цябе любіці
і на ахвяру ўсё жыцьцё Табе даваць?
Ці ж не ляпей пад іншым небам жыці,
забыць Цябе, пакінуць, родна маць?…
——————————
Там гдзесь сады цьвітуць без мала праз год цэлы,
там неба сіняе, німашака там хмар,
людзкія тамака здароўем дышуць целы
і абыймае дух мастацтва дзіўны чар…
Там Вінчі, Рафаэль, Анжэльлё, Тыцыан,
глядзяць монумэнты там горда ў неба выш; —
у нас — забыты ў полі гдзесь курган
ды ля дарогі дрэмле стары падгніўшы крыж… —
——————————
Твой, Беларусь, пачаўся Renaissance цяпер!
Хто ведае, што створыць Твой народ?!..
Хоць красак туті не шмат, хоць край, як доля, шэр, —
звархнуўшыся раз, дух пойдзе ўсё ўпярод…
І хоць з-за аблакоў пахмурна сьвеціць сонцо,
і шчасьця-радасьці ня знойдзеш тут нідзе, —
загляне Доля йшчэ і ў нашае ваконцо,
і Кветка-Папараць яшчэ нам зацьвіце!..
|