Ад разарэньня,
Якое прычынялі ім руччы штогодзьдзя
Вясной і восеньню ў палаводзьдзе —
Ня стала у сялян цярпеньня.
Дык вось, сабраўшыся нек мужыкі,
Усю справу гэту абсудзілі
І парашылі:
Трэ‘ з жалабай зьвярнуцца да ракі.
У гэтую раку усе руччы ўпадалі,
Дзеля таго яе сяляне пачыталі
Начальствам ўсіх руччоў суседніх,
І спадзявалісь ад яе
За шкоды ўсе свае
Адшкадаваньняў адпаведных.
А галоўнае: загаду руччам усім
Каб шкодзіць ўжо ня сьмелі ім.
А шкоды ўсе, што ім руччы зрабілі,
Сяляне ў жалабе сваей пералічылі:
У аднаго — падмочана і згніла жыта;
Ў таго — запруда у млыне размыта,
Пры самай вёсцы — мост зьнясло,
На сенажаці ілу нанясло;
Утопла шмат жывёлы з вёскі,
З гародаў зьнесяны бярвёны, дошкі.
Й словам — куды ні абярнешся —
На шкоду нейкую наткнешся.
А што найгорш і больш абідна,
У чым прызнацца нават стыдна —
Нікчэмныя руччы усё гэта нарабілі!
Хай глыбінёй багаты-б‘ былі,
Ці многа мелі бы вады…
А то. Ну проста абурэньне!..
Чаму рака? Стаяць на ёй вось гарады,
А ня чуваць пра гэткія здарэньні.
Цячэ рака спакойна і ня псуе
Дабытку жыхароў бярэжных,
Відаць як сьлед закон яна шануе.
А, як начальства, дык і руччам мяцежным
Рака павінна наказаць
Як трэ‘ законы шанаваць.
Пайшлі з прашэньнем да ракі
Ад вёскі пашай хадакі.
Прыйшлі, глядзяць,
І нос на квінт спусьцілі…
Убачылі яны між рэчаў што ракою плылі
Свае, руччамі зьнесяныя да ракі…
Паглядзелі на гэта бедныя, уздыхнулі
Дый моўчкі ў хаты павярнулі…
Прыклад здаецца ясны нам:
Дарэмна праўды хто шукае
І справядлівасьці ўзывае
Там.
Пад‘ўладнаго дзе старшы пакрывае
Й дзеліць ўсё з ім папалам!