Беларусь і Расея
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У справах, ад каторых залежыць мо ўся далейшая будучыня нашага народу, пачуцьцё — благі райца. Наадварот: тут патрэбна толькі развага, толькі халодны розум, каторы адзін можэ разьвязаць асноўныя пытаньні нашага быту, узіраючыся ні на мімалётнае і зьменнае настраеньне, а на сапраўдныя інтарэсы і патрэбы нашага народу і краю.

Здаўна між маскоўскай і польскай інтэлігэнцыяй на Беларускай зямлі ішла канкурэнцыя на грунці дэнацыяналізацыі беларусаў: маскалі стараліся абяртаць нас у маскалёў, палякі — у палякоў, ды як адны, так і другія ўсімі магчымымі спосабамі нішчылі ўсё спрадвечна беларускае. Цяпер, калі настаў гістарычны мамэнт адбудовы палітычнай незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны, маскалі і палякі аб’явілі нашым незалежнікам такую-ж вайну, як колькі гадоў таму назад беларускім адраджэнцам, і пад той час, як палякі з безнадзежнасьцю ўглядаюцца на новабудаванае Польскае каралеўства і ажно сіпяць ад злосьці, што Беларусь аб’явіла разарванай старую унію з Польшчай; маскалі, карыстаючыся з пладоў старой палітыкі абмаскоўленьня беларусаў, сьпекулуюць на нацыянальнай забітасьці нашага народу і на насьледках тэй цемры, якую шырыла маскоўская казённая «прасьвета». Дзіва німа, што маскалі за час векавога панаваньня над нашым народам прывыклі глядзець на нас, быццам на сваю ўласнасьць, быццам на сваіх рабоў. Але сумна тое, што яны здолелі ўбіць шмат каму з абмаскоўленых, хоць і чыстакроўных, беларусаў падобны дзікі погляд: такім абмаскоўленым беларусам здаецца, што стан рабства для нашага народу — зусім нормальны, што без чужацкае нагайкі, без маскоўскага ўрадніка мы жыць ня здолеемі

«Вось, — кажуць яны,- вы хочаце, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай. Але як-жа яна будзе жыць без Расеі?»

І далей ідуць без канца збанкруціўшыеся за гэту вайну ўжо да канца старыя славянафільскія гутаркі аб «брацтве славянаў», каторыя з такім смакам білі адны адных чуць не на ўсіх ваенных фронтах, аб «славянскай сям’і», уславіўшайся тым, што дужэйшыя «браты» сто гадоў катавалі сваіх меншых братоў і т. д. На пытаньне: «Як мы будзем жыць без Расеі?», мы можэм адказаць таксама пытаньнем: а як-же мы без яе жылі сто з нечым гадоў таму назад? А як жыла Сербія і Чарнагорыя, як жыве і красуе Балгарыя, каторая не ўбаялася падняць аружжа проці свайго «старшага брата» — Расеі, памагаўшай сербам абрабаваць балгарскі народ, калі ён быў абясьсілены пасьля крывавай барацьбы з туркамі за волю ўсіх Балканскіх славянаў?

Толькі вельмі наіўныя людзі могуць верыць, быццам Расея, абіраючы пад сябе славянскія землі, папраўдзі думала калі-колечы аб утварэньні вольнай і сільнай «славянскай сям’і». Зьбіраньне славянаў вялікарусамі мело на мэці адно ўзмацаваньне Маскоўшчыны, высмактываўшай усе сокі з «братоў» і стараўшаяся вынішчыць усе адзнакі іх самабытнасьці ды абярнуць у маскалёў.

Само сабой разумеецца, што ад гэтага магла быць карысьць адно маскалём, а ні тым, каго яны нішчылі.

