Блізкаму
Блізкаму Верш Аўтар: Юлі Таўбін |
Крыніца: http://old.knihi.com/taubin/ |
Мне праз тлум і гоманы сталіцы
За шырокай даллю палявой
Часта зданню прад вачмі мігціцца
Нечакана - блізкі вобраз твой.
Недзе там, дзе шолахі і ветры,
Дзе кастрычнік вольхі абгаліў,
Можа, пішаш гарадскім паэтам
Просты, шчыры і адданы ліст.
Выкладаеш сціслы свой жыццёпіс:
«Быў пастух... Калгаснікам цяпер...
Дасылаю ў вашую часопісь
Свой другі - апрацаваны верш».
...За акном маім шуміць сталіца.
Дружа мой! За даллю палявой
Многа вас, нязведаных, таіцца -
Вось таму так блізкі вобраз твой.
Веру я, што здзейсніцца твой вырак,
Поле песні трэба шмат араць...
Прынясеш калісьці ў вершах шчырасць,
Паслядоўнік, нашчадак і брат.
Ці пачуеш ты мой голас ветлы?
Недзе там, сярод пажатых ніў,
Ходзяць ветры і гуляюць ветры
І кастрычнік вольхі абгаліў.
(02.09.1929, Менск)