Ад аўтара Гукі
Падручнік
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1920 год
Часьціны мовы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I.

ГУКІ.

§ 1. Слова, склад націск. Слова дзе́ліцца на склады: ва-да, ха-та, до-ля, ся-ке́-ра, ра-ні-ца. Слова можа быць аднаскладовым, калі у ім адзін склад (дом, стол, конь), двухскладовым (ва-да, зяр-нё) і шматскладовым (пе-ра-ро-біц-ца).

Калі на пісьме́ слова не зьмяшчаецца у адным радку, то яго можна перанясьці у другі радок, але толькі так, каб не парваць складоў (вы-це-ра-біць). Канцы радка трэба паставіць знак пераносу (-).

У кожным слове адзін склад выгаварваецца галасьне́й за другія, з націскам: ха-та, ка-ра, ка-ра. Націск, калі трэба, азначаецца знакам ´ над літарай.

Задачка. Разьбіць словы на склады мале́нькімі рыскамі і азначыць націск (вось так, напрыклад: ва-да́, да-ро́-га):

Пажар, сьцяна, туман, агонь, загон, калека, пранік, Марыля, баравік, павучок, месяц, журавель, ялавец. Бог больш мае як раздаў. Скупы два разы траціць. Усякі цыган свайго каня хваліць.

§ 2. Гукі галосныя і зычныя. Склады можна разлажыць на асобныя гукі. Слова „соль“ можам сказаць так каб кожны гук у ім цягнуўся доўга: с-о-ль. Лёгка пачуць, што ў гэтым слове тры гукі. У слове „рыба“ чатыры гукі, у слове „горка“ пяць гукаў і г. д.

Гукі дзе́ляцца на галосныя і зычныя.

Галосныя гукі: а, о, у, э (е), ы, і. Зычныя гукі: б, в, г, ґ, д, дз, дж, ж, з, к, л, м, н, п, р, с, т, ф, х, ц, ч. Пры вымове галосных гукаў чуваць голас, грудзі дрыжаць. Іх можна доўга цягнуць, пяяць. Пры вымове зычных гукаў чуваць зык, а ня голас.

У складзе павінен быць адзін галосны гук — колькі галосных гукаў у слове, толькі ў ім складоў: стра-ха, пра-ле́с-ка. Склад можа быць і з аднаго толькі галоснага гуку: а-бы, а-ле́.

Зычных у складзе можа быць колькі і можа ня быць ніводнага: страш-ны, а-ле́.

Зычныя ужываюцца толькі разам з галоснымі[1].

Галосныя ў і й ня твораць асобнага складу: даў, праўда, дай, яд (значишь йад), вайна. З гэтага яны падобныя да зыч­ных. (Гукі ў і й часамі называюць паўгалоснымі).

На пачатку слова дзеля вялікшае складнасьці у, і замяняюцца на кароткае ў, й, калі яны стаяць пасьля галоснага гуку: мы ўжо зробілі; я йду да цябе́.

Задачка. Перапішы, замяніўшы крыжык якімі трэба літарамі:

Гартаі загаралі ×сё поле. Яны ×вайшлі × хату. Было × бацькі тры сыны. Бацька × маці ×жо вярнуліся з поля. Была адна кароўка ды× тую ваўкі зье́лі. А хто там ×дзе́? Хто ×дзе́, той паклоніцца.

§ 3. Цьвёрдыя і мягкія зычныя. Зычныя гукі могуць вымаўляцца цьвёрда і мягка.

Цьвёрдыя зычны. (б, в, г, ґ д, дз, дж, ж, з, к, л, м, н, п, р, с, т, ф, х, ц, ч, ш) чуваць, напрыклад, у такіх словах: босы, вол, госьць, доля, ксяндзы, жыта, ураджай, зорка, кол, лом, ныркі, пышны, рысь, сын, тын,фыркаць, хата, цэп, чысты, шырокі.

Гэтыя самыя зычныя чуваць мягка у такіх разох, як біць, віць, гінуць, дзік, зіма, кінуць, лёгкі, ме́йсца, Нёман, пяць, се́м, фігура, хітры, ціха.

Зычныя р, ж, ч, ш, заўсёды цьвёрдыя: рэпа, зара, жоуты, чысты, шырокі.

Так сама няма мягкіх д і т, бо яны зьмяніліся на мягкае дз і ц: дзе́нь, це́нь, дзік, ціха, дзядзька, піць (дзе́каньне і це́каньне).

Задачка. Літары, што азначаюць цьвёрдыя зычныя, падчыркнуць аднэй рыскаю, а тыя, што азначаюць мягкія — дзьвюма:

Люлі, люлі, люлі!
Прыляце́лі куры,
Се́лі на вароцех
У чырвоных боцех,
Сталі сакатаці.
Што курачкам даці:
Ці жыта карыта,
Ці ячме́ню жме́ню,
Ці бобу каробу.

ЗВОНКІЯ I ГЛУХІЯ ЗЫЧНЫЯ.

§ 4. Зычныя могуць вымаўляцца звонка (з голасам) і глуха (бяз голасу), прычым

звонкаму адказавае глухі

б п (бабы—папы)
д т (дам—там)
ґ к (ґіль—кінь)
г х (гам—хам)
з с (заву—саву)
ж ш (жаль—шаль)
дз ц (дзѐнь—це́нь)
дж ч (хаджу—хачу)
л ня маюць падобных глухіх.
р
м
н

Задачка. Аднэй рыскаю адзначыць звонкія гукі, дзьвюма — глухія.

Вясковыя дзе́ці.

Пусты ўле́тку нашы сёлы,
Усе́ на полі за сярпом,
Толькі дзе́так крык вясёлы
Лье́цца ў вуліцах руччом.
Ве́цер кудры іх цалуе,
Мые дождж іх бле́дны твар,
З імі сонейка жартуе
I цяпло ім шле́, як дар.

Якуб Колас.

§ 5. Зычныя з, с, ц, дз называюцца сычачымі.

ж, дж, ш, ч, шыпячымі.
р, л плаунымі.
н, м насавымі.

§ 6. Водлуг тых прыладау, якімі найбольш вымауляюцца зычныя, іх можна падзяліць на

губныя: б, в, м, п, ф.
язычныя: д, ж, дж, ч, ш, з, с, ц, дз, р, л, н.
гартанныя: г, і’ к, х.

Задачка. У кожным слове апішы усе́ зычныя гукі — якія яны: 1) цьвёрдыя ці мягкія; 2) звонкія ці глухія; 3) сычачыя, шыпячыя ці насавыя; 4) губныя, язычныя, гартанныя:

Хто поле троіць, той хле́б кроіць. Калі ўле́з у дугу, не кажы не магу. Калі мужык з жонкай сварыцца, тады у гаршку трасца варыцца.

(Пішы у гэткім парадку: 1) хто; х — цьвёрды, глухі, гартанны; т — цьвёрды, глухі, язычны і г. д.).

§ 7. На пісьме́ гукі азначаюцца літарамі (буквамі). Усе́ літары мовы, пералічаныя ў сталым парадку, называюцца азбукай (абэцэда).

Вось беларуская азбука: а, б, в, г, ґ, д, е, ё, ж, з, і, й, к, л, м, н, о, п, р, с, т, у, ў, ф, х, ц, ч, ш, ы, ь, э, ю, я.

Побач з кірыліцай ужываюць яшчэ лацініку:

а, b, с, ć, č, d, f, g, h, і, j, к, l, ł, m, n, ń, o, p, r, s, ś, š, t, u, ǔ, w, у, z, ź, ž.

Літары я, е, ё, ю не азначаюць якіх асобных гукаў, розных ад а, э, о, у. Калі я, е, ё, ці ю стаіць за зычным, то зычны вымаўляецца мягка: сяду, не́ба, лён, людзі, (значыць — сьяду, ньэба, льон, льудзі). На пачатку складу я, е, ё, ю значыць тое, што йа, йэ, йо, йу: яма — йама, твая — твайа; ёлка — йолка, патаёмны — патайомны; юшка — йушка; граюць — грайуць.

Знак ь не азначае ніякага гуку, а толькі мягкасьць зычнага; вугаль (але вугал), колькі (але калы), сьцяна, дзядзька і г. д.

Часамі ь паказвае, што зычны ня трэба зьліваць з ча­родным галосным, бо паміж імі чуваць й: зьявіцца, зье́сьці і г. д. (вымаўляецца: зьйавіцца, зьйэсьці).

Пасьля цьвёрдага зычнага ставіцца ў такім разе знак’ над радком паміж літарамі: аб’явіць аб’е́хаць, аб’е́сьці, пад’е́ду і г. д.

Для азначэньня зыкаў дж і дз піщацца па дзьве́ літары, але трэба памятаць, што вымаўляюцца яны не паасобку, а разам: сяджу, сядзе́ць.

Для азначэньня такога зыку, як у словах мазґі, ґанак ужываецца знак ґ[2]).

§ 8. Дзеля таго, што ў беларускай мове зычныя ж, ч, ш, р цьвёрдыя, то посьля іх ужываецца ня і, а заусёды ы: жыла, чыста, шыла, бяры.

Дзеля таго самага посьля ж, ч, ш, р, ніколі ня пішацца я, ю, е, ё, а толькі а, у, э, о: бура, гавару, рэзаць, сьцярог; жаба, жук, жэўжык, жоўты; часьць, чую, чэсьць, чорны; шабля, шум, шэршань, шосты.

Задачка. Паставіць літары заме́ста крыжыка:

РХба, грХб, грХзь, рХбы, зьбярХг, тварХг, жХць, жХрдзь, жХнка, чХста, зачХпка чХрт, бычХк; шэршХнь, шХць, страшХнны, шХсьнік, шХры, шХўк, шХм.

§ 9 Аканьне. Гукі о (ё), э (е) у беларускай мове чуваць ясна толькі пад націскам: до́бра, цёплы, ле́с, цэлы і г. д. Калі склад не пад націскам, то заме́ста о, э чуваць а: добры — дабро́; цёплы — цяпло́, (цьапло), ле́с — лясы (льасы), цэп — цапы.

Аканьне найвыразьне́й выступае ў складзе перад самым націскам: ле́с — лясы. У друіх складох на ме́йсцы э можа быць гук блізкі да і або гук няясны паміж а і е — ае: лесавік вымаўляецца лісавік або ляесавік.

Аб тым, як трэба пісаць пры аканьні, глядзі „Пра́вапіс“.

§ 10 Аб складох ры, лы, лі. У складох не пад націскам знаходзім ры, лы, лі у гэткіх словах: дрыжэць, глытаць, праглынуць, трысьцінка, трысьнік, брыво, крыві, крывавы, блыха́, блыхі, дрывамі, дрывяны, крышыць, крыха, грыме́ць, трыбух, хрысьціць, трывога, стрыгатаць, брысьці, яблык, яблына, блішчэць.

Калі на гэтыя склады прыходзіцца націск, то тады знаходзім ро, ло: дрож, тросьць, бровы, кроў, блохі, дровы, крошка, гром, хрост, брод і г. д.

Задачка. Перапішы вышэй пералічаныя словы ў другіх формах (напр.: дрыжу, дрыжэў, брыво, брыва, брыву, і г. д., але бровы).

§ 11. Падвойныя зычныя. Беларуская мова мае падвойныя зычныя у такіх разох:

льль: вясе́льле, купальле, гальлё, Ільля, ральля, сольлю, кольле і г. д.
ньнь: здарэньне, сумле́ньне, пытаньне і г. д.
зьзь: з гразьзю, мазьзю, зазьзяць і г. д.
сьсь: каса — касьсё, волас — валосьсе, колас — калосьсе і г. д.
дзьдзь: судзьдзя.
цьць: жыцьцё, багацьце, куцьця і г. д.
жж: збожжа і г. д.
чч: лык — лыччо, сук — суччо, пе́ч — запе́чча, запе́ччу, у ваччу і г. д.
шш: зацішша, каля ушшу, з роскашшу і інш.

Апрача гэтага падвойныя зычныя зьяўляюцца пры тым, як словы склацаюцца: с-сыпаць, ад-даць, бяз-зубы і г. д.

Задачка. Перапішы словы з удваеньнем і дапішы свае́ прыклады.

§ 12. Прыдыханьне. Калі слова пачынаецца з галоснага, то перад ім можа стаяць прыдыханьне в або г: вока, вуха; авёс — гавёс і г. д. Прыдыханьне сустракаецца і ў сярэдзіне слова паміж двума галоснымі: павук, навука, цівун і інш.

Задачка. Азнач рыскаю прыдыханьне:

Вакно, варыць, вочы, вол, вужака, вузкі, вугаль, павук, павёў, віна, вайна, Радзівон, вон, Лявон, аплявуха, гараць, гара, гарэх, грэх, гарбуз, ганю, гаруд, вуліца, густы, горад, гарод, гоні.

§ 13. Кароткае ў. Паміж галосным і зычным можаць стаяць толькі ў, а не в: залатоўка, кароўка, (але — карова), толькі рэха ў ле́се йдзе́.

У канцы закрытага складу[3] стаіць так сама ня л, а ў: даў, поўны, тоўсты і інш.[4]

Задачка. Паставіць літара заме́ста крыжыка:

Апусьце́Ха поле. Работы на ім даХно скончаны. Пуста й гола Хсюды, толькі маХадое жыта адно зеляне́е X полі і рэзка выдзяляецца сярод мёртвага абразу асе́ньняга часу. Пачарне́X шырокі Хуг; адны толькі парыжэХшыя фігуры стагоХ з востраю жэрдкаю X ве́рсе раскінуліся па грудох і нудна пазіраюць Х не́ба.

§ 14. Звонкія зычныя перад глухімі і на канцы слова страцілі звонкасьць і вымаўляюцца глуха:

пішацца: вымаўляецца:
рэдка рэтка
ножка ношка
гразка граска
абхапіць апхапіць
боб боп
лёд лёт
дождж дошч

і г. д.

Глухія зычныя перад звонкімі зробіліся звонкімі.

пішацца: вымаўляецца:
касьба казьба
малацьба маладзьба

і г. д.

Задачка. Крыжыкі замяніць літарамі:

Асе́ньні ве́чар.

Вые бура. Ле́+ гамоніць,
Як на сходзе гдзе́ наро+.
Ве́цер хмары так і гоніць;
До++ і гра+ь і галалё+.
На камінку корч пылае;
Каля пе́чы дзе́+ сядзіць,
Ба+ька ла+ці папраўляе,
Маці ні+кі се́ла ві+ь.
Ве́цер вне, ня сьціхае,
Дзіка ў коміне шумі+, —
То заплача, засьпявае,
То па стрэсе прабяжыць.
Ціха ў хаце. Сэрца ные,
Душу стра+ апанаваў.
Чаму-+, ве́цер, думкі злыя
У душу ты маю нагнаў?

Якуб Колас.



  1. Дзеля гэтага зычныя гукі называюць яшчэ сугалоснымі. Гэты назоў нядобры тым, што можна было-б падумаць, быццам зычныя гукі вымаўляюцца з голасам.
  2. Не заусёды.
  3. Закрыты склад гэта такі, што канчаецца на зычныя або на ў, й: пол, вол, пан, дай, ме́ў і г. д. У слове ва-да, абодва склады закрытыя.
  4. Але ў іме́ньнях астае́цца: кол, стол, гарэлка, іголка і інш.