Беларускае пісьменства (Гартны)

Беларускае пісьменства
Артыкул
Аўтар: Цішка Гартны
1924

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




3. Жылуновіч.

Беларускае пісьменства.

Гістарычна-крытычны нарыс.

Старадаўняе пісьменства.

Гісторыя беларускага пісьменства мае за сабою многавяковую даўнасьць. Сваім пачаткам яна заходзіць у глыб стагодзьдзяў, ажно да часоў прыняцьця славянскімі пляменьнямі хрысьціянскай веры. З пачатку яно мела на сабе моцны ўплыў царкоўна-славяншчыны, як то было з расійскаю ды украінскаю пісьменнасьцю, але з бегам часу, паступова пераймала мову сьвецкую, народную, разьвівала яе, багаціла й шырыла.

Асабліва шырака расквітнела беларуская пісьменнасьць у XVІ стагодзьдзі, калі Беларусь падпала пад культурны ўплыў заходня-эўропэйскага гуманізму. Пад яго ўсьціскам візантыйска-царкоўныя напластаваньні пачалі лопацца, уступаючы месца новым павеям, якія крыху пазьней вытырхнулі сабою рэформацыю. У XVІ-м стагодзьдзі зьяўляюцца на небасхіле беларускай пісьменнасьці выразныя асобы, якія папаўняюць беларускую пісьменнасьць сваімі знатнымі творамі і становяць яе на высокую ступню. Сярод іншых пісьменьнікаў гэтае пары трэба адмеціць Ф. Скарыну, В. Цяпінскага, С. Буднага, А. Рымшу са сваімі творамі. Поруч з імі, зьяўляюцца два гістарычных дакумэнты офіцыяльнага характару-Літоўскі Статут і Баркулабаўская кроніка невядомых аўтораў. Пэрыяд гэты ў беларускай старадаўняй пісьменнасьці прызнаецца гісторыкамі момантам яе росквіту.

У далейшыя часы, на працягу якіх двухстагодзьдзяў, з канца XVІ да канца XVІІІ, наступае заняпад. За гэты тэрмін гісторыя не адмячае больш-менш выдатных імёнаў пісьменнасьці. Пападаецца некалькі пасярэдніх, сярод якіх Сымон Полацкі ў XVІІ стагодзьдзі і Лявон-Лукаш Кішка-у канцы XVІІ і ў пачатку XVІІІ стагодзьдзяў. Абое яны з духоўнага пахаджэньня-першы манах, другі вуніяцкі мітрапаліт-і сваёю працаю мала што ўносяць у скарбніцу беларускай пісьменнасьці.

Фактычна і ўся старадаўняя беларуская пісьменнасьць зьяўляецца ўмоўнай велічынёй, нязначным факторам у гісторыі культурнага разьвіцьця і паасабліва беларускага народу. Таксама яна ня мае непасрэдняй сувязі з новай беларускай літаратурай, якая пачала сваё разьвіцьце бадай што самастойна з XVІІІ стагодзьдзя.

Новае пісьменства.

Новае беларускае пісьменства бярэ свой пачатак з часу зьяўленьня ў сьвет беларускай поэмы "Энэіда". "Энэіда" напісана невядомым аўторам ці ў канцы 90 гадоў XVІІІ стагодзьдзя, як сьведчаць польскі крытык Падбарэскі і расійскі-Кавелін, ці ў пачатку XІX, як даводзяць гэткія сказы з самай поэмы:

Дамоўкі сталі выбірацца,
Як ад Кутуза Банапарт.

Гэты твор выразна адзначаецца, нават, ад твораў самых знатнейшых з пэрыяду старасьвецкай пісьменнасьці як па мове, гэтак і па тэхніцы напісаньня.

„Энэіда“ пайшла ў народ у ненадрукованым пісаньні, чыталася й пашыралася праз перапіску. Як і ўва ўкраінскай „Энэідзе“, у беларускай насьледуецца сюжэт з поэмы рымскага поэты Віргілія, які ў сваёй несьмяротнай поэме апісваў прыгоды Энэя-старадаўняга грэцкага гэроя, які цягаўся па сьвеце са сваімі траянцамі і меў розныя здарэньні,

Украінская „Энэіда", напісаная ўкраінскім пісьменьнікам Янам Катлярэўскім, прыспасована да ўкраінскага быту; аўтор-жа беларускай „Энэіды“ модэрнізаваў свой твор водлуг беларушчыны. Усе грэцкія ўмовы пераменены на беларускія, мова ўзята з беларускай часткі Смаленшчыны. Беларуская Энэіда“ напісана складна, з добрымі рытмамі. Але ўнутраны зьмест яе ня мае у сабе ніякай цэннай ідэі, поэма не адбівае ў сабе тых ці іншых жаданьняў беларускага народу, не паказвае яго соцыяльнага становішча. Затое беларуская „Энэіда“ цэнна сваім паказным значэньнем. Яна засьведчыла многім і многім, што на беларускай мове можна пісаць гэтак вольна й добра, як і на другіх. Гэтым яна палажыла пачатак далейшаму разьвіцьцю і пашырэньню беларускай літаратуры.

Другі твор таксама невядомага пакуль аўтора „Тарас на Парнасе" ўжо ва многім пераважвае па значнасьці „Энэіду“. Напісаны, прыблізна, у 1840 гадох, "Тарас на Парнасе" пасьвечан літаратурнаму жыцьцю таго часу. Ён мае сатырычны сэнс, пакірованы на ісьціннарускіх журналістых тыпу Булгарына. Аўтор поэмы "Тарас на Парнасе", відаць, пісаў свой твор пад уплывам „Энэіды", бо прымеркаваў яго будаваньне пад яе. Аднак і мова і лёгкасьць чытаньня і цікавасьць ды жывасьць тэмы робіць поэму "Тарас на Парнасе" шмат мацнейшай за „Энэіду“. Зразумела, што яе жыцьцёвасьць у сэнсе адбіцьця таго ці іншага боку беларускага жыцьця, роўная з якасьцямі гэтага характару ў „Энэідзе“. Як адна, гэтак і другая маюць больш усяго гісто рыка-этнографічную цэннасьць. Бязумоўна, што ў справе пашырэньня беларускіх ідэяу, абедзьве поэмы заслугоўваюць першараднага значэньня. „Тарас на Парнасе" ў асобку не перастае цікавіць чытача і да гэтага часу, будучы адным з популярнейшых беларускіх твораў. Маецца вельмі шмат людзей, якія ведаюць яго напамяць і ахвотна дэклямуюць яшчэ дагэтуль на вечарынках, концэртах і інш. „Тарас на Парнасе" налічвае шмат выданьняў; перш ён хадзіў па руках у рукапісах а далей быў у 1889 годзе надрукованы у "Минском Листке" № 37. Пасьля гэтага нясьціханна перадрукоўваўся ў Расіі і заграніцаю.

Беларуская „Энэіда" і "Тарас на Парнасе" ёсьць клясычныя беларускія творы. Ад іх беларуская літаратура пераступіла ў сваім разьвіцьці на другую ступень - к сантымэнталізму, які шырака разьвіўся к палове XІX стагодзьдзя. Прадстаўнікі гэтага напрамку у беларускай літаратуры выходзілі з прасьвечанай перадавой шляхты, з польскім ухілам. Паперш усе яны, як Ян Чачот, А. Рыпінскі, Я. Баршчэўскі галоўную увагу аддавалі на творчасьць на польскай мове. Аднак, пад уплывам вызваленцкіх ідэяў, якія йшлі з Заходняй Эўропы, а часткаю пад захапленьнем пачуцьця спагады да цёмных беларускіх працоўных гушчаў, яны падыходзілі да беларускай літаратуры, пішучы часткай на беларускай народнай мове, часткай на беларуска-польскай, зьмешанай. Гэтак, Ян Баршчэўскі пісаў усе свае вершаваныя баляды і апавяданьні з народнага жыцьця польскаю моваю з вялікімі беларускімі ўстаўкамі. У 1844-46 годзе ў Пецярбурзе на зьмешанай мове выйшаў збор яго твораў у 4 томах пад назваю "Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных апавяданьнях". А. Рыпінскі, таксама спачатку літаратурнай працы пісаў папольску і нават лічыў беларусаў за польскае племя. Толькі і спусьціўшы шмат часу, уцёкшы ў Парыж пасьля польскага паўстаньня, ён друкуе свае лекцыі на беларускай мове і піша на ëй баляду "Нячысьцік“. Далей ён робіць многа тлумачэньняў да ранейшых беларускіх твораў, як „Энэіда“, „Рабункі мужыкоў" Я. Баршчэўскага, і піша першы падручнік беларускага правапісу. К канцу жыцьця Рыпінскі цалком захапіўся беларушчынай.

Баляда "Нячысьцік" А. Рыпінскага выйшла трыма выданьнямі (апошняе ў 1853 годзе). Яна пачынаецца так:

Часта, братоньку, вядзеш сëе-тое,
А ўсё то марна, а ўсё пустое.
Таму ўжо сто лет будзе-
Старыя помняць то людзі,
Скажаць вам і Апанас:
Жыў-быў Мікіта ў нас
На самым канцы сяла,
Там яго хатка была.
Дзяцей няма, хоць жанат,
А быў бедзен, не багат.
Багацтва ён усяго
Меў вяпра аднаго,
Ды не спажыў і таго:
У месаед яго ня біў,
На продаж, кажуць, карміў,
І так даждаўся паста...

Далей разьвіваецца гісторыя з нячысьцікам, які, з-за брыдкай, распуснай і няверуючай жонкі Мікіты, Марты, улез у іх хату й паеў каўбасы, сала й нарабіў іншае бяды... Сюжэт баляды ня хітры, склад вершу самы просты. Але аўтор гнаўся не за гэтым, а як ён кажа:

Можа гэта ня песьнь? Каша?
Ды ўсё-ж такі свая-наша!!!

Ян Чачот у беларускай літаратуры больш вядомы, як пясьняр-этнограф. На манер сваіх сучасьнікаў, Яна Баршчэўскага і А. Рыпінскага, ён пісаў папольску і перакладаў беларускія песьні на польскую мову. Але патроху захапіўся хараством беларускае мовы і пачаў перадаваць беларускія песьні пабеларуску.

Яго беларускія вершы носяць навучальны характар, як то належыць разумнаму шляхціцу ў адносінах да мужыка. Ніякіх соцыяльных мотываў Я. Чачот не зачапляе,-так, як і А. Рыпінскі. Прыкладам вось адна з яго песень:

Ой ты, суседзе багаты!
Сыноў, грошы многа меш
Сыноў дзяржыш за пячою,
Грошы у зямлю хаваеш.

Ды павëз-бы ты сыночка,
Як бычочка, як ваўчочка,
Дзе да места ся вучыці
Чаравікі, боты шыці.

Ой, аддаў-бы ты другога
Ды каваля, чы сьлясара;
Да завëз-бы ты трацëга
Да сталяра чы бандара.

Яны-б рамясло умелі,
Грошы-б твае не ржавелі;
Нашы дзеўкі, маладзічкі
Мелі-б ладны чаравічкі.

Найболей усе трое-Я. Чачот, А. Рыпінскі і Я. Баршчэўскі-працавалі на глебе этнографічнага дасьледваньня Беларусі, чаму ў творчасьці літаратурнай ня многа зрабілі.

Шмат пладавіцейшым за іх, можна сказаць першым сапраўдным беларускім песьняром быў В. Дунін-Марцінкевіч. Апошні зразу рашуча пераходзіць да пісаньня на беларускай мове, бо пераконваецца, па яго словах, што беларускі селянін, бачучы кніжку на роднай мове, ахвотней яе чытае і дзетак сваіх ахвотней прыцягае к асьвеце".[1] В. Дунін-Марцінкевіч пахаджае з шляхтаў-арандароў, асьвету дастае ў Пецярбурзе і пасьля становіцца чыноўнікам каталіцкай консысторыі ў Менску. Бяручы на ўвагу, што радня яго таксама была духоўнага роду, В. Дунін-Марцінкевіч увесь час адчуваў на сабе духоўна-хрысьціянскі ўплыў, які выяўна адбіўся на яго падыходзе да простага народу. Некаторая зацікаўленасьць ідэямі 40 гадоў, багатых рэволюцыйнымі падзеямі ў Заходняй Эўропе (француская рэволюцыя 48 г., нямецкая таго-ж году, польскае паўстаньне 31 году і г. д.), усë-ж патроху нахіляе Марцінкевіча к народніцтву, аднак шляхетнае мяшчанства ўпарта прытрымоўвае поэту ў рамках "гжэшнасьці“. І ён глядзіць на мужыка-беларуса, як і яго таварышы-з пачуцьцём спагады. Пад кутом гэтага пачуцьця і разьвіваецца яго творчасьць. Як відаць з апошніх, В. Дунін-Марцінкевіч ня бачыць ніякае клясавае супярэчнасьці ў адносінах між панамі і запрыгоненымі мужыкамі. Калі й ёсьць якія шурпатасьці ў сялянскім жыцьці, та па ягонаму віною гэтаму не паны. Нават трэба сказаць, што яму мала ўдаецца бачыць чорных плям у сялянскім жыцьці. Мужык часта п'е, весяліцца, грае вясельле, робіць дажынкі і вясёлы-чаго-ж хацець? Прыгон - то асоб стацьця... За мукі сяляніна можна пашкадаваць, паспагадаць яму. І толькі ў адным вершы Марцінкевіч цьмяна нешта добрае бачыць у тым, калі "мужык будзець не скацінай".

Вось гэты верш:

Вясна, голад, перапала.
Ані солі, ані круп;
У скаціны корму мала
І самому-ані у зуб.
На палацях дохнуць дзеці,
Жонка тры дні з дуру п'ець,
І даўно парожна у клеці,
І парожняя асець.
Каліта ляжыць пад лаўкай,
А пры ёй парожны гляк -
Ад каляд мы з кумам Саўкай
Пацяралі ў губе смак.
Але гора-ўжо з паўгора;
Цыц, нябога, трошкі цыц!
Вось нам вольнасьць дадуць скора
І, як птушкі, будзем жыць.
К чорту жонка, ласа баба!

Бяры, чорт, і каліту,
А папусці вожкі слаба
І дай волю хамуту.

Будзем роўныя з панамі,
Самі будзем мы паны −
І гарэлку піць збанамі
І гуляць так, як яны.

Перастануць нашым братам,
Як скацінай таргаваць, −
Напускацца ліхім матам,
Скуру з ног да карку драць.

Хоць халодна, хоць галодна,
Холад, голад ніпачом!
Эх, каб толькі нам свабодна!
На свабодзе аджывём.

Вось панам не дужа лоўка:
Самім трэба працаваць!
Пабаліць не раз галоўка,
Калі прыйдзецца араць.

Не адзін то папацее
І заскача драпака…
Бо сам толькі есць умее
Ды драць скуру з мужыка.

Як бы быў якой скацінай
Або горшы ад яго:
Білі пугай ды дубінай,
А цяпер, брат, ого-го!

Мужык будзе не скацінай −
Не раз скажа пан з паноў:
“Пане Грышка, пане Міна!
Як жа васпан, ці здароў?”

("Вясна, голад, перапала").

Мова твораў В. Дунін-Марцінкевіча ў большасьці добрая. Тэхніка вершаў-многа багатшая, ніж у яго папярэднікаў.

