Беларусь (Захарка)

Беларусь. Роля й значэньне яе на Усходзе Эўропы
Публіцыстыка
Аўтар: Васіль Захарка
1936 (у друку 1954)
Крыніца: Газэта «Беларус», № 3 (49)-5 (51), 1 жніўня 1954-20 сакавіка 1955 г.
На жаль, твор падаецца ня цалкам, будзем вельмі ўдзячныя, калі Вы дадасьцё адсутныя ўрыўкі дадзенай публікацыі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




В. Захарка[1]

Беларусь

роля й значэньне яе на Усходзе Эўропы

Этнаграфічная тэрыторыя Беларусі на цяперашні час шмат зьменшылася з прычыны асыміляцыі беларускіх племяў, асабліва, Севяранаў і Драўлянаў, із суседнімі народамі, найперш народам Ўкраінскім і Маскоўскім.

Цяпер гэтая тэрыторыя займае ўсяго толькі 415.447 кв. кілёмэтраў[2] з жыхарствам 19.909.300 чалавек.

Тая акалічнасьць, што беларускія племі — Крывічы, Радзімічы, Дрыгвічы, Вяцічы й Севяраны ў бальшыні сваёй заставаліся на месцы, на сваёй прабацькаўшчыне, а ня блукалі каляністымі па дзікіх палёх ды лясох, мела той жыватворчы ўплыў, што беларускі народ першы падыйшоў да шырокага грамадзка-дзяржаўнага будаўніцтва ды першы стаў на чале культурнага разьвіцьця ўсходніх Славянаў.

Прафэсар А. Нікіцкі сьветчыць, што ў беларускіх, Пскове й Полацку былі яшчэ й да прызваньня князёў свае собскія князі, а таксама была й рэспубліканская форма кіраўніцтва, што набліжалася да формы грэцкіх і рымскіх рэспублікаў. Гэта-ж пра пазьнейшы час пацьвярджае й Нарбут у дачыненьні да Полацку, калі кажа, што „пасьля сьмерці князёў Вячаслава й Давіда Полацкае Княства сталася рэспублікай ды напрацягу дзевяцёх год кіравалася вечам і трыццацьма старэйшынамі” (Уладзіміскі-Буданаў, бач. 60).

Лёгка сцьвердзіць і паводля шмат якіх іншых крыніцаў, што запраўднае народнае кіраваньне з паўнаўладзтвам веча як найважнейшай правадаўнай улады існавала толькі ў тых палітычных саюзах або землях ад Пскова да Смаленску, у якіх галоўным арганізатарам грамадзка-дзяржаўнага жыцьця было беларускае плямя Крывічы, найбольш культурнае з усіх племяў. Так, прыкладам, праф. Уладзімірскі-Буданаў (бал. 59) кажа, што па ўсёй г. зв. Паўночна-Заходняй Русі бярэ перавагу вечавая форма ўлады. Такі дзяржаўны лад усталяваўся ў Пскове і ў Полацку. Сюды-ж часткава даходзіць і Зямля Смаленская.

У Кіеве веча мела далёка ня тое значаньне, што ў беларускіх землях. Там яно часта замянялася Баярскай Думай, якая зчасам зусім усунула веча. Што-ж да Суздальскай Зямлі, якая звыкла капіявала кіеўскія парадкі, асабліва з часоў Андрэя Багалюбскага, дык тут веча зьнікае ў пачатку XIII-га веку, а пазьней імём веча называюць тут паўстаньні й змовы.

Да палавіны XIII-га стагодзьдзя Беларускія племі жылі сваім дзяржаўным жыцьцём, самастойна, ў сваіх асобных Землях ці Княствах: Пскоўскім, Полацкім, Смаленскім, Чарнігаўскім, Турава-Пінскім ды інш., а пасьля ў злучэньні ў форме Вялікага Княства Літоўскага, заснаванага ў 1235 г.

Назоў Княства „Літоўскім” як піша док. А. Цьвікевіч, нельга разумець у цяперашнім сэньсе слова „Літоўскі”, бо фактычна ўсё жыцьцё дзяржавы абапіралася на беларускіх асновах: дзяржаўная мова, суд, законы, школа ды інш., — ўсё было беларускае. Дык „Літоўскае” і значыць тое, што цяпер беларускае.

Арганізацыя гэтага Княства цалком лягла на плечы Беларускага народу. Выклікана-ж была гэтая арганізацыя галоўна пагрозай Беларусі з боку Лівонскага нямецкага ордэну Мечаносцаў, які атаўбаваўся ў Прыбалтыцы на берагох Дзьвіны, і Тэўтонскага нямецкага ордэну Крыжакоў, які атаўбаваўся ў Прусах.

Арганізацыя новаўтворанай дзяржавы праходзіла вельмі доўга й вымагала ад Беларускага народу нямала працы. Тлумачыцца гэта часткава тым, што вельмі асталыя паганскія балцкія племі, што кіраваліся своймі паганскімі сьвятарамі, ніяк не хацелі выходзіць із своіх цёмных лясоў на сьвятло культуры.

Каб мець сабе некаторае ўяўленьне пра інтэлектуальны стан тагачасных Балтаў, мы падаём тут колькі, сьцьвержаньняў пра іх зь гісторыі (І. А. Кацэль „Гісторыя Літвы”, другое выданьне, Коўня, 1922 г.). Там мы бачым:

1) Што да XIII-га стагодзьдзя разумовае разьвіцьцё Балтаў было ў дзіцячым стане, і што яны, будучы паганамі, ня ведалі навет годалічэньня.

2) Што да паловы XIII-га ст. балты ня ведалі ні гарадоў ні цывільнае ўлады. Іх кіравала вялізаманая колькасьць сьвятароў, на чале якіх быў у кажным племі галоўны сьвятар.

