Будаваньне Савецкае Беларусі і роля ў гэтым т. Ў. М. Ігнатоўскага

Будаваньне Савецкае Беларусі і роля ў гэтым т. Ў.М. Ігнатоўскага
Артыкул
Аўтар: Цішка Гартны
1925
Крыніца: Маладняк, 1925. - №6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Многа горай, ніж то для рабочых і сялян іншых нацый, складалася гістарычнае жыцьцё беларускіх рабочых і сялян. Беларусь на працягу многіх вякоў трымалася ў становішчы „забранага краю" — перш польскімі панамі, шляхтай, а пасьля падзелу Польшчы на Венскім конгрэсе,—расійскім самадзяр­жаўем. Экономічна-нацыянальная прыгнечанасьць беларус­кага працаўніка пад Польшчаю зьмянілася расійска-бюрократычным уціскам з боку царскае Расеі. Ні культурнага разь­віцьця, ні тым болей дзяржаўных замераў доўгі час беларус­кія працоўныя гушчы не маглі выяўляць. Польская шляхта трымала асьвету для сябе, робячы непераможныя перашкоды да яе беларускаму селяніну, рамесьніку. Пры гэтым зацікаўленасьць у безгалосай пакоры з боку цёмнага нявольніка не выпускалася з выгляду.

„Вызваленьне расійскае народнасьці" царамі таксама не прынясло ні каліва палёгкі ў долі беларускага працоўнага народу. Апаска сэпаратызму, прэтэнзіі „гістарычныя" на Бела­русь (з боку пераможанай шляхты), патрэбнасьць насадзіць ісьцінна-рускі дух і пачуцьцё да самадзяржаўнае улады, дыктавалі апошняй праводзіць гострую русіфікатарскую політыку. Няпрыхільныя і варожыя адносіны да Расіі з боку польскага грамадзянства, паўстаньне 1831 году, а пасьля ў 1863—не супынялі срогіх рэпрэсій, якія кіраваліся на ўсе праявы грамадзкага, політычнага і культурнага жыцьця „Паўночна-Заходняга краю". Патрабаваліся гэткія магутныя фактары, як прайграная вайна пад Сэвастопалем, агульна-расійскае абу­рэньне ў выглядзе паўстаньняў сялян, вымушанае „вызвалень­не сялян з прыгону" і захапленьне глыбока запаўшымі ідэямі соцыялізму, каб паціху зарухала беларуская грамадзкасьць, каб паўстала беларускае нацыянальнае пытаньне.

Піонэрамі, якія паднялі яго, былі выхадцы з дробнае польскае шляхты і ў рэдкіх выпадках -„простолюдины". У цэ лым, беларускія працоўныя гушчы аставаліся глухімі і далё­кімі ад яго. Нават зьяўленьне народавольніцкага ўплыву сярод беларускай шляхецкай інтэлігэнцыі і ў беларускай літаратуры (Ф. Багушэвіч, Янка Лучына) не прапіхнулі гэтага пытаньня ў народ. Ім захаплялася моладзь, часткаю розначынная, далёка адступіўшая ад зямельнае шляхты, больш чулая да радыкаль­ных, а ня то і соцыялістычных ідэй (1890 годы), але пакуль нель­га было прымеціць народнае інтэлігэнцыі. Невялічкія кадры яе, што прайшлі праз сэмінарыі (настаўнікі), што выбіліся ў паштавікі, аб'езчыкі ды інш., занадта тоўста аблажыліся русіфікатарствам. Рамесьніцтва і рабочыя дробных фабрык, толькі-толькі пачынаючы політычна прасьвятляцца, не атрымоўвалі чулага імпульсу да нацыянальных проблем.

Нараджэньне краёвых нацыянальна-соцыялістычных пар­тый, як „Бунд“ і соц. дэм. Літвы ды Польшчы, унёсшы ў програму нацыянальнае пытаньне, кінулі яго ў жыдоўскія, а разам і ў беларускія працоўныя гушчы. Заснаваньне Беларус­кае Сацыялістычнае Грамады ў 1903 г. болей падало гэтыя лёзунгі ў беларускае сялянства. Але толькі выбух 1905 г. шырока разьвярнуў помеж з рэволюцыйным змаганьнем і беларускую нацыянальную проблему. З гэтага часу яна перакінулася да народнае інтэлігэнцыі, а праз яе—да сялянства і рамесьніцтва. Упяршыню ўвайшло ў абыход слова Беларусь, беларускі. З гарадоў—трапіла ў глухія куткі, чапіла думкі і пачуцьці.

