Бітва на Уле (Гарэцкі)

Бітва на Уле
Апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1921 год
Крыніца: Родны край, 1921, б. 101-103
Уцёкі Сярэбранага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бітва на Уле.

Быў пачатак 1564 году.

Вайна з Маскоўшчынай усхапілася з новаю сілаю.

Цар паслаў дзьве́ арміі. Адну з іх, ме́ўшую 30.000 чалаве́к, вёў з-пад забранага Полацка знамяніты ваявода Шуйскі, а другая, налічаўшая 50.000, пераважна коньнікаў, рушыла на Беларусь зпад Вязьмы пад камандай князя Сярэбранага і казанскага царэвіча. Між Воршай і Дуброўнаю яны павінны былі зыйсьціся, каб дале́й ужо разам забраць Ме́нск, Наваградак і слаўную сталіцу ворага Вільню.

Уся Беларусь дрыжэла ў страсе. Надзе́я на падмогу польскага войска была невялікая, а для многіх і нежаданая з прычыны заўсёдных польскіх прычэпак, зьняважаўшых беларускі і літоўскі нацыянальны гонар. Здавалася, прыйшоў кане́ц незале́жнасьці Літоўскага (беларускага) гаспадарства…

Тады вялікі гэтман Мікалай Радзівіл, польны гэтман Грыгоры Ходкевіч і іншыя слаўныя мужы стаялі з войскам у Лукомлі, пад Віцебскам. Кожнае шчырае сэрца было поўна болю, жалю і крыўды. Ужо даўно за сталом у гэтмана, навет у вясёлым, зазвычай, канцы, дзе́ сядзе́лі ротмайстры, ня было чуваць ня толькі гучнага сьме́ху, але навет вясёлае гутаркі.

— Бацькаўшчына гіне…—цьвёрдым, але страшным голасам. казаў Грыгоры Ходкевіч, на якога з вялікай пашанаю й надзе́яй глядзе́ла ўся вайсковая моладзь;—масква паліць і руйнуець зямлю нашых магутных дзядоў, а панове ляхі… вось што робяць панове ляхі!

У яго руках быў ліст ад ве́рнага слугі з Варшавы, і ўсе́ прысутныя глядзе́лі з усіх канцоў гэтманскага застольля.

Ён чытаў: Азнаймую вашай міласьці з сойму Варшаўскага, што панове ляхове дзіўнымі рознымі прэтэкстамі хаце́лі, каб у ве́чную няволю сабе́ нас узяць; напе́рвей, аднае́ ляскі, аднае́ пячаці, аднаго скарбу, аднае́ канцылярыі дапіраліся; потым, калі таго даве́сьці не маглі, каб усе́ нашы станове і ўраднікі пісаліся „маршалак зе́мскі каруны Польскае ў вялікім князьстве Літоўскім“, па таму-ж і іншыя ўсі ўраднікі, а кароль каб пісаў „кароль Польскі і зе́мль князьства Літоўскага“, чаго калі таксама даве́сьці не маглі, тады тое нам аднімаюць, чаго ім, Божа, не памажы, каб зараз у Польшчы на вялікае князьства паднашэньне было, а ў нас каб ніколі на князьства паднашэньня ня было, Так сама, каб соймы вальныя цераз тое ў нас ня былі, а толькі супольныя з імі… Чаго панове, паслове нашы, дай, пане Божа, абы баранілі, яка-ж ёсць і надзе́я ў Бозе, што-ж і абароняць“…

Гул нездаволеньня каціўся далёка ў грамадзе́. Сьле́дам за гэтманам Ходкевічам і вялікім гэтманам усе́, як адзін, выцяўшы сябе́ ў грудзі, крычэлі:

— Ня будзе гэтага! Ня будзе.

— А цяпе́р, панове брацьце, на маскву!—падняўшыся ўва ўве́сь свой рост і гле́дзячы на Мікалая Радзівіла, — казаў Ходкевіч.

— На маскву! На маскву!—дрыжэлі ад крыку старадаўныя муры.

Радзівіл і Ходкевіч пільна сачылі за паходам арміі Шуйскага і ад свае́ старожы ме́лі пе́ўную і частую ве́дамасьць. І калі Сярэбраны стаяў абозам за дзьве́ мілі ад Воршы, на рацэ Крапіўне, а Шуйскі быў пад Чашнікамі, у сяле́ Іванскім, вялікі гэтман з Грыгорам Ходкевічам, стольнікам Іванам Ходкевічам, з князямі: Богданам Саламе́рацкім, Раманам. Сангушкаю, Багушом Карэцкім і іншымі надумаўся і шыбка зрыхтаваўся. То-ж ме́ў яшчэ выдатных ротмайстраў: Юрыя Зяновіча, Мікалая Сапе́гу, Івана Волмінскага, Юрыя Тышкевіча, Буркалаба і іншы цьве́т беларускага рыцарства. Узяў усяго толькі 40 найле́пшых коньнікаў, і ў сераду 26-га студня, чуючы, што не́прыяцель ад яго за колькі міль, рушыў з тымі рыцарамі і коньнікамі супроць яму:

Напе́радзе ішла рота пана Баркулаба і пана Бакіна, а як яны сустрэліся з маскоўскаю старожаю, на пасілак пайшоў князь Саламе́рацкі і пан Мікалай Сапе́га.

Падхадзіўшы к ме́сцу боя бліжэй і бліжэй, вялікі гэтман усё глыбе́й думаў сваю думу. Ён це́міў, што слабы супроць ворага, бо ме́ў перад сабою перадавы аддзе́л у 17—18 тысяч і 100 дзе́л (арудзьдзяў). А там яшчэ цягнуліся заднія, абозьнікі, якія таксама могуць пасьпе́ць на падмогу сваім…

Але сорам і ганьба, зробленыя асабіста яму і усяму беларускаму народу і яго імю адабраньнем Полацка і Полацкае зямлі (бо калі Полацак забралі маскоўцы, ён быў ваяводаю), запалілі сэрца гэтмана шалёным, пякучым агнём. Страшэнная жорсткасьць царскага войска, яго грабе́жства і зьдзе́кі над жыхарамі—стаялі ўваччу Радзівілу.

Пагодны, чысты зімовы ве́чар схінаўся над ле́сам і бязконцымі зарасьнямі кустоў, засыпаных сьне́гам. Маскоўцы, папярэджаныя старожаю, выхадзілі на поле і станавіліся к бою. Трывожны гул ляце́ў па ле́се, а да яго каціўся шум. Па вузкіх сьце́жачках, рэдкімі радамі высыпалася з гарэхавых кустоў коньніца Радзівіла.

Зусім гатовая да бою маскоўская „кованая раць“ магла кінуцца напе́рад, нясучы страшную сьме́рць адважным, расьсе́яеым коньнікам. Але Шуйскі, знамяніты ваявода, мабыць, баяўся лішніх страт ад бою ў ле́се. Ён чакаў… Вораг усё сыпаўся з ле́су і станавіўся ў баявы парадак… Урэшце загрыме́ла штось а узьле́сься, адзаду ў маскоўцаў, здрыгануўшы паве́тра магутным грукатам, і коньнікі Радзівіла ірвануліся напе́рад пе́ршыя, каб зьмяшаўшыся з не́прыяцелем, ня ме́ць страт ад таго грукату. Кінуўся, як віхор, бурграў Полацкі, а за ім гэткі-ж адважны Бако, побач Юрый Зяновіч, стараста Чачэрскі, і Саламе́рацкі-ваявода. Бой закіпе́ў, і яны з сваймі людзьмі не́калькі часу, як страшэнны прыбой хваль, з трэскам і рокатам узьляталі на моцную скалу маскоўскае пяхоты. Ды ня ўсюдых стаяла скала… Там-а-там мужасьць зьбіла стойкасьць; маскоўцы пахінуліся назад і адабралі У сваіх задніх людзе́й, прыпе́ршы іх к ле́су і кустом, магчымасьць страляць.

Узыйшоў ме́сяц… І Радзівіл пры яго сьвятле́ шле́ць новыя і новыя аддзе́лы коньнікаў, рэдкімі ланцугамі, але бяз концу выяжджаючых па тых сьце́жачках, сярод кустоў.

.....................

— „Шуйскі ранены!…“

Два словы пераважылі ўдачу на бок яго ворагаў. Маскоўцы паддаліся значне́й, здрыгануліся, пабе́глі: „Сам Шуйскі ранены!“

А ў гэты час ме́сяц зьзяў поўным бле́скам. І пры яго сьвятле́ пераможныя коньнікі пяць міль, да глыбокае начы, гналіся за ўцякаючымі к Полацку варожымі астаткамі арміі няшчаснага Шуйсага. Гарачая людзкая кроў паіла сьцюдзёны шараваты сьне́г, а чорныя грудкі забітых парушалі начное хараство зімовага поля.