3) Што да паловы XIII-га ст. Балты не складалі адзінага палітычнага арганізму; усе яны жылі ўразбродзі падзяляліся на малыя слабыя племі й навет кланы. Толькі ў XIII-м ст. націск суседзяў, найперш Немцаў, змусіў, балцкія племі да групаваньня і ўтварэньня палітычнага арганізму, на чале з князем Рынгаўдам, які паходзіў, паводле Васкрасенскага летапісу, з роду беларускіх полацкіх князёў.

4) Што да канца XIII-га ст. балцкія племі ўпадалі адно па адным: Жэмголы (Латышы) ад мяча Лівонскага Ордэну, Прусы ад удараў Тэўтонскага Ордэну, а Яцьвягі ад нападу Мазавецкіх і Валынскіх князёў. Беларускія Полацкія князі ў мэтах самааховы ад Немцаў таксама паступова займалі землі Балтаў.

5) Што пасьля гэтага кіраўнікі балцкіх племяў зразумелі ўвесь жах свайго трагічнага стану. Каб уратаваць свой край ад канчальнае згубы, яны мусілі зьвярнуцца да Беларусі ды канчальна паддацца ейнаму кіраўніцтву.

6) Што толькі дзякуюючы Беларусам ранейшыя дзікія горды Балтаў, здольныя толькі да набегаў і рабаваньняў, былі ператвораныя ў зладжаныя дружыны, здатныя йсьці ў далёкія даўгія паходы й весьці правільную аблогу гарадоў ды ўмацаваных замкаў нямецкіх рыцараў.

7) Што Балты сустрэкаліся зь беларускай даволі ўжо разьвітой дзяржаўнасьцяй у тую пару, калі самі яны яшчэ ня вырабілі ў сябе нічога трывалага у сфэры дзяржаўных дачыненьняў і людзей” (бач. 90).

Гэтыя факты зь гісторыі мы падаём тут, каб імі разьвеяць прыгожыя байкі пра тое, што В. К. Літоўскае забавязанае сваім узьнікненьнем і сваім ростам быццам балцкім князём, якіх фактычна ня было, ды іхным заваёвам, чаго, як мы бачым з вышэй паданага, таксама не магло быць.

Там-жа мы бачым, што арганізацыя гаспадарства й замірэньне дзікіх балцкіх племяў забрала шмат часу навет пасьля заснаваньня Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая-ж цывілізацыя Балтаў каштавала жыцьця князю Мяндоўгу.

Галоўным арганізатарам і заснавальнікам В. К. Літоўскага была паўдзённа-заходняя калёнія Полацкай Зямлі з гарадамі: Наваградкам, Слонімам, Ваўкавыскам, Гораднам, валоданьні якіх ў рознай меры цярпелі як ад націску нямецкіх рыцараў, так і ад набегаў балцкіх племяў, асабліва-ж Яцьвягаў, якія нарэшце ўшчэнт былі вынішчаныя суседзьмі.

Такую выдатную ролю заснавальніка дзяржавы гэтая зямля ўсклала на сябе самастойна зь дзьвёх прычынаў: першае, што ёй першым чынам пагражала нямецкая небяспека і таму яна першая павінна была падбаць пра абарону ад гэтае небясьпекі; другое, таму, што якраз у гэты-ж самы час старыя беларускія княствы: Полацкае, Смаленскае ды іншыя былі занятыя абаронаю на іншым фроньце ад нашэсьця татарскіх гордаў. Гэтыя беларускія княствы паступова ўкарэньваюцца ў маладую дзяржаву толькі пасьля таго, як гэтай дзяржаве ўдалося перамагчы ўсе пляменныя звадкі ў балтаў ды змусіць балцкіх сьвятароў і князькоў падпарадквацца славянскай цывілізацыі й беларускаму кіраўніцтву. За такі час трэба ўважаць князёўства Гэдыміна (1316-1341).

Першай сталіцай В. Кн. Літоўскага быў горад Наваградак, а пасьля г. Вільня — стары беларускі горад, разбудаваны на беларускай этнаграфічнай тэрыторыі за князёўствам Гэдыміна. Мы уважаем, што й гэты факт — заснаваньня сталіцы В. Кн. Літоўскага на беларускай этнаграфічнай тэрыторыі сьветчыць за бесьпярэчны беларускі характар княства ад самога мамэнту ягонага заснаваньня.

Найбольшага росквіту й сілы дасягнула новая дзяржава за князёўствам Вітаўта (1392-1430). У гэную пару дзяржаўныя межы Княства сяглі ад Балтыцкага да Чорнага мора. Яны замыкалі ў сабе ня толькі беларускія й балцкія землі, але й большую часьціну земляў тагочаснае Ўкраіны, вызваленых Княствам ад Татараў сілаю зброі. У гэты-ж самы час пад пратэктарам Вялікага Княства было й колькі суседніх княстваў: Пскоўскае, Наўгародзкае, Цьверскае, Крыма-Татарскае Ханства ды інш.

У 1561 с. ў склад В. Кн. Літоўскага ўвайшла з добраахвотнае згоды, Лівонія (цяперашнія Лацьвія й Эстонія). Далучэные да В. Кн. Літоўскага Лівоніі, якая шукала тут аховы ад нападаў Івана Грознага, выклікала вайну паміж Маскоўшчынай і Княствам, што трывала ад 1561 да 1582 году.

