Беларуская совецкая паэзія (1936)/Творчы шлях совецкіх паэтаў
← Класавая барацьба ў паэзіі | Творчы шлях совецкіх паэтаў Крытыка Аўтар: Андрэй Александровіч 1936 год |
Любоў да радзімы і пролетарскі інтэрнацыяналізм → |
ТВОРЧЫ ШЛЯХ СОВЕЦКІХ ПАЭТАЎ
Ад песень, у якіх апявалася радасць, народжаная рэволюцыяй, ад агульнага апявання заводскіх гудкоў, ад радасці вольнай сялянскай працы, ад песень, якія шмат у чым пераклікаліся з пафасам наіўнай лірыкі пролеткультаўшчыны, беларускія маладыя паэты пераходзілі да больш паглыбленага пазнавання жыцця. Дрыжачы голас ад частых ускліканняў рабіўся паступова спакайнейшым, больш дзейсным, эмацыянальным.
Узбагачаючыся фармальнай культурай верша, актыўна ўключаючыся ў рэволюцыйную практыку нашай рэчаіснасці, паэты пачалі авалодваць сілай аптымізма, развіваючы спецыфічныя асаблівасці свайго пісьма, «удакладняючы» сваё творчае «я» і гэтым самым хутка вызваляліся ад налёту «нашаніўскага» ўплыву.
Асабліва паказальны працэс такой барацьбы і росту на творчасці пролетарскага паэта-лірыка Міхася Чарота.
Першая кніга яго вершаў «Завіруха» носіць на сабе значныя сляды ўплываў «нашаніўскай»
АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ
фармацыі, а гаворачы палітычнай мовай, значныя сляды нацыяналістычнай ідэалогіі.
Вершы ў «Завірусе» пераважна на вясковую тэматыку і як-бы гавораць пра тыя пабытовыя глыбіні, з якіх прышоў у літаратуру Міхась Чарот. У вершы «Ведай свет» (1921 год) паэт раскрывае чытачу сваю «анкету жыцця», некалькі ўзвышаным голасам, авеяным рамантычнай пеляной, горда на ўвесь свет, заяўляе пра сваё сялянскае паходжанне.
Ведай свет, што я сын мужыка-бедака |
І ён, гэты «мужык-бядак», каб над краінай «прамень шчасця засвяціў», «пра волю песні сам пачаў складаць».
Першыя два-тры гады творчасці М. Чарота тэматычна былі абмежаваны жыццём вёскі і агульнапатэтычным «касмічным» апяваннем вызваленай Беларусі.
Край новы узрасце тады на бураломе, |
Будова верша, яго лексічныя сродкі пераклікаліся з творчасцю дарэволюцыйных паэтаў. Зборнік «Завіруха» быў своеасаблівым мастом, што злучаў Чарота з літаратурай дакастрычніцкага часу. Адзіным знешнім адрозненнем былі эпітэты, якія павярхоўна характарызавалі першыя гады совецкай эпохі. Калі раней пра Беларусь пісалі, як пра цёмную, загнаную; прыгнечаную і тужлівую, дык у Чарота эпітэты змянілі сваю афарбоўку. Беларусь стала светлай, вясёлай, яснай, вызваленай. Пячатка традыцыйных вобразаў мінулага, павярхоўнага слізгання па новых падзеях у жыцці краіны ляжыць на першых творах Чарота. І крытыка, якая жывіла сябе карэннямі буржуазнай ідэалогіі, выключна прыветна сустрэла і высока ацаніла творчасць Чарота перыяда «Завірухі».
Напеўнасць, унутраная лірычная цеплыня, чыстата мовы, якая звязвала Чарота з народнай творчасцю, сведчылі аб прыходзе ў літаратуру таленавітага паэта. Але маладому Чароту, які прышоў у горад з вёскі, патрэбна было моцнае ідэйнае падтрыманне. Мы ведаем пра сумны лёс многіх паэтаў з сялян, якія не здолелі пераступіць праз парог у горад. І Міхась Чарот, знаходзячыся ў палоне дзесяцігоддзямі складаўшайся «сялянскай» беларускай літаратуры, пападаў пад уплыў «модных» плыняў рускай паэзіі, у прыватнасці «крестьянствующего» імажынізма.
