Беларускіе казкі (1912)/Куча грошы
← Хаўрус | Куча грошы Беларуская народная казка 1912 год |
КУЧА ГРОШЫ.
Жылі калісьці на сьвеце два стральцы і хадзілі яны на палеваньне. Ідуць раз цёмным лесам па глухой сьцежэчцы, — сустрэўся ім старычок.
І кажэ ён ім:
— Не хадзіце па гэтай сьцежцы, стральцы.
— А што, дзядулька?
— Тут, братцы, на гэтай сьцежэчцы ляжыць вялізная зьмея, і нельга ні прайсьці, ні праехаці.
— Дзякуем, дзядуля, што нас ад сьмерці адвёў.
Дзядуля пайшоў, а стральцы пастаялі, падумалі, дый кажуць:
— А што нам зьмея? Мы маем чым бараніцца! Няўжо-ж мы га́дзіны не зваюëм?!..
І пайшлі; дайшлі і відзяць: вялікая куча грошэй ляжыць на сьцежцы. Засьмеяліся тагды мысьлівые і гавораць:
— Вот ëн, стары гад, што нам сказаў! Каб мы яго паслухалі, ён сам гэтые грошы ўзяў бы, а цяпер дык мы іх і не пражывём ніколі.
Селі яны і думаюць, што рабіць Вось адзін і кажэ:
— Ідзі ты да дому за канём: мы не данясем на сабе грошы.
Адзін астаўся сьцерагчы, а другі за канём пайшоў. — Той, што астаўся пры грашах, кажэ свайму таварышу:
— Ты, браток, зайдзі да маей гаспадыні і прынясі кусок хлеба!
Таварыш пашоў дамоў, прыходзіць да сваей жонкі і кажэ:
— Ну, баба, што нам Бог то даў!
— А што даў?
— Вялікую кучу грошы: нам іх не пражыць дый нашым дзецям і ўнукам астанецца. Ану, запалі печ, замясі прэсную какорыну з атрутай ды зельлем! Я яму скажу, што гэта ягоная конка прыслала.
Замясіла баба какорыну з атрутай і зельлем і зараз спекла яе, а мужык запрог каня і паехаў.
А той, што астаўся грошы пільнаваць, набіў стрэльбу і думае сабе:
„Вось, як ён прыедзе, я яго і хлоп — усе грошы будуць мае, а дома скажу, што яго ня відзеў.“
Пад’ежджае да яго таварыш; ён прыцэліўся, дый хлоп — забіў. А сам пабег да калёс, развязаў торбу, укусіў какорыну і памёр.
А грошы так і асталіся: з’ела абодвых га́дзіна!