В. Дунін-Марцінкевіч, параўнаўча з другімі сваімі сучасьнікамі, напісаў шмат. У пэрыяд часу з 1846-1870 г.г., калі ён, галоўным чынам, займаўся літаратурнай працай, былі ім напісаны: "Сялянка" (1846 г.) - двухактовая комэдыя-опэра, апавяданьне ў вершах „Гапон" (1854 г.), „Вечарніцы" (1855 г.), "Шчароўскія дажынкі" (1857 г.), „Купала" (1855 г.), пераклад "Пана Тадэуша" А. Міцкевіча (1859 г.), аднаактовая комэдыя "Пінская шляхта" (1866 г.) і комэдыя ў з дзеях "Залёты" (1870 г.). Апроч пералічанага, ён напісаў яшчэ шмат дробных вершаў сродзь якіх прыведзены вышэй верш "Вясна, голад, перапала".

Творы В. Дунін-Марцінкевіча бойка пашыраліся ў шырокіх колах тагачаснага грамадзянства, з цікавасьцю чыталіся і да апошняга часу выклікаюць да сябе не малы інтарэс з боку беларускага чытача, а яго п'еса "Сялянка", на якую Манюшка напісаў музыку, ставілася ў тэатры. Сучасьнікамі В. Дунін-Марцінкевіча былі так празываныя беларуска-расійскія пісьменьнікі, як Павел Шпілеўскі, Апанас Кісель і інш. і пісьменьнікі беларусы-Вінцэсь Каратынскі і А. Дарэўскі-Вярыга. Амаль ня ўсе яны пачалі пісаць пабеларуску пад уплывам В. Дунін-Марцінкевіча. Аднак, значных твораў ні адзін з іх ня ўнёс у беларускую пісьменнасьць. Усе яны, можа за выключэньнем А. Вярыгі-Дарэўскага, як-бы дапаўняюць сабою В. Дунін-Марцінкевіча, які высака паднімаецца над імі. Асабліва слабы ўдзел прынялі ў беларускай літаратуры пісьменьнікі з беларуска-расійскай школы, напісаўшы і зьмясьціўшы свае больш этнографічнага характару творы ў розных paсійскіх часопісах. В. Каратынскі таксама напісаў толькі некалькі вершаў, з якіх адзін - "Туга на чужой старане" - мае ўжо выразныя патрыятычна-нацыянальныя ноткі. Больш працаздольным застаецца А. Вярыга-Дарэўскі, які па традыцыі пачынае з польскае мовы, а пасьля, прачытаўшы "Пана Тадэуша" ў беларускім перакладзе, заахвочваецца да беларускай і перш перакладае "Конрада Валенрода“, а потым і піша орыгінальныя творы. Але якраз з орыгінальных яго твораў на беларускай мове шмат загубілася і ня знойдзены дагэтуль з іх, па сьведчаньню Кіркора, „Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышоў“, „Паўрот Міхалка", "Быхаў" і іншыя. Захаваліся цэлымі вершы: "Ліцьвіном, запісаўшымся ў мой альбом, на пажагнаньне" і "Мужычая думка з ваколіц Віцебску на агалашэньне вольніцы" і інш. Судзячы па маючымся яго вершам, А. Вярыга-Дарэўскі зьяўляўся сьвядомым будзіцелем беларускай нацыянальнай думкі, на манер В. Дунін-Марцінкевіча.

Апроч пералічаных пісьменьнікаў, у часы В. Дунін-Марцінкевіча справе беларускай літаратуры аддавалі належную ўвагу многія культурныя дзеячы, як Адам Кіркор, Ксаверы Нядзьведзкі, Ян Насовіч, Г. Арцімоўскі і інш. Асабліва багаты скарб унесьлі сваімі працамі Адам Кіркор і Ян Насовіч. "Беларускі Слоўнік" апошняга да гэтага часу ня згубіў свае вартасьці і пакуль ня мае сабе равесьніка.

Пісаў пабеларуску вершы і вядомы польскі пісьменьнік-родам беларус-Уладыслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч). Цікавіўся беларускай пісьменнасьцю композытар Манюшка.

Таксама вялікае значэньне на замацаваньне і пашырэнне беларускага друкаванага слова, а таксама на ідэëвае сутрыманьне беларускай літаратуры мелі рэволюцыйныя лістоўкі на беларускай мове, якія пісалі паўстанцы на чале з К. Каліноўскім, і яго газэта „Мужыцкая Праўда". Апошняй дайшло да нас толькі 6 нумароў. З рэволюцыйных-жа проклямацыяў трэба адзначыць „Крыўда і Праўда", беларуская гутарка, напісаная формаю слабога вершу нейкім Ф. Пчыцкім, „Добрыя весьці" Сыракомлі і кніжачка пад загалоўкам: "Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пётры".

Наагул эпоха В. Дуніна-Марцінкевіча адзначаецца высокім уздымам беларускай грамадзкай думкі і зорыць значнымі сіламі беларускіх дзеячоў, якія сваёю працаю паставілі беларускую культуру наагул і беларускую літаратуру ў асобку на ступень сур'ёзнай нацыянальнай справы. Друкаванае беларускае слова шырака распаўсюджваецца сярод тагачаснага граматнага беларускага грамадзянства і заваёўвае для сябе належную ўвагу. Праўда, "шырокасьць распаўсюджаньня" трэба разумець тут умоўна з тае прычыны, што яна датыркаецца толькі некаторых колаў дробнай шляхты і гарадзкога мяшчанства. Сялянства ў тыя часы пакуль ня прыймала ўдзелу ня толькі ў творчасьці беларускае культуры, а і наагул адстаяла далёка ад усякай культуры.

Поэты-народнікі.

Пасьля В. Дунін-Марцінкевіча і яго сучасьнікаў, у разьвіцьці беларускае літаратуры йзноў адчуўся перабой. Польскае паўстаньне 1863 году, выклікаўшае цяжкія рэпрэсыі на выяўленьне жаднай грамадзкасьці ў Беларусі, былі прычынаю таму. Царскае правіцельства праз Мураўёва павяло рэзкую русіфікатарскую політыку і ўганяла ўсё мясцовае.

Так прабыло да 80 гадоў XІX стагодзьдзя. З гэтае пары, у зьвязку з уздымам вызваліцельнага руху па ўсёй тагачаснай Расіі, які вяла партыя "Народнай волі", атрымалася грамадзкае ажыўленьне. Яно аддалося ўва ўсіх галінах культурнага жыцьця. Ня мінула гэта й Беларусі. Патрошку сталі выяўляцца прадаўжацелі Марцінкевіча і яго сучасьнікаў і ў беларускай літаратуры. То сям, то там прабавалі сваё пяро пабеларуску пісьменьнікі родам беларусы, але пісаўшыя ці парасійску, ці папольску. Усе яны, агульнымі сіламі, часта няпрыкметна, але старанна і ўверана пахалі глебу, падгатаўляючы яе да прыходу адпаведнага здольнага аратага. Гэтым аратым і зьявіўся Францішак Багушэвіч, выступіўшы на літаратурную працу сваёю вядомаю прадмоваю да „Дудкі Беларускай" у 1891 г. "Братцы мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй!" пісаў ён, Багушэвіч, у сваёй прадмове: "Вам ахвяруючы працу сваю, мушу пагаварыць з вамі трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды й не адны мы, а ўсе людзі цёмныя, "мужыцкай" завуць, а завецца яна беларускай... А можа й сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні напісаць ні сказаць ня можна? Ой, не! Наша мова для нас сьвятая"...

Як і ранейшыя беларускія пісьменьнікі, Ф. Багушэвіч пахаджэньнем з дробнае беларускае шляхты. Радзіўся ў 1840 г. у Ашмяншчыне, дастаў сярэднюю асьвету у Вільні, а пасьля скончыў фізыка-матэматычны факультэт у Пецярбурзе. Быў народным настаўнікам і прыймаў удзел у польскім паўстаньні, будучы раненым у нагу. Знаходзячыся ў гэткіх абставінах, пад уплывам духу эпохі, Ф. Багушэвіч глыбака прасякся народніцкімі ідэямі і стаў сапраўдным народнікам.

Дзякуючы гэтаму, у яго вырабіўся выразны пагляд на просты працоўны народ, сярод якога ëн рос, які прасьвячаў і за які хадзіў на паўстаньне, і на яго соцыяльнае вызваленьне, - пагляд перадавых змагальнікаў свайго часу. Гэткі свой пагляд Ф. Багушэвіч перанёс і ў літаратуру,-у маладую і да яго яшчэ бедную беларускую літаратуру. Праца на яе глебе, як найлепш, адпавядала яму, носячы характар чыста народнай справы. і Ф. Багушэвіч шчыра аддаўся ёй. Ён першы ў беларускай літаратуры чапіў глыбокія народна-соцыяльныя і нацыянальныя мотывы. Грамадзянін ад натуры, ён пасьвяціў сваю леру выключна грамадзянскім мотывам, якія і праходзяць чырвонаю ніткаю ўсьцяж усіх яго твораў. Вызначэньне беларускага "я", нацыянальны элемэнт у справе вызваленьня беларускага селяніна, разьвіцьцё нацыянальнае культуры, праз якую можна атрымаць большы пасьпех у адраджэньні політычным і экономічным рубам пастаўлены Ф. Багушэвічам. Помеж з гэтым, ён выразна вытыркае агульна-соцыяльныя мотывы у сваіх творах. У Ф. Багушэвіча не астаецца ні званьня сэнтымэнталізму, ні каліва нотак спагады да беднага прыгнечанага працаўніка. Ф. Багушэвіч у моцных, гладка і добра апрацаваных вершах, напісаных чыстай беларускай мовай, выкладае гарачы протэст супроць соцыяльнага і нацыянальнага няравенства. Згушчаючы фарбы адмоўных бакоў сялянскага жыцьця, ён, як і расійскі поэта Н. Некрасаў, крэпка б'е па струнах чытача, выклікаючы ў яго абурэньне супроць пануючага стану.

Ф. Багушэвіч сваімі творамі далёка ўперад правёў разьвіцьцё беларускай літаратуры. Ён абагаціў яе і колькасьцю і, асабліва, якасьцю, заклаўшы ў ёй фундамант сталага народніцтва. Яго творы мелі вялікае пашырэньне, выдаваліся сьпярша заграніцай, большай часткаю двума зборнікамі пад назваю "Дудка Беларуская" за подпісам Мацея Бурачка і "Смык Беларускі" за подпісам Сымона Рэўкі з-пад Барысава.

Да апошняга часу „Дудка Беларуская" выйшла шостым выданьнем і мае далейшае запытаньне з боку беларускага чытача.

Гэроічны настрой вершаў Ф. Багушэвіча не астывае ў цікавасьці і ня ўступае па сіле многім сучасным беларускім творам. Асабліва цікавы па свайму соцыяльнаму характару яго вершы: "Бог няроўна дзеліць“, „Ня цурайся мяне, панічок", „Дурны мужык, як варона" і інш.

Вось адзін з іх:

Весь свет кажыць, б'ець у звона:
«Дурны мужык, як варона!»
Гэта тыкі справядліва:
Ён дурнейшы ад вароны,
I не дзіва — было б дзіва,
Каб мужык ды быў вучоны.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Да навукі ён не браўся,
Закасіўся, заараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся.
Ведама, мужык — хамула —
Ад навукі адвярнула!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Ці ж не дурань мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,
А даждаўшы на каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Усю зіму возам цягне
Да вакзалу ружнэ збожжа,
Ногі змерзнуць, сам засмягне,
А на хлеб кажух заложа,
Каб дажыць як да крапівы,
Абы ў поле выйшаў жывы.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Ад Пятра і да Якуба
Ён касой махаў ад рання:
Наклаў стагоў, людзям — люба,
У хаце ж сена — анізвання;
Равець з голаду скаціна,
Хоць кінь, бяжы за вачыма!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Глядзі, касцёл аж да неба,
Воласць бляхамі пакрыта!
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта,
А сам жывець ў мокрай яме,
Дзверы заткнуў анучамі!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
3 камаровы нос сякерку
Сцісне, крэкне, замахае —
Зробе пушчу, як талерку,
Свет дрывамі закідае!
А у хаце — зварыць страву,
Пашчапае стару лаву!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Глядзі! горы паразрыты,
А чугункай свет абвіты:

Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,
Усе едуць у палацы;
У мужыка ж няма білета!
Ці ж не дурань мужык гэта?
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
("Дурны мужык, як варона").

Другім выдатным пісьменьнікам гэтае эпохі зьяўляецца сучасьнік Ф. Багушэвіча, Ян Няслухоўскі, які пісаў пад прозьвішчам "Янка Лучына". Родам ён з Менску, па соцыяльнаму становішчу-інтэлігент, сын адваката. Як і Ф. Багушэвіч, дастаў вышэйшую асьвету. У адметку ад апошняга, Ян Няслухоўскі выказвае сабою ня гэткага моцнага па сіле нацыянальнага ўсьведамленьня поэту, якім быў Ф. Багушэвіч, аднак досі моцнай натураю. Пісаў Я. Няслухоўскі таксама і папольску і пабеларуску. На беларускай мове вядомы невялічкі зборнічак яго вершаў "Вязанка“, які быў выданы гуртком беларусаў-студэнтаў у Пецярбурзе ў 1903 годзе. Яго вершы шмат слабейшыя ад вершаў Ф. Багушэвіча па форме і сіле; па ідэі яны таксама ня так выразны, як вершы апошняга. Аднак, у большасьці вершаў Я. Няслухоўскага ярка адчуваецца соцыяльны мотыў. З гэтага боку характарнейшым вершам зьяўляецца аго верш "Што думае Янка, вязучы дровы ў горад".

От і свята, от каляды,
На марозе скрыпяць санкі…
Усе на свеце святку рады,
Усюды песні і гулянкі.
Скачуць хлопцы і дзяўчаты,
А гарэлкі п’юць чы мала?!
Адно слова − ўсюды свята…
Ну! кабыла, чаго стала?!
Чаго стала?! скажаш − цяжка,
Дый не надта ж ты і сыта,
А мне ж лёгка?.. глядзь, сярмяжка
Стара… рвана… ветрам шыта..
Стаў крапчэй мароз ка святу,
Ось і зорка забліскала.
Хоць скарэй бы мне у хату…
Ну! кабыла! чаго стала?!
Дроў у месце многа трэба,
I цана ж на іх сярдзіта,
Прадам дровы − куплю жыта.
От і лезу з цяжкім возам,
Як бяда у карк пагнала
Такім ліхам ды марозам!..
Ну, кабыла, чаго стала?!
Адагрэцца б у карчомцы
На дарогу стукнуць чарку…
Дык я вінен грошы Шлёмцы,
Каб не даў часам па карку!
Ой ты, доля!.. ў гэту пору,
Як мяне ды ты прабрала!..
Ну, кабыла! Ну, на гору!
Каб ты здохла, чаго стала?!

Творчасьць гэтых двух беларускіх пісьменьнікаў, Ф. Багушэвіча і Я. Няслухоўскага, паслужыла магутным факторам у пашырэньні беларускага друкаванага слова, беларускай ідэі і дала той матар'ял, на якім пачалі вырастаць багатыя культурныя сілы з беларускай розначыннай і дробнашляхецкай інтэлігенцыі. К канцу жыцьця пісьменьнікаў, на сходзе 1890 гадоў у ўнівэрсітэцкіх гарадох-Пецярбург, Масква - узьнікаюць беларускія гурткі студэнтаў, якія атрымоўваюць натхненьне для беларускай працы ад твораў Ф. Багушэвіча і Я. Няслухоўскага.

