Бора Нохімчык
апавяданне
Аўтар: Сымон Баранавых
1930
Крыніца: http://knihi.com/Symon_Baranavych/Bora_Nochimcyk.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І


Я стаяў на пляцы Волі і глядзеў, як ішлі адна за другою калоны.

— Гах, гах, гах…

Вецер варушыў сцягі. Блытаўся ў іх чырвоным палатне, карбаваў іх, пярэсціў.

Дзень быў светла-сонечны, майскі. Усё навокал кішма кішэла, жыло, хвалявалася.

Адна за другою ішлі, ішлі калоны… па Ленінскай, па Савецкай ішлі роўным, памерным і цвёрдым тахтам.

— Гах, гах, гах.

Над галовамі тысяч людзей адыходзілі то ўперад, то назад — аэрапланы. Яны зусім лёгка і бесклапотна давалі нырца ў шкляным і глыбокім паветры: кулём куляліся цераз галаву — як качка ці гусь — пакідаючы на сваім пер’і кроплі крыштальнай расы. І на недасяжнай вышыні прапелерны гул іх злучаўся з гулам зямлі.


…Мы ма-ла-ала-да-я гвардыя

Рабо-очых і-ы сялян…


— Колькі жыцця… Колькі радасці, складзенай разам… А таму такая і вялікая радасць, — разважаў я, гледзячы на адну, на чацвёртую, на дзесятую — калоны.

А яны ішлі.

І вось калі разважаў я, глядзеў на іх, — перад маімі вачыма вельмі выразна, у першым шэрагу адной з калон, з краю, — вельмі выразна паўстала постаць Боры Нохімчыка… майго найлепшага, майго добрага таварыша і аднагодка.


Была трэцяя вясна вайны калі нас, па думцы Боравай маткі, пазваў на абарону «бацькаўшчыны» наш валасны старшыня. Матка Борава казала, калі я зайшоў быў за ім, каб разам ехаць у воласць на збор, на адпраўку… Яна казала да яго, калі мы выходзілі з хаты, — стаяў ён на сваім абгніўшым парозе карчмы:

— Сынок… Мой сынок… Каб не гэты валасны недавярак, ты дома б быў. Сыночак ро-од-ненькі-ы…

І яна залілася тады слязьмі. Кінулася да парога, ахапіла яго ногі і галасіла:

— Сыночак, а ці ўбачу ж я цябе, ці ўба-ачу-у…

Бацька Бораў насупіста маўчаў. Бачыў я, як глядзеў ён у адзін пункт — мусіць, на «казачок», якім было занітавана разбітае шкло шыбы, — глядзеў і маўчаў.

Бора сказаў тады да сваёй маткі:

— Не трэба плакаць. Я ж не адзін іду… Усе ідуць… Я вярнуся хутка… Вайна скончыцца хутка… Мама…

І яго словы — адчуў я — размяклі, разжыжалі, расплыліся ва ўсе бакі, як хімічна-аловачная рыса ад вады.

Ён тады за адзін раз выйшаў з старой карчмы, і мы пайшлі. Хутка пайшлі. І я ведаў, чаму ён так спяшаецца: каб хутчэй адысці ад карчмы, ведаў я Боравы думкі; адысціся ад яе, штодзённа перапоўненай горам і бядою, якая толькі і магла, здаецца, знайсці прытулак у гэтай абгніўшай асеўшай у зямлю, высівераўшай будыніне.

Была вясна.

Хацелася жыць. О, як хацелася жыць маладою вясною. Жыццё, адзінае незваротнае жыццё.

Дзень тады быў, як ніколі, празрыста яркі. Сонца ў той дзень не прыпякала, а лашчыла сваімі мяккімі, як маладая атава, праменнямі. Пелі птушкі. Жыла радасцю ўся прырода. І от гэтым жыццём прыроды вельмі ж хацелася жыць, дыхаць ім, адчуваць яго вясельна-маладую бязмернасць: піць, піць яго.

