Беркут (Франко/Цітоў)

Беркут
Верш
Аўтар: Іван Франко
1883
Арыгінальная назва: Беркут
Пераклад: Канстанцін Цітоў
Крыніца: Беларусь, 1946, №5-6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беркут


З нябачанага гнязда агледзеў ён абшары
І крыллямі ўзмахнуў, і кінуўся за хмары, —
Так вось і наша мысль ад гневу з сэрца рвецца
І, абляцеўшы свет, аб неба абапрэцца.
І крыллямі яна халодны гоніць вецер,
Заве: «Дзе вечны бог? Дзе праўда ёсць на свеце?
Аблётала я свет ад краю і да краю,
У атамы прайшла, а праўды ўсё не маю».

Ён з дымнай вышыні ўніз глядзіць драпежна,
Як сімвал смерці, што павісла непазбежна
Па-над жыццём.. Вунь ён схаваўся за імглою.
Глядзі: каб кроў праліць, ляціць ён над зямлёю.
Пабач, і страх цябе ахутае, агорне:
Вось беркут над табой павіс у далі горней.
Не прамахнецца ён, калі з-за хмары, рыне!
Ці многа дзён табе забойца твой пакіне?

Ён рушыў. Ён плыве, віецца ў зеніце;
Так лёсу чаўначок тчэ долі нашай ніці.
Спакойна кружыцца, глядзіць на горы скоса,
То ў хмары кінецца, то ўзмые да нябёсаў.
І толькі крык яго даносіцца галодны.
Так у цішы не раз прарвецца плач народны,
Халодным жахам ён ахопіць сэрца пана,
Як той падземны гром прад выбухам вулкана.

Мне ненавісны ты, што ў’ешся нада мною,
За тое, што ў грудзях хаваеш сэрца злое,
За тое што ты кат, што з высяў залатых
На тых; чыю кроў п’еш, глядзіш з пагардай ты,
Затое, што ў слабых ты меціш свой удар, —
Ты ненавісны мне за тое, што ты—цар.

І вось я ўзвёў курок — надзейна мая зброя,—
І куля ўвысь імкне, пад воблака сівое,
І на зямлю не смерць ты прынясеш, драпежны,
А знойдзеш сваю смерць у помсты міг належны.
І не як божы суд, а нібы труп бяздушны,
Ты звалішся, суду маёй рукі паслушны.
І не апошні ты. Бо нас, стралкоў, сто сот:

І хто вось так, як ты, крывёю мые рот,
Хто сее страх і смерць, хто патурае крыўдзе,
Ад кулі не ўцячэ, калі часіна прыйдзе.
А труп мы адштурхнём, не кажучы ні слова,
І пойдзем мы далей спакойна і сурова.


1883