Вайна абвешчана
Аўтар: Уладзімір Маякоўскі
жнівень 1914
Пераклад: Рыгор Суніца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Вячэрнюю! Вячэрнюю! Вячэрнюю!
Аўстрыя! Германія! Італія!»
І на плошчу, змрочна акрэсленую чэрняю,
барвовым струменем кроў паліла!

Морду на кроў разбіла кафейня,
барвеючы крыкам звярыным:
«Атруцім крывёю гульні Рэйна!
Ядраў грымотамі ў мармур Рыма!»

З неба, падзёртага аб штыкоў джгалы,
слёзы зор прасейваліся, як мука ў сіце,
і падэшвамі сцятая жаласць вішчала:
«Ах, пусціце, пусціце, пусціце!»

Бронзавыя генералы на гранёным цокале
малілі: «Раскуйце, і мы з вамі ў ногу!»
Развітальна конніцы пацалункі цокалі,
і пяхота прагла да забойцы-перамогі.

Гамузнаму гораду вярэзіўся ў сне
рагочучы голас гарматнага баса,
а з захаду падае чырвоны снег
сакавітым ашмоццем чалавечага мяса.

Уздымаецца ля плошчы за ротай рота,
у злуючай на ілбу надзімаюцца вены.
«Гакайце, шаблі аб шоўк какотак
выцерам, выцерам на бульварах Вены!»

Газетчыкі надрываліся: «Купіце вячэрнюю!
Аўстрыя! Германія! Італія!»
А з ночы, змрочна акрэсленай чэрняю,
кроў барвовым струменем ліла і ліла.