Чым далей, тым глыбей ды глыбей прабівалася беларус­кае нацыянальнае пытаньне ў беларускі народ. Водлуг яго культурнага ўзроўню—сустракалася прыхільна. Усё перадавое, чаго ня раніла рука русіфікатара чыноўніка ці папа, прыставала да ідэі народна-нацыянальнага адраджэньня. Вырасла лі­таратура, тэатр, дасьледваньні. Хуткі ўзрост нацыянальнае сьвядомасьці сярод беларусаў зацікавіў суседнія народы—літоўскі, украінскі, польскі, чэскі. Польскія лібэральныя колы сустрэлі вельмі спачуваюча гэта нараджэньне саюзьніка ў наступным змаганьні супроціў самадзяржаўнага прыгнятацеля. Толькі рэакцыянэры-паны яхідна падсьмейваліся над „хлопскім мудрагэльствам", бачачы ў беларускім руху расійскую інтрыгу. У унісон—не аставаліся моўчкі і краёвыя русіфікатары.

Але гісторыя апраўдвала нямінучую патрэбу нацыяналь­нага адраджэньня беларускага працаўніка. К часам рэволюцыі 1917 году яно настолькі ўвашло ў адзнаньне шырокіх бела­рускіх мас, што апошнія конкрэтна паставілі задачы дзяр­жаўнага будаўніцтва свае краіны, пакутнае Беларусі. Раптоў­нае захапленьне ў гэты час беларускім нацыянальна-рэволюцыйным рухам тысяч рабочых Беларусі, тысяч сялян-бежанцаў, дзесяткаў тысяч салдат, намячала найбліжэйшае іх вырашэньне. Зьезды і нарады беларускіх партый, войска, сялянства ўве рана гатаваліся да гэтага акту; агульнарасійскія організацыі, што працавалі на абшарах Беларусі, не маглі ўхіліцца ад пастаноўкі іх і ў сябе на нарадах ды зьездах.

Беларуская Сацыялістычная Грамада, рэгулюючы бела­рускі нацыянальна-соцыялістычны рух да 1917 году і ў 1917 годзе, вяла яго помеж з разьвіцьцём рэволюцыі, ня ўхіляючыся ў бок. Дзякуючы гэтаму, натуральным парадкам пералілася ў лепшую частку беларускіх працаўнікоў ідэя саветаў, ідэі комунізму. Ужо на беларускім конгрэсе ў Менску 14 сьнежня гэтага году ясна адзначылася гэта ў рэзолюцыі конгрэсу, якая казала аб неадкладнай патрэбе ўтварэньня краёвай ула­ды ў асобе Усебеларускага Савету Сялянскіх, Салдацкіх і Рабочых Дэпутатаў. Цэлы рад прычын не дазволіў замацавацца гэтаму ў ахопе агульна-беларускага руху. Аднак прынцыпы Савецкае ўлады, Савецкае Беларусі прасякаюць добрую пало­ву беларускіх рэволюцыйных сіл, беларускіх рабочых і сялян і паступова гуртуюць іх перш вакол Беларускага Нацыяналь­нага Камісарыяту, а пасьля—вакол беларускіх сэкцый РКП ў Маскве, Пецярбурзе, Менску. Нямецкая окупацыя і спробы окупантаў стварыць незалежную Беларусь пад нямецкім протэкторатам і гутаркі аб гэтым паміж немцамі ды беларускімі соцыялістымі-згоднікамі—паслужылі пасьпешнаму ўплыву агі­тацыі за Савецкую Беларусь сярод беларускіх працоўных мас. К канцу 1918 году, калі выбухнула нямецкая рэволюцыя і окупацыя лопнула, воляю беларускіх працоўных мас у васобе конфэрэнцыі беларускіх комуністычных сэкцый РКП (25 сьнеж­ня) і конфэрэнцыі РКП Паўночна-Заходняе вобласьці (26 сьнеж­ня) была абвешчана Беларуская Савецкая Рэспубліка.

