Беларускі правапіс (1943)/III/А/2
← § 1. Пункт | § 2. Клічнік Падручнік Аўтар: Антон Лёсік 1943 год |
§ 3. Пытальнік → |
§ 2. Клічнік (!)
Правіла 2. Клічнік ставіцца:
1) У канцы клічнага сказу, прыкл.:
Ты, зялёная, дуброва, расьцьвітай і шумеці добрай славай пачынай!
Краю мой родны, столькі ты зносіў нядолі!
Ох, як міла, весяленька ў родненькім куточку!
2) Пасьля сказаў, якія выражаюць загад ці просьбу, калі яны вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй, прыкл.:
Прыдзі пад вечар ты на поле ды палюбуйся ім, саколе!
Гэй, за работу, брацьці, скарэй!
Зачыняйце шчыльна дзьверы!
За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой!
Ой коню, мой коню, заграй пада мною!
3) Пасьля звароткаў або выклічнікаў, прыкл.:
Браты! хай кажны пасьпяшае — адно нам думаць і рабіць.
Вясна, вясна! не для мяне ты.
Трах-трах! — чуваць з высокага бору.
Лес! аб чым шумяць вяршыны? Лес! што шэпчаш, векавы?