Сучасьнікі гэтых апошніх-Альгэрд Абуховіч, Восіп Арлоўскі і іншыя дапаўняюць сваімі творамі сваіх больш выдатных таварышоў і памагаюць надыходзіць чароднаму этапу разьвіцьця ў гісторыі беларускае літаратуры, так празванаму нашаніўскаму часу.

Поэты-рэволюцыянэры-інтэлігэнты (1905 г.).

Нашаніўскую пару папяраджае сабою рэволюцыйны ўздым 1905 г. Гэты год, помеж з соцыялістычным рухам, падняў да нябывалай вышы і Pyx нацыянальны. Усе прыгнечаныя тады нацыянальнасьці царскай Расіі былі захоплены хваляй нацыянальнага вызваленчага руху. Але асабліва значна адазваўся 1905 год на пашырэньні беларускага нацы янальнага руху. Нацыянальная сьвядомасьць, даступная да гэтага перадавой інтэлігэнцыі, перакідаецца ў шырокія сла народнай інтэліген цыі, перадавога сялянства й рамесьніцтва. Гэтым ствараецца крэпкая база для яго пасьпешнага разьвіцьця, для росту маладой беларускай культуры і росьцьвіту важнейшай яе галіны-літаратуры. Вырасшы новы чытач з працоўных гушчаў патрабаваў сабе натхненьня, кіраўніцтва для працы на ніве адраджэньня беларускага працоўніка. Ідэі, якія ён вынаходзіў у творах папярэдніх беларускіх пісьменьнікаў ранейшага пэрыяду, як В. Дунін-Марцінкевіч, А. Вярыга-Дарэўскі і інш., і пазьнейшага, народніцкага, як Ф. Багушэвіч, Я. Няслухоўскі і інш., сталі застарэлымі. Рэволюцыйны час патрабаваў больш рашучых слоў і лёзунгаў, шчырэйшага адданьня грамадзянска-політычнаму жыцьцю. Ужо протесты і пагрозы, якія выціскала муза народніка Ф. Багушэвіча, ня мелі ў сабе належнай сілы запалу ні да рэволюцыйнага чыньня, ні да нацыянальна-народнай справы.

І вось, на сцэну зьяўляюцца новыя песьняры і пісьменьнікі, з якіх амаль ня кожны адначасова ёсьць поэтаю і грамадзянінам-рэволюцыянэрам. Выступаюць першымі з іх са сваімі творамі Карусь Каганец і Цётка.

Карусь Каганец пачынае сваю нацыянальную працу на ніве беларускай яшчэ ў 1900 г. і потым блізка падыходзіць да супрацоўніцтва з беларускай рэволюцыйнай партыяй Беларуская Соцыялістычная Грамада. У гэтыя гады ён друкуе свае творы ў расійскіх календарох. Як рэволюцыянэр, далей Карусь Каганец пападае ў вастрог, дзе таксама не перастае пісаць, друкуючыся ў беларускіх часопісах.

Па колькасьці напісаньня ён не адлічаецца пладавітасьцю і дань часу плаціць найбольш сваёю грамадзянскай чыннасьцю. У творах сваіх Каганец выглядзіць поэтаю-ідэалістым. Любасьць да беларускае старасьветчыны зачароўвае яго, і Каганец яе ідэалізацыяй стараецца ўплысьці на душу чытача. Гэтага ён дасягае, бо яго творы, як сцэнічныя, гэтак і прозаічныя,- апавяданьні, казкі і вершы, аддаюць магутнасьцю сілы і прасочаны наскрозь выразнаю беларускасьцю. З яго твораў, якія пакуль ня выданы асобным выданьнем, але якія друкаваліся ў газэтах "Наша Ніва", «Вольная Беларусь" і "Беларусь", трэба адзначыць п'есы: «Модны шляхцюк", „У іншым шчасьці няшчасьце схована", „Двойчы прапілі", "Старажовы курган“, „Сын Даніла" і вершы "Кабзар", „Нёман" і інш.

Таварышка Каганца, поэтка Цётка, яшчэ глыбей уходзіць у рэволюцыйную працу, належачы офіцыяльна да Беларускае Соцыялістычнае Грамады і яшчэ з 1904 г. працуючы потайна сярод віленскіх рабочых. У гэты пэрыяд у Цёткі цесна пераплятаецца літаратурная праца з працаю заўзятага рэволюцыянэра. Праўдзівей кажучы, Цётка сваю літаратурную творчасьць прыймае, як адзін са сродкаў агітацыі. Вось чаму мы й бачым, што на ўсіх яе творах гэтага часу ляжыць чырвоная пячатка рэволюцыйнага натхненьня. Яе вершы пэрыяду 1904-1905 г. г. пісаны ў пазыве рэволюцыйнага абурэньня, кіпяць воклічамі да змаганьня, завуць на барацьбу. Цётцы ня было часу іх старанна абрабляць, вышліфоўваць; яна не глядзела за іх музычнасьцю і сталай дакладнасьцю; затое ў кожнае слова ўкладала агонь пачуцьця, кіпень абурэньня. Цётка кідала імі ў гушчы працаўнікоў заместа рэволюцыйных прамоваў. На яе вершах выхоўваліся рэволюцыянэры, набіраючы сілы для далейшага змаганьня, каб ісьці з "Храстом на свабоду".

На усходзе красна неба.
Нас ня дзівіць – так і трэба!
Кроў ракамі льецца ў мора,
Салдат гіне там ад гора
Без кашулі і бяз хлеба.
Нас ня дзівіць – так і трэба!
Гоняць сына, гоняць мужа,
Мы слухаем цара дужа.
З душы б’ецца скарга ў неба,
А мы маўчым – так і трэба!
Жандар стрэле, казак б’ецца,
У народа спіна гнецца
Ад налогаў з солі, хлеба,
А мы плацім – так і трэба!
Ў Пецярбурзе зьмерлі людзі:
Ім прашылі куляй грудзі,
Бо то зь песьняй і з алтарам
Пайшлі з папом перад царам.
А цар сыпнуў, як бы зь неба,
Тысяч куляў – так і трэба!
Дурняў хрысьціць на свабоду.
Цар навуку даў народу,
Паказаў ім, як бы зь неба,
Што больш цара не патрэба!
Тагды Гапон у грамаду
Бяжыць, крычыць: «Трэба ладу,
Трэба шроту, бомбаў, стрэльбаў,
Трэба біць нам гэтых шэльмаў.
Трэ злізаць усіх міністраў,
Бюракратаў, антыхрыстаў».
Чую яшчэ голас з неба,
Што цара павесіць трэба!
3 той пары Масква, Варшава,
Рыга, Вільня, Бак, Лібава,
Беларусь, Літва, Расея
Гоняць вон цара-зладзея!
Народ чуе голас зь неба,
Што больш цара не патрэба!
Бомба – трах. Сяргей у шматы,
Мірскі бяжыць аж дахаты,
Цар у страху, сенат млее,
Беданосцаў аж хварэе...
Кладуць сеткі, каскі, бляхі.
Найбольш страшаць – гэта ляхі:
Ціха колюць, цэльне стрэляць,
Так, як жыта, чарцей мелюць.
Народ чуе голас зь неба,
Што свабоды яму трэба!

Цётка напісала ня так многа - ëй не давала часу на гэта рэволюцыйна-грамадзянская чыннасьць, а пасьля - сухоты, але тое, што засталося ад яе ўкладам у беларускую літаратуру, мае вялікую каштоўнасьць. Яе творы, асабліва рэволюцыйнага пэрыяду, адзначылі далейшую гэнеолёгію беларускай літаратуры, яе сымболічнае паяднаньне з рэволюцыйным рухам...

Адначасна з Карусем Каганцом і Цёткаю, гэтымі поэтамі-рэволюцыянэрамі, працуе на беларускай літаратурнай глебе і трэці дзевяцісотнік, Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). Свае маладыя гады ён таксама правёў праз агонь політычнай барацьбы, прыняўшы ўдзел у студэнцкім бунце у Маскве. Ядвігін Ш. у 90 гадох быў адным організатараў беларускага студэнцкага гуртку, пачаўшы ў ім перакладаць з расійскае на беларускую мову. Ужо ў 1891 годзе ён перакладае „Сыгнал“ В. Гаршына і піша орыгінальныя апавяданьні юморыстычнага характару ("Суд", "Важная фіга" і інш.). К 1905 году творчасьць яго пашыраецца, і ён, разам са сваімі равесьнікамі-Каганцом і Цёткаю,-уступае ў поўным росьцьвіту літаратурнага дараваньня ў нацыянальнавызваленчы рух 1905 году. Разам у траіх яны ў пачатку 1906 году, калі засноўваецца першая беларуская газэта "Наша доля", пачынаюць у ëй бліжэйшае супрацоўніцтва. Їх творы, напісаныя раней і пазьней, адзін за другім друкуюцца ў газэце, выклікаючы да сябе зацікаўленьне з боку вырастаючага з народных гушчаў новага бадзёрага чытача-адраджэнца.

Добрая частка твораў кожнага з іх - К. Каганца, Цёткі і Ядвігіна Ш. - напісаны ў доўгі нашаніўскі пэрыяд (1906-1915 г. г.). К. Каганец і Ядвігін Ш. захапляюць нават яшчэ й рэволюцыю, дажыўшы як К. Каганец да першай паловы 1918 г., а Ядвігін Ш. да 1921 году. Аднак рэволюцыя не адбілася ў іх апошніх творах. Цётка памерла ў пачатку 1916 году. Яна пісала пад рознымі прозьвішчамі, як Гаўрыла з Полацку, Мацей Крапіўка, Тымчасовы. Некаторыя творы яе выйшлі асобнымі выданьнямі - "Хрэст на свабоду", "Скрыпка беларуская", "Першае чытаньне да беларускіх дзетак". Творы Цёткі апошняга перад сьмерцю часу, наадварот ранейшым, аддаюць цяжкаю нудою і сумам ("Асеньнія лісты", „Лішняя", "Зялёнка" і інш.).

Затое Ядвігін Ш. ровен і суцэльны на працягу ўсёй сваёй літаратурнай чыннасьці: у сэнсе зьмены настрояў-ён тугі, і ўсякія пераломы ў гэтым напрамку яго не зачапілі. Ён адзначаецца дваякім характарам у сваіх творах, як гумарысты-сатырык і як бытавік-рэалісты. Лірычных твораў у яго нямнога. Друкаваўся Ядвігін Ш. амаль не ўва ўсіх выданьнях беларускіх, якія выходзілі пры яго жыцьці; асобнымі выданьнямі выйшлі „Дзед Завала" (вершам), Бярозка“ і „Васількі" (апавяданьні).

Народныя поэты.

Побач з поэтамі і пісьменьнікамі рэволюцыянэрамі-інтэлігэнтамі, якія палажылі пачатак нашаніўскай пары, пачынаюць прабаваць свае сілы першыя беларускія народныя поэты.

Ускалыхнутыя рэволюцыйнай завірухай 1905 году, беларускія народныя гушчы азваліся на вокліч правадыроў рэволюцыйна-нацыянальнага руху вострай зацікаўленасьцю да патрэбаў культурнага адраджэньня. Гуртуючыся, маладыя беларускія сілы захацелі самі прыняць удзел у будаваньні свае народнае культуры. А паколькі апошняя концэнтравалася тады выключна ў літаратурнай працы, то сюды й пакіравалі іх пасланцы-трубадуры. Першымі з іх былі Янка Купала (Іван Луцэвіч) і Якуб Колас (Кастусь Міцкевіч).

Янка Купала радзіўся ў фальварку Вязынка Вялейскага павету. Бацька яго быў дробным арандаром зямлі і ў пярэмежку служкай у паноў. Свайго сына ён навучыў перш папольску ў хатняга настаўніка, а крыху пазьней, у нянькі, парасійску. Далей Янка Купала скончыў толькі пачатковую народную школу і рэшту папаўняў сваё разьвіцьцё чытаньнем кніжак. Да 21 году ён гаспадарыў дома, а потым, пасьля сьмерці, выехаў у Вільню на заработкі.

З маладых гадоў Янка Купала меў цягу да пісаньня вершаў; але сьпярша ён пісаў папольску, а пасьля перайшоў на беларускую мову. З часу выхаду "Нашае Нівы" ён пачынае ў ёй супрацоўнічаць і зразу зьвяртае ўвагу на свой талент. Яго вершы выдаюцца глыбокай ідзёвасьцю, дасканалай тэхнікай і чаруючай мэлёдыяй. Чым далей, тым сутрыманьне іх паглыбляецца, характар рознастайнае, працаздольнасьць павялічваецца. Адначасна расьце популярнасьць поэты. К 1910 г. талент Янкі Купалы разьвіваецца до апогею, і ён зацямняе сабою ўсіх сваіх папярэднікаў і становіцца вядомейшым беларускім нацыянальнанародным поэтаю. У сваіх вершах, глыбокіх і мастацкіх, ён вядзе рашучае змаганьне з соцыяльным і нацыянальным уціскам і побач разьвінае ідэю свабоднае і незалежнае асобы. Гэту ідэю ён разумее ня ў вузкім сэнсе, датычна сябе, а прыкладаа цага стану, да цэлай адзінкі беларускай працоўнай нацыянальнасьці. Бо яна заслугоўвае быць гаспадаром свайго жыцьця. Словамі мужыка Янка Купала ў пачатку свае творчасьці падае рашучы голас свае беларускае працоўнае масы.

Я мужык-беларус,—
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзве валасы.
Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў,
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.
Хоць пагарду цярплю,—
Мушу быць глух і нем;
Хоць свет хлебам кармлю,
Сам мякіначку ем.
З цяжкай працы маей
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма дзякуй нідзе.
Глянь, высокенькі бор,
Вокам нельга прабіць;
Загудзеў мой тапор,—
Як блін поле ляжыць.
Сошку з вышак сцягнуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Плечы трохі прыгнуў,—
Лес на пахань зрабіў!
Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў...
Пан пшанічкі тачок —
Люба глянуць — наклаў.
Дык вось, людцы, які
Я мужык-беларус!
Пад ілбом сінякі,
Цёмен сам, белы вус.
Эй, каб цёмен не быў,
Чытаць ксёнжкі умеў,—
Я бы долю здабыў,

Я б і песенькі пеў!
Я б патрапіў сказаць,
Што і я — чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век.
("3 песьняў беларускага мужыка“).

Паступова Янка Купала пераходзіць усё больш і больш да нацыянальных мотываў, часта ўваскрашаючы малюнкі мінулага, і робіцца зьвястуном нацыянальных беларускіх ідэяў і імкненьняў, якія вельмі вобразна вылажаны ў наступным вершы "У вырай!"

Гэй, вольныя птахі, саколія дзеці!
У вырай! Да сонца вясёлкавым шляхам!
Час сонца схапіці і сонца ірдзеці
І зьведываць сьветы арліным узмахам.

Гэй, вольныя птахі, патомкі крывічаў!
Да неба! па зоры і гром пяруновы…
Час крыльле расправіць—пагудка ўжо кліча,
Ўжо віхры цярэбяць да шчасьця шлях новы!

Гэй, вольныя птахі, ўладарнікі песьні!
На шляхі пад сьцягі красы і свабоды!..
Час вылецець к славе з пагібельнай плесьні
І песьняй агністай дзівіці народы.

