Беларускі ваяка
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1920
Крыніца: http://biadulia.ru/stories/81.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларускі ваяка, наперад ідзі,
Выпрастай свае грудзі і плечы!
З ночнай цемры да сонца народ свой вядзі,
За свой край смела біся у сечы!
Гэй, ачніся, цар-волат, чакае народ, —
Час настаў і сябе бараніці,
Бо прайшло шмат вякоў, бо мінула шмат год:
Пад ярмом ты быў змушаны жыці!
Стань на варце і родныя межы пільнуй,
Барані свой звычай і аблічча,
Сабе славу і гонар хоць раз заваюй;
Ўвесь гаротны народ цябе кліча!
Пад дзядоўскім курганам з мячом прысягні
За унукаву долю змагацца.
Ты здабудзь для сябе светазарныя дні,
Уладаром ты будзь сам сваёй працы.
Бо ты знойдзеш тады супакой у сябе,
Як варожы навал пераможаш;
Толькі ў дужай, адважнай, святой барацьбе
Збудаваці гасподу ты зможаш!..
Вырывай сваю волю з сталёвых зубоў,
У зняволеным, змучаным краі:
Там, дзе плача няшчасны — пад ценню дубоў
Хай шчаслівы ратай заспявае!
Гэй, ачніся, цар-волат пакутнай зямлі,
Пакажы на ўвесь свет сваю сілу;
За чужых беларусы пад кулі ішлі,
За чужых сабе рылі магілы!