Беларусь упяршыню на працягу доўгавяковае гісторыі свайго жыцьця стала дзяржаўнаю адзінкаю, роўнаю з Соцынлістычнымі краінамі—Украінай, Расіяй, Латвіяй. Беларускі ра­бочы й селянін з неаформленага, з нязнанага блудзяча-парабка стаў гаспадаром свае дзяржавы, рэволюцыйным грамадзянінам. У яго пачалася дзяржаўная творчасьць. На эўропэйскай мапе вырасла новая рэспубліка, новы народ. Вырасла зразу ў вольную краіну, пераступіўшы многія стадыі разьвіцьця і памясь­цілася на рубяжы старога сьвету, побач з панскаю Польскаю рэспублікаю. Гэта апошняя, вынікшы з вялікае імпэрыялістыч­нае вайны, прасяклася пры сваім нараджэньні духам імпэрыя­лізму. Існаваньне Савецкае Беларусі дражніла новасьпечаных польскіх імпэрыялістых і апошнія пашлі вайною на беларускіх рабочых і сялян.

Змаганьне, гэткім чынам, за савецкую Беларусь пера­шло ў новую фазу. Яно захапіла ўсіх працаўнікоў Беларусі і мусіла адбывацца са зброяй у руках на фронце. Творчая праца павінна была супыніцца. Усе патугі ураду і працоў­ных мас накіраваліся ў бок аховы краю ад наглага ворагу. У моц многіх прычын на гэты раз не ўдалося абараніць рэспублікі, і 20 жніўня 1919 году панскае войска захапіла Менск, а пасьля дашло да Барысава і да Бабруйску. Насту­піла цяжкая пара польскае окупацыі. Беларусь ізноў папала ў прыгон. І йзноў здалёку пачалася організацыя вызваленьня. Цяпер яна ішла з двух канцоў: праз узмацненьне Чырвонае арміі на фронце і праз падгатоўку паўстаньня беларускіх рабочых і сялян унутры краю.

Вялікую частку гэтае працы якраз і ўзяла на сябе Бела­руская Комуністычная Організацыя, якую залажыў У. М. Ігна­тоўскі. Будучы профэсарам пэдагогічнага інстытуту, У. М. Ігна­тоўскі меў вялікі ўплыў на студэнтаў, і ўсе існаваўшыя сярод іх організацыі яму ўдалося злучыць у вадну буйную комуністычную організацыю. Пахаджэньне з сялян і стан вучня вель­мі спрыяў кожнаму сябру організацыі вясьці шырокую агітацыю ў беларускай вёсцы. Гэтым карысталася Беларуская Комуністычная Організацыя, раскінуўшы сваю працу па ўсіх куткох окупаванага краю. У. М. Ігнатоўскі, умела кіруючы працаю сяброў організацыі, сам няўтомна яе вёў, разьяжджаючы па гарадох, мястэчках, вёсках. Посьпех організацыі рос дзень-удзень, шырока захапляючы сялянскую беларускую моладзь у свае рады. К вясьне організацыйныя тройкі былі раскіданы па ўсёй окупаванай Беларусі. Організацыя ўвайшла ў контакт з прадстаўнікамі комуністычнае партыі Літвы і Беларусі, а разам, па пытаньні гуртаваньня партызанскіх атрадаў—і з беларускімі эсэрамі. У сябе быў абраны комуністычнай організацыяй паўстанцкі комітэт, на чале якога стаў У. М. Ігнатоўскі.

Апрача нелегальна-пропагандыцкай працы, У. М. Ігнатоў­скі ад імя Бел. Ком. Організацыі прымаў дзейны ўдзел у зма­ганьні з Беларускім Нацыянальным Комітэтам, з Вайсковай Комісіяй і іншымі шовіністычнымі аб'яднаньнямі беларускіх незалежнікаў, якія марылі і вялі агітацыю за паразуменьні з палякамі. Маніфэст пана Пілсудзкага, які абвяшчаў беларусаў „роўнымі і вольнымі, як і палякі", пасеяў лёгкія надзеі ў некаторых слаёх беларускага грамадзянства. Беларускія шовіністыя зразу горача ўзяліся за раздуваньне гэтае „прыязьнь з боку паноў-палякоў дзеля сваіх агітацыйных мэт. Газэта Нацыянальнага Комітэту „Беларусь", агэнты Вайсковае Комісіі, жывучы на панскія грошы, разносілі па глухіх куткох Беларусі варожы настрой да бальшавікоў і прыхільнасьць да палякоў. Трэба было не дапускаць уплыву гэтае контр-рэволюцыйнае агітацыі на беларускія сялянскія гушчы ўмела пастаўленай контр-агітацыяй. Нацыянальны момант у апошняй іграў асабліва важную ролю. І т. У. М. Ігнатоўскі, як дасканалы знаўца нацыянальнага пытаньня ў покаце яго разуменьня комуністычнаю партыяй, пасьпешна лёкалізаваў працу беларускіх незалежнікаў. Усюды, дзе наведваліся сябры комуністычнае організацыі, ад агітацыі незалежнікаў не аставалася й сьледу. І ў самым Менску іх праца наты­калася на вялікую перашкоду з боку Беларускае Комуністычнае Організацыі.