Дзянніцы зірк на небе стух, |
У гэтым тэматычным і ідэйным коле нацыяналісты стараліся затрымаць паэта. Але ў 1922 годзе, калі Чарот вырываецца з павуціння нацыяналістычнай лірыкі, разрывае кола і стварае дзівосную паэму «Босыя на вогнішчы», на яго з усёй сілай навальваюцца нацыяналісты. Яго пачынаюць цкаваць, яму стараюцца давесці, што гэтай паэмай ён стаў на памылковы творчы шлях, што ён здраджвае традыцыям беларускага вершаскладання, траціць сваю нацыянальную самабытнасць.
З’яўленне паэмы «Босыя на вогнішчы» было вялізнай падзеяй у беларускай літаратуры. Узламаўшы старыя каноны нацыяналістычнай лірыкі, разбурыўшы яе аднастайны, бесклапотна-нудны рытм, Чарот, аптымістычна, рознапланава ахопліваючы падзеі, народжаныя Кастрычнікам, з разуменнем пролетарскай сутнасці Кастрычніка, разгортвае панараму рэволюцыі ў Беларусі, трапна характарызуючы класавыя сілы двух бакоў.
Паэт кліча на барацьбу, спявае перамогу, заваяваную ў смяротнай барацьбе, у барацьбе «з ворагамі па-варожаму».
Што шаг — пабеда бліжай, бліжай… |
«Босыя на вогнішчы» з’яўляюцца пролетарскім пачаткам развіцця нашай паэзіі.
Наступныя яго творы: паэмы «Чырвонакрылы вяшчун», «Ленін», «Карчма», вершы пра комсамол, пра партызанскі рух, вершы пра Заходнюю Беларусь паслядоўна развіваюць тую творчую лінію аптымізма, якая смела і правільна была намечана ім у паэме «Босыя на вогнішчы».
Аналагічны творчаму шляху Міхася Чарота — шлях паэта Паўлюка Труса, які памёр яшчэ маладым у 1929 годзе. Паўлюк Трус, як і Чарот, прышоў у літаратуру з вёскі. Першыя яшчэ далёка недасканалыя вершы П. Труса паказалі выключна вялікае пачуццё і веданне беларускай народнай песні. Тэматыка, вобразы і лексіка будаваліся паэтам пераважна на народнай творчасці; ён выкарыстоўваў стылістычныя сродкі фальклору, карыстаўся пастаяннымі, «акамянелымі» ў фальклоры эпітэтамі. Лёгкасць і гучнасць верша, эмацыянальная насычанасць вылучалі Труса з раду іншых сучасных яму маладых паэтаў. Але тэматычна П. Трус быў бедны. Маштаб вёскі, а гэта значыць, яго культурная база, не даваў яму магчымасці бачыць падзеі шырэй і глыбей, скоўваў яго, пазбаўляў сродкаў абагульнення.
П. Трус вырастае перад намі, як паэт з грузам дробнабуржуазнай сялянскай абмежаванасці, раздвоенасці, з хістаннямі. Але як толькі П. Трус уключаецца ў грамадскае жыццё краіны, становячыся актыўным членам комуністычнага саюза моладзі, ён як паэт узнімаецца на значна вышэйшую ступень і стварае паэму «Дзесяты падмурак», прасякнутую аптымізмам, верай у прыгожую будучыню Совецкай Беларусі.
He гледзячы на правакацыйныя метады барацьбы «Узвышша», накіраваныя на тое, каб перацягнуць Труса ў лагер контррэволюцыі, Трус ідзе правільным шляхам, набліжаючыся да пазіцый пролетарскага мастацтва. Ён марыць пра новую індустрыяльную Беларусь, пра край «фабрык і машын», пра соцыялістычнае квітненне:
…І тады я стану пад гарою, |
Бачачы, велізарныя перспектывы росту сваёй рэспублікі, паэт пераносіцца ў марах, у акупаваную польскімі панамі Заходнюю Беларусь і, будучы ўпэўненым у перамозе працоўных, заклікае:
Пад сцягам рашучасці КПЗБ |
Рост паэта ад натуралістычных зарысовак вясковага побыту да ідэйнаасэнсованага палітычнага закліку вялізнага маштаба звязан з упартым перамаганнем цяжкасцей. Перамагаючы іх вучобай і актывізацыяй у грамадскім жыцці краіны, паэт узбагачаецца нараджэннем новага пачуцця, імя якому — рэволюцыйны аптымізм.
