Беларускі правапіс (1925)/Часьць другая/24

§ 23. Пункт, клічнік і пытальнік § 24. Працяжнік на месцы прапушч. слоў і злучок
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 25. Знакі прыпынку пры прыдатках

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 24. Працяжнік на месцы прапушчаных слоў і злучок.

Правіла 3. Працяжнік ставіцца:

1) Пасьля пералічэньня, дзе прапушчана некае слова (Вясна, лета восень і зіма — поры году) або калі хочуць затрымаць увагу чытача, напр.: Глянь — нехта едзе. Падсадзі — сарву я грушку. Тут былі — і старыя, і малыя, бабы й дзеці.

2) У сказе з сустаўным выказьнікам на месцы прапушчанага дзеяслова-сувязі „ёсьць“, напр.: Дабро для ўсіх — наш правадыр. Шчырая праца — мазалёвая. Слова — вецер, а пісьмо — грунт. Курыца — птушка. Атаўка — сену прыбаўка.

3) У сказе, што служыць адказам на пытаньне, часта прапускаюцца ўсе часьціны сказу, апроч таго слова, што перадае зьмест адказу; гэты пропуск таксама азначаецца на пісьме працяжнікам, напр.: Паіў ты каня? — Паіў. А хіба-ж там ён? — Там.

Злучок ужываецца ў такіх разох:

1) калі два словы складаюць як-бы адзін назоў (Зара-зараніца, шатавіла-матавіла, узьвей-вецер, вацер-дуронік. Хвоя-веліч стаіць на кургане. Пацяклі-паплылі за гадамі гады);

2) калі слова паўтараецца для памацненьня (Чуць-чуць ліпіць) або для злучэньня складаных прыназоўнікаў (з-за, з-пад, па-над);

3) для злучэньня частак бы (б), жа (ж)[1] з папярэднім словам (Рад-бы даць, каму-б гэта даць. А мой-жа ты саколік! Да куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?).

Увага. Калі-ж бы, б, жа, ж сходзяцца разам, то яны злучком ня зьвязваюцца. (Куды-ж бы мне пайсьці? Вот быў-бы ж ты рады і г. д).

4) У падвойных фаміліях: Дунін-Марцінкевіч, Лапко-Лабаноўскі, Цьвірка-Гадыцкі, Сьвятаполк-Мірскі і г. д.

5) У складаных прыметах: сьнежна-белы, цёмна-сіні і г. далей.

ЗАДАЧКА 2-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа крыжыкаў, злучок або працяжнік.

Галоднаму і пушнінка+малінка. Чужая сіла+асіна. Ішлі+брылі валачобнікі. Лішняя нітка+палатну завада. Зімняя ночка+бацьку сарочка. Усхадзілася шура+бура. Спасаўка+ласаўка, а Пятроўка+галадоўка. Кожны дзень+няўзгода, кожны крок+прыгода. Шчырая праца+мазалёвая. Змоўклі птушкі+пяюхі. Маладзенькая травіца+атава блішчыць на сонцы. Цёмная хмарка адна+адзінютка. Спаленай нівы жаданьне ня збыта+міма хмурынка прашла. Глянеш+сэрца забаліць. На дварэ+паленьне, трэскі, куча сьметніку ляжыць. Бедна тут жыве народ, а працуе+льлецца пот. Трэскі ўсаджаны ў аконцы, заміж шкла+радняны мех. Зелянеюць два+тры клёны. Блісьне кветка дзе+ні+дзе. Гляне ліпа дзе з+за хат. Дзе+ні+дзе садок зялёны. Луг шырокі, пышны, як+бы цар у кароне. Сьпее+дасьпявае колас сіратой. Цякла крынічка з+пад карча. Стаіць груша+сіраціна на мяжы ў полі. Могілкі ў полі адны+адзінюткі. Усё ня гэтак, як там, дома+лава, печ старая. Усё+качэргі і ваконцы на нуду наводзяць. З палетку на палетак скача+йдзе дарога. Устаў пазаўтра ён ранютка+да ўсходу сонца. Вышла матка, плач пачула, бачыць+іх служака! Матку жаласьць агарнула+шкада небарака! У гуменцы+ні збажынкі! Поле+жоўты пясок. Замест хлеба+камень клалі ў мяшок. Муж+нябожчык усплыў на думку. Праляцела борзда лета+наша сьветлая пара. Сонца ў восень рэдка паказваецца з+за хмар. Дунін+Марцінкевіч+наш пісьменьнік. Гад+удаў есьць толькі адзін раз на месяц, трус+жа+раз дваццаць на дзень. У нашым целе ёсьць трубачкі+жылы. Блескам + дрыгаценьнем зорка замігала. Настала ночка + чараўніца. Сінім стэпам + даліною ходзяць хмары веснавыя. Гром для селяніна+лепшая музыка на сьвеце. Усплывалі хмары+горы белымі клубкамі. Ветрык калыша траву+сенажаць. Край неба зацягнуўся чорна+сіняю хмарай. Яшчэ некалькі часу+і вёска зусім заціхае. Далёка+далёка цягнулася цёмна+зялёная палоска лесу. Куды ні глянь+усюды зелена, усё расьце, усё сьпее, усё наліваецца. Болей навукі+меней страху. А ў полі+нікагутка. Глянуў я+аж гэта воўк!

  1. Часткі бы, жа стаяць пасьля зычных (Рад-бы даць, а мой-жа ты саколік), а б, ж — пасьля галосных (Рада-б даць, а мая-ж ты галубка і г. д.).