Беларускаму народу
Беларускаму народу Верш Аўтар: Пётра Крачэўскі |
Дзе слава наша, слаўны род
Славян з прадвеку жыўшых вольна,
Выходзь-жа, беларус — народ,
Са братняй крыўды бэзпатольнай.
Выходзь на сьвет з багна-балот,
Як тыя рэчкі, што нясуцца
З зямлі тваей на поўдзень, ўсход —
Выходзь, выходзь!..
Пад сьмех братоў сваіх славян
І помсты ворагаў бязмерных
Дружынай сьмелаю селян
Выходзь на змогу сілай вернай!
Німа той сілы, перашкод:
Паводка ўстрыму не баіцца,
Ўпярод-жа, беларус-народ,
Выходзь, выходзь!
З пад чорных, курных хат
На волю, на простор,
Усім на перакор,
Выходзь, мой родны брат!
Твой край із края ў край —
Дыван квяток і рэк шумлівых,
Непераходных пушч, — цудоўны гай,
Зуброў прытулак, сэрн пужлівых,
І толькі ты адзін —
Патолі, працы сын —
Не гаспадар — батрак.
Не — не!.. не будзе так!
Выходзь жа з чорных хат
На волю, на прастор,
Усім на перакор,
Мой беларускі брат!