Побач з незалежніцкай контр-рэволюцыяй падняла голаў і чорнасотніцкая белагвардзейшчына. З глухіх куткоў павыпаўзалі рэшткі заядлых рэакцыянэраў-монархістых, саюзьнікаў і дзе мага і як мага павялі сваю працу. Асабліва яны накінуліся на ўсялякія праявы свабоды ў галіне асьветы. Іх паход захапіў і пэдагогічны інстытут, які быў бяльмом у воку і ў польскай улады. Апошнія вымагалі, каб навучаньне ішло пабеларуску, ведаючы, што пры тагдышнім складзе настаўнікаў гэта зрабіць немагчыма, а чорнасотнікі-настаўнікі, ведаючы гэта, дэмонстратыўна ваявалі супроціў беларускае мовы. Толькі ўме­лы організацыйны націск з боку комуністычнае організацыі. перапыніў зачыненьне інстытуту.

Гэты факт значны сам па сабе таму, што інстытут слу­жыў асяродкам Беларускае Комуністычнае Організацыі, даючы мажлівасьць пад пэдагагічным тулем захоўваць політычны зьмест і цурацца яго—было-б вялікім страткам.

Уся адзначаная чыннасьць Беларускай Комуністычнай Ор­ганізацыі на чале з У. М. Ігнатоўскім не перашкодзіла разам з гэтым дбаць і пра організацыйны бок. З-за фронту надыходзілі весткі аб падрыхтоўцы Чырвонае арміі к наступу дзеля вызваленьня Беларусі; у польскіх окупанцкіх колах узрастала трывога водлуг нарастаючага нездавольства беларускіх рабочых і сялян. Трэба было падгатавацца, каб захапіць нямінучы выбух паўстаньня супроціў окупантаў у організацыйныя рамкі. Гэта было пад сілу гэткай шырокай організацыі, як Беларуская Комуністычная Організацыя. І апошняя, накіраваўшы з прыходам вясны галоўную увагу на вёску, сумела з'організаваць буйныя партызанскія атрады.

Калі павялося наступленьне Чырвонаю арміяй, гэтыя партызанскія атрады далі вялікую дапамогу, руйнуючы панскі тыл, нападаючы на невялікія атрады, на абозы і інш. У многіх мясцох Ігуменшчыны, Меншчыны і Случчыны партызанскія атрады выяўлялі сабою буйную сілу, вельмі і вельмі надаядаўшую белапольскаму войску, якое прыходзіла ў жах ад неспадзяваных на­падаў партызан.

Гэткім чынам, у акце вызваленьня Беларусі з-пад панскае окупацыі Беларуская Комуністычная Організацыя адыграла значную ролю. Выходзячы з гэтага, гісторыя суліла ёй заняць па­чэснае месца і ў адбудаваньні Беларусі. І вось, пад дэкляра­цыяй, якая абвяшчала (фактычна пацьвярджала) незалеж насьць Савецкай Беларусі ў жніў­ні 1920 г., пад гэтай дэкляра­цыяй помеж з ін­шымі подпісамі красуецца і под­піс прадстаўніка Беларускае Комуністычнае Організацыі т. Ў. М. Ігнатоўскага.

Гэтым ак­там было зась­ведчана таксама ўступленьне Бе­ларускае Комуністычнае Організацыі ў Комуністычную Пар­тыю Беларусі. Крэпкі, зьлітны і досыць значны актыў першае намнога ўзмацніў апошнюю, тады яшчэ малалікую.