Аддаючы галоўную ўвагу грамадзянскім мотывам, Янка Купала не прамінуў і апісальна-лірычных. Твораў гэткага характару выйшла шмат з-пад яго пяра, пры гэтым вельмі пекных і здольных. Пісаў ён шмат баек, напісаў некалькі п'ес, поэм і зрабіў многа перакладаў з расійскіх (Некрасаў, Крылоў), польскіх (Канапніцкая, Жулаўскі і інш.) поэтаў. Творы Янкі Купалы друкаваліся чуць не ўва ўсіх беларускіх часопісах і выйшлі асобнымі зборнікамі: "Жалейка" (1908 г.), „Гусьляр“ (1910 г.), „Адвечная песьня" (1910 г.)-драматычныя абразкі ў ХІІ зьявах, „Шляхам жыцьця“ І выд. (1913 г.), "Спадчына" (1922 г.), "Шляхам жыцьця“ ІІ выд. (1923 г.), „Сон на кургане"-драматычная поэма ў 4 абразох і "Раскіданае гняздо"-драма ў пяці актах.

У беларускай літаратуры Янка Купала займае адно з першых месцаў, падняўшы яе значэньне да высокага ўзроўню. Яго творы пераводзіліся на расійскую, нямецкую, польскую і ўкраінскую мовы.

Сучасьнік і равесьнік Янкі Купалы, Якуб Колас, па сваёй здольнасьці мала адстае ад яго. Як і Янка Купала, Якуб Колас пахаджэньнем з сялян Меншчыны. Чытаць вучыўся дома, пасьля ў пачатковай школе і нарэшце ў настаўніцкай семінарыі ў Несьвіжы. Ужо сэмінарыстым Якуб Колас піша жартоўныя беларускія вершы і пашырае іх сярод таварышоў. Уздым рэволюцыйнага руху у 1905 годзе захапляе яго цалком і кідае ў свой вір. Якуб Колас прылучаецца да беларускага настаўніцкага хаўрусу, завошта й пападае ў вастрог. Яго засуджваюць на тры гады крэпасьці, якія ён і адбывае ў менскім вастрозе.

Займаючыся рэволюцыйнай чыннасьцю, Якуб Колас адначасна займаўся й пісаньнем. Спачатку ў яго творах адчуваецца бадзёры, завучы настрой, настрой рэволюцыянэра. Але арышт і вастрог пераламляюць душу поэты і ён, пішучы ў вастрозе, прасякаецца сумнымі думкамі. Яскрава выказаны рэалізм яго твораў яшчэ больш згушчае чорныя хварбы жуды, якая праходзіць праз усе творы, напісаныя ім у вастрозе і запоўніўшыя амаль Ня ўвесь зборнік-„Песьні жальбы" (выд. 1916 г.).

Якуб Колас ня менш Янкі Купалы пладавіты поэта. Ён напісаў шмат вершаў і апавяданьняў. Пад апавяданьнямі Якуб Колас падпісваецца псэўдоніамм Тараса Гушчы. Галоўная частка яго твораў выйшла з-пад пяра да рэволюцыі; з іх надрукованы рознымі выдавецтвамі: ,,Песьні жальбы" (вершы)-у 1910 г., "Апавяданьні" (1912 г.), "Тоўстае палена“ (1913 г.), "Нёманаў дар" (1913 г.), „Родныя зьявы" (1914 г.). Пасьля рэволюцыі выйшлі з друку: вершаваная поэма "Сымон-Музыка" (1918 г.), зборнік вершаў "Водгульле" (1922 г.) і вершаваная поэма "Новая зямля" (1923 г.).

У адлічча ад Янкі Купалы, які мае рознастайнасьць характару твораў, захапляецца ідэалізмам і сымболічнасьцю у настроі, Якуб Колас спачатку да канца поўны, выразны, моцны рэалісты і больш скупы ў адносінах будоўчых формаў у вершаскладаньні. Але яго творы падкупляюць сваёю мілагучнасьцю, прастатою і шчырасьцю. Кожны абразок жыве, гаворыць, выяўляецца натуральна праўдзіва і таму міла. Асабліва прыгожы ў Коласа апісаньні прыроды.

        Адбыў свой час панура люты.
        Дзянёк патрошку прыбывае,
        Прыветней сонейка бліскае,
        І рве рачулка свае путы.
        Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу:
        Прайшоў твой час, дзякаваць Богу!
        Пабач, старая: там, у полі,
        Чарнеюць леташнія ролі!
        А ўзгоркі вунь паразумнелі,
        Бо вельмі значна палыселі.
        А лес, глядзі, які вясёлы!
        І дуб смяецца, хоць і голы.
        Паслухай добра: чуеш песні?
        Цяпер яны ўжо не заўчэсні,
        Ужо бо сонейка праменні
        Гатуюць шлюбныя адзенні
        І ткуць карону дарагую
        Вянчаць зямельку-маладую...
        Пара, зіма, табе складацца
        І ўпроч з кудзеляй выбірацца!
        
        І вось у дзень адзін прыўдалы
        Загаманілі перавалы.
        І гоман, спеў і шум усюды,
        Як бы ў цымбалікі і ў дуды
        Зайгралі тысячы музыкаў,
        Бы іх на баль тут хто заклікаў.
        Ідзе вясна з цудоўнай лірай;
        На звон яе зляцеўся вырай,
        І жыцце ўсюды вынікае,
        І пташка песню зачынае.

(„Новая зямля.")

Якуб Колас замілаваны ў сваю краіну, адданы ëй цалком, душою і целам, жыве яе нязгодамі і радасьцямі.

Я ня знаю, чым мне дораг
Від палёў благенькіх,
Нудны воклік ў родных горах,
Вербаў рад крывенькіх;
Лесу гоман, гул нястройны,
Шум лазы ў балоцене
І нудлівы, неспакойны
Шэлест у чароце.

Маё сэрца, маё вока
Цягне хвоя тая,
Што ў лузе адзінока
Сохне-умірае;
Жаралісты дуб высокі,
Колісь поўны сілы,
І той крыжык адзінокі,
Вартаўнік магілы;
Дзе так сумна ветры веюць,
Точаць дол пяшчаны,
Дзе чыесь-та косьці тлеюць,
Чыйся прах схаваны…
Я ня знаю, я ня знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Абразоў пакуты!
(„Я ня знаю").

Усе творы Якуба Коласа прасякнуты нацыянальна-народнымі мотывамі, якімі ён азываецца на кожнае зьявішча ў жыцьці яго народу і яго краю.

Сваімі творамі, якія нумар ад нумару ўбіралі „Нашу Ніву", Янка Купала з Якубам Коласам нясупынна будзілі к жыцьцю і творчасьці новыя маладыя сілы. Багацьце мовы іх твораў, зразумеласьць яе для беларускага працаўніка і селяніна, захапленьне ідэямі, якія укладаліся гэтымі пісьменьнікамі ў свае вершы і апавяданьні і, у дадатак, роднасьць і блізасьць к працоўным гушчам гэтых ідэяў, цікавілі ўсё больш і больш шырокія колы народнай інтэлігенцыі і перадавой беларускай моладзі сяла і мястэчка. Можна не абмылкова сказаць, што Янка Купала і Якуб Колас былі настаўнікамі цэлага шэрагу вынікшых з гушчаў беларускага працоўнага народу новых пісьменьнікаў. На іх голас-вокліч хутка адзін за другім пачалі зьяўляцца яны, сьвежыя, маладыя, бадзёрыя. Іх пасылалі на працу на глебе беларускай культуры, галоўным чынам, сялянскія і рамесьніцкія слаі беларускай нацыі; у меншай меры прымыкалі выхадцы з дробна-чыноўнічай сям'і.

Ужо к канцу 1908 году, праз два гады з часу заснаваньня газэты , Наша Ніва", праз два гады працы у ëй поэтаў-рэволюцыянэраў, а з імі Я. Купалы і Коласа, на яе слупках зьяўляюцца песьняры-рамесьнікі-Цішка Гартны (гарбар), Алесь Гарун (сталяр) і Фабіян Шантыр (муляр), а паміж імі-настаўніца Констанцыя Буйла, лясьнік Стары Улас, служачы Ў. Галубок і інш.

Гэты шэраг пісьменьнікаў уносіць сабою ў беларускую літаратуpy рознастайнасьць тэм і рознатоннасьць настрояў. Праўда, усіх іx лучыць адна асяродкавая ідэя-ідэя вызваленьня беларускага працоўнага народу ад экономічнага і нацыянальнага уціску. У кожнага з іх, ня гледзячы на рознае соцыяльнае пахаджэньне, першыя ноты пасьвячаюцца сваёй забітай, цёмнай, прыгнечанай старонцы, на якіх адчуваецца моцны адбітак купалаўскага й коласаўскага ўплыву. Але хутка кожны з гэтых песьняроў выпрацоўвае сваю асобную выразную індывідуальнасьць, знаходзіць сябе.

Алесь Гарун (Алесь Прушынскі), актывісты-рэволюцыянэр, сябар Беларускай Соцыялістычнай Грамады з максымаліцкім ухілам, яшчэ з 1903 году зацягваецца „Гапонам" В. Марцінкевіча. Гэты твор на роднай мове кратае яго душу і выклікае пяшчотныя пазывы да творчасьці. Пасьля патайных сходаў і сакрэтных нарадаў, на якіх абгаварваюцца страшныя пляны аб экспропрыяцыях і нападах на агэнтаў царскага ўраду, Алесь Гарун варочаецца дамоў і піша спакойныя пявучыя, замілаваныя ў сваю краіну вершы. У яго поўная паралель з Цёткаю: у аднэй руцэ меч, а ў другой пяро. Думкі павінны працаваць у двух напрамках, душа павінна злучаць розныя акорды, з якіх рэволюцыйныя ўсё яшчэ перамагаюць. Але такі падвойчы шлях нядоўга цягнецца: у 1907 годзе Алеся Гаруна арыштоўваюць пры друкаваньні проклямацыі. За арыштам ідзе вастрог-менскі, а пасьля віленскі, і нарэшце высылка ў Сыбір, дзе ён астаецца да 22 верасьня 1917 году. У глухім Сыбіры абезаружаны Алесь Гарун аддае свае сілы літаратурнай працы. Ён піша старанна, з запоем, перасылаючы свае творы ў „Нашу Ніву“. Сум па бацькаўшчыне-Беларусі, прагнае жаданьне хутчэй паляцець на яе прасторы і зьліцца шчыльна з яе працоўным народам, каб разам змагацца за яго вызваленьне-вось галоўныя мотывы песень Алеся Гаруна ў гэты час.

Эх, сягоньня, ў гэту ночку
Я ўцяку адгэтуль проч!
Шэрым воўкам па лясочку,
Хай дагоніць, хто ахвоч!
         Хай тагды сярод дарогі
         Станець хто – ня будзе рад:
         Чорны вуж абкруцідь ногі,
         Буду вужам, буду гад!
Хай тагды шукаюць ў лесе
Цёмных, вузкіх, воўчых троп!
Як арол у паднябесьсе,
Я ўзьлячу над земскі строп.
         Ў небе роўным, чыстым шляхам
         Яснай зоркай палячу
         І скачуся па-над дахам
         Роднай вёскі і ўскрычу:
– Гэй, хто ёсьць тут! Люд галодны,
Люд пакутны! Да мяне!
Станьма, брацьця, ў шых паходны –
Наша гора праміне.
         Досыць нам зь нядолі віці
         Ценкі жыцьця свайго пас,
         Слухай, люд: прынёс я віці,
         Хто за мною, брацьця? Час!
Ўстануць, рушаць: «Проч з дарогі!
Хто нам хоча заступіць?
Мы пайшлі, мы, люд убогі,
Ўсё узяць ці ўсё згубіць...»
         Думкі, думкі-звадыяшкі,
         Ах, ня мучайце мяне!
         Вам ўсё гульні, а мне цяжка,
         Мне няволя не міне...
("Эх, сягоньня").

Там дома, у роднай Беларусі, ён будзе асалоджвацца сваёю роднаю моваю, будзе чуць вакол сябе яе гукі-гукі мовы, як

Звон магучы,
Звон бліскучы,
3 сребра літы,
3 злота зьбіты.
(„Песьня-звон“).

На гэтай мове, зразумелай міліёнам працоўных братоў-беларусаў будзе пасылаць "пракляцьце юдам, каб на іх магіле будаваць"

Мур вялікі вольнай волі,
Мур высокі да нябёс,

Мур братэрства, роўнай долі,
Мур для радасьці бяз сьлёз.
(„Муляру").

Зрэдку між гэтых думак ценькая душа поэты захапляецца прыгожасьцю натуры і апявае яе на струнах свае леры. Для сваіх вершаў Алесь Гарун вынаходзіць багатыя формы, убірае іх сакавітай чыстай моваю.

За часы ссылкі ён напісаў шмат вершаў, якія былі выданы ў 1918 годзе пад назваю "Матчын Дар". Апроч вершаў, Алесь Гарун пісаў апавяданьні і дзізячыя п'есы („Хлопчык у лесе", „Датрымаў характару“, „Шчасьлівы чырвонец", "Маладое", „Пан Шабуневіч" і інш.). Напісаньне часткі гэтых пьес, апавяданьняў ды вершаў, выпадае на пэрыяд пасьля ўзвароту Гаруна з ссылкі. У гэтых яго творах, асабліва ў вершах гэтага пэрыяду, адчуваецца ўжо цяжкі сум-адбіцьцё прыбітага, хворага настрою поэты. Сухоты, якія дастаў Гарун у вастрогах ў ссылцы, справодзяць гэты яго настрой і не даюць праглядаць ружовым думкам. Праўда, ён аддаецца політычнай працы, пры якой і нельга думаць аб здароўі, але гэтая праца яшчэ горш разбурае яго сілы, і Алесь Гарун памірае ў самым 1921 г. Будучы рабочым, Алесь Гарун толькі ў росьцьвіту свайго таленту ў некалькіх вершах аддаў увагу рабочым мотывам, хоць вершы гэтага характару вельмі моцнымі выходзілі з-пад яго пяра (Муляру).

Затое амаль не цалком пасьвяціў сваю творчасьць гэтаму напрамку поэзіі ў беларускай літаратуры равесьнік Алеся Гаруна і яго суначынальнік Цішка Гартны. і па пахаджэньню, і па рабоце, і па аносінах да рэволюцыйнага руху Цішка Гартны-таварыш Алеся Гаруна. Цішка Гартны-сын селяніна-чорнарабочага з Меншчыны. Ён дастаў асьвету ў двухклясовай школе, далей якое не пайшоў „праз політычную нядобранадзейнасьць". Прагу да знаньня яму прыйшлося папаўняць чытаньнем, на якое ён і аддаваў многа часу. З 1904 г. Цішка Гартны прылучаецца да соцыял-дэмократаў і становіцца актыўным рэволюцыянэрам. У 1906 годзе ён, ужо сталым хлопцам, ідзе вучыцца за гарбара і становіцца сябрам рабочай сям'і, рамесьнікам. Працуючы за сталом у смуродных майстэрнях, Цішка Гартны спачатку піша вершы парасійску, чытаючы іх таварышом і адсылаючы ў расійскія часопісы. У 1908 годзе ён натрапляе на „Нашу Ніву", чытае вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі і захапляецца іх прыгожасьцю і роднасьцю, ды пачынае пісаць сам пабеларуску.

