Беларуская казка Роспач
Верш
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1922 год
Эх, нехайная старонка…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Роспач (Родзевіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV

Роспач.

О, беспатольная, бел-чыстая,
з ліхадзеямі нерашучая —
аб Табе да зямелькі камяністае
прыпадаю ад болі пякучае.
Б‘юся як рыба аб лёд —
кроў, сьлёзы, пот…
То-ж адабралі, глумяць Жалейку.
Крывавым штыхом распаловілі
безабаронную, працоўную Сямейку.
З падваротні сытым назласловілі
пра гора ціхае, жабрачае;
пра хараство юначае;
пра заімшэлую Вялікую Руіну.
А кругом каркаюць, што не ўваскросшы згінеш,
што мову матчыну
ў забыцьцё кінеш.
А кругом дужыя, ляскаючы клыкамі,
рвуць сквапна цела кускамі: —
Няміга, Люблін і Рыга —
калі скрыша іх вясны нашай крыга!


Ах, ясі Ты праклёныя кусочкі.
Нахадзілася з сваей хаты ў прочкі.
Настаялася ў пераможцаў пры парозе.
Намадзелася нявіннай у вастрозе.
Начулася гідкіх нагавораў.
Пакалечыла душу аб нораў
прагавітых прыблуд-ліхадзеяў.
Спахмурнела ад грозных падзеяў.


Як балюча цягучая ноч роспачы, гора.
Бы ліпкае павуценьне аплутала змора.
Рабскі жах, нявера душы набалелай
точаць корань Руні і цежараць думу.
Па Краіне працы і задзерванелай
значан сьлед крывавы ўладарнага Глуму.
Славу здратавалі!
Замест неба — клетка каваная з сталі.
А замест сьвітаньня — зарава пажараў…
Ах, годзі жа, годзі ахвяроў!
Ах, раніца-краля і вечар-багач
усьцішця жальбу, стогн і плач
дзіцяці ад глебы, плач сіраціны —
бяз Імяні, Долі, Айчыны.

—       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —

У немач кінула адвечная пакора.
Ня ўтопіш у сьлёзах Ты гора.

—       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —       —

Ах, калі-ж узойдзеш, бяз прынукі
на гальготу адраджэнскага Руху!
Ах, калі-ж працерпіш тыя мукі,
Што дадуць незалежнасьць Твайму Духу!