Перад Комуністычнаю Партыяй Белару­сі, як перад організатарамі Са­вецкае улады зразу-ж пасьля выз­валеньня Беларусі з-пад панскае окупацыі паў­стала вялікае заданьне: загаіць глыбокія раны доўгагадовага разбурэньня і павясьці па шляху экономічна-культурнага адра джэньня. Няўдачы Чырвонае арміі пад Варшаваю на першы час перашкаджалі гэтаму і фактычна, да 1921 году нельга было стала ўзяцца за нормальную працу. Нават Рыскае замірэньне мела сумны ўплыў на беларускіх працаўнікоў і на іх працу. Аднак справа не чакала—трэба было не адставаць ад жыцьця. І беларускія працоўныя гушчы на чале з Комуністычнаю Партыяй і Савецкаю уладаю Беларускай Рэспублікі самазабыўна аддаліся будаўніцтву краіны. Ува ўсіх галінах політычнага і гаспадарска-культурнага жыцьця закіпела работа. Скуткі окупантаў—поўнае зруйнаваньне краю—час-ад-часу пачало згладжвацца. Але стараньню беларускіх рабочых і сялян упоперак стаў бандытызм Савінкава, Балаховіча і многіх меншых польскіх агэнтаў. Прышлося аддаць шмат сіл на зьнішчэньне гэтага зла. Амаль ня цэлы 1921 год вымагаў барацьбы з бандыцтвам. Але ўсё-ж на працягу яго нясупынна расла й паглыблялася організацыйна-дзяржаўная праца. Асабліва шырокі гмах насіла яна ў галінах урэгуляваньня зямельнага пытаньня і ў пастаноўцы культурна-асьветнай справы. Народныя Камісарыяты Земляробства і Народнае Асьветы, як самастойныя, мусілі ўзлажыць на сябе найболей шырокія заданьні дзеля ажыцьцяўленьня соцыяльных рэформаў у галінах землябудаўніцтва і культурнага адраджэньня. Іх праца зразу й прыняла шырокі размах.

У першыя часы на чале Камісарыяту Земляробства Савец­каю ўладаю быў пастаўлены тав У. М. Ігнатоўскі. Аднак праз нейкі час ён заняў кіраўніцтва Народным Камісарыятам Асьветы. Гэты апошні, паміма агульных заданьняў праводзіць асьвету, меў дырэктывы рэгуляваць правядзеньне асьветы ў рамках вырашэньня нацыянальнага пытаньня. Патрабавалася вырваць частку настаўніцтва з цэпкіх лап заядлага русіфікатарства з аднаго боку, з другога—адбіць насядаўшы шовінізм у другой часткі настаўнікаў, патрабавалася вывесьці школу на Беларусі з яе ненормальнага становішча ў сэнсе прыстасаваньня да беларускага працоўнага сялянства і паставіць на шлях разьвіцьця, які перадуказываўся Комуністычнаю Партыяй; патрабавалася ахапіць сваім кіраўніцтвам усе галіны шырока паў­стаўшай да разьвіцьця беларускае культуры. Наркамасьветы срога і цьвёрда сумеў ахапіць усё гэта і на працягу 1921 году падлажыць крэпкі фундамэнт пад беларускую культуру.

1924 год і амаль ня ўвесь 1923 аддаліся далейшаму разьвіцьцю і ўзмацненьню Савецкае Беларусі. І за адмечаны тэрмін савецкае будаўніцтва ў краі дасягло настолькі вялікіх посьпехаў, што Беларуская Рэспубліка нагнала іншыя саюз­ныя рэспублікі і ў некаторых адносінах нават апярэдзіла іх. Па­між іншым гэта апераджэньне трэба адмеціць і ў культурна-асьветнай працы. І густата сельскай школьнай сеткі, і аплата настаўніцкага пэрсоналу, і забясьпечаньне падручнікамі ў Беларускай Рэспубліцы стаяла вышэй суседніх губэрань. У справе выдавецкай, тэатральнай і навукова-організацыйнай Беларус­кая Рэспубліка к часу пашырэньня сягнула вельмі далёка. Гэ­так, заснаваўся сур'ёзны, сталы дзяржаўны тэатр, функцыянавала беларускае выдавецтва, быў адчынены унівэрсытэт, заложаны Інбелкульт і інш.