Да канца XV стагодзьдзя дзяржава Вялікага Княства была бясспрэчна наймацнейшая з ўсіх сваіх суседзяў. Пра гэта сьветчаць такія факты, як:

1) перамога Княствам Польшчы ў вайне за Валынь (1349-1356), у выніку чаго Палякі былі выгнаныя ў 1356 годзе канчальна з Валыні

2) двохразовае заняцьце беларускай арміяй Масквы, што адбылося першы раз у 1368 г. а другі раз у 1370 г.

3) бязупыннае змаганьне яго з Татарамі ды перамога над Татарскай Ардой, што лало магчымасьць Княству вызваліць ад Татараў У 1362 г. Кіеўшчыну й Падольшчыну, а пазьней Хэрсоншчыну й Кацярынаслаўшчыну,

Асабліва часта біў татараў Вялікі Князь Вітаўт, які даходзіў аж да Азову. Татары толькі адзін раз — 19-га жнівеня 1399 г. — разьбілі яго пры рацэ Ворсклі. Аднак-жа й пасьля гэтага Вітаўт утрымаў пры сабе ўсе раней адабраныя ад Татараў Украінскія землі (Шмітт, бал. 213-220).

Беларускі народ заўсёды адзначаўся сваім дэмакратызмам, міралюбствам, гуманнасьцяй і рэлігійнай тэлеранцыяй. Гэтыя дабрародныя якасьці ён перанёс із старых сваіх княстваў і ў новаўтвораную ім дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае.

Далучаючы да складу дзяржавы новую краіну, гаспадар гэтае дзяржавы — Вялікі Князь — заўсёды даваў такой краіне адпаведную грамату, у якой, паводля звычаёвага парадку, гаварылася: „Гаспадар старыны ня рухае і навіны ня ўводзе”.

Найлепшы довад усяе каштоўнасьці свабоды, якая існавала ў нашай дзяржаве, даюць вызваленыя ад Татараў Украінскія землі, дзе пад дзяржаўнай рукой беларускага народу нарадзілася й вырасла вольнае ўкраінскае казацтва, што карысталася блізу ўсімі тымі правамі, якія мелі й Беларусы, што несьлі такую самую службу на мяжы з Маскоўшчынай.

Нічога падобнага мы ня бачылі, як раней, так і цяпер у суседніх зь Беларусяй Дзяржавах: Маскоўшчыне й Польшчы. У першай зь іх неабмежаваная свабода была толькі аднаму чалавеку — Маскоўскаму Цару, а ў другой — толькі аднэй групе грамадзтва — шляхце.

Аб свабодзе ў гэтых дзяржавах можна мяркаваць хоць-бы зь іхнага стаўленьня да рэлігіі іншых народаў. Прыкладам, у маскоўскай дзяржаве, як кажа праф. Пыпін, „заходня-рускіх людзей, што прыходзілі ў Маскву, перахрышчалі, як паганаў, або гарэтыкаў, пакуль нарэшце ўсходнія патрыярхі ўтлумачылі, што перахрышчаваць навет лацінянаў супярэчна з царкоўнымі правіламі”. (А. Н. Пыпін, «Гісторыя Рускай літаратуры”, том II, С.-Пэтэрсбург, 1902 г., бал. 321).

Ня лепш, чымся ў цёмнай Маскве, было із грамадзянскімі свабодамі ды рэлігійнай тэларанцыяй і ў „асьвечанай” Польшчы, дзе, як кажуць Ўлад, Грабеньскі й праф. М. Любаўскі, праваслаўныя цэрквы цярпелі ня толькі розны ўціск, але й неверагодныя збэшчаньні, а праваслаўным людзям забаранялася ня толькі вольна правіць Божую службу ў сваіх Цэрквах, але й хаваць сваіх нябожчыкаў на іхных собскіх праваслаўных могілках. (ўлад. Грабеньскі, „Гісторыя Польскага Народу” С.-Пэтэрсбург, 1919 г., бал. 263 і 303. Праф. М. Любаўскі, „Гісторыя Заходніх Славянаў”, Масква, 1918 г., бал. 352 і 328).

Наколькі вышэй стала нашая дзяржава за Маскву й Польшчу як у дачыненьні да грамадзкіх свабодаў, так і ў дачыненьні да рэлігійнае талеранцыі, пацьвярджае яшчэ адзін дакумэнт: „Вялікі князь Гэдымін, адказваючы на адну із шматразовых прапановаў Рымскага Папы аб пашырэньні каталіцтва ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім, за што Гэдыміну дакляроўвалася ня толькі карона, але й іншыя даброты, піша: „Я казаў, што дазволю хрысьціянам маліцца паводля звычаю іхнае веры: Русінам паводля іхнага звычаю, Паляком паводля іхнага, а мы, Ліцьвіны, будзем маліцца паводля нашага звычаю, бо ўсе мы паважаем аднаго Бога”. (Праф. У. Ігнатоўскі, Кароткі Нарыс Гісторыі Беларусі”, Вільня, 1921, бал. 49).

Так было ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім на пачатку XIV ст., чаго нельга знайсьці навет у дзясятай часьціне цяпер, у наша XX-е стагодзьдзе, ня толькі ў Маскве, але і ў Польшчы.

Калі мы аглянем увесь уклад жыцьця ў В. Кн. Літоўским, дык можам толькі глыбака пашкадаваць, што імкненьням Гэдыміна, Альгерда й Вітаўта злучыць усё ўсходняе славянства вакол Вялікага Княства Літоўскага ня суджана было зьісьціцца. Гэтыя імкненьні былі ўрэшце разьбітыя Масквою пры дапамозе Татараў ды Варшавай.

Беларусь и Беларусы на фоне жыцьця щсих усходних Славянаў.

