Беларусь (1922)/Заклік
← Белая музыка | Заклік Верш Аўтар: Леапольд Родзевіч 1922 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Заклік (Родзевіч). |
XVI
Заклік.
Брат мой мілы! Ты хмарней хмары, чарней зямлі. Вочы поўныя сьлёз няпэўна, трывожна перабегаюць даль. Ты блудзіш!
Брат мой мілы! Падарожны нашых непраходных пушч. Грозныя буры цябе аглушылі. Халодная цемра асьляпіла. Зьнемагла цябе галодная бяда,
Які ліхадзей адважыўся кідаць каменьнямі і так параніў тваё цела!
Якое-ж гэта ліхалецьце загнала цябе ў гушчар нетры, на бездарожжа!
Спыніся брат мой, прысядзь на прызбе маей хаты вясковай, пахілай і дай пачуць сваё новае слова аб мудрай задуме засеянага поля, аб спрарочым гомане векавечнага бору, аб нашым, блізкім, родным… Распелянай душу сваю ад залатых кос сонейка і сінявы нябеснай. Хай здаровая нагата яе будзе уміленьнем у сумную часіну.
Калі-ж ты шукаеш Бога, каб напоўніць, сагрэць і: асьвяціць душу сваю, што як бажніца бяз Бога, пустуе ў забыцьці, дык увайдзі брат мой у маю хату вясковую, пахілую. Там ты, без малітвы і слоў, усей істотай сваей, пачуеш, уразумееш Бога. І будзеш радасны.
Калі-ж ты ачмучаны крыклівай праўдай, якой чураўся, ашуканы багатымі абецанкамі, якія шкодны табе; калі ты сярод хвальшывага блеску не пазнаеш сябе, сярод чужога горада згубіў сябе, дык увайдзі брат мой мілы ў маю хату вясковую, пахілую. Там пазнаеш глыб і чыстату душы сваёй. І будзеш радасны.
Калі-ж ты безнадзейны, няўсьцешны нічога ня шукаеш, бо дагэтуль знаходзіў толькі церні і роспач; калі цень сьмерці заступіла красу і уцеху жыцьця, а небыцьцё вабіць у бяздонную цемру, дык схамяніся брат мой і увайдзі ў маю хату вясковую, пахілую, дзе багуе каханьне і гаспадарыць праца-весялуха. Там на стале, адліваючы срыбрам, красуе даматканы абрус, на ім ляжыць пушаны, пахучы хлеб, боль у бяроставай ступачцы, а ў паліваным жбанку сыта сытная. Адтуль відаць як рожавеець белаліловы золак. Там на Вялікдзень абразы на покуце ахарашываюцца дзеразой, а на Сёмуху пахніць яірам пасыпаным. Там, скаголеньне злой, сьнежнай мяцеліцы, разьбіваецца аб паважны спакой дабрадзейкі печы, якая зьмярканьнем затуляе ў цеплую драмату. Там, брат мой мілы, аддыхнеш душой, падужэеш целам і праславіш музыку жыцьця.
Дык увайдзі, брат мой мілы, ў маю хату вясковую, пахілую, а будзеш дарагім гасьцём і ўзрадуеш мяне засмучонага ад жудаснай сучаснасьці.
Увайдзі — —