З Борам Нохімчыкам я пазнаёміўся шчэ ў нашым дзяцінстве. Яго бацькі аддалі былі яго ў «хлапчукі» да іхняга местачковага суседа Баса. Бас гандляваў запалкамі, іголкамі, селядцамі, паркалёвымі хусткамі, шпількамі, стракозамі, тытунём… Бора быў падручным хлапчуком у Баса. Прыязджаючы ў вёску, Бас станавіўся з возам тавару пасярэдзіне вуліцы, а Бора ішоў ад хаты да хаты, ішоў і крычаў, барабанячы пугаўём па штакетах:

— Бабы, бабы… анучы, шчацінне, вашчынне… Прадаюцца шпількі, іголкі…

Бабы ведалі Бору і, пачуўшы яго голас, казалі:

— Бас прыехаў… Борка крычыць.

— Шукай ануч у запечку… Збірай… Мыла трэба ўзяць, запалак…

— Ідзі паглядзі, Дар’я, за кубельцам, у каморы… там нямытая старуга, старая, палатаная старызна… аддай.

Вось у адзін з такіх наездаў я і пазнаёміўся з Борам.

Надыходзіла вясна.

З капяжоў апускаліся да зямлі апошнія кроплі самлеўшага снегу. Бегла вада, журчала ў раўчуках, напірала сваімі вадзянымі грудзьмі наперад, наперад — некуды, нібы за нейкаю пільнаю патрэбаю.

Я прачышчаў адзін з гэтых раўчукоў, каб спусціць напор вады. Я скроб рыдлёўкаю, трымаючы яе падранцвелымі ад холаду рукамі, як:

— Бабы, бабы, — пачуў я чуты ўжо некалькі разоў знаёмы голас. Я паставіў маю рыдлёўку і падышоў да варот, адчыніў іх. Бора мінаў нашу хату.

— А што вы возіце? — запытаўся я, углядаючыся ў яго твар.

— Усё… возім… — адказаў мне Бора. І я ўбачыў на яго вачах слёзы. Бора прыпыніўся на момант, нібы штосьці хацеў сказаць мне, але не мог. Адна, другая — буйныя і цяжкія, як волава, скаціліся яны па яго шчоках, на яго ватовы абшарпаны лапсардак з закасанымі рукавамі.

— Чаго ты? — запытаўся я ў яго з адчутым жалем у сваім голасе. — Што ты… змёрз можа… Рукі табе пакрэплі, можа…

Але Бора нічога не адказаў мне. Ён пайшоў да другой хаты, да трэцяй… Я чуў, як ён, падыходзячы да хаты, крычаў знаёмыя мне словы:

— …анучы, анучы…


Мне хацелася ведаць, чаго плакаў Бора. Я зачыніў за сабою вароты і падышоў да воза, дзе прадаваў Бас свае тавары. Бабы абступілі воз і таргаваліся з Басам. Бора стаяў каля каня і пугаўём падкідаў сена ў адну кучку, што, едучы, конь растрасаў пад ногі.

Я падышоў і заглянуў у худы Бораў твар: слёз на вачах у Боры цяпер не было. Былі прыкметны толькі тыя рагі, па якіх, відаць было, спадалі кроплі. Я глядзеў цэлы момант на яго твар, але ён не паднімаў сваіх вачэй… поркаў пугаўём растрэсенае сена.

У кішэні маіх шарачковых штаноў быў кавалак хлеба, што ўзяў я з-пад абруса, ідучы на двор, — калі захочацца есці…

— Ты, мусіць, хочаш хлеба… — мацаў я ў кішэні кавалак хлеба, нагрэты цеплынёю майго цела. — Дык вось… з’еш, калі хочаш. На-а ж, бяры…

Бора не адразу зразумеў. Ён паглядзеў на мяне падазроным зіркам.

— Бяры… — сунуў я кавалак у Боравы рукі.

