Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.

Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.
Артыкул
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: «Адраджэньне». Літаратурна-навуковы весьнік Інстытута беларускай культуры. Менск, 1922 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бітва пад Грунвальдам, разьбіўшая крыжацкія сілы, прыпыніла націск немцаў на славянскія землі ад усходу і тым зьмяніла гістарычную долю ўсяе Эўропы. Гэтая вайна з немцамі вялася злучанымі беларуска-польскімі сіламі з беларусінамі-правадырамі на чале — каралём польскім Уладыславам-Ягайлам і вялікім князем беларускім Вітаўтам. Дзеля гэтай прычыны Грунвальдзкая бітва становіць для беларусінаў іх нацыянальна-гістарычную цікавасьць.

Нашая кроніка па сьпіску Быхаўца, час напісаньня каторай адносяць да другое палавіны XVI-га ці к пачатку XVII-га веку, апісуе бітву пад Грунвальдам даволі дакладна і параўнальна з польскімі апісаньнямі найбольш бесстаронна. Тут няма драбніц, няма тэй асабістасьці ў апісаньні, якой праняты польскія кронікі, але асноўныя, важнейшыя мамэнты гэтага вялізарнага, як на той час, бою, зазначаны добра. Вось гэтае апісаньне:

«У лета ад пачатку сьвету шэсьць тысячнае дзевяцьсотнае дваццаць первае, а ад Божага нараджэньия тысяч чатырыста дванаццатае [1] пачалася валька каралю польскаму Ўладыславу Ягойлу, а брату яго вялікаму князю Літоўскаму Вітальту з немцы прускімі. І сабралі межы сабою войскі вялікія з обу старой: кароль Ягойла са ўсімі моцамі каруны Польскае, а князь вялікі Вітальт са ўсімі сіламі літоўскімі, рускімі і з многімі татары ардынскімі. А містр прускі так-жа з моцамі сваімі і сa ўсею Рэчаю Нямецкаю. І калі ўжо ўсе войскі з обу старой былі пагатове, тагды кароль Ягойла і князь вялікі Вітальт цягнулі ку бітве ўсё ляснымі а злымі дарогамі, а поля роўнага а шырокага не маглі меці, гдзе-бы ся мелі ку бітве застанавіці, ніжлі толька былі полі роўныя, а вялікія пад местам нямецкім пад Дуброўным. І бачылі то немцы, іж ляхове і Літва з так вялікімі войскі не маглі нігдзе індзе выцягнуці, толька пад тыя полі, і для таго капалі ямы і прыкрывалі зямлёю, іж-бы ў ніх коні і людзі падалі, — і калі ўжо кароль Ягойла і вялікі князь Вітальт з войскі перацягнулі оныя лясы і прышлі ўжо на тыя Дуброўскія полі. Тагды гэтман быў найвысшы ва войску Ягойлавым пан Сокал Чэх, а дворчы гэтман быў пан Спытак Спытковіч; а ў Вітальтаве войску старшы гэтман быў князь Іван Жэдавід, брат Ягайлаў і Вітальтаў, а дворны гэтман пан Ян Гаштольт. І как пачалі оныя вышэй пісаныя гэтмановае людзі шыкаваці, а а(б) тых ямах нічога ня ведалі, што па ніх немцы пакапалі, а так шыкуючы войска найвысшыя гэтманове — князь Іван Жэдывід [2] а пан Сокал — у ямы паўпадалі і ногі сабе паламалі і вельмі абразіліся, з чагож і памерлі. І ня толька адны гэтманове, але і многім людзям ад тых ям шкода вялікая ся стала, І відзячы то кароль Ягойла і князь вялікі Вітальт, іж гэтманове іх найвысшыя ў прыгоду папалі, і на тых месцах зася двох гэтманаў кароль абраў і паручыў пана Спытка, а пана Яна Гаштольта на Сокалава месца, а Вітальт устанавіў Я на Гаштольта, — абралі і казалі войска шыкаваці і гуфы [3] ку бітве станавіці, а оных ям здрадлівых вараваці [4]. А затым тыя гэтманове, войска сшыхаваўшы, пацягнулі ку бітве, а немцы такжа відзячы то, пачаліся з німі патыкаці. І пачалася бітва з параньня межы немцы і войскі літоўскімі, і многае множаства з обу старой войска літоўскага і нямецкага пала. Патом відзячы князь вялікі Вітальт, што войска яго сільна многу пабіта, а ляхове ім жаднае помачы ўчыніць не хацяць, і князь вялікі Вітальт прыбег да брата сваяго караля Ягойла, а он мшы слухаець. А он рэк так: „Ты мшы слухаеш, а князь і Панове брацьця мае мала ня ўсе пабіты ляжаць, а твае людзі жаднае помачы ім учыніці не хацяць“. А он яму паведзіў: „Мілы браце! жадным абычаем іначай учыніці не магу, толька мушу даслухаці мшы“. І казаў гуфу сваяму каморнаму па ратунак пацягнуці, каторыжа гуф войску літоўскаму помач пацягнуўшы і пашоў з войскі літоўскімі і немец на галаву паразіў, і самога містра і ўсіх кунтараў яго да сьмерці пабілі і бясчысьленае множаства немцаў паймалі і пабілі. А іныя войскі ляцкія нічога ім не памагалі, толька на то сматрэлі. А затым усіх іх паразіўшы і многія гарады і землі іх пабраўшы, а астатак на канец выпленіўшы і выпаліўшы і пусту землю ўчыніўшы і з вялікаю чэсьцю і з нявымоўным звыцяжствам і на ўвесь сьвет знамянітую славу асягнуўшы, зася да сваіх земль даехалі. І палавіцу харугвей нямецкіх і борады — містраву і ўсіх кунтараў яго з мертвых адабраўшы — і палавіцу ўзялі да Польскі, а палавіцу да Літвы, гдзе-ж тыя борады і харугвы іх у замку кракаўскім у цэркві сьвятога Станіслава, а ў Вільні такжа ў сьвятога Станіслава завешаны суць»[5].

