Браты мае родныя…
Браты мае родныя... Верш Аўтар: Карусь Каганец |
Крыніца: https://knihi.com/Karus_Kahaniec/Braty_maje_rodnyja.html |
Браты мае родныя,
Браты мае — братанькі,
Хлопцы — беларусікі,
Палесся казачанькі!
Памянём мы нашыя:
Лясы, бары сінія
Ды лукі шырокія,
Дрыгвы бесканечныя,
Наш люд кроўю хрышчаны,
У слязах бо купаны,
Бядою ён кормлены,
Горам ён напоены.
У трубу зайграема —
Голас лесам пусціма,
Гукнем па балоту жа,
Дый у полі свісьнема,
Каб усім было чутненька!
Хай люд прачынаецца,
Спіну хай распростае,
З цемры вызваляецца!
Ярму таму цяжкаму
Годзе карку муляці!
Катам кару ўчыніла,
Штоб век было ў памяці!
20.ХІІ.1906 г.