Беларусь (Купала)

Беларусь
Верш
Аўтар: Янка Купала
1906
Крыніца: http://bialorusko.prv.pl/kupala.htm

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бачу: змарнелы цень ідзе нейкі,
Бедная світка спіну ахінае,
І галава над лахманнем сівая,
Ногі крывыя ў лапцях старэнькіх.

Твар у барознах, нібы ніва тая,
Цені прыгнечання, лёсу тут здзекі,
Выцвілі вочы, апухлі павекі,
Хрыпла слабымі грудзямі ўздыхае.

Вось беларус, што гаруе і верыць,
Вось беларус, якога скруціла
Ў багне бядоты цемра-хімера.

Можнасць ягоная — домік пахілы,
Мэта ў жыцці — саха і сякера,
Гору сканчэнне — карчма і магіла.

(1906)