Беларусі ордэнаноснай (1937)/І прыдзе

З павяўшай славы І прыдзе
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Арлянятам
Іншыя публікацыі гэтага твора: І прыйдзе.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І ПРЫДЗЕ…

І прыдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі, ці чарада

Зняваг мінулых нас не з‘ела,
Пакінуўшы свой дым і чад.
і мы па-даўнаму нясмела
Жылі не ў лад і неўпапад?

Ці аб свой гонар дбайна дбалі,
і добравольна, без прынук,
Самі сабой не гандлявалі,
Не неслі ў петлі дум і рук?

І ці пакінуці на памяць
Мы песень гэтакіх змаглі,
З якіх-бы можна было ўцяміць,
Што мы свабоднымі былі?..

А ўжо свой выдасць непадкупны
Аб нас гісторыя прысуд,
Калі аглядам гляне рупным
і разбярэ, ў чым справа тут.

У сведкі запісы пакліча,
Паданні клікне ў час такі,
І ўсё паліча, пераліча…
А суд гісторыі цяжкі!..

І засумуецца патомак,
Калі дазнаецца аб нас,
Што нейкі з нас хоць быў не зломак,
А плечы гнуў у крук не раз;

Не йшоў з адкрытымі вачыма
У свет і сцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасці магчымай
Таптаў сляды, сябе таптаў.

1926 г.