У прасторы (1926)/Бяда

(Пасля перасылкі з Бяда (Барашка))
Пяты год Бяда
Апавяданьне
Аўтар: Ілары Барашка
1926 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЯДА

Бяда, як дуда.
Пачне дуць, —
Аж сьлёзы набягуць.
(Нар. прыслоўе)

I

— Мамка, мамачка! чаму таты дагэтуль у хаце няма? а? мамка? чаму? — пытаў, лежачы ў ложку, хлапчук з блакітнымі вочкамі, з сьлязінкамі на іх.

Зваць хлопчыка — Ігналя, а матка, высокая, худашчавая кабеціна, трымаючы на руках маленькае дзіцянё, ня ведала, што й адказаць. Яна раней за Ігналю разважала, перадумвала…

„Дзе Якім? Што сталася з ім? Як пашоў на фабрыку зранку, так і запрапасьціўся“.

Чула яна сёньня нейкія стрэлы, чула слова для яе мала зразумелае: ні-то — рэлюцыя, ні-то — рэволюцыя, але што-ж з таго? Жывучы ля самага Камароўскага балота, шмат чаго ведаць ня зможаш. Ды прытым няпісьменнаю была, а муж — як прыдзе да хаты, дык пра справы хатнія пагутарыць трэба; пра хлеб, які заўтра есьці будуць — дзе там весьці гутаркі пра рэволюцыю, політыку разводзіць…

— Таты, пытаеш, чаму няма? — у раздуменьні, запытаньнем на запытаньне пачала весьці гутарку з Ігналем. — Прыдзе, дзетачка! Тата прыдзе!.. А ты сьпі, — і, сеўшы на ложак каля Ігналі, матка пачала калыханку…

Мітусілася ў вочах Агаце, што Якім прышоў да хаты, штодзенную гутарку весьці пачаў пра запасы на зіму, пра адзеньне… Чамусьці ўспомніліся ёй тыя дзянькі, калі жыла яна ў вёсцы дзяўчынкай, з якой радасьцю яна выходзіла замуж за любімага ёю працавітага Якіма… як жыць пачыналі, як яны пераехалі ў горад на заработкі… Якім паступае на фабрыку… ну й ляціць час… мінула ўжо столькі год з тых часоў, колькі год Ігналю…

II

Змораная хатняй працай за дзень Агата ўздрамнула.

Нехта пастукаў у дзьверы.

Чулая Агата быццам і чакала гэгага часу. Рванулася з ложка, выскачыла ў сенцы.

— Хто ідзе? — запытала.

— Я… — з-за дзьвярэй пачуўся працяжны голас Якіма.

— Ты, Якім?!

— Я… — зноў пачулася і змоўкла.

Агата адчыніла дзьверы.

Адчыніўшы, угледзела седзячага на мокрым ад асеньняга дажджу ганку Якіма.

— Ну, ідзі ў хату!

Адказам на гэта было працяжнае — „Ня маю сілы“…

Агата спужалася. Узяла пад пахі. Натужылася. Падняла… увяла. Паклала на ложак. Якім быў бляды, дрыжэў, бы ліст асіны; нейкі срабрыста-жоўты адценак на твары яго быў.

— Я ранены. Во дзюрка. Пагледзь… — ледзь-ледзь прагаварыў Якім. Узяў руку Агаты, прыклаў да грудзей.

— Але нічога. Да хаты я неяк прышоў. Іншыя дык сьмерць сустрэлі. А я, як пачуў нешта цёплае — кроў з пляча, наўцекі кінуўся. Да гэтага амаль што часу ў памыйнай яме сядзеў. Каля мяне сядзеў нейкі хлапец… кроў цякла па твары яго… у галаву, значыць, нацэлілі… пасядзеў… і сканаў…

Якім, адкінуўшы голаў, высулупіў язык. Відаць было, што справа сур‘ёзная.

Агата з заплаканымі вачмі спаліла жмут суровых нітак і попелам з-пад іх пакрыла ўзарванае куляй месца. Крыві было мала чамусьці. Пачуцьцё пакінула Якіма. Прабудзіўся і Ігналя. Убачыўшы каля сябе бацьку, прывычна за нос цягаць пачаў. Але што гэта? Бацька не бярэ ў абдымкі Ігналю, не цалуе, як звычайна. Зьдзіўлены Ігналя яшчэ больш пачаў тузаць бацьку.

— Тата, татацка, ты сьпіс, тата! — не супакойваўся Ігналя.

III

Ці чуласьць дзіцяці, ці блізкасьць сьмерці, ахвота выказаць усё, што здарылася, абудзіла Якіма. Ён прачнуўся.

— Дай вады! — абдымаючы Ігналю, Якім да Агаты зьвярнуўся.

Напіўся.

— … А. я, як толькі зьвечарэла, з гэтай памыйніцы вылез… стрэлы ўжо змоўклі былі… толькі на вуліцах казакі ды вураднікі на конях гойсаюць… Памаленьку і да хаты дабраўся…

Ігналя ўпяршыню чуў такую гутарку; новай для яго яна была, а Якім працягваў:

— Пашоў я зранку на фабрыку… прыходжу… стаіць фабрыка… дый рабочыя на дварэ. „Хадзем, кажуць, рэволюцыю рабіць“ — узялі ды пашлі… Выходзім з брамы, аж два жандары ня пушчаць… мы ў браму, а яны з коньмі на нас… падскочыў нехта з рабочых… як рвануў за нагу аднаго, дык з каня звалаклі… Другі плёткай адбівацца пачаў… раз па сьпіне мне як ахне!.. Эх! думаю, не дажджэш біць мяне… схапіў за нагу, звалок з каня… а ён… падла, выхапіў рэвольвэр ды як стрэліць… так Пётру Будзька проста ў галаву… І пашлі мы на Саборную, адтуль… каля турмы… на Віленскі вакзал… а там…

Зноў змоўк Якім, заместа слоў — хрыпота вырвалася.

Ноч атуліла горад. Прыціхла ўсё. Толькі ў такіх хатах, як хата Якіма, гарэлі газьнічкі, чуліся стогны, енкі, лямант.

Недзе закукурэчыў певень. А на гарадзкой вежы прабіла: раз… два… тры…

Якім сканаў. Асталіся пры нічым Агата, шасьцігадовы Ігналя ды малое дзіцянё.

Што-ж, на белым сьвеце і такія неяк жывуць, перабіваюцца…