Бібліяграфія
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1930
Крыніца: Наперад! 1930. 19 лют

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кніжня для моладзі № 2 Беларускія (Крывіцкія) казкі № 1 (Каваль, Зьмей, Рымша). Вільня, 1929. Друк. «Lux».

Жыхары Беларускага Палесься, м. б., самае «нерухомае» з усіх плямёнаў у Эўропе. — Як дапускае акад. Карскі, гэта — патомкі яшчэ гэрадотаўскіх «будынаў».

Пасеўшы ў глушы векавых балотаў і лясоў — воддаль ад вялікіх гістарычных шляхоў, палешукі лічацца найбольш адсталым пляменьнем беларускім. Але ўсё гэта не перашкодзіла палешуком стварыць цудоўныя творы народнага мастацтва, поўныя ня толькі высокай паэзіі, але і глыбокай жыцьцёвай, маральнай, філязофскай і — як гэта ні дзіўна — сацыяльна-палітычнай мудрасьці.

Асабліва выдаюцца красой і мудрасьцю казкі палешукоў.

Наагул, казкі беларускага народу — яркі доказ высокай даравітасьці яго. — Запраўды, няведама, ці ёсьць у сьвеце народ, які б злажыў столькі казак, як народ беларускі! 3 вялізарныя тамы белар. казак сабраны ведамым Раманавым (III, IV i V тамы яго «Белар. Зборн.»), 2 тамы выданы Фэдароўскім; ня кажучы ўжо аб больш дробных зборках дый аб масе казак, параскіданых па інш. выданьнях. Паводле падрахунку Саўчанкі, усяго на Беларусі запісана каля 1500 варыянтаў казак!

Найбольш цэннымі па навуковаму спосабу запісу і па матэрыялу — зьяўляюцца мясцовыя зборнікі ведамага этнографа А. К. Сержпутоўскага. Першы зь іх — «Сказки и рассказы белорусов-полешуков» — выйшаў у СПб ў 1911 г. Другі — «Казкі і апавяданьні беларусаў з Слуцкага павету» — выданы Інбелкультам у Менску ў 1926 г.

Кніжка № 2 беларускіх казак, выданая «Кніжняй для моладзі», зьмяшчае 6 казак з І зборніку Сержпутоўскага [і], як можна думаць, распачынае цэлую сэрыю далейшых №№, сэрыю, якая мае мэтай, так сказаць, змабілізаваць, ці — пусьціць у рух гэты вялізарны капітал векавой, народнай красы і мудрасьці, які такімі запаленымі, ахвярнымі зьбіральнікамі, як вышэй пералічаныя вучоныя, быў адратаваны ад загубы і зложаны ў скарбніцы — у вялізарныя і дарагія выданьні, недаступныя для народу. Бо ж трэба прызнаць, што народнае творства — пад націскам новага жыцьця — зь яго новымі бедамі, новым шпаркім тэмпам, новымі думкамі — больш рацыянальнага сьветапагляду — гіне; забываецца нават і тое, што калісь было створана. А з гэтым народным мастацкім творствам гіне і лучнасьць новых пакаленьняў з найглыбейшымі хвароламі народнага духу, зь векавымі карэньнямі яго нацыянальнай істоты — асновы, на якой расьцьвітаюць найдаражэйшыя краскі непахільнага нацыянальнага самапачуцьця і сьведамасьці народу, крыніцы арыгінальнага творства яго мастакоў... Дык трэба асабліва ўдзячна прывітаць думку выдаўца зборнікаў белар. казак — вярнуць ізноў у народ — яго моладзі — гэты векавы капітал народнай красы і мудрасьці, але вярнуць — у відзе даступных, бо танных, невялічкіх зборнічкаў.

Але — што яшчэ асабліва трэба падчыркнуць — першая кніжка казак выдана так, што зьяўляецца гэтае выданьне запраўдным здарэньнем у разьвіцьці беларускага друку. Такіх мастацкіх выданьняў яшчэ ня ведала сярмяжная Беларусь. Нават найлепшым мастацкім выданьням у Менску, дзе не шкадуюць грошаў, энэргіі — і працы мастакоў дзеля беларускае кніжкі, не ўступае гэтае выданьне. Асабліва мастацкай аздобай зборніку зьяўляюцца каляровыя абразкі вельмі здольнага мастака Горыда.

Трэба пажадаць — з аднаго боку — пашырэньня кніжкі сярод маладых чытачоў, а з другога боку — далейшых кніжак сэрыі. Бо ж казак ёсьць столькі, што толькі выдавай. А сярод іх такія пэрлы нават філязафічнай, сацыяльна-палітычнай мудрасьці, як — казка «Адкуль ліха на сьвеце»...