Вось жа, калі падыйшлі часы разьвіцця дэмакратызму па ўсім сьвеце і ў Расеі, адкрыты гвалт над слабейшымі «братнімі народамі» трэба было нечем прыкрыць, прыхарошыць. Тады маскоўскія палітыкі выдумалі «славянафільскую ідэю»: яны пачалі даводзіць, што вольнае і незалежнае жыцьцё для «меншых братоў» — шкодна, што яны толькі тады будуць счасьлівымі, калі паддадуцца пад «апеку вялікай і дужай» Расеі, — і гэта ў тым самым часе, як усе жыхары Расейскай дзяржавы былі падзелены на грамадзян «першага і другога сорту», як беларусам і украінцам, «найбліжэйшым і найсярдэчнейшым» сваякам маскалёў, было забаронено гаварыць, пісаць, друкаваць і маліцца ў роднай мове. Першыя славянафілы ў Расеі былі наогул чорнасоценцамі і знайшлі прыхільны прыём адно толькі ў польскіх чорнасоценцаў, маніўшыхся вытаргаваць ад маскалёў дзеля апалячэньня беларусаў-католікаў. Але ўсе іншыя славянскія народы далі ім дружны адпор: салодкіе словы маскоўскіх славянафілаў лішне ўжо напаміналі словы ваўкоў, якімі тыя заклікаюць бараноў да свайго трыбуха!.. Тады збанкроціўшуюся «славянафільскую ідэю» перанялі ад чорнасоценцаў расейскія лібералы: яны асаладзілі яе яшчэ харашэйшымі словамі, перафарбавалі пад ліберальны тон і нават пачалі цішком — але так, каб не пачуў гарадавыя — гутарыць аб аўтаноміі паняволеных народаў. Аднак і яны ня мелі ўдачы: з-пад авечай шкуркі хутка заблішчэлі воўчыя зубкі, — і калі ўкраінцы першыя адкрыта заявілі, што яны гатовы належаць да Расейскай федэрацыйнай дзяржавы, але толькі як палітычна нізалежны арганізм, тварцы «новаславянства» паднялі страшэнны крык і кінулі на ўвесь украінскі рух пракляцьце, закляйміўшы яго імем адшчапенства, здрады, мазепінства.

Учасьце ў вайне балгараў, выступіўшых проці Расеі; адбудова Польшчы… немцамі, пасьля таго як Расея суліла ёй адно толькі культурную аўтаномію, прызнаньне цэнтральнымі дзержавамі незалежнасьці Украіны пад той час, як бальшавікі, на словах прызнаючыя права народаў Расеі на самаазначэньне хоць бы ў форме поўнага аддзяленьня ад расейскай дзяржавы, стараліся крывёй затушыць украінскі незалежніцкі рух, — усе гэтыя факты з найнавейшага часу павінны паказаць нават і сьляпому, што народы ў сваёй палітыцэ кіруюцца не сымпатыямі, ня блізкасьцю па крыві, не гістарычнымі традыцыямі, а выключна сваёй карысьцю. І толькі правільным зразуменьнем сваёй нацыянальнай карысьці могуць і павінны кіравацца беларусы ў той незвычайна важны гістарычны мамэнт, калі перад імі адкрываецца магчымасьць самім наладзіць сваё жыцьцё. Толькі тады, як мы ўжо створым сваю нізалежную дзяржаву, мы можам у меры патрэбы пашукаць сабе саюзьнікаў, але пры гэтым наш выбар павінен быць зусім вольны ад усялякіх пустых і фальшывых ідэй аб «славянскай еднасьці», якой ніколі не было, няма і, трэба думаць, ня будзе. Расея, падпісываючы берасьцейскую умову, разарваўшую жывое цела нашага народу на 2 часьці, дала яшчэ адзін доказ таго, што аб карысьці і жыцьцёвых патрэбах беларускага народу яна зусім ня думае. Бальшавікі у гэтым ані ні адышлі ад старой ідэалогіі царскай Расеі. І калі беларусы, шукаючы сабе саюзьнікаў, ня выцягнуць свае рукі на Усход, дык у гэтым будуць вінаваты тыя нашы «старэйшыя браты», якія заўсёды цікавалі і цікуюць на нашу нацыянальную пагібель.

(«Гоман», 1918, 6 жніўня, № 61) І. МЯЛЕШКА