Вайна і мір
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 21 снежня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы - Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с.— (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З таго часу, як улада ў Петраградзе перайшла да бальшавікоў, вайна фактычна скончылася. Фронт разрушан, і Расія перастала быць ваеннай сілай.

Бальшавіцкі ўрад рахаваў на еўрапейскую рэвалюцыю, а кончыў тым, што пайшоў на згоду з нямецкімі імперыялістамі. Рэвалюцыі няма — еўрапейская дэмакратыя маўчыць, і становіцца ясна, што бальшавікі дзеля захавання сябе і свайго палітычнага становішча прымушаны будуць пайсці на такі мір, які дадуць ім немцы. Пачынаючы замірэнне, яны цешылі думку запаліць пажар сацыяльнай рэвалюцыі ў Еўропе, а сталася так, што мір без захватаў і грашавых выплат застаўся пустым летуценнем на паперы.

Паўстае пытанне, што станецца з нашым краем, напаўзабраным немцамі? Што станецца з Беларуссю, на грудзях каторай адбывалася вайна і паўсталі перагаворы аб замірэнню? Ці не паложана ўжо на шалі збаўлення доля нашае бацькаўшчыны? Ці не мечется жребий о ризах ея?

Бальшавіцкі ўрад, каторы мы прызнавалі і прызнаём, як урад велікарускай дэмакратыі, не зацікаўлен захаваннем цэльнасці тэрыторыі быўшай Дзяржавы Расійскай. Ён затурбаваны думкамі, каб усчыніць сацыяльнае паўстанне там, дзе фатыгі іх не патрабуюць. Гэта яго дзела — «большому кораблю большое плавание». Урад маскоўскай дэмакратыі можа рабіць на Маскоўшчыне ўсё, што яму забажаецца. Які поп, такі і прыход, а па Сеньку й шапку. Але калі бальшавікі гадаюць купіць сабе мір за кошт нашай бацькаўшчыны, коштам раздзелу Беларусі, — мы павінны рашуча засцерагчы, што тут гаспадарыць мы не пазволім.

А што бальшавіцкі ўрад вядзе гандаль з немцамі нашаю зямлёю,аб гэтым лёгка дагадацца па той таямніцы, з каторай вядуцца перагаворы аб замірэнні. Бальшавікі, з такім зларадствам апублікаваўшыя таемныя ўмовы старога расійскага правіцельства, упарта маўчаць аб тым, за які кошт немцы згаджаюцца аслабаніць бальшавікоў ад вайны, бо кожнаму зразумела, што на мір без анексіяў і кантрыбуцыі немцы не прыстануць.

Украіна здолее абараніць сваё дастаянне, і немцы гэта ведаюць. Недарма ж яны пагражаюць парваць міравую, калі не будзе на перагаворах украінскага прадстаўніка.

Для велікарускай дэмакратыі цэльнасць нашае зямлі, на лепшы выпадак, пытанне гонару, а для нас — гэта пытанне жыцця і смерці. Настаў час, калі трэба рашуча стаць на абарону сваіх правоў і перастаць быць прыдаткам да тых, хто распачаў гандаль нашаю айчынаю. Трэба ўжыць усіх заходаў, іначай край наш раздзеляць, і станецца тое, што мы, беларусы, заплацім за ўсю ваенную крываўніцу. Вайна адбылася на нашай зямлі, яна знішчыла наш край, заліла яго слязьмі і кроўю нашых сыноў, братоў і дзяцей — яна ж вымагае ад нас і нашае смерці.

Няхай не будзе гэтага!

Беларускі народ уваскрэс, Беларуская рэспубліка на чарзе дня. Мір павінен быць, але не цаною нашага раздзелу. Няхай не будзе гэтага! Да мінуе нас чаша сія…