У польскага гісторыка Длугоша (1415—1480) бітва пад Грунвальдам апісана больш шырока й дакладна. Длугош шмат чаго мог чуць сам ад навочных сьведак гэтага пабоішча, бо жыў ён яшчэ ў тыя часы, калі памйць аб гэтай вайне была жывым апавяданьнем у вуснах яго сучасьнікаў. Апрача таго, Длугош меў магчымасьць карыстаць з усіх тагочасных пісаных крыніц. Ён меў пад рукою ня толькі даўнейшыя рочнікі (запісы па гадох, летапісі) і кронікі польскія, беларускія, нямецкія, але, як сам кажа, — «вышукаў і выведаў усё, што па касьцёлах, па складах літаратуры ў розных мясцох было параскідана». Кажуць, што ніхто ва ўсёй сярэднявечнай Эўропе ня мог параўнацца з ім у справе дакладнейшага зьбіраньня гістарычных крыніц. Адгэтуль відаць, што гістарычныя ведамасьці Длугоша павінны мець вялікую вартасьць. На жаль, чалавек ён быў старонны (тэндэнцыйны). Ён часам наўмысьля не казаў праўды і сьвядома абмінаў здарэньні, няспрыяючыя яго польскаму патрыатызму, і нават пазваляў сабе перайначваць ды перакручваць некаторыя гістарычныя выпадкі. Прыкладам кажучы, Длугош добра ведаў, што на Літве ў Жмудзі яшчэ задоўга да 1386 году (год шлюбу Ягайлы 3 Ядвігай і першай асабовай вуніі Літвы-Беларусі з Польшчай) было пашырана хрысьціянства ўсходня-грэцкага вызнаньня. Таксама ён добра ведаў, што Альгерд (Аляксандр) і другія літоўскія (беларускія) князі былі хрысьціяне, але грэцкага вызнаньня, што не падабалася яму, як гарачаму каталіку. З гэтай прычыны ён маўчьшь і нічога ня піша аб гэтым у сваёй гісторыі-кроніцы, дзеля таге, каб уся заслуга насаджэньня веры хрысьціянскай на Жмудзі пайшла на карысьць польскага р.-каталіцкага касьцёлу і Польшчы. Будучы вялікім патрыётам, Длугош літаратурна змагаўся з немцамі-крыжакамі за права Польшчы лічыцца першым апосталам схізматычнай, а значыць паганскай, Літвы. Дзеля гэтага ён удаваў Ягайлу за чалавека дзікага, выхаванага ў схізматычным паганстве, хоць ведаў, што гэта няпраўда. Пераход Ягайлы з грэцкага вызнаньня ў рымскае — з праваслаўя ў каталіцтва — Длугош перадае ў такіх хітрых словах: «Быў ён сын Альгерда, князя літоўскага, а прозьвішча Ягела, ад маткі Марыі, дачкі князя цьверскага, каторы быў вызнаўцам грэцкага касьцёлу… З ласкі і міласэрдзя Бога, каторы яго ў лік прававерных хрысьціян дапусьціць спадобіў, пралатамі і панамі польскімі з цемнаты паганскай да сьвету веры навернуты, прыняў хрэст і адтрымаў імя Уладыслаў»… Мы бачым, што хрысьціянства Ягайлы адсунута аж да цьверскага князя-схізматыка, а далей сьмела гаворыцца, што «Ягайла з цемнаты паганскай да сьвету веры навернуты», бо жыў ён на Літве і быў князем Літоўскім, а Літва ў прадстаўленьні эўрапэйцаў была паганская, — у гэтым запэўнілі Эўропу немцы-крыжакі, каб апраўдаць свой «націск на ўсход». Длугош толькі карыстае з гэтага гістарычнага падашуканства.

Так асьвятляць справу дзеля сваіх патрыатычна-польскіх мэт Длугош навучыўся ад крыжацкіх кронікараў. Крыжакі сьвядома ўдавалі перад Эўропай усю гістарычную Літву за паганскую дзеля таго, каб свае захватніцкія імкненьні на ўсход апраўдаць пашырэньнем хрысьціянства сярод «паганых літвінаў». Гэтым тлумачыцца й вядомая камэдыя з князем Гедамінам, учыненая крыжакамі. Гедамін з айца-маткі быў хрысьціянін грэцкага вызнаньня, на імя Гегемонік, і яму сапраўды ня трэ было хрысьціцца. Гутарка магла быць хіба аб пераходзе з праваслаўя ў каталіцтва па цяперашняй гэрміналёгіі, але крыжакі перасалілі, выставіўшы яго перад папам паганінам. Зразумела, што гэта крэпка абурыла Гедаміна, але крыжакі і яго поўны ўласнай павагі адказ папе пастараліся апаганіць, дадаўшы туды чорта, каб паказаць, што раз чалавек клянецца чортам, то ў Бога ня верыць. Пішуць, нібыта Гедамін адказаў папскім паслом гэткімі грубымі словамі: «Калі я казаў, што хачу хрысьціцца, то няхай мяне сам чорт хіба хрысьціць». Такі адказ патрэбен быў не Гедаміну, а крыжаком, каб апраўдацца ў сваім падашуканстве.

Ня гледзячы на зазначаныя хібы ў Длугоша, як староннага кронікара, яго гістарычныя ведамасьці маюць вялікую вартасьць. Яны заслугуюць увагі, як збоку свае надворнай дакладнасьці, так і жывасьцю ў апісаньні. З кронікі Быхаўца відаць, што патрэбнай на вайне згоды ў злучаным беларуска-польскім войску ня было, і хоць у Длугоша нельга шукаць справядлівага асьвятленьня справы, але надворны бок бітвы пад Грунвальдам апісаны ў яго жыва, вобразна й цікава.

Сам Длугош пісаў па-латыні. Яго апісаньне Грунвальдзкай бітвы падаецца тут у перакладзе з польскай мовы. Пераклад зроблен па скарочанаму тэксту з «Гісторыі Польскае Літаратуры» Я.Хжаноўскага.

«Бітва пад Грунвальдам. У аўторак, у дзень Разасланьня апосталаў, 15-га ліпня, кароль Уладыслаў пастанавіў выслухаць перад сьветам сьвятую імшу, але з прычыны вялікага й гвалтоўнага ветру нельга было так скора, як наказана было, паставіць і разгарнуць намёт (шацёр), у каторым звычайна адбывалася набажэнства, бо як толькі прабавалі паставіць намёт, то вецер зараз-жа зрываў разгорнутыя палотны. Скора й дзень настаў, а вецер пачаў падымацца яшчэ больш. І калі ўжо нельга было, з прычыны бязупыннай завеі, устанавіць каралеўскай капліцы, то кароль, паслухаўшы рады вялікага князя Александра (Вітаўта), рушыў абозам і, прайшоўшы двухмілёвую адлегласьць, адкуль ужо відаць былі палаючыя навокала сялібы ворага, стаў на палёх вёскі Руды й Грунвальда, што мелі ўславіцца наступнай у той дзень бітвай, ды паміж гаямі і зарасьнікамі, каторыя з усіх бакоў тое месца закрывалі, сказаў разгарнуць намёты, а каралеўскую капліцу паставіць на высокім узгорку, над возерам Любнам, каб тымчасам, покі войска разьмяшчацца будзе па сваіх мясцох, мог выслухаць набажэнства. Ужо прускі містр Ульрык Юнгінгрн падышоў да вёскі Грунвальду, каторую меў упамятніць сваім паражэньнем, і стаў паблізку з сваім войскам, але перадавая каралеўская старожа яшчэ не заўважыла яго. Толькі ўстанавілі абозную капліцу, калі кароль ішоў на набажэнства, прыбег Ганак, шляхціц холмскай зямлі, гэрбу Астоя, з паведамленьнем, што бачыў ворага ўжо за некалькі крокаў ад абозу. Калі кароль запытаў, як вялікае яго войска, то Ганак адказаў, што ён бачыў адну толькі харугву і зараз-жа пасьпяшыў данесьці аб гэтым. Ледзьве скончыў ён гаварыць, як прыбег Дэрслаў Уластоўскі, шляхціц гэрбу Окша, і сказаў, што бачыў падыходзячыя харугві непрыяцеля. Яшчэ й тай ня скончыў гаварыць, як прыбег трэці, а за ім чацьвёрты, пяты, шосты, і ўсе згодна паўтаралі, што непрыяцель стаіць ужо пад абозам у гатоўнасьці да бою. Але кароль Уладыслаў ня смуціўся ад гэтага раптоўнага і неспадзеванага надыходу ворага і за найважнейшую спразу палічьіў тое, каб спачатку аддаць павіннасьць Богу, перад тым, як прыступіць да вайны. І зараз-жа, прыйшоўшы да абознай капліцы, выслухаў з вялікай набожнасьцю дзьве імшы, просячы ў Бога помачы; з большаю, як звычайна, гарачнасьцю духа маліўся, і ніякія просьбы і закляцьці не маглі адарваць караля ад набажэнства, покі не даслухаў яго да канца…

