Бог і поп
Бог і поп Паданне Аўтар: народ Крыніца: http://skarby.in/bog-i-pop.html |
Жыў адзін вельмі скупы поп. Нікому ён не спагаджаў. Ні беднякам, ні жабракам. Ідзе аднойчы поп да царквы службу правіць, а насустрач яму стары падарожнік.
— Не дай, бацюшка, з голаду памерці, не пашкадуй хлеба кавалак ці капейчыну…
— Хіба не бачыш, што я на службу іду? — накінуўся на падарожніка поп. — Ці мала вас, абібокаў, тут цягаецца? Згінь з маіх вачэй!
Стары хутчэй павярнуў назад, а раззлаваны поп давай цкаваць яго сабакамі. Тады падарожнік махнуў рукою — і ўсё навокал раптам перайначылася. Вёска кудысьці знікла, на месцы царквы і хатаў вырас лес. Пабаяўся поп заблудзіцца, увязаўся следам за падарожнікам. Доўга яны блукалі па лесе, пакуль выбіліся з нетраў на раздольны луг. У згаладнелага папа аж ногі заплятаюцца. Тут па дарозе ім сустракаецца авечы гурт. Падарожнік купіў у пастуха барана і гаршчок, адышоўся трохі і загадаў папу раскласці агонь. Потым яны ўдвух зарэзалі барана, кінулі ў гаршчок барановае сэрца і дзве ныркі.
— Я здарожыўся, адпачну трохі, — кажа стары папу, — а ты вячэру гатуй. Як зварыцца, будзі мяне.
Затанцаваў поп вакол гаршка. Сліны поўны рот — так есці хочацца. І не вытрымаў — праглынуў адну баранову нырку. Потым заваліўся на бок і захроп, як пшаніцу прадаўшы. Прачнуўся падарожнік, раскатурхаў папа:
— Ну, давай паглядзім, што ты згатаваў…
Падсунуў поп гаршчок бліжэй да старога, усё яшчэ не здагадваючыся, што перад ім сам Бог.
— А куды адна нырка падзелася?
— Не ведаю, — паціскае плячыма поп, — я зварыў вячэру і таксама лёг спаць…
— Няўжо разам з намі хтосьці яшчэ быў?
Давай поп клясціся і бажыцца, што не еў нырку.
— Хопіць табе бажыцца! — кажа Бог. — Можа, як мы паснулі, злодзей прыходзіў… Падмацуйся — я не галодны.
Папа есці ўгаворваць не трэба, мігам апаражніў гаршчок. І толькі яны адышліся ад вогнішча, бачаць — ляжыць на дарозе горба золата.
— Вось дык знаходка! — зарадаваўся Бог. — Як будзем дзяліць?
— Як падзеліш, так і будзе, — адказвае поп, а ў самога аж вочы блішчаць.
Падзяліў Бог золата на тры роўныя долі і кажа:
— Гэта траціна — табе, гэта — мне, а гэта трэцяя доля таму, хто нырку з’еў.
Поп ад радасці падскочыў і, ні кропелькі не саромеючыся, прызнаўся:
— Дзядулька, другую нырку таксама я з’еў!
— Ну вось… — нібыта не паверыў Бог. — Як убачыў золата, дык нагаворваць на сябе пачаў. А дзе ты раней быў? Чаму адразу не прызнаўся?
— Дальбог я з’еў! — пачаў бажыцца поп. — Каб я скрозь зямлю праваліўся, калі маню…
— Вось які ты сквапны, — усміхнуўся Бог. — Дзве клятвы ўжо даў: адну — што не еў, а другую, убачыўшы золата, што з’еў. Тады ты паквапіўся на нырку, а цяпер на золата, — і блаславіў прагнага папа: — Будзеш ты браць з жывога і з мёртвага, з беднага і з багатага, і ўсё табе мала будзе.
Махнуў рукою Бог — і зараз жа паўстала назад вёска, а самога не стала.