— Можа ён трэфны… можа ты зводзіш мяне… — сказаў Бора голасам збянтэжаным, нерашучым.

Але ўбачыўшы выраз майго невінаватага твару, Бора дабавіў:

— Мне трэфнага няможна есці. Дзядзька Бас…

Я не разумеў Боравага слова «трэфнае». Я зразумеў, што Бас не дае яму хлеба… адбірае ад яго. І я параіў яму:

— А ты еш, каб не бачыў твой дзядзька. Вазьмі от ды і з’еш, калі пойдзеш па падаконні… Калі ён гэтакі…

І я пабег ад яго на свой двор. Я пабег, каб не нерашкаджаць яму, каб не саромеўся ён мяне, што я даў яму кавалак хлеба.

Так я пазнаёміўся з Борам.

Боравы бацькі жылі ад нас за тры вярсты.

Мы часта ўлетку сустракаліся з ім.

Хадзілі разам на нашу рэчку Гнаяўку вудзіць рыбу.


II


З воласці нас накіравалі ў павет. Адтуль на станцыю, і мы — паехалі. Так паехалі, як едуць у вагоне жывёлы. Жывёлы едуць у розніцу, а мы…

З жывёлы мяса для штодзённай чалавечай патрэбы…

— Браткі мае, — хацелася крыкнуць скрозь адчыненыя дзверы таварнага вагона. — Родныя… — на ўвесь свет хацелася крыкнуць. — Мы людзі, а не жывёлы…

Словы не зрываліся з вуснаў, а затыхаліся недзе ў пякучым нутры, усярэдзіне — гаслі словы… Нібы хтосьці ліў на іх ваду з помпы.

А цягнік імчаўся наперад і наперад — усё бліжэй і бліжэй вёз… падвозіў да чалавечай смерці.


Была восень. Пачыналі асыпацца лісты.

— Так шмат часу прайшло, — разважаў я, седзячы на фурманцы. — Шмат… І шмат зроблена… Вінцэсю нашаму, мужу Тэклінаму, адарвала снарадам ногі… Арцёму Лявончыку — прастрэліла руку… Рыбцаўскі Герасім нахапаўся яблычнага паху і цяпер, як здань, — жоўты і худы ходзіць, ціхенька, сам сабе, пакашліваючы… Аб гэтым расказаў мне, сёння сустрэўшы мяне, Цімох. З нашай вёскі чалавек. Я яго сустрэў тут у абозе. Колькі, колькі было радасці свайму чалавеку.

— А дзе ж Бора Нохімчык? — запытаўся ў мяне Цімох. — Карчму спалілі пры адступленні… белапалякі. Старыя — у падсуседзях у Аўласа…

У мяне была перавязана правая частка маёй галавы белаю марляю. Марля закрывала маё правае вока, і я, едучы далей на фурманцы, мог разглядаць толькі левы бок дарогі.

Асыпалася жоўтае лісце з бярозавых прысад. Заходзячае сонца пазлацала яго ў апошні раз. Лісце падала далоў, на ліпкую гразь, як непатрэбнае, як абарванае, і толькі для таго, каб даць месца новым выскачыўшым пупышкам, новаму будучаму лістку. Тады фурманка праходзіла па ліпкай гразі, і колы затоплівалі лісты аж на самае дно.

Я глядзеў на роў, які быў збоку, каля дарогі, і бачыў, як па яго насыпах праходзілі крыжы… маленькія і вялікія.

— Бежанцы… — сам сабе ўслых выказаў думку. — Колькі іх тут… Адкуль яны… дзе жылі яны… Хто…

А за крыжамі, паводдаль іх — за прысадамі, відаць быў уздуты конь. А яшчэ цераз некалькі крокаў — ляжала на вале канавы нешта абэрсанае: косці нечыя, ці што.

Зірк мой пачынаў мітусіцца: утамілася маё вока. Мне пачынала балець галава. Здаецца, пачынала цячы кроў з маёй раны. Бо я адчуў яе — ліпкую, цёплую, прыкрую.

