Беларуская Рада
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 3 жніўня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы - Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с.— (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На адбыўшымся 8—9 ліпеня з’ездзе ў Мінску ўтворана Цэнтральная Рада беларускіх арганізацый. Выбранаму на гэтым з’ездзе Выканаўчаму Камітэту было даручана склікаць Раду ў магчыма кароткім часе. Першая сэсія Рады мае пачацца 5 жніўня ў г. Мінску. Па думцы Выканаўчага Камітэта, яна павінна разгледзець гэтакія справы: арганізацыйную, фінансавую (грашовую), сучасны палітычны мамент і адносіны да яго, апрацаванне дэкларацыі або адозвы да ўсяго народу і выбары да Устаноўчага Сойму.

Ужо даўно адчувалася пільная патрэба ў цэнтральным, яднаючым органе нашага краю. З першых дзён рэвалюцыі пачалі атрымоўвацца весткі, што скрозь закладаюцца беларускія гурткі, хаўрусы, сяброўства і арганізацыі. Параскіданыя па краю, распарушаныя па ўсіх кутках Расіі, яны, не маючы аб’яднаючага цэнтра, не пачувалі пад сабой цвёрдага грунту, слаба выяўлялі сваю чыннасць і не маглі адпавядаць вымогам гістарычнага маменту.

Мала таго, параскіданыя, расцярушаныя, за хібнасцю звязваючага пачатку, яны не мелі жадных зносін паміж сабой і нават не ведалі аб тым, дзе і якія існуюць гурткі і арганізацыі. Створаныя імпульсіўна, вываланыя да жыцця кіпучым маментам, працавалі яны без сістэмы, без агульнага напрамку, і праца іх не набірала жаданай скутачнасці, а то проста замірала і марнела ў нерухомасці. Час вымагаў палажыць гэтаму канец і надаць справе болей руху, чыну і жыцця.

Першай мэтай Цэнтральнай Рады, першым крокам яе чыннасці і будзе з’яднанне параскіданага, згуртаванне расцярушанага ў адно цэльнае, моцнае і працаздольнае і надаць яму сілы, павагі і аўтарытэтнасці. Цэнтральная Рада і будзе тым светачам, тым склікаючым маяком, каторы згуртуе каля сябе ўсіх, хто жадае свайму краю лепшай долі, хто дбае аб культурным развіцці свайго народа і жадае яму пачэснага і ганорнага месца сярод славянскіх і неславянскіх народаў Дзяржавы Расійскай.

Многапакутная айчына наша, перакіданая з боку на бок, ад суседа к суседу, ад дзяржавы да дзяржавы, зазнаўшая гора, як ніводная нацыя на свеце, першы раз па страце сваёй самабытнасці, сваёй палітычнай незалежнасці становіцца на ўласны грунт і праз сваіх лепшых сыноў маніцца ўзяць справу свайго жыцця, дабрабыту і нацыянальнага гонару ў свае ўласныя рукі. Не толькі ворагі, але й спагадачы і прыхільнікі гадалі, што Беларусь памёрла, асіміліравалася і не паўстане болей ніколі. Але памыліліся. Яна не памёрла, а спала, не канала, а спачывала.

Цяжкім лёсам абдаравала нас гісторыя. Здаецца, уся немач сусветная, уся моц пякельная, адрадзіўшыся, пасталі ўпоперак нам на дарозе. Жахам вее ад нашай гісторыі. Калі кінеш вокам на мінуласць народу нашага, як узірнешся ў мора тых слёз, пакуты і енку, што зазнаў у жыцці сваём народ беларускі, дык грудзі рвуцца ад непераможнага жалю, сціскаецца сэрца смяртэльнай жальбою і хочацца плакаць і маліцца яму, многапакутнаму і доўгатрываламу.

Трудна даць веры, што магчыма вытрываць усё тое, што выпала на долю беларускаму народу, а ён вытрываў, перажыў, перамог, хоць і дарагім коштам. Праўда, не стрымаўся ён пад цяжарам крыжа свайго — не ўстояў, паваліўся ды самлеў доўгім, летаргічным сном… Навокала ішлі, гаманілі, дбалі, змагаліся, жылі, весяліліся, а ён спачываў ад цяжкіх гістарычных турботаў. Падарожныя ішлі, рабавалі гаспадарку яго, а ён не меў абаронцаў скарбу свайму, пагубіў вартаўнічых мення свайго, і ўласныя дзеці адракліся яе і параскідаліся па бел-божаму свету, шукаючы новай долі, новай бацькаўшчыны. Яго імём сталі звацца другія, яго скарбам зухуюць чужыя…

Але вецер павеяў — неба праяснілася і развіднелася над нашай старонкаю. Дух адраджэння і яснае слонца адвечнага жыцця завіталі й да нас. Народ прачнуўся — устаў, падняў вочы, поўныя жалю і скаргі, ды затрэбаваў сваёй часткі ў агульным жыцці. Тады абступілі яго парадчыкі, наперабой раючы не рабіць драбніцы, не квапіцца на асобнасць, не вабіцца на самабытнасць, бо ён спрадвеку належаў да іх і ніколі не меў уласнай гаспадаркі. З навукі ўпарта даводзілі яму, што ён — не ён і мова не яго, гэтая паганая «мужыцкая гаворка», на каторай брыдка пры людзях размову весці, не то што ўвіхацца каля такой запанслівай гаспажы, як навука, асвета, культура. Толькі іх мова здатна і пекна, толькі ім даў Бог права быць самабытнымі, культурнымі і асвечанымі, а ў яго ёсць святая павіннасць пабачаць ім Міцкевічаў, Касцюшак, Дастаеўскіх, дбаць аб іх славе, большыць іх культуру й навуку. Яны бажыліся, што, працуючы не дома, а ў людзях, засяваючы чужыя нівы, карысць будзе большая як для сябе ўасобку, так і для культуры агульна. Але народ, на моцы доследу пасланцаў сваіх, сцяміў, куды кіруюць парадчыкі яго. Ззаду ў іх ён угледзеў кайданы сабе, а на шляху злучэння — смерць сваю. Ды з агідай адвярнуўся ад іх, заспяваў песню сусветнай пакуты ды стаў склікаць дзетак сваіх да вялікай працы на карысць уласнай гаспадаркі. І сталі пакідаць яны службы парабецкія, злятаюцца дамоў, пяюць і шчабечуць, як маладыя птушкі, прабуючы свае, яшчэ не ўмацаваныя, скрыдлы.

Жыве Беларусь!

Ужо пакрытая буйністай збажыною, шуміць і руніцца нашая маці-ніва. Няхай расце і буйнее, няхай красуе і спее на шчасце й на долю, на карысць ды на спажытак нашаму народу. Каб слонца навукі, культуры й асветы век-векаў свяціла над нашай зямлёй; каб доля шчаслівая, доля ласкавая завітала да нас гаспадыняю ды ўсміхалася ў хатках нашых цветам-калінаю! Каб наша жычэнне кацілася скрозь і ўсюды, дзе чуецца нашая мова, дзе б’ецца беларускае сэрца!

Няхай запыняюць нівы нашыя жытам-пшаніцаю, няхай запануюць гасподы нашы дабром ды скарбніцамі! Няхай красуе дзявоцтва наша макавым цветам і ўславіцца моладзь наша талентам, асветаю!

Няхай жыве Беларусь!