Белоруская рада (1917)/1917/5/Мінуўшчына
Мінуўшчына Верш Аўтар: Леапольд Родзевіч 1917 Крыніца: Белоруская рада, 1917. - №5 - с. 2 |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мінуўшчына (Родзевіч). |
Быў калісь слаўны час калі звон вечавы
Зычны покліч свой слаў за замчышча равы,
Слаў ад княжскіх харом да убогіх хацін,
Ды на вечэ склікаў сярод грозных хвілін.
І ішоў вольны люд. І ждаў Полоцк гасцей –
Князь ждаў гнеў ці хвалу. Дудар граў весялей.
Не гулі віхры, гром, не шумеў зелян-бор
То судзіло суды і давало прастор
Вольным думкам сваім вечэ верных сыноў
Крывічанскай зямлі, вечэ шчасных гадоў.
“Князя-злыдня прагнаць! Меж дружыны есь муж
Слаўны добрай душой і на мудраць ён дуж –
Гаспадарыць яму! Князям выбраць яго!”
Такі сказ край пачуў, пачуў з веча таго.
Полацк знаў што рабіў, бо калі жмудзь з лясоў
Запалоніла край, што быў згінуць гатоў!
Вось тады не мячом Полацк край ратаваў:
Блескам мудрых рачэй Вільню ён паканаў,
З цёмных дзікіх лясоў вывеў ворагаў ён,
Ў рукі светач ім даў, даў ім правы закон.