Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!..
Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!.. Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1928 Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
* * *
Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!
Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!
Радасці дужыя крылы
Кануць у сіні нябёс;
Песні ласкавае мілай,
Песні мае незабылай,
Поўныя снення і кроз.
Вецер разводдзем паводкі,
Як яе вусны, салодкі,
Вецер вясняны прынёс.
Сэрца ад млосці без сілы
Светлае штосьці прысніла,
Хоча і смеху і слёз.
Ў гэтым узрушаным сненні,
Ў сонечным гэтым праменні
Песень яе маладых -
Шчасны я шчасцем-маленнем
І, ад жыцця ў захапленні,
Хочу і паху й каджэння
Кветаў уцешных зямных,
Сцежкам паверыць вясеннім
І заблудзіцца на іх.
Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!
Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!
(1928)