Беларускі Народзе! (БВК)

Беларускі Народзе!
Адозва
Аўтар: Беларуская Вайсковая Камісія
1919 год
Крыніца: Газэта «Незалежная Думка», № 14, 10 лістапада 1919 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адозвы Беларускай Вайсковай Камісіі


Шмат вякоў гібеў Ты ў чужацкай няволі, шмат крыўды і зьдзеку перанёс Ты, многапакутны народ. Чужынцы правілі на тваёй зямлі, а Ты, гаспадар нашай Бацькаўшчыны, быў парабкам.

Чыя нага не таптала Тваіх ніваў, чыя рука не руйнавала Тваіх хат! А Ты моўчкі зносіў крыўды, цярпліва чакаў лепшых дзён.

Лепшыя дні пачаліся: наш прыяцель—Начальнік Польскай Рэспублікі — Язэп Пілсудскі — даў згоду прадстаўніком Тваім, каторыя ў імені Тваім, Беларускі Народзе, працуюць на супольную нашу карысьць — згоду на формаваньне аружнай сілы беларускага народнага войска.

З вялікай радасьцю пасылаем Вам—браты аб гэтым вестку.

Мы калісьці былі слаўным народам. Мелі сваю слаўную Дзяржаву, — Гаспадарства. Увесь сьвет аб нас ведаў! Нашыя землі былі вольнымі і незалежнымі. Мы былі гаспадарамі на сваёй зямлі.

Волю, свабоду, незалежнасьць, і непадзельнасьць нашай Бацькаўшчыны—Беларусі мы можам зрабіць сягоньня—аружнай сілай нашых сыноў, нашых братоў, любячых сваю родную зямельку.

Ворагі нашы бальшавікі — маскоўцы і маскоўскія генэралы—Дэнікіны націскаюць на нашую, зямельку: яны хочуць завясьці ў нашым краі свае маскоўскія парадкі.

Бойціся браты-беларусы гэтых парадкаў!

Зьдзек і няволю прынясуць яны нам.

Толькі тады, калі мы самі парупімся аб сваёй долі, толькі тады, калі з аружжам у руках мы абаронім Сваю Бацькаўшчынў ад чужынцоў, тады толькі мы можам пабудаваць сваё лепшае сьветлае жыцьцё.

Нашыя месты Магілеў, Вітэбск і Смаленск да гэтага часу знаходзяцца ў чужацкай няволі.

Трэба вызваліць іх!

Трэба выгнаць нашых заклятых ворагаў, з нашай зямлі!

Нашая Маці-Баларусь павінна быць Вольнай, Непадзельнай і Незалежнай! Браты, Беларусы! Хто можа з вас, трымаць стрэльбу ў руках—станавіцеся ў рады нашага Беларускага Народнага Войска для абароны нашай Бацькаўшчыны!

Моладзеж наша краса і надзея!

Завем, цябе ў беларускае войска!

Бацькаўшчына наша заве сваіх верных сыноў.

Беларуская Вайсковая Камісія.

Вільня, 9-га лістапада 1919 г.