Прафэсар М. Любаўскі кажа, што першымі гуртавальнікамі Славянаў паўдзённых прастораў цяперашняй эўрапэйскай Расеі былі Хазары. — „Каган хазарскі быў іхным валадаром”, і што падпарадкаваньне ўладзе кіеўскіх вараскіх людзей для Славянаў паўдня было толькі звычайнаю зьменаю ўлады.”

У часе ўпадку хазарскае ўлады Кіеў, як ніводзін із старых гарадоў, быў перапоўнены Варагамі. Яны тут былі гаспадарамі стану й вышэйшымі кіраўнікамі ўсяго паўдня задоўга да закліканьня мітычных вараскіх князёў. Яны тут гэтак умацаваліся, што, як кажа праф. Ўладзімірскі-Буданаў (б. 29), з Варагаў і „Чорных Клобукаў” складаўся ўвесь почат Кіеўскіх князёў. І толькі „ад XI ст. пераважным элемэнтам у княскіх дварох стаецца тубыльны-мясцовы”.

Акадэмік Платонаў зазначае, што „ў паданьні летапісу ня ўсё ясна й дакладна. Першае, Рурык, як кажа летапіс, прыйшоў у Ноўгарад з вараскім плямём Русь ў 862 г., тымчасам ведама, што дужае плямя Русь ваявала із Грэкамі на Чорным моры год на дваццаць раней, а на самы Царгорад Русь упяршыню напала ў чырвені 860 г.; другое, паводля летапісу выглядае, што Русь была адным із вараскіх плямёў, адылі ведама, што Грэкі ня блыталі знаёмае ім плямя Русь із Варагамі. Таксама Арабы, што ваявалі на Касьпійскім узьберажжы, ведалі плямя Русь і адразьнялі яго ад Варагаў, якіх яны звалі Ворэнгамі. Гэткім парадкам паданьне летапісу, прызнаўшы Русь адным з вараскіх плямёў, зрабіла нейкую памылку, або недакладнасьць”.

Што Кіеў стаўся для Скандынаўскіх Конунгаў першай і галоўнай цытадэляй, у гэтым няма нічога надзвычайнага. Паўдзён із галоўным гандлёвым цэнтрам у Кіеве, у раёне сьвежага гандлёвага шляху „із Варагаў у Грэкі”, надзіў да сябе не адных Скандынаваў. Сюды цягнуліся авантурнікі з усіх бакоў у надзеі на спажыву праз набегі й рабаўніцтва. Часта яны йшлі сюды, зусім ня ведаючы дарогі.

Умацаваўшыся ў Кіеве, Варагі за князёўства Алега, найбольш ваяўнічага іхнага правадыра, пачалі адсюль, з боку Кіева, а ня з боку Ноўгарада, свой наступ на захоп напачатку гандлёвых шляхоў, а пасьля й дзяржаўнае ўлады ў гарадох паўночна-заходніх Славянаў: Смаленску, Полацку й Ноўгарадзе.

Захоп першага гораду на шляху Смаленск-Ноўгарад, адзначаны й Летапісцам у 882 г. „Олег прия град Смоленск и посади в нем муж свой” (Уладзімірскі-Буданаў, б. 13).

Гэткім парадкам, мы бачым, што ніякіх Варагаў ніхто з усходніх Славянаў не заклікаў. Праф. Любаўскі кажа (б. 69), што нарманскія конунгі ў X і XI ст. гайсалі па ўсёй Эўропе із сваймі дружынамі: „Да нас на Русь яны зьявіліся часткава для рабаваньня жыхарства, часткава, як купцы, што гандлявялі зь Бізантыяй і Усходам”.

У тым, што плямя Русь перш-на-перш замацавалася ў Кіеве й тут усталіла сваю дзяржаўную ўладу, ня можа быць няпэўнасьці. Гэтым-жа можна вытлумачыць і тую акалічнасьць, што на пачатку нашае гісторыі імём „Русь” даўжэйшы час звалася толькі адна Кіеўская зямля. Землі-ж паўночна-заходніх Славянаў: Смаленск, Полацак і Ноўгарад доўго не хацелі прыймаць гэтага назову.

З прычыны захопу варагамі ўсіх галоўных гарадоў усходніх Славянаў, асабліва-ж з прычыны ўкладаньня Алегам угоды із Грэкамі ў 907 г. ад імя ня толькі Кіева, але й некаторых іншых гарадоў, а таксама з прычыны цэнтральнага палажэньня Кіева пасьля прыйма хрысьціянства, часта рабіўся выснаў, што быў такі мамэнт, калі Кіеў быў ня толькі цэнтрам праваслаўя, але й цэнтрам дзяржаўна-палітычнага жыцьця для ўсіх усходніх Славянаў.

Цяпер ужо даволі выразна высьветлена, што такі пагляд быў памыльным. Прыкладам праф. Пыпін кажа: „Старавечная Русь ня мела палітычнага цэнтру. Ня толькі Ноўгарад пачуваў сябе незалежным ад Кіева, але й іншыя вялікшыя гарады ахоўвалі мясцовыя інтарэсы; гэта ня было толькі вынікам супарніцтва князёў, а старавечнай аддаленасьцяй земляў і племяў што трымаліся свае дзяржаўнасьці”. (А. Н. Пыпін. „Гісторыя рускай літаратуры”, т. I С.-Пэтэрсбург, 1902 г., б. 316-335).

Найбольшага значаньня дасягнула Кіеўская Зямля за часамі князяваньня Ўладзімера (980-1015) і за князяваньня Яраслава (-1054). Аднак-жа й за гэтымі часамі Кіеву ўдалося падпарадкаваць сабе толькі зямлю Драўлянаў ды часьціну зямлі беларускага плямя Дрыгвічы із складу Турава-Пінскага Княства. Ніколі Кіеў ня быў і культурным цэнтрам усіх усходніх Славянаў ды ніяк не перавышаў ў гэтым дачыненьні іншых старых гарадоў: Полацка, Ноўгараду й Смаленска, ня ўлучаючы сюды, ведама, Суздальскае Зямлі.