Спачатку у творах Цішкі Гартнага адзначаюцца агульныя мотывы, замілаваньне да краіны Беларусі і беларускага працоўнага народу. Але паступова характар мяняецца: Цішка Гартны прыслухоўваецца да зыкаў майстэрні, прыглядаецца да рабочага жыцьця і захапляецца ім. Настроі рабочага пры рабоце, цяжкія ўмовы яго працы, яго жаданьні і імкненьні завало дваюць музаю Гартнага.

Я-рабочы, гарбар,
Рыцар працы цяжкой,
Я з жалезнай душой,
З сэрцам палкім, як жар.

Ў вачох іскры маіх,
А жалеза у руках,
Скура гнецца ад іх
Ў адзін міг, у адзін мах.

Ці задушша, ці чад -
Ўсё на сэрцы маім,
Але устрашыці нат
Не здалее нічым.

Кроўю цёплай сваей
Абліваю тавар,
А слязою з вачэй,
Што сплывае праз твар,
Харашу я яго,
Дзеля густу людзям...
Не, жыцця я свайго
Для другіх не аддам.
Я здружыўся з трудом,
Я ў ём рос, я ў ём крэп
Люблю мець за сталом
Запрацованы хлеб.
Не хачу, не прывык
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар — працаўнік,
Я жыву — каб рабіць.
Маю сілу і гарт —
Імі грудзі гараць...
Ды што ў гэтым я варт,
Што магу працаваць,
Не гатовае браць?
(„Песьня гарбара")

У 1910-12 гадох выходзіць з-пад яго пяра цыкль вершаў „Песьні гарбара", "Песьня грабара“, „Песьня жняі" і інш. Імі ўносіцца ў беларускую поэзію элемэнт пролетарскасьці, рабочага эпосу. Цішка Гартны становіцца пачынальнікам будучай пролетарскай беларускай поэзіі. Праўда, побач з пролетарскімі мотывамі, ён дакранаецца і мотываў чыста-лірычных; песьні каханьня і апісальныя вершы займаюць добрую долю яго твораў. Крыху пазьней Цішка Гартны бярэцца за прозу і піша шмат апавяданьняў і першы беларускі раман "Сокі цаліны". Свае творы ён друкаваў у многіх беларускіх часопісах і асобнымі выданьнямі ў Пецярбурзе („Песьні“, 1913 г.) і ў Бэрліне („Песьні працы і змаганьня" і раман "Сокі Цаліны", І ч.-1922 г.).

Літаратурная праца Цішкі Гартнага ўвесь час пераплятаецца з яго грамадзянска-політычнай і рэволюцыйнай чыннасьцю. Гэта апошняя шмат аднімала яго сіл і часта адбівалася на літаратурнай працы. Але ўжо гэткі лёс выпаў у жыцьці большасьці беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў нашаніўцаў: на іх плечы гісторыя ўзлажыла цяжкую ношу - працу па адраджэньню свае прыгнечанае, цёмнае краіны. Выпаўняючы гэта заданьне, трэба было ім раскідаць свае сілы па розных бакох, ужываць іх у розных галінах нацыянальна-грамадзянскага жыцьця, трэба было рабіць гісторыю. Праўда, беларускія песьняры-змаганьнікі цьвёрда і ўверана, самазабыўна аддаваліся гэтай вялікай справе і несьлі яе рашуча ўперад, бо кожны з іх жыў для гэтага.

Я жыву таму, што маю
Веру моцную у тое,
Што загіне доля злая,
Чорнай сілаю якая
Землю вокал аблягае,
Бы жалезнаю рукою.
 
Я жыву таму, што сэрца
Спадзеў ясных не губляе,
Як улетку лісцяў дрэўцы,
І ў надзеях, бы праз дзверцы,
Наглядае спацар смерці,
Што нядолю скрозь знішчае.

Я жыву таму, што чую
Душой чулаю ад роду
Тую пору, хвілю тую,
Баганосную, сьвятую,
Што нясе у сьвет дарагую
Сьветазарную свабоду.

Я жыву таму, што бачу
Панаваньне лепшай долі,
Дзе ня будзе хутка плачу,
Й за якую я даў дачу,
Што ад роду прыназначыў
На крывавым збройным полі
Ў барацьбе за шчасьце й волю.
("Я жыву“).

„Я жыву таму, што веру", пісаў Цішка Гартны, выказваючы гэтым вершам ня толькі сваё пачуцьцё і думкі, а думкі і пачуцьцё многіх беларускіх пісьменьнікаў і поэтаў.

Адным з іх быў і Фабіян Шантыр. Таксама рабочы, таксама рэволюцыянэр, Фабіян Шантыр ужо 18 гадоў за распаўсюджаньне проклямацыяў слуцкай орган. Р.С.-Д.Р.П. на вёсках Случчыны пападае ў вастрог. Здольны ад нараджэньня, ён, аднак, мае мажлівасьць кончыць толькі гарацкое вучылішча і далей ідзе з бацькам мураваць дамы. І, кладучы цэгліны, ён песьціць ідэі сваіх твораў, якія піша зразу на трох мовах - польскай, расійскай і беларускай. Хутка першыя дзьве закідае і ўжывае толькі беларускую. Надзвычайна палкі тэмпэрамэнтам, ён творыць гарачыя па настроі, замілаваныя да свайго краю мініятуры, вершы, апавяданьні. Цяжкае жыцьцё селяніна, горкая доля ўсяго беларускага працоўнага народу абурае Шантыра, і з-пад яго пяра выходзяць то вогненна-палкія, то жахліва-сумныя сказы. Усе яны прасякнуты глыбокімі соцыяльнымі мотывамі, якія пазьней уступаюць месца мотывам буйна-рэволюцыйным ("Гольгофа", "У час барацьбы"), мотывам заўзятага рэволюцыянэра-будзіцеля. У часы рэволюцыі яны выліваюцца ў гэткія радкі:

Складайцеся зыкі доўгахаваныя ў сэрцах народаў у адзін
вялікі васкрэсны харал!
Ціха, смутак!
Змоўкні, жаль!
Радасьць сягоньня вялікая!
Радасьць глыбі быту ў прасторы сонца-яснай волі.
Радасьць адзінокіх, забітых душ, што блудзілі ў цемры
бездарожжа...

У цемні чорнай несьвядомасьці.
Будзь нам новы шлях быту!
Шлях барацьбы!
Вядучы да заснутай лятуценьнямі казцы-праўдзе.
К крыніцы жыватворнае вады...
Зыдзіце, ланцугі!
Сплывеце мглівыя сырыя туманы, што труцілі народ ядам
пакоры!..

Кліч бунту жыві ў нашых сэрцах!
Сьвяты кліч гардасьці чалавечай,
Што імчыць чалавечае "я" увысь у палёце арла!..
Кліч барацьбы будзь нам:
Хлебам штодзенным!
Сілай непакананай надзеі!
Час вялікай барацьбы, бласлаўляем цябе!
Бласлаўляем!

У гэтым натхненным літаньні сабраны Шантырам болі яго ачулай душы, болі за прыгнечаны, скуты няволяй беларускі працоўны народ у прыгоне самадзяржаўя і пераплаўлены ў вогненныя літаньні свабодзе. У часы змаганьня з самадзяржаўем Ф. Шантыр, гострым падкрэсьліваньнем жахлівасьці ўмоваў працоўнічага беларускага жыцьця, будзіў да змаганьня з ім, а ў час перамогі спраўляў урачыстасьць вызваленаму народу. Ф. Шантыр зрабіў па колькасьці сваіх твораў нязначны ўнёсак у скарбніцу беларускай літаратуры; затое па якасьці яго невялікая спадчына вельмі каштоўна й дорага... Ён першы закрануў у сваіх творах глыбіні псыхолёгічных перажыткаў беларускай асобы і беларускае грамады. Ён болей другіх абагрэў рэволюцыйным агнём беларускую літаратуру. Ф. Шантыр друкаваўся ў "Нашай Ніве“, у "Дзяньніцы" і іншых беларускіх часопісах. Шмат яго твораў пакуль не надрукована, шмат загінула ў рукапісах.

Зусім асобна ад сваіх сучасьнікаў па пачатку працы на глебе беларускай літаратуры - Цішкі Гартнага, Алеся Гаруна і Фабіяна Шантыра--стаіць Канстанцыя Буйла. Калі гэтых траіх рамесьнікаў-пролетараў па пахаджэньню лучыць грамадзянска-рэволюцыйная чыннасьць і прасякнутасьць іх твараў грамадзянскімі мотывамі, то Канстанцыя Буйла родна ім толькі адным пахаджэньнем. Яна таксама пролетарка, дачка дворнага служкі з Ашмянскага павету на Віленшчыне. Адукацыю атрымала хатнюю, але шмат чытала і гэтым папаўняла свае веды. Азнаёміўшыся з беларускім нацыянальным рухам праз гутарку са сваім знаёмым, яна захопліваецца беларускай ідэей і хутка становіцца віднай супрацоўніцай "Нашае Нівы“.

Характарнасьць твораў Канстанцыі Буйлы--гэта лірычныя напевы з уласных перажыткаў, мараў і жаданьняў. У гэтым напрамку праходзіць уся яе літаратурная творчасьць. І трэба адмеціць, што яна дала шмат пекных, моцных і прыгожых вершаў, праўда, вельмі падобных адзін да аднаго па сваёй архітэктуры і прастаце тэхнікі. Аднак гэта зусім не прымячаецца з-за таго жарала пачуцьця, якое К. Буйла ўлівае ў іх.

Адна, ізноў адна, як колас той у полі,
Нясьцяты ў час жніва навостраным сярпом,
Зламаны ветрамі, гулячымі на волі
Між апусьцелых ніў, спалосканых дажджом.

Адна, ізноў адна... Тужліва сэрца ные.
Наўкола пуста, глуш... Ноч цёмная стаіць.
А за вакном віхор так жаласьліва вые,
Як-бы сканаць ня мог, ня хочучы больш жыць,

І сумна, сумна мне. Дзе-ж той, каго любіла?
Дзе-ж тыя, што мяне любілі так даўней
Адны забыліся, другіх ўзяла магіла...
І жаль мне прошлых мар, шчасьлівых шкода дней.

Адна, ізноў адна... А вецер думцы ўторыць
І стогнамі мяне ўцяшае ён сваімі:
"Я- брат табе, я--друг“, мне, стогнучы, гаворыць:
"Адзін нас ломіць боль--дык плачма-ж разам мы!“

("Адна").

Аддаўшыся выключна лірыцы, Канстанцыя Буйла ўсё-ж не магла, падобна ўсім беларускім песьняром і пісьменьнікам, спакойліва абыйсьці між факту адраджэньня беларускага працоўнага народу. Яна пасьвяціла некалькі дужа моцных вершаў таму пачуцьцю, якое бурліла ў яе душы к сваёй краіне-Беларусі. Вось адзін з іx:

Люблю наш край — старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Люблю народ наш беларускі,
Хаціны ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў,
І рэчку, што імкліва воды
Імчыць ў нязведаную даль,
І схілы берагоў пясчаных,
І яснасць чыстых яе хваль.
Люблю вясну, што ў кветкі, зелень
Аздобіць радасна зямлю,
Буслоў на гнёздах клекатанне
І спеў жаўроначка люблю.
Гарачую спякоту лета
І буру летнюю з дажджом,
Як гром грыміць, а ў чорных хмарах
Маланка зіхаціць агнём.
І восень сумную люблю я,
І першы звон сярпоў і кос,
Як выйдуць жнеі збожжа жаці,
А катары — на сенакос.
Люблю зіму з яе марозам,
Што вокны прыбярэ ва ўзор,
І белы снег, што, ўкрыўшы поле.
Ірдзіцца бляскам ясных зор.
Люблю ў пагодную я ночку
Дапозна на дварэ сядзець,
Сачыць за сініх зор мігценнем,
На месяц залаты глядзець.
І песню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
Пераліваюцца, плывуць.
Усё ў тым краі сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з першым шчасцем я спазналась
І з гора першаю слязой.

("Люблю“).

Апроч вершаваных твораў, Канстанцыя Буйла напісала некалькі поэтычна-апрацованых старых беларускіх народных легендаў, фантастычных сцэнічных абразоў („Кветка папараці") і драматычную п'есу („Сëнешнія і даўнейшыя"). Свае творы яна друкавала ў беларускіх часопісах, а ў 1912 годзе выданы асобным выданьнем збор вершаў, назваю "Курганная кветка". Многа твораў поэтка мае у рукапісах і прадаўжае пісаць далей.

Крыху ніжэй папярэдніх чатырох поэтаў стаяць Стары Ўлас (Пяцельскі) і Ў. Галубок. Стары Ўлас пачаў супрацоўнічаць у „Нашай Ніве“ некалькі раней 1908 году. Але, будучы самавукам, ён далёка не пайшоў у паглыбленьні свае творчасьці, і яго вершы больш цэнны з боку свае прастаты і беспасярэднай шчырасьці. У іх нічога Няма інтэлігэнцкага.

Таксама вялікай шчырасьцю пачуцьця аддаюць творы Ў. Галубка. Ён уступіў у беларускую літаратуру са сваімі мініятуркамі-абразкамі псыхолёгічнага зьместу. Жыцьцё і настрой селяніна і дробнага абяздоленага мешчаніна, сярмяжнага бяспрытульніка адбіваецца ў іх, як у люстры. Шырокая спагадлівая душа народалюбцы У. Галубка не шкадуе адзначыць усе падрабязкі глыбокіх перажываньняў малых няпрыметных асобаў. Выяўленьнем перад чытачом гэтых перажываньняў пісьменьнік дасягае свае мэты-зьвярнуць увагу на сродкі іх збагачэньня. Гэтыя сродкі У. Галубок бачыць у адным - у пабудаваньні новага лепшага жыцьця.

Кіпіць работа, плыве пот,
І крык і гул, як гром.
Туды, сюды снуе народ -
Будуюць новы дом.

Лапаты рэжуць глыб зямлі,
Звініць сталёвы лом;
На месцы даўняй старыны
Будуюць новы дом.

Штодзень угору сцены йдуць,
Ушыр і ўдоўж кругом;
Баліць мазоль, і рвецца грудзь,
А ўсё ж будуюць дом.

Настане дзень, надыйдзе час,
Мы крэпку столь зьвядзём,
І лепшай прышласьцю для нас
Быць мусіць новы дом!

Працуйце-ж, брацьці! Хай хутчэй
Наш льецца пот цурком:
Прыжджом і мы святлейшых дней,
Як скончым строіць дом!..
(„Будова“).

Адначасна з мініятуркамі і нямногімі вершамі, Ў. Галубок піша п'есы. Гэты характар творчасьці скора захапляе сабою пісьменьніка, і ён становіцца выключна драматычным пісьменьнікам, напісаўшы да апошняга часу некалькі дзесяткаў п'ес-драм, комэдыяў, жартаў. Гэта тым больш цэнна, што адначасова, стаўшы драматургам, Ў. Галубок робіцца й акторам. Усе свае думкі, уложаныя ў творы, ён беспасярэдна кідае ў працоўныя гушчы Беларусі, ставячы свае п'есы па розных мястэчках, вёсках сялянскай краіны. У скутку паяднаньня гэтых дзьвюх галінаў мастацкай чыннасьці, імя Ў. Галубка зараз вельмі популярна ў рабочых і сялянскіх колах Беларусі...

