Беларускі правапіс (1925)/Часьць першая/2

§ 1. Вялікія літары § 2. Перанос слова
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
§ 3. Мяккі знак і апостроф

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 2. Перанос слова.

Правіла 2. Калі слова на пісьме не зьмяшчаецца ў адным радку, то часьць яго пераносіцца ў другі радок. У васнове правільнага пераносу слова з радку ў радок ляжыць правільны падзел слова на склады, г. значыць, слова дзеліцца на склады ды пераносяцца толькі цэлыя склады (са-рока, саро-ка, вера-цяно, ве-рацяно, вераця-но). Адгэтуль відаць, што аднаскладовыя словы для пераносу ня дзеляцца: дом, дзень, сьнег, стол.

Пры гэтым трэба трымацца наступных правіл:

1) адна літара не пакідаецца й не пераносіцца. Прыкладам, нельга перанесьці так: у-міраць, ста-ю, я-ма;

2) з дзьвюх аднакіх зычных адна пакідаецца, а другая пераносіцца: кон-на, закон-ны, дванац-цаць, збож-жа, суч-чо;

3) калі паміж дзьвюма зычнымі стаіць ь, то часьць слова з ь пакідаецца, а другая пераносіцца: пісь-мо, паль-цы, жыць-цё, галь-лё, насень-не. Таксама робіцца, калі ў сярэдзіне слова ёсьць й ці ў: хвой-ка, зай-чык, лаў-ка, галоў-ка;

4) злучэньне зычных разьбіваецца: краска, каз-ка, салод-кі, цёп-лы, леп-шы, друж-ба, абяр-нуць; але дз і дж ніколі не разьбіваюцца, бо яны азначаюць адзін гук: гарадз-кі, дож-джык;

5) калі прыстаўка творыць склад, то яна аддзяляецца пры пераносе, ад кораню: на-ступны, на-ткнуцца, па-стаяць, пры-ступіцца, раз-бор, але ня можна перанесьці так: аб-ярнуць, бо тут няправільны падзел на склады; трэба — абяр-нуць;

6) пры пераносе слова ставіцца знак пераносу (-).

Практыкаваньне З. Сьпісаць ды падзяліць рыскамі (знакамі пераносу) словы так, каб паказаць, як іх можна перанесьці.

Зямля, сонны, хвораст, мятла, лямпа, трынаццаты, пятніца, няпраўда, багацьце, каменны, сьмецьце, сусед, акуркі, крыльле, капелька, абвестка, салаўінае гняздо, нельга, дошка, сястра, разьвязаць, капуста, ласкавы, пастух. Дожджык, дожджык, перастань! Апусьцела поле. Чырвоны дзедзя па жэрдцы едзе (запаленая лучына). Роўнае поле. Знайка бяжыць, а нязнайка ляжыць. Дарожачка жоўтым лістам запала. Ой у полі жыта капытамі зьбіта! Лепшы дома хлеб аўсяны, як на вайне пытляваны. Стаяла бяроза тонка да высока, на корань глыбока, на лісьце шырока. Хаджу я, пахаджаю па чыстаму па полю, ох я сею, расьсяваю сваю долю! Чужая старана тугою арана, сьлёзкамі засявана. А што то за пташачка ў садочку пяе, адкуль яна, бедная, прычаты бярэ? Я хадзіла да броду па воду да пусьціла свой вяночак на воду. Хто ня ўмее араці, таму хлеба ня даці, ні капусты, ні бацьвіньня, — няхай, гультай, пасе сьвіньня! Цераз сад дарожка біта, топтана. Прышло туды семсот малайцоў. Хто таму вінаграду сторажам будзе? Ой рана, рана трое курэй пела! Прадам цябе, коню, за чатыры грошы, за чатыры грошы, што ты не харошы. Да запала, запала дарожка сьняжком, да пойдзе наша бабулечка дадомку пяшком. Да запала, запала дарожка расою, да пойдзе, наша бабулька, уся бяседа (госьці) з табою.