Звычайна прынята думаць, што Кіеў культурна ўзбагаціў сябе пасьля прыняцьця хрысьціянства культурным перайманьнем ад Бізантыі, чаго, зразумела, нельга адмаўляць, але пры гэтым нельга забывацца й на тое, што хрысьціянства, якое прынесла із сабою пераважна злагадненьне звычаяў, сямейных дачыненьняў, падвышэньне маральнасьці, было ад пачатку да канца здабыткам ня толькі аднаго Кіева. Што-ж да Бізантыйскае цывілізацыі, дык Кіеў мае поўнае права прэтэндаваць на пачынальніка запазычаньня гэтае цывілізацыі. Затое іншыя гарады: Пскоў, Ноўгарад, Полацак, Смаленск ня толькі ня былі пазбаўленыя права на перайманьне паміраючае бізантыйскае культуры, але й мелі магчымасьць далучацца да ўзрастаючае заходняй культуры. Так, прыкладам, праф. Уладзімірскі-Буданаў (б. 60) кажа: „Гандаль прыводзіў Наўгародцаў, Псковічаў і Палачанаў, у судотык із свабоднымі ганзэйскімі грамадамі. Не бяручы ад іх нічога проста й беспасярэдня, грамадзяне ўспомненых земляў не маглі не адчуваць ускоснага ўплыву ад гэтых апошніх”.

Наадварот, Кіеў, які быў у навакольлі Азіятаў: Полаўцаў, Печанегаў і Чорных Клобукаў, аніяк ня мог паводля свайго культурнага зьместу перавышаць вышэйназваныя гарады. „З прычынаў-жа няўпыннага дынастычнага змаганьня, што часта канчалася братазабойствам, а затым шырокай і страшэннай калатнёй прыдняпранскіх князеў. Кіеў яшчэ на пачатку XII ст. страціў усякае значаньне, як культурнае, гэтак і палітычнае, а стаўся звычайным прымесьцем Смаленску”. (Праф. Любаўскі, б. 111).

Захоп Кіева Татарскай Гардой 6 сьнежня 1240 г. нанёс ужо забіючы ўдар і Кіеўскай дзяржаўнасьці і Кіеўскай культуры. У гэтым часе Кіеўскую Зямлю пакінула бальшыня ейнага жыхарства, што эмігравала часткава ў Галіччыну, а часткава ў Смаленскую зямлю.

Культурнае, але не дзяржаўнае значаньне Кіева аднавілася, але толькі пасля 1362 г. У гэным годзе Кіеўшчына й Падольшчына былі вызваленыя ад Татараў Вялікім Княствам Літоўскім, што дало ім, як сваім правінцыям, поўнае падтрыманьне, асабліва матэр’яльнае, на адбудову сёлаў і гарадоў.

Пасьля вызваленьня Украіны ад Татараў, украінскі народ атрымаў поўнае й нічым неабмежанае права на сваё разьвіцьцё, як грамадзка-палітычнае, так і культурнае, але цяпер усё гэта базавалася на груньце моцна ўсталенае беларускае дзяржаўнасьці, ды даволі высокай на тыя часы беларускай культуры.

Беларускаму народу давялося шмат папрацаваць над тым, каб даць належнае жыцьцё ўкраінскім землям, вызваленым ад Татараў. Што станавілі сабой гэтыя землі пасьля студваццацёхдвохгадовага панаваньня ў іх Татарскае Гарды, лепш за ўсё відаць ізь сьветчаньня праф. Грушэўскага. Спыняючыся на выніках гаспадараньня Татараў на Падольшчыне, ён кажа: „Падольшчына была нагэтулькі вынішчаная, што там ня было ніводнага гораду, ніводнае цьвярдыні”. Далей ён кажа, што „за колькінаццаць год вычысьцілі Татары увесь край, як шкло”, (Мыхайло Грушэвській, Істория Украіны, Кам’янец, 1919 г. б. 86, 87, 95). Пра вялікі уплыў беларускае культуры на разьвіцьцё ўкраінскага народу й ягонай культуры сьветчыць таксама Расейская Акадэмія Навук.

Ў 1904 г. Расейскай Акадаміяй Навук была ўтвораная адмысловая камісія начале з акадэмікам — украінцам Ф. Ю. Коршам, у складзе акадэмікаў: А. С. Фаміцына, В. В. Зяленскага, Ф. Ф. Фартунатава, А. А. Шахматава, А. С. Лапа-Данілеўскага й С. Ф. Ольдэнбурга дзеля разгляду пытаньня аб скасаваньні ўціску украінскага друкаванага слова. У дэталёвым, навукова ўгрунтаваным дакладзе гэтае камісіі, пададзеным Агульнаму Збору Акадэміі, між іншага канстатуецца й тое што „кніжная мова ўкраінская выпрацавалася ў XVI і XVII ст. ст. на аснове дзьвюх пісьмовы' моваў — царкоўна-славянскай і заходня-рускай”, правільна кажучы беларускай. (Брашураваны даклад „Аб скасаваньні ўціску ўкраінскага друкаванага слова”. Кіеў, 1914 г. б. 25).

Здавалася-б, што пасьля гэтага павінны былі-б зусім адпасьці прэтэнзіі Ўкраінцаў хоць-бы на „Літоўскі Статут”.

Вышэйпамянёны даклад камісіі Акадэміі Навук асабліва аўтарытэтна й красамоўна сьветчыць пра тую вялікую справу, што была зробленая беларускай культурай на Украіне на працягу больш за пяцьсот год.

