Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/19

§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў § 19. Правапіс складных слоў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 20. Правапіс чужаземных слоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 19. Правапіс складаных слоў.

Правіла 41. 1) У складаных словах злучальныя гукі ое выступаюць выразна толькі пад націскам, напр.: куродым, сыровадка; сухедні; не пад націскам знаходзім ая, напр.: сенакос, пустацьвет, ліхалецьце, зямлятрус[1] і г. далей.

2) Складаныя словы, як і складаныя лічэбнікі, (§ 13) пішуцца так, як кожная часьць, калі яна ўжываецца асобна, г. зн. што як у першай, так і ў другой часьці складанага слова застаюцца тыя самыя галосныя, што стаяць у васнове, калі слова ўжываецца асобна, але толькі ў тым выпадку, калі націск прыходзіцца на другую часьць складанага слова, напр.: Беларусь, сенажаць, белабокі, штодзенны, штодня варкатня, белагаловы, церасьсядзельнік, вярбалоз, вялікалюд, вялікаселец, вялікадворац, грэхаводнік, сардабольны, гэтарочны (гэтага году), нямаведзь, голаледзіца, вочывідкі, жоўтабрушка (птушка), чорнагалоўка (трава), сыраежка (грыб), самасейка, чорназём, чорнабыль, чорнакніжнік, доўгавязы, чорнабрывы, новасёлкі, сіваваронка, дзеньгубіць, прадзеньгубіць, дзеньдзівірыць (гультайстваваць), белапоясы, вестаноша, ветрагон, белабрысы, старарэчча, богамол, богабойнасьць, кошаланоша, благавесьнік, горладзёр, добрадзей, галавасек, доўгатрывалы, коламазь, кошаплёт, марнатраўнасьць, старцавод, торбатрос, табаканюх, чарваточына, чортапалох, голапяты, голабокі, горбаносы, домаверка (аканомка), доўганосы, доўгагрывы, касавокі, аднамасны, аднастайны, роўнапраўны, адналетак, роўналетак, дробнарэзка, саломарэзка, новабранец, бажаволіць (ад „бажаць=хацець“), пакацігарошак, сарвігалава, паласказуб (паласкаць зубы), Малібожка (фамілія), Багдановіч, мовазнаўства, прыродазнаўства, словавытварэньне;

Словы, зложаныя з „поў“: поўгода, поўчварта рублі, поўпята, поўшасты вярсты, поўвасьма, поўсема, поўчвартаста, поўпудовік, зажурыўся малойча ў поўдарожкі едучы; за маладога поўзалатога, але гэтыя словы можна пісаць з „а“, як — палукашак, палудзень, палуднаваць, дзе першая часьць мае форму „палу“, бо й „поў“ асобна рэдка ўжываецца.

3) Калі націск прыходзіцца на першую часьць складанага слова або на злучальны гук, то другая часьць падлягае аканьню (е застаецца, як заўсёды пасьля націску ў аснове), напр.: поўнач, поўгада, поўдзень, дабранач, дабрыдзень, ягомасьць, імасьць, палукашак, пакацігара, сыро-вадка, як „непагадзь“ (непагода).

4) Калі ў тэй ці другой часьці складанага слова адбыліся фонэтычныя (гукавыя) зьмены, то такое складанае слова падлягае аканьню, напр.: галялёд (з „голалёд“), галяледзіца, санажаць (з „сенажаць“), бадай („бог дай“), сваволя, сваволіць, (але — своявольнік), канавал, канавод (з „каня вадзіць“), кажамяка (вельмі старое слова, калі „ж“ было яшчэ мяккае), селядоршы (другі пасьля старэйшага брат; этымолёгія (пахаджэньне) гэтага слова дакладна не дасьледжана), начлег, мядзьведзь або вядзьмедзь, сюды трэба аднесьці словы: сяголета, сягодня, сягоньня, сёньня ці сёньні, бо слова „сей“ цяпер асобна ніколі ня ўжываецца.

5) Калі складанае слова зложана з цэлых слоў, што азначаюць назоў аднаго якога прадмета, то гэтыя словы пішуцца з злучком, напр.: шура-бура, хвоя-веліч, шчука-рыба, дунай-рака, айцец-маці (бацькі), малыш-каратыш, шатавіла-матавіла, папараць-кветка, рыба-плотка, пушча-лес, шчыр-бор, узьвей-вецер, груша-сіраціна, трынь-трава, струны-самагуды, песьня-дума, песьня-весялушка, вясельле-разгул, пацеха-забава, паміж пустак-балот, сын-сірата, траўка-мураўка, хлеб-соль, салавей-птушка, каліна-маліна, хлопцы-малойцы, браточкі-сакалочкі, малодкі-лябёдкі, рута-мята, срэбра-злота, размай-зельле, клён-дзярэўца, айцец-матка і шмат іншых.

6). Таксама з злучком пішуцца падвойныя фаміліі (Дунін-Марцінкевіч, Лабко-Лабаноўскі, Дуж-Душэўскі, Сьвятаполк-Мірскі), складаныя прыметнікі (сьнежна-белы, цёмна-сіні), два дзеясловы, калі выражаюць адно дзеяньне (пацяклі-паплылі, узбудую-ўзьвяду, падхалілі-ўзялі), складаныя прыназоўнікі (з-за стала, з-пад лому, па-над морам) і складаныя выклічнікі (ха-ха-ха! ого-го! дзын-дзын! іга-га-га! бом-бом!).

  1. „Зямляраб“ — слова не беларускае; гэта няўдалы украінскі пераклад расійскага слова „земледелец“; пабеларуску трэба казаць рольнік ад слова „ральля“, а таксама рольніцтва, а не „зямляробства“ (расійск. „земледелие“).