Нарэшце кароль скончыў маліцца і, прыадзеўшы зброю, багатай з галавы да ног акрыў сябе броняй. І хоць рыцарства, ушыкіованае ў стройныя гуфы, выступіла да бою, а вораг з другога боку стаяў у гатоўнасьці і з аружжам у руках, так што абодва войска ледзьве на налёт стралы аддалены был і ад сябе і навет адбываліся ўжо паасобныя стычкі, але ўсё чакалі, покі сам кароль падасьць знак да бою. Потым кароль Уладыслаў, сеўшы ў поўнай зброі на каня, а каралеўскія азнакі адлажыўшы ў бок, выехаў, каб азірнуць ворага, на адкрытае ўзгор’е ды стаў на горцы паміж двома шырока раскінутымі гаямі, адкуль добра відаць было варожае войска. Наглядзеўшыся на варожыя вайсковыя сілы, кароль зьехаў на раўніну і шмат каго з таварышоў сваіх прыбраў рыцарскімі паясамі. Каб падаць людзям сваім сэрца мяккага, але стойкага, заахвочываў усіх прамоваю, а сам, седзячьі ў поўным, як быў, убраньні на кані, яшчэ раз паспавядаўся. Калі пратрубілі баявы покліч, то ўсё каралеўскае войска засьпявала родную песьню. Бога-радзіцу[6], а потым з паднятымі пікамі пабегла да бітвы. У тую мінуту абодва войскі з моцным, як звычайна перад боем, крыкам зышліся ў лагчыне, каторая іх разьдзяляла. Крыжакі, двойчы ўдарыўшы з гармат, дарэмна памагаліся моцным націскам зламаць і зьмяшаць рады сваіх супраціўнікаў, хоць войска іх з мацнейшым крыкам і з вышэйшага ўзгорку рынулася да бою. Было ў месцы сустрэчы шэсьць высокіх дубоў, на каторыя паўзлазіла Шмат людзей і каралеўскіх і крыжацкіх, каб азіраць зьверху першую стычку і ўпраўнасьць войска. Пры стыканьні войска ўзьняўся такі страшны крык і грукат ад удараў пік, ад хрусьценьня броні і лязгу мячоў, што чуваць было за некалькі міль. Муж напіраў на мужа, крышылася з трэскам аружжа, пападалі ў твар узаемна пушчаныя стрэлы. У гэтай сумяціцы й фукаце трудна было адрозьніць храбрэйшых ад трусьлівых, бо ўсе былі зьмешаны ў адзін вір натоўпу. І ўсе стаялі цьвёрда, ніхто не саступаў з месца, пока звалены з каня або забіты не аслабаняў свайго поля пераможцу. А калі паламаліся пікі, то рады войска і аружжа пераблуталіся, і толькі тапары і нажы, насаджаныя на дрэўкі, стукаючыся рабілі праразьлівы лоскат, як молаты ў кузьнях. Коньнікі, сьціснутыя ў натоўпе, секліся толькі шаблямі, і тады ўжо адна толькі сіла, адна асабістая здольнасьць брала перавагу…

У той час, калі адбывалася з заўзятасьцю з абодвух бакоў бітва, Уладыслаў кароль польскі стаяў поблізку, пазіраючы за слаўным дзелам сваіх рьцараў, і, узлажыўшы ўсю надзею на Бога, спакойна чакаў разгрому ворага, каторага бачыў ужо ў шмат і мясцох зломанага і ўцякаючага. Тымчасам выступіла да бою шаснаццаць варожых палкоў (гуфцаў) пад столькімі-ж харугвамі — сьвежых, нечапаных, каторыя ня былі яшчэ ў бітве; і часьць іх, пазярнуушыся ў той бок, дзе стаяў кароль польскі з прыбочнай (каралеўскай) вартаю, панеслася з настаўленымі рагацінамі, як-бы проста на караля. Загарэўся кароль Уладыслаў гарачым жаданьнем бою, і сьціскаючы каня шпорамі, хацеў кінуцца ў найгусьцейшыя рады ворага, так што прыбочная дружына ледзьве ўстрымала яго ад гэтага парыву. Калі адзін з дружыны, чэх Залава, ухваціў каралеўскага каня за вобруць, каб спыніць яго, то кароль з нецярплівасьці легка выцяў яго канцом свае рагаціны (пікі), крыкнуўшы, каб пусьціў і не замінаў яму рушыць да бою. І толькі тагды, як усе рыцары прыбочнай варты сказалі, што яны пойдуць на ўсё а гэтага не дапусьцяць, то кароль згадзіўся на іх упрашаньне і пазволіў устрымаць сябе. У гэтую часіну падбег рыцар з прускага боку немец, на прозьвішча Дыпольд Кікерыц, залатым поясам падпіразаны, у белай падбітай кеццы нямецкага крою, якая ў нас завецца юпкаю, або копткай, увесь укрыты зброяй. Па знаку відаць было, што гэта быў таварыш большай прускай харугвы, прыналежнай да тых шаснаццаці, што вышэй упаміналіся. Разагнаўшыся на буланым кані, ён дабег аж да таго месца, дзе стаяў кароль, і, выхваціўшы рагаціну[7], стаў меціцца проста ў караля на ваччу ўсяго варожжага войска. Калі-ж кароль Уладыслаў, падняўшы так сама рагаціну, чакаў сустрэчы з ім, то каралеўскі пісар Зьбігнеў з Алесьніц бадай што бязбронны, бо ў руцэ меў адну толькі напаўзломаную піку, папярэдзіў удар караля і, пацэліўшы ў бок таму немцу, зваліў яго з каня. Немец упаў перапалоханы на зямлю, а кароль выцяў яго дрыжачага ад страху рагацінай у лоб, каторы раскрыўся, як апаў шлем, ды пакінуў жывога, але рыцары, што стаялі на варце пры каралі, забілі яго на месцы, а пешыя салдаты садралі з яго адзежу і зброю.

Крыжацкае войска, што складалася з шаснаццаці вышэй памянёных харугвей, спасьцярогшы, што той рыцар лёг трупам, зараз-жа начало адыходзіцца на покліч аднаго крыжака, правадыра харугвы, каторы, седзячы на белым кані, пікаю падаваў знак да адступленьня ды гукаў панямецку: „гэрум, гэрум“. Потым, зьвярнуўшыся, рушыў направа, дзе стаяла вялікая каралеўская харугва разам з другімі польскімі харугвамі, ужо пасьля паражэньня непрыяцеля. Адны з каралеўскіх рыцараў, угледзіўшы тыя шаснаццаць харугв, пазналі ў іх непрыяцеля, як і сапраўды было, а другія прынялі іх за літоўскае войска з тае прычыны, што ў яго былі лёгкія кідальныя рагаціны, так званыя суліцы, каторых і ў крыжацкім войску было вельмі многа. Дзеля гэтага яны не адразу кінуліся на крыжакаў, бо спрачаліся паміж сабою і доўга былі ў няпэўнасьці. У канцы, зразумеўшы абмылку і ўжо не сумняваючыся, што гэта быў непрыяцель, сілаю ў некалькі харугваў кінуліся на крыжакоў тых шаснаццаці харугваў, да якіх тымчасам прылучылася яшчэ некалькі, і ўчынілі з імі крывавую бітву. І хоць крыжакі праз нейкі час выдзержалі націск, але ўканцы, аднак, акружаныя з усіх бакоў пераважным лікам каралеўскага войска, былі разьбіты на галаву. Бадай што ўсё рыцарства, што было пад тымі шаснаццацьма харугвамі, палегла на пол і трупамі або папалася ў палон. Пасьля гэтага зьнішчэньня й разьбіцьця ўсяе непрыяцельскай сілы, кал і вялікі містр прускі Ульрык, камтурове, усе рыцары й выдатнейшыя ў прускім войску Панове пагінулі, рэшта непрыяцеля стала разьбягацца, а раз паказаўшы тыл, не перастала ўцякаць у непарадку.