Хто знаёмы із запраўдным станам рэчаў на старой Украіне, той ніяк ня можа адмаўляць тэй вялікай службы, якую даводзілася Беларусам штодня спраўляць як у Акадэміі Пётры Магілы, адчыненай у 1540 г. і перайменаванай у Духоўную Акадэмію ў 1697 г., так і ўва усіх канцылярыях гэтманскага кіраваньня на Украіне. (В. ДрушчыцПалажэньне Літоўска-Беларускай Дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі”, Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску”, 1925 г. № 6-7, б. 216-251).

Акадэмія Пётры Магілы, як кажа праф. Каяловіч, (б. 423), жыла галоўна сьвежымі паданьнямі школаў заходня-рускіх брацтваў, гэта значыцца — традыцыямі беларускіх брацкіх школаў.

Разглядаючы пытаньне культурнага развою ўсходніх Славянаў як да татарскага нашэсьця, гэтак і пасьля яго, даводзіцца сцьвердзіць, што Беларусь была заўсёды наперадзе й на гэтым шляху. Гэтак, прыкладам, праф. М. Любаўскі, кажучы аб культуры усходніх Славянаў дататарскае пары, канстатуе, што „шмат якія князі дататарскае эпохі былі шырака асьвечанымі, як на свой час, людзьмі. Гэткімі былі, прыкладам, князі смаленскія Сьвятаслаў Расьціславіч і брат ягоны Раман Расьціславіч, які будаваў школы, дзе трымаў настаўнікаў грэцкіх і лацінскіх. На асьвету ён выдаткаваў свае асабістыя грошы так, што пасьля ягонай сьмерці нічога не засталося ў дзяржаўным скарбе, і Смаляне пахавалі яго на свой кошт”. Калі да гэтага мы ўспомнім такіх асьветнікаў Беларусі, як Еўфрасіньня Полацкая, Клімант Смаляціч, біскуп Кірыла Тураўскі, тады нам зусім дазволена будзе сказаць, што Беларусь паводля свае культуры вышэй стаяла за сваіх суседзяў ня толькі пасьля татарскага нашэсьця, але й да яго.

Асабліва вялікая адмена была паміж Беларусяй і Маскоўшчынай, дзе, як кажа праф. Пыпін (б. 232-234), „яшчэ ў другой палавіне XVI ст. былі няпісьменныя навет князі”.

Што-ж да часу пасьля татарскага нашэсьця, дык як кажа праф. Каяловіч, у гэтую пару Беларусь, якая здолела абараніць сябе ад Татараў, была „блізу адзіным месцам, дзе маглі перахавацца старыя й пісацца новыя летапісы. Тут на працягу даўжэйшага часу дзяржаўнага йснаваньня Беларусі назьбіралася вялізманая колькасьць розных помнікаў культурнае дзейнасьці Беларускага народу. Трэба толькі пашкадаваць, што ня ўсе яны ацалелі й захаваліся пасьля страты Беларусяй свае дзяржаўнае незалежласьці. Аднак і пасьля польска-маскоўскага пагрому на Беларусі сёе-тое захавалася як ад старых, гэтак і нованапісаных летапісаў: 1) Іпатаўскі Летапіс, які, паводля праф. Каяловіча, „хоць і знойдзены ў Кастрамскім Іпатаўскім Манастыры, але бясспрэчна напісаны ў заходняй Расеі”, 2) Пскоўскі Летапіс, 3) старадаўны летапіс паводля сьпісу г. зв. Кэнігсбэрскага або Радзівілаўскага, блізкі да Лаўрэнтаўскага летапісу, 4) Цьверскі летапіс, 5) Супрасьлеўскі, 6) „Кароткі Заходня-рускі летапіс”, які абыймае час ад 1340 году да 1448 г., 7) летапіс, знойдзены ў 1866 г. ў Віцебску, Летапіс Аўраамкі, Я) больш пашыраны „Заходня-рускі Летапіс”, г. з. Летапіс Быхаўца.

З усімі гэтымі летапісамі, як кажа праф. Каяловіч, мае цесную сувязь Густынскі летапіс. Закранае беларускія справы й Васкрасенскі летапіс, дзе між іншага адзначаны пачатак літоўскіх князёў, што паходзілі з роду беларускіх полацкіх князёў.

Захавалася да нашага часу некаторая частка народнае паэзіі: паэтычных пераказаў, народных легендаў, былічных сказаў і былічных песьняў. Сюды далучаецца, як кажа праф. Каяловіч (б. 71), і ведамае Слова аб Палку Ігравым, якое было знойдзенае ў беларускім зборніку ды апублікаванае пры Кацярыне II у 1180 г. ведамым зьбіральнікам старавечных помнікаў, Мусінам-Пушкінам.

У 1864 г. знойдзенае Слова аб Палку Ігравым было выдрукавана Пекарскім пры Акадэміі Навук. Пасьля гэты гістарычны помнік Беларускага народу быў перакладзены ўкраінскім нацыянальным дзеячом Максімовічам у ўкраінскую мову.

Як сьветчыць праф. Каяловіч, Слова аб Палку Ігравым мела вялікі ўплыў на далейшую апавядальную літаратуру, асабліва пра Кулікоўскую Бітву 1380 г. Але, як зазначае праф. Каяловіч, і Кулікоўскай біцьве найбольш каротка й ясна, а галоўнае із зразуменьнем значаньня бітвы, дало апісаньне ізноў-жа ў „заходня-рускай” рэдакцыі пераказу аб Кулікоўскай біцьве. (Рукапіс Імпэратарскай Публічнай Бібліятэкі, зборнік із сховішчаў старавечнасьці Пагодзіна).

