Беларусы і ліцьвіны

Беларусы і ліцьвіны
Публіцыстыка
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1919 год
Крыніца: Беларуская Думка. — 14 мая 1919. — №8; бач. 2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вольная Трыбуна.

Беларусы і ліцьвіны.

Прадстаўнікі літоўскай Тарыбы паехалі у Варшаву, каб абгаварыць варункі будучых літоўека-польскіх адносін.

У газэтах чытаем цікавыя весткі аб паглядах ліцьвіноў. Вось што яны кажуць:

„Згодна з пажаданьнямі і кіраваньнямі літоўскага народу, пастанавілі мы працаваць дзеля адбудаваньня літоўскага гасударства, якое складаецца глаўным чынам з быўшых губэрняў: Ковенскай, Сувалкскай, Гродзенскай і Віленскай за выняткам мейсцовасьцей, лежачых на вусход ад возера Нароч, у каторых жыхары, як праваслаўныя, больш прыбліжаюцца культурна і традыцыйна да Расеі, чымсьці да Літвы“.

Апрача гэтага, ліцьвіны выставілі яшчэ адно дамаганьне: „Найбольш важным і найбольш катэгарычным нашым варункам ёсць прызнаньне незалежнасьці літоўскага гасударства са сталіцаю у Вільні. Без наперэдняга прыняцьця гэтаго варунку ня можам зусім прыступіць да перагавораў дзеля польска-літоўскаго паразуменьня“.

Вымаганьня ліцьвівоў, каб Віленская і Гродзенская губэрні былі цалком прылучаны до Літвы, мы уважаем несправядлівымі.

З Віленскай і Гродзенскай губэрняў могуць быць аддадзены Літве толькі тыя часткі, дзе селяне чыстыя ліцьвіны і гаворгць па-літоўску.

У справах выдзяленьня тэрыторыі такому чы сякому народу перад усім павінен іграць глаўную ролю прынцып этнаграфічны. За гэтым толькі прынцыпам могуць ісьці прынцыпы гістарычныя, культурныя і эканамічныя.

Што датыча места Вільні, справа вельмі спорная. Бадай што у Вільні лікам сваім пераважаюць жыды, затым ідуць палякі, беларусы і ліцьвіны. Паводлуг нашых гістарычных досьлелаў, Вільня ніколі ня была чыста літоўскім местам, бо ліцьвіны ніколі у ёй ні пераважалі сваім лікам. Аснавацель Вільні вялікі князь Гедымін, будуючы места, вызваў рамесьнікаў немцаў, даў ім правы і асобныя прывілеі, так сама, як і жыдом, апрача гэтага прыказаў сяліцца у Вільні беларусам і палонным паляком, каторых многа ён набраў, ваюючы з Польшчай, Вільня заўсёды была напоўнена мешанай люднасьцю.

У XIV, XV і першай палове XVI сталецьця культурна у Вільні пераважаюць беларусы. Першыя друкарні Францішка Скорыны, Бабіча, Мамонічоў былі беларускія і вось дзеля гэтай культуры Вільня заўсёды будзе дарагой сэрцу кожнаго беларуса.

З XVI сталецьця бярэ верх польская культура, затым пачынаючы с конца XVIII сьалецьця пачынаецца руйнуючы ўплыў маскоўскай культуры, якая нічога не будуе, адно ніштожыць усё цэннае, здабытае працаю цэлых сталецьцяў.

Дзеля усіх такіх прычын Вільня павінна быць местам, дзе спатыкаліся бы ўсе народы, разгледалі усе справы, пастанаўлялі бы такую або іншую палітычную фэдэрацыю адным словам надавалі-б кірунак палітычнаму суседзкаму жыцьцю.

Толькі такое вырашэньне спорнага пытаньня можа даць братнюю згоду і што за гэтым ідзе — дабрабыт, багацьце і счасьце.

Юры Олельковіч.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.