Тымчасам культурна-нацыянальны рух паступова пашыраецца і захапляе новыя й новыя слаі народнае інтэлігэнцыі і перадавой сялянскай і рамесьніцкай моладзі. Адпаведна шырыцца ўплыў беларускай літаратуры, прыцягаючы да сябе новыя сілы. Амаль ня кожны год адмячаецца зьяўленьнем некалькіх новых пісьменьнікаў і поэтаў. Пры гэтым характарна тое, што яны вынікаюць большасьцю з гушчы працоўнага народу. У моц соцыяльнага закону разьвіцьця грамадзкіх сілаў, Беларусь, як краіна пераважна сялянская, паднімае цаліну для культурнага будаваньня зьнізу, з гушчаў народных, водлуг экономічнага і політычнага іх вызваленьня. Ужо ў 1910-11 гадох да выяўленых талентаў на ніве беларускай літаратуры дадаюцца новыя імёны. Выступаюць са сваімі творамі адзін за другім поэты з народу: Хведар Чарнушэвіч (кравец), Зьмітрок Бядуля-бедны мешчанчук, Максім Гарэцкі-селянін, Алесь Гурло-земляроб, Я. Піліпаў (Язэп Нялепка)-сын дворнага служачага, Язэп Лёсік-селянін і інш. Яны папаўняюць сабою насельнасьць беларускага Олімпу, уносячы шмат сьвежых нотак і настрояў у яго музычнае жыцьцё.

Зьмітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), віднейшы з пералічаных, сваім выяўленьнем асабліва востра падкрэсьлівае рост і ўплыў беларускае літаратуры на працоўныя гушчы Беларусі. Родам з жыдоў, Зьмітрок Бядуля, пачаўшы пісаць пагэбрайску, кідае гэту сухую, застарэлую мову і захапляецца пявучасьцю ўваскрашаючай беларускай народнай мовы. Поэта, з ценькаю чулаю душою, прасякнуты наскрозь далікатным, мяккім пачуцьцём, гаручы цягай да творчасьці высокіх мастацкіх каштоўнасьцяў, вынаходзіць у знаёмай сакавітай беларускай мове багаты матар'ял. У 1910 годзе ён друкуе першы свой твор - "Пяюць начлежнікі" на беларускай мове ў газэце „Наша Ніва", а з 1912 г. становіцца пастаянным супрацоўнікам яе. З гэтага часу яго апавяданьні і вершы за подпісам "Ясакар“ друкуюцца ўва ўсіх беларускіх чаconіcax.

У Зьмітрака Бядулі-Ясакара першыя творы аддаюць смуткам. Але паступова смутак радзее, і творчы небасхіл поэты праясьняецца. Лера яго вылаўляе ўсё больш бадзёрыя зыкі, праходзячы ў глыбіню іх пераліваў і вібрацыяў. Поэту ўрэшце становіцца аднакава, аб чым зычаць гукі, абы яны пекна зычэлі. Чуецца ў іх мажорны тон-радуйся, чуецца мінорны-сумуй. Сам-жа 3. Бядуля-Ясакар пацяшаецца тонамі настрояў і гармоніі. А з боку сочачы за творчасьцю 3. Бядулі-Ясакара, адчуваеш выразна, як перад табою ўстаюць нібы дзьве душы, супрацьлеглыя сабе-душа жыцьцярадасьці, урачыстага вясельля і душа пэсымістага, разуверанага ў жыцьці. Гэта выяўлена ў яго вершах і прозаічных нарысах. У вершах першых часоў напісаньня ёсьць спадчына і эшыбоцкіх уплываў, пад якімі знаходзіўся поэта ў дзіцячыя гады. Сьведкаю таму цяга яго к біблійным напевам. Праўда, гэты ўхіл нядоўга адбіваецца на Зьмітраку Бядулі: ён тоне ў багатым пачуцьці да прыгожасьці натуры. У ёй, у сусьвеце, скарб поэты.

Мой скарб мацней жыцьця і сьмерці,
Бясьсьмертны ён у сьмертным сэрцы.

Мой скарб блішчыць-мой скарб багаты,
Даступны усім-ён не закляты.

Мой скарб-ад зор, мой скарб-ад неба,
Мой скарб-ад гор, мой скарб-ад глебы;

У глыбі вод, у шэптах бору,
У шоўку траў, у птушак хоры;

У серабры мільготных росаў,
У харастве дзявочых косаў;

У марах-снох, у тайных муках,
У гусляроў наструнных гуках.
("Мой скарб").

К апошняму часу Зьмітрок Бядуля зрабіў круты пахіл у бок захапленьня рэволюцыйна-грамадзкімі мотывамі. Яго вершы і прозаічныя творы, пачынаючы з 20 году, носяць на сабе пячатку выразнай рэволюцыйнасьці. Пры гэтым эволюцыя поэты яшчэ ня спынілася: ёсьць першыя адзнакі і клясавых мотываў у яго апошніх творах.

Дайце дарогу зьмене чырвонай.
Гэй, адступіся сьвет забабонаў,
Шэптаў-замоў.
Сонечнай бурай, вогненнай сілай
Богу старому рые магілу
Наш комсамол.
Мчыцца па сьвеце духам бязбожна,
Шлях свой знаходзіць на бездарожжы,
Мкнецца у даль.
Любіць паўстаньне, дужыцца, рад ён,
Вольніцы воін, сын барыкадаў -
Бунтаў каваль.
Гэй, падымайце у вышку паходні
Ў дзень урачысты, дзень міжнародны,
Моладзі дзень!
Сьвет паднявольны зруш да змаганьня,
Ціхія далі у бурнае раньне
Ў чырвань адзень.
("Чырвоны каляндар").

Цікава тое ў душэўных перажываньнях З. Бядулі, што ён да таго зросься з беларускай літаратурай, з беларускаю культураю і беларускім працоўным народам, да таго пакахаў беларускую стыхію, як-бы ён быў беларусам ад роду. Доля-нядоля беларускага краю востра адчуваецца ім і выразна адбіваецца ў яго творах. З. Бядулі міл і патайны сьвет беларуса: яго вера ў лясуны, у русалкі, у ведзьмы; поэта не абмінае іх у сваіх творах. З. Бядуля-Ясакар адзін з пладавіцейшых беларускіх поэтаў: ён напісаў шмат вершаў, мініятурных нарысаў, апавяданьняў, з якіх выйшлі асобнымі выданьнямі „Абразкі“ (1913 г.), "Пад родным небам" (1922 г.), вершы і збор апавяданьняў- "На зачарованых гонях". Шмат твораў знаходзіца яшчэ ў портфэлі поэты. У беларускай літаратуры З. Бядуля-Ясакар займае сваё асобнае ад другіх месца-месца выдатнага, зусім адметнага поэты.

Зусім інакшы ад З. Бядулі па характару творчасьці, па здольнасьці й шырызьне захопу, але ўсё-ж багата ўталентаваны малады поэта Хведар Чарнушэвіч. Захоплены беларускім рухам, калі яму было гадоў 18, Хведар Чарнушэвіч прыймае ў ім удзел праз літаратурную творчасьць. Першыя творы яго ўжо сьведчаць аб талентнасьці аўтора, якая-б, пры адпаведных умовах, магла-бы далёка сягнуць і вырабіць з поэты нязвычайнага мастака слова. Хведар Чарнушэвіч ня мае выразнага напрамку ў сваёй творчасьці, пакуль яшчэ шукае адпаведных сьцежак, але па напісанаму можна судзіць, што яго муза схіляецца ў бок грамадзянска-рабочых настрояў. Па крайняй меры яго вершы гэткага характару больш здольныя і глыбокія па зьместу, больш прачулыя, чым вершы з іншымі напевамі.

Мой горан палае
І іскры ляцяць;
Я мех уздуваю
І буду каваць...
Працую, гарую,
Як моцы стае;
Гартую, муштрую
Жалеза мае...

У кузьні ад раньня да ночы стаю
І молатам лепшую долю кую!
І гнецца парою
Жалеза і сталь,
Як возьме рукою
Здаровай каваль...
Скую, вось, касу я,
Загну, закручу
І выйду уночы
Нядолю скашу!..
У кузьні ад раньня да ночы стаю
І молатам лепшую долю кую!
І холад і голад
У хатцы вітае,
А праца і молат
Мне моц адбірае!..
Гэй, удару-ж я, ўдару!
Гарно разьдзьмухну,
Сагну, загартую
Я сэрца-касу!
Я праўду і волю кахаю-люблю
І молатам лепшую долю кую!
(„Песьня каваля“).

Сам рабочы-рамесьнік, Хведар Чарнушэвіч бліжэй адчувае руxі рабочага жыцьця і перадае іх у вершах. Апроч пісаньня орыгінальных твораў, ён зрабіў шмат перакладаў з расійскіх і ўкраінскіх поэтаў. Між іншым, ім пераложана "Кацярына“ Т. Шэўчэнкі, выданая асобным выданьнем рэдакцыяй газэты „Наша Ніва" ў 1912 годзе.

Амаль не таго-ж самага напрамку таварыш Х. Чарнушэвіча па дзяцінству, па школе, па часу выступленьня на літаратурную ніву, яго зямляк Алесь Гурло. Тая-ж асабістасьць у выбары тэм, той-жа склад рытму і толькі некалькі бядней форма вершу ды багацьце мовы. У Хв. Чарнушэвіча верш многа лягчэйшы й музычнейшы ад вершу А. Гурлы. Аднак творы А. Гурлы апошняга часу адмячаюць спорую наступовасьць яго ў гэтым напрамку. Таксама поэта робіць прыметную эволюцыю ў бок успрыняцьця пролетарска-клясавых мотываў у сваёй творчасьці. Хв. Чарнушэвіч і А. Гурло друкаваліся ўва многіх беларускіх часопісах. Асобным-жа выданьнем не выдаваўся пакуль ніводзін.

Крыху старэйшы ад іх Янук Журба выйшаў на беларускую літаратурную ніву з бадзёраю душою, з радасным настроем. Змаганьне за вызваленьне працоўнага народу выклікала ў ім ня сум, а натхненьне. Поэта мусіць будзіць, мусіць весьці - таму ён павінен быць цьвёрдым і бадзёрым. Ды ня толькі для змаганьня патрэбна жыцьцярадасьць, яна заўсёды харашыць і папаўняе жыцьцё чалавека. Апошняе дадзена для таго, каб піць радасьць і красу, каб любаваць сонца і краскі. І Янук Журба - поўная бадзёрасьць. Усе яго творы завуць, клічуць, вядуць...

Зусім іншы настрой у Максіма Гарэцкага. Апошні зьяўляецца выключна прозаікам-белетрыстым, пры гэтым талентным белетрыстым. На яго долю выпадае атрымаць большую за сваіх равесьнікаў асьвету, што вельмі ва многім пасабляе разьвіцьцю яго таленту. Да гэтага, Максім Гарэцкі, маючы ад прыроды багатую здольнасьць - і ў скутку выказвае з сябе буйнога пісьменьніка. Аддаючыся літаратурнай творчасьці з захапленьнем, як мастак ад роду, ён старанна шліфуе кожную рэч, якую выпускае з-пад свайго пяра. У яго творы, рэалістычныя, з адценьнем сымболізму і нэорэалізму, выходзяць цэльнымі, закончанымі, дасканалымі вобразамі. Гэроі апавяданьняў -- выразныя тыпы, жывыя, праўдзівыя ("Дзьве душы"), калі да іх прыгледзішся праз цененькі туль, якім свае рэчы звычайна занавешвае М. Гарэцкі. Гэты пахіл да містычнасьці і ў дадатак самабытнасьць стылю вызначаюць пісьменьніка ад усіх іншых і становяць яго на асобнае месца ў шэрагу беларускіх пісьменьнікаў.

Максім Гарэцкі выдаў шмат сваіх твораў асобнымі выданьнямі; з іх-зборнік апавяданьняў „Рунь" (1914 г.), апавяданьне "Антон“, повесьць „Дзьве душы". Паміма гэтага, ён вядом яшчэ, як аўтор першае "Гісторыі беларускае літаратуры" і "Невялічкага беларуска-расійскага слоўніка".

Другія прозаікі, Язэп Лёсік і Лявон Лобік, пакуль менш Гарэцкага ўнесьлі сваіх мастацкіх твораў у беларускую літаратуру. Лявон Лобік напісаў толькі некалькі белетрыстычных твораў, надрукованых у „Нашай Ніве", і ў часы вайны зьнік з літаратурнага небасхілу. Язэп-жа Лёсік, вызначыўшыся, як здольны белетрысты („Ня ўсе-ж разам ягамосьці" і інш.), абяцаў многае, але пасьля закінуў пісаньне мастацкіх рэчаў, а перадаўся на публіцыстычна-педагогічную працу. Ім напісана некалькі падручнікаў па беларускаму правапісу, зроблены некаторыя пераклады, з якіх пераклад "Комуністычнага маніфэсту“ К. Маркса і Ф. Энгэльса.

Поэты-розначынцы.

Да іх належаць Максім Багдановіч, Альбэрт Паўловіч, Сяргей Палуян, Гальляш Леўчык і інш. Яны зьявіліся на небасхіле беларускай літаратуры не адначасова, а на працягу ад 1906 году (Альбэрт Паўловіч) да 1911 г. (Максім Багдановіч). Ня роўны яны ані па таленту, ані па форме й характару пісаньня, нясхожы і па настроі. Выдатнейшы й таляньнейшы з іх - Максім Багдановіч, сын вядомага ў расійскай літаратуры этнографа, у моладасьці сябра партыі "Народная Воля", Адама Багдановіча. Розьніцца ад другіх беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў нашаніўскай пары Максім Багдановіч тым, што меў магчымасьць паспытаць ад плёну асьветы, чаго ня дадзена поэтам з народу, сялянам і рамесьнікам. Ён перш канчае гімназію, пасьля пераводзіцца ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Надзелены здольнасьцю да поэзіі ад роду, ён спачатку піша вершы парасійску, а ўжо пасьля, натрапіўшы на беларускае друкованае слова, захапляецца беларускасьцю дарэшты. Ня маючы мажлівасьці пачуць жывую беларускую мову, ён вывучвае яе па запісах беларускае народнае творчасьці і пачынае ня толькі гаварыць, а й пісаць. З-пад яго пяра пачынаюць выходзіць пекныя па форме, па вобразах і будове вершы. Але ў яго вершах ня трэба шукаць ні грамадзянскіх мотываў, ні рэволюцыйнага настрою: ён стараецца быць поэтаю чыстага хараства. Пры гэтым, у яго ўсё жыве хвіляй, бягуча, на воку-тут у адным выглядзе, тут зусім у інакшым.

Максім Багдановіч імпрэсыяністы па напрамку, пры гэтым адцягнуты ад людзкое сучаснасьці, ад адносінаў у чалавецкай грамадзе, ад жаданьняў масы. Ён-індывідуалісты, і калі зрэдку падмячае дынаміку жыцьця (цыкль вершаў "У Вільні"), то толькі на момант, паколькі гэта кідаецца ў вочы сваёю павярхоўнасьцю. Заўсёды Максім Багдановіч адзін: і калі радуецца і калі сумуе. Ад сябе ён вітае жыцьцё, калі яно яму паказваецца прыемным, ад сябе кляне яго, калі яно не падабаецца яму.

