Як люблю я цябе,
Беларусь ты мая,
І як дорага мне
Ўся аздоба твая!
Вось я полем іду,
Што зіхціцца расой,
Я любуюся тут
Нашай роднай красой.
Ў небе скрозь ясната,
Няма воблачка ў ім.
Вабіць душу маю
Даль блакітам сваім.
А на ўсходзе здалёк
Палыхае пажар.
Сонцу гімны зьвіняць, —
Колькі ў гімнах тых чар!
З сэрца водгук ляціць,
Душа рвецца туды —
К небу сінему, ўдаль
Ад жыцьцёвай нуды…
Во я ў гай увайшоў:
Тут журчыць ручаёк,
Зеляніна ўвакол,
Сьпеў нясецца здалёк.
Вунь бярозкі стаяць
Беласьнежняй гурмой,
Упрыгожаны дол
Аксамітам — травой…
А за гаем ізноў
Пацягнулісь палі:
Тут чакаюць зярна
Ніўкі сьвежай ральлі…
А як зьмеркі зыйдуць,
Заснуюць чорну ніць, —
Ўся прырода тады
У задуме стаіць.
У абоймах начы
Засыпаюць кусты,
Нікне гоман лясоў,
Не шапочуць лісты.
Задыміцца рака,
Сьціхнуць скрозь галасы,
І падуць на траву
Кроплі сьветлай расы…
Ўсю аздобу тваю,
Беларусь ты мая,
І тваю яснату —
Эх, люблю-ж моцна я!
|