Беларусь (Грамыка)
Беларусь Верш Аўтар: Міхайла Грамыка 1918 Крыніца: Міхайла Грамыка. Родная пушча |
Любы край мой, родны край,
Лес, пясок, суглінкі,
На палосках,так і знай,
Вецер гне былінкі.
Усё знаёмае датла,
Ельнік ды асіны,
Па балоце, ля жытла,
Спеюць журавіны.
Мілы сэрцу ты майму,
Родны край убогі...
Сам не ведаю чаму
Я люблю дарогі.
Уздоўж дарог пайшлі шляхі
Аж да павароту.
Скрозь лясы,лугі, імхі,
Дываны-балоты.
Вунь алея стромкіх ліп,
А далей таполя.
Чуцен колаў нудны скрып,
Жыта звозяць з поля.
Пэўна, скончылі жніво,
Вуць ідуць дзяўчаты.
З песняй ціхай і жывой
Цягнуцца да хаты.