Прывет табе, жыцьцë на волі!
Над галавой-дубоў павець,
Віднеюць неба, горы, поле

Праз лісьцяў сець.
Лахмоцьці ценяў на палянах,
Схаваўшы золата, ляжаць;
Яго слаі з-пад дзір парваных
Аж зіхацяць.
А к ночы свой чырвоны веер
У небе сонца разьвярне,
І разварушаны ім вецер
У даль памкне.
Калі жа пабляднее золак
І цёмнай зробіцца вада, -
Зазьяе серабром іголак
Зор грамада.
І роўна мілымі зрабіцца
Здалеюць яркі блеск і цень, -
Той дзень, што мае нарадзіцца,
І зьнікшы дзень.
(„Привет табе“).

Максім Багдановіч пранізвае сваім вострым паглядам усе мясьцінкі зямлі, возера і твань, лес і поле, майстэрню паяскоў і каморку летапісца ды перапісчыка, і ловіць настрой людзей, іх мігаючыя думкі і схоплівае пералівы фарбаў. Аднак, жывучы на зямлі і, тым болей, прыймаючы ўдзел у вялікім вызваленчым руху цэлага народу, М. Багдановіч ня можа не адгукнуцца на людзкія справы. І ён зрэдку адгукаецца і на долю краіны-Беларусі і на мужычае жыцьцё яе, бачыць яго цяжар і хібы, але як паправіць гэта-ён ня ведае: тут у яго сустракаецца мяжа, праз якую ён ня можа перайсьці.

Гнуся, працую, пакуль не парвецца
Мне жыцьцё, як сагніўшая ніць...
Шчасьце-ж загляне і ў даль пранясецца,
І магу я аб ім толькі сьніць...
Дык няхай-жа, няхай сабе рвецца
Мне жыцьцё, як сагніўшая ніць...
("3 песьняў беларускага мужыка".)

Так Максім Багдановіч гаворыць вуснамі беларускага мужыка. Поэта не падгледзіў іншага выйсьця, не зразумеў яго, бо не стараўся і зразумець, знайсьці. І ўрэшце выйшла, што хараство, якому ён аддаў свае сілы-бяздушная, адцягненая рэч, не сагрэтая колектыўным пачуцьцём, не здаваляла поэты. Праз прызму свае абасобленай самотнасьці глядзеў ён і на долю Беларусі, якую прыйшоў адраджаць к новаму жыцьцю. "Заклятая богам" уваччу Багдановіча, яна ня мела ніякага выйсьця, каб парваць ланцугі закляцьця.

Край мой родны! Як выкляты богам,
Столькі ты зносіш няволі.
Хмары, балоты... над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.

Поруч раскідалісь родныя вёскі,
Жалем сьціскаюцца грудзі! -
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі...

Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынесьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.

Кінь толькі вокам да гэтаго люду —
Сцісьнецца сэрце ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.

Песьня пяе, як удовіна сына,
Янку, каханьне згубіло;
Там дзе панура схілілась каліна,
Беднаго хлопца магіла.

Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрцэ навін не пачуе.
Сціснуло горэ дыханьне ў народзе,
Горэ усюды пануе.

Хваляй шырокай разлілось, як морэ,
Родны наш край затапіло…
Брацьця! Ці зможэм грамадзкае горэ?!
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!
(„Край мой родны").

Пэўна, што часткаю на гэткім яго настроі адбівалася хворае здароўе, сухоты поэты, а, самае галоўнае, ведама, зьмяшчалася ў тым, што ён быў адарваны ад грамадзкага жыцьця. Перад сьмерцю, зусім у маладых гадох і ў поўным росьцьвіту таленту (памёр у 1917 г.), Максім Багдановіч удаўся ў сум, які густым слоем ляжыць на яго астатніх вершах... Дачасная сьмерць М. Багдановіча прынесла вялікую страту для беларускай літаратуры; але тое, што ён напісаў за сваё кароткае жыцьцё, ёсьць багаты ўклад у яе скарбы. Гэткіх пекных і стройных, мозаічна-пераплеценых цікавымі формамі і малюнкамі рэчаў даў рэдкі з беларускіх поэтаў. Большая частка вершаў М. Багдановіча надрукована ў газэтах і асобным выданьнем у зборніку "Вянок". Многа-ж, пакуль, знаходзіцца ў рукапісах.

Другі з розначынцаў-поэтаў пары "Нашае Нівы"-гэта Альбэрт Паўловіч. Пахаджэньнем ён сын менскага мешчаніна. Пачаў пісаць пабеларуску яшчэ да выйсьця "Нашае Нівы", а друкавацца - з яе выйсьцем. Альбэрт Паўловіч, галоўным чынам, піша вершы гуморыстычныя; пры гэтым, адна хіба гэтых вершаў, што гумор іх большай часткаю мае сваім об'ектам цёмнага селяніна, і толькі зрэдку трапляюцца ядынкі яго вершаў, у якіх гумор пакірован у бок багатых станаў. Але, абмінаючы гэта, трэба сказаць, што гумор Альбэрта Паўловіча дужа востры. Ён адзін, пакуль, з гэткім характарам творчасьці беларускай літаратуры. Паміма гуморыстычных твораў, Альбэрт Паўловіч прабаваў сваё пяро і ў лірычным напрамку. Некаторыя вершы яго гэтага гатунку сьведчаць, аднак, што ён ня чужы і да тонкіх нотак лірызму. У перакладах яго з польскіх пісьменьнікаў, галоўным чынам, з Сыракомлі, адбіваецца здольнасьць дасканалага перакладчыка. Альбэрт Паўловіч напісаў багата вершаў і зрабіў шмат перакладаў. У газэце "Наша Ніва" на працягу ўсяго яе жыцьця, у газэтах "Вольная Беларусь" і „Беларусь" надрукована многа яго вершаў. Таксама выйшаў зборнік іх („Снапок") асобным выданьнем.

İнакшы ад першых дваіх трэці розначынец-Сяргей Палуян. Сын памешчыка Рэчыцкага павету Меншчыны, ён дастае сярэднюю асьвету, але у маладых гадох захапляецца рэволюцыйным рухам і праз гэта настройвае супроціў сябе бацькоў. Тыя праганяюць яго з дому, і Сяргей Палуян едзе ў Кіеў, дзе прылучаецца да маладых украінцаў і ўваходзіць у ўкраінскую адраджэнцкую працу ў галіне літаратурнай. Аднак хутка ён вызнае праз атрыманую ў Кіеве газэту „Наша Ніва", што пачаўся нацыянальны рух і сярод беларусаў. Гэта зацікаўлівае Сяргея Палуяна, і ён адчувае сябе беларусам і пераходзіць пісаць пабеларуску. У 1909 годзе ён па традыцыі едзе ў тагачасную беларускую Мекку, у Вільню, і, азнаёміўшыся са становішчам беларускага руху, цалком уваходзіць у яго. Але Сяргей Палуян зусім мала піша, як быццам-бы стрымліваючы развой свайго нязвычайнага таленту. Яго точыць цяжкая думка-сумненьне ў хуткім ажыцьцяўленьні захапіўшых яго ідэяў; ён ня ўпэўнены ў сваіх сілах, у яго ня можа выстарчыць іх для змаганьня з вакольнымі ўмовамі жыцьця, і ў 1910 годзе поэта накладае на сябе рукі.

Сяргей Палуян напісаў некалькі апавяданьняў ("Хрыстос васкрос", "Вёска" і інш.), некалькі вершаў і п'есак, якія надрукованы ў "Нашай Hівe", і гэтым абарваў сваю леру. З яго сьмерцю беларуская літаратура страціла многаабяцаючы глыбокі талент...

Гальляш Леўчык, аднесены намі да розначынцаў, шмат слабейшы ад сваіх таварышоў. Яго простыя вершы дыхаюць густым смуткам і жальбою, характарызуючы аўтора, як ціхага, пасыўнага адраджэнца. Дагэтуль выйшлі творы Г. Леўчыка невялічкім зборнічкам "Чыжык Беларускі".

Рэволюцыйны пэрыяд.

Нашаніўская пара крута абарвалася сусьветнаю імпэрыялістычнаю вайною. Далёка сягнуўшы ў глыб і шыр, беларускі нацыянальна-культурны рух атрымоўвае цяжкі удар і спыняецца ў нормальным разьвіцьці. Цэнтр яго, г. Вільня, разбураецца, пасеяўшы сконцэнтраваныя сілы па вялікіх абшарах царскае Расіі. Спыняецца друк і змаўкае лера: пачынае гаварыць гармата.

Так праходзіць да 1916 г., калі, звыкшыся з жахам вайны, патрошку пачынае ажываць грамадзкая думка. Падаюць адзнаку жыцьця прышыбленыя беларускія сілы. У Петраградзе выходзіць дзьве газэты: „Дзяньніца“ і „Съветач“, у Вільні, крыху раней,-"Гоман“. Гуртуюцца колы, падаюць аб сабе весткі замоўкшыя песьняры. Аднак, для поўнага аднаўленьня даваеннага культурнага жыцьця яшчэ не настаў час. Яго прыносіць з сабою Лютаўская рэволюцыя. Разьбіўшы ланцугі політычнай няволі, яна разрывае і нацыянальны прыгон. Раптам буйна закіпае нацыянальна-рэволюцыйны рух, вядучы за сабою разьвіцьцё культурнай працы. У Менску выходзіць газэта "Вольная Беларусь" і „Грамада“, і, разам з артыкуламі політычнага характару, прабіваюцца нa іx старонкі мастацкія творы. Ізноў мігаюць імёны Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, Зьмітрака Бядулі, Алеся Гаруна, Хведара Чарнушэвіча, Гарэцкага Максіма і інш. А паступова, час-ад-часу, пачынаюць яшчэ і яшчэ вынікаць новыя песьняры і пісьменьнікі: зьяўляецца Ф. Калінка (А. Петрашкевіч), захапіўшы яшчэ „Нашу Ніву", Якім Сявец, Зоська Верас, Макар Косьцевіч і інш. Праўда, політычны развой жыцьця пакуль заглушвае голас музы, і лера маладых поэтаў мала вызначаецца ў ракочучым гуле рэволюцыі. Прыходзіцца чакаць некаторага спаду рэволюцыйных хваляў. Гэта прыходзіць з нямецкаю окупацыяй, якая сьціснула ў Беларусі політычнае жыцьцё і у той-жа час ня чапала культурнага. У гэты час пачынаюць выдавацца газэты, кніжкі, працуюць тэатры; у гэтым фокусе зьбіраюцца беларускія сілы. У газэце „Вольная Беларусь" зьяўляюцца далейшыя сілы беларускіх пісьменьнікаў, якія зразу кідаюцца ў вочы буйнасьцю свайго таленту. Між другімі выдзяляюцца імёны Міхася Чарота, а крыху спусьціўшы — М. Грамыкі. За імі праз нейкі тэрмін часу даюць аб сабе знаць Ў. Дубоўка, А. Бабарэка, Б. Родзевіч, К. Арсеньева і Ў. Жылка. Пачынаецца новы росьцьвіт беларускай літаратуры, яе далейшае пашырэньне й разьвіцьцё. Адначасна адмячаецца, перш ціха, асьцярожна, а што далей - выразьней і яскравей ідэолёгічны ўхіл яе ў бок успрыняцьця новых ідэяў, навееных вялікай Кастрычнікаўскай рэволюцыяй. Але гэта канчаткова надыходзіць у канцы дваццатага году. У 1918-жа годзе новыя песьняры аддаюць пакуль сваю частку дані мотывам нацыянальным і чыста-лірычным. Такі ўжо шлях разьвіцьця кожнага поэты.

Міхась Чарот (Міхась Кудзелька) таксама не абмінае вымаганьняў агульнага закону. Як і ўсе другія поэты, у пачатку свае працы ён закранае, галоўным чынам, мотывы лірыкі і грамадзянска-нацыянальныя. Але ўжо хутка ў яго творчасьці прабіваюцца рэволюцыйныя мотывы. Праўда, пры окупантах іх нельга выносіць перадлюдна, і гэткага настрою творы М. Чарота чакаюць адпаведнага часу. А пакуль беларускі чытач знаёміцца з новым маладым песьняром па яго лірычных і грамадзка-нацыянальных творах. Знаёміцца і зразу бачыць, што ў маладым рудзенскім (Менскай губэрні) селяніне захован багаты талент. Сьвежыя, стройныя, добра пабудованыя творы захопліваюць сваім пачуцьцём і сваёю шчырасьцю. Усе даныя на хуткі росьцьвіт поэты-на далоні. Блізкі час паказвае гэта.

Дваццаты год, унёсшы ў гісторыю Беларусі новыя старонкі, адчыніў шырокі шлях для выяўленьня напаверх усіх скрытных сілаў поэтаў пэрыяду рэволюцыі, у тым ліку і Міхася Чарота. Ён хутка займае адно з першых месцаў у беларускай літаратуры, вядучы яе на рэволюцыйна-пролетарскую дарогу. Усе сучасьнікі М. Чарота значна паддаліся яго ўплыву ў гэтых адносінах і пайшлі за ім.

Толькі Міхась Грамыка выявіў сваю індывідуальнасьць пабочна ад М. Чарота. Праўда, гэта больш усяго адмячалася ў першыя часы працы М. Грамыкі. Яго творы гэтага пэрыяду выяўляюць сабою здольнага поэту, лірыка-романтыка з сымболічным адбіткам. Але чым бліжэй к дваццатаму году, тым болей рэволюцыйныя ўхілы М. Грамыкі пачынаюць выясьняцца і пераважвать над другімі. К моманту-ж агульнага павароту беларускай літаратуры на шлях, праложаны Кастрычнікаўскай рэволюцыяй, М. Грамыка, як і М. Чарот, выступае з выразна адзначаным тварам поэты-рэволюцыянэра-пролетара.

Рэволюцыйна-пролетарскія напевы ў беларускай літаратуры.

Рэдкімі, адзінымі ноткамі гэтыя напевы зычэлі ўжо з часоў нашаніўскіх, з 1911 году. Яны выходзяць перш усяго з-пад пяра поэтаў-рамесьнікаў-Цішкі Гартнага, часткаю Хведара Чарнушэвіча і Алеся Гаруна. Але агульны харал нацыянальна-грамадзянскіх напеваў, якімі аддае беларуская літаратура гэтае пары, пары беларускага рэнэсансу, топіць у сваіх гуках іншыя ноты. К гэтаму, для належнага ўспрыняцьця іх пакуль не нарадзіліся адпаведныя абставіны. Беларускі чытач, больш народны інтэлігэнт, аддае ўвагу агульна-нацыянальным момантам, хоць-бы ён быў самага рэволюцыйнага колеру. Клясавыя моманты, пакуль скрытна, адбіваюцца на кожным поруху жыцьця і не зьвяртаюць на сябе патрэбнае ўвагі. Толькі з часу Кастрычнікаўскай рэволюцыі, калі клясавыя супярэчнасьці адсунулі ў бок усякія іншыя пытаньні, пролетарска-рэволюцыйныя напевы знайшлі для сябе адпаведныя абставіны ў беларускай літаратуры. Новы гаспадар жыцьця, рабочы і селянін, пачаў будаваць сваю працоўную культуру, як падмурак да політычнай улады. Беларусь, вызваленая з-пад панскай окупацыі дружным напорам рэволюцыйных хваляў, мусіць наганяць у справе замацаваньня новага працоўнага ладу. Рэволюцыя Кастрычніка дала ёй поўную мажлівасьць культурна-нацыянальнага будаўніцтва. А гэта служыць моцным штурхачом да адраджэньня беларускай літаратуры пад сьцягам Кастрычніка. дагэтуль рэдкія мотывы рэволюцыйна-пролетарскай музы гудуць і зычаць усе мацней і захопней. Да Цішкі Гартнага прылучаецца Міхась Чарот, Зьмітрок Бядуля, Міхась Грамыка, Якім Каліна. Усе яны, і асабліва Міхась Чарот, вынаходзяць сябе ў новых абставінах новага жыцьця. Рэволюцыянэр-комуністы, Міхась Чарот становіцца ў першых радох маладых песьняроў. Яго талент разьвінаецца шырака, што далей больш захапляючы пролетарскія мотывы для сваіх песьняў. Калі яшчэ зрэдку чутны нацыянальныя ноткі, то іх выводзіць М. Чарот на новай канве, на канве пролетарскага разуменьня гэтага пытаньня. Ён любіць свой край. бо сам змагаўся за яго вызваленьне; любіць беларускага працаўніка, бо ён больш і даўжэй цярпеў няволю, далей адстаў ад другіх на шляху свайго політычна-экономічнага і нацыянальна-культурнага разьвіцьця. Ён таксама шчыльна злучан з сваім краем таму, што ў ім, у гэтым краі, Чарот - "мяцежны бунтар, што будзіць балоты гучным шумам". З гэтым шумам ён ідзе па абшарах Беларусі, будзячы, аклікаючы да змаганьня і ломячы ўсе перашкоды:

Шалёны вецер свішча ў полі…
Маланка ззяе… Гром грукоча…
А я іду… Слабею з болі…
Мо не дайду туды ніколі,
Але ў няволі жыць не хочу.

