Беларусі (Маракоў)

Беларусі
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1928
Крыніца: Полымя. — 1928. — № 10. — С. 67—68.
другая частка верша напісаная Алесем Звонакам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Заспявала ты вольную песню, Айчына,
Быццам нехта з нядолі
Раскуты прыйшоў…
І з любоўю таварыша,
Друга
І сына
Пацягнула к табе ўсёй душой…

О любімая кветка!..
О маці…
О песня!..
Як аддзякаваць?
Як прывітаць?..
Ты, як лёс твой, нядолі равеснік,
Навучыла тваім,
Ўсёпрымаючым стаць.

Навучыла і жыць,
І змагацца,
І верыць…
Сэрца ў грудзі дала мне, а ў сэрца — агонь.
І пявучую сілу
Сумуючай леры
Я панёс ад чужых берагоў…

Я іду па тваіх пуцявінах-дарогах —
Кроплі сонца,
Бяскрайнасць і сінь у вачох;
І тваё вызваленне
З пацёмкаў былога
Узнімаю, як сцяг барацьбы,
На плячо…

І з любоўю таварыша,
Друга
І сына
Я аддаўся табе ўсёй душой…
Я паверыў у здольнасць вялікай Айчыны,
Пакланіцца у ногі к табе
Я прыйшоў!..