Пачатак гісторыі усходніх Славянаў пакладзены (XVI-XVII ст.) Беларусамі, сярод якіх найбольш вызначыўся на гэтым шляху Феадос Сафановіч.

У заходняй Русі, — падчырквае праф. Каяловіч, — шмат было зроблена вялікіх справаў і зьявілася шмат вялікіх людзей, каб народная памяць магла не зварачацца да гэных справаў і да гэных людзей”. (М. О. Каяловіч, „Гісторыя Рускае самасьведамасьці”, С.-Пэтэребург, 1901 г., б. 12-89).

Гэтак было, але ня гэтак сталася пасьля заваёвы Беларусі Маскоўшчынай. Беларусь магла йсьці поплеч з усімі культурнымі народамі толькі датуль, пакуль ёй удавалася зьберагчы сваю тэрыторыю ад тых размавітых азіяцкіх гордаў, якія праз даўжэйшы час бязупынна гайсалі ад Амуру да Вугорскае нізіны. Але вось надыйшлі XVI й XVII стагодзьдзі, і там, адкуль ішлі на захад дзікія горды, г. зн. на прасторах ад Амуру да Масквы, выростае новая гарда, што перавышае як сваёй сілай, так і сваймі разбуральнымі якасьцямі, ці адну з вышэйназваных азіяцкіх гордаў. Гэты вялізарны калектыў нявольнікаў Маскоўскага цара пачынае ўжо на пачатку XVI стагодзьдзя моцна ціснуць сваім цяжарам на Вялікае Княства Літоўскае. Дарма што Беларусь давала ўзброены супраціў, які, агулом бяручы, складае 175 год вайны, яна ўсё-ж не магла ўтрымацца. Урэшце цяжкі маскоўскі бот усё-ж стаптаў ня толькі Беларускую Дзяржаву, але й беларускую культуру, ня даўшы на месца яе абсалютна нічога.

Заняўшы Беларусь, а пасьля Жмудзь і Польшчу, і баючыся, каб Вялікая Літоўская дзяржава ізноў не ўваскросла — ці то самастойна, ці ў злучэньні із Польшчай, Масква пастаралася ўсё зрабіць, каб гэтага ня здарылася. Асабліва моцна яна тут біла па Беларусі. Такого молата й такіх удараў ня ведае ніводзін край, ніводзін народ з усёй расейскай турмы народаў.

Акадэмік Платонаў у сваёй кнізе „Барыс Гадуноў” (1924 г., б. 32). між іншага кажа, што Маскоўскія князі й цары заўсёды вывозілі з заваяваных імі краёў уплывовых, небясьпечных для іх людзей, а на месца іх пасялялі жыхароў з Маскоўшчыны. Гэта быў ужо даўна апрабаваны спосаб, які перайшоў у традыцыі Маскоўшчыны і ўжываўся з мэтаю дзяржаўнай асыміляцыі ды зьнішчэньня „сэпаратызму”.[3]

У Беларусі царскія сатрапы цягам доўгіх гадоў ламалі, палілі й нішчылі найперш ейныя помнікі — дзяржаўныя, грамадзкія й царкоўныя. Але іх было так шмат, што Маскалём давялося беларускія бібліятэкі й архівы ня толькі вывозіць у Кіеў, Маскву й Пецярбург, ды ў іншыя гарады, алей спальваць на месцы.

Больш чым адкуль было вывезена зь Беларусі й людзей, ня толькі знаных, уплывовых і агульна ведамых, але й ці малую колькасьць вясковых людзей, зь ліку тых беларускіх масаў, што яшчэ моцна трымаліся сваіх собскіх звычаяў ды не маглі лёгка пагадзіцца з маскоўскай грубасьцяй. Такіх людзей вывозілі зь Беларусі ажна стагодзьдзе.

Беларусаў маскалі высялялі із свае Бацькаўшчыны ня толькі за няўпынны супраціў і паўстаньні, што былі ў 1794, 1812, 1830, 1863 гадох, але й бяз жаднай прычыны. Так, прыкладам, у 1831-м годзе было вывезена зь Беларусі ў губэрні чарнаморскія, бэсарабскія, прыволжацкія ды ў Кубанскія стэпы 45.000 сем’яў. Людзі гэтыя, жывучы на сяле, выразьняліся ад сваіх суседзяў-сялян, магчыма толькі тым, што больш за іх памяталі пра былую славу Беларусі.

Гэты абуральны акт быў праведзены Маскоўскім урадам пад выглядам палепшаньня матар’яльнага стану высяляных.[4].

Такога масавага выгнаньня із свае бацькаўшчыны не перацярпеў ніводзін падбіты Маскалямі народ на ўсёй шырокай прасторы былой Расейскай Імпэрыі.

Пасьля зьнішчэньня беларускіх помнікаў і пасьля зачыненьня ўсіх беларускіх школаў, ад пачаткавых да вышэйшых, была агалошана ў 1867-м годзе Й забарона беларускага друкаванага слова.

Бязупынны вандалізм Масквы страшэнна абураў Беларускі народ, асабліва вучнёўскую моладзь. Г. Турцэвіч у сваёй кнізе „Хрестоматня по истории Западной России” (б, 756) кажа, што юнацтва ў публічных школах ставіцца да Расеі з пагардай, ня ведаючы Расіян: яно ўважае іх за народ барбарскі, і слова Маскаль сталася звыклым выказам пагарды”.

Як ні змагаўся беларускі народ супраць маскоўскага вандалізму, аднак, пазбаўлены школы як беларускай, так і расейскай, кнігі ды інтэлігэнцыі, якая часткава была перабітая ў бязупынных войнах з Маскоўшчынай, а часткава выгнаная з роднага краю, — ён усё-ж за некаторы час быў блізу даведзены маскоўскай уладай да жалюгоднага культурнага ўзроўню маскоўскага селяніна.