Ў зімову сцюжу снег заносіць…
Не бачу свету ў завірухах…
Але наш край свабоды просіць,
І сын яго хай гора зносіць,
Хай моцны будзе целам, духам.

Я сын яго. Дзіця я працы,
Такіх, як я, — нас шмат — мільёны;
Мы зможам ворага ў палацы…
А вы рагочаце, паяцы,
І кажаце, што я — шалёны.

Шалёны,— кажаце,— шалёны,
Як вецер той, што ў полі свішча…
Затым, што там, дзе плач і стогны,
Не біў я ворагу паклоны,
А справіў смерці баль-ігрышча.

А хто рагоча? Той, хто ўчора.
Як я, глядзеў на свет з-за краты,
Хто чару ту са мною гора…
Сягоння трус ён стаў, прытвора,
Гатоў свайго ж прадаці брата…

Мой цяжкі шлях… Ваюю з бурай…
Схіляе вецер, як былінку…
Часамі спеў душы — віхура —
Прымусіць доўга быць панурым,
Нібы бяздольну сірацінку.

Але змагаю ўсе няўзгоды,
У даль імкнуся без спачыну…
У ясны дзень і ў непагоду
Кладу я шлях свайму народу,
Пакуль ў снягах жыцця не згіну.

Хутчэй з заходу сонца ўзойдзе,
Чым край наш будзе у няволі…
Аб час мінулы у народзе
Дудар свой сумны спеў заводзе…
Той час не прыйдзе ўжо ніколі.

Пра гэты ж час вайны крывавай
Раскажа лірнік казку свету,
Хто быў тут правы, хто няправы…
Аб гэтым зашуміць дубрава
І гучны верш пяўца-паэта…

…І я іду… Гудуць мяцелі…
Мо імі буду я занесен…
Мільёнам ў гурбах ногі млелі.
Пасля ім кулі песні пелі…
І больш яны не чуюць песень.
(„А я іду").

Міхась Чарот, народжаны рэволюцыяй, нясе яе па вёсках, у працоўныя гушчы, да рабочых і сялян, якіх злучае пры пяяньні сваіх песьняў.

Селянін і рабочы — удвух
Стары свет агнём паляць, руйнуюць
І на вогнішчы новы будуюць,
Панаваць ў якім будзе молат і плуг.

Ад машын закурэлых, з загону
Йдзе рабочы, а з ім селянін…
Дружна песню пяюць, як адзін…
І баіцца ўвесь свет іх разгону.

Чырванее ўсё болей і болей
Іх дарога да сонца, да зор…
Але маніць іх вольны прастор,
І жыцця не шкада ім за волю.

Яны йдуць… і завуць на ўспамогу
Паднявольных, пакрыўджаных ўсіх…
Хто галодны, халодны імкнецца да іх,
Смела йдзе на Чырвону дарогу.

І ідуць грамадою бясконца…
Лікам шмат іх, і моцны іх дух…
А над імі ўжо молат і плуг
Зіхацяць у праменьчыках сонца.
("На чырвонай дарозе").


Чарота адзначаецца імажыніцкі З цягам часу талент М. Чарота ўсё больш крэпне і мацнее. У 1922 годзе ён выпускае сваю вядомую п'есу „Босыя на вогнішчы", у якой адметна падкрэсьліваецца вялікі пасьпех М. Чарота. У тым-жа годзе выдаецца збор яго вершаў „Завіруха". Поміж з вершамі, ён піша і апавяданьні, у якіх ужо выглядае рэалістым-бытавіком. У апошнія часы ў творчасьці М. Чарота адзначаецца імажыніцкі налёт. Новыя творы яго, як поэмы "Комсамолія" і "Чырвонакрылы вяшчун", а таксама дробныя вершы аддаюць гэтым навеем. М. Чарота падтрымоўваюць у гэтым У. Дубоўка. Ў. Жылка і інш. У асобе М. Чарота беларуская літаратура мае вялікі здабытак рэволюцыйнага часу.

Адпаведна яму зрабіў вагромністы крок уперад і М. Грамыка, стаўшы ў шэрагу выдатнейшых беларускіх поэтаў сучаснае пары. Яго талент пакіраваўся ў бок успрыняцьця рэволюцыйна-пролетарскіх напеваў. Новыя творы М. Грамыкі, як поэма "Крылан", "Сямімільнымі крокамі", "Міліён", сьведчаць аб гэтым. Праўда, на гэтых творах поэты адмячаецца яшчэ большы слой сымболічнасьці, якая пераходзіць у лёгкую мэтафізычнасьць (поэма "Крылан"), але гэта скрадаецца выпукласьцю рэволюцыйных напеваў. Таксама ў іх адчуваецца невялікі ўплыў А. Блёка (поэма „Міліён"). Усё-ж, адкідаючы гэта, Міхась Грамыка паўстае буйной велічынёю ў беларускай парэволюцыйнай літаратуры. Пераняў яе дух і мілагучны 3. Бядуля, даўшы некалькі здатных твораў рэволюцыйнага характару („Беларусь", "Чырвоны каляндар" і шмат дробных вершаў).

Гэткім чынам, уступіўшы на новы шлях, беларуская літаратура прадаўжае пісаць далейшыя старонкі гісторыі свайго разьвіцьця. Нясупыннае паглыбленьне заваёваў рэволюцыі, дакляраваўшай і паставіўшай на радыкальнае вырашэньне нацыянальнае пытаньне, адкрываюць для гэтага шырокія мажлівасьці.

Гісторыкі і крытыкі.

Ад пачатку свайго нараджэньня ажно да першай паловы нашаніўскага пэрыяду ў беларускай літаратуры зусім не адмячаецца крытычных твораў. Ды гэта зразумела. Беларускай літаратуры сьпярша патрэбна увайсьці ў жыцьцё, абсталявацца і быць прызнаным ім. А для гэтага патрэбен час, умовы і людзі. Гісторыя-ж яшчэ да таго маладая і сьвежая, што яе ня прыходзіцца фіксаваць. А к гэтаму і сілаў не хапае. Якія ёсьць-заняты грамадзянска-політычнай чыннасьцю, працярэбліваньнем шляху для разьвіцьця першай ластаўкі культурна-адраджэнцкай вясны - прыгожай пісьменнасьці. Яе моладасьць і навіна ўсё роўна заглушылі-бы сваімі трэлямі і крытычныя водгукі і гістарычныя запісы...

Гэты момант падыходзіць толькі ў 1912 годзе. Бадай ня першым у гэтым годзе выступае з сваім крытычным нарысам аб скутках разьвіцьця беларускае літаратуры Максім Багдановіч. Талентны поэта ў гэтым артыкуле праглядае здольным аглядчыкам-крытыкам. Але як асьцярожна ён не дакранаецца ў ім аглядаемых поэтаў, многія з апошніх бачаць у адносінах да іх крытыка тэндэнцыйнасьць і староннасьць. Праўда, М. Багдановіч, як поэта сам, у першай спробе свайго крытычнага пяра, дапусьціў нетактычнасьць, пахваліўшы сябе і паганіўшы другіх. К таму прыдалася яшчэ доля навіны, якая выглядала з прадлюднага абгавору таго ці іншага поэты, думаючага, звычайна, аб сваёй непахібнасьці. У далейшым гэта прытупілася. Само становішча шырака расьцьвіўшай беларускай літаратуры вымагала сабе крытычнага разца і гістарычнага фоліянту. Ды поэтам стала жадацца, каб аб іх пагаварылі, найшлі адмоўныя бакі, падказалі на хібы і адмецілі добрыя бакі іх творчасьці. Час задаволіў іх. З таго-ж, 1913 году на старонках „Нашай Нівы" выступае малады талентны крытык Лявон Гмырак. Часад-часу, як гадавыя справаздачы, так знарочыста напісаныя па розных пытаньнях літаратурнага жыцьця, артыкулы яго зьяўляюцца адзін за другім на старонках „Нашай Нівы". Яны справодзяць беларускую літаратуру да часаў вайны, калі Гмырака бяруць на вайну, дзе яго забівае ліхая пуля.

Трохі раней за Л. Гмырака выступае з сваёй вядомай працай "На дарозе да новага жыцьця" віднейшы пачынальнік і правадыр беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага і культурнага руху Антон Навіна (Луцкевіч). У гэтай сваёй працы ён, адмячаючы гістарычны факт адраджэньня беларускага працоўнага народу, датыкаецца беларускай літаратуры, як важнейшай ілюстрацыі да сваіх думак. Адначасна Антон Навіна зьмяшчае невялічкі артыкул аб беларускім руху ў энцыклёпэдыі Брокгауз-Эфрона, дзе таксама піша аб беларускіх поэтах. Дасканала асьвечаны, здольны публіцысты, Антон Навіна далей выказвае сябе талентным крытыкам у літаратурна-соцыяльных характарыстыках пяці беларускіх пісьменьнікаў (Я. Коласа, Я. Купалы, Ц. Гартнага, Макс. Багдановіча і 3. Бядулі), выданымі асобным выданьнем у 1918 годзе, назваю "Нашы песьняры".

Але політычная чыннасьць адыймае ад Антона Навіны мажлівасьць аддацца як сьлед літаратурнай крытычнай працы.

І чародныя за ім крытыкі-публіцыстыя таксама вымушаны пісаць свае нарысы аб беларускай літаратуры вырыўкамі, у вольную хвіліну. Трэба выабразіць, як туга можа падавацца праца пры гэтых умовах! Аднак настойнасьць і энэргія перамагаюць усякія труднасьці. Змагаючыся з імі, Максім Гарэцкі піша сваю першую „Гісторыю беларускай літаратуры", якую і выдае ў 1920 г. У ёй ён дае поўную і багатую характарыстыку усіх беларускіх пісьменьнікаў, поэтаў і літаратараў. А раней за яго, яшчэ ў 1918 годзе, спрабуе сваё пяро ў гэтай галіне Цішка Гартны, прачытаўшы сваю лекцыю аб беларускай літаратуры ў Беларускім Народным Унівэрсітэце ў Маскве, а пасьля надрукаваўшы яе ў зборніку „Зажынкі". У часопісах пазьнейшага часу далей зьмяшчаецца цэлы шэраг яго крытычных аглядаў і нарысаў (газ. "Савецкая Беларусь", часопіс „Полымя" і інш.). Адначасова выступаюць на ніве літаратурнай крытыкі пр. Ў. Ігнатоўскі, пр. М. Пятуховіч, Ў. Чаржынскі, Н. Байкоў, Я. Дыла, М. Маразоўскі і інш. З іх Ў. Ігнатоўскі піша і чытае, а пасьля друкуе ("Вольны Сьцяг", 1921 г.) популярныя нарысы аб беларускай літаратуры і асобнае дасьледваньне мотываў творчасьці поэты М. Чарота (праца выйшла асобным выданьнем у выд. Госіздату Беларусі). Пр. М. Пятуховіч таксама чытае лекцыі і зьмяшчае ў беларускім друку многа сталых працаў, характарыстык творчасьці беларускіх поэтаў (Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гарун, Максім Багдановіч, Цішка Гартны). Друкуецца некалькі сталых сур'ёзных працаў М. Байкова і Ў. Чаржынскага.

Сярод гэтых сіл, пэўна, маюцца рознага характару таленты і рознастайны мэтод падыходу к данаму поэту. Гэтак, калі Ў. Ігнатоўскі зацікаўлен у соцыяльнай сутнасьці твораў поэты, падыходзячы да яго са скальпэтам крытыка-марксыстага і грамадзяніна, то пр. М. Пятуховіч перш усяго адшуквае мастацкіх якасьцяў, ужываючы часта ідэолёгічную мерку; М. Байкоў-жа больш крытык-псыхолёг, а Ў. Чаржынскі-стылісты і архітэктор.

У агуле ўсе пералічаныя асобы складаюць сабою моцную сілу ў крытычнай галіне беларускае літаратуры, сочачы за яе разьвіцьцём і пасабляючы ёй ісьці належным шляхам.

Агульны агляд.

Гэткім чынам, як мы бачым, беларуская літаратура, за параўнаўча кароткі тэрмін, прайшла многа этапаў свайго разьвіцьця, загартавалася, уступіла на ўзровень становішча суседніх ёй маладых літаратур і з багатымі мажлівасьцямі прадаўжае квітнуць, расьці і разьвівацца.

Будучы заснованай на крэпкай базе змаганьня за соцыяльнае, экономічнае й нацыянальнае вызваленьне беларускага працоўнага народу, беларуская літаратура ўвесь час папаўнялася поэтамі й пісьменьнікамі-выхадцамі з сям'і сялян і рабочых, якія вялі яе неадхільна усьцяж рэволюцыйнага поступу. Працоўны народ, яго думы, яго перажываньні, раней смутак і боль няволі, а пасьля протэсты, дух паўстаньня і, нарэшце, радасьць вызваленьня, - вось натхненьне беларускіх пісьменьнікаў і поэтаў. Яны-соль свае зямлі, народныя зьвястуны, яны заўсёды з народам. Загэтым так жывуча, так молада і сакавіта іх песьня-твор. І ў суме, і ў горы, і ў дні ўрачытасьцяў—сьвежая, кіпучая музыка, блізкая працоўнай гушчы беларускай, родная ёй.

Роўным, пэўным крокам прайшла беларуская літаратура цяжкія дні ў жыцьці беларускага працоўнага народу, пасабіла яму вызваліцца з ярма няволі і зараз, разам з народам, выйшла на шырокую дарогу вольнага жыцьця, апяваючы яго росьцьвіт па шляху да комунізму.[2]

Зноскі

правіць
  1. Dudar Bіaloruskі,-1 выпуск 1875 г. Менск.
  2. Крыніцы, з якіх у некаторых выпадках карыстаўся аўтор:
    Максім Гарэцкі-Гісторыя беларускае літаратуры.
    Выпісі з беларускае літаратуры-новы й найноўшы кругабегі.
    3. Жылуновіч - Беларуская літаратура (нарысы і агляды), „Зажынкі“,
    З. Жылуновіч Беларускі Парнас у новай вопратцы. "Полымя" № 2.