Таварыш Сталін на выпуску акадэмікаў Чырвонай арміі 4 красавіка 1935 года сказаў, што трэба выхоўваць такіх людзей, «якія не баяцца цяжкасцей, якія не хаваюцца ад цяжкасцей, а, наадварот, ідуць насустрач цяжкасцям, для таго каб перамагчы і ліквідаваць іх». Наш аптымізм — аптымізм актыўных, мужных творцаў шчасця чалавецтва, якія ідуць цяжкім, але адзіным правільным шляхам, тым шляхам найбольшага супраціўлення, які забяспечыць трыумф перамогі.
І калі паэт П. Броўка ў адным з сваіх вершаў гаворыць што:
Мы павінны зрабіць, |
дык гэта таму, што:
Мы жывем за бацькоў, |
Вось гэтае асэнсоўванне вялікай культурнай і мастацкай задачы, якая стаіць перад паэтам і вядзе на складаны шлях творчай барацьбы за высокі і чысты голас рэволюцыйнага аптымізма.
Не апатыя, не застой і роўнадушша, а якасці мужнасці, бясстрашша і творчага «дерзания» — неад’емныя рысы характару чалавека нашай соцыялістычнай радзімы, чалавека-арганізатара вялікіх з’яў грамадскага жыцця, чалавека, які разумна стварае гісторыю, чалавека, які выражае філасофскі светапогляд пераробкі свету. Даць вобраз такога чалавека, чалавека эпохі Сталіна, імкнецца паэзія Совецкага саюза.
ІЗІ ХАРЫК
Не аптымізм абыякавага назірання жыццёвых падзей, а палкі ўдзел у разгортванні гэтых падзей, не апяванне абстрактнай сілы «дабра», а творчая праца, якая дае шчасце чалавецтву, не шчаслівая выпадковасць у добрым зыходзе падзей, не база прымітыўнага аптымізма амерыканскага мешчаніна, выражаная ў славутай формуле «О-кей» — «усё ў парадку», не аптымізм, які прапагандуе «цярпенне пераносіць цяжкія хвіліны жыцця» (Золя), а аптымізм, настойлівага перамагання цяжкасцей, аптымізм гіганцкай перабудовы жыцця і чалавечых адносін, аптымізм, вытокі якога — у глыбокай ідэйнай сувязі з соцыялістычнай справай, у глыбокім разуменні людзей нашай краіны. Іменна гэтыя рысы рэволюцыйнага аптымізма характарызуюць дух совецкай мастацкай літаратуры. Гэта іменна, адна з тых вялікіх якасцей, якая зрабіла В. Маякоўскага «лепшым паэтам совецкай эпохі». (Апладысменты.)
Па лініі развіцця палітычнай лірыкі, насычанай аптымізмам, у нашай паэзіі імкнецца ісці Пятрусь Броўка.
У літаратуру П. Броўка, як і многія іншыя пісьменнікі, прышоў, выхоўваючыся на старонках большэвіцкага друку. Пячатка наіўнай агітацыйнай паэзіі моцная ў вершах першага этапа яго паэтычнай дзейнасці. Згубныя ўплывы «Літфронта» таксама моцна далі сябе знаць на творчасці Броўкі. Многія з яго вершаў грэшныя рытарычнасцю, схематызмам, шматслоўнасцю, рытмічнай распыленасцю, абстрактным «планетарным» апяваннем перамог соцыялістычнай paдзімы. Такая яго «Прамова фактамі», «Цэхавыя будні», паэма «Менск». З другога боку, амаль з самага пачатку яго паэтычнай работы праглядала другая якасць — лірычная цеплыня, уменне схапіць характэрную дэталь чалавечых паводзін, настроі людзей і ўменне ўзняцца да ўзроўню мастацкага абагульнення. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў такіх якасна-неаднолькава роўных вершах, як «Гады як шторм», «Праз горы і стэп», «Зямля», «Двайня».