— Няхай сабе… Але ж я тут… у сваіх… У сваіх… А Бора?.. Тыдзень сёння, калі расстаўся я з ім.


Гэта было тыдзень таму назад. Надакучліва штабнаваў кулямёт. Дзень быў хмурны, а таму і вецер ад асенне-мутнага дня быў густы, цёмны.

Была чацвёртая вайсковая наша восень. Мы разлучыліся за гэты час з Борам і зноў сустрэліся. І заўсёды сустракаў я яго з ухмылкаю на твары, з чорнымі, тымі самымі, не зношанымі брывамі. Здавалася, гэты чалавек ніколі не мог змарыцца, паскардзіцца. Ён быў здаволены. Ён рад быў, што…

Казаў ён:

— Яшчэ крыху і яшчэ… прыкончым… аддыхнём. Няхай не чэпяцца. Як тыя восы. Заядлыя, а рэвалюцыя не падасца. Рэвалюцыя на тандэт не рабілася… параскашаваліся, хопіць…

Ён сказаў ціхім, але ўпэўненым голасам. Ён не любіў шмат гаварыць.

Мы сядзелі з Борам у канцы лесу. Ноч была густа-цёмная. Верхавіны хвой гаманілі нудна, працяжна. Асенні вецер ночы страпаўся ў хваёвай кары.

Мы былі ў разведцы. Балахоўцы маглі напасці на нашу заставу. Камандзір роты, чарнамазы, высокі аўстрыяк, сказаў пры нашым адыходзе:

— Хлёпцы… вы, хлёпцы, ведаеш, это развэдка. Ведаеш, што ест такэ? Мая вас пасыла: гляды, хлёпцы, ны качаць. Балахоў хітрая… А калы што: з’еш язык свая. Мілч.

Мы седзячы прыслухоўваліся да найменшага шораху. Мы кідалі нашы зіркі на поле ад лесу: стараліся чуць і бачыць. Мы былі на пярэсмыку дарог, што разыходзіліся ад моста, ад рэчкі.

Шум лесу рос, дрыжаў і калыхаўся.

— Мы павінны перайсці цераз мост… — сказаў Бора. — Падысці да вёскі. Даведацца. Ноч вельмі ж добрая.

— Та-ак… гэта наша заданне.

І мы краліся да моста. І мы перайшлі яго. І мы адышлі з гоні, з двое гоні…

— Ах, якая добрая ноч.

— Але што гэта? — Мы ў адзін тахт нашых думак запыталіся самі ў сябе. — Ражны…

Людзі, паднятыя з зямлі нібы спрунжынаю…

Два… тры… пяць…

Людзі з пагонамі, без пагон. Гэта роўна.

Ах, якая цёмная ноч.


Нас прывялі ў вёску Гарохава, што ішлі мы ў яе, каб разведаць. Нас здалі іхняму малодшаму камандзіру пад распіску, усё роўна як важны які-небудзь, заказны, з лакавымі пячаткамі пакет. І мы засталіся ў іх начаваць… У цёмным і халодным вясковым пажарным хляве.

Цяпер было ўсё роўна для нас: ныла наша цела, і вельмі ж хацелася спаць. Думкі былі збітыя з трыбу: галава была пустая, як чэрап.

— Што зробяць з намі? — сказаў Бора, кладучы галаву на аглоблю пажарнай двухколкі.

І я адчуваў, што Бора так пытае аб гэтым. Для таго пытае, каб хоць сказаць што, абы-што: Бора не хоча чуць… ды ён ведае, што я не адкажу яму… Нашто адказ той, калі мы разумеем адзін аднаго… без слоў. А тут — такая млявасць, так спаць хочацца, так ные ўсё цела… Бо ўсё роўна…

…Раніцою мы ўбачылі на двары, на вуліцы яшчэ пяць чалавек… Нашых — у шлемах, з пяціканцоўкамі…

— Дзіўна… — мармыча Бора. — Як яны… — І мы зноў глядзім абыякавым зіркам на ўсё.

