Беларускі гутарнік Піліп Смуры

Беларускі гутарнік Піліп Смуры
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1933
Крыніца: Гадавiк Беларускага Навуковага Таварыства. Кнiжка I. Вiльня, 1933

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У архіве Беларускага Музэю ім. Ів. Луцкевіча ў Вільні перахоўвуецца пісьмо жыўшага некалі ў Віцебску Максымільяна, с. Язэпавага, Маркса, ведамага сваімі этнаграфічнымі працамі, які пазьней, перабраўшыся ажно ў Енісейск, пераслаў у рэдакцыю часопісу «Витебские губернские ведомости» цікаўны рукапіс зь яшчэ больш цікаўным пісьмом. Рукапіс гэты зьмяшчае апрацаваную па-расейску «Беларускую радавую гутарку» ведамага некалі ў Віцебшчыне і пасьля зусім прызабытага беларускага «гутарніка» Язэпа Смурага. Рукапіс па свайму зьместу цікаўны тым, што дае створаны народнай фантазіяй вывад беларускіх родаў, называючы як пачынальніка іх легендарнага князя Боя, які быццам жыў у ваколіцах Дрысы і меў двух цудоўных сабак — Стаўру і Гаўру, увекавечаных як у чысьленых народных легендах, так і ў «Вечарніцах» («Стаўроўскія дзяды») В. Дуніна-Марцінкевіча. Бясспрэчна, «гутарка» рэцытавалася Смурым па-беларуску: аб гэтым сьведчыць і беларускае motto, зьмешчанае Марксам на пачатку рукапісу («Ходзіць Бай па сьцяне...»), і цэлая маса характэрных беларускіх слоў і выражэньняў, зумысьля захаваных Марксам у расейскай перапрацоўцы «гутаркі». Трэба думаць, што ў Віцебшчыне яшчэ можна сустрэцца зь перажыўшымі напэўна свайго тварца «гутаркамі» Смурага, і заданьне тамтэйшых дасьледчыкаў — сабраць гэныя «гутаркі». Паміж іншым, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі, якое нядаўна заснавалася, мае ўдзячнае заданьне сабраць легенды аб Стаўры і Гаўры, якія і нарадзіліся, і жывуць па сягоньняшні дзень у Дрысеншыне. Можа, сярод іх знойдзецца і «Беларуская радавая гутарка», запісаная Марксам, але ў арыгінальнай — беларускай вопратцы. Можа, удасца сабраць і больш матэрыялаў аб асобе нашага «гутарніка» — Смурага, аб якім даведываемся зь пісьма Маркса наступнае:

«Предлагаемая статья, — піша Маркс, — нечто более, как рассказ гуторника Пилипа (Филиппа) Смурого, записанный мною в период 26 по 29 год текущего столетия.

Смурый был, кажется, последним белорусским гуторником. С 1830 по 1840 г. (когда я простился с Витебском навсегда), несмотря на усильные старания и розыски, я не встречал их более. Малороссия оказалась счастливее. По крайней мере Вересай (то же едва ли не последний кобзарь) распевал старые думки и рассказывал прошлые былины не более десяти лет тому назад».

На жаль, на пісьме Маркса няма даты. Аднак, прымаючы пад увагу, што Верасай памер у 1890 годзе, можна лічыць, што пісьмо Марксам было напісана каля 80-га году мінулага сталецьця.

Маркс памыліўся толькі ў адным: Смуры ня быў апошнім беларускім гутарнікам. Да ліку ведамых «гутарнікаў» з апошніх часоў маем поўнае права залічыць Восіпа Арлоўскага, родам зь Віцебшчыны (з-пад Полацку?), «гутаркі» якога былі запісаны і надрукаваны ў асобнай кніжцы п. з. «Белорусскіе народные рассказы» (Полоцк, 1908 г.), а такжа Мікалая Марозіка, родам з с. Лаўрышава (Нягневіцкае вол. Навагр. пав.), які хадзіў па Беларусі ў першым дзясятку ХХ стагодзьдзя, заглядаў і да рэдакцыі «Нашае Нівы», а ўрэшце прытуліўся да арганізацыі расейскіх чарнасоценцаў ў Менску, якая выкарыстывала яго дзеля агітацыйных мэтаў. Адна з «гутарак» Марозіка ёсьць у архіве Беларускага Музэю.