Гэтыя дзве супярэчлівыя «сілы» ў паэтычнай душы Броўкі і да апошніх гадоў даюць сябе знаць, але ясна выяўлена тэндэнцыя перамогі другой з’явы — умення выбраць тэму, матэрыял, умення перамагчы кампазіцыйную рыхласць верша, запаліць радок пафасам. Апошняя кніга яго вершаў «Прыход героя» знамянуе сабой творчы рост. Гэтая кніга выразліва паказвае на тыя творчыя цяжкасці, якія, часта не без поспеху, Броўку ўдаецца перамагаць.
Адным з лепшых, насычаных аптымізмам, верай у перамогу, пафасам, які кліча да барацьбы, з’яўляецца яго верш «Праз горы і стэп». Верш, пабудаваны на матэрыяле гістарычных баёў у гады грамадзянскай вайны Самарскай кавалерыйскай дывізіі. Сіла мастацкага ўздзеяння гэтага верша заключаецца ў тым, што аўтар не прытрымліваўся слепа гістарычных даных. Ён не стаў на шлях фактаграфіі, а з дапамогай мастацкага вымыслу знайшоў характэрныя эпізоды, фарбы, дэталі, здолеў вобразы абагульніць, і верш гучыць не толькі як мастацкі дакумент барацьбы адной дывізіі, але як песня аб усёй Чырвонай арміі, аб самаадданай барацьбе яе байцоў.
Калі паэма «1914», таксама як верш «Праз горы і стэп», напісана па таму-ж творчаму прынцыпу і разгортвае перад намі рэльефнае палатно жыцця беларускай вёскі напярэдадні і ў час імперыялістычнай вайны, дык яго паэма «Так пачыналася маладосць» гэтых якасцей пазбаўлена.
Паказаць эпізоды жыцця менскага комсамола ў падполлі, тыпова для ўсяго комсамола Беларусі, паэту не ўдалося. І няўдача прышла, галоўным чынам, таму, што аўтар аказаўся ў палоне асобнага гістарычнага факта, біяграфічнай даведкі аб героі, адмовіўся ад мастацкага вымыслу, а гэта ў сваю чаргу прывяло твор да ідэйнай абмежаванасці, прывяло аўтара да раду аднатыпных сродкаў мастацкага выражэння, да стэрэатыпных эпітэтаў і метафар, не гледзячы на асобныя моцныя кавалкі, як эпізод падпольнай сходкі на рацэ, дзе:
… І здаецца з ветрам |
Умацоўваючы свае творчыя пазіцыі, П. Броўка павінен змагацца за паглыбленую сэнсавую сілу, за рознапланавасць кампазіцыі верша.
За час пасля 23 красавіка 1932 года беларуская паэзія пайшла наперад асабліва буйнымі крокамі.
У гісторыі беларускай паэзіі мы, як відаць, не знойдзем ніводнага этапа, які адпавядаў-бы такому колькаснаму і якаснаму росту, як сучасны этап. Гэта, праўда, не дае нам права рабіць вывады, што наша паэзія ідзе ўжо на адным узроўні з жыццём краіны. Такое сцверджанне было-б няправільным, а галоўнае шкодным. Калі захапіцца поспехамі калектыва паэтаў і кожнага паэта ў паасобку, гэта значыць, затармазіць рост, аслабіць сілы замест мабілізацыі іх для далейшага творчага руху наперад.
Шлях барацьбы за аптымізм — гэта шлях барацьбы за авалоданне соцыялістычным рэалізмам, як творчым метадам нашай літаратуры. Зусім ясна, што аптымізм — гэта неабходны элемент соцыялістычнага рэалізма. Наш аптымізм можа гучаць толькі ў рэалістычных творах, у творах вялікай мастацкай якасці.
Творы, якія адлюстроўваюць нашу рэчаіснасць, павінны стаяць на ўзроўні светапогляду эпохі і якасна быць творамі вялікай мастацкай сілы, вартымі вялікіх якасцей тых людзей, вобразы якіх з’яўляюцца вобразамі совецкай паэзіі.