Забарона беларускай кнігі й школы адкінула ўсю засталую інтэлігенцыю ў польскі лягер. Такім парадкам шматвяковы супраціў Беларусі палянізацыі быў канчальна зламаны. Тыя польска-каталіцкія касьцёлы, якія мы бачым ня толькі ў Горадзенскай, Віленскай і Менскай губэрнях, але навет у Магілеўскай ды Смаленскай у бальшыні з’явіліся там заміж беларускіх дзякуючы маскоўскай палітыцы.

Вось што пісаў адзін сучасьнік (Выпель) пра Кіеў за цараваньне Паўла: „Я ў маладосьці сваёй стаўся сьветкаю вялікай мэтамарфозы: старавечная сталіца вялікіх князёў рускіх, якая навет за польскае ўрадаваньне абараніла сябе ад польскага ўплыву, раптам апалячылася”. (Праф. Лаппо, б. 21, 22).

Ня меншай свабодай палёнізацыя карысталася й на Беларусі, якая ўдала змагалася зь ёю датуль, пакуль Расея не адабрала ад яе зброі змаганьня: школы, кнігі ды інтэлігенцыі.

Найбольшую-ж свабоду атрымаў польскі сейбіт на Беларусі за цараваньнем Алсксандры I. У гэтых часох князь Адам Чартарыскі, асабісты прыяцель цара, паводля праф. І. І. Лаппо, „Не хаваў сваіх мэтаў служэньня польскай справе, але адкрыта рыхтаваў нараджэньне тэй Польшчы „ад мора да мора”, якая была прадуктам творства гэтай ідэі, але ніколі не існавала ў запраўднасьці, бо, як ведама, Вяліка-Літоўская дзяржава захавала сваю дзяржаўную, незалежнасьць аж да самага падзелу саюзнай Рэчы Паспалітай”.

Таму й ня дзіва, што ў канцы XVIII ст. абшарнікі з захопленых Расеяй земляў Рэчы Паспалітай падалі расейскаму ўраду адрыс, у якім між іншага казалі: „Жывучы ня ў Польшчы, мы пачуваем сябе быццам у Польшчы, і навет лепш, чымся ў запраўднай Польшчы” (Праф. У. Ігнатоўскі, б. 107).

Так пачуваў сябе польскі абшарнік. Як жа ў гэтым самым часе пачуваў сябе беларускі селянін пад „высокай апекай заступнікаў і абаронцаў праваслаўных і праваслаўя” на Беларусі — маскоўскіх цароў і пецярбурскіх імпэратара? Галоўны начальнік краю ў сваім „всеподданейшем докладе” ў 1855-м годзе піша: „У Віцебскай губэрні сяляне блізу ня ведаюць хлеба, жывяцца грыбамі й рознымі сырымі рэчывамі, што выклікае хваробы: галеча страшэнная, а побач раскоша абшарнікаў. Жыцьцёвыя сілы краю зусім вычарпаныя ў маральным і фізычным дачыненьні; рясслабленьне дайшло да скрайных межаў”. (Праф. У. Ігнатоўскі, б. 108).

Аб гэтым-жа гаворыць і ведамы расейскі эмігрант І. Тургенеў у сваіх запісах, дзе ён кажа: „Адно із сама абуральных злоўжываньняў крыецца ў беларускіх правінцыях (Віцебскай і Магілеўскай), дзе сяляне такія гаротныя, што выклікаюць спачуваньне навет у расейскіх прыгонных”. (Праф. Уладзімерскі-Буданаў, б. 218).

Як усё гэта нагадвае сяньняшняе панаваньне Масквы на Беларусі!

(працяг будзе)


  1. Друкуючы ніжэй у скароце інфармацыйны даклад, чытаны нябожчыкам прэзыдэнтам БНР В. Захаркам у Празе 6-га сьнежня 1936-га году на паседжаньні „Таварыства Вывучэньня Казацтва”, быў прызначаны для надрукаваньня асобнай брашурай у выданьнях Таварыства. Але з прычын тэхнічных цяжкасьцяў гэта ня было зьдзейсьнена. Рукапіс дакладу пасьля сьмерці Прэзыдэнта знаходзіўся ў Архіве Таварыства і быў вывезены разам з казацкім архівам на Захад. У 1948-м годзе ў Нямеччыне рукапіс быў перададзены Замежнаму Сэктару БНЦ. Таварыства Вывучэньня Казацтва, дасылаючы гэты рукапіс БНЦ, зазначае, што „перадае рукапіс Беларусам у вадзнаку асаблівых сымпатыяў Казакоў да Беларускага народу і ягонага нацыянальна-вызвольнага змаганьня”. — Рэд.
  2. У прынятых у ЗША мерах — 160.405 кв. міляў. — Рэд.
  3. Гэтымі-ж традыцыямі Маскоўскі імпэрыялізм (на сяньня ў хорме расейскага бальшавізму) жыве й дагэтуль, Рэд.
  4. А ці ня тое-ж самае робіць і сучасны маскоўскі ўрад, які ад 1930 г. сыстэматычна высяляе зь Беларусі міліёны беларускага народу ў Котлас і Сібір, а сяньня ў Сярэднюю Азію „для асваеньня цаліны”? Рэд.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 

Гэты твор знаходзіцца грамадскім набытку ў ЗША, бо ён быў законна апублікаваны ў ЗША (або ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку згодна з Раздзелам 7 Пагаднення аб штаб-кватэры ЗША) і выключнае права на яго працягнута не было.


Падрабязней гл. у дакументацыі.