А яны пастроілі нас — сямёх цяпер — пасярэдзіне двара, што наводшыбе быў у Гарохаве… Камандзір іхні — нізкарослы, тоўсты, вусаты, са шрамам над брывом — падышоў да нас… паглядзеў на кожнага сваімі прарэзлівымі зрэнкамі, прайшоўся… ды:

— Хто жыд — тры крокі ўперад — выйдзі.

Мне хацелася тады разважаць: нашто такая вялікая каманда над адным, над двума чалавекамі? Але я глянуў на Бору…

О, я недзе бачыў выраз гэтага твару… успомніўся… бачыў… Я цяпер не забудуся на гэты выраз… Твар быў на момант зрабіўся доўгім, скрыўленым, жахлівым. Жах быў падобен не то да жаху чалавека, ступіўшага нагою на абрыў, не то на цень помсты — глыбокай, як чорная студня.

Бора выйшаў з шэрагаў. За ім — выйшаў яшчэ адзін чалавек. Я не бачыў твару другога гэтага чалавека. Мне хацелася бачыць — наглядзецца на Бораў твар, мне хацелася запамятаць яго моцна, назаўсёды.

…І іх двух павялі сярэдзінаю вёскі. Не ведаю куды: мо да начальніка, а мо так да чаго…

— Бора… Мой добры Бора, калі ўбачу цябе?


…Таму я і не мог адказаць Цімоху.

— Не трэба… Гэтак можа лягчэй…

Калі я сядзеў на фурманцы і ехаў — мне прыйшло на памяць, дзе бачыў я такі выраз Боравага твару. Гэта было ў нашым дзяцінстве. Мы ўдвух вудзілі рыбу каля старой навіслай вярбы.

Быў ціхі тады надвячорак. Збіралася заходзіць сонца на ваколічны лес. Вада пад яго слізготныя праменні блішчала сяміцветам старадаўняга шкла. Нашы нямыя паплаўкі цалаваліся з ёю: чуць-чуць лагодна і ціха.

— Гэй, ты: Моталэ-боталэ… — парушыў ціхату нашых паплаўкоў чалавек.

Мы былі шчаслівыя спакоем, а таму раптоўны голас ззаду ў нас — калючым ахапкам, за момант, перабраў наша цела: гаварыў Ярэма — гаспадар, што жыве хутарам за нашай вёскаю.

— …Скажы ты, боталэ, свайму бацьку, — гаварыў, стоячы на павароце дарогі ад рэчкі, — скажы, каб аддаў ён мне рубля або гарох мой вярнуў… Я не буду… Ці мо ён думае, што я буду хадзіць за сваім, тым…

І ён пайшоў быў, сплюнуўшы моцна.

Я глянуў тады ў твар Боры… І от я ўспамінаю цяпер той самы выраз на твары: скрыўлены выраз твару, глыбокі і востры. Такі самы, як і на двары ў Гарохаве…

Бора сказаў быў тады:

— Чаму ён так кажа…

І я не ўмеў яму адказаць, ведаючы адказ.

— Гэта былі людзі аднаго нечалавечага сэрца… — ужо разважаў я пасля таго, як ехаў быў на фурманцы маёй. Бо няўжо знявага чалавека чалавекам каштуе адзін рубель або паўпуда гароху?

З таго часу, як ростань была з Борам у мяне, дзе б я ні ішоў, мне здаецца, што я сустракаюся з ім. Усюды, дзе бачу я шмат людзей, мне ўяўляецца, што і Бора там, пасярод іх.

Вось таму і паказалася мне: Бора, здаецца, ішоў у першым шэрагу адной з першамайскіх калон.

— А хто ведае: можа ішоў… Можа брат яго ішоў…

1930 г.