Беларускі шлях
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1918
Крыніца: http://biadulia.ru/stories/71.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Наш шлях — цярэблены вякамі,
Наш шлях — пратоптаны лапцямі.
Па ім мы далей пойдзем.
Наш шлях крывёй, слязьмі абмыты,
Наш шлях. Ён намі не забыты,
На ім мы нашу праўду знойдзем.
На шляху — дзедавы магілы,
На шляху — маладыя сілы,
На нашым шляху — наша доля.
На шляху лірнікі спяваюць
І песні вольныя складаюць
Аб беларускім родным полі.
Ачніцесь, бедныя ратаі,
Бо шчасце — будучыня краю
У вашых жа руках!
Ідзіце ўсе, усе бясконца
Пад беларускім ясным сонцам
На беларускі шлях!