Беларусізацыя Пр. Царквы і расейцы
Беларусізацыя Пр. Царквы і расейцы Артыкул Аўтар: Усевалад Більдзюкевіч 1930 год |
Стварэньне Белар. Правас. Камітэту выклікала ў прэсе пэўны водгук.
Польская прэса проста адзначыла паўстаньне Бел. Прав. Арганізацыі, беларуская прэса, як заўсёды не абыйшлася без камэнтарыяў. Як маладая яшчэ наша беларуская прэса ня ўмее быць спакойнай і паважнай і зьмешывае самую ідэю з сваімі асабістымі парахункамі ў адносінах да асобаў, якія ўваходзяць у склад арганізацыі. Ну, ды нічога! Старыя паразумнеюць, з часам адыйдуць, маладыя іх заменяць, і будзем калі-небудзь мець прэсу эўрапэйска-паважнаю.
Расейская сталічная прэса спакойна адазвалася аб паўстаньні Бел. Прав. Камітэту. Затое віленская прэса (газ. „Наша Жызнь"), моцна разгневалася. Як так магла паўстаць самастойная Беларуская Праваслаўная Арганізацыя. Гэта-ж ёсьць парушэньне правоў расейскага „меншенства!" Праваслаўная Царква гэта нашая, Расейская! А тут беларусы, якія населяюць гэтыя зямлі, хаць мы расейцы, іх і ня прызнаем, адважываюцца заяўляць, што Праваслаўная Царква на Беларусі павінна быць Беларускай! І вось гэты гвалт, які паднялі расейцы, гэта зусім зразумелая рэч.
Трэба адзначыць, што расейцы моцна абаснаваліся ў Вільні і зарганізаваліся. Яны добра разумеюць, што Праваслаўная Царква, гэта апошняя нітачка, якая можа вязаць Захадняю Беларусь з Расеяй. Пастараліся акружыць сваёй апекай духоўныя ўстановы, духоўную сэмінарю і духавенства. Апанавалі духоўную кансысторыю так, што там няма ані воднага беларуса (у духоўнай сэмінарыі беларус толькі вучыцель, які выкладае беларускую мову).
Праз кансысторыю стараліся ўплываць на духавенства, якое напалову чыста расейскае, а напалову, хаця па паходжаньню і тутэйшае, моцна зрусыфікаванае. Стараліся трымаць духоўны мір над гіпнозам, што прыдзе час і зноў паўстане: адзіная і нядзельная. Што беларусаў няма, што беларускай мовы няма, называючы нашу мову простай, мовай сапсутай расейскай, на якой расейскаму сьвяшчэньніку „говоріть не годзітся". Калі зьяўляўся часам нейкі сьвяшчэнік беларус то яго зараз-жа пачыналі закідываць балотам, абвінавачываць у бальшавізьме, пазбаўляць яго права служэньня і г. д.
Расейцы добра разумелі, што Пр. Царква гэта апошняя іх пляцоўка, якую яны яшчэ маюць у нашым краі. Ясна, што без барацьбы, і то барацьбы самай рашучай, яны не аддадуць гэтай пляцоўкі. Так што абурэньне, якое выклікала ў расейцаў паўстаньне Бел. Пр. Камітэту зусім зразумелае. Зразумела таксама іх выступленьне ў прэсе, дзе яны стараюцца дыскрэдытаваць самую ідэю беларусізацыі Пр. Царквы, абліваючы памыямі арганізатараў Камітэту.
Але-ж мы павінна рашуча і моцна сказаць ім: рукі проч ад Царквы! Вы прыбышы! і непавінны узірацца ў Сьвятое Сьвятых Беларускага Народу, які займае гэтую зямлю з прадвеку.
______________________
Яшчэ да заснаваньня Бел. Пр. Камітэту, беларусы ўжо няраз падымалі пытаньне аб беларусізацыі Царквы. Але выступалі заўсёды неарганізавана, так што Бел. Пр. Сход, які адбыўся 14 сакавіка 1930 года, гэта першая арганізаванае выступленьне Прав. Беларусоў па гэтаму пытаньню, а Белар. Прав. Камітэт гэта першая Беларуская Праваслаўная Арганізацыя, якая адважылася распачаць барацьбу з русыфікатарствам, якое пануе сярод нашае Царквы, і падыйсьці да гэтай справы арганізавана, ясна прадстаўляючы сабе ўсе труднасьці гэтай справы і тую вайну, якую ёй прыдзецца вясьці, як з расейскім арганізаваным грамадзянствам, так і з русафільскім, аб'еднаным у адну духоўную касту, духавенствам.