З гэткім багатым капіталам ад савецкага будаўніцтва сустракала Беларуская Рэспубліка пашырэньне сваіх абшараў у канцы 1923 і ў пачатку 1924 году. Сама кампанія пашы­рэньня на нейкі час заставіла частку творчае ідэі беларускіх працоўных гушч і яе кіраўнічая—Комуністычную Партыю Беларусі і Савецкую ўладу Беларускае Рэспублікі—павярнуць убок праводу зросту між старою Беларусьсю і далучанымі да яе часткамі. Некаторая рознастайнасьць у сыстэме працы, рознасьць партыйных традыцый павінны былі атрымаць абагуленьне дзеля далейшай пасьпешнай працы.

Але хутка паласа зросту прашла, з посьпехам скончыў­шыся, і праца ў больш шырокім гмаху рушыла наперад. Боль­шая частка 1924 году аддадзена плённай мірнай працы ў па­шыраных рамках.

_________

У вырашэньні лёсу Беларусі і яе працоўнага народу, бязумоўна, ігралі асноўную ролю беларускія рабочыя і сяляне. Дзякуючы іх зьяднанай магутнай сіле, дзякуючы іх з організаванасьці, Беларусь вышла з становішча няведанае, забытае і пакрыўджанае краіны, стаўшы вольнаю Савецкаю Соцыялістычнаю Рэспублікаю. Перадавы слой, які выдзелілі з сябе бела­рускія працоўныя гушчы і паслалі ў рады комуністычнае партыі, увесь час ішоў наперадзе, вядучы за сабою ўсю грамаду рабо­чых і сялян. Толькі колектыўная воля здаўна тварыць гэткія цуды, якія адбываюцца на нашых вачох. І колектыўнай волі Комуністычнае Партыі Беларусі, як актыўнай сіле беларускіх працаўнікоў, належыць заслуга ў перабудаваньні Беларусі з прыгнечанае провінцыі, якою яна была пры царскім ура­дзе і пры ўладзе часовага ураду, у незалежную Савецкую Рэспубліку.

Але і ў радох партыі праца і жыцьцё вытыркаюць больш здатных і больш адораных таварышаў, на якіх выпадае адпа­ведна і большая роля ў працы, у змаганьні, у будаўніцтве. Пэўна і зразумела, што гэтыя адзінкі зусім не стаяць супроць працы і змаганьня партыі ў цэлым. Не. Яны выключна зьяўля­юцца прапускацелямі праз сябе волі данае клясы, партыі, абядненьня. „Асобы, якія маюць уплыў", піша Г. Пляханаў, „дзякуючы асаблівасьцям свайго розуму і характару, могуць зьмяніць індывідуальную фізыономію здарэньняў і некаторыя частковыя іх вынікі, але яны ня могуць зьмяніць іх агульны напрамак, які адзначаецца іншымі сіламі". І далей: „Асобы, дзякуючы даным асаблівасьцям свайго характару, могуць уплываць на лёс вобчаства. Часамі ўплыў бывае вельмі значны. Але як самая мажлівасьць падобнага ўплыву, так і яго разь­меры адзначаюцца організацыяй вобчаства, суадносінамі яго сіл. Характар асобы зьяўляецца „фактарам" грамадзянскага разь­віцьця выключна там, выключна тады і выключна пагэтулькі, дзе, калі і паколькі ёй дазваляюць гэта грамадзянскія адносіны". Па Пляханаву—асоба ёсьць выказчыкам волі колектыву.

Тав. У. М. Ігнатоўскі, стаячы помеж з іншымі таварышамі наперадзе, як-бы на чале здарэньняў рэволюцыйнага змаганьня наогул і культурна-савецкага будаўніцтва Беларускае Рэспуб­лікі, выяўляў сабою дырэктыву беларускіх працоўных гушч, Комуністычнае Партыі Беларусі. З гэтага пункту гледжаньня і першыя і другая падыходзіць да ацэнкі, і ўхваленьня яго пра­цы, яго чыннасьці. Праз асобу т. У. М. Ігнатоўскага, як і праз асобы іншых найадпаведных таварышаў, сяброў партыі і сяброў Савецкае ўлады, ператваралася воля, сіла і творчасьць Комуністычнае Партыі і Савецкае ўлады.

Зноскі

правіць