Будучына Беларусаў

Будучына Беларусаў
Публіцыстыка
Аўтар: Фабіян Абрантовіч
1917 год
Крыніца: Krynica, - 1917. - №3-5
Арыгінал лацінскімі літарамі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Яшчэ, здаецца, Саламон казаў, што на свеце на ўсё ёсць свой час: ёсць час каб цвісці і ёсць час каб старэць.

У гісторыі народаў былі часы працвету і былі часы ўпадку.

І ў жыццю беларусаў было нешта накшталт гэтага – было што яснейшым полымем разгаралася іх жыццё самабытнае, але было, і то найдаўжэй, што ў гісторыі беларускай стаяла дажджлівая пагода, і агонь, ня толькі поўнага жыцця, але нават народнай сведамасці крыўся недзе глыбока, так што здавалася ўжо саўсім патух і прапаў. Але не, саўсім прапасці ён не прапаў, як і вельмі ясна ён ніколі не гарэў.

Ад гадоў якіх дзесяці, трохі болей, агонь гэты самабытнай сведамасці беларускай разгараецца ўсё больш і больш і не трэба быць ані прарокам ані варажбітам, каб сказаць, што узможацца і давядзе народ беларускі да працвету ўсіх яго старон быцця: нацыянальнага, асвятовага, рэлігійнага і эканамічна-палітычнага.

За гэтым прамаўляе і права прыроднае ўсіх да развою і новая гісторыя сведчыць аб рухах нацыянальных, ад якіх пяціста гадоў і само прошлае народу беларускага.

І. Аб том што будзе з якім народам судзіць можна часта з таго што з ім было. Калі за якіх 800 гадоў беларусы не прапалі паміж народаў і то ў абстановах для нацыянальнага жыцця часта непрыязных, г. з. маюць у сабе штось трывалага, свойскага, беларускага. Што ж гэта такое?

а) Перш найперш маюць беларусы тое што становіць фундамант народу: сваю полаць зямлі, сваю тэрыторыю. Гэта губерні Мінская, Магілеўская, большая часць Віцебскай, Віленскай, Гродзенскай і часці Смаленскай, Чарнігаўскай, Ковенскай і Пскоўскай. Тэрыторыя гэта мае свой клімат, свае рэкі і вазёра, свае лясы і торф, свае лугі і паля, словам свой характар асобны, каторы адбіўся на псыхіцы і душы тутэйшага жыхара – беларуса.

b) Маюць, далей, беларусы і мову сваю, свой язык, іншы ад другіх нават у сваём дзеканні і цеканні і ў сваёй пластыцы – дабітнасці, праўда запушчана гэтая мова цяпер, але ж былі часы калі яна была ужывана ў цэлым жыцці ўсіх клас (не толькі мужыцкіх), была і ў школе, і ў судзе, і ў касцеле, і в усём урадзе. Няпраўда, што гэта язык неразвіты. Каб а развою языка судзіць з яго навучнай тэрміналогіі, то трэба было б сказаць, што няма ніводнага новага языка развітага, бо ўсе народы чэрплюць тэрміналогію з языкоў грэцкага і лацінскага. Гэта патрапіць і беларус. Але мае язык беларускі тое, што становіць развітасць языка – мае слова на ўсё, можа выразіць усякія мыслі, мае свае параўнанні, свае абразы з прыроды мёртвай і жывой, мае сваю граматыку і сінтаксіс (хоць не запісаны), мае свой лік асобны. На гутарку, што гэта язык “просты” можна сказаць – дык і дзякуй Богу, што просты, а не крывы, што выражае ўсё як яно ёсць, а не фальшуе. У гэтым аснова праўды і пекнаты.

c) Маюць яшчэ беларусы свой асобны дух народны, свае традыцыі, свае абычаі, свой характар. Дух гэты выразіўся ў прыказках, танцах, песнях, адзежы, нават праклёнах.

Характар беларусы цярплівы, павольны, трохі лянівы, трывалы, разважны. Кіруецца беларус у жыцці не толькі эмоцыяй – сэрцам, колькі разсудкам і розумам. Адсюль мае ён сваю філасофію бытавую, свой погляд на Бога, людзей і жыццё[1]. Не так гэты дух народны, характар і філасофія убогіе, як здаецца, трэба толькі ўмець ісці ў народ, каб магчы ўмець адкрыць і пазнаць яго душу.

Маючы гэта ўсё, беларус праз некалькі сотак гадоў застаўся сабой, хоць сільная была культура польская і расейская, з каторымі ён стыкаўся, хоць цяжкае было жыццё гаспадарскае, хоць вялікі быў разлом рэлігійны на праваслаўных і католікаў. Чаму? Бо народ гэты мае ўсё, што патрэба, каб жыць сваім жыццём і развівацца. Дзеля гэтага беларус не будзе ніколі палякам з пад Віслы, каторы скача “кракавяка” і спявае “Дану”, ані маскалём з пад Тулы, што выкідае “драпака” і пяе “камарынскага”, але астанецца заўсяды “тутэйшым” з пад Дзвіны або Нёмана, будзе пяяць свае “Гусі” і скакаць “лявоніху” з “мяцеліхай”.

Але каб жыць жыццём нацыянальным і развівацца, патрэбна асвета у сваім духу і літаратура, патрэбна моцная рэлігія, патрэбны пэўныя абстановы гаспадарскія і палітычныя. Ці ёсць якія даныя, што беларусы да першага дойдуць, а другое атрымаюць? Аб гэтым таксама можна судзіць з таго, што было на беларусі і з таго, што цяпер дзеецца на свеце.’

ІІ. Калі возьмем прасвету на Беларусі ў духу нацыянальным, то трэба сказаць, што яе там блізка што няма. Беларусь не мела за апошнія часы не толькі школ высшых або сярэдніх, але нават нізшых. Усе беларусы вучыліся ў польскіх або расейскіх школах і дзеля таго лучыліся з інтэлігенцыяю польскаю або расейскаю, пераходзячы зусім на тую, або другую сторану. Гэты факт служыць многім слабаверам за апору да таго каб цвердзіць што інтэлігенцыі беларускай ніколі не будзе і што дзеля гэтага няма ніякіх шанцаў на будучыну Беларусі.

Але каб гэтак утрымоваць трэба мець пэўнасць што або беларусы самы сабе адракуцца, адкажуцца ад свае самабытнасці, або будуць заліты і засімілёваны праз другія, мацнейшыя культуры: польскую ці расейскую (заходнюю або ўсходнюю). Аднака ж ні першага ні другога дапусціць не можна.

Што беларусы самы сябе не адракуцца, не вынарадовяцца дабравольна, судзіць можна з прошласці, з тае ўжо сведамасці, якою аб сабе маюць ад некалькіх гадоў, асабліва ад пачатку вайны, ад расейскай рэвалюцыі. Праўда што маса беларуская яшчэ цёмная й аб сабе мала ведае, але колькі ж ужо ёсць такіх каторыя праканаліся, што быць беларусам не брыдка, што гаварыць “па просту” можна не толькі з жонкай і скацінкай, але нават і з Богам, што трэба шанаваць усё, што сваё і радное. Колькі за апошнія часы выдана газет і ксёнжак беларускіх, колькі людзей інтэлігентных прызналася да беларушчыны па тым і гэтым боку фронта, колькі было з’ездаў і мітынгаў беларускіх, колькі таварыств…

На другія часы мобы гэтага было замала, але на сягодняшніе, калі рух нацыянальны па ўсім свеце раіцца, калі ўсюды культура паступае ў сэнсе дэмакратычным, гэтага ўсяго аж надта досыць, каб Беларусы не адказаліся ад сваяго, а пачалі шырыць сярод сябе асвету ў сваім духу, у сваей мове, - каб беларуская інтэлігенцыя асталася і працавала сярод свайго народу і дзеля свайго народу. З культур каторыя маглі б вынародавіць беларусаў маема дзве: польскую і расейскую. Самай высшасці культуры не досі, каб які народ засіміляваць, сведчыць аб гэтым беларускае прошлае. Цяпер, калі хоць сякая такая свабода, тым пэўней гэта не станецца. Больш мог зрабіць уціск старага расейскага ўраду, але і той свайго не даканаў.

Палякі, каторых сваё няшчасце научыла, што значыць “народу дух затруты”, пэўна не будуць сілаю польшчыць беларусаў. Калі спольшчыцца яшчэ шмат беларусаў, як і польшчылася дасюль, то гэта будзе рэзультатам канечным суседства і блізкага жыцця двух народаў, а не насілля і ўціску. Таксама не адзін паляк збеларушчыцца. Ведама, што будзе непаразуменне між пэўнаю часцяю палякаў і беларусаў, каторыя або сілаю гістарычных абстановаў не могуць разабрацца, што да каго належыць, або праз дурнату пачнуць біцца як пеўні, хочучы адзін другога праканаць, але можна спадзявацца, што гэтага будзе мала, што польская культура і здаровы беларускі розум дадуць сабе рады і па справядлівасці каждаму аддадуць сваё, будуць жыць і працаваць згодна.

Маскалі дасюль уважалі беларусаў за сваіх, а іх асобнае мовы не прызнавалі. Можна надзеяцца, што гэтая тэндэнцыя цяпер прападзе, бо хіба ж маглі рускіе ўжо праканацца, на што выходзіць пераслед таму, хто праследуе.

Польшча, Украіна, Фінляндыя, Беларусь даюць на гэта довады рускім. Але, дапусцім, нават каб і захацелі рускія або палякі мяшаць беларусам у іх працы, глуміць народны рух беларускі – нічога не ускураюць, бо народы ані родзяцца ані гінуць з волі такога або іншага суседа, а хоць бы і пана. – Народы маюць карэнне мацнейшае ад дубу. Што датычыць Немцаў, то яны ніколі суседзьмі беларусаў не былі і не будуць, дзеля гэтага баяцца іх няма чаго. Цяпер у часе вайны немцы ўзяліся вельмі памагаць Беларусам у іх адраджэнні; робяць статыстыкі, закладаюць школы, выдаюць газеты, пішуць ксёнжкі, каб праканаць увесь свет, як самі кажуць, што “Weisruthenen” – Беларусы гэта самабытны народ – не Палякі, не Рускіе, Літоўцы, Латышы, Маларосы мешаць Беларусам не будуць, а баяцца іх культуры, каторая яшчэ слаба, няма патрэбы.

З тых даных можна заключыць, што прасвета на Беларусі разаўецца ў сваём духу і што Беларусы незадоўга будуць мець свае школы хоць бы нізжыя і сярэднія.

ІІІ. Ведаем усе, што Беларусы находзяцца не толькі паміж двух культур: польскае і рускае, але і паміж вер праваслаўнае і каталіцкае лацінскага абраду, ці як у нас кажуць “польскае і рускае веры”. Дзеля гэтага палажэнне іх шмат горшае, як палажэнне літвіноў. Беларусы мусяць як бы рабіць едноту ўсходняе (расейскае) і заходняе (польскае) культуры, праваслаўнае і каталіцкае веры. Гэтая сінтэза як бы была за лепшых часоў Беларусі – сінтэза культур у мове Скарыны і літоўскага Статуту, сінтэза вер у Уніі. Ёсць усе даныя судзіць што Унія на Беларусі мае прышласць. – Мае яна такіх святых апосталаў, як св. Язафат і бл. Андрэй Баболя, каторыя не забудуць перад Богам аб тым краю, дзе сваю кроў за веру пралілі.

Не памёр, дзякуй Богу, закон Езуітаў, да каторага належаў св. Андрэй. Езуіты ўсюды і заўсёды працавалі ў духу каждага народу і стаялі за Унію. Тактыкі сваей не змянілі і дасюль. Як прыйдуць цяпер, а прыйдуць напэўна, возьмуцца за працу, возьмуцца за Унію, а каб унія лепш пашла возьмуцца і за працу беларускую, бо Беларусь найлепш надаецца каб зблізіць лацінскіх католікаў з праваслаўнымі, - да Беларуса не пачуе адразу ні Паляк ні Рускі. – Пэўна, што і лацінства астанецца на Беларусі. Яно толькі акрэпне, зробіцца сведамым.

IV. Роўна з тым, як падымецца Беларусь вышай у сваім жыцці народным у асвеце і рэлігіі, палепшыцца і яе быт эканамічны і палітычны, каторы з сваей стараны будзе прычыняцца да большага працвету і сілы народнай сведамасці і культуры. – Дзеля гэтага ўжо сягоння беларусы дамагаюцца аўтаноміі.

Сцяг сягонняшняй дэмакрацыі, каб народы самы аб сабе станавілі і радзілі, адазваўся і ў Беларусі.

Пэўна, беларусы не думаюць аб якойсь незалежнасці палітычнай, аб сваем асобным панстве, бо не маюць на гэта данных і ведаюць, што ў апошніх часах, за ўзростам руху нацыянальнага расце на свеце і тэндэнцыя тварыць вялікія панствы – федэрацыі, у каторыя ўходзілі б многія малыя народы свабодныя і аўтаномныя. Не жадаць аўтаноміі, самаўраду на сваёй тэрыторыі, каб мець магчымасць распараджацца сваім лёсам і развівацца свабодна і гарманійна ва ўсіх кірунках – беларусы не могуць, бо без гэтага няма поўнага жыцця. Калі толькі гэта атрымаюць, залежыць ад іх дамагання, ад таго як разаўюцца і зарганізуюцца і ад таго якой будуць трымацца палітыкі тыя, з кім лёс Беларусі будзе звязаны. Няпэўнасць дзе барджэй гэтую аўтаномію можна мець родзіць тое, што сярод самых беларусаў адны цягнуць да Польшчы, другія да Расеі. Трудна гэтаму дзівіцца, бо ведама як трудна сабе вырабіць тое, што называюць сягоння арыентацыяй. Са ўсіх гэтых думак аб том, што ёсць, што можа быць на Беларусі, насоваецца гэтакая канклюзыя: Ёсць асобны беларускі народ са слабай культурай, каторая мае ўсе шанцы ў хуткім часе развіцца. Ўсе беларусы інтэлігентныя маюць абавязак над гэтым працаваць, а суседзі калі не памагчы – то хаця не мяшаць.

Каб праца была трывалая павінна мець моцны фундамант і высокі цэль.

Фундаментам гэтым і цэлям для ўсіх ёсць не хто іншы як Той, хто сказаў аб Сабе, што ёсць альфа і амега і хто зрабіў, што народы папраўляюцца – “sanabiles fecit nationes”. Толькі гэты адзін фундамант трывалы і цэль вялікі!

  1. Для прыкладу прыведзем дзве-тры пагаворкі беларускія:

    а) Чалавек, што Бога на небе не бачыць,
    Хоча дабро на зло перайначыць.

    b) Бацька і маці
    Ад Бога у хаце
    Хто іх зневажае
    Дабра не зазнае.

    с) Зірні у люстра нагледзішся
    Заглянь у сумленне набедзішся,
    Трэба ж тут і там часта заглядаць,
    Каб душу і цела чыста дзяржаць.