Абвілася краіна ў кветкі Алеся
Верш
Аўтар: Янка Купала
1937 год
Лён
Іншыя публікацыі гэтага твора: Алеся (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АЛЕСЯ

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Гадавала матуля
Дачушку Алесю.

Гаманіў бор сасновы
Ў вечары і ранкі,
Над калыскай ліповай
Пела калыханкі.

— Спі, засні, мая дзетка,
Птушкі ўжо заснулі!
Спі, засні, мая кветка,
Люлі, люлі, люлі!

— Спі, не ведай трывогі, —
Надыйдзе часінка, —
На свае устанеш ногі,
Мая ты дзяўчынка.

Будзеш кужаль ты прасці,
Будзеш ткаці кросны,
Выглядаці долі, шчасця
Ў маладыя вёсны.

Кукавала зязюля
У зялёным лесе.
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.

Як набралася моцы
Матчына дачушка,
Паляцела да сонца
Пералётнай птушкай.

Паляцела дзяўчына
Самалётам гонкім
Над шчаслівай краінай,
Над роднай старонкай.

Адчыняе вароты
Нябесным маршрутам,
Ці як ястраб з высот
Скача з парашутам.

І да сонца праз хвілю,
А ўсё вышай, вышай!
Самалётавым крыллем
Воблакі калыша.

Стара маці днём, ночкай
Марыць ля аконца:
Ужо к прасніцы дочка
Не зляціць з-пад сонца.

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Не згадала матуля,
Што выйдзе з Алесі.

Ляўкі. Аршаншчына.
Чэрвень 1935 г.