Дасягнуць гэтага — не так проста. Гэта часта звязана з няўдачамі, праваламі. Няўдач хапае. Многія «мнімыя» ўдачы і «перамогі» ў некаторых ствараюць няправільнае разуменне аб творчым шляху свайго развіцця. Параўнальна часта з’яўляюцца такія назвы твораў, як «Радасць», «Высокая радасць», «Добрае жыццё», «Вясёлыя рэбяты». Аўтары гэтых твораў прыкрываюць «аптымістычным» загалоўкам недастатковае багацце і пераканальнасць зместу. (Апладысменты. Галасы: Правільна!) Абяцаюць шмат якія з гэтых твораў больш, чым даюць. А знаходзяцца і такія паэты, якія апяваюць таўханіну ў трамваі, як карысную зарадку для бадзёрасці. Адзін паэт вельмі лірычна спявае, як ён пакахаў дзяўчыну за тое, што яе валасы пахнуць мазутам. (Смех.) Да катэгорыі такой якасці твораў адносяцца і многія вершы беларускага паэта Т. Кляшторнага. Сюды адносяцца i вершы В. Маракова, сапсутыя салодка-прыкрым сантыменталізмам.
Перад сучаснай беларускай паэзіяй стаіць складаная задача — перамагання цяжкасцей па стварэнню сюжэтнага эпічнага твору. За апошнія гады наша паэзія прадстаўлена радам лірычных вершаў, насычаных ідэйнай і эмацыянальнай сiлай. Адчуваецца веданне верша, што не заўсёды можна бачыць у раду таленавітых паэтаў. І гэта — наша перамога, бо раней лірычны верш, які выконваў і актуальную палітычную функцыю, па сутнасці як-бы адсутнічаў, ён губляўся ў масе даўжэзных публіцыстычных разважанняў і пераказах лозунгаў у рыфмаваным выглядзе.
Наша паэзія прадстаўлена і радам бясспрэчна ўдалых паэм. Многія з іх кампазіцыйна пабудаваны як-бы кольцамі лірычных напластаванняў, думак, асобных эпізодаў, звязаных адзіным ідэйным зместам.
У галіне стварэння сюжэтнай паэмы ў беларускай паэзіі працуюць паэты Пятро Глебка і Аркадзь Куляшоў, у яўрэйскай паэзіі — Ізі Харык і М. Кульбак.
Пачаўшы друкавацца ў 1923 годзе, Глебка за гады сваёй работы выдаў шмат кніг. Пятро Глебка — пладавіты паэт. Але не ўсе кнігі паэта мастацкі раўнацэнны, ідэалагічна поўнацэнныя.
У яго песнях, галоўным чынам, дамінавала індывідуалістычнае псіхакапанне, тэматычная вузкасць, якую жывіла толькі крыніца сельскага жыцця. У яго песнях відна пячатка соцыяльнай пасіўнасці. Гэта прывяло паэта да пазіцыі буржуазнага нацыяналізма, гэта вызначыла ідэйную лінію творчасці Глебкі, якая арганічна прывяла яго ў лагер пісьменнікаў-нацыяналістаў — у літаратурнае аб’яднанне «Узвышша».
Зборнік «Шыпшына», выданы ў серыі «узвышанскай» літаратуры, поўны асабістых перажыванняў. Няма ў яго творах гэтага перыяда нічога, што гаварыла-б аб тых новых парастках, якія з’явіліся ў жыцці краіны, няма паказу
ПЯТРУСЬ БРОЎКА
совецкай улады, пладоў яе работы, няма паказу класавай барацьбы; усе падзеі сучаснага яму жыцця ўвасабляюцца ў адзіным лозунгу «Маці-Беларусь», як у вялізным улюбёным сімвале «самабытнасці».
Наступныя зборнікі П. Глебкі «Хада падзей», «Арлянка», «Арка над акіянам» — сведчаць аб адыходзе Глебкі ад сваіх пазіцый.
Пасля разгрому «Узвышша», Глебка выбіраецца з гэтай нацыяналістычнай твані, становіцца на нашу дарогу, але на свежым рэволюцыйным паветры ён на час як-бы задыхаецца, як-бы губляе паэтычны голас. П. Глебка піша вершы пра совецкую рэчаіснасць, шчыра выражаючы прызнанне рэволюцыі і, часам у форме рыфмаванай хронікі, ён стараецца патэтычна пяяць славу комуністычнай партыі — арганізатару і кіраўніку перамог у краіне.
Апошні зборнік вершаў «Чатыры вятры» сведчыць аб ідэйным і творчым росце паэта. Калі на асобных вершах ляжыць яшчэ пячатка публіцыстычнай слоўнасці, рассудачнасці, дык бясспрэчна паэма «Мужнасць», прысвечаная памяці Владзіміра Ільіча, — гэта лепшы твор П. Глебкі.
Народны смутак, выкліканы стратай Владзіміра Ільіча, месцамі з пачуццём вялікай лірычнай цеплыні ўдалося перадаць П. Глебку ў паэме. Зарысоўкі прыроды падначалены пачуццю людзей і як-бы ствараюць агульную гармонію жалобнага настрою.
Некалькі слабей удалося паэту паказаць гістарычную прысягу таварыша Сталіна, выразіць яе партыйную страснасць, хоць П. Глебка і імкнецца перадаць сілу рэволюцыйнай большэвіцкай адданасці справе ленінізма:
Мінаем час няшчаднай смерці, |
Асаблівасць творчасці Глебкі — гэта яго ўпартыя творчыя шуканні, вучоба па аўладанню сюжэтнасцю твору, імкненне да стварэння эпічнай паэмы. Гэтая лінія — лінія сюжэтнай паэмы, вызначылася ў кнігах «Арлянка», «Арка над акіянам», «Карменсіта».
Але ўжо вырысоўваецца і небяспека для творчасці Глебкі. Гэта асабліва відаць на яго вялікай па размерах паэме «Карменсіта». Гэтая небяспека выражаецца ў прызнаках адрыву ад жыцця, і гэта прыводзіць зноў да схематызма. Паэма «Карменсіта» прасякнута какетнічаннем паэта фармалістычнымі прыёмамі, манернічаннем, жангліраваннем сцэнічнай тэрміналогіяй. Некалькі несур’ёзнае пахлопванне па плячы класікаў літаратуры і музыкі пакідае прыкрае пачуццё.
Уключыцца актыўна ў жыццё нашай краіны, ва ўсе яго поры, адыйсці ад хатне-кніжнага ўстрымання рэчаіснасці — першачарговая задача П. Глебкі.
Аркадзь Куляшоў — малады паэт. Ён хутка прымусіў звярнуць на сябе ўвагу. Яго першыя вершы вылучаліся характарам падыходу да матэрыялу, цягай да свабоднага размеру, скульптурна-пластычнай пабудовай вобразаў. Праўда, небагатае кола жыццёвых назіранняў дае сябе знаць у тым, што Куляшоў, захапляючыся шуканнем арыгінальных фармальных сродкаў, трапляў у палон фармалістычных уплываў.
Шуканні свайго творчага «я» не заўсёды ішлі па правільнаму шляху. Калі паэма «Гарбун» паказвае на некаторае ідэйнае ўзмужненне паэта, дык усё-ж працэсы класавай барацьбы ў краіне, характары людзей прасякнуты элементамі некаторай алегарычнасці і рамантыкі.
З другога боку, асабліва ў першай паэме Куляшова «Аманал» стаяла перад аўтарам вялікая небяспека, якая выражалася ў адсутнасці пачуцця рытму. Празаічная будова верша, апавядальны стыль рабілі вершы пасіўнымі, бяздзейнымі і гэта дасужымі крытыкамі тлумачылася, як «наватарства», як той шлях, па якім павінен паэт весці разведку сваёй творчай лініі. У паэме «Гарбун» аўтар пачынае адыходзіць сам ад гэтага «наватарства». Вершы рытмічна інакш загучэлі, вобразы сталі скульптурнымі, пластычнасць і прастата выкладання вызначылі яго творчы рост, паказалі на поспех Куляшова ў галіне шукання эпічных шляхоў. Многае на сваім творчым шляху неабходна перамагчы яшчэ маладому Куляшову. Патрэбна яшчэ ўпартая творчая вучоба.