Уладыслаў, кароль польскі, няскора, праўда, але адзяржаў, аднак, поўную пабеду над містрам і крыжакамі, хоць перамога гэта аплачана была цяжкім трудом і турботамі. Непрыяцельскія абозы, поўныя ўсялякага дабра і запасаў, вазы і ўвесь вайсковы панарад містра і прускага рыцарства папалі ў рукі польскага салдата і был і паразьбіраны. У крыжацкім абозе знайдзена было некалькі вазоў, напіцованых аднымі толькі дыбамі і кайданамі. Гэта крыжакі, упэўненыя ў сваей пабедзе і занятыя больш будучым трыўмфам, як бітвай, прыгатавалі іх на тое, каб закаваць потым палонных палякаў. Былі яшчэ вазы з смольнай лучынай, аблітай лоем і смалою, з кісьценямі, вышмараванымі таксама смалою і тлустасьцю, якімі рыхтаваліся крыжакі гнаць перад сабою разьбітых і уцякаючых палякоў. Зараньне цешыліся яны пабедай, горда ўпэўненыя ў сабе і забыўшы, што пабеда — у руцэ самога Бога!

У гэтай бітве лягло 50.000 непрыяцеля, а 40.000 было ўзята ў палон».

Так апісуе Длугош Грунвальдзкую бітву, асьвятляючы падзеі толькі з польскага боку. З кронікі Быхаўца відаць, што ўвесь цяжар першай стычкі з крыжакамі лёг на плечы беларускага войска, тымчасам Длугош аб гэтым не гаворыць нічога і, каб ня тое непаразуменьне ў польскім войску, калі беларусінскія (літоўскія) палкі былі прыняты за нямецкія, то можна падумаць, што беларускага войска на вайне зусім ня было і што вайна вялася аднымі польскімі сіламі. Аб беларусінах, аб іх вярхоўным правадыру і вялікім князі Вітаўце, кіраваўшым бітвай, не ўпамінаецца саўсім. Толькі адно здарэньне, калі Вітаўт параіў Ягайле перанясьці імшу ў другое месца, прымусіла Длугоша прызнацца, што на вайне быў і Вітаўт, вялікі князь, гаспадар беларусінскі… Длугошу вельмі хацелася, каб уся слава пабеды над крыжакамі, што зьмяніла далейшы гістарычны лёс усяе Заходняй Эўропы, прышлася на долю аднае толькі Польшчы. Гэтак заўсёды пішацца гісторыя аб тых, хто ня ўмее шанавацца і бараніць свайго дастаяньня…

У Длугоша, паміж іншым, знаходзім мы цікавае апісаньне жыцьця, звычаяў і забабонаў караля Ўладыслава-Ягайлы. Калі прыняць пад увагу, што Ягайла (Якуб) быў князь беларусінскі, і яго жыцьцё, звычаі і забабоны маглі злажыцца толькі ў абставінах беларускага жыцьця, то гэтае апісаньне становіць для нас прадмет надзвычайнай цікавасьці, як характарысьціка беларусіна з вышэйшага стану канца XIV-га і пачатку XV-га сталецьця. Паміж іншым, з гістарычных падань ведама, што Ягайла і стаўшы польскім каралём гаварыў толькі па-беларуску, жонкі свае Ядвігі ня любіў, як полькі, і, будучы ў Польшчы на пасадзе караля, пастаянна нудзіўся па роднай старонцы. Гэтая асаблівасьць надае яшчэ большай цікавасьці да яго біяграфіі, хоць-бы і ў тым асьвятленьні, якое дае ёй Длугош. Жыцьцяпіс Ягайлы па Длугошу мы прыводзім тут у скарачэньні, як падаецца ён у вышэйпамененай «Гісторыі Польскай Літаратуры» Хжаноўскага.

«Жыцьце, звычаі і забабоны Уладыслава-Ягайлы. Быў ён сын Альгерда, князя Літоўскага, ад маткі Марыі (?)[8], дачкі князя цьверскага, каторы быў вызнаўцам грэцкага касьцёлу… З ласкі й міласэрдзьдзя Бога, каторы яго ў лік прававерных хрысьціян дапусьціць спадобіў, пралатамі й панамі польскімі з цемнаты паганскай да сьвету веры навернуты, прыняў хрэст і адтрымаў імя Уладыслаў. Па сьвятым хросьце злучыўся шлюбам малажонскім з Ядвігаю, каралеваю вугорскаю й польскаю, дачкою Людвіка, караля вугорскага, а па яе сьмерці меў яшчэ тры жонкі — Ганну, Альзьбету й Зофію, але з ніводнаю ня жыў у шчырай і праўдзівай малажонскай міласьці. Росту ён быў мернага, твар меў сьцягнуты, худы, к барадзе крыху звужаны. Галава была малая, прадаўгаватая, бадай што ўся лысая…; вочы чорныя і малыя, неспакойнага пагляду, заўсёды бегаючыя і вушы завялікія, голас грубы, мова борздая, стан зграбны, але шчуплы, шыя доўгая. На турботы, холад, буры й мяцеліцы вельмі быў церпялівы. Спаць і песьціцца ў пасьцелі любіў аж да поўдню, дзеля чаго рэдка калі ў звычайны час слухаў сьвятую імшу. У вайсковых справах быў нядбалы і цяжкі, і ўсе вайсковыя клопаты ўскладаў на правадыроў і заступнікаў. У лазьню звычайна хадзіў кожныя што тры дні, а часам і часьцей. Да разьліваньня чалавечай крыві адносіўся з такою неахвотай, што часта, найбольшым нават злачынцам, адпускаў кару. Для падданых і пабеджаных быў вельмі ласкавы й шчодры толькі тым, хто правініўся перад ім на паляваньні ці іншых гулянках, ня мог ніколі дараваць. У людзях умеў спасьцерагаць (бачыць і цаніць) цноты і ня зайздрасьцю, а прыхільнасьцю мерыў учынкі людзей, а заслугі свайго рыцарства, кожную пахвальную справу — ці то на вайне ці то ў спакойны час зробленую — багата і шчодра нагаражаў. За невялікія ўчынкі рабіў людзей храбрымі, храбрых — багатырамі, гатовымі да найбольшага чыну і самаахвярнасьці. Неразважнаю шчодрасьцю й неашчаднасьцю прыносіў больш ушчэрбку краю, як іншыя хцівасьцю і збыткамі. Паляваньне так моцна любіў, што пакідаў у занядбаньні дзяржаўныя справы, чым выклікаў на сябе справядлівыя нараканьні. Любіў пазіраць, як гуталіся на гойданцы. Што тыдня, у пятніцу, з вялікай вытрыманасьцю пасьціў, астаючыся на адным хлебе і вадзе. Заўсёды цьвярозы, ні віна, ні піва ня піў. Яблык і іх запаху не цярпеў, затое ўкрадкам еў смачныя й салодкія грушкі. Да спаўненьня хрысьціянскіх абрадаў і абавязкаў пабуджаўся частымі перасьцярогамі каралевы Ядвігі, а на Вялікдзень, Сёмуху, на Ўнебаўзяцьце Божае Маткі і на Коляды прычашчаўся (прыступаў да сакрамэнтаў пакуты і аўтару), але па сьмерці каралевы, агранічыў гэты звычай аднымі Колядамі і Вялікаднем. Кожны год, у вялікую пятніцу, абмываў ногі дванаццацём убогім у сваім пакоі ў бытнасьці некалькіх толькі сакратароў, а потым кожнаму ўбогаму даваў па 12 грошай, а гэтак сама сукно й палатно на прыадзевак… Пасты, вігільлі і іншыя набажэнствы з такою пільнасьцю выпаўняў, што больш пабед малітвамі сваімі ў Бога выпрасіў, як здабыў іх збройнай сілай… Шчыры і прастадушны^ ён ня меў у сабе ніякага абману… Надворных азнак і дарагіх шат ня любіў; звычайна хадзіў у бараньнім кажусе, накрытым сукном; рэдка прыбіраўся ў лепшую вопратку, — напрыклад, у плашч з чорнага аксаміту без аздоб і парчсы, і то толькі на большыя ўрачыстасьці. У іншыя дні насіў адзежу простую, жаўтаватага колеру; саболі, кун і лісаў ці іншых мяккіх і дарагіх хутраў ня любіу, усё жыцьцё ўжываў толькі звычайных баранкаў, навет у найхаладнейіііую зімовую пару…

Меў некаторыя забабонныя звычаі: вырываў з барады валасы і, паўплятаўшы іх паміж пальцаў, мыў вадою рукі; заўсёды, перад тым як выйсьці з дому, тройчы круціўся навокала, ламаў на тры часткі саломку ды кідаў на землю. Рабіць гэта навучыла яго маці, грэцкага вызнаньня, але нашто і дзеля чаго, то ён нікому ў жыцьці ніколі не казаў, і нялёгка гэта адгадаць. Кажуць, што часта паўтараў, як прыказку, такі сказ: „Слоўка вылятае з вуснаў птушкаю, але кал і скажаш яго не да рэчы ды захочаш забраць назад, то вернецца яно валом“. Так сама меў яшчэ звычай напамінаць жартам рыцарам, каб на вайне ніколі не станавіліся на перадзе ці ў апошнім радзе, але каб і не хаваліся ў сярэдзіну…»

Апісаньне бітвы пад Грунвальдам знаходзім яшчэ ў другога старасьвецкага польскага гісторыка Марціна Бельскага (1495—1575) у яго працы «Кроніка сьвету». Прыводзім тут гэтае апісаньне з «Псторыі Польскай Літаратуры» К.Вайніцкага ў перакладзе з польскай мовы.

«Бітва пад Грунвальдам 1410 г. На радзе кунтараў з містрам усе заклікалі на вайну, апрача вэнданскага кунтара, каторы раіў пайсьці на згоду, кажучы, што вайна — справа няпэўная, супакой — заўсёды лепей. Супраць яго выступіў Вэрнэрус Тэтынгер, кунтар эльбескі, каторы сказаў: „Мог-бы ты застацца дома і хворую брацьцю ў шпіталі даглядаць“. А яму вэндэнскі адказаў: „Калі я гэта кажу, то пабожаму кажу. Бог не патрабуе людзкой крыві. А ты глядзі, каб ня быў сьмялейшы губою, як рукою!“ У гэтай сварцы стараўся іх пагадзіць вугорскі пасол, радзячы так сама пайсьці на згоду, але яму з дакорам адказаў прускі містр Ульрык, мовячы: „Ты гаворыш, як зацікаўлены: усё роўна, як паляк“.

А тым часам кароль з войскам перайшоў на другое мейсца. Каб дасьведчыцца, што рыцарства гатова ўжо да бою, ён загадаў паведаміць яго, што вораг блізка. Так сама разлажыўся кароль і над рэчкаю Вэкраю. А там Літва і Русь з татарамі гвалтавалі паганскім звычаем убогі народ. З гэтай прычыны польскае рыцарства, прыехаўшы да караля ў намёт, стала дакараць яго, што дапушчае Літве з татарамі чыніць зьдзекі над хрысьціянскім людам і грабіць касьцёлы, пагражаючы разьехацца проч, калі гэта рабіцца будзе болей. Кароль зараз-жа загадаў вызваліць тых людзей, што пазабіраны былі татарамі, а Літве і Pyсі, што грабілі касьцёлы, Вітаўт загадаў вярнуць награбленае, і ўсе прымушаны былі зрабіць гэта.

Адтуль пайшоў кароль далей, а ўвайшоўшы ў землю ворага, расставіў войска сваё на полі, дзе потым была бітва. А там, узяўшы ў руку каралеўскую харугву, на каторай быў белы арол у кароне з распасьцёртымі крыльлямі, набожна, з плачам і ўздыханьнем, пачаў гаварыць так: „О, усемагучы Божа! Перад табою нічога няма таемнага, ты ведаеш ня толькі ўчынкі, але й думкі людзей. Цябе сёньня клічу я ў сьведкі на тое, што да гэтай вайны не падаў я ніякай прычыны і не хацеў яе, а калі цяпер раблю гэта, то з прымусу раблю, бо непрыяцель мой гвалтам мяне да гэтага вядзе, пабіўшы і паграбіўшы так многа нявінных, дачэсна падданых мне Табою людзей і сталачыўшы мячом і агнём мае воласьці. Спадобі ныне рассудзіць і паказаць, хто з нас мае большую справядлівасьць, калі не магло стацца іначай! А што я чыню справядліва, то ў знак гэтага паднімаю ва імя Тваё вось гэтую харугву проці свайго непрыяцеля. Няхай паможа мне Бог і усе сьвятыя! Амінь“.

Заплакалі усе з каралём — і Вітальт і князі мазавецкія — ды, абцёршы сьлёзы, пачалі сьпяватъ Бога-радзіцу і сьпявалі аж да Лютабургу, дзе паміж двума вазёрамі супыніліся на першы начлег у зямлі непрыяцеля. Тамжа справа ўсяго войска даручана была Жындрану Маскоўскаму, кракаўскаму мечніку, гэрбу Сонца. Хоць быў ён невялікага росту, але ў вайсковых справах чалавек дасьціпны і практычны. Да яго был і прыстаўлены ваяводамі:. Вітульт (Вітаўт), Крыстын Астроўскі, кашталян Кракоўскі Ян з Тарнова Кракаўскі, Судзівой Астрагор Пазнанскі, Мікалай Міхалоўскі з Сандаміру, Мікалай Труба, пробачш сьв. Флёрыяна з Клепара, падканцлер, Зьбігнеў з Брэзьзя, маршалак, і Петра Шафранец, кракаўскі падкаморы. Былі такжа два праваднічыя, каторыя вялі войска, як добра ведаўшыя дарогу, бо родам былі з Прусаў. І разьмеркаваўшы так справу, згодна з патрэбай, прыйшлі да варожага мястэчка Лютабургу, каторае было ўжо спалена нашымі, і падышлі да Курэцніка, каторае стаяла над возерам Рубікавым, непадалёку ад рэчкі Шумы. У тым месцы дзе нашы захапілі пяцьдзесят канёў, як іх паілі ў рэчцы, разьбілі свае намёты (шатры) і зараз-жа ўгледзілі поблізку непрыяцельскіх людзей (бо містр прускі стаяў тут-жа за рэчкай). Дзеля гэтага кароль загадаў, каб ніхто з войска не выяжджаў на фуражаваньне і каб ніхто ня трубіў, а каб чакалі, покі ня дасьць загаду трубіць. Гэтак сама абвешчана было, каб на першы гук трубы каралеўскага трубача прыбіраліся ўсе ў зброю, каб на другі сыгнал -сядлалі коні, на трэці — каб выступалі з-а маршалкам, каторы йшоў пад меншай, або каралеўскай, харугвай; каб не гаманілі і каб чуткімі і асьцярожнымі былі.

Хоць крыжакі захапілі былі другі бераг рэчкі, дзе панатыкалі ражноў і панабівалі паль у рэчцы, каб перагарадзіць нашым пераправу, але кароль рушыў з таго месца і пайшоў да Дзялдова, куды прыехаў да яго пасол цэсара Зыгмунта, Фрыч з Рэпліна Сьлежак, з паведамленьнем, што Зыгмунт абвяшчае польскаму каралю вайну дзеля прусакоў, але асабіста пашаптаў каралю на вуха, што гэта гавораць у ім сорак тысяч чырванцоў, якія яму паслалі. Пасол той так сама казаў, каб палякі былі пэўны ў сабе, бо войска іх шмат большае за прускае. Пасла адправілі з такімі словамі ад караля: каб яму дапамагаў Бог так, як ён цяпер плаціць мне за мае дабрадзейства. Той-жа Фрыч, вярнуўшыся, казаў крыжаком, што палякі гатовы ўжо сустрэцца з імі, бо крыжакі думалі, што палякі адступаюць, калі тыя адышліся назад, каб перайсьці рэчку гдзе небудзь у іншым месцы. А калі даведаўся аб гэтым прускі містр, то, каб не дапусьціць больш нішчыць свае землі, рушыў на Браціяны, дзе загадаў як найхутчэй пабудаваць цераз рэчку дванаццаць мастоў, па каторых пераправіў сваё войска на каралеўскі бок. Тады кароль пайшоў з Дзялдова к Дуброўне, дзе й залёг перад вечарам. Калі некаторыя з нашых пад’ехалі да гораду (места было даволі моцнае, бо і муры былі крэпкія і возера акаляла яго так, што толькі з аднаго боку быў да яго прыступ), то крыжакі вылезьлі на іх з гораду і біліся з нашымі доўга. Там іх многа палегла, а рэшта ўцякла. Увязаўшыся за імі, нашы гналі іх аж да гораду, а тыя, папрастаўляўшы борзьдзенька драбінкі да мураў, дзьвярэй не адчынялі, покі з вялікім трудом не ўзялі нашы гораду, хоць шмат нашых перабіта было стральбою і каменьнем. Забраўшы і спаліўшы Дуброўну, дзе вялікі здабытак знайшлі і шмат палонных узялі, каторых папушчалі, апрача крыжакоў, каторых на замену пакінулі, — на трэці дзень, 15 ліпня, нашы рушылі адтуль і, прайшоўшы дзьве мілі, застанавіліся каля Грунвальду ў зарасьніку з прычыны вялікага ветру. Уночы вецер быў такі вялікі, што ў прускім войску параскідала намёты, а назаўтра вецер стаў яшчэ большы. Там-жа, пад Грунвальдам, загадаў кароль паставіць сабе намёт і слухаў імшу, а тымчасам пасланцы ўсё йшлі ды йшлі адзін за другім з паведамленьнем, што вораг блізка. Кароль не зважаў на гэга і не лякаўся; ён чакаў, покі скончыцца імша. Тымчасам крыжакі баяліся засады з зарасьніку і не адважваліся блізка падступаць. І было гэта з боскае волі, бо нашы ня был і яшчэ добра падгатаваны. Вітульт шыкаваў тады сваіх людзей — Літву, татар і русакоў, а Жындран Маскоўскі, мечнік кракоўскі, — войска польскае. У польскім войску была 51 харугва, а у літоўскім 40. Першаю харугваю ў польскім войску была харугва кракаўскай зямлі, каторую нёс Марцін Врацімскі, гэрбу Паўкозьзя, а на чале стаялі такія слаўныя мужы: Завіша Чорны Салімчук, Дамарат з Кабылян Грымальчук, Скарбак з Тары Габданк, Павал з Біскупіц Несёбя, Ян Варшаўскі Налыч, Станіслцў з Харбіновіч Сулімчук, Якса з Тарговска Ліс. Другая харугва была каралеўская, так званая Гончая, на каторай былі два залатыя крыжы ў сінім полі; справаваў ёю Андрэй Брахоцкі Асарыйчук, а на чале стаялі: Ян Сумік з Наброзу, каторы служыў у турэцкага цэсара пры двары цэлых шаснаццаць год і спаўняў важныя абавязкі; Барташ і Яраслаў з Пломікава, гэрбу Помян; Дабеслаў Веняўчык і Зыгмунт Чэх. Трэцяя харугва была так сама каралеўская; на ёй была Літоўская Пагоня — белы конь у чырвоным полі; пад ёю стаяў каралеўскі двор. Спраўцам гэтай харугвы быў Андрэй Цёлак з Жэлехава і Ян з Спрова Адровуж, а на першым месьце стаялі такія рыцары: Мшчуй з Скрынка, гэрбу Лебедзь, Александр Гарайскі, гэрбу Корчак, Мікалай Павала з Тачоры і Сосін з Вільмча, таксама гэрбу Павала (Далей пералічаюцца ў парадку ўсе польскія харугвы аж да 51-ай з найменьнем таго, які гэрб мела кожная харугва, хто ёю справаваў і хто стаяў на чале). А ў літоўскім войску харугвы стаялі так (іх было 40, з Пагонямі і Слупамі, усе рознага колеру): першаю была віленская, потым троцкая, горадзенская, ковенская, лідзкая, медніцкая, полацкая, віцебская, кіеўская, пінская, наваградзкая, тры харугвы смаленскія, берасьцейская, ваўкавыская, драгіцкая, мельніцкая, прамянецкая, старадубская і некаторых князёў рускіх. Заволскага цара таксам а было некалькі штук.

На правым боку стаяў Вітульт з Літвою, Русьсю і татарамі, на левым — Жындран з палякамі, а наперад выстаўлены былі старыя дасьведчаныя ў бітвах рыцары. Скора стала прыбліжацца прускае войска, аб чым даў знаць Ганак з Холму, Астойчык, каторы бачыў ужо іх навочна, а такжэ Дэрслаў Уластоўскі з Окшыц і другія. Аднак кароль не хацеў выступаць, ня выслухаўшы імшы. З гэтай прычыны Вітульт, прыбегшы да яго, стаў прасіць, каб ён перастаў маліцца. І толькі скончылася імша, як кароль зараз-жа сеў на варанога каня, а капланам і няздольным да бою сказаў адайці да абозу. Потым стаў аб’яжджаць навокала войска і заклікаў яго быць сьмелым, напамінаючы, што пабеда пакрые іх несьмярценнаю славай, захавае цэласьць айчыны і прынясе вялікую карысьць з непрыяцеля; пры гэтым вылічаў усе крыўды і шкоды, якія маюць людзі ад бязбожных крыжакоў, і намаўляў памсьціцца над ворагам сваім, ведаючы, што вайна пачалася не па нашай, а па іх віне. А ў той час прыехалі да караля паслы ад прускага містра з тарчамі (шчытамі). На адным шчыце быў чорны двухгаловы арол, а на друтім — грыф. Прыведзеныя да караля, паслы зьвярнуліся да яго з такімі словамі: „Слаўны кароль! Містр Прускі Ульрык паслаў табе вось гэтыя два мячы — адзін табе, а другі брату твайму Вітульту — на падмогу, каб вы ня трывожыліся, сьмела йшлі з ім у бой. А калі маеш цеснае поле, то аддай сваё месца яму“. Кароль прыняў пасольства з пакорнасьцю (як і цяпер яшчэ сьпяваецца ў песьнях) і, уздыхнуўшы да Бога, сказаў: „Хоць мы маем мячоў даволі, але й гэтыя возьмем: яны прыдадуцца нам на вашага містра. Бог гэта лепей бачыць, што мы заўсёды хацелі міру, а не вайны з ім, а калі ён так прагне крыві нашай, то што-ж рабіць? Ані на момант не сумняваюся, што Бог стане пры справядлівасьці нашай, а містра пакарае за гордасьць яго“. Сказаўшы гэта, кароль загадаў узяць у іх тыя мячы, каторыя і цяпер яшчэ ляжаць на схове ў скарбе. Потым усе згадзіліся на тым, што кароль павінен быць далей ад бітвы і стаць з боку на бясьпечным месцы, маючы пры сабе варту з гэтакіх асоб: Земавіта, маладога Мазавецкага князя, Зыгмунта Карыбута і некага Федзюшкі, так сама з літоўскіх князёў, падканцлера

Трубы, Яна Мэнжыка Вадвіца, каторы быў тлумачом пры размове караля з пасламі ад містра, Зьбігнева Алясьніцкага, Яна Сшявы (а далей пералічаюцца яшчэ некалькі асоб з польскіх фамілій). Пасьля гэтага нашы пачалі сьпяваць старую песьню Бога-радзіцу ды заразжа затрубілі ў трубы і прабілі ў бубны да бою. Хоць прусы стаялі на вышэйшым месьце, а нашы ніжэй, але калі пачалі яны страляць у нашых з дзьвюх гармат, то ніякай шкоды не зрабілі, бо кулі пераносіліся цераз нашае войска. Аднак ім зручней было нападаць з гары, як нашым з долу. Ня гледзячы на гэта, нашы, спаткнуўшыся з імі пад гарою, адбівалі іх упраўна. Затым, паўстаў вялікі грукат з абодвых бакоў, трэск зброі і ламаньне пік, што трывала блізка гадзіну. А як угледзілі крыжакі, што правы бок нашага войска, дзе стаялі Літва, русакі і татары, быў слабейшы, то кінулі туды ўсе свае сілы, у тэй надзеі, што калі тыя начнуць уцякаць, той палякі пабягуць за імі. Ня вытрымаўшы націску людзей больш узброеных, Русь, Літва і татары кінуліся ўцякаць, так што Вітульт ніякім спосабам ня мог іх. зьдзержыць, і так ганебна ўцякалі, што другі азірнуўся толькі ў Літве, дзе расказваў, што нашых разьбілі. Толькі смаленцы, каторых было тры харугвы, засталіся на месцы і даволі храбра бараніліся. Першая іх харугва была разьбіта дазваньня, а дзьве другія храбрых адбіваліся, асабліва калі прылучыліся да нашых, бо ўцякаць яны лічылі ганебным для сябе. Тагды-ж і ў нашым польскім войску вораг зьбіў каралеўскую харугву, катораю камандаваў Марцін Врацімоўскі, гэрбу Паўкозьзе, кракаўскі харунжы, а потым з вялікім трудом яе вярнулі назад. А тут ужо сталі слабець і адступаць перад нашымі крыжакі. Тады нашы пачалі мацней націскаць на іх, асабліва, як пайшоў дробны дожджык. Хоць вялікай імглы ня было, як перад тым, але нашым шкодзіла, бо вецер дзьмуў ад крыжакаў. Тымчасам польскае войска мела тую перавагу, што крыжакі, пагнаўшыся за Літвою, параскідаліся і тым зблуталі свой баявы парадак, што дапамагло нашым лягчэй перамагчы іх і паразіць. У крыжакоў засталося толькі шаснаццаць харугваў самога містра са сьвежымі людзьмі, яшчэ ня быўшымі ў бітве. Там стаяў сам містр з выдатнейшымі сваімі кунтарамі. Угледзіўшы, што тыя адступаюць, яны сталі заяжджаць нашым у бок, каб такім спосабам лягчэй зьбіць іх. Кароль-жа, стаяўшы поблізку з сваёю меншаю харугваю, каторую нёс Мікалай Маравец з Канушовіц, гэрбу Павала, — асьцерагаючыся, каб ня ўдарылі на яго, паслаў Зьбігнева Алясьніцкага, канцэлярскага пісара ў войска ўзяць дапамогу, хочучы сам пайсьці з імі ў бой, але супроць гэтага стаў Мікалай Келбаса Налыч, каб свае не падумалі, што яны ўцякаюць з войска. Гэта магло-б патрывожыць войска, а непрыяцелю надаць яшчэ большай сьмеласьці. І кароль прымушан быў згадзіцца з гэтым і слухаць-тых, каму даручана справа. Каралеўскую харугву апусьцілі, каб не пазналі караля. Аднак адзін рыцар, Дыпольд Кікерыц з Люсацыі, пазнаўшы караля, наўскапыта пусьціўся на яго з пікаю, а кароль гэтак сама, жадаючы зразіцца з ім, кінуўся на яго, але пісар Алясьніцкі з надломанаю ўжо пікаю заскочыў каралю наперад і зьбіў таго немца з каня. Тагды кароль замахнуўся, пацэліў немцу ў лоб і зьбіў у яго шлем з галавы — у іншае месца і цэліць было дарэмна, бо немец увесь закован быў у броню. Другія падскочыўшы забілі немца. Потым кароль даў за тое Алясьніцкаму кракаўскае біскупства. Адбіўшы першых, нашы павярнулі свае сілы і на тых, каторых доўга прымалі за Літву, думаючы, што гэта яна варочаецца назад, бо аб ворагу ўжо ня думалі. А калі крыжакі паказаліся за адступаючым Дабяславам Алясьніцкім, то ўсе ўгледзіліі што гэта ня жарт, і пайшлі з імі ў бок, як у пачатку. Крыжакамі камандаваў сам містр Ульрык і камандор Эльбенскі, езьдзячы на белым кані ўсюды па войску ды гукаючы на сваіх. Скора нашы разьбілі і гэтьіх. Абступіўшы іх навокала, пабілі іх так, што мала хто ўцёк. У гэтай бітве забіты быў містр Ульрык і шмат камандораў; так сама забіты быў і той Вэнданскі кунтар, што раіў не ваяваць, а пайсьці на згоду (далей пералічаецца некалькі асоб, забраных у палон).

Тагды нашы забралі крыжацкі абоз, дзе знайшлі ўсялякія прылады для вязаньня палонных. Шмат было там і віна, але кароль загадаў пасеч бочкі, каб не панапіваліся салдаты. Разьлітае віно зьмяшалася з крывёю і пацякло ўсюды ручаямі. Забітых, як піша Длугош, было 50 тысяч, а палонных 40. І гэта магло быць, бо кажуць, што ўсяго нямецкага войска было 100 тысяч. Былі тут прусы, інфлянцы, шатланцы, данцы, швабы, фрызы, турунгі, люсацы, памаране, сасы, кашубы і бадай што усе немцы. З нашых згінула толькі дванаццаць шляхціцаў, паміж каторымі вьцатнейшымі былі: Якубоўскі, Ружыц і Чуліцкі Імбрам, гэрбу Чэрвіна.

Усё поле ўкрыта бьшо трупамі, а кароль у той-жа дзень падвечар рушыў адтуль і, прайшоўшы мілю да Марынбургу, стаў абозам над возерам. Толькі там сталі ўсе есьці, а таксама і кароль, катораму зрабілі толькі шалаш з хворасту, бо намёты яшчэ не пасьпелі прыйсьці. У тым шалашу кароль і спаў, бо ўночы пайшоў вялікі дождж, стала холадна, і шмат раненых людзей паўмірала на поле бітвы ад холаду. Перад сьветам загадаў кароль вознаму, называнаму Багуцем, паведаміць, каб ранкам усе прыйшлі да яго і, выслухаўшы імшу, прадставілі яму ўсіх палонных і харугвы, а далей загадаў хаваць забітых. Містра з маршалкам і вьцатнейшымі кунтарамі сказаў палажыць на воз, накрыць чорным аксамітам ды адаслаць у Марынбург.

Усіх харугаў было ўзята 51 (тут пералічаюцца па парадку вялічыні і значэньня ўсе харугвы з апісаньнем таго, якія мелі яны гэрбы, якое стаяла войска пад кожнай харугвай, хто імі справаваў, каго забілі, а каго забрал і ў палон, а таксама падаецца кароткая характарыстыка некаторых камандзіраў. Пятнаццатай харугвай, напрыклад, камандаваў некі Гэнрык з гораду і камандорства Тухольскага. Гэта быў вельмі надзьмуты немец, некі нямецкі Фальстар. Ён загадаў насіць перад сабою два голыя мячы, як некі пабеднік, што ня люба навет было містру і іншым камандорам. Потым пахваляўся, што не схавае гэтых мячоў, покі не абмочыць абодвух у крыві ворага. Але калі бітва была прайграна, то ён так ганебна ўцякаў, як ніхто іншы, а як злавілі яго, то аслупеў сa страху, як пень.

Усіх палонных кароль выпусьціў, узяўшы прысягу, што ўсе яны стануць перад ім у Кракаве на сьв. Марціна. За іх паручыўся маршалак Зьбігнеў і кракаўскі падкаморы Пётр Шафранец. Адпушчаным выдалі на яду. Але князёў і вьідатнейшых рыцараў затрымалі і парассылалі па польскіх замках, і толькі двух кунтараў — Маркварда і Сумбэрга — Вітульт загадаў сьцяць за тое, што яны аблаялі яго пад Коўнам.

Пішуць, што тады зьявіўся нашым сьв. Станіслаў, падаючы ім добры знак. А кароль гэтак сама сьніў, што бароўся з манахам і перамог яго і гэта было ў ноч перад бітваю. Пішуць яшчэ, што нашым шмат памаглі чэхі у тым, што бітва была выйграна. Было гэта так: калі Жарноўскі з сваёю харугвай, на якой быў сьв. Юрай, уцёк яшчэ перад бітвай, то грап Мікалай, падканцлер, едучы з іншымі князямі з войска ў абоз, знайшоў яго ў лесе і стаў сароміць яго, каб ён не рабіў гэтага, а вярнуўся назад. Брыдка стала друтім чэхам, што былі з Жарноўскім, і яны ўгаварылі яго вярнуцца назад. Потым Жарноўскі вельмі саромяўся свайго ўчынку, бо пачуваў сябе, як пазбаўлены чэсьці. Але калі чэхі варочаліся з сваёю харугвай[9], то крыжакі падумалі, што гэта Літва йдзе на помач палякам. Гэта перапалохала крыжакоў, і яны сталі ўцякаць.

Гэтая бітва была ў аўторак, у дзень сьв. апосталаў, што называецца Разасланьнем у лета 1410».

На гэтым канчаецца апісаньне Бельскага. І тут відаць староннасьць аўтара, і тут справа асьвятляецца так, што бітву рашыла польскае войска. Але, калі адкінуць патрыатычнае жаданьне Бельскага, то праўду вылушчыць можна. А праўда тут тая, што ўвесь цяжар вайны пад Грунвальдам вытрымала Літва-Беларусь. Гэтага ня мог затаіць і Бельскі, адзначаючы стойкасьць смаленскіх войск. Тое, што часьць беларускага войска нібы пакінула поле бітвы, ня было ўцяканьнем маладушных, як асьвятляе Бельскі. Яму хочацца ўсю славу пабеды над крыжакамі перадаць польскаму войску, а дзеля гэтага дызэртырства з разьбітай часьці ён удае за ўцяканьне войска. Тымчасам, нашая кроніка ў сьпіску Быхаўца сьведчыць пра нешта іншае. Яна кажа, што Вітаўт ня раз скардзіўся Ягайлу, што палякі стаяць бязьдзейна і ня хочуць памагчы яму у той час, як яго войска напалавіну перабіта. Адгэтуль відаць, што палякі ўступілі ў бой толькі тады, як ім самым прышлось бараніцца.

З нашых кронік яшчэ адна коратка ўспамінае пра Грунвальдзкую бітву. Гэта — «Летапісец Русі», выдрукаваны ў «Віленскім Дзеньніку» за 1824 г. (Dzieńnik Wileński, 1824, т. II). Там мы чытаем:

«На ту восемь (6918-1410) бысьць пабоішча каралю Ягайлу, іменем Владзіславу, і князю вялікаму Вітаўту Кестуцевіч з немцы і з прусы ва прускай зямлі, межы горады Дуброўны і Острэда. І ўбіша містра і маршалка і кундуры пабіша, і ўсю сілу іх нямецкую пабіша, і гарады нямецкія паграбіша, но толька тры грады не даша каралю, Вітаўту. І бысьць тоі осені хадзіша на тры пабоішча з немцы ляхам і літве, но немец ізьбіша, а ва ўсіх пабоішчах многа кресьцян падоша, і Літвы і ляхаў. А стаяша пад Марыным горадам 8 нядзель і ўзяша Марына горада два аходня, а вышняга ня ўзяша. І хадзіша па нямецкай зямлі па другой надзесяць нядзелі»[10].

Зноскі

правіць
  1. Тут польскі гісторык Нарбут робіць такую ўвагу: „Павінна быць 1413, але ён лічыць па старому календару, калі год на Pyсі пачынаўся з верасьня“. Тымчасам, бітва была ў 1410 г.
  2. Так у кроніцы.
  3. Гуфы — палкі.
  4. Вараваці — пільнаваць, вартаваць.
  5. Полное собраніе Русских летописей, т. XVII. Западнорусскія летописи. С.-П. 1907 г. Правапіс цяперашні.
  6. Бога-радзіца — старасьвецкая польская рэлігійна-ваяцкая песьня.
  7. Рагаціна — па-старабеларуску: суліца.
  8. Ульяны?
  9. Сьв. Юрай